Читать книгу Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага - Ирина Даневская - Страница 12

Частка 1
НА ПРЫСТУПКАХ ТРОНА
Раздел 9
СА СМЕРЦЮ НЕ ЖАРТУЮЦЬ

Оглавление

Біржы

(жнівень 1635 года)

Біржы, радавое радзівілаўскае гняздо, што стаіць на важным гандлёвым шляху паміж літоўскай Вільняй і шведскай Рыгай, яшчэ дзесяць гадоў таму магло пахваліцца магутнай крэпасцю, акружанай абарончымі валамі, ровам з вадой і штучным возерам, для стварэння якога была пабудаваная плаціна на рэках Апашчы і Аглуюне. Падчас апошняй вайны Рэчы Паспалітай і Швецыі замак захапілі шведы, і калі князь Крыштаф змог вызваліць свае ўладанні ад варожага нашэсця, ад крэпасці засталіся адны руіны. Цяпер каля іх кіпела работа, князь гетман загадаў адбудаваць умацаванні па апошнім слове галандскага фартыфікацыйнага мастацтва. Гэтым і займаўся спецыяльна запрошаны архітэктар Піркен. Менавіта да яго і прыбыў Багуслаў, каб паглыбіць свае веды па матэматыцы і ваеннай фартыфікацыі, неабходныя для запаветнай вайсковай кар’еры.

У вольны ад навукі час Багуслаў паляваў на звера ў навакольных лясах і практыкаваўся ў рыцарскіх забавах, да якіх меў выдатныя здольнасці і ахвоту. Упэўнена седзячы ў сядле, цяжкай дзідай лёгка ламаў драўляныя мішэні. За некалькі дзясяткаў крокаў кідаў дзіду, і тая трапляла проста ў цэль. Пусціўшы каня наўскач, зрываў кальцо і сек саламяную галаву пудзіла. Любіў страляць з мушкета і ўжо дасягнуў такога ўмення, што ніхто з самых знакамітых стралкоў гарадскога гарнізона не мог яго перасягнуць. Але больш за ўсё княжыч любіў фехтаванне. Хутка французскі афіцэр дзю Берт, які вучыў яго гэтаму мастацтву і заадно тлумачыў правілы гонару, якіх трымалася французскае дваранства, ужо мала чым мог здзівіць гадаванца. На ліха, месье яшчэ лічыўся знаўцам сакалінага палявання, таму, задурыўшы галаву князю Крыштафу паляўнічымі байкамі, дамогся дазволу вучыць гэтаму і Багуслава. Здабыўшы недзе дзікага сокала, ён прэзентаваў яго княжычу.

Драпежная птушка паныла сядзела ў клетцы. Скураны каўпак прыкрываў ёй вочы, а кіпцюрыстыя лапы былі перавітыя скуранымі путамі, доўгі канец якіх француз трымаў у руцэ.

– Мы падобныя з табой, дружа, – прамармытаў Радзівіл, са шкадаваннем гледзячы на сокала. – Я таксама пакуль павінен рабіць тое, што скажуць, а не тое, чаго сам хачу.

– Спачатку трэба прывучыць сокала садзіцца на руку гаспадара, – месье працягнуў княжычу скураныя пальчаткі і міску свежага мяса, з якога яшчэ ішла пара. – Яго не кармілі два дні і не давалі спаць, таму стомленая і галодная птушка далёка не паляціць і будзе лепш слухацца.

Ён гучна і працяжна свiснуў. Галодны сокал кінуўся прэч з клеткі, але, наткнуўшыся на краты, абурана крыкнуў.

– Très bien![56] – узрадаваўся паляўнічы і, адчыніўшы дзверцы, узнагародзіў сокала кавалкам мяса, які той прагна праглынуў. – А цяпер, прынц, надзеньце пальчатку і паспрабуйце яго паклікаць такім жа свістам. А калі падляціць, падстаўце руку. Толькі далей ад клеткі адыдзіце.

Багуслаў так і зрабіў. Сокал сеў яму на руку і зноў атрымаў за гэта кавалак дзічыны.

– І доўга мне так з яго здзекавацца? – незадаволена спытаў княжыч, бо не бачыў у такой маруднай працы нічога вясёлага.

– Qui vivra, verra[57], – паціснуў плячыма француз, але ўсё ж растлумачыў:

– Пакуль не прывучым яго ляцець менавіта на ваш свіст, не патрабуючы за гэта ежы. А каб вашай светласці было весялей, я для месье Невяроўскага і Стаброўскага таксама сокалаў знайду.

Гэта была карпатлівая праца. На працягу доўгіх нудных дзён хлопцы муштравалі сваіх птушак, пакуль аднойчы задаволены дзю Берт не загадваў пачаць прытраўліванне. Галодным сокалам дэманстравалі жывых дзікіх качак з падрэзанымі крыламі ці зайца. Пасля, адпусціўшы ахвяру, пускалі і драпежніка, які каменем кідаўся на яе. Здабычу ў птушкі імгненна адбіралі, даючы яму наўзамен кавалак дзічыны.

За некалькі тыдняў француз нарэшце сказаў, што можна выходзіць на паляванне.

На наступны дзень выехалі паляваць на качак. Вядома, яшчэ быў не час для такой справы, ды і надвор’е трымалася не найлепшае, але князь Крыштаф загадаў паляваць і ў непагадзь, каб пляменнік, што марыў аб вайсковай кар’еры, паступова прывыкаў да непазбежных у лагерным жыцці цяжкасцей. Месье паспрабаваў пратэставаць, але калі пан Пуцята сунуў яму пад нос загад князя гетмана, змірыўся з непазбежным.

Калі выехалі далёка за горад, дождж, што раніцай толькі церусіў, паліў на поўную моц.

– Як будзем вяртацца, дарога зусім размокне, – бурчаў Стаброўскі. – Вось дождж ужо і вочы залівае.

– І якая дурная птушка захоча лётаць у такое надвор’е? – услых падумаў Невяроўскі, з надзеяй гледзячы на Радзівіла.

Багуслаў прамаўчаў, але яго сокал ухвальна кігікнуў, незадаволена абтрасаючы мокрае пер’е. Двое чалядзінцаў, якія суправаджалі невялікі атрад, нібы змовіўшыся, гучна чхнулі.

– Сама бы не захацела, але голад прымусіць, – сказаў француз, які, аднак, зухавата трымаўся на сваёй гнядой кабыле. – Зараз павернем да ракі, і вецер нас ззаду падгоніць.

– Вялікая радасць, – фыркнуў Стаброўскі.

Так перакідваючыся кпінамі, яны даехалі да ракі. У пагодны дзень там хапала дзікай птушкі, але сёння плёс быў зусім парожні.

– Ну і дзе твае качкі? – Самуль працягваў чапляцца да француза, бо бачыў, што Радзівілу таксама не падабаецца гэтая выправа.

Замест адказу месье зняў з пляча стрэльбу і гучна пальнуў у чарот, адкуль імгненна выпырхнулі спалоханыя птушкі, якія хаваліся ад непагадзі. Маладыя людзі тут жа выпусцілі сваіх птушак, і тыя радасна паляцелі ўслед за здабычай, аднак ніводзін нічога не злавіў.

– C’est la vie[58], – суцяшаў француз засмучаных шляхціцаў. – Нават дасведчаныя птушкі часта прамахваюцца, не кажучы пра пачаткоўцаў.

Ад’ехалі далей, пусцілі зноў – і зноў дарма… На пяты раз сокал Стаброўскага ўсё ж злавіў качку, але перадумаў вяртацца да свайго гаспадара і знік, прыхапіўшы здабычу.

– Такое таксама часта здараецца, – француз заспакойліва паляпаў па плячы раздражнёнага Самуля. – Гэта вольныя птушкі, прага свабоды ў іх у крыві сядзіць.

– І ў мяне таксама, – не вытрымаў Багуслаў. – Я хачу ўласнымі сіламі трафеі набываць, а не чакаць літасці ад зняволенай істоты.

Княжыч пагладзіў сокала, які нерухома сядзеў на ягонай руцэ, і нечакана падкінуў яго ўверх:

– Ляці! – крыкнуў ён, і птушка, расправіўшы крылы, паляцела насустрач свабодзе.

Ян Невяроўскі, рагочучы, адпусціў і свайго сокала.

– O, mon Dieu![59] – заламаў рукі месье. – Што ж ваша светласць будзе рабіць, калі кароль запросіць вас на паляванне?

– Нудзіцца, – весела адказаў Багуслаў, даючы шпоры каню. – Але лепш гэта рабіць потым, чым цяпер. Suivez-moi, Messieurs![60] – крыкнуў ён шляхціцам. – Вось пан Сыцінскі з рагацінай на мядзведзя палюе, то я яму скажу, каб і нас павучыў. Бо то забава для рыцараў, а гэта – для дзяўчат ці баязліўцаў.

Усмешку Невяроўскага як карова языком злізала.

– Гэта ён жартуе, праўда? – трывожна спытаў ён Стаброўскага.

– Баюся, што не, – змрочна адказаў той.

Пасля няўдалага палявання не даводзілася чакаць чагосьці добрага ад гэтага дня, таму Радзівіл са сваімі людзьмі павярнуў дадому. Дождж ужо зусім сцішыўся, і на яшчэ змрочным небе нечакана з’явілася вялізная вясёлка. Яна лягла каляровым мастком ад далягляду да новаўзведзенага бастыёна, які ахоўваў подступы да замка. Здалёк здавалася, што ўвесь горад апынуўся пад абаронай нябеснай аркі, і паляўнічыя мімаволі спыніліся, каб палюбавацца гэтым цудам.

– Добры знак, – падумаў Багуслаў і заўважыў дзіўнага снежна-белага каня, які асцярожна прабіраўся яму насустрач размоклым шляхам. І конь, і вершнік на яго спіне здаліся княжычу да болю знаёмымі, але, не верачы сваім вачам, ён яшчэ нейкае імгненне ўважліва глядзеў на знаёмую постаць.

– Саковіч, – радасна вымавіў Радзівіл, калі сумневаў больш не засталося, і, падняўшыся ў страмёнах, з усіх сіл крыкнуў:

– Гэй, Адам!

Вершнік, пазнаўшы князя, сарваў з галавы шапку і шырока замахаў ёю са шчаслівым крыкам:

– Мон прэнс!

Радзівіл памахаў у адказ і, прышпорыўшы каня, хутка трапіў у жалезныя абдымкі прыяцеля. Пасля доўгіх і шчырых вітанняў Саковіч агледзеў зграбную фігуру юнага князя і захоплена паляпаў яго па моцным і зусім ужо не дзіцячым плячы:

– Як жа вырас, узмужнеў… Ды і сілы прыбыло… Ох, як жа я засумаваў па табе, князь!

Прыгожы твар Адама свяціўся радасцю, але Багуслаў, хоць таксама сумаваў па ашмянскім буяну, недаверліва скрывіўся:

– Мяркуючы па тым, як ты спяшаўся мяне наведаць, дык не вельмі. І ніякіх вестак пра сябе за ўвесь гэты час не прыслаў…

– Не злуйся, Богусь, – папрасіў пан падваявода. – Прыбыць раней ніяк не мог, гаспадаркай трэба было заняцца. Лістоў не пісаў, бо шабляй лепш, чым пяром, валодаю. І вестак добрых не было, каб цябе пацешыць, а пісаць пра дрэннае не хацеў… Мая ж Мар’яся дзіцяня нарадзіла, толькі не зажылося яно на свеце…

Радзівіл спачувальна паглядзеў на яго:

– Я не ведаў…

– Не сушы сабе сэрца, мон прэнс, – Адам махнуў рукой, не жадаючы псаваць ні сабе, ні князю задавальнення ад сустрэчы. – Што было – мінула, а над працягам роду я ўжо добра папрацаваў. Словам, цяпер я ўвесь да паслуг тваёй княжацкай міласці.

Ён змоўк, бо павінен быў адказаць на прывітанне месье дзю Берта, а таксама Невяроўскага і Стаброўскага, якія сустрэлі пана падваяводу кіслымі ўсмешкамі. Аднак гэтым разам Саковіч не збіраўся прабачаць ім такую непачцівасць. Скарыстаўшыся з таго, што Багуслаў адвярнуўся, каб прылашчыць Буцафала, Адам нахіліўся да хлопцаў:

– У вас, хлопцы, што, зубы баляць, калі вочы ў мой бок глядзяць? – з’едліва пацікавіўся ён.

– А хаця б і так, – з выклікам сказаў Ян. – Ты, пан падваявода, лічыш, што можаш беспакарана здзекавацца са шляхціцаў… вушы ім абрываць?

Саковіч крыва ўсміхнуўся.

– Здаецца, ужо час абрываць языкі, – адзначыў ён. – Бо такія выраслі, што ў ратах не трымаюцца.

І перш, чым абураныя хлопцы знайшліся, што адказаць, ён схапіў іх за кудлы і з сілай стукнуў ілбамі, аж у няшчасных іскры з вачэй пасыпаліся. А пакуль тыя цёрлі выцятыя месцы, пан падваявода ўскочыў у сядло і адправіўся ў замак услед за Багуславам, які нічога не заўважыў. Праклінаючы Саковіча, Ян і Самуль селі на коней і паехалі следам.

У княжацкім палацы ашмянскага падкаморага сустрэлі няветліва. Пан Пуцята строга папярэдзіў Адама, каб і духу яго не было каля Багуслава, але павінен быў прыкусіць язык, пачуўшы, што на тое была воля князя гетмана. Таму змірыўся, але яшчэ доўга бурчаў пад нос, маўляў, ён гэтага так проста не пакіне. Пан Набароўскі падаваўся больш прыязным: ён хоць і нахмурыў бровы, убачыўшы Саковіча, але зрабіў гэта хутчэй для парадку, чым ад сэрца. А калі пан падваявода перадаў яму вітанні ад паноў Мірскага і Цадроўскага, з якімі паэт сябраваў, змрочныя зморшчыны на яго ілбе разгладзіліся, і ён ужо зусім шчыра запрасіў Адама да стала.

За абедам настаў час падрабязных роспытаў.

– Ты, Адам, з Зембіна сюды прыбыў? – спытаў Багуслаў, падсоўваючы прыяцелю збан старога грэцкага віна з запасаў князя Крыштафа.

– Ад князя гетмана, – паправіў Саковіч і, нахіліўшы келіх, знакам паказаў, што віно яму падабаецца. – Ёсць ад яго лісты для тваёй міласці, для паноў Набароўскага і Пуцяты (ён злёгку пакланіўся ў бок выхавацеляў), а таксама сёе-тое для пана Кахлеўскага…

Саковіч звыкла запусціў руку за пазуху, але ўспомніў, што пакінуў пакет у гасцявым пакоі, калі перадзяваўся да абеду.

– Потым аддасі, – спыніў яго Багуслаў, убачыўшы, што Адам збіраецца ўстаць з-за стала. – Калі, вядома, там няма тэрміновых рэчаў.

– Здаецца, нічога такога, з-за чаго варта было б кідаць абед, – адказаў Саковіч, аддаючы належнае добра падсмажанай гусі.

Пану Пуцяту таксама хацелася паслухаць навіны каралеўскага двара, ён падтрымаў прапанову княжыча пачаць чытанне лістоў пасля трапезы і пачаў распытваць Саковіча пра новую вайну са Швецыяй, да якой рыхтаваўся князь Крыштаф.

– Гэта будзе менавіта вайна, а не новы мір? – падскочыў княжыч, пачуўшы гэта. – А як жа перамовы?

– Ёсць надзея, што англійскім ды галандскім паслам, а таксама месье д’Аво[61] і кардыналу Рышэлье, якія хочуць зноў скіраваць шведскую моц на Габсбургаў[62], усё ж удасца дамагчыся міру, – кіўнуў Адам. – Але хто ведае, чым усё скончыцца. Князь гетман жадае шведскія Інфлянты Літве вярнуць, а наш кароль марыць аб шведскай кароне.

– Ды хай яна застаецца ў яго марах! – крыкнуў пан Пуцята. – Уволю ўжо пакармілі падлаедаў рыцарскімі целамі і напаілі зямлю чалавечай крывёю!

Скарыстаўшыся тым, што размовы аб новай вайне захапілі ўсіх прысутных, Багуслаў нахіліўся да Адама і прытворна абыякава спытаў:

– А дзе кароль?

– У Гданьску, а затым адправіцца ў Каралявец, – Саковіч узяў са срэбнага падноса чырванабокі яблык і смачна ім захрабусцеў, усім сваім выглядам дэманструючы, наколькі яму абыякавыя і мір, і вайна. – Жадае заручыцца падтрымкай прускіх гарадоў, тым больш, што вайна, у рэшце рэшт, тычыцца і іх… Князь Януш, хоць і прасіўся ваяваць, але, скарыўшыся бацькавай волі, таксама з каралём паехаў.

– А Катарына? – не вытрымаў Багуслаў.

– Князёўна вярнулася ў Кейданы.

Радзівілу здалося, што голас пана падваяводы прагучаў неяк дзіўна, ён пільна паглядзеў на Саковіча і здзіўлена заўважыў, што той таксама ўважліва сочыць за ім.

«Значыць, ведае», – зразумеў Багуслаў і яшчэ раз здзівіўся, як пан падваявода аднолькава добра абазнаны не толькі ў палітычных, але і ў сямейных справах князя гетмана.

Яму карцела неадкладна распытаць прыяцеля, але такія падрабязнасці не прызначаліся для старонніх вушэй, таму давялося чакаць канца трапезы.

Пасля, адасобіўшыся з панам падваяводам у гасцявых пакоях, Радзівіл вярнуўся да гэтай размовы.

– Чаму Катарына не паехала ў Гданьск з каралеўскім дваром? – патрабавальна запытаўся ён. – Я бачу, што ты ўсё ведаеш…

– Але пра гэта, мон прэнс, ужо ўся Варшава ведае, калі не ўся Еўропа, – Адам на імгненне сумеўся, падбіраючы словы. – Спачатку ўсё добра ішло, Уладзіслаў аблізваўся на князёўну, як кот на смятану, і палаў ад кахання, як паходня. На каралеўскім двары ўслых казалі, што Радзівілаўна будзе каралевай Польшчы. Езуіты хапаліся за галовы, а спалоханы папскі нунцый слаў у Рым трывожныя дэпешы – папярэджваў аб непазбежным узмацненні пратэстанцкай партыі, калі тая здолее пасадзіць на трон дачку свайго правадыра. Усё ж, – уздыхнуў ён, – Папа можа спаць спакойна, яшчэ тыя пасланні і ў Рым не дапаўзлі, як каралеўская жарсць згасла бы іскра ў бочцы з вадой.

– Як?!

Княжычу спатрэбіўся час, каб супакоіцца. Велізарнае расчараванне ад таго, што і гэтым разам каралеўская карона не ўпрыгожыць фамільнае дрэва Радзівілаў, адбілася на яго твары. І Адам змог прачытаць яго думкі, нібы адкрытую кнігу.

– Езуіты пастараліся? – нарэшце буркнуў Багуслаў.

– Князь гетман таксама хоча так думаць, – крыва ўсміхнуўся пан падваявода.

Княжыч глыбока выдыхнуў і, вырашыўшы, што нічога горшага адбыцца ўжо не можа, коратка кіўнуў:

– Кажы!

Саковіч трохі сумеўся, але працягнуў:

– Праўду кажучы, князь гетман перахітрыў сам сябе. Павінен быў разумець: тое, што ўдалося аднойчы, калі Барбара праз каралеўскае ложа на польскі трон узышла, у другі раз паўтарыцца не можа… Барбара хоць удавой была, а як можа нявопытная дзяўчына ўтрымаць каля сябе нашага караля, які добра разбіраецца ў любоўных уцехах?.. Словам, вярнуўся Уладзіслаў да сваёй палюбоўніцы – той, што са Львова прывёз. Яна яму і сына нарадзіла – Уладзіслава Канстанціна, якога кароль усім замежным паслам паказваў, як быццам той не байструк, а законны спадкаемца польскай кароны! А адразу пасля родаў гэтая краля з’ехала з каралём у Гданьск…

І тут жа не стрымаў свайго здзіўлення:

– Вось хто б мог падумаць, што нейкая мяшчанка зможа нашай князёўне дарогу перайсці?!

– Адам, змоўкні, – папрасіў Багуслаў. Гэтыя жорсткія, але і праўдзівыя словы кроілі яму сэрца.

– Ды кінь перажываць, мон прэнс. – Саковіч дакараў сябе за шчырасць. – Калі б ведаў, што ты так засмуцішся, дык не сказаў бы табе нічога. Хіба здарылася нешта страшнае? Той, каму ўдасца ажаніцца з нашай князёўнай, ажэніцца ж не з яе дзявоцтвам, а з радзівілаўскім домам!.. Ды я сам чуў, як князь гетман выхваляўся, што брадэнбургскі курфюрст прасіў партрэт князёўны… Ці не для свайго сына?

– Гэта было яшчэ да гэтай гісторыі, – уздыхнуў Багуслаў. – О, я ўяўляю, як цяпер зласлівяць нашы ворагі…

– Зараз я цябе развесялю. – Саковіч сеў у крэсла і сілаю пасадзіў насупраць сябе княжыча. – Па-першае, прыдворным плеткарам і без таго ёсць чым заняць языкі, таму што калі сенатары сталі разглядаць пытанне аб каралеўскім шлюбе, князь гетман прапанаваў абраць каралевай дачку нябожчыка пфальцскага курфюрста – прынцэсу Лізавету. Кароль пагадзіўся, таму ў паноў сенатараў цяпер іншыя клопаты: як бы не дапусціць евангелічку да кароны. Па-другое, князь Ярэма Вішнявецкі, скарыстаўшыся цяжарнасцю каралеўскай каханкі, паспрабаваў яшчэ раз звярнуць увагу караля на сваю сястру Ганну. Падатлівасці дзяўчыны хапіла, каб кароль ужо пакляўся князёўне ў вечным каханні і нават абмеркаваў з яе братам пасаг будучай каралевы. Але, задаволіўшы жарсць, Уладзіслаў звыкла перадумаў жаніцца і ўдала адхрысціўся ад сваіх шлюбных абяцанняў. Ён вынес іх на зацвярджэнне сената, добра ведаючы, што хутчэй рак свісне, чым сенатары пагодзяцца ўзвялічыць род Вішнявецкіх. Так і адбылося.

Уявіўшы сабе баталіі ў сенаце, Багуслаў трохі развесяліўся, і цяжкая размова незаўважна перайшла ў вясёлую хлапечую барацьбу. Лежачы на падлозе і спрабуючы выслізнуць са сталёвых абдымкаў Саковіча, які весела рагатаў з гэтых бясплённых спроб, княжыч здзіўлена зразумеў, што таксама смяецца, а ад яго дрэннага настрою не засталося і следу.

– Добра, давай ліст ад дзядзькі, – сказаў ён, калі, стаміўшыся ад барацьбы і насмяяўшыся, яны з Адамам нарэшце ўсталі на ногі.

– Зараз, – Саковіч вярнуўся да стала, куды (ён напэўна памятаў!) паклаў пакет з лістамі, і не паверыў вачам, бо княжацкія пасланні нібы карова языком злізала. Ліхаманкава прагледзеўшы асабістыя рэчы і перавярнуўшы ўвесь пакой уверх дном, пан падваявода канчаткова пераканаўся, што лісты зніклі. Разгублена паглядзеў на княжыча, які моўчкі назіраў за ім.

– Можа, распытаць слугаў? – параіў Багуслаў. – Не маглі ж яны скрозь зямлю праваліцца?

– Вядома, – праз зубы працадзіў Саковіч, таму што ніколькі не сумняваўся ва ўласнай памяці, але гучна паклікаў слугу. Яму ўжо было не да смеху.

Але змрочны збраяносец пана падваяводы, чый пасечаны шнарамі твар выдаваў бывалага ваяра, не змог сказаць нічога пэўнага. Княжацкія слугі таксама нічога не бачылі, таму што былі занятыя сваімі абавязкамі і абедам. Лісты зніклі, быццам іх і не было!

Такая прыкрасць не магла прайшла міма ўвагі выхавацеляў Багуслава, якія ўсклалі ўсю віну на Саковіча.

– Мяне вельмі турбуе, што князь гетман даверыў жыццё пляменніка чалавеку, які так нядбайна ставіцца да яго даручэнняў! – бушаваў пан Пуцята, які не мог змірыцца з тым, што Адам і далей будзе знаходзіцца каля княжыча.

– А калі ў тых паперах былі нейкія тэрміновыя распараджэнні? – дадаў жару ў агонь Даніэль Набароўскі. – Яго княжая міласць напэўна ж не пахваліць нас за згублены час і адгаворак слухаць не будзе!

Саковіч змрочна маўчаў і нават не спрабаваў апраўдацца, таму выхавацелі яшчэ доўга маралізавалі б, каб у Багуслава не лопнула цярпенне.

– А мяне, панове, больш турбуе тое, што ў маім доме завёўся злодзей, які паквапіўся на паперы з княжацкай пячаткай, – сказаў ён. – Хто ведае, што ён шукаў у гэтых лістах… І што знайшоў?

– І галоўнае – хто гэты шпег і каму на самай справе служыць, – дадаў Адам. – Яшчэ над тым варта падумаць, як нам яго знайсці.

Наступіла цішыня. Усе прысутныя так напружана шукалі адказы на гэтыя пытанні, што прыглушаны смех за дзвярыма, а потым шоргат босых ног па каменных плітках падлогі пачуў толькі пан Саковіч. Але калі ён падышоў да дзвярэй і адчыніў іх, то выявіў, што ў суседнім спакоі нікога не было.

– Нас падслухоўвалі, – растлумачыў ён і з прыкрасцю ўдарыў кулаком у сцяну. – Чорт ведае што робіцца ў гэтым палацы!

Невяроўскі і Стаброўскі забеглі ў свой пакой. Ян кінуў у кут боты, якія трымаў у руках, і павярнуўся да таварыша, які аж заходзіўся ад смеху.

– Ну? – спытаў ён. – Ты нарэшце растлумачыш мне, што адбываецца?

Самуль перастаў смяяцца.

– А вось што, – сказаў ён і, напалову выцягнуўшы з-за пазухі пакет, зноў схаваў яго.

– Гэта тыя самыя лісты? – жахнуўся Невяроўскі. – На чорта ты іх узяў? Цяпер жа ўсе будуць думаць, што ў палацы вораг.

– Адчапіся, – махнуў рукой задаволены сабой Стаброўскі. – Заўтра я паклапачуся, каб нейкі добрасумленны слуга выпадкова гэты пакет знайшоў. Усе і супакояцца, калі ўбачаць, што пячаткі цэлыя. А вось Саковічу дастанецца на арэхі! Князь гетман цяпер двойчы падумае, ці варта давяраць слугу, які раскідваецца яго лістамі як хламам.

Д’ябал быў на баку Стаброўскага, бо сапраўдны эфект ад знікнення лістоў выявіўся пасля прыезду ў Біржы пана Кахлеўскага, што кіраваў канцылярыяй князя Крыштафа. Гэты паважаны слуга Радзівілаў, якому гетман давяраў свае самыя далікатныя дыпламатычныя і асабістыя таямніцы і да якога падлашчваліся не толькі слугі, але і родныя князя Крыштафа, нягледзячы на страшэнную занятасць, асабіста прыбыў, каб забраць пакет. Яго з’яўленне сведчыла аб вялікай важнасці страчанага, таму не дзіўна, што Саковіч аж у твары змяніўся, як убачыў Кахлеўскага.

Кейданскі староста ледзь з глузду не з’ехаў, калі пачуў пра знікненне, бо ведаў, што менавіта знікла.

– Што было ў пакеце, пан староста? – заклапочана пацікавіўся Радзівіл, калі яны з Саковічам трохі адпаілі віном беднага гетманскага слугу, ледзьве яго супакоіўшы. – Няўжо дыпламатычныя паперы?

– Горш, – дрыготкім голасам паведаміў Кахлеўскі і, не стрымліваючы адчаю, дадаў: – Ды за гэты пакет, князь, любы вораг князя Крыштафа палову маёнтка аддасць і ўласную правую руку ў прыдачу… Божа мой! Што ж цяпер будзе?

– Што там было? – не вытрымаў Багуслаў. – Напрамілы бог, кажы, шаноўны пане!

– Мембраны[63], – слабым голасам паведаміў Кахлеўскі.

– Што? – не зразумеў Багуслаў і азірнуўся на Саковіча, чыё бледнае аблічча аж пазелянела ад такой весткі.

– І… колькі? – замест адказу глуха спытаў той у кейданскага старосты.

– Я ў князя гетмана прынамсі два дзясяткі прасіў, бо канцылярыя заваленая неадкладнымі гаспадарчымі справамі, якія б не дачакаліся свайго канца, калі б паперы адсылаліся на подпіс князю гетману…

Каб стрымаць роспач, што пакутлівым крыкам рвалася вонкі, Саковіч моцна прыкусіў сабе палец.

– Дык нехта растлумачыць мне, што гэта за «мембраны»? – з націскам сказаў Багуслаў, бо не прывык, каб яго пытанні заставаліся без адказу.

– Чыстыя аркушы паперы, завераныя асабістым подпісам яго княжацкай міласці, – растлумачыў кейданскі староста, утаропіўшыся каменным поглядам у віленскага падваяводу, які і без таго ўжо амаль рваў на сабе валасы.

Такая праява найвялікшага даверу, які толькі мог засведчыць патрон свайму слугу, зрабіла на Багуслава вялікае ўражанне.

– Як жа можна… як можна давяраць такое… хоць бы і чалавеку, які варты даверу, – прашаптаў ён. – Гэта… гэта ж…

– Гатовая змова супраць дзяржавы або яго вялікасці, калі гэтыя лісты ў злыя рукі патрапяць, – змрочна скончыў пан падваявода. – А так яно і ёсць, бо добрыя рукі красці не будуць!

На шчасце Саковіча, Невяроўскі і Стаброўскі не чулі гэтай размовы. Інакш ім цяжка было б утрымацца ад спакусы цалкам знішчыць свайго ворага, схаваўшы або спаліўшы скрадзенае. Бо князь Крыштаф наўрад ці мог бы і далей давяраць чалавеку, праз нядбальства якога яго становішча і нават жыццё маглі аказацца ў вялікай небяспецы. На наступны дзень пакет з лістамі знайшоўся ў княжацкай стайні, недалёка ад ясляў Буцафала, а дурнаваты конюх, які перадаў яго пану Пуцяту, менш за ўсё быў падобны да чалавека, якога хтосьці захацеў бы падкупіць.

Пан маршалак грэбліва ўзяў заляпаную гноем знаходку і імгненна напусціўся на Саковіча, бо быў злы на яго за нядбальства, а яшчэ больш за тое, што ноч не мог заснуць, клянучы сябе, што правароніў варожага агента.

– Напішу князю гетману, хай ведае, які ў яго слуга, – крычаў ён.

Багуслаў нічога не сказаў, але па яго насупленым твары было відаць, што ён цалкам падзяляе абурэнне выхавацеля.

Адам маўчаў, пра нешта засяроджана разважаючы. Потым пільна агледзеў прысутных. Абыякава слізнуў позіркам па знерваваным Набароўскім і злосным Радзівіле, па каменным абліччы пана Кахлеўскага, трохі больш уважліва прыгледзеўся да раз’юшанага маршалка і нарэшце спыніўся на Невяроўскім і Стаброўскім, якія прыбеглі на шум. Самуль так упіваўся перамогай, што не заўважаў нічога навокал. А вось Невяроўскі, які не зводзіў вінаватых вачэй з пана падваяводы, нават здрыгануўся, заўважыўшы яго драпежны выскал, які, падавалася, больш пасаваў зверу, чым чалавеку. Выскал так рэзка сказіў прывабныя рысы аблічча Адама, што ад прыгажосці не засталося і следу. Злое, падступнае, яно аж гарэла лютасцю, але ўжо праз імгненне зноў прыняло свой звычайны выгляд, і здзіўлены гэтым нечаканым ператварэннем, Ян аж вачыма залыпаў, перакананы, што яшчэ хвіліну таму бачыў самога д’ябла, які вызірнуў з чалавечага цела. Злавесныя чуткі аб ашмянскім буяне разам вынырнулі ў памяці хлопца. Бледны, перапалоханы, ён настойліва тузануў Стаброўскага за рукаў, а калі той адмахнуўся, сілай пацягнуў таварыша прэч з пакоя.

– Ну, чаго табе? – буркнуў Самуль, незадаволены, што прыяцель перашкодзіў яму нацешыцца сваёй трыумфам. Даведаўшыся прычыну трывогі, толькі легкадумна махнуў рукой: «Ну і што? Няхай думае, што хоча, але нічога даказаць не зможа».

Ян трохі супакоіўся, але і за абедам, і за вячэрай падсвядома чакаў ад Саковіча якога-небудзь паскудства. Аднак дзень прайшоў на дзіва спакойна. Адам, здавалася, вырашыў, што сапраўды сам згубіў княжацкія лісты, быў маўклівейшы, чым звычайна, напэўна, у думках дакараючы сябе за няўважлівасць. У Невяроўскага трохі нядобра было на душы, бо пан Пуцята не толькі падрабязна распісаў князю-гетману гэты прыкры выпадак, але і даклаў аб дзеўцы, якую калісьці злавіў у пакоях Багуслава, а завяршыў сваё пасланне слёзнымі просьбамі, каб князь Крыштаф неадкладна пазбавіў пляменніка таварыства нявартага прыяцеля. Аднак пачуцце віны хутка прайшло, бо княжыч, даведаўшыся пра падступны ўчынак выхавацеля, адразу ж дараваў Адаму выпадак з лістамі і абвясціў абуранаму пану Самуэлю, што папросіць за Саковіча ў дзядзькі.

На наступны дзень пасля абеду, калі Багуслаў пайшоў з Піркенам крэсліць план ідэальнай крэпасці, а Самуль нечакана знік, да Невяроўскага, які нудзіўся без справы, падышоў княжацкі слуга і сказаў, што яго кліча месье дзю Берт, які ўжо дзесьці здабыў новых сокалаў. Іншым разам Ян ўжо бег бы ад надакучлівага француза куды вочы глядзяць, але цяпер, узрадаваўшыся хоць якому занятку, ахвотна прайшоў у гаспадарчую частку палаца, дзе сутыкнуўся са змрочным збраяносцам пана Саковіча.

– А дзе месье дзю Берт? – здзіўлена спытаў хлопец.

Шляхціц неакрэслена махнуў рукой кудысьці ўбок, а калі Невяроўскі, шукаючы француза, павярнуўся спінай, нечакана заціснуў яму рот сваёй мядзведжай рукой і кудысьці пацягнуў. Ян адчайна тузаўся, спрабуючы вызваліцца, але добры ўдар па галаве паклаў канец гэтым вартым жалю спробам. Збраяносец надзейна звязаў сваю ахвяру па руках і нагах, заткнуў хлопцу рот анучай, а потым паклаў на воз і закідаў сенам, каб схаваць ад людскіх вачэй. Сам сеў за фурмана і, нокнуўшы на коней, крануўся з месца.

Са смерцю не жартуюць! Гэтыя словы прыйшлі ў галаву Яну, калі збраяносец нарэшце завёз яго ў лясныя гушчары і хлопец змог зірнуць у твар чалавеку, якому быў абавязаны сваім падарожжам. Саковіч падаваўся спакойным, але яго халодныя чорныя вочы свяціліся жудаснымі зялёнымі агеньчыкамі, а на вуснах крывілася ўжо знаёмая Невяроўскаму сатанінская ўсмешка. Хлопец здрыгануўся, бо палічыў бы за лепшае сутыкнуцца з апантанай лютасцю, чым з гэтым зманлівым злавесным спакоем. Адвярнуўся, каб вораг не заўважыў спалоху ў яго вачах, але гэта была памылка, бо адразу ўбачыў Самуля, які стаяў на краі ваўчынай ямы з пятлёй на шыі, канцы якой былі перакінутыя праз таўшчэзную дубовую галіну. Двое слуг пана падваяводы з аголенымі шаблямі не спускалі вачэй са зняволеных. Ян ціха застагнаў.

– Навошта ты схапіў яшчэ і яго? – крыкнуў Стаброўскі, размазваючы слёзы па брудным твары. – Гэта я ўзяў тыя паперы, я адзін, а ён падчас абеду нікуды не хадзіў і быў у цябе на вачах!

– Праўда, – сказаў Адам. – Але я ніколі не паверу, што ты не пахваліўся таварышу сваім подзвігам. Таму ён ведаў. – І, нахіліўшыся да Невяроўскага, люта прашыпеў яму ў твар:

– Ты ведаў і не сказаў!

Ён выцягнуў з Янавага рота анучку, і той нарэшце змог выказаць усё, што накіпела.

– Што ты сабе дазваляеш? – віскнуў хлопец, але голас сарваўся, як у маладога пеўня. – Па якім праве?

Саковіч мякка ўсміхнуўся.

– Па праве моцнага, – ласкава растлумачыў ён. – Гэта адзіны закон, уладу якога я прызнаю.

– А як жа рыцарскія законы? – не здаваўся Невяроўскі, разумеючы, што інакш не дастукаецца да гэтага каменнага сэрца. – Шляхціц мае паядынкам свой гонар бараніць! – А што, у літоўскіх балотах ужо змеяў не хапае, што ты, Ян, пра шаблю ўспомніў? – драпежна прыжмурыўся Адам.

– Я тую гадзюку табе не падкідваў, – пакрыўдзіўся той і прыкусіў язык, але было ўжо позна.

Саковіч задаволена кіўнуў і, падышоўшы да Стаброўскага, утаропіўся ў яго страшным позіркам. Стаяў моўчкі, не пагражаў, але бледны твар хлопца аж пазелянеў ад страху, а на штанах па-здрадніцку пачала расплывацца вялікая мокрая пляма. Слугі пана падваяводы, заўважыўшы гэта, здзекліва загыгыкалі. Адам таксама не стрымаў усмешкі. Пакінуўшы паўмёртвую ад страху ахвяру, ён вярнуўся да Невяроўскага.

– Я так і думаў, Ян, што гэта быў не ты, – паведаміў ён. – Але разлучаць сяброў не стану. Разам былі пры жыцці, разам і на той свет пойдзеце.

І, падвысіўшы голас, сказаў:

– Не табе мне рыцарскімі звычаямі вочы калоць! Я з чарвякамі паядынкаў не вяду, я іх проста… душу.

Ён зрабіў знак збраяносцу, і той, падцягнуўшы Невяроўскага да ямы, спрытна накінуў яму на шыю загадзя прыгатаваную вяроўку.

Стаброўскі ўслых зарыдаў.

– Ты гэтага не зробіш, – прахрыпеў Ян, не ў змозе адвесці погляд да ямы, што дыхала на яго магільным холадам.

А сам тым часам спрабаваў вызваліць рукі, звязаныя за спінай. Яму гэта амаль удалося, збраяносец слаба заціснуў вяроўкі, напэўна, каб тыя не занадта ўпіваліся ў цела. Такая ўпэўненасць развесяліла пана Адама.

– Цікава, і хто ж гэта мне перашкодзіць? – фыркнуў ён, з прытворным непакоем азіраючыся вакол.

– Напрамілы бог, пан падваявода, – усхліпваючы, прамармытаў Самуль. – Гэта быў усяго толькі жарт… Дурны жарт… Я так Багуславу і скажу… І князю Крыштафу, калі трэба будзе.

– Усё зробім, што хочаш, – горача падтрымаў таварыша Ян і з усяе моцы прыкусіў губу, бо зубы ад страху гучна стукалі. – Ну якая табе карысць ад нашай смерці?

– Пад нагамі блытацца не будзеце, – сказаў на гэта пан падваявода і падміргнуў чалядзіну.

Той падштурхнуў хлопцаў да краю ямы.

– Не-е-е! – крыкнуў Ян, нарэшце вызваліўшыся ад пут, і ўжо праз імгненне страціў раўнавагу і паляцеў проста ў абдымкі смерці. Вяроўка зацягнулася на шыі, у вачах пацямнела. Жудасны крык Стаброўскага яшчэ паспеў даляцець да яго свядомасці, але тут яе паглынула цемра.

Ачуняў ён ад нясцерпнага болю. Доўга адкашліваўся, трымаючыся за горла, а калі цалкам ачуняў, убачыў проста перад сабой брыдкага тоўстага чарвяка. Спалохана падскочыў, але хутка зваліўся на зямлю, вострая боль працяла яго нагу як нажом. Думкі ў галаве спляліся заблытаны клубок, але шчаслівая здагадка, што вяроўка абарвалася і ён застаўся жывы, перакрэсліла ўсе сумневы адносна ўваскрасення.

«А Самуль?» – спалохана згадаў ён.

Стаброўскі быў тут: цэлы і здаровы, ён сустракаў сваё другое нараджэнне гучным плачам. Пераканаўшыся, што з таварышам усё ў парадку, Ян падняў галаву і ўбачыў проста перад сабой зласлівы твар Саковіча. Шляхціц сціскаў у руцэ шаблю, якой, відавочна, перасек вяроўкі.

– Як бачыце, мае галубочкі, я таксама жартаваць умею, – ён драпежна бліснуў вачыма. – Добра запомніце гэты дзень, таму што яшчэ адзін жарт – і я вам такі зладжу вяселле з кашчавай!

І, памаўчаўшы, дадаў:

– Як даберацеся да палаца, распавядзіце Багуславу аб вашым «жарце» з лістамі. А пра гэтае здарэнне – ні слова! Ясна?

Хлопцы моўчкі заківалі, яны не маглі паверыць, што засталіся жывыя.

– Тады бывайце здаровы, – крыва ўсміхнуўся пан падваявода. – Ды не расседжвайцеся тут доўга, вечарэе, а тутэйшыя ваўкі ахвотна пакаштуюць свежай чалавечыны.

Ён павярнуўся, каб сысці, але яго спыніў спалоханы крык Невяроўскага:

– Пачакай! Як я дабяруся да палаца, калі на нагу стаць не магу?

– А гэта ўжо не мой клопат, – абыякава кінуў Саковіч, адыходзячы. – Захочаш жыць – дапаўзеш!

На гэтым беды хлопцаў не скончыліся. Калі яны, нацярпеўшыся страху ў дарозе, вярнуліся ў палац і прызналіся, што знікненне гетманскіх лістоў – іх рук справа, над іх галовамі сабраліся грозныя хмары. Абураны Багуслаў загадаў сябрам не трапляць яму на вочы, а раз’юшаны пан Пуцята спачатку хацеў адправіць жартаўнікоў дадому, але потым загадаў усыпаць кожнаму па некалькі дзясяткаў розаг. Невяроўскага ад пакарання выратавала зламаная нага, а вось Самулю дасталася. Але ні заслужаная кара, ні жорсткая помста Саковіча не змаглі суняць яго бурлівы нораў: пакрыўджаная душа прагнула помсты, а разгарачаны розум ужо шукаў сродкі для гэтага.

– Забіць нас падваявода ўсё роўна не наважыўся б, хацеў толькі папалохаць, – паўтараў Стаброўскі Яну, які ляжаў у ложку, чакаючы, калі зрастуцца косткі. – Лягчэй за ўсё было б падрэзаць папругі ў яго каня, каб пан Адам скруціў сабе шыю, як на яго сядзе. Але да гэтага звяругі Буцафала не падступіцца!

– Ці падсыпаць атруты ў віно, – з’едліва дадаў Невяроўскі.

– Так! – загарэўся Самуль, не заўважыўшы іроніі. – А ты ведаеш, дзе яе дастаць?

– Слухай, прыяцель, – не вытрымаў Ян. – Я на тваю адвагу ўжо ўчора нагледзеўся і цяпер проста табе кажу: пакінь Саковіча ў спакоі. Досыць і таго, што Багуслаў збіраецца ехаць на вайну, а я праз твае выхадкі дома застануся.

Стаброўскі насупіўся.

– Кожнаму сваё, сябар Ян, – сказаў злосна. – Не хвалюйся ты так. Даю слова, што як князь гетман дазволіць Багуславу ехаць у лагер, дык паеду з ім і падстрэлю там пару шведаў замест цябе.

– Я цябе сам падстрэлю, як толькі ўстану на ногі, – паабяцаў Ян, ледзь не плачучы ад прыкрасці.

Слушныя словы Яна не пераканалі Стаброўскага, але помсту ўсё ж прыйшлося адкласці: скарга пана Набароўскага мела поспех, хоць і зусім не такі, як разлічваў пан Даніэль. Князь Крыштаф даслаў ліст, дзе строга аблаяў выхавальнікаў за тое, што не могуць справіцца з хлапчукамі і адцягваюць свайго патрона ад ваенных спраў такімі глупствамі. Саковіча выклікаў да сябе, але толькі таму, што ў ваеннай кампаніі не мог без яго абысціся. А на Багуслава нечакана звалілася шчасце:

«Калі ты ўжо такі ваяка дый да дзевак дападаеш, – пісаў пляменніку князь гетман, – дык едзь з панам падваяводам у Інфлянты, панюхай пораху».

Зрэшты, гэта было сказана хутчэй для прыгожага слоўца, гетман прызначыў і сыну, і пляменніку месца ў абозе, і хутчэй склаў бы булаву, чым дазволіў бы некаму з іх рызыкаваць жыццём на полі бітвы. Багуслаў адбыў у ваенны лагер з цвёрдым намерам прымусіць дзядзьку змяніць рашэнне, але паваяваць так і не выйшла: польскія і французскія дыпламаты дамовіліся са шведамі. Рэч Паспалітая атрымала жаданы мір[64], і ў дзяржаве нарэшце запанаваў «залаты спакой».

56

Выдатна! (фр.)

57

Пажывём – пабачым (фр.).

58

Гэта жыццё (фр.).

59

Божа мой! (фр.)

60

За мной, панове! (фр.)

61

Клод д’Аво – французскі дыпламат, у 1634–1636 гадах знаходзіўся пры польскім двары.

62

Іспанска-аўстрыйская каралеўская дынастыя.

63

Гутарковае. З лац. membrāna – пергамент.

64

Штумсдорфскі мір тэрмінам на 26,5 гадоў быў заключаны 12 верасня 1635 года паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай каля вёскі Штумсдорф у Прусіі.

Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага

Подняться наверх