Читать книгу Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага - Ирина Даневская - Страница 6
Частка 1
НА ПРЫСТУПКАХ ТРОНА
Раздел 3
РАКАШАНІН
ОглавлениеВаршава
(1631 год)
Доўгая дарога ў Варшаву падалася Багуславу не такой нуднай, як мінулая паездка ў Літву. Яго сябры засталіся ў Кейданах, але князь Крыштаф быў у гуморы і забаўляў пляменніка аповедамі пра свае ваенныя паходы. Калі ж ён замаўкаў, размову падхоплівала князёўна Катарына, якая напрасілася ў гэтую паездку, нягледзячы на бацькаў супраціў. Аднак упартая князёўна не прывыкла атрымліваць адмовы і магла сказаць «так» нават тады, калі ўвесь свет навокал казаў «не».
Варшава не зрабіла на княжыча добрага ўражання, дый, шчыра кажучы, любавацца горадам не было часу. Не паспеў літоўскі гетман пераступіць парог уласнага дома, як яго атакавалі пасланцы праваслаўнага духавенства, што прыбылі на гэты сойм бараніць грэцкую веру ад каталікоў і ўніятаў. Яны бачылі ў літоўскім гетмане адзінага заступніка і абаронцу, і, трэба сказаць, што Радзівіл апраўдваў іх давер. Убачыўшы чужых, Катарына адразу ж выйшла з пакоя. Багуслаў хацеў ісці за ёй, аднак князь Крыштаф затрымаў яго, весела сказаўшы русінам, што іх выслухаюць абодва Радзівілы. Заклапочаныя абліччы паслоў аж пасвятлелі. Падзякаваўшы князям за такі гонар, яны пачалі.
– Толькі на вас, прасветлы князь, спадзяёмся, – нізка пакланіўшыся, загаварыў пан Крыса, пасланнік кіева-пячэрскага архімандрыта Пятра Магілы[28]. – На бога і на вас, але перш за ўсё на вашу міласць. Каму, як не вам, ведаць пра цяжкія крыўды, якія церпяць усе некатолікі ў Рэчы Паспалітай?
– Ведаю, усё ведаю, – цяжка ўздыхнуў князь Крыштаф, кальвініст, што ніяк не мог атрымаць вялікую гетманскую булаву, якую, па агульным перакананні, ужо сто разоў заслужыў на полі бою, паколькі кароль Жыгімонт, фанатычны каталік, адкрыта адмаўляўся даваць пасады іншаверцам. – Калі наш кароль заняў трон, ледзь не палова ўсіх сенатараў былі дысідэнтамі. А цяпер? Толькі чацвёра, калі лічыць мяне самога!
– І ніводнага грэцкай веры, – рэхам адазваўся Крыса. – Ніводнага! І калі б не заступніцтва вашай міласці, нас, праваслаўных, і слухаць ніхто не стаў бы. Ці ж даўно мы сваіх нябожчыкаў павінны былі ўначы хаваць? І да гэтага часу публічныя працэсіі пад забаронай засталіся.
– Няўжо не ганьбай для караля і ўсёй Рэчы Паспалітай з’яўляецца тое, што любы шляхціц можа вольна чыніць разбой у царкоўных маёнтках? – пачаў скардзіцца іншы бацюшка. – Столькі праваслаўных святароў заплацілі жыццём за спробы спыніць гэтае свавольства! А ці ўмяшалася каралеўскае правасуддзе? Ці пакарала сурова вінаватых? Госпадзе, ты ўсё бачыш! А падаткі, што спаганяюцца ў каралеўскі скарб выключна з праваслаўнага духавенства? Мы, слугі божыя, заўсёды гатовыя падтрымаць патрэбы яго вялікасці. Але чаму такая несправядлівасць? Чым ксёндз або ўніяцкі парох лепшы за праваслаўнага папа? Чаму ж толькі нас павінны закранаць каралеўскія капрызы? Ох, калі кароль не адумаецца, разбурыцца Рэч Паспалітая!
– Караля нават іерусалімскі патрыярх Феафан не пераканаў, – сказаў князь Крыштаф, які ўсё гэта чуў не ўпершыню, бо пра гэта гаварылі ў сойме цягам апошніх дванаццаці гадоў. – Аднак я буду бараніць правы праваслаўнай царквы гэтак жа ўпарта, як бараню сваю веру ад каталіцкага самаўладдзя.
Абнадзееныя княжацкімі абяцаннямі, пасланцы сышлі, а цікаўны Багуслаў спытаў у дзядзькі, чаму той, кальвініст, бярэ так блізка да сэрца клопаты праваслаўных. Князь Крыштаф даў нечаканы адказ.
– Каталікі ўжо ўзялі за горла ўсіх іншаверцаў і знішчаць па адным, калі ў нас не хопіць розуму трымацца разам. Вядома, праваслаўная царква – гэта вялікія клопаты, бо трэба мець мужнасць, каб бараніць тое, ад чаго ўсе адвярнуліся. Але гэта і вялікая сіла. Ты, Богусь, павінен гэта ведаць, каб павярнуць тую сілу сабе на карысць, бо ты – князь слуцкі і, дасягнуўшы паўналецця, разам з бацькавай спадчынай атрымаеш найбуйнейшую праваслаўную епархію ва ўсёй Літве. На цябе будуць аглядацца і патрыярх, і кіеўскі мітрапаліт… Вядома, калі кароль пагодзіцца аднавіць Кіеўскую мітраполію, бо толькі ад цябе залежыць, хто са святароў які прыход будзе мець у тваіх уладаннях, ды і само існаванне праваслаўя ў Слуцку таксама будзе залежаць ад цябе. А людзей заўсёды шануй за іх добрыя якасці, а не за тое, якую веру яны вызнаюць.
– Я буду памятаць, – сказаў княжыч і моцна задумаўся над гэтымі словамі.
Аднак дзядзька павярнуў яго думкі ў іншы бок, паведаміўшы, што заўтра жадае прадставіць пляменніка каралю Жыгімонту. Багуслаў нахмурыўся. У Літве ён нямала наслухаўся пра варожасць паміж каралём і сваім бацькам, у смерці якога сёй-той вінаваціў менавіта Жыгімонта. Так гэта было ці не, але пасля смерці зацятага ворага кароль перанёс нянавісць на князя Крыштафа, супраць звычаю перадаўшы і Віленскае ваяводства, і вялікую гетманскую булаву Льву Сапегу – мудраму дзяржаўнаму мужу, але нікчэмнаму ваяру. Менавіта таму падчас апошняй вайны шведам удалося прыбраць да рук значную частку Літвы. Князь Крыштаф, не зважаючы на абразу, выбіў непрыяцеля з межаў Айчыны, але каралеўскай падзякі за гэта так і не атрымаў.
Нядобразычліўцы Радзівіла ўмела распальвалі Жыгімонтаву непрыязнасць, абвінавачваючы князя ў спробах пасадзіць на польскі трон то французскага прынца Гастона Арлеанскага, то шведскага караля Густава Адольфа. Адбіваючыся ад паклёпаў, князь Крыштаф упарта шукаў дружбы з каралеўскім дваром, хоць як адзін з самых багатых магнатаў Рэчы Паспалітай мог абысціся без каралеўскае міласці. Заўважыўшы, што пляменнік не выказаў радасці ад наведвання палаца, ён падбадзёрліва ўсміхнуўся, хвалюючыся, каб той выпадкова не разгубіўся ад бляску каралеўскага двара:
– Не бойся.
– Чаго я маю баяцца? – не зразумеў Богусь. – Я бачыў караля яшчэ два гады таму, калі мы з маці наведвалі Варшаву па дарозе ў Літву. Кароль, жадаючы зрабіць ёй прыемнасць, прапанаваў мне ў яго застацца, але я на гэта адказаў, што не хачу.
Успомніўшы нябожчыцу княгіню, ён яшчэ больш нахмурыўся, а дзядзька, не жадаючы верадзіць яшчэ свежую рану пляменніка, пакінуў гэтую размову.
Назаўтра ўсе Радзівілы паспяшаліся ў каралеўскі палац. Князёўна Катарына была трохі напалоханая, але гэтая нервовая бледнасць вельмі пасавала яе ганарліваму прыгожаму абліччу і раскошным залаціста-рудым валасам. Княжыч адчуваў сябе ў каралеўскім палацы гэтак жа вольна, як і ў дзядзькавым доме. У Вялікую залу зайшоў спакойна, не звяртаючы ўвагі на шэпт прыдворных за спінай, а, апынуўшыся перад тронам, са змрочнай цікавасцю зірнуў у вочы каралю.
Жыгімонт быў ужо старым і хворым чалавекам. Яго жыццё падыходзіла да канца, ад чаго вялікую палёгку адчувалі ўсе дысідэнты і патрыёты. Гэты Ваза, заняўшы каралеўскі пасад, уцягнуў Рэч Паспалітую ў шэраг войнаў, жадаючы любой цаной захаваць за сабой шведскую карону і нават зрабіцца маскоўскім царом. Але на шчасце і для шведаў, і для маскавітаў, рэлігійныя перакананні перашкодзілі манарху скарыстацца наступствамі перамог. Заваяваўшы тытулы, ён не дасягнуў запаветнай абсалютнай улады нават ва ўласнай дзяржаве.
Цяпер стары воўк стомлена адкінуўся на спінку трона і, склаўшы рукі на грудзях, зацікаўлена разглядаў сына свайго найбольшага ворага. Багуслаў вельмі вырас з часу іх апошняй сустрэчы. Затым кароль пакасіўся на князя Крыштафа.
– Мы рады бачыць і цябе, князь, і тваю дачку, і пляменніка, – ласкава сказаў Жыгімонт, аднак яго халодны позірк ясна даваў зразумець, што літоўскаму гетману не варта мець ніякіх ілюзій. Каранаваны фанатык бачыў у ім не таленавітага военачальніка, а ерэтыка, якому месца ў пекле, а не ў каралеўскіх пакоях.
Князь Крыштаф нізка пакланіўся. Катарына дрыготкімі пальцамі ўзялася за край сукенкі і цырымонна прысела. Багуслаў нават галавы не нахіліў, стаяў роўна і ўважліва разглядаў караля. Але чары яго прыгажосці ўжо падзейнічалі на Жыгімонта і растапілі лёд яго душы.
– Якое прыгожае дзіця! – літасціва ўсміхнуўся ён і зрабіў знак Багуславу, каб падышоў бліжэй.
Але каралеўская ўсмешка адразу ж знікла, калі «прыгожае дзіця», смела падышоўшы да трону, падало каралю руку для прывітання.
– Хто ж так вітае караля, пляменніку? – падбег збялелы ад неспадзяванкі князь Крыштаф. – Падай у ногі яго вялікасці і…
– Што? – аж скалануўся хлопец, але тут жа апанаваў сябе і дадаў ужо спакайней: – Чаму я павінен гэта рабіць? У рэшце рэшт, кароль такі ж чалавек, як і я.
У зале настала такая цішыня, што чуваць было, як дзесьці гудзе яшчэ сонная вясновая муха. Жыгімонт нахмурыўся, і, заўважыўшы, што ўсе погляды ў зале звернутыя на яго, прымусіў сябе зарагатаць.
– Дайце яму спакой, – звярнуўся ён да князя Крыштафа, які, не чакаючы такога нахабства ад пляменніка, яго рэзка адчытваў, і да маршалка каралеўскага двара, які ўслых абураўся такой непачцівасцю. – Ракашанін!
На гэтым аўдыенцыя і скончылася. Вядома, потым князь Крыштаф яшчэ доўга папракаў пляменніка за неразважлівыя паводзіны, хоць і добра разумеў іх прычыны. Але цяпер не час быў для выхаваўчай гутаркі. Развітаўшыся з Жыгімонтам, гетман міла загаварыў з яго сынамі – каралевічамі Уладзіславам і Янам Казімірам, якія падышлі прывітацца.
Мяккія словы Уладзіслава вельмі адрозніваліся ад бацькавых сечаных фраз, а што тычыцца Яна Казіміра, дык яго посны твар крыху памякчэў, калі ён убачыў князёўну Катарыну. Пакуль старэйшы брат гутарыў з князем-гетманам, ён ласкава загаварыў з дзяўчынай. Відаць было, што яе прыгажосць кранула каралевіча, і Катарына, заўважыўшы гэта, зусім акрыяла і пачала размаўляць з прынцам так смела, як можа дазволіць сабе толькі прыгожая дзяўчына ды яшчэ і радзівілаўскага роду.
Багуслаў заўважыў, што і Уладзіслаў зацікаўлена глядзіць у бок князёўны, спрабуючы пачуць, пра што яна шчабеча з братам. Скончыўшы размову з гетманам, ён падышоў да Радзівілаўны і папрасіў у яе прабачэння за халодны каралеўскі прыём.
– Нічога, каралевіч, – сказала на тое Катарына. – Калі я спачатку трохі і замерзла, дык цяпер вашыя міласцівыя словы мяне зусім адагрэлі.
Пераканаўшыся, што дачка авалодала сабой лепш за пляменніка, князь Крыштаф запрасіў абодвух каралевічаў на вячэру. Уладзіслаў з радасцю прыняў запрашэнне, а Ян Казімір доўга вагаўся, муляўся і нарэшце сказаў, што прыйдзе, калі дазволяць кароль і важныя справы.
Кароль, відаць, усё ж дазволіў, бо ў прызначаны дзень абодва каралевічы з’явіліся на парозе княжацкага палаца. Тут былі першыя асобы Вялікага Княства і Кароны, з якімі князь Крыштаф падтрымліваў сяброўскія адносіны. Сеўшы па правую руку ад гаспадара дома, Уладзіслаў пасадзіў Катарыну побач і ўвесь вечар займаў яе прыветнай гутаркай, зрэдку адрываючыся, каб сказаць нешта прыемнае князю Крыштафу ці каму-небудзь з гасцей. Ян Казімір, які сядзеў насупраць, сказаў за вячэрай усяго некалькі слоў, а яго аблічча рабілася ўсё больш змрочным па меры таго, як весялеў твар яго брата. Затое калі Катарына, паспрачаўшыся пра нешта з Уладзіславам, папрасіла, каб ён рассудзіў іх спрэчку, Ян Казімір так узрадаваўся, што, зрабіўшы гэта, неадкладна выпрасіў сабе ва ўзнагароду магчымасць танца з прыгажуняю. Цяпер надышла чарга Уладзіслава хмурыцца і адмоўчвацца, што ён і рабіў, пакуль не завалодаў рукой князёўны. І руку яе адпусціў толькі тады, калі надышоў час вяртацца дадому.
Пасля гэтага вечара Катарына бы зноў на свет нарадзілася. Некалькі разоў Багуслаў бачыў, як чыесьці слугі перадавалі яе слугам таямнічыя пасланні, і дзяўчына, прачытаўшы іх, цэлы дзень лётала як на крылах, напяваючы ўголас нейкую песеньку. Назіраючы за сястрой, княжыч спрабаваў адгадаць, хто ж з прынцаў слаў тыя цыдулкі. Так і не здагадаўшыся, спытаў пра тое ў самой князёўны. Катарына аджартавалася, але з тых часоў стала больш асцярожнай, напэўна, баючыся не так назіральнага кузэна, як грознага бацькі.
Але князь Крыштаф, заняты справамі сойма, папросту не заўважаў нічога, што не тычылася палітыкі. Надышлі дні, калі пышныя абеды ў княжацкім палацы і натоўпы наведнікаў, якія праглі пачуць Радзівілаву параду, змяніліся сумнай цішынёй у пакоях. Яе зрэдку парушалі толькі крокі радзівілаўскіх сваячак, што наведвалі князёўну. Князя-гетмана не было дома цэлыя дні. Ішоў з раніцы і прыходзіў ноччу, часта ў суправаджэнні вяльможных асоб, з якімі доўга пра нешта размаўляў, зачыніўшыся ў спальні.
⁂
Раз Багуслава разбудзілі ўначы галасы, якія гучалі з вітальні. Княжыч узрадаваўся, зразумеўшы, што прыйшоў князь Крыштаф. Жадаючы павітацца з дзядзькам, ён спехам апрануўся і, спусціўшыся па сходах, прайшоў у малую гасцёўню, праз няшчыльна прычыненыя дзверы якой праходзіла святло. Зразумеўшы, што князь не адзін, хлопец разгублена спыніўся, а затым асцярожна зазірнуў. Акрамя князя Крыштафа, у вітальні было некалькі чалавек, сярод якіх Багуслаў пазнаў нясвіжскага ардыната, князя Альбрэхта Уладзіслава Радзівіла, і яго братоў: камандора Мальтыйскага ордэна Жыгімонта Караля і літоўскага крайчага Аляксандра Людвіка – жыццярадаснага таўстуна, чыя круглявая постаць патанала ў пене карункаў французскага камзола, які так шчыльна аблягаў вялікі жывот князя, што, здавалася, вопратка вось-вось лопне. Усе гэтыя Радзівілы былі каталікамі, таму паміж імі і іх біржанскімі сваякамі-евангелістамі асаблівай прыязнасці не было. Убачыўшы дзядзьку ў такім таварыстве, Багуслаў застаўся стаяць за дзвярыма, толькі трохі адступіўшы ўбок, далей ад святла, бо баяўся, што яго выдасць хісткі цень. Зрэшты, сваякі былі так занятыя размовай, што нічога не заўважалі. Таму княжыч зноў зазірнуў у пакой і толькі цяпер пабачыў яшчэ аднаго чалавека, які сядзеў на кукішках перад амаль загаслым камінам і спрабаваў разварушыць агонь, падкідваючы дровы. Пакуль князі размаўлялі пра соймавыя справы, ён не ўмешваўся, затое калі гаворка зайшла пра слабое здароўе караля, вырашыў уставіць колькі словаў.
– У каралеўскім палацы ўжо пахне мярцвячынай, – холадна запярэчыў ён нясвіжскаму князю, які крывадушна і шматслоўна казаў пра хуткае адужанне яго вялікасці. – А той, хто думае інакш, толькі падманвае сам сябе.
І, звяртаючыся да князя Крыштафа, з паклонам дадаў:
– Старэйшы каралевіч так дагаджае вашай княжацкай міласці, бо добра разумее, што яго элекцыя шмат у чым будзе залежаць ад Радзівілаў, і асабліва ад таго з іх, хто мае войска, а значыць, і сілу. Бо наш «вялікі» гетман Сапега ў свае гады і на каня не сядзе. А калі і сядзе, дык толькі для таго, каб людзей насмяшыць.
Багуслаў адразу пазнаў гэты моцны выразны голас, які, нягледзячы на сваю мяккасць, меў дзіўную здольнасць напаўняць сабою ўвесь пакой. Князь Крыштаф, якому не дужа спадабалася гэтая смелая прамова, трохі нахмурыўся.
– Пан Саковіч мае дрэнную звычку гаварыць пра ўладароў так, нібы ідзецца пра іх слуг, – сказаў ён. – Але ў цэлым мае рацыю. З павагі да караля я б з радасцю адклаў гэтую размову да яго смяротнай гадзіны, але, баюся, будзе занадта позна. Гаворка пойдзе пра інтарэсы нашага дому…
– Чаму ж тады я не бачу тут нашых сваякоў – клецкага князя і літоўскага канцлера? – спытаў камандор і, шматзначна азірнуўшыся, спыніў погляд на Саковічу, нібы кажучы: «Мы – Радзівілы, а ён хто такі?»
– Я давяраю Адаму, – патлумачыў гетман, слушна зразумеўшы гэты погляд. – Што тычыцца нашых кузэнаў, дык я, вядома, пагавару з імі, калі мы прыйдзем да згоды.
– Дык пра што гаворка? – пазяхнуў князь Альбрэхт Уладзіслаў. – Кажы, Крыштаф, на вуліцы глыбокая ноч…
– Пра асобу нашага новага караля, – сказаў князь гетман.
– Во як! – здзівіўся Аляксандр Людвік. – Я думаў, што каралевіч Уладзіслаў як старэйшы сын караля мае неаспрэчнае права заняць пасад.
Ён глядзеў на братоў, нібы прасіў падтрымкі, але тыя напружана маўчалі, не зводзячы вачэй з літоўскага гетмана.
– Каралевіч мае такое ж права на карону, як і мы маем права абраць сабе караля, які адпавядаў бы інтарэсам Рэчы Паспалітай і, галоўнае, Літвы, – адрэзаў князь гетман і, падвысіўшы голас, урачыста сказаў:
– Я пытаюся ў вас, браты мае, ці можам мы сабе дазволіць каранаваць прынца, што, стаўшы каралём, будзе працягваць разбуральную палітыку бацькі, спрабуючы адным задам уседзець на трох тронах, і ў рэшце рэшт абавязкова страціць нашу каханую Айчыну?
– Літасцівы божа! А дзядзька мае рацыю! – падумаў Багуслаў і, стаіўшы дыханне, пачаў прагна лавіць кожнае слова князя Крыштафа.
Нясвіжскія Радзівілы напружыліся так моцна, што, здавалася, вось-вось лопнуць, аднак і надалей маўчалі. Князь гетман працягваў:
– Вось я і спытаў сябе: хто ж, акрамя Жыгімонтавых сыноў, варты таго, каб ускласці на сябе карону? Ці можам мы зноў рызыкаваць, прапануючы яе нейкаму замежнаму прынцу? Няўжо ў Рэчы Паспалітай, нарэшце, у Літве, не знойдзецца годнай галавы, здольнай узяць на сябе такі груз? – сказаў ён і абвёў палымяным позіркам прысутных.
Легла цяжкае маўчанне.
– Каралём не можа быць ерэтык, – павольна вымавіў нясвіжскі ардынат, якому падалося, што ён зразумеў, куды хіліць яго біржанскі сваяк. – Ні Літва, ні тым больш Польшча ніколі на гэта не пагодзяцца.
Князь Крыштаф, відавочна, падрыхтаваўся да такога выпаду, нават усміхнуўся.
– Вось таму я, дарагі брат, прапаную абраць каралём добрага каталіка – нашага любімага брата Аляксандра Людвіка…
– Мяне??? – таўстун гучна зарагатаў, успрыняўшы словы гетмана як жарт. Але, заўважыўшы, што, акрамя яго, ніхто не смяецца, азадачана змоўк. Напружаныя зморшчыны на ілбах яго братоў разгладзіліся, як толькі яны пачулі, што літоўскі гетман сам не прэтэндуе на каралеўскі пасад.
– Гэта ж добрая ідэя! – павольна вымавіў князь Альбрэхт Уладзіслаў, аглядаючы брата так, быццам бачыў упершыню. – У рэшце рэшт, карона ўжо ў радзівілаўскім доме была…[29]
– І я так лічу, – падтрымаў яго князь Жыгімонт Караль. – Паспрабую праз сваіх братоў па ордэне схіліць на наш бок папскі пасад і езуітаў, якія маюць у Рэчы Паспалітай вялікую вагу…
– Ды вы што! – спалохаўся князь Аляксандр Людвік, убачыўшы, што сваякі не жартуюць. – На чорта мне здалася тая карона!
Ён быў памяркоўным і лагодным чалавекам, аднак, уявіўшы сабе, што, калі зойме пасад, штодня будзе мець справу з жалезнай воляй сваякоў, шляхецкім гонарам і пыхаю, выявіў незвычайную ўпартасць:
– Не хачу і не прасіце, – рашуча сказаў ён. – Уладзіслаў як старэйшы сын павінен кіраваць пасля свайго бацькі.
Сказаўшы гэта, князь так хутка пайшоў да дзвярэй, што Багуслаў ледзь паспеў адскочыць, каб Аляксандр Людвік на яго не наляцеў. Пасля ўцёкаў напалоханага прэтэндэнта ў вітальні запанавала няёмкая ціша.
– Я яго ўгавару, – нарэшце сказаў князь Альбрэхт Уладзіслаў.
– Не варта, – сказаў гетман. – Я бачу, што Рэч Паспалітая заслугоўвае лепшага караля, чым наш маладушны сваяк.
Пасля гэтага госці сышлі. Праводзячы іх, князь Крыштаф з Саковічам трохі адсталі, і Багуслаў пачуў, як пан падкаморы нешта прашаптаў гетману на вуха. Калі б хлопец мог не толькі чуць, але і бачыць, заўважыў бы, як запалала ад гневу дзядзькава аблічча.
– Значыць, пан Сапега любіць ваяваць срэбнымі дзідамі?[30] – злосна пацікавіўся князь Крыштаф, а яго рука міжволі схапілася за шаблю.
– А што яму яшчэ застаецца, калі баявыя падняць не можа? – паціснуў плячыма пан Саковіч. – Калі маеш справу з такім ворагам, трэба спадзявацца на лепшае, але рыхтавацца да горшага. І калі я магу чым-небудзь быць карысным вашай княжацкай міласці…
Гетман паляпаў яго па плячы.
– Ты ўжо і так шмат зрабіў, Адам. Praemonitus praemunitus![31]
⁂
Правёўшы гасцей, князь Крыштаф хацеў ісці ў свае пакоі, але нечакана наткнуўся на пляменніка, які зыбкім ценем выслізнуў са свайго сховішча яму насустрач.
– Багуслаў? – гетман ад нечаканасці ледзь не выпусціў срэбны кандэлябр, якім асвятляў шлях. – Ты што тут робіш у такую пару?
Убачыўшы, што дзядзька больш здзівіўся, чым раззлаваўся, Багуслаў хітра прыплюшчыў вочы.
– Я засумаваў па табе. Спусціўся, каб павітацца, але ты не адзін, дык я вырашыў пачакаць.
– Засумаваў?
Зразумеўшы, што пляменнік чуў размову са сваякамі, гетман так страшна нахмурыў бровы, што любы з аднагодкаў юнага княжыча у порткі наклаў бы ад страху.
– Дык замест таго, каб кінуцца дзядзьку на шыю, ты, князь, падслухоўваў за дзвярыма? – прыкрыкнуў ён.
– Давялося, – уздыхнуў Богусь, які зусім не баяўся грознага сваяка. – Калі б зайшоў, нічога цікавага так і не даведаўся б. А гэта было б вельмі крыўдна, бо я Радзівіл, і справы майго роду тычацца і мяне.
Ад такога вытанчанага нахабства знакамітае красамоўства князя Крыштафа, за якое ён атрымаў ганаровую мянушку «літоўскі Цыцэрон», кудысьці знікла.
– Ах ты… – гетман бездапаможна азірнуўся вакол, шукаючы поглядам пана Набароўскага, каб пасварыцца хоць на яго за такі недагляд.
Спахапіўшыся, што на двары стаіць глухая ноч і выхавацель, напэўна, бачыць дзясяты сон, князь вырашыў сам звярнуцца да выхаваўчых методык.
– Я б з радасцю адказаў на твае пытанні, пляменнік, калі б ты іх задаў, а не хаваўся, як злодзей які…
– Праўда? – сумеўся Багуслаў, але адразу ж упэўнена працягнуў:
– Ну, тады будзем лічыць, дзядзька, што я пазбавіў цябе ад лішніх клопатаў.
Зразумеўшы, што пляменнік усё-такі ўзяў верх, гетман шчыра зарагатаў. Прайшоўшы ў вітальню, ён пасадзіў хлопца сабе на калені і надоўга задумаўся, бо словы Саковіча не ішлі ў яго з галавы. Час ад часу позіркам ацэньваў пляменніка, быццам прымерваў, ці вытрымае той вагу яго думак.
– Што такое, дзядзька? – спытаў княжыч, заўважыўшы яго ваганні. – Ты нешта хочаш мне сказаць?
– Хачу, – рашыўся князь. – Тут вось якая справа, пляменнік… Яшчэ ў твайго бацькі ўзнікла спрэчка з Ільвом Сапегам, цяперашнім вялікім гетманам літоўскім і ваяводам віленскім, за Копысь. Твой бацька некалі змусіў пана ваяводу прыкусіць язык, і цяпер Сапега вырашыў судзіцца ў каралеўскім судзе…
– Але Копысь мая! – у Багуслава ад абурэння аж дыханне перахапіла. – Якая справа Сапегу да маіх маёнткаў?
– Так, – пагадзіўся Крыштаф. – Яна твая паводле права, і я, вядома, з усіх сіл буду бараніць твае інтарэсы, аднак баюся, што карысці ад гэтага будзе няшмат. Кароль мяне не любіць, а твой нябожчык бацька тым больш быў яму як костка ў горле.
Убачыўшы, як гнеўна тарганулася аблічча пляменніка, хуценька дадаў:
– Аднак цяпер не час, Богусь, рокаш падымаць, бо справу абавязкова трэба выйграць… Я прыдумаў адну штуку, а выйдзе яна ці не – ад цябе залежыць.
– Дык кажы, – падбадзёрыў яго малы.
– Добра было б, каб ты, пляменнік, сам выступіў у судзе. Настаўнікі захоплена адгукаюцца пра твой розум і схільнасць да навук, ды і я лічу, што ты некалі зможаш атрымаць пасаду вялікага канцлера…
– Гэтага не будзе, – перапыніў яго Багуслаў. – Я, дзядзька, не хачу сабе пасады, ад якой, як казаў мой бацька, дыяканствам пахне. Сярод канцылярскіх папер сабе славы не здабудзеш, яе на полі бою здабываць трэба! Але калі…
– Цішэй, цішэй, – нязлосна супакоіў яго князь Крыштаф, бо і сам думаў гэтак жа. – Дык ты, мой дарагі князь, вось гэтую цацку палюбіў, яе сабе выбраў? – ён любоўна правёў пальцам па заткнутай за пояс срэбнай гетманскай булаве.
– Не, тую, што цяпер у пана Сапегі пад падушкай без справы ляжыць, – таксама пажартаваў Багуслаў. – Што я павінен зрабіць?
– Мы з тваім выхавацелем падрыхтуем прамову, з якой ты выступіш перад каралём і сенатарамі. Што скажаш? Не разгубішся перад такімі людзьмі?
– Не разгублюся, – запэўніў яго пляменнік і стрымаў слова.
У вызначаны дзень Багуслаў сказаў перад панамі-сенатарамі і каралём як высокім апекуном усіх удоваў і сірот прамову, поўную вытанчанай дзёрзкасці (пан Набароўскі пастараўся!), якая выкрывала ўсе падкопы Сапегі. Жыгімонт толькі лыпаў вачыма, слухаючы адзінаццацігадовага хлопчыка, які сыпаў лацінскімі словамі, і, нарэшце, прысудзіў Копысь Радзівілу.
– Каралю лёгка дарыць тое, што яму не належыць! – крыкнуў пан віленскі ваявода, пачуўшы прысуд.
– Будзеш з дзіцём спаборнічаць? – падміргнуў яму князь Крыштаф, якога аж распіраў гонар за пляменніка і радасць ад выйгранай справы.
– Ды ён ужо спрабаваў, толькі язык праглынуў! – падтрымаў польнага гетмана хтосьці з сенатараў.
– Вось жа, Сапега! Хацеў кот рыбку з’есці, ды не злавіў…
– А малады княжыч далёка пойдзе!
– Ваўчаня, бо з воўчага роду, – не прамаўчаў Сапега. – Ды хоць у вас, Радзівілаў, зубы вострыя, але на Копысі іх абламаеце!
Пачуўшы гэта, Багуслаў павольна падышоў да ворага і ткнуў добрую дулю яму проста пад нос.
– Гэта ўсё, што ты атрымаеш, пан, – паведаміў ён агаломшанаму ваяводу.
⁂
Так і выйшла. Хоць копыская справа цягнулася яшчэ гадамі, распальваючы і без таго лютую варожасць паміж двума магутнымі родамі, Сапегу ўсё ж не ўдалося адгрызці кавалак радзівілаўскіх уладанняў: перамога засталася за Багуславам.
Князь Крыштаф таксама не марнаваў часу. Дзякуючы намаганням праваслаўнай дэлегацыі і яго ўласнаму хадайніцтву сойм прыняў дэкларацыю «Аб уладычных і царкоўных уладаннях», дзе пад страхам суровага пакарання забаранялася свавольства ў царкоўных землях.
Але заслужаны трыумф захінула чарговая сварка з каралеўскім дваром: каралю Жыгімонту данеслі, што каралевіч Уладзіслаў захапіўся дачкой літоўскага гетмана. Раз’юшаны кароль неадкладна загадаў сыну выкінуць дзяўчыну з галавы, і добры сын ды спадкаемца не мог не паслухацца бацькі, а абражаны князь Крыштаф неадкладна вывез Касю ў Літву, далей ад граху. Так таямніца, якую столькі часу спрабаваў разгадаць Багуслаў, выйшла на свет божы…
Вяртанне дадому нагадвала жалобную працэсію. Катарына ўсю дарогу плакала, князь гетман хмурыўся і адмоўчваўся, а Багуслаў змрочна разважаў: вось калі б кароль, якому ўсё прадказвалі хуткую смерць, здагадаўся памерці ўжо зараз, стрыечніца магла б стаць каралевай Рэчы Паспалітай. Тая ж думка грызла і князя Крыштафа.
– Не плач, дачка, – нарэшце сказаў ён сваёй любіміцы, якая ўпарта хавала твар за мокрай ад слёз хусцінкай. – Жыгімонт надоўга на гэтым свеце не затрымаецца, а Уладзіслаў, дасць бог, цябе не забудзе. – І, падміргнуўшы Багуславу, ціха дадаў: «Калі Радзівіл не будзе каралём, хай будзе каралевай Радзівілаўна».
28
Пётр Магіла (1596–1646) – украінскі палітычны і царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай, асветнік, архімандрыт Кіева-Пячэрскага манастыра з 1627 года, мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі з 1633 года. У 1996 годзе кананізаваны.
29
Намёк на Барбару Радзівіл (1520–1581) – каралеву польскую і вялікую княгіню літоўскую.
30
Гэта значыць подкупам, хабарам.
31
Папярэджаны – значыць, узброены! (лац.)