Читать книгу Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага - Ирина Даневская - Страница 5

Частка 1
НА ПРЫСТУПКАХ ТРОНА
Раздел 2
ШКАЛЯР

Оглавление

Кейданы

(1630)

Крыштаф Радзівіл, князь на Біржах і Дубінках, быў адным з самых таленавітых военачальнікаў свайго часу. Ён паказаў свой талент у маскоўскіх войнах, змог у 1622 годзе з малымі сіламі адбіць Мітаву ў шведаў, якім камандаваў сам «Паўночны Леў» – кароль Густаў II Адольф. Багуслаў рэдка бачыў дзядзьку, бо той толькі рэдкім госцем бываў ва ўласным доме. Вядома, велізарнымі радзівілаўскімі ўладаннямі кіравалі дасведчаныя аканомы, але за імі трэба было прыглядаць, каб атрыманы прыбытак не апынаўся ў чужым кашальку. Велізарная братава спадчына, якой гетман займаўся з-за малалецтва пляменніка, прыносіла выгаду, але і дадавала клопатаў. Але больш за ўсё часу адымала палітыка, князь Крыштаф браў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці як сенатар і адзін з самых уплывовых магнатаў Рэчы Паспалітай. Нягледзячы на такую занятасць, ён паспяваў сачыць за выхаваннем ды навучаннем і ўласнага сына, і пляменніка (пра поспехі княжычаў рэгулярна давалі справаздачу іх выхавацелі). Калі Багуслаў добра навучыўся па-польску, князь Крыштаф вырашыў, што княжыч павінен наведваць кальвінскую школу ў Кейданах – сталіцы гетманскіх уладанняў. І скіраваў туды двор малога Радзівіла.

Пакуль выхавацелі і слугі займаліся ўладкаваннем пасля пераезду, Богусь, якога стамляла іх празмерная апека, непрыкметна выслізнуў з палаца агледзець горад. Кейданы здаліся яму падобнымі да велізарнага рынку. Горад стаяў на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, якія вядуць з Вільні ў Расены[18] і з Коўна[19] ў Рыгу, тут заўсёды, а не толькі ў кірмашовыя дні, было поўна гандлёвага люду. Купцы везлі тавар сухім шляхам і вадой – па шырокай і спакойнай рацэ Няцечцы, як яе называлі русіны, або Нявежысу, як казалі жамойты. Для іх выгоды на Няцечцы была зробленая гандлёвая прыстань. У заходнім прыгарадзе кіпела вялікае будаўніцтва – князь Крыштаф дазволіў там пасяліцца васьмі сотням немцаў-лютэранаў, і Багуслаў, вандруючы па горадзе, адчуваў сябе як дома – нямецкая мова гучала тут на кожным кроку. Але не толькі яна. Кейданы былі падзеленыя на ўмоўныя кварталы вакол шасці вялікіх гандлёвых плошчаў, дзе жылі прадстаўнікі кальвінісцкай, лютэранскай, арыянскай, каталіцкай, праваслаўнай і яўрэйскай абшчын. Больш за ўсё, вядома, было кальвіністаў, сярод якіх вылучаліся выхадцы з далёкай Шатландыі, уцекачы ў чужыя краі далей ад беднасці і рэлігійнага ўціску. Дзелавіты дух гэтай рэлігіі наклаў адбітак на гаспадарчы лад усяго горада. Тут не ўмелі гультаяваць, і нават па святах ці ў тыя гадзіны, калі вусны звыкла шапталі малітву, рукі гараджан былі занятыя справай, бо марнаванне часу лічылася найвялікшым грахом. Строгія парадкі дзівілі падарожнікаў, якія звыклі да святочнай будзённасці гарадоў Рэчы Паспалітай, затое для Багуслава, які добра памятаў нямецкія звычаі, жыццё тут было па-хатняму знаёмым і родным. Ён нават не крыўдзіўся на заклапочаных мінакоў, што няўхвальна пазіралі на хлопца, які павольна прагульваўся і яўна біў лынды. Агледзеўшы новую двухпавярховую школу і друкарню, дзе віравала праца, княжыч завярнуў у гарадскую ратушу. Туляючыся па цвінтары кальвінскага збору сярод патрэсканых ад часу, парослых мохам магільных пліт Багуслаў натрапіў на хлапчукоў – сваіх аднагодкаў. Яны пра нешта горача спрачаліся, і княжыч, якому бракавала дзіцячага таварыства, разглядзеўшы, што перад ім не просталюдзіны, а шляхцічы, зацікаўлена падышоў бліжэй. У гэты момант бялявы мажны хлопец дастаў з мяшка вялікага чорнага ката і, трымаючы яго за шкірку, паказаў таварышам. Тыя спалохана адступілі назад. Толькі адзін застаўся на месцы, няўхвальна гледзячы на гэтую забаву.

– Самуль, ты пэўны, што гэта вядзьмарскі кот? – спытаў ён, аглядаючы перапалоханае стварэнне, што мяўкала так, ажно Радзівіл, скрывіўшыся, заткнуў вушы пальцамі.

– А то які ж? – пакрыўдзіўся Самуль. – Ды сам паглядзі, Ян: чорны, як ноч, яшчэ і з зялёнымі вачыма. Напэўна з нячыстай сілай знаецца!

Ён тыцнуў ката недаверліваму таварышу пад нос, аднак русявы Ян, зазірнуўшы ў поўныя жаху каціныя вочы, толькі паціснуў плячыма.

– Кот як кот, – сказаў ён. – Пусці яго, Стаброўскі, бо ў мяне ў галаве звініць ад віскату.

– Нельга, – сказаў Самуль. – Калі гэта сапраўды нячыстая сіла ў каціным абліччы, дык яна аднойчы ў месячную ноч прыйдзе па вашы душы.

Хлопец злавесна абвёў позіркам прыціхлых таварышаў і зайшоўся нядобрым смехам.

– Ну і чаго ты іх палохаеш? – перабіў яго Багуслаў. – Калі б гэта сапраўды была д’ябальская істота, ты б ужо ляжаў на зямлі з разарваным горлам…

Хлопчыкам гэты аргумент падаўся пераканаўчым, і іх напалоханыя твары трохі пасвятлелі. Стаброўскі пачырванеў. Крутнуўшыся на абцасах сваіх ботаў, ён пагрозліва ўтаропіўся ў прынца. Простая будзённая адзежа Радзівіла ўвяла яго ў зман, і хлопец вырашыў, што мае справу з сынам аднаго з замежнікаў, якія, дзякуючы шчодрасці князя Крыштафа, ужо лічылі Кейданы сваёй радзімай.

– А ты хто такі? – груба спытаў ён. – Чаго сунеш нос у мае справы?

– Бо мне так захацелася, – адрэзаў Багуслаў.

Круглае як поўня аблічча Стаброўскага пачырванела ад злосці, а халодныя шэрыя вочы задзірліва заблішчалі. Хлопец шпурнуў убок ужо лішняга ката, які чорнай маланкай кінуўся прэч, а сам, сціснуўшы кулакі, падышоў да прынца.

– Ты, чужынец, лічыш, што можаш беспакарана тут нораў паказваць? – выскаліўся ён. – Прыйдзецца навучыць цябе ветлівасці.

Багуслаў нават збялеў: ніхто яшчэ не наважваўся так з ім размаўляць. Ён пільна агледзеў ворага. Той быў таўсцейшы за яго і здаваўся мацнейшым, але на такую абразу трэба было адказаць. Таму, не доўга думаючы, княжыч ударыў нахабніка кулаком у твар так, што той крывёй умыўся.

– Ты… дык вось ты як! – ускрыкнуў Стаброўскі і кінуўся на Багуслава.

Яны зацята біліся, аж пыл курэў. Хлопцы абступілі іх і падбухторвалі жартачкамі. Падтрымлівалі, вядома, свайго важака, які біў малога прынца, нібы пярыну выбіваў. Але калі Багуслаў вырваўся з учэпістых абдымкаў саперніка, асядлаў яго і, заламаўшы руку, пачаў біць кулакамі, куды мог дастаць, нават найбольшыя жартаўнікі прыкусілі языкі.

– Здаешся? – спытаў Радзівіл, калі вырашыў, што дастаткова правучыў ворага.

– Не, – выціснуў з сябе Самуль і адразу атрымаў некалькі ўдараў па рэбрах.

– Здаешся???

– Не, хоць і забі мяне! – аж завыў ад болю Стаброўскі.

Ён сабраў апошнія сілы і скінуў з сябе прынца, так, што той ногі задраў. Аднак Багуслаў адразу ўскочыў і ўжо чакаў нападу, сціскаючы кулакі. Убачыўшы, што перавага на баку напышлівага прыхадня, таварышы Самуля кінуліся ратаваць важака. Радзівіл нечакана для сябе апынуўся тварам да твару з чатырма праціўнікамі. Зразумеўшы, што гэта ўжо не жарты, ён схапіў нейкую ламачыну, якая, на шчасце, ляжала пад нагамі. Сціснуўшы яе ў руцэ як хвосткую палку, якімі часта ваяваў просты люд, з усяе сілы ўдарыў у лоб першага ж нападніка. Той ускрыкнуў і, трымаючыся за скрываўленую галаву, асеў на зямлю. А княжыч, не даючы хлопцам апамятацца, раздаваў шчодрай рукой направа і налева добрыя ўдары. Цяжэй за ўсё яму прыйшлося з Янам, які таксама ўзброіўся зручнай палкай і арудаваў ёю, нібы шабляй. Яго таварышы, ужо не адважваючыся лезці ў бойку, шпурлялі ў прынца засохлымі землянымі камякамі і камянямі. Як бы адважна ні біўся Багуслаў, ўсё ж сіла была не на яго баку. І невядома, чым бы скончылася сутычка, калі б на шум не прыбеглі мінакі з мясцовым пастарам. Той, размахваючы цяжкім дубовым кіем, задыхана крычаў нешта пра непавагу да мёртвых і да святога месца. Убачыўшы іх, падшыванцы пакінулі прынца ў спакоі і ўцяклі. Радзівіл таксама не жадаў слухаць натацыі раз’юшанага пастара, таму кінуўся следам. Хутка ён дагнаў Самуля і Яна, якія беглі наперадзе. Тройца завярнула ў глухі завулак і, цяжка дыхаючы, спынілася. Багуслаў знясілена прыхінуўся да сцяны нейкага дома і ад усёй душы ў думках падзякаваў пану Набароўскаму, які кожную раніцу муштраваў яго фізічнымі практыкаваннямі, прымушаючы падымаць цяжар, «каб сілу ў плячах меў», а пасля такіх здзекаў яшчэ і ганяў мілі дзве вакол палаца, павучальна паўтараючы ўслед за Ювеналам[20]: «Mens sana in corpore sano»[21].

– Бягуць? – трымаючыся за грудзі, прахрыпеў Стаброўскі, трывожна ўслухоўваючыся, ці не чуваць пагоні.

– Здаецца, ціха, – выдыхнуў Ян і ўпаў на зямлю як падкошаны, таму што ногі яго ўжо не трымалі.

Самуль з палёгкай уздыхнуў і таксама сеў дзе стаяў.

Апамятаўшыся пасля шалёных уцёкаў і трохі аддыхаўшыся, хлопцы з цяжкасцю ўсталі, з цікавасцю паглядаючы на Багуслава, які спадылба назіраў за імі.

– Добра б’ешся, – з павагай сказаў Самуль і, падумаўшы, працягнуў княжычу руку: – Я Стаброўскі, сын тутэйшага аканома яго міласці князя Радзівіла.

Багуслаў фыркнуў і адвярнуўся.

– Ты не сярдуй, што мы на цябе ўчатырох напалі, – прымірэнча сказаў Ян, правільна вытлумачыўшы пагарду. – Прыйшлося ратаваць таварыша. Калі б мы не ўмяшаліся, ты б з нашага Самуля кавалак мяса зрабіў.

Стаброўскі нахмурыўся, але нічога не сказаў. Радзівіл паглядзеў на Яна: яму спадабаўся яго прыемны, адкрыты твар.

– Ты хто? – ужо трохі лагодней спытаў княжыч.

– Ян Невяроўскі, – сказаў хлопец. – Сын беліцкага старосты князя-гетмана Радзівіла.

Багуслаў злёгку ўсміхнуўся, але адразу паморшчыўся – балела разбітая падчас бойкі губа, і павольна налівалася сіняком падбітае вока. Сапернікі выглядалі не нашмат лепш – на Стаброўскім, здавалася, і жывога месца не засталося, а Невяроўскаму бракавала пярэдняга зуба.

– Добра, – сказаў княжыч. – Я запомню.

І пайшоў. Хлопцы праводзілі яго здзіўленымі поглядамі.

Праз некалькі дзён Багуслаў у суправаджэнні самага паважанага са слуг князя-гетмана, кейданскага старосты Пятра Кахлеўскага ды пана Пуцяты ўпершыню пераступіў парог школы, дзе павінен быў вывучыць рускую[22] (мову Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага), латынь, а таксама арыфметыку, геаграфію, гісторыю і Закон Божы. Сустракаць прынца выйшлі ўсе настаўнікі на чале з рэктарам Янам Дамазовіусам. Рэктар ззяў ад задавальнення, бо Багуслаў адной сваёй прысутнасцю дадаваў гонару школе і цэламу гораду. Ён радасна вітаў Радзівіла і нават здолеў зрабіць выгляд, што не заўважае ні падбітага ў бойцы вока, ні падрапанага твару прынца.

Разам з рэктарам Багуслаў зайшоў у школьны пакой. Ён здаваўся зручным і ахайным, тут мелася ўсё неабходнае для навучання. Прынамсі, у шафах хапала кніг, каля шырокай лавы ў куце – хвосткіх розаг, а сцены былі ўпрыгожаныя картамі і галандскімі гравюрамі. Школьнікам ужо паведамілі, хто будзе вучыцца разам з імі, і яны дружна ўсталі, з цікавасцю разглядаючы Радзівіла. І двое не стрымалі спалоханага «ох!», пазнаўшы ў юным князю нядаўняга саперніка.

– Невяроўскі! Стаброўскі! – закрычаў пан Дамазовіус. – Што з вамі?

Хлопцы выцягнуліся, стараючыся не глядзець на Багуслава, а той не змог стрымаць зласлівай усмешкі, заўважыўшы, як спалохана выцягнуліся іх твары. Хлапчукі нават затрэсліся, убачыўшы, што Радзівіл ідзе проста да іх. Але Багуслаў спакойна прайшоў міма да свайго пачэснага месца ў першым шэрагу – вучняў у тыя часы рассаджвалі паводле паходжання і становішча іх бацькоў. Калі Радзівіл зручна ўладкаваўся на лаве, рэктар дазволіў вучням сесці і, кіўнуўшы настаўніку, што можна пачынаць урок, выйшаў. Але асоба Багуслава цікавіла прысутных мацней за нудныя практыкаванні.

– А цікава, чаму ў княжыча морда такая, нібыта ёю чэрці ў ступе мак таўклі? – ляпнуў нехта з школьнікаў на вуха Стаброўскаму.

Самуль са злосцю штурхнуў хлопца локцем, і той пакрыўджана змоўк.

– Мяне бацька і так ледзь не забіў, калі даведаўся, што я зноў у бойку, як просталюдзін, палез, – прашаптаў ён Яну. – А як даведаецца, што я падняў руку на Радзівіла…

Ён цяжка ўздыхнуў.

– Весела, што і казаць, – сказаў Невяроўскі. – А што з намі зробіць князь гетман, я баюся і думаць.

З такімі сумнымі думкамі навука не лезла хлопцам у галовы, таму абураны настаўнік нацягнуў ім каўпакі з аслінымі вушамі, строга папярэдзіўшы, што ў наступны раз яны атрымаюць больш суровае пакаранне. І хоць хлопцы выглядалі пацешна, ніхто і не падумаў смяяцца: усе занадта добра ведалі сілу іх кулакоў.

Пасля заняткаў сябры, закінуўшы ганебныя каўпакі ў далёкі кут, папляліся да Багуслава з прабачэннямі – і за сябе, і за таварышаў-арыянаў, якія наведвалі іншую школу.

У Радзівіла, якому дасталася ад пана Пуцяты і за самавольны шпацыр па горадзе, і, тым больш, за бойку, аж рукі свярбелі зноў даць хамам па зубах, але ён вырашыў злітавацца.

– Не бойцеся, – сказаў ён. – Я не згадваў вашых імёнаў.

Невяроўскі і Стаброўскі, здаецца, нарадзіліся пад шчаслівай зоркай, бо прыкрае здарэнне нечакана прынесла ім удачу. Князь Крыштаф, якому са спазненнем данеслі пра бойку, даведаўшыся, што пляменнік выстаяў супраць чатырох сапернікаў, нават не стаў сварыцца («сварыўся б, каб ён спіну паказаў!»), затое вырашыў, што Багуславу патрэбныя таварышы ў дзіцячых забавах. Паколькі ў Кейданах для Радзівіла не было годнага таварыства, гетман дазволіў княжычу выбраць сяброў самому. Багуслаў паказаў на Невяроўскага, а потым, прыслухаўшыся да просьбаў Яна, які прасіў не разлучаць яго з таварышам, пагадзіўся і на Стаброўскага. Цяпер хлопцы мелі жыць у гетманскім палацы на поўным забеспячэнні.

Ян і Самуль са страхам пераступілі парог радзівілаўскага дома, які асляпіў іх хараством. З палёгкай хлопцы даведаліся, што грозны літоўскі гетман быў у чарговым ад’ездзе, а княгіня Ганна не ўмешвалася ў выхаванне Багуслава, бо князь Крыштаф строга загадаў выхавацелям, каб не дазвалялі пляменніку бавіць шмат часу ў жаночым таварыстве.

– Хіба што за вячэрай, – падкрэсліў ён. – А то каля белагаловых[23] і сам бабай стане.

Тут жа, у палацы, жыла і малодшая сястра Януша, шаснаццацігадовая Катарына. Пра князёўну казалі, што ў ёй ажыла прыгажосць самой каралевы Барбары[24]. Высокая, гожая, рудавалосая, з цёмна-сінімі, як у бацькі і брата вачыма, дасціпным вострым розумам і моцным характарам – бацькі на яе проста маліліся, спадзеючыся для дзіцяці вялікай будучыні. Дый ці магло яно быць іншае ў дачкі Радзівілаў, якія здаўна радніліся з еўрапейскімі ўладарамі?

Каля князёўны і княгіні жылі некалькі асірацелых дзяўчат з высакародных літоўскіх сем’яў, бо, паводле тастамента бацькоў, іх галоўным апекуном лічыўся князь гетман. Дзяўчаты весялілі палац сваім шчабятаннем, вучыліся гаспадарыць і годна паводзіць сябе, а, выходзячы замуж, кожная з іх атрымлівала добры пасаг ад княгіні і князя. Але жаночы двор жыў асобным жыццём, і Невяроўскі са Стаброўскім хутка зразумелі, што па-сапраўднаму ў новым доме баяцца трэба было пана Пуцяты: маршалак двара юнага Радзівіла старанна сачыў за ўсім, што тычылася яго гадаванца. Паны Набароўскі і Кахлеўскі не толькі ўсюды вынюхвалі, але і паведамлялі гетману пра найменшыя драбніцы жыцця княжыча і яго слуг. Грубаваты Стаброўскі зусім не прыйшоўся ім да душы, і хоць бацька Самуля быў з усімі выхавацелямі ў добрых адносінах, хлопцу даводзілася са скуры лезці, каб дабіцца іх прыхільнасці. Невяроўскаму пашэнціла больш. Яго прыемная знешнасць і ўменне годна трымацца ў паважным таварыстве зрабілі лепшае ўражанне, таму Ян меў у палацы ці ні найбольшую свабоду. Яго адносіны з Багуславам мала нагадвалі стасункі пана і слугі, а ў гульнях і рыцарскіх забавах мяжа зусім сціралася. Хлопцы разам вучыліся ездзіць верхам, страляць з лука, практыкавацца з кароткай лёгкай дзідай і з дзіцячай шабляй. Ахвотна гулялі ў цуркі-палкі, перакідвалі набіты пакуллем мяч, кідалі нажы ў намаляваную цэль, але для дзіўнай гульні ў шахматы, якой яшчэ ў юнацтве навучыўся пан Набароўскі падчас еўрапейскіх падарожжаў з нябожчыкам бацькам Багуслава, цярпення хапала хіба ў княжыча. Куды весялейшым былі звычайныя косці і карты з гетманскімі ваякамі. Пастар Дземітровіч скоса паглядаў на такія забавы, час ад часу нагадваючы пра іх грэшную сутнасць, але на яго ніхто асабліва не звяртаў увагі: уменне гуляць і выйграваць было неабходна свецкаму чалавеку.

Лад жыцця ў палацы падпарадкоўваўся тым жа правілам, па якіх павінна жыць кожная кальвінісцкая сям’я: час, адпушчаны богам для зямнога жыцця, не павінен праходзіць марна. Княгіня Ганна была дбайнай гаспадыняй і старанна сачыла за працай слуг ды аканомаў. З-за слабага здароўя і прыроджанай строгасці яна не любіла гучных забаў, якія распачыналіся ў палацы з прыездам князя Крыштафа і яго паважаных гасцей. Але і гэтыя пышныя балі былі праявамі не ганарыстасці або марнатраўства, а гасціннасці, якой так славілася Рэч Паспалітая. І шчодрасць гаспадара павінна была прадэманстраваць павагу да гасцей ды засведчыць яго дабрабыт. Зручнасць і добры густ цаніліся вышэй за паказную пышнасць, але не было тут месца і сумнаму аскетызму, бо, як казаў сам Кальвін[25], чалавек прыходзіць у гэты свет, каб найбольш поўна праявіць свае таленты ды прынесці карысць сабе, людзям і Айчыне. Багацце было самым красамоўным паказнікам поспеху, а беднасць лічылася амаль грахом і выклікала пагарду ў тых шчасліўцаў, якія ўпартай працай і талентам дасягнулі поспеху. У пашане была добрая адукацыя, таму нават у вольны ад школы час выхавацелі і настаўнікі з усіх сіл спрабавалі набіць як мага больш ведаў у галовы княжыча і яго сяброў. А тыя з маладой легкадумнасцю ўсяляк спрабавалі пазбегнуць заняткаў.

Вучоба, рыцарскія забавы, кароткія шчаслівыя хвіліны вольнага часу – так міналі дні і месяцы. Зрэдку прыходзілі заўжды чаканыя лісты ад князя Януша. Той, вырваўшыся з-пад бацькоўскай апекі, спрабаваў жыць сваім розумам і, здавалася, цалкам падпарадкаваў сваёй волі выхавацеляў, якія, замест таго каб перапыняць капрызы свайго гадаванца, усяляк патуралі ім. Вучыўся князь толькі для адводу вачэй і, памятаючы бацькавы наказы, весела бавіў час у таварыстве ўплывовых людзей. Трохі затрымаўшыся ў Берліне, дзе пабратаўся з будучым курфюрстам Фрыдрыхам Вільгельмам, Януш наведаў князя Ангальта і нарэшце спыніўся ў Дрэздэне пры двары электара Саксоніі. Там пасля смерці маці выхоўваліся яго кузіны – сёстры Багуслава.

Узрадаваўшыся сваяку, князёўны перадалі праз яго лісты брату. Яны скардзіліся на жабрацкі побыт пры двары курфюрста Іагана Георга, уладанні якога былі спустошаныя Трыццацігадовай вайной. Багуслаў засмуціўся, прачытаўшы іх журботныя пасланні. На шчасце, дзядзька якраз быў у Кейданах, і княжыч шукаў зручнага выпадку папрасіць яго, каб той запрасіў сясцёр у Літву. Заспець дзядзьку ў адзіноце было амаль немагчыма. Заўсёды знаходзіліся нейкія клопаты, ад якіх не было адпачынку. Хапала і просьбітаў, што пераследавалі гетмана з раніцы да ночы. Усведамляючы гэта, Багуслаў вырашыў не адкладаць размову, і, дазнаўшыся ў першага-лепшага слугі, дзе дзядзька, накіраваўся ў паказаным кірунку. Ён мог нічога не пытацца, бо рэха грамавога голаса князя-гетмана было чуваць здалёк.

Багуслаў, які ўжо прывык да дзядзькавых разносаў, спакойна зайшоў у пакой, спрабуючы ўгадаць, што магло гэтак раззлаваць князя. Акрамя Крыштафа, у пакоі быў яшчэ ягоны сакратар Ян Мяржынскі і незнаёмы княжычу малады чалавек, якому, відавочна, і адрасаваліся княжацкія грымоты з маланкамі. На Багуслава ніхто не звярнуў увагі. Княжыч спакойна залез у любімае дзядзькава крэсла і стаў глядзець камедыю, бурнае дзейства якой ужо набліжалася да кульмінацыі.

– …Ты, мярзотнік, не толькі высакародную дзяўчыну зняславіў, ты, нягоднік, бацьку яе, менскага ваяводу, ледзьве на той свет не адправіў і слуг яму перабіў! – роў князь Крыштаф, наступаючы на юнака, нібы на ворага ішоў на чале сваіх харугваў.

Але той стаяў спакойна і глядзеў у вочы ашалеламу Радзівілу, які лютаваў так, што шыбы дрыжалі, а ў бледнага, як пабеленая сцяна княжацкага палаца, пана Мяржынскага пачалі падгінацца калені. Багуслаў з уласнага досведу ведаў, як цяжка выстаяць перад разгневаным дзядзькам, таму нямала здзівіўся такой вытрымцы і вырашыў уважлівей прыгледзецца да гэтага героя.

Шляхціцу на выгляд было крыху больш за дваццаць. Быў ён сярэдняга росту, хударлявы, на першы погляд (гэта ж трэба!) нават кволы, аднак шырокія рукавы зялёнага кафтана хавалі добра развітыя плечы і жалезныя мышцы, якія сведчылі пра вялікую фізічную сілу. Малады чалавек стаяў спінай да Багуслава, і калі выпадкова павяртаў галаву, княжыч бачыў яго прыгожы твар, ад тонкіх рысаў якога лёгка магла страціць розум любая дзяўчына. Аднак сам шляхціц калі і ведаў пра сілу сваёй прывабнасці, дык ставіўся да яе занадта нядбала, як да каштоўнай рэчы, што выпадкова трапіла ў рукі. Яго чорныя, бы вароніна крыло, гладкія бліскучыя валасы былі даўжэйшымі, чым звычайна мелі польскія і літоўскія шляхціцы, аднак не ведалі рукі майстра куафюру, і былі нядбайна падстрыжаныя самім шляхціцам або яго няўмелым слугой. Старанна паголенае валявое падбароддзе, тонкія чорныя вусы, удала падабраная вопратка хутчэй сведчылі пра добры густ, чым пра жаданне рабіць прыемнае ўражанне: занадта ўжо драпежнай была яго ўсмешка. А дзіўны погляд вачэй – чорных, нібы бездань, і калючых, як добра навостранае лязо нажа, – хутчэй пасаваў бы галаварэзу з лясной дарогі, чым шляхціцу з паважанай сям’і, якім, без сумневу, быў малады рыцар.

– Хвалілася каза, што воўка заб’е, а той ад небаракі толькі рожкі ды ножкі пакінуў, – фыркнуў ён у адказ на папрок патрона. – Міласцівы князю, я ж не нейкае там кацяня, каб проста так дазволіць слугам пана ваяводы сябе ўтапіць. А пан Тышкевіч хай свечку богу паставіць і каню свайму найлепшага аўса дасць за тое, што вынес яго старыя косці з бяды, якую ён сам на сваю галаву наклікаў. Я яго дачку да кахання не прымушаў…

Яго мяккі аксамітны голас і стрыманыя рухі супярэчылі жорсткай усмешцы, і таму сказаныя словы прагучалі асабліва злавесна.

– Але з-за цябе, нягоднік, не толькі сенатарская дачка цноту страціла, але і ў дзвюх дзевак з фраўцымеру княгіні жываты павырасталі! – зноў загрымеў князь гетман. – Хіба ў тваім Зембіне сцежкі да дзявочых святліцаў лесам параслі, што ты пад маім дахам распусту чыніш, ганьбячы і дом мой, і маё імя?

Багуслаў чакаў, што паганец на гэтыя словы пачне ўслых смяяцца, аднак, на яго здзіўленне, той вінавата апусціў галаву.

– Вінаваты, міласцівы князю. Не варта мне было пляваць у калодзеж, з якога ваду п’ю… Карай, я любую кару прыму і міласці прасіць не буду.

– А-а-а, спахапіўся, чорт! – гетман моцна схапіў за горла маладога шляхціца і выпусціў, толькі калі той ужо пачаў хрыпець.

– Яшчэ крыху, і ты б, твая міласць, душу з мяне выціснуў, – закашляўшыся, выдыхнуў небарака, трымаючыся за горла, на якім відаць быў адбітак жалезнай гетманскай рукі.

– І гэтым бы тваёй душы вялікую паслугу зрабіў, – адрэзаў Радзівіл. – Бо ты, нягоднік, яшчэ грашыць не стаміўся, і калі тваё жыццё падыдзе да канца, то з вялікім цяжарам на той свет пойдзеш… Ох, калі б не твая адвага падчас апошняй вайны і не тая вялікая дружба, што мяне з тваім нябожчыкам-бацькам яднала, я б з табой, Адам, інакш пагаварыў.

– Можаш не турбавацца, міласцівы князю, – буян злёгку ўсміхнуўся, убачыўшы, што навальніца прайшла. – Бо пан Тышкевіч, напэўна ж, паспрабуе паскорыць мой канец.

Гэтыя словы, хоць і сказаныя з бесклапотнай бравадай, улагодзілі князя Крыштафа, і ён трохі супакоіўся.

– З ваяводам я ўжо дамовіўся, – памаўчаўшы, сказаў князь. – Ён пагадзіўся аддаць за цябе дачку.

Шляхціц ажно рот разявіў.

– Жаніцца? – збянтэжана спытаў ён. – Ну, не! І я, міласцівы князь, хутчэй зраблю, як той разбойнік, якога тры дні таму павесілі на гарадской плошчы. Нейкая дзяўчына захацела яго мужам узяць і так па старым звычаі ўратаваць ад смерці. А той, пабачыўшы, што нявеста крывая на адно вока, сам сабе на шыю вяроўку накінуў.

Багуслаў засмяяўся, ды яго ніхто не пачуў, бо князь Крыштаф, ускіпеўшы ў адказ на такую няўдзячнасць, зноў выбухнуў лаянкай. Але гнеўныя словы адскоквалі ад шляхціца, як гарох ад сіта, таму, пераканаўшыся, што справы не будзе, гетман, які, відаць, моцна любіў гэтага падшыванца, вырашыў зайсці з іншага боку.

– Ажэнішся, як я загадаю, – ужо зусім спакойна сказаў ён, паклаўшы на плячо шляхціцу сваю шырокую далонь. – Я ж, Адам, загадваю табе гэта зрабіць, таму што не бачу, як інакш скончыць справу мірам. У рэшце рэшт (ён глыбока ўздыхнуў), я спадзяюся, што як жонку ў дом прывядзеш, дык і сам за розум возьмешся. Добрую ж галаву маеш, хлопец. Шкада, калі кáту дастанецца.

З хвіліну шляхціц глядзеў ваўком, але потым, спахапіўшыся, згодна кіўнуў. Яго агіда да жаніцьбы, відаць, трохі астыла, калі ўспомніў аб прыгажосці Тышкевічаўны ды аб тых выгодах, якія абяцаў гэты шлюб.

– Няўжо пан ваявода так лёгка пагадзіўся аддаць за мяне дачку? – усё ж пацікавіўся ён. – Яму б Мар’яне сярод сенатараў пару шукаць.

– Не адразу, але пагадзіўся, бо я сам сватам быў… Такую дзяўчыну табе высватаў! Прыгожую як сонца, багатую і з магутнага ды добрага роду. А ты, няўдзячны, яшчэ носам круціш, – папракнуў князь Крыштаф.

Адам, які ўжо зусім супакоіўся, пацалаваў князю руку.

– І родны бацька для мяне не зрабіў бы такога, як твая княжацкая міласць, – прызнаў ён.

– Адразу б так, – задаволена буркнуў князь гетман. – Слухай мяне, Адам. Вазьмі ў маёй піўніцы бочку вугорскага і едзь цяпер да пана Тышкевіча. Утапіце з ім у віне вашы сваркі! Адзін толькі не ездзі, сватам пана Кахлеўскага вазьмі – той не толькі ваяводу, чорта загаворыць, калі трэба будзе. Бо ты сваім змяіным языком і святога давядзеш да граху… І яшчэ. Пра пасаг я з ваяводам не дамаўляўся, але, мабыць жа, моцна драць не будзе.

– Не будзе, – драпежна ўсміхнуўся буян. – Не турбуйся, міласцівы князь.

Падзякаваўшы гетману за клопат, Адам выйшаў, нізка пакланіўшыся. І быў так заняты сваімі думкамі, што не заўважыў Багуслава, які не зводзіў з яго вачэй.

Княжыч саскочыў з крэсла.

– Хто гэта быў? – зацікаўлена спытаў ён у дзядзькі.

– Саковіч, ашмянскі падкаморы[26], – разгублена адказаў князь Крыштаф, які толькі цяпер пабачыў пляменніка. – Ну, шатан…

– І як толькі пан Тышкевіч пагадзіўся на такога зяця? – услых падумаў пан Мяржынскі, які ўвесь гэты час маўчаў і слухаў.

Гетман зіркнуў на яго, але ўсё-такі адказаў:

– Выбару ў яго не было. Не трэба было пану Тышкевічу крычаць на ўсю Літву пра сваю ганьбу. Толькі смеху нарабіў і свой дом зняславіў.

– Гэта і ёсць той самы Саковіч?

Багуслаў з надзеяй паглядзеў на дзверы, спадзеючыся, што яму прадставяць вядомага буяна, і шчыра пашкадаваў, пераканаўшыся, што таго ўжо і след прастыў.

Пан Адам Мацей Саковіч быў выбітнай асобай, пра якую пляткарылі ўсе, каму бог даў язык і ахвоту да плётак. Успаміналі яго неверагодную адвагу падчас апошняй вайны, на якую ён адправіўся яшчэ зялёным хлапчуком. Былі такія, хто казаў, быццам падчас бою ён уратаваў жыццё літоўскаму гетману, які з тых часоў прыкіпеў да юнага смельчака ўсёй душой. Але паколькі сам князь Крыштаф ніколі пра гэта не казаў, а Саковіч, калі яго пыталі, заўсёды адмоўчваўся, дык гэтыя чуткі чуткамі і засталіся. Усё ж сапраўдныя ці выдуманыя ваенныя подзвігі не перашкодзілі Адаму атрымаць добрую адукацыю. Да навук, асабліва да юрыспрудэнцыі, ён меў выдатныя здольнасці і здолеў здзівіць сваімі ведамі нават самога князя-канцлера Альбрэхта Радзівіла. Пры спрыянні абодвух Радзівілаў Саковіч заняў пасаду ашмянскага падкаморага і здолеў вярнуць сабе добры кавалак сямейных уладанняў, які адсудзілі прадпрымальныя сваякі, пакуль ён быў малы. Тыя паспрабавалі абараніць сваю праўду сілай зброі, думаючы, што будуць мець справу з недасведчаным хлопцам. Але пан падкаморы з хеўрай слуг, якія болей нагадвалі дзікіх разбойнікаў, учыніў лютую расправу з крыўдзіцелямі, не зважаючы ні на родную кроў, ні на хрысціянскую міласэрнасць. Жывы застаўся толькі адзін, ён потым казаў, што то былі не людзі, а чэрці пад загадам самога сатаны, які на тую ноч прыняў аблічча Саковіча. Паверылі яму ці не, але чапаць пана падкаморага ўжо ніхто не наважваўся, і яго асоба набыла дрэнную славу.

Багуслаў, вядома, смяяўся з гэтых выдумак, бо напэўна ведаў, што яго дзядзька не будзе мець справы з нячыстай сілай. А цяпер, прыгледзеўшыся да пана Саковіча, адчуў незразумелую сімпатыю. Ужо адкрыў рот, каб пацікавіцца ў князя-гетмана, дзе ў гісторыях пра ашмянскага падкаморага хлусня, а дзе праўда, але не паспеў.

– Ты да мяне па нейкай справе, Богусь? – пацікавіўся Крыштаф.

Княжыч моўчкі працягнуў дзядзьку лісты ад сясцёр. Той прачытаў іх і задуменна пачухаў патыліцу:

– Я павінен быў здагадацца, што Радзівілаўнам у гэтых галапузых немцаў, багатых толькі на тытулы, будзе нядобра, – з сумам азваўся князь ён. – Электар, хоць і годны чалавек, з-за вайны лішняга гроша за душой не мае і тое, чым пляменніц адорвае, у сваёй сям’і павінен з рота вырываць… Не хвалюйся, пляменнік. Я ўсё зраблю, каб княжнаў дадому вярнуць, і зараз жа да іх слугу адпраўлю з грашыма, футрамі ды іншымі патрэбнымі рэчамі.

Князь выканаў сваё абяцанне, але потым мусіў пагадзіцца з меркаваннем саксонскай курфюрставай, што прынцэсам, якія ўжо амаль дасягнулі шлюбнага веку[27] і атрымалі нямецкае выхаванне, цяжка будзе прыстасавацца да новага жыцця. (Справа з апекай цягнулася гадамі і скончылася толькі са смерцю абедзвюх дзяўчат, што маладымі пайшлі ў лепшы свет.) Але тады ніхто не мог прадбачыць сумнага канца, таму князь гетман яшчэ раз запэўніў пляменніка, што ўсё будзе добра, і паведаміў выдатную навіну: паколькі Богусь рос надзіва разважлівым і разумным хлопцам, ён вырашыў узяць пляменніка з сабой у Варшаву, дзе вось-вось мусіў пачацца наступны сойм, – каб той патроху прывучаўся да грамадскіх спраў.

18

Цяпер Расейняй.

19

Цяпер Каўнас.

20

Ювенал Дэцым Юній (каля 60 – каля 127 года) – рымскі паэт-сатырык.

21

У здаровым целе – здаровы дух (лац.).

22

Аўтар мае на ўвазе старабеларускую мову. – Рэд.

23

Белагаловыя – іранічная назва жанчын; у сярэднявеччы жанчыны насілі на галаве белую намітку. Гэтае слова так трывала ўвайшло ў польскую мову, што ўжывалася і тады, калі звычай накрываць галаву наміткай застаўся ў мінулым.

24

Барбара Радзівіл (1520–1551) – жонка вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста. Рамантычная гісторыя іх кахання лягла ў аснову шматлікіх мастацкіх твораў.

25

Жан Кальвін (1509–1564) – рэлігійны рэфарматар, заснавальнік кальвінізму.

26

Падкаморы – суддзя ў Рэчы Паспалітай, які займаўся размежаваннем уладанняў. Быў ураднікам земскага шляхецкага суда.

27

Лізавета Элеанора мелася выйсці замуж за сына электара Саксоніі.

Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага

Подняться наверх