Читать книгу Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага - Ирина Даневская - Страница 7

Частка 1
НА ПРЫСТУПКАХ ТРОНА
Раздел 4
СМАЛЕНСКАЯ ВАЙНА

Оглавление

Вільня

(1632–1634 гады)

Рэлігійныя звады ўзмацніліся ў Рэчы Паспалітай з часоў Стэфана Баторыя[32], якому прыйшло ў галаву запрасіць у сваю дзяржаву езуіцкі ордэн. Абжыўшыся на новым месцы, святыя айцы пачалі змаганне як з адвечным на гэтых землях праваслаўем, так і з Рэфармацыяй, што з’явілася тут нядаўна, але паспела пусціць моцныя карані ў каронных і літоўскіх землях. А паколькі езуіты славіліся як выдатныя настаўнікі, да якіх па навуку звярталіся нават іншаверцы, дык змагацца з ерассю сталі не толькі агнём, але і словам. З іх лёгкай рукі ў гарадах Рэчы Паспалітай пачалі ўзнікаць школы і калегіумы, дзе настаўнікі з ордэна Ісуса ўкладалі ў маладыя гарачыя галовы не толькі веды, але і нянавісць да ерэтыкоў. Не абмінулі езуіты і Вільню, куды Багуслаў прыбыў, каб працягнуць навучанне ў кальвінісцкай школе, што знаходзілася пад дзядзькавым пратэктаратам. Там вучылася моладзь з уплывовых у Вялікім Княстве пратэстанцкіх сем’яў, і княжыч мусіў завязаць сяброўскія кантакты, якія спатрэбяцца яму ў будучым палітычным жыцці. Ён павінен быў вывучаць філасофію, паэтыку, дыялектыку і рыторыку, каб на публічных выступах і ў прыватных размовах вытанчаным красамоўствам дасягаць свайго і заваёўваць прыхільнасць, мусіў таксама заняцца юрыспрудэнцыяй і паглыблена пазнаёміцца з арыфметыкай.

Юны Радзівіл са сваім дваром пасяліўся ў палацы, які застаўся яму ў спадчыну ад бацькі, а калісьці належаў каралеве Барбары. Гэта быў змрочны двухпавярховы будынак з чырвонай цэглы, з грознымі вежамі, якія будаваліся не дзеля прыгажосці, а для абароны ад ворагаў. Пабудаваны яшчэ Радзівілам «Геркулесам»[33] сярод вечназялёных хваёвых лясоў, якімі параслі звілістыя берагі Віліі, як раз насупраць Лебядзінай выспы, ён калісьці лічыўся ці не самым прыгожым будынкам сталіцы. Аднак цяпер саступаў і новым камяніцам «à la style de Louis XIII»[34], і лёгкім італьянскім palazzo іншых літоўскіх вяльможаў. Нават цудоўныя сады вакол палаца, дзе прыгажуня Барбара калісьці сустракалася з каралём Жыгімонтам Аўгустам, цяпер былі занядбаныя праз пастаянную адсутнасць гаспадара. Князь Крыштаф да прыезду пляменніка распарадзіўся абнавіць хіба ўнутраныя пакоі. Сам жа гетман адбыў у Варшаву на канвакацыйны сойм – памёр кароль Жыгімонт![35]

Бурлівае жыццё ў сталіцы Вялікага Княства падабалася юнаму князю больш, чым ціхае і спакойнае ў Кейданах. У Вільні і дня не бывала без здарэнняў, нярэдка на грунце рэлігіі, бо тут, пад бокам адзін у аднаго, жыло некалькі рэлігійных абшчын. Каталікі, праваслаўныя, кальвіністы, лютэране, іудзеі і «літоўскія браты» жылі ў асноўным мірна, аднак гэты мір быў, як прысак, прыцярушаны попелам, бо студэнты езуіцкага калегіума ніколі не гублялі магчымасці пералічыць рэбры камусьці з іншаверцаў. Некалькі разоў у гэтыя «забаўкі» ўцягваўся ўвесь горад. Неяк прафесар Гартліб з Нідэрландаў, якому ўдалося выратавацца падчас апошняга пагрому, дрыжучы ад даўно перажытага жаху, распавёў выхаванцам, як група студэнтаў-каталікоў напала на дом паважанага купца-пратэстанта, а пасля і на рэфармацкую царкву на Пакроўскай вуліцы. Іх ахвярамі сталі трое пастыраў, а сам Гартліб цудам выратаваўся, схаваўшыся ў склепе.

– Мне пашанцавала, – распавядаў ён, глытаючы слёзы. – А вось пана Красневіцкага гэтыя нелюдзі скінулі з даху, а майго сябра, прафесара Вэндланда, амаль засмажылі жыўцом на вогнішчы з кніг віленскай бібліятэкі… Тады згарэла шмат дамоў паважаных мяшчан… Хай іх слёзы ўпадуць на галовы вар’ятаў!

Маладыя пратэстанты слухалі свайго настаўніка, сціскаючы кулакі. Хоць часу ад таго прайшло нямала, адносіны паміж папістамі і паслядоўнікамі Кальвіна не пацяплелі. Некалькі разоў у рэлігійныя звады ўмешваліся і аднакласнікі Багуслава, якімі кіравалі, вядома ж, Стаброўскі з Невяроўскім. Хлопцы любілі і ўмелі махаць кулакамі, таму з іх з’яўленнем у Вільні перамога ў сутычках стала хіліцца на бок паслядоўнікаў Кальвіна.

Але аднойчы юныя сарвігаловы паўсталі перад светлымі княжымі вачыма ў вартым жалю выглядзе – у ірванай адзежы, з акрываўленымі тварамі. І больш, чым раны на целе, грызла душу горыч паразы – у бойку нечакана ўмяшаўся старонні шляхціц, і з яго дапамогай выхаванцы езуіцкага калегіума пазбеглі заслужанага пакарання.

Пра гэта пакрыўджаныя хлопцы, перабіваючы адзін аднаго, расказалі Багуславу. Не змаўчалі і пра тое, што вораг не выказаў належнай пачцівасці да грознага імя Радзівілаў.

– Той мярзотнік на слуг вашай княжацкай міласці руку падняў, – хлюпаючы расквашаным носам, скардзіўся Стаброўскі, чыё левае вуха жахліва распухла і ненатуральна адтапырвалася.

– Хоць і сам такі ж слуга вашай княжацкай міласці, як і мы, – дадаў Невяроўскі, жаласна гледзячы на князя адным вокам, бо другое заплыло ад велізарнага сіняка.

Багуслаў нахмурыўся, заўважыўшы, што правае вуха Яна вельмі нагадвае левае вуха яго таварыша.

– Ты маеш рацыю, дружа, – сказаў ён. – Абразіўшы вас, ён абразіў мяне. Ну, хай цяпер сцеражэцца! Як яго імя?

– Саковіч, ашмянскі падкаморы, – помсліва паведаміў Стаброўскі.

– Саковіч? – здзівіўся Радзівіл, успомніўшы прыгожага нахабніка, які так вольна трымаўся з самім князем Крыштафам. – А ён чаго ў бойку палез?

Багуслаў хацеў яшчэ нешта спытаць, але не паспеў, бо ў пакой забег раз’юшаны пан Пуцята.

– Ну ірады! – закрычаў ён, размахваючы тоўстай дубовай палкай. – Дзе вы, чортава семя, бойку ўчынілі? У езуіцкім кляштары? Каб праклятыя манахі нарабілі віску на ўсю Вільню, скардзячыся на абразу касцёла? Ды я вам…

І, схапіўшы Яна за ацалелае вуха, так скруціў яго, што той завішчаў ад болю. Адначасова Пуцята спрабаваў дастаць кіем Стаброўскага, які, аднак, шчасліва вывернуўся і схаваўся за спінай Багуслава.

– Пачакай, пан Самуэль, – спыніў выхавацеля княжыч. – Гэта толькі бойка. Ці мала хто на віленскіх вуліцах кулакамі махае?

– Так махалі жа не хто-небудзь, а слугі князя-гетмана, і не дзе-небудзь, а ў самім манастыры! – адрэзаў той. – У яго княжацкай міласці і без таго нямала клопатаў з каталіцкім святарствам, якому пратэстанцкая акадэмія як костка ў горле, а гэтыя нягоднікі яшчэ смалы ў агонь падлілі! І менавіта тады, калі прасветлы князь на сойме спрабуе дамагчыся ад сенатараў саступак у рэлігійных пытаннях! Ох, маліцеся богу, каб пан Саковіч улагодзіў справу з настаяцелем, бо як умяшаецца епіскап, яна ўжо сапраўды трапіць у Сінод і на сойм… А я скажу пастару Дземітровічу, каб усыпаў кожнаму дзясяткі два дубцоў!

Пан Пуцята стрымаў слова, і падшыванцы атрымалі ўрок рэлігійнай талерантнасці на ўсё жыццё. Аднак пану Саковічу, напэўна, удалося ўмовіць настаяцеля, бо не епіскап, ні паны сенатары, ні нават князь Крыштаф ні пра што не даведаліся. Багуслаў, усвядоміўшы, да якіх сумных наступстваў мог прывесці дэбош у кляштары, у думках падзякаваў Адаму за ўмяшанне, аднак пакрыўджаныя шляхціцы чамусьці ніякай падзякі не адчувалі…

А ўжо зусім хутка нават гарачым каталікам стала не да варажнечы, бо пакуль ішлі выбары новага караля, вялікая бяда звалілася на Рэч Паспалітую і перш за ўсё на Літву, якая здаўна была перадавым бастыёнам і перашкодай на шляху варожай навалы ды сцерагла спакой сытай Польшчы. Гэтым разам Масква вырашыла скарыстацца смерцю старога ваўка і, парушыўшы ўмовы Дэулінскага міру[36], пажадала вярнуць сабе землі, страчаныя ў мінулай вайне. Новая вайна была чаканай. Задоўга да таго, як трыццаціпяцітысячная маскоўская армія пад кіраўніцтвам ваяводы Шэіна і князя Празароўскага перайшла мяжу, князь Крыштаф патрабаваў у вялікага літоўскага гетмана Сапегі ўхвалы на збор войска. Але той ніяк не хацеў верыць у тое, пра што ведалі нават вароны, якія злымі зграямі зляталіся ў Літву, выглядаючы будучую спажыву. Даказваў, што Масква хацела ваяваць разам са Швецыяй, а цяпер, пасля смерці караля Густава Адольфа, асцеражэцца лезці ў авантуру.

Аднак адсутнасць хаўруснікаў не магла стрымаць баявога запалу маскавітаў. Безабаронныя літоўскія межы сталі лёгкай здабычай для моцнага і добра падрыхтаванага праціўніка, які з лёгкасцю захапіў Сярпейск, Дарагабуж, Белую, Невель, Себеж, Рослаўль, Старадуб, Почап, Трубчэўск, Сураж… Занепакоены князь Крыштаф, сяк-так адбыўшы сойм, які абвясціў каралём Уладзіслава і з цяжкасцю пацвердзіў палажэнні Варшаўскай канфедэрацыі 1573 года аб рэлігійнай талерантнасці, якая абяцала ўсім іншаверцам роўныя правы з каталікамі, паспяшаўся з’ехаць да ўжо абложанага Смаленска, каб прыняць на сябе камандаванне войскам. Вядома, з малымі сіламі, большасць якіх складалі яго ўласныя найміты, Радзівіл нямнога мог зрабіць супраць велізарнага маскоўскага войска. Стаўшы лагерам за пяцьдзясят вёрстаў ад Смаленска, князь Крыштаф пасылаў невялікія атрады на дапамогу гораду, адцягваючы час да прыбыцця караля і польскага войска.

Аднак Уладзіслаў, для якога перамога ў гэтай вайне павінна была стаць залогам доўгага і шчаслівага ўладарання, не спяшаўся з дапамогай. Каранаваўшыся і адбыўшы каранацыйны сойм, які нарэшце зацвердзіў неабходныя ваенныя выдаткі, ён разаслаў паслоў, каб паведаміць еўрапейскім уладарам аб сваім уступленні на польскі пасад, а таксама аб правах на дзедаўскі, шведскі трон, які пасля смерці бацькі заняла шасцігадовая каралева Крысціна. Адным з такіх паслоў стаў Януш Радзівіл, які, атрымаўшы каралеўскія інструкцыі, пакінуў навучанне ў Лейдэнскім універсітэце і выправіўся з пасольствам да двароў Фрыдрыха Генрыха Аранскага, інфанты Ізабелы і Карла I Англійскага.

Польскае войска рушыла пад Смаленск толькі на восьмым месяцы аблогі. Сапраўдным цудам здавалася тое, што за гэты час маскоўцы не змаглі ўзяць горад і нават не адважыліся штурмаваць лагер Радзівіла, дзе было ўсяго пяць тысяч войска. Пазбягаючы генеральнай бітвы, літвіны вымотвалі ворага кароткімі сутычкамі, падрываючы веру ў перамогу. Пакуль праціўнік губляў каштоўны час, шматлікімі набегамі руйнуючы літоўскія паветы, пяцітысячнае казацкае войска добра патапталася па паўднёвых маскоўскіх землях, адцягваючы ўвагу ад Смаленска. А потым яшчэ польскія дыпламаты падбухторылі татарскую арду, і яна вогненным смерчам пранеслася па Маскоўскім царстве, збіраючы свой крывавы ясыр. Даведаўшыся пра гэта, многія маскоўскія ваяры пакінулі войска, каб ратаваць вотчыны, жанок і дзяцей.

«Не ведаю, ці добра магаметан напускаць на хрысціян, – пісаў усцешана князь Крыштаф. – Але як ні круці, а для зямной палітыкі вельмі добра выйшла!»

Аднак добры палкаводзец Радзівіл разумеў, што гэтыя поспехі толькі часовыя і без кароннага войска няма чаго і думаць пра канчатковую перамогу. Ён закідваў каралеўскі двор ваеннымі рэляцыямі, з надзеяй чакаючы дапамогі.

Урэшце 9 мая 1633 года пятнаццацітысячная каронная армія выступіла з Варшавы ў Смаленск. 24 чэрвеня кароль быў ужо ў Вільні. Літоўская сталіца сустрэла свайго новага вялікага князя пышнымі ўрачыстасцямі, якія цягнуліся без перапынку некалькі дзён. Сямідзесяціпяцігадовы гетман Сапега, забыўшыся пра шаноўны век, верхам гарцаваў перад каралём і яго асяроддзем на чале некалькіх конных і пешых палкоў, але парадныя шэсці так падарвалі яго здароўе, што небарака тут жа развітаўся з жыццём.

У той дзень Багуслаў як раз прымаў ранішнюю купель у велізарнай бочцы, куды пан Пуцята з пакаёвым раз-пораз падлівалі гарачай вады. Заплюшчыўшы вочы і заціснуўшы вушы, ён пагрузіўся з галавой, а калі вынырнуў, убачыў запыханага Стаброўскага, які трымаўся рукамі за грудзі, спрабуючы аддыхацца, бо на злом галавы бег да княжага палаца цэлую мілю.

З улікам урачыстасцяў студэнтаў раней распусцілі на летнія вакацыі, але двор Багуслава не спяшаўся пакідаць Вільню, чакаючы ад’езду каралеўскай арміі. І Самуль з асалодай біў лынды, бадзяючыся па горадзе ды разглядаючы каралеўскі почат і прыслухоўваючыся да навінаў.

– Пан віленскі ваявода памёр, – хапаючы ротам паветра, паведаміў ён. – Запрасіў гасцей на абед, а сам дуба ўрэзаў.

Выхавацель, пачуўшы гэта, ад нечаканасці выпусціў сярэбраны кубак з вадой, і той заскакаў па падлозе, тужлівым звонам аплакваючы смерць вялікага гетмана.

– Нядрэнную штуку выкінуў, – здзівіўся Радзівіл, павольна перахрысціўшыся. – А я думаў, што ён збіраецца жыць вечна.

– Нябожчык быў мудрым дзяржаўным мужам, – асуджальна паглядзеў на яго пан Пуцята.

– Але не лепшым чынам сведчыць пра яго мудрасць тое, што вялікую булаву прыбраў да рук, не маючы ваеннага таленту, і на маю Копысь тачыў зубы, – адрэзаў Багуслаў.

– Будзем спадзявацца, новы кароль аддасць гетманства законнаму ўладальніку, – прымірэнча адказаў выхавацель. Ён стараўся пазбягаць слоўных баталій са сваім аж занадта разумным гадаванцам, бо той зазвычай атрымліваў у іх пераканаўчую перамогу. – І Віленскае ваяводства таксама.

– Кароль дэклараваў Віленскае ваяводства Тышкевічу, – выдаў Самуль галоўную навіну. Але не змог да канца атрымаць асалоду ад эфекту, які зрабіла на прысутных гэтае паведамленне, бо здзіўлены пачутым княжыч схапіў яго за кашулю і прыцягнуў да сябе.

– Адкуль ведаеш? – востра бліснуўшы вачыма, спытаў ён.

– Чуў… Уласнымі вушамі чуў, як сам пан Тышкевіч выхваляўся перад сваімі людзьмі.

Багуслаў бяссільна адпусціў кашулю, і шляхціц, паслізнуўшыся на мокрай каменнай падлозе, так і сеў, дзе стаяў.

– Што скажаш, пан Пуцята? – княжыч горка паглядзеў на выхавацеля. – Там дзядзька сваёй крывёю бацькаўшчыну абараняе, не шкадуючы ні жыцця, ні здароўя, ні ўласных сродкаў на аплату войска, а пасаду атрымаў той, хто дзяржаве паслужыў адно тым, што каралеўскі зад лізаў ад самой каранацыі.

На гэты раз пан Самуэль не папракнуў княжыча за такія словы, бо цалкам падзяляў яго горыч.

– Гэта здрада! – абурыўся ён. – Кароль сам князю Крыштафу абяцаў, што галоўныя пасады пасля Сапегі яму дастануцца… І князь канцлер за брата не ўступіўся!

– Дай ручнік, – змрочна загадаў Багуслаў і, вылезшы з бочкі, захутаўся ў прасціну, паслужліва пададзеную слугой. – Трэба дзядзьку пра гэта паведаміць, і неадкладна. Я сам ліст напішу.

– Добрая думка, – кіўнуў пан Набароўскі. – Я знайду ганца. Хоць бы толькі жывым даехаў.

– Даедзе…

Атрымаўшы вестку пра смерць Сапегі і пра каралеўскую падступнасць, змрочны як ноч, князь гетман паспяшаўся ў Вільню. Сустракаць літоўскага гетмана выехала пасланая каралём дэлегацыя, якую ўзначальваў сам літоўскі канцлер – князь Альбрэхт Станіслаў Радзівіл.

Вялікі канцлер літоўскі і ўладальнік заможнай Алыцкай ардынацыі на Валыні, князь Альбрэхт заслужана лічыўся адным з самых разумных дзяржаўных мужоў у Рэчы Паспалітай. Яшчэ ў юнацтве, знаходзячыся пры французскім двары, ён так зачараваў сваёй вучонасцю і галантнымі паводзінамі караля Людовіка XIII, што той, спрабуючы затрымаць Радзівіла ў Францыі, высватаў яму адну са сваіх кузін. Аднак перад вянчаннем жаніх таемна пакінуў Парыж і ўцёк у Кале, дзе сеў на першы карабель да Гданьска, а каралю Людовіку паслаў ліст, патлумачыўшы, што ўначы прысніўся яму польскі кароль Жыгімонт і сказаў: «Няма чаго табе, князь, у Францыі рабіць. Я – твой кароль. За мной ідзі!» І гэты сон так падзейнічаў на ўразлівага Радзівіла, што ён пакінуў і Францыю, і нявесту, ды вярнуўся ў Польшчу, дзе ўдзячны польскі кароль хутка ўзнагародзіў яго пасадаю вялікага літоўскага канцлера.

Біржанскія Радзівілы маглі б толькі парадавацца за прадстаўніка свайго роду, але, на жаль, князь Альбрэхт быў фанатычным каталіком, ад якога моцна даставалася і яго сваякам-кальвіністам, і ўсім іншаверцам у Рэчы Паспалітай. Аднак у палітычных справах усе без выключэння Радзівілы, улічваючы інтарэсы роду, падтрымлівалі адзін аднаго. І князь Крыштаф, убачыўшы здрадніка, адразу выліў на яго свой гнеў, узгадаўшы агульных продкаў, якія мелі паперавяртацца ў магілах ад таго, што іх нашчадак, напляваўшы на дабрабыт радзівілаўскага дому, дапусціў, каб Віленскае ваяводства дасталося Тышкевічу.

Жаўтаваты твар саракагадовага канцлера запалаў барвовай чырванню, і ён пачаў запэўніваць сваяка ў сваёй невінаватасці. Але князь гетман абарваў гэтыя езуіцкія хітрыкі на паўслове. Каралеўская аўдыенцыя таксама не дадала яму настрою, і, атрымліваючы віленскае кашталянства замест жаданага ваяводства, Радзівіл ледзь змог выціснуць з сябе некалькі слоў падзякі. У палац пляменніка князь гетман наведаўся змрочны як дажджавая хмара. Аднак, убачыўшы Богуся, які радасна выбег яму насустрач, ён з вялікай радасцю прыціснуў таго да грудзей.

– Як маешся, дзядзька? – пацікавіўся Багуслаў, трывожна ўзіраючыся ў шэры твар князя.

– Усё як ты і пісаў, пляменніку, – сумна ўсміхнуўся гетман. – Толькі князь Альбрэхт клянецца, што нічога не ведаў пра каралеўскі прывілей Тышкевічу, таму і не мог нічога зрабіць.

– Гэта «нічога» дорага абышлося нашаму роду, – з’едліва заўважыў княжыч і раздражнёна зірнуў на князя-канцлера.

Князь Альбрэхт натапырыўся. Багуслаў павярнуўся да яго спінай, з задавальненнем адзначыўшы, што пан Пуцята не зрабіў яму заўвагі за такую непачцівасць.

– А вялікая булава? – працягнуў ён распытваць дзядзьку.

– Кароль адклаў гэтае пытанне да наступнага сойма… – пачаў князь гетман, але раптам змоўк, схапіўшыся за грудзі.

– Дзядзька? – Багуслаў спалохана схапіў яго пад локаць, і яны разам з панам Пуцятам асцярожна пасадзілі гетмана ў крэсла.

Бледны пан Самуэль крыкнуў слугам, каб прынеслі вады, а сам дрыготкімі рукамі пачаў расшпіляць гузікі на каптане князя. Князь Альбрэхт распарадзіўся, каб неадкладна паслалі па гетманскага або па яго ўласнага лекара, але князь Крыштаф адмоўна пакруціў галавой.

– Не трэба, – прахрыпеў ён. – Зараз адпусціць.

І сапраўды, скора гетман авалодаў сабою настолькі, што змог адказаць на пытанне канцлера, які спрабаваў даведацца, што за хвароба схапіла яго сваяка. Багуслаў таксама хацеў гэта ведаць, але ад хвалявання не мог вымавіць ні слова: ён яшчэ не бачыў энергічнага і мужнага дзядзьку такім бездапаможным.

– Сэрца, – усё яшчэ трымаючыся за грудзі, растлумачыў князь Крыштаф. – Падчас адной з атак так схапіла, што з каня ўпаў. Але нічога, бог вярнуў у змыслы. І пан Саковіч не разгубіўся – атрымалі тады вікторыю!.. Ну ўсё, здаецца, прайшло.

Гетман глыбока выдыхнуў і ўстаў. Убачыўшы спалоханы твар пляменніка, заспакойліва паляпаў яго па плячы.

– Ты, князь, зусім сябе не беражэш, – падаў голас князь канцлер, які ўвесь гэты час моўчкі змагаўся з сабой. – Я сам паеду да караля. У рэшце рэшт, пан Тышкевіч яшчэ пісьмовага прывілею не атрымаў, і калі маё слова нешта значыць для Уладзіслава, дык і не атрымае.

– Гэта ўжо кажа Радзівіл, – князь Крыштаф працягнуў руку князю Альбрэхту.

– Ды добра ўжо, – буркнуў той, паціскаючы яе. – У рэшце рэшт, лепш, каб гэтую пасаду атрымаў Радзівіл, хоць і ерэтык, чым каталік, але не з нашага дому.

Сказаўшы так, ён пайшоў да дзвярэй, але князь Крыштаф яго спыніў.

– Чакай, княжа, – ён працягнуў кузэну нейкую паперу, якую да гэтага часу трымаў пры сабе. – Аддай гэта каралю. Хай успомніць абяцанні, якія мне даваў, каб я яго элекцыю падтрымаў. Я сёння хацеў гэты ліст яму ў твар шпурнуць, ды, на шчасце, стрымаўся…

Умяшанне літоўскага канцлера мела поспех, князь Крыштаф атрымаў Віленскае ваяводства і разам з каралём з’ехаў на вайну. Багуслаў прасіўся з ім, але, вядома, застаўся дома.

– Вырасцеш – будзеш ваяваць, – адрэзаў гетман. – На вайне я павінен перамогу здабываць, а не за няньку быць.

І, заўважыўшы, што пляменнік пакрыўджана насупіўся, прымірэнча дадаў:

– Людзі яшчэ пачнуць казаць, што я цябе ў войска ўзяў, каб ты галаву склаў, а я твае маёнткі атрымаў.

– Хто скажа? – абурыўся Багуслаў.

– Знойдуцца такія, – уздыхнуў князь. – Так, сынок, – ён любоўна прыклаўся вуснамі да насупленага твару пляменніка, – сядзі дома. Кароль яшчэ марыць пра шведскі пасад, таму хопіць войнаў і на твой век…

Гетман з’ехаў, а для Багуслава пацягнуліся трывожныя дні ў чаканні вестак з-пад Смаленска. На шчасце, яны былі радаснымі, бо маскоўцы так і не змаглі скарыстацца адсутнасцю князя-гетмана і колькаснай перавагай над літоўскім войскам. Прыезд караля ў ваенны лагер зусім дэмаралізаваў ваяводу Шэіна, а калі да палякаў з літвінамі далучылася дваццацітысячнае казацкае войска, капітуляцыя маскавітаў ужо здавалася непазбежнай.

А аднойчы ў княжацкі палац з’явіўся нечаканы госць.

– Хто такі? – пацікавіўся Багуслаў у незвычайна ўзбуджанага пана Пуцяты, што прыйшоў сказаць яму пра наведніка.

– А ты, найяснейшы князь, ідзі і сам паглядзі, – хітра ўсміхаючыся, адказаў той.

Княжыч паціснуў плячыма і выйшаў у суседнюю вітальню, дзе ўбачыў высокага рудавалосага хлопца, убранага па апошняй французскай модзе. Ён здзіўлена ўтаропіўся ў Багуслава, не жадаючы пазнаць у гэтым высокім дужым падлетку таго малога немца, з якім пазнаёміўся пяць гадоў таму.

– Януш! – радасна ўскрыкнуў Багуслаў і кінуўся кузэну на шыю.

– Гэта сапраўды ты, брат? – недаверліва перапытаў той і, спахапіўшыся, паўтарыў на нямецкай мове:

– Bist du das wirklich, Prinz? Ich habe dich nicht gleich erkannt[37].

– Можаш не старацца, князь, – развесяліўся Богусь. – Калі я некалькі гадоў таму зразумеў тваю нямецкую, дык цяпер, напэўна, і польскую зразумею.

Януш зарагатаў.

– Ды ўжо чую, што твая польская цяпер не горшая за маю нямецкую! І бачу, што зубоў ты ў Літве не пазбавіўся!

– Яшчэ выраслі, – Багуслаў захоплена крануў вялікі адкладны каўнер на кашулі кузэна. – Гэта галандскія карункі?

– Алансонскія. Заязджаў на пару дзён у Парыж наведаць каралеўскі двор і добрых тканін прыкупіць. І табе тое-сёе прывёз.

– Ну дзякуй! – стрыечны брат падскочыў ад радасці. – А французскага караля бачыў?

– Караля, каралеву і кардынала Рышэлье[38], – Януш горда выпрастаў плечы, што за апошнія гады наліліся сілай. – Яго эмінэнцыя ліст бацьку перадаў. І для дзядзькі канцлера.

– Нічога сабе! – здзівіўся Богусь, і, хітра павёўшы вокам, сказаў:

– Вось шкада, ты не ведаеш, пра што ў гэтых лістах гаворыцца…

– Уяві сабе, што ведаю, – падміргнуў яму Януш. – Французы хочуць нашага караля ажаніць з мантуанскай герцагіняй, дык і просяць, каб бацька і князь канцлер у тым дапамаглі. Але кароль Англіі[39] і прынц Аранскі[40] прапануюць Уладзіславу руку дачкі твайго хроснага бацькі, «Зімовага караля»[41]. Не ведаю, што на гэта бацька скажа, але я лічу, што лепш, каб каралевай Польшчы евангелічка была.

На Багуслававым лобе з’явілася напружаная зморшчынка, якая не разгладзілася нават тады, калі Януш працягнуў аповед пра свае падарожжы. Княжыч засяроджана маўчаў і брата ні разу не перапыніў толькі таму, што амаль не слухаў.

– Я думаю, што каралеву і ў Літве можна знайсці… Нават у нашым доме, – нечакана сказаў ён.

Януш так здзівіўся, што забыўся пакрыўдзіцца на кузэна за яго няўважлівасць. Але, прыняўшы гэтыя словы за жарт, паблажліва ўсміхнуўся:

– Добра было б, каб наш кароль думаў гэтак жа, як і ты, брат…

– Ды ён і думаў, – спакойна сказаў Багуслаў. – Прынамсі да каранацыі. Але… ціха! – ён прыціснуў палец да вуснаў і паказаў на няшчыльна прыкрытыя дзверы.

Януш падышоў да дзвярэй і шчыльна зачыніў іх.

– Ты, князь, мне галавы не тлумі, а расказвай усё, што ведаеш, – патрабавальна сказаў ён. – Павінен разумець, што такімі рэчамі не жартуюць.

Багуслаў хацеў бы яшчэ трохі пасмяяцца з кузэна, але, пільна прыгледзеўшыся да яго заклапочанага твару, перадумаў.

– Ведаю трохі, – сказаў ён. – Здаецца, Уладзіслаў яшчэ перад каранацыяй намякнуў дзядзьку, што хацеў бы ажаніцца з нашай сястрой. Але ён князю і высокія вайсковыя пасады абяцаў, а аддаў толькі Віленскае ваяводства, і тое дзякуючы заступніцтву дзядзькі Альбрэхта. Таму гэта справа яшчэ віламі па вадзе пісаная.

Якімі б няпэўнымі ні былі братавы словы, але яны моцна запалі ў галаву юнаму князю.

– У рэшце рэшт, чаму б і не? – Януш задуменна пацёр кончык носа. – Адна карона ўжо ў радзівілаўскім доме была! І калі Уладзіславу да сэрца наша Кася…

– Больш нічога не скажу, – хутка прамовіў Багуслаў, ужо не рады, што наогул пачаў гэтую размову. – Я ж не баба, каб плёткі пераказваць. Але ліст французскага кардынала да нашага любага дзядзечкі ты б выпадкова згубіў ці забыўся б пра яго да лепшых часоў…

– Аддам яго бацьку, хай робіць з ім што захоча, – мудра вырашыў Януш, захоплена гледзячы на кузэна. – Ну і галава ў цябе, братка!

Багуслаў задаволена ўсміхнуўся:

– А сам ты што думаеш рабіць?

– Адведаю маці і сястру, а потым адразу ж у войска паеду. – Януш ваяўніча паклаў руку на пазалочаную рукаяць баявой рапіры. – Я ўжо практыкаваўся трохі ў ваенным мастацтве на аблозе Маастрыхта і ў Галандыі добрых ваяроў і афіцэраў да сваёй харугвы завербаваў. Абы толькі бацька не перашкаджаў. Ён ужо напісаў мне, што я яму з трох сыноў толькі адзін застаўся, а таму маю іншыя абавязкі… Ну, неяк яно будзе, – князь легкадумна страсянуў доўгімі рудымі пасмамі, якія свабодна ляжалі на плячах.

– Зычу табе поспеху, – шчыра сказаў Багуслаў. – Я ў войска прасіўся, ды дзядзька і слухаць не хацеў. Можа, табе больш пашанцуе.

– Можа, – уздыхнуў Януш, які добра ведаў грозны нораў свайго бацькі.

Пагасціўшы ў кузэна некалькі дзён, ён з’ехаў у войска. А Багуслаў застаўся марыць пра ўласныя ваенныя подзвігі.

32

Стэфан Баторый (1533–1586) – польскі кароль, вялікі князь літоўскі (з 1576 года).

33

Юрый Радзівіл па мянушцы Геркулес (1480–1541) – заснавальнік біржайска-дубінкаўскай галіны роду Радзівілаў, дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, першы гетман польны літоўскі (1521–1531), гетман вялікі літоўскі ў 1531–1541 гадах, ваявода кіеўскі ў 1511–1514 гадах, кашталян віленскі ў 1527–1541 гадах. Праславіўся перамогамі ў трыццаці бітвах.

34

У стылі Людовіка XIII (фр.).

35

Сойм, які склікалі пасля смерці манарха для падрыхтоўкі выбараў новага караля і кіравання дзяржавай у перыяд бескаралеўя.

36

Дэўлінскае перамір’е – перамір’е, заключанае ў вёсцы Дэўлін 1 снежня 1618 года паміж Расійскім царствам і Рэччу Паспалітай тэрмінам на 14,5 гадоў, згодна з якім да Рэчы Паспалітай адыходзілі Смаленская і Ноўгарад-Северская землі, а ўладар Рэчы Паспалітай атрымаў афіцыйны тытул маскоўскага цара.

37

Гэта сапраўды ты, прынц? Я адразу цябе і не пазнаў (ням.).

38

Арман Жан дзю Плесі, герцаг дэ Рышэлье (1585–1642) – кардынал рымска-каталіцкай царквы, арыстакрат і дзяржаўны дзеяч Францыі. Кардынал Рышэлье быў дзяржаўным сакратаром з 1616 года і кіраўніком урада («галоўным міністрам караля») з 1624 года да сваёй смерці. Імкнуўся зрабіць уладу манарха абсалютнай, жорстка расправіўся з апазіцыяй знаці і задушыў палітычную ўладу французскіх пратэстантаў-гугенотаў. Каб знішчыць палітычную гегемонію Габсбургаў у Еўропе, падтрымліваў шведскага караля Густава Адольфа і нямецкіх князёў-пратэстантаў у барацьбе супраць Аўстрыі і ў 1635 годзе прывёў Францыю да ўдзелу ў Трыццацігадовай вайне.

39

Карл I (1600–1649) – кароль Англіі, Шатландыі і Ірландыі з дынастыі Сцюартаў.

40

Фрыдрых Генрых Аранскі (1584–1647) – штатгальтар (кіраўнік) Галандыі, Зеландыі, Утрэхта, Гельдэрна і Оверэйсела з 1625 года.

41

Фрыдрых V (1596–1632) – курфюрст пфальцскі (1610–1623), кароль Чэхіі. Атрымаў кплівую мянушку «Зімовы кароль», паколькі кіраваў Чэхіяй толькі адну зіму (1619–1620).

Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага

Подняться наверх