Читать книгу Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага - Ирина Даневская - Страница 8

Частка 1
НА ПРЫСТУПКАХ ТРОНА
Раздел 5
САКОВІЧ

Оглавление

Кейданы

(чэрвень – кастрычнік 1634 года)

4 чэрвеня 1634 года паміж Маскоўскім царствам і Рэччу Паспалітай быў укладзены Палянаўскі мір, які ад імя Літвы падпісаў князь Крыштаф Радзівіл. Пераможцы пачалі паступова вяртацца ў родны край. У кейданскім палацы, дзе Багуслаў у гэтым годзе праводзіў са сваім дваром і выхавацелямі летнія канікулы, зноў завіравала жыццё. Праўда, ні князь Крыштаф, ні Януш яшчэ не вярнуліся дадому, аднак абяцалі быць як найхутчэй. Так запэўніў княгіню Ганну і князёўну Катарыну пан Мяржынскі, што прывёз ім лісты ад родных. Пан Ян добра паказаў сябе на вайне, а паколькі быў улюбёнцам князя Крыштафа і мог расказаць шмат цікавага аб паходзе, княгіня знайшла нагоду затрымаць яго ў Кейданах, дзе адважны арыянін весела бавіў час, забаўляючы княжацкую сям’ю ваеннымі аповедамі, да якіх былі ахвотныя і гаспадары, і іх слугі.

Княгіня не ставілася да парадку ў доме занадта сурова, асабліва цяпер, калі ў апусцелым на час вайны палацы засталіся ў асноўным тыя слугі, якія з-за ўзросту або нейкай хваробы не маглі трымаць зброю. Вечарамі ў вялікай зале за панскім сталом збіралася і чэлядзь шляхецкага паходжання, і дзяўчаты з фраўцымеру, а цяпер да іх далучыліся выхавацелі і юныя шляхціцы з атачэння Багуслава. Апошнія ў Кейданах пад пільным вокам пана Пуцяты адкрыта нудзіліся, таму ў пана Мяржынскага хапала слухачоў. Пачуўшы пра ягоны прыезд, у палац прыбылі яшчэ трое княжацкіх аканомаў, значныя радзівілаўскія кліенты – паны Эліяс Арцышэўскі і Ян Сасноўскі, якія добра паказалі сябе падчас апошняга ваеннага паходу, і некалькі багатых купцоў, якія знаходзіліся ў горадзе па сваіх гандлёвых справах.

Вядома, у такім таварыстве час ляціць хутка і весела. Мёд-піва і добрае віно ліліся ракой, шляхціцы ўжо круцілі вусы і пасылалі ў бок прыгожых дзяўчат з почату князёўны і княгіні такія палымяныя погляды, што чырванелі нават партрэты Радзівілаў, якія ўпрыгожвалі сцены вялікай залы. Часам жартавалі паміж сабой, аднак асцерагаліся, каб моцнае слоўца не данеслася да сарамлівых жаночых вушак. Тоўстыя лоевыя свечкі прывідна мігцелі ў срэбных падсвечніках, але цяжкі дух нясвежага тлушчу ад іх перабіваўся прыемным водарам страў, шчодра абсыпаных перцам, гваздзіком, мускатам і шафранам, і ўсе прысутныя ўпляталі іх так, што за вушамі трашчала. Музыкі пачалі граць, але княгіня зрабіла ім знак замаўчаць, бо хацела выслухаць пана Мяржынскага, што як раз пачаў распавядаць пра бой на Жаўруковай гары, у якім удзельнічаў князь Януш са сваімі людзьмі і яшчэ адзін Радзівіл – князь Караль Жыгімонт, мальтыйскі кавалер. Аповед пастаянна перабіваўся галоснымі жаночымі ўздыхамі, таму Багуслаў, хоць і сядзеў непадалёк, мала што пачуў. Зразумеўшы толькі, што кузэн застаўся жывы і здаровы, а за адвагу быў узнагароджаны ўдзелам у прыёме капітуляцыі маскоўскага войска, ён гэтым і задаволіўся. Між тым, пан Сасноўскі пачаў распавядаць усім ахвотным яго паслухаць пра страшны лёс і смерць ваяводы Шэіна ды яго сына, якія жыццём заплацілі за паразу. Усе ўслых дзівіліся маскоўскай жорсткасці, але пастар Дземітровіч на гэта сказаў:

– Той ліхадзей Шэін, калі ў мінулы раз у палон трапіў, перад нябожчыкам каралём Жыгімонтам крыж цалаваў і кляўся, што як волю атрымае, то ўжо не будзе ваяваць супраць Рэчы Паспалітай. Ну а раз прысягу парушыў, дык хай на сябе і наракае.

– Супакой, Госпадзе, душу! – сп’яна зароў хтосьці з аканомаў і, кульнуўшы куфаль мёду, штурхнуў локцем пана Сасноўскага, які імгненна падняў чарку зуброўкі, але асушыў яе за здароўе Багуслава.

Удзячна ўсміхнуўшыся, княжыч паднёс да вуснаў келіх вугорскага, але выпіць не паспеў, бо пачуў, як пан Арцышэўскі сказаў суседу:

– Кажуць, наш кароль дваццаць тысяч рублёў узяў ад маскавітаў за тое, што маскоўскім царом называцца не будзе.

– Хто кажа? – зацікавіўся Багуслаў, адстаўляючы віно ў бок.

І не ён адзін. Пачуўшы, што ў караля завяліся грошыкі, да іх падбег Лазар Майсеевіч – яшчэ малады, але вельмі паважны яўрэй з паважанага роду. Ён не толькі арандаваў некалькі прыбытковых радзівілаўскіх маёнткаў і займаўся фінансавымі справамі князя Крыштафа, але і трымаў у сваім кулаку ледзь не ўсіх літоўскіх магнатаў і нават каралеўскі двор. Недахоп гатоўкі, з якім увесь час сутыкаліся і найбольшыя багацеі, зрабіў ліхвярства самай прыбытковай справай і ўзнёс Майсеевічаў на небывалую вышыню. Нават нябожчык Жыгімонт, хоць і ненавідзеў жыдоўскае племя, паддобрываўся да гэтага роду і надаў бацьку Лазара права тытулавацца каралеўскім аканомам.

– Я сам чуў, як віленскі падваявода казаў пра гэта князю-гетману, – асцярожна сказаў пан Эліяс.

– Ну, калі так сказаў пан Саковіч, дык такі бедны чалавек, як я, можа спаць спакойна, – сказаў Майсеевіч, задаволена паціраючы рукі, бо зразумеў, што зможа з выгадай злупіць з караля грошы, якія той павінен быў пазычыць на ваенную кампанію. – Выгадная здзелка! Добрая здзелка!

– Добрая здзелка, – перадражніў яго пан Арцышэўскі. – Ды гэтыя тытулы аплачаны чалавечай крывёй, якую ніякім золатам не вымераць!

– Усё мае сваю цану, мой літасцівы пане-дабрадзею, – павучальна заўважыў Лазар, папляскаўшы па цяжкім скураным гаманцы на поясе. Там зазвінела золата, якое ў жыцці шаноўнага яўрэя мела найбольшую вагу.

Спахапіўшыся, што сказаў лішняга, ён сагнуўся ў тры пагібелі і скорагаворкай забалбатаў:

– Князю Крыштафу дай, князю Янушу дай, князю Альбрэхту таксама… Панам Сапегам, нарэшце, каралю, нашаму Пану, дай, – мармытаў ён, загінаючы пальцы. – А як жа і не даць, калі пра лёс Айчыны ідзе гаворка? Я сам бы і скуру сваю аддаў, калі б на карысць… Толькі за яе і фальшывага шэлега ніхто не дасць. Князю Людвіку дай… І пану Кішку…

– Пачакай, Майсеевіч, – перапыніла яго ныццё княгіня. – Пан Арцышэўскі, з якой гэта пары той ашмянскі буян стаў віленскім падваяводам?

– Дык з таго часу, як яго міласць князь Крыштаф Віленскае ваяводства атрымаў, – лыпаючы вачыма, адказаў Арцышэўскі.

Княгіня схапілася за галаву.

– Сам князь гетман так захацеў, – растлумачыў пан Мяржынскі. – І слухаць нікога не стаў, хоць і заслужаныя людзі пачалі наракаць, што чалавека з непераносным характарам і занадта маладых гадоў над імі паставіў.

– Яшчэ і каталіка! – крыкнуў хтосьці з чэлядзі.

– І каталіка, – пагадзіўся пан Ян. – Сказаў, што сам быў не нашмат старэйшы за Адама, калі малую гетманскую булаву ў рукі ўзяў.

– Калі дзядзька так зрабіў, дык, напэўна ж, не без падстаў, – сказаў Багуслаў.

– Пан Саковіч – добры рыцар, – падтрымаў Радзівіла пан Арцышэўскі. – Першым у абложаны Смаленск людзей і харчы даставіў, бо тыя, хто да яго хадзілі, загінулі, наткнуўшыся на маскоўскія атрады. І калі б не затуліў ён мяне сваёй шабляй на полі бою, то я б, панове, з вамі зараз не размаўляў.

– А жартаўнік яшчэ лепшы! – зароў ужо добра захмялелы пан Сасноўскі і з усёй сілы ўдарыў па кастлявым плячы яўрэя, аж небарака застагнаў ад болю: пра сілу пана Яна хадзіла столькі ж размоў, колькі і пра багацце Майсеевіча. – Ну, раскажы нам, шэльма, як пан Адам табе тваіх уласных коней за тры цаны прадаў?

Убачыўшы, як жаласна скрывіўся твар сына Ізраілевага, Багуслаў, забыўшыся пра сваю годнасць, так і пакаціўся ад смеху.

– Здаецца, што пан Саковіч мае галаву на плячах, – адсмяяўшыся, сказаў ён Невяроўскаму, які сядзеў побач.

Ян не адважыўся супярэчыць і моўчкі паціснуў плячыма. Правае вуха ў яго да гэтага часу балела.

Баляванне працягвалася. Пан Набароўскі вымавіў вершаваную здравіцу чароўнай князёўне Катарыне, выказаўшы надзею неўзабаве пабачыць на яе галаве каралеўскую карону. Заўважыўшы, што смелыя чаканні пана Даніэля княгіня сустрэла паблажлівай усмешкай, князёўна – сарамлівым румянцам, а слугі – гучнымі апладысментамі, пан Мяржынскі таксама захацеў славы. На жаль, ён не так добра сябраваў з рыфмамі, як пан Набароўскі, таму прыдумаў пацешыць таварыства гісторыяй, якую, калі б быў цвярозым, ніколі не адважыўся б распавядаць за сталом. Гаворка ў ёй ішла пра каралевіча Яна Казіміра, які ўмудрыўся захварэць у разгар Смаленскай кампаніі. Князёўна Катарына ўскрыкнула, пачуўшы гэта, а калі пан Ян запэўніў яе, што хвароба шчасліва прайшла, так расчырванелася, што Багуслаў мімаволі стаў прыслухоўвацца да сакратарскай балбатні.

– Падчас хваробы каралевіча наведаў князь гетман, каб пажадаць яму хутчэйшага адужання, – жыва распавядаў пан Ян. – Ян Казімір, аднак, запэўніў яго міласць, што ўжо пачуваецца значна лепш, і тут жа папрасіў у яго рукі найяснейшай князёўны.

Ён пакланіўся ў бок Катарыны, якая пасля гэтых слоў закрыла рукамі свой прыгожы твар, што палаў, як мак, а княгіня ад нечаканасці папярхнулася разведзеным вадой віном.

– Князь гетман таксама не адразу знайшоў, што адказаць, – парадаваў іх Мяржынскі. – А калі ацяміўся, дык сказаў, што для яго занадта вялікі гонар – сваяцтва з каралеўскім домам.

Катарына адарвала рукі ад твару і ўпілася вогненным позіркам у аблічча апавядальніка.

– Адмовіў? – прашаптала яна.

Пан Ян ужо зразумеў, што дарма распусціў язык, і скупа кіўнуў. Князёўна гучна заплакала і, рэзка ўскочыўшы з-за стала, кінулася прэч.

– Божа, – усхліпнула і княгіня. – Што князь сабе надумаў? Ці ж калі каралевіч каталік, дык ужо і не чалавек?

І пабегла следам за дачкой. Вячэра была безнадзейна сапсаваная. Багуслаў, моцна раздражнёны тым, што прыватнае жыццё яго дому так бесцырымонна выставілі на агульнае абмеркаванне, таксама ўстаў і, змераўшы халодным позіркам захмялелага дзядзькавага любімца, выйшаў. Зрэшты, гэтая гісторыя надоўга засела ў яго галаве.

– Ну і сястрычка! – потым мармытаў ён сабе. – Прымудрылася круціць амуры з абодвума каралевічамі адначасова!.. Няўжо Уладзіслаў перадумаў ажаніцца з Катарынай, але, не жадаючы сварыцца з дзядзькам падчас ваеннай кампаніі, вырашыў падаслаць замест сябе брата? Ці ж Ян Казімір так закахаўся ў маю сястру, што адважыўся перабегчы дарогу каралю?

На жаль, гэтыя пытанні пакуль заставаліся без адказу, таму Багуслаў вырашыў пачакаць, спадзеючыся, што час вырашыць усе загадкі.

Пасля таго, што адбылося, пан Мяржынскі не затрымаўся ў Кейданах і назаўтра ўжо даваў даручэнні слугам, каб бяспечна даставілі яго рэчы дадому. Але тыя так нядбала ўкладалі іх на вазы, што абураны гаспадар выбег на двор і кляў чэлядзь як толькі мог, аж стаміўся. Ён спыніўся адпачыць і ўбачыў невялікі атрад, што як раз прайшоў праз унутраную браму.

Чацвёра ўзброеных ваяроў суправаджалі нейкага вельмі ганарыстага шляхціца, які ехаў наперадзе на белым кані. Такой дзівоснай жывёлы пан Ян не сустракаў нават у княжацкіх стайнях. Коні чыста белай масці рэдка з’яўляюцца на свет, а гэты быў менавіта снежна-белы, з моцным акруглым тулавам, высокімі стройнымі нагамі і доўгай шыяй, на якой сядзела маленькая галава з раскошнай доўгай грывай. Белыя коні звычайна маюць лагодны нораў, аднак гэты і тут вылучаўся: ішоў спакойным крокам, аднак у глыбіні яго вялікіх карых вачэй гарэў шалёны агонь, які ясна сведчыў аб тым, што толькі жалезная рука вершніка ўтрымлівае яго ў пакоры.

Пан Мяржынскі так загледзеўся на каня, што на гаспадара звярнуў увагу толькі калі той, пад’ехаўшы да ганка, спешыўся прама перад ім.

– Пра воўка памоўка, а воўк на парог, – збянтэжана прамармытаў ён. – Пан Саковіч, гэта сапраўды ты?

– Я, – трохі неласкава сказаў пан Саковіч, таму што не забыўся, як князь гетман калісьці накрычаў на яго ў прысутнасці гэтага шляхціца. – Будзь здароў, пан Мяржынскі.

Пакуль пан Ян вітаўся з ваярамі ашмянскага падкаморага, апошні знайшоў поглядам княжацкага стайнічага і махнуў яму, каб падышоў. – Майго Буцафала ў княжацкую стайню пастаў, – загадаў ён. – Рассядлай, абатры насуха і аўса поўныя яслі насып. І напаіць не забудзься!

– Добра, шаноўны пане, – слуга пакланіўся так нізка, што ледзь не праараў носам зямлю. Узяўшы повад, ён паспеў зрабіць усяго некалькі крокаў, як жарабец злавесна заіржаў і, стаўшы на дыбкі, з усяе сілы ўлупіў небараку, які неабачліва павярнуўся, капытом у грудзі.

– Божа міласэрны! – спалохана крыкнуў хлопец, адпускаючы повад.

На дапамогу кінуліся слугі Саковіча, аднак свавольная жывёла раз’ятрана насілася па двары, не жадаючы трапляць у чалавечыя рукі.

Прыйшлося пану падваяводу самому лавіць і ўтаймоўваць свайго каня. На ўсеагульнае здзіўленне, той, толькі адчуўшы руку гаспадара, адразу ж супакоіўся і ціха пырхаў, пакуль пан Адам прывязваў яго. Слугі здалёк нясмела назіралі.

– Ну, чаго вочы вырачылі? – закрычаў пан падваявода. – Нясіце вады!

Хтосьці хутка схапіў вядро і пабег да калодзежа. Пан Ян, падышоўшы бліжэй, зацікаўлена аглядаў жарабца.

– Адкуль гэта ў цябе такі цуд? – захоплена спытаў ён, не знайшоўшы ў высакароднай жывёле ніводнага недахопу.

– Буцафала маскоўскі цар даслаў у падарунак нашаму каралю, – Саковіч пяшчотна правёў рукой па шаўкавістай конскай грыве. – Напэўна, спадзяваўся, што той зверне сабе шыю, калі на яго сядзе. Так яно і здарылася б, калі б мяне побач не было… Словам, яго вялікасць так разгневаўся на гэтага нягодніка за непачцівае абыходжанне з яго каралеўскай асобай, што аддаў яго мне. І мы з Буцафалам вельмі задаволеныя такім мудрым рашэннем. Праўда, коніку?

Здавалася, той разумеў чалавечую гаворку, бо ўхвальна заржаў.

– Пашанцавала табе, – зайздросна сказаў пан Ян і таксама пагладзіў акруглае конскае тулава.

Буцафал грозна зірнуў на яго і нервова тупнуў капытом. Шляхціц насупіўся.

– Такая ж злая звяруга, як і яго гаспадар, – ціха прамармытаў ён.

Жарабец тут жа пацвердзіў гэтыя словы, балюча ўкусіўшы крыўдзіцеля за руку. Пан Мяржынскі гучна вылаяўся і адскочыў убок, а на вуснах пана Адама бліснула крывая ўсмешка.

– Дык якім ты тут ветрам, пан падваявода? – змрочна пацікавіўся пан Ян, разглядаючы свежую дзірку ад конскіх зубоў на рукаве новенькага кунтуша. – Няўжо князь гетман і князь падкаморы літоўскі хутка дадому прыбудуць?

– Князь Януш застанецца пры каралеўскім двары, каб набрацца прыдворнага досведу і прыгледзецца да кіравання дзяржавай, – сказаў Саковіч. – І князь гетман не скора прыедзе, бо яму на сойме трэба скласці рэляцыю аб гэтай вайне, а потым рыхтавацца да новай.

– Ратуй, божа, – падняў вочы да неба Мяржынскі. – Гэта праўда, што туркі на нас ідуць?

Адам паціснуў плячыма.

– Як прыйдуць, тады і паглядзім. І да сустрэчы дарагіх гасцей след падрыхтавацца, каб потым не прыйшлося чырванець перад усім светам.

Ён узяў з рук слугі, што якраз падышоў, вядро з вадой і паставіў перад Буцафалам. Забыўшыся на сваю конскую годнасць, той пачаў прагна піць.

– А чаму ж ты, пане Саковіч, калі вайна на носе, з князем у Вільню не паехаў? – не здаваўся Мяржынскі.

– Бо я, шаноўны пане, у адрозненне ад цябе, зброяй ваюю, а не балбатнёй, – шаўковы голас пана Адама, якому ўжо надакучыў гэты допыт, загучаў нецярпліва.

Але пану падваяводу ўсё ж прыйшлося развязаць язык, таму што пан Пуцята, які выйшаў на шум, таксама захацеў пра гэта ведаць.

– Мяне князь Крыштаф паслаў да Майсеевіча, каб зверыў з ім усе фінансавыя рахункі, – неахвотна растлумачыў ён. – Гэта, вядома, праца аканома, але яго міласць хацеў даручыць такую далікатную справу незацікаўленай асобе.

– Майсеевіч, напэўна, шчаслівы, – з’едліва заўважыў пакрыўджаны пан Ян. – І княгіня табе вельмі ўзрадуецца.

– Трэба думаць, – і вокам не міргнуў шляхціц. – І яшчэ. Князь прасіў, каб я ў вольны час яго пляменніка трохі ў рыцарскай навуцы падцягнуў.

– Багуслава? – радасна перапытаў пан Самуэль. – О, гэта ж добрая думка! Княжыч яшчэ раніцай скардзіўся, што дзядзька яму добрага саперніка для паядынкаў не дасылае. Бо той француз, з якім яго міласць да гэтага часу біўся ў двубоях, толькі шпагай арудаваць здольны. А куды ж той замежнай жалезцы супраць добрай шаблюкі!.. Таму зараз жа ідзі да Багуслава, пан падваявода. Ён за кніжкамі сядзіць, аднак табе, думаю, будзе вельмі рады.

І сам пайшоў наперадзе, паказваючы дарогу. Саковіч, паціснуўшы плячыма, рушыў следам.

Багуслаў сапраўды забаўляўся паэтычнымі практыкаваннямі з панам Набароўскім, бо князь Крыштаф, які вельмі любіў паэтыку, загадаў выхавацелю прывучыць да яе спачатку сына, а затым і пляменніка, які, аднак, перасягнуў у гэтым мастацтве іх абодвух. Яго таварышы таксама сядзелі побач, але адкрыта нудзіліся, таму вельмі ўзрадаваліся, калі пан Мяржынскі далажыў аб новым настаўніку. Багуслаў неадкладна перапыніў практыкаванні, каб яго прывітаць.

Саковіч паволі зайшоў у пакой і нахмурыўся, убачыўшы прыгожы і далікатны твар падлетка, якога амаль не было відаць за вялікім стосам кніг. Яго прыгажосці пазайздросціла б любая дзяўчына, але пан Адам, які хацеў бы мець справу з воінам, а не з распешчаным прынцам, ледзь не застагнаў ад прыкрасці.

– Я ж яго адным махам на зямлю звалю, – прамармытаў ён сам сабе, але пачціва назваўся ў адказ на княжае вітанне:

– Адам Мацей Саковіч, падваявода віленскі і ашмянскі падкаморы, да паслуг вашай княжацкай міласці.

– Я ведаю, хто ты, пане, – кіўнуў Багуслаў, які адразу ж пазнаў гэтага ганарлівага шляхціца. – Пачакай мяне на вуліцы. Я зараз адпраўлю муз на Парнас і выйду да цябе.

– І я таксама, – злосна сказаў Ян Невяроўскі, паціраючы вуха.

– І я, – дадаў Стаброўскі, дэманструючы крыўдзіцелю важкі кулак.

Саковіч пазнаў іх і ціха засмяяўся.

– У цябе, твая міласць, не слугі, а баязлівыя зайцы. Але за тваёй спінай, бачу, асмялелі…

– Калі мяне будзе цікавіць тваё меркаванне, пан падваявода, я ў цябе яго спытаюся, – абарваў яго Багуслаў. – Сваім слугам я сам дам рады. Цябе ж князь гетман, здаецца, сюды для іншага прыслаў?

Хлопцы задаволена выскаліліся. Саковіч моўчкі працягнуў Багуславу ліст ад дзядзькі, пакланіўся і выйшаў. Ужо на вуліцы даў волю свайму гневу.

– Князь гетман, напэўна, вырашыў з мяне пасмяяцца, калі за няньку да гэтай лялькі прыставіў. Ды мае таварышы жываты панадрываюць, – разышоўся ён, не зважаючы на тое, што гэтыя словы чуе ці не ўся радзівілаўская чэлядзь.

Ягоную тыраду абарвала незадаволенае конскае ржанне. Адам павярнуў галаву і ўбачыў, што юны Радзівіл, які паспяшаўся скончыць навучанне і выйшаў на вуліцу, ужо паспеў адвязаць яго скакуна і якраз прымерваўся скочыць у сядло. Абураны такой бесцырымоннасцю, конь нервова біў капытом і злавесна паглядаў на нахабніка, нібы кажучы: «А ну ж бо, толькі асмелься!» Але княжыч на гэта не зважаў і, моцна ўхапіўшы аброць, паставіў нагу ў стрэмя.

– Асцярожна, твая міласць! – крыкнуў Саковіч. – Гэты жарабец нікога, апроч мяне, да сябе не падпускае!

Але не паспелі словы сарвацца з яго вуснаў, як Багуслаў ускочыў на каня і з усіх сіл намагаўся ўтрымацца ў сядле. Свавольная жывёла паднялася на дыбкі, імкнучыся пазбавіцца няпрошанага вершніка. Слугі, убачыўшы гэта, спалохана закрычалі.

– Божа, злітуйся! – збялеў пан Адам. – Яшчэ заб’ецца!

І кінуўся ратаваць неабачлівага радзівілаўскага нашчадка. Але пакуль занепакоены пан падваявода з усяе моцы бег да свайго каня, каб прадухіліць бяду, конь віхурай сарваўся з месца, панёсся да брамы і знік за ёю, схаваўшыся ў аблоках пылу, што ляцеў з-пад капытоў. Пан Пуцята, убачыўшы, што адбылося, пачаў ірваць на сабе валасы.

– Ну, Саковіч! – крыкнуў, падбягаючы, пан Мяржынскі, які бачыў усё, што адбылося, з акна палаца. – Калі з княжычам здарыцца бяда, князь гетман табе гэтага не даруе!

– Пры чым тут я? – агрызнуўся Адам, хоць і добра разумеў, што шляхціц мае рацыю.

Чэлядзь ужо сядлала коней, каб ехаць у пагоню, а ў пана Саковіча і ногі да зямлі прыраслі. Яму прымроілася, як яго шалёны жарабец топча капытамі залітага крывёю юнага Радзівіла. Адам моцна патрос галавой, адганяючы прэч страшную карціну.

– Не спяшайцеся, – уздыхнуў ён. – Калі ўжо княжыч скруціў сабе шыю, дык ад нашай спешкі нямнога карысці будзе. А калі абышлося, дык і тым больш, няма чаго нажываць сабе калаццё ў баку.

Тым часам каля брамы пачулася бадзёрае конскае ржанне. У Адама гара з плеч звалілася, калі ён убачыў свайго скакуна, які весела гарцаваў, несучы на сабе жывога, цэлага і здаровага Багуслава.

Некалькі дзясяткаў глотак адначасова з палёгкай уздыхнулі, але Радзівіл не звярнуў на гэта ўвагі.

– Добры конь! – пахваліў ён і, ліха саскочыўшы на зямлю, працягнуў повад уражанаму Саковічу. – Ну што, пан падкаморы, пойдзем, пакажаш, ці ты сапраўды такі непераўзыдзены фехтавальшчык, як піша дзядзька. Ян, Самуль, – звярнуўся Багуслаў да сяброў, што таксама прыбеглі на шум. – А ну, прынясіце затупленыя шаблі!

Невяроўскі пабег выконваць загад, а княжыч спакойна скіраваўся за палац, дзе звычайна практыкаваўся ў рыцарскіх забавах. Пан Адам, міргаючы, глядзеў яму ўслед.

– Здраднік, – усё ж папракнуў ён каня, які нават галаву апусціў, як бы прызнаючы віну.

Адвёўшы Буцафала ў стайню, Саковіч накіраваўся ва ўнутраны двор, дзе яго чакалі Багуслаў з таварышамі. Радзівіл ужо скінуў калет, і Адам зусім супакоіўся, разглядзеўшы пад кашуляй дужыя плечы і сталёвыя мышцы прынца. Паны Набароўскі і Стаброўскі сціскалі ў руках сапраўдныя, не бутафорскія шаблі, але пан падкаморы іх нібы не бачыў.

– То бярэмся да справы, – Саковіч узяў зброю і некалькі разоў секануў ёю паветра, каб размяць руку.

Багуслаў зрабіў тое ж самае.

– Трымай добра, – кіўнуў Адам, які ўважліва сачыў за ім. – Я зараз нападу, а ты, князь, паспрабуй адбіцца.

Ён паспрабаваў нанесці некалькі ўдараў, якія юны князь, аднак, лёгка адбіў.

– Спадзяюся, ты здольны на большае, – незадаволена паморшчыўся Багуслаў.

– Бараніся, – Саковіч падвоіў сілу і колькасць удараў.

– Нядрэнна, – кіўнуў ён, калі Багуслаў адбіў яго атаку. – Яшчэ раз!

І гэтыя выпады напароліся на моцную абарону.

– Яшчэ! – скамандаваў пан Саковіч.

Але калі і гэта напад быў адбіты, ён захоплена ўскрыкнуў.

– Выдатна, богам клянуся!

– Ну, калі цябе, пан падваявода, дзядзька да мяне прыслаў, каб ты мне фіміямы курыў, дык вяртайся да сваіх спраў, – насмешліва сказаў княжыч. – На маім двары падхалімаў і без цябе хапае.

Саковіч шчыра зарагатаў. Юны Радзівіл падабаўся яму ўсё больш.

– Ну трымайся, князь! – весела крыкнуў ён. – Таму што жарты ўжо скончыліся.

На гэты раз Багуслаў і апамятацца не паспеў, як затупленае лязо шаблі кранулася яго шыі.

– Як ты гэта зрабіў? – здзіўлена пацікавіўся княжыч, ужо з павагай гледзячы на настаўніка.

– Зараз пакажу.

І Саковіч павольна паўтарыў свой падступны ўдар. У Радзівіла ўспыхнулі вочы.

– Цяпер я, – прапанаваў ён. – En garde![42]

І закусіў губу ад прыкрасці, калі Саковіч лёгка адбіў яго атаку.

– Пакажы, – папрасіў ён, і Адам яшчэ раз прадэманстраваў сваю абарону.

Пасля некалькіх практыкаванняў Радзівіл ужо ўмела адбіваў удары, а ў Невяроўскага і Стаброўскага ваяўнічы настрой зусім знік: біцца на шаблях супраць такога майстра было самагубствам.

– Стаміўся, найяснейшы князь? – мякка спытаў Саковіч, калі ўжо прайшла добрая гадзіна іх заняткаў.

– Не, – выдыхнуў княжыч, з якога на самай справе ўжо сёмы пот сходзіў. – А ты?

– Трохі задыхаўся, – схлусіў Адам. – Можа, працягнем заўтра? Я, шчыра кажучы, так спяшаўся прывітаць тваю міласць, што не паабедаў.

– Чаму ж адразу не сказаў? – страпянуўся Багуслаў. – Хадзем. Бо, па праўдзе кажучы, і ў мяне ў жываце бурчыць.

Ужо седзячы за сталом і ўпісваючы смажаную гуску, Адам сказаў:

– Ну, князь, шчыра табе скажу – добрая ў цябе рука, і будзе яшчэ лепшай, калі ты ў поўную сілу ўвойдзеш. Гора тады тваім ворагам. Ды чаго там – я сам праз некалькі гадоў не хацеў бы мець цябе праціўнікам!

Ён не мог знайсці лепшых слоў, каб дабіцца прыхільнасці падлетка, да якога нечакана для сябе самога прыкіпеў усёй душой. З тых часоў так і павялося: дзе Багуслаў, там і Адам, дзе Адам, там і Багуслаў. Вядома, Невяроўскага і Стаброўскага не цешыла такое сяброўства, аднак ні Радзівіла, ні Саковіча іх меркаванне не абыходзіла. Ды і было яно хутчэй у галаве, чым на языку, бо грозная слава пана падваяводы затыкала раты і мацнейшым сапернікам. Крыўду хлопцаў абвастрала і тое, што цяпер княжыч усё больш часу бавіў у кампаніі старэйшага таварыша, які не толькі быў добрым настаўнікам у рыцарскіх забавах, але і адкрываў яму вочы на рэчы, пра якія паны Набароўскі і Пуцята лічылі за лепшае маўчаць.

Аднойчы пан падваявода нечакана знайшоў у сваім пакоі гадзюку. Змяя, згарнуўшыся ў клубок, мірна спала на чобаце, таму пан Саковіч імгненна засек яе шабляй, пазбыўшыся такім чынам не толькі змяі, але і новенькага абутку. Шуму падымаць не стаў – распытаўшы слуг, хто і калі заходзіў у пакой, тым і задаволіўся.

Хацеў думаць пра больш прыемныя рэчы. Разумеючы, якія выгоды можа яму даць прыхільнасць Багуслава, якому праз бліскучы розум, лідарскі характар і высокае паходжанне ўсе вакол варажылі вялікую будучыню, Саковіч радаваўся сяброўству з ім. Ведаў, што каля панскай фартуны і яго лёс шчасліва складзецца. Праўда, князь Крыштаф таксама вельмі любіў Саковіча і як мог спрыяў яго кар’еры, але ягоны адзіны сын і спадкаемца не пераняў бацькавай прыхільнасці. Князь Януш быў ганарлівым і любіў, калі яму ліслівілі. Слугі наперабой практыкаваліся ў гэтым, але ўсіх пераплюнуў пан Набароўскі:, адказваючы на ліст маладога князя, ён надрапаў цэлую вершаваную оду, што гучна ўсхваляла сапраўдныя і выдуманыя Янушавы цноты. Саковіч не любіў і не ўмеў ліслівіць, часта казаў у твар тое, пра што варта было і прамаўчаць. Зважаючы на выбуховы радзівілаўскі характар, гэта было проста небяспечна. Ужо пад Смаленскам узаемная непрыязь маладога князя і яго кліента перарасла ў адкрытую варожасць, і Адам, молячы бога паслаць князю Крыштафу «многія лета», усё ж не мог не задумвацца пра ўласную будучыню.

Багуслаў ліслівасці адкрыта не любіў, наскрозь бачыў яе гнілую сярэдзіну. Няма чаго было нават спрабаваць падлізвацца да яго. З падхалімаў ён адкрыта смяяўся, і не адзін небарака, спрабуючы такім чынам наблізіцца да князя, быў незваротна адрынуты. Дзікаваты нораў новага слугі прыйшоўся да душы юнаму Радзівілу ўжо тым, што Саковіч моцна вылучаўся сярод яго ліслівага атачэння. Княжыч і сам быў востры на язык, але спакойнага характару, і яго незласліва-натуральная дасціпнасць знайшла годнага саперніка ў з’едлівым сарказме Саковіча. Той нават у сяброўскай гутарцы даводзіў да шаленства суразмоўцаў. Словам, пан і слуга сапраўды знайшлі адзін аднаго.

У вясёлым таварыстве пана Адама Багуслаў і не заўважыў, як лета падышло да канца. Прыйшоў час зноў сядаць за кнігі. Тым часам Вільню ахапіла эпідэмія воспы, і было вырашана, што княжыч працягне навучанне ў кейданскай гімназіі. Там разам з прафесарамі Янам Юрскім і Фрыдрыхам Старкам, якія ўжо мелі гонар навучаць князя, яго чакалі і новыя прафесары, якіх запрасіў у Літву Януш падчас сваіх падарожжаў па Еўропе.

Саковіч тым часам адправіў князю Крыштафу падрабязную справаздачу адносна рэвізіі спраў Майсеевіча і нават атрымаў за яе падзяку ды значную ўзнагароду. Пан Адам павінен быў даўно з’ехаць дадому (аб чым яго слёзна прасіла маладая жонка), але Багуслаў, які не ўяўляў свайго жыцця без ашмянскага буяна, увесь час знаходзіў нейкую нагоду яго затрымаць. Саковіч таксама не вельмі спяшаўся дамоў і з радасцю гасціў у княжацкім палацы. Дружба пана і слугі кожны дзень мацнела.

Аднак час ад часу бурлівая натура Адама брала сваё: нярэдка вечарам ён кудысьці знікаў і з’яўляўся на досвітку, каб праспаць да абеду. Вядома, Радзівіл у такія дні моцна нудзіўся і быў не ў захапленні.

– Ну і дзе гэта цябе, Саковіч, зноў чэрці насілі? – неяк злосна спытаў ён пасля таго, як слугі не змаглі дабудзіцца пана падкаморага на ранішняе паляванне.

Спачатку Адам хацеў аджартавацца, але, пільна прыгледзеўшыся да абуранага твару княжыча, вырашыў сказаць праўду.

– Начаваў ночку пад крыльцам вясёлай галубкі, – спакойна адказаў ён.

Багуслаў шырока расплюшчыў свае прыгожыя чорныя вочы.

– А як жа твая жонка? – здзівіўся ён. – Ты ж казаў, што яна – найпрыгажэйшая ва ўсёй Літве.

– А што з Мар’ясяю? – таксама здзівіўся Саковіч. – Спадзяюся, жывая-здаровая і вельмi чакае мяне. Але гэта нічога: чым даўжэйшае расстанне, тым саладзейшая будзе сустрэча.

Княжыча, які вырас на рыцарскіх раманах, да якіх яго заахвочваў пан Набароўскі, і на казаннях пастара Дземітровіча, у якіх той часта згадваў сёмы запавет Божы[43], такі адказ не задаволіў.

– Няўжо гэтая твая галубка прыгажэйшая за пані Марыяну, што ты галаву страціў? – спытаў ён.

– Яшчэ чаго! – Адам наўмысна паківаў галавой, каб Багуслаў пераканаўся, што яна ж такі моцна сядзіць у яго на плячах. – І побач з маёй Мар’ясяю не стаяла! Ды што зробіш, калі не магу я доўга без жаночай пяшчоты, бо няма большага задавальнення, чым лашчыць прыгожую кралечку, што палае ў тваіх абдымках, а затым – палаць і самому, дабраўшыся да самых запаветных таямніц жаночай існасці… Але што распавядаць, – спахапіўся ён. – Вось калі паспрабуеш салодзенькага, сам зразумееш.

– Няўжо гэта так прыемна? – не паверыў Багуслаў.

– Гэта найлепшае, дзеля чаго варта жыць на свеце, – упэўнена сказаў Адам і, заўважыўшы, як заблішчалі вочы ў княжыча, засмяяўся.

– Дык што, мон прэнс[44]? – прашаптаў ён на вуха Багуслава. – Знайсці для цябе дзяўчыну?

Радзівіл нядоўга вагаўся і кіўнуў на знак згоды.

Як і меркаваў пан Адам, салодкі смак граху прыйшоўся вельмі да душы Радзівілу, і некаторы час гэтыя недзіцячыя забавы заставаліся незаўважанымі. Вядома, такое шчасце доўга працягвацца не магло, і аднойчы раніцай пан Пуцята, якога нячыстая сіла ўскруціла разам з пеўнямі, убачыў дзяўчыну, якая на світанні выходзіла з княжацкай спачывальні, і падняў вялікі шум. Пад гарачую руку раз’юшанаму выхавацелю трапіў і віленскі падваявода, які прыбег на тыя крыкі.

– Гэта тваіх рук справа! – крычаў пан Самуэль, энергічна размахваючы кулакамі перад носам Саковіча, бо да гэтага часу ў сваіх лістах ніяк не мог пераканаць князя Крыштафа, што ашмянскі буян дрэнна ўплывае на яго пляменніка. – Усё князю-гетману паведамлю!

– Вось ад яго я папрокі і выслухаю, – не прамаўчаў Адам. – З дарогі, пан Пуцята!

І, адштурхнуўшы выхавацеля, зайшоў у княжацкую спачывальню, зачыніўшы дзверы перад яго носам.

– Ну і вые, – вінавата ўздыхнуў Багуслаў, які, седзячы ў ложку, трывожна прыслухваўся да праклёнаў пана Самуэля. – Пэўна, сапраўды дзядзьку наскардзіцца.

– Ды хай сабе, – абыякава махнуў рукой Саковіч. – Што яго міласць можа мне зрабіць? Горш за ўсё – з двара прагоніць. Але мне і так ужо час вяртацца дадому. Іначай уся гаспадарка пылам пойдзе і жонка ад рук адаб’ецца.

Багуслаў цяжка ўздыхнуў, але не запярэчыў.

Напярэдадні ад’езду, каб не мазоліць сабе і княжычу сэрцы ўжо сабранымі рэчамі, пан падваявода прыдумаў пацешыцца на паляванні. Яно прайшло паспяхова, таму, паслаўшы слуг са здабытай дзічынай наперад, Адам і Багуслаў вярталіся дадому павольна, атрымліваючы асалоду ад пагодлівага восеньскага дня і таварыства адзін аднаго. Невяроўскі і Стаброўскі ехалі следам, радуючыся ў думках заўтрашняму ад’езду Саковіча. Самуль выпадкова падслухаў размову пана Пуцяты з панам Набароўскім і расказаў таварышу, што пан Самуэль, які пагражаў расказаць князю Крыштафу аб амурных прыгодах Багуслава, даведаўшыся пра ад’езд Саковіча, вырашыў прамаўчаць, справядліва баючыся, што і сам атрымае за недагляд.

– Як думаеш, Ян, сказаць мне пра гэта Багуславу ці не? – спытаў ён. – Баюся, як прызнаюся, дык таго ашмянскага чорта з княжацкага двара і сам д’ябал не выпрэ.

Невяроўскі пачухаў патыліцу.

– Раскажы праз дзень ці праз два, каб яго міласць супакоіць, – вырашыў ён. – Але не раней, чым пан Саковіч адсюль з’едзе.

Так і вырашылі, і якраз своечасова, бо звярнулі на шырокі, выбрукаваны каменнем шлях, які вёў проста да замка. Багуслаў, які ехаў наперадзе, першым убачыў чалавека, што няўпэўнена цягнуўся па ўзбочыне насустрач, але раптам пахіснуўся і ўпаў. Радзівіл прышпорыў каня і, імгненна дамчаўшы да небаракі, спешыўся, каб паглядзець, што з ім. Адам пад’ехаў следам.

– Не падыходзь, твая міласць! – спалохана крыкнуў ён, першым убачыўшы выродлівыя струпы, якія пакрывалі твар і цела вандроўніка.

– Што? – не зразумеў Багуслаў, нахіляючыся да хворага.

– Не чапай яго, – паўтарыў Саковіч. – І паехалі адсюль. Хутчэй!

Радзівіл ужо і сам зразумеў, з чым сутыкнуўся, таму адразу ж ускочыў на каня і панёсся прэч, далей ад бяды.

Аднак ужо назаўтра выпадковая сустрэча дала пра сябе знаць. Раніцай Багуслаў адчуў сябе так дрэнна, што не змог устаць з ложка. Ліхаманка трэсла яго, у галава круцілася. Увесь час хацелася піць, але прынесенае спалоханым Стаброўскім пітво не гасіла жар, што палаў у целе. Нутро гарэла, ад чаго хворы неапісальна моцна пакутаваў. Пан Набароўскі, што знаўся ў медыцыне, зірнуўшы на княжыча, аж збялеў.

– Variola vera[45], – адразу вызначыў ён і, выгнаўшы слуг, забараніў ім і блізка падыходзіць да княжацкіх пакояў, дзе застаўся дзяжурыць разам з радзівілаўскім лекарам.

Назаўтра словы пана Набароўскага пацвердзіліся – на целе прынца пачалі з’яўляцца пухіры. Гэта сапраўды была воспа – люты і падступны вораг, які неміласэрна нішчыў людзей, не зважаючы на паходжанне і тытулы. Мала хто ў тыя часы здолеў пазбегнуць сустрэчы з ёй, і не ўсе з тых, хто застаўся жывы, змаглі захаваць ранейшае аблічча.

Некаторыя слугі, у тым ліку і Стаброўскі, таксама паспелі падчапіць хваробу, таму ў княжацкага лекара хапала працы. Паклікаўшы на дапамогу гарадскога эскулапа, ён увёў жорсткія меры бяспекі, каб эпідэмія не пашырылася па горадзе. Напэўна, яго распараджэнні напалохалі пана Саковіча: толькі пачуўшы пра хваробу, падкаморы ўскочыў на свайго Буцафала і паехаў прэч, нават не развітаўшыся.

Аднак Адам вярнуўся праз некалькі дзён і адразу ж прайшоў у княжацкія пакоі, дзе наткнуўся на пана Набароўскага. Той, хоць і здзівіўся яго з’яўленню, рашуча заступіў дарогу.

– Куды, дурань! – крыкнуў пан Даніэль. – Жыццём рызыкуеш.

– Не болей, чым ты сам. – Саковіч рашуча адхіліў яго рукой. – Мы разам з Богусем таго няшчаснага хворага сустрэлі, і калі хвароба мяне да гэтага часу не кранула, дык, напэўна, ужо і не прыстане. І хварэў я ўжо на гэтую заразу.

Пан Набароўскі недаверліва паглядзеў на прыгожы твар пана падваяводы, на якім не было і следу воспы, аднак прапусціў Саковіча ўсярэдзіну і сам увайшоў следам. Зірнуўшы на Багуслава, Адам закусіў вус, каб схаваць пакутлівы ўскрык: пакрыты струпамі княжыч сапраўды выглядаў жудасна. Спаў, але дыхаў цяжка, натужліва і мармытаў нешта незразумелае.

– Як ён? – ціха спытаў у выхавацеля пан падкаморы.

– Яшчэ пазаўчора меў такую страшную ліхаманку, што пастар з суседняга пакоя суткі не выходзіў, баючыся найгоршага. Цяпер лекар кажа, што крызіс ужо мінуўся. Але, – усхліпнуў пан Набароўскі, – ён быў такі прыгожы хлопчык…

– Прыгожым і застанецца, – рашуча сказаў Саковіч. – Ты б адпачыў, пане Даніэль, а я з нашым князем пабуду. Богам клянуся, вачэй не заплюшчу, – прапанаваў ён, спачувальна абняўшы за плечы знясіленага выхавацеля.

Пан Набароўскі, які ўжо ледзь стаяў на нагах, стаў горача дзякаваць.

– Вось тут дзве настойкі, – ён паказаў на стол, дзе стаялі шкляныя бутэлькі з нейкім зеллем. – Давай яму па чарзе кожную гадзіну, каб збіць ліхаманку. А я пайду пасплю трохі, а то і сябе не помню ад стомы…

Калі Багуслаў расплюшчыў вочы, то ўбачыў Саковіча, які цярпліва сядзеў ля ложка. Паспрабаваў усміхнуцца, але не змог расцягнуць распухлыя вусны.

– Што гэта ты сабе надумаў? – усё ж шапнуў ён. – Са мной сабраўся на той свет сысці?

– І сам не збіраюся, і цябе не пушчу, – сказаў Адам, радуючыся ўжо, што княжыч яго пазнаў.

Ён выцягнуў з-за пазухі збанок з нейкім цёмна-зялёным варывам.

– Цяпер ты, мон прэнс, вып’еш настойку, якую пакінуў твой эскулап, – звярнуўся Саковіч да хворага. – А потым я змажу твае болькі вось гэтай маззю. Яна выцягне хваробу навонкі лепш, чым тая чырвоная кашуля, якую на цябе надзелі[46].

Багуслаў і не думаў спрачацца, таму Саковіч хутка ўзяўся за справу. Ён ужо амаль скончыў, калі на парозе з’явіўся доктар, які, вядома, нарабіў крыку, убачыўшы такое лячэнне.

– А ты хочаш, каб ён, калі ачуняе, быў падобны да цябе? – абурыўся Саковіч. – Калі я сам воспай хварэў, мяне адна вядзьмарка з таго свету выцягнула, і, дзякуючы яе зеллю, я цяпер ад люстэрка не адварочваюся.

Лекар, чый твар быў густа пасечаны глыбокімі шнарамі, адступіўся, аднак яшчэ некалькі дзён незадаволена бурчаў, наведваючы хворага, і супакоіўся толькі калі княжычу стала значна лепш, а пухіры палопаліся, і з іх пачаў выцякаць гной. Узброіўшыся корпіяй і гарэлачнай настойкай, ён праціраў струпы, радуючыся, што тыя былі невялікія і неглыбокія. Калі лекар скончыў гэтую працэдуру, Адам, што, як на злосць, быў побач, да жаху эскулапа дастаў яшчэ адну бутэлечку і адкаркаваў яе.

– А гэта што? – княжыч зацікаўлена прынюхаўся, але тут жа скрывіўся ад невыноснага смуроду.

– Ты яго адчуваеш? – Саковіч пераможна зіркнуў на лекара, які глыбокім уздыхам прызнаў сваю паразу[47], і задаволена звярнуўся да Багуслава. – А гэтым зеллем, мон прэнс, я буду штодня мазаць твае болькі, каб хутчэй падсохлі і не пакінулі слядоў, калі адпадуць. Прыгажуном быў і ім жа застанешся, гэта я табе кажу.

Радзівіл слаба ўсміхнуўся і працягнуў прыяцелю руку, на якой таксама сям-там былі пухіры, але, абдумаўшыся, адхапіў яе. Адам накрыў яго руку сваёй далонню.

Ці то падзейнічала дзіўная мазь, ці то Багуслаў сапраўды нарадзіўся пад шчаслівай зоркай, аднак хвароба сапраўды прайшла амаль бясследна. Калі нарэшце прынеслі люстэрка, якое лекар мудра забараняў даваць хвораму да поўнага выздараўлення, Багуслаў убачыў свой прыгожы твар, на якім яшчэ дзе-нідзе відаць былі ссохлыя болькі, але і тыя, як абяцаў пан Саковіч, хутка мусілі адпасці.

Аднак, адвёўшы погляд ад люстэрка, Радзівіл аж у твары змяніўся, убачыўшы Стаброўскага. Той, таксама адужаўшы, з’явіўся яго прывітаць. Калісьці гладкі твар Самуля цяпер быў так пасечаны страшнымі слядамі хваробы, што Багуслаў адвярнуўся, каб той не ўбачыў жаху ў вачах. Стаброўскі, аднак, усё заўважыў і сумна ўсміхнуўся:

– Добра ўжо тое, што ачуняў. А твар… Я ж не дзяўчына, каб з-за прыгажосці пераймацца… Але бачу, што на тваю прыгажосць, князь, нават хвароба не адважылася паквапіцца?

– Дзе там, – Багуслаў з невыказнай удзячнасцю азірнуўся на Адама. – Калі б не пан Саковіч, былі б мы з табой, Самуль, зараз падобныя як Ромул і Рэм[48].

Слухаючы аповед князя аб цудадзейнай мазі, Стаброўскі адчуваў, як яго некалькі разоў кідала то ў жар, то ў холад.

– Чаму ж ты, пан падваявода, і мне гэтай мазі не даў? – прытворна спакойна пацікавіўся ён.

– А чаго ж ты, Самуль, загадзя не папярэдзіў мяне, што збіраешся захварэць? – скрывіўся ў адказ Саковіч. – Таго зелля, што я ад ведзьмы прывёз, на вас абодвух не хапіла б. Таму павінен быў выбіраць. Я думаю, ты пагодзішся са мной, што я зрабіў слушны выбар?

Пан Адам усміхаўся. Багуслаў не бачыў гэтай злой усмешкі, таму што не зводзіў напружанага позірку з закамянелага слугі.

– Так, – ледзь чутна прамармытаў бедны шляхціц.

А што ён яшчэ мог сказаць?

42

Абараняйся! (фр.)

43

«Не пралюбадзейнічай!» – сёмая запаведзь з дзесяці асноўных божых законаў.

44

Ад «mon рrince» – «мой князь» (фр.).

45

Чорная воспа (лац.).

46

Па народных забабонах, хворага на воспу адзявалі ў чырвоную кашулю, каб «хвароба выйшла вонкі».

47

Воспа звычайна шкодзіла слізістую абалонку носа, таму хворы губляў здольнасць адрозніваць пахі.

48

Браты-блізняты, па рымскай міфалогіі сыны Марса. Ромула лічаць заснавальнікам Рыма.

Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага

Подняться наверх