Читать книгу Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага - Ирина Даневская - Страница 4

Частка 1
НА ПРЫСТУПКАХ ТРОНА
Раздел 1
ВЯРТАННЕ ДАДОМУ

Оглавление

Гданьск – Ліхтэнберг – Вільня – Дзяляцічы

(1620–1629 гады)

3 мая 1620 года ў слаўным Гданьску, марской браме Рэчы Паспалітай, у сям’і князя з Літвы Януша Радзівіла адбылася знамянальная падзея.

– Хлопчык, ваша княжацкая міласць, – аб’явіла павітуха. Толькі прыняўшы роды, яна ўжо спяшалася перадаць дзіця шчасліваму бацьку.

– Сын! – усклікнуў князь Януш. – Сын! Спадкаемца! Дзякую богу! Здаровы? – спытаў ён, усхвалявана разглядаючы немаўля.

Нібы зразумеўшы, што гаворка пра яго, малы так гучна закрычаў, што прысутныя засмяяліся і запляскалі ў ладкі.

– Здаровы, ваша міласць, – запэўніла павітуха. – Хай падорыць яму Госпад многія лета…

– Сын, – княгіня Альжбета, адкінуўшыся на падушках, таксама слаба ўсміхнулася. Князь асцярожна паклаў дзіця побач з маці і ўдзячна пацалаваў жонку.

Радзівіл быў жанаты другі раз. Меў дваіх дзяцей у шлюбе з першай жонкай, Сафіяй Слуцкай, апошняй з роду Алелькавічаў[1]. Гэта была палымяная абаронца праваслаўя, якую простыя людзі лічылі святой яшчэ пры жыцці, а царква прызнала такой пасля смерці. Сын і дачка памерлі маленькімі, а потым, у родах, аддала богу душу і сама княгіня. Патрэба мець сына, які б успадкаваў бацькаў тытул, вядомае імя і вялізныя сямейныя даходы, змусіла князя прасіць рукі прынцэсы Альжбеты Сафіі, дачкі брандэнбургскага курфюрста Іагана Георга. Другая жонка падарыла мужу сына, які, аднак, нядоўга пражыў на гэтым свеце. Пасля нарадзіліся дзве дачкі, але жаданага спадкаемца ўсё не было.

– Нібы праклён які, – наракаў Радзівіл, молячы бога аб літасці.

І вось нарэшце малітвы былі пачутыя. Сын, нашчадак магутнага роду, яшчэ ляжаў у калысцы, а залатыя трубы на княжым гербе ўжо веставалі яму слаўнае і няпростае жыццё…

У той жа вечар адбыліся і хрэсьбіны па рэфармацкім абрадзе, бо князь Януш быў кальвіністам. Пастар Георг Паўль спытаў імя малога і вельмі здзівіўся, пачуўшы, што княжыча вырашылі назваць Багуславам.

– Незвычайнае імя для вашага роду, – сказаў ён. – Аднак хай славіць бога, які даў яму жыццё, і айцец наш нябесны будзе літасцівы да яго.

– Амінь, – сказаў князь Януш і горача перахрысціўся.

Хросным бацькам per procura[2] малога Багуслава стаў кароль Чэхіі і пфальцграф рэйнскі Фрыдрых, жанаты з дачкой англійскага караля Якава I Сцюарта Альжбетай. Малы княжыч па матчынай лініі меў сярод блізкіх родзічаў амаль усіх нямецкіх князёў і нават еўрапейскіх манархаў. Але магутныя Радзівілы, князі Свяшчэннай Рымскай імперыі, сваім багаццем маглі зраўняцца і з каралём.

Не хачу быць каралём, хачу Радзівілам, – жартавалі ў Літве. Бацька Багуслава быў не згодны. Энергічны князь падняў рокаш[3] супраць караля Жыгімонта, якога ненавідзеў за рэлігійны фанатызм і бязмежнае славалюбства, але пацярпеў паразу ў адкрытай барацьбе. Шукаючы саюзнікаў, ён звярнуў свой погляд на захад. У добраахвотным выгнанні спрабаваў стварыць агульнаеўрапейскую пратэстанцкую кааліцыю і нават набыў нямецкае графства Ліхтэнберг, каб засядаць у княжацкай радзе рэйхстага. А потым яшчэ і даслаў сватоў да дачкі курфюрста.

У Варшаве на гэтыя выбрыкі глядзелі спачатку з паблажлівай усмешкай, потым з гневам і, нарэшце, з вялікім непакоем. Князь Януш нядоўга радаваўся нараджэнню сына: падступны ўдар наёмнага забойцы асіраціў малога прынца. Пахаваўшы мужа, княгіня з дзецьмі перабралася ў Ліхтэнберг, а затым жыла пры двары брата Хрысціяна I Гагенцолерна, маркграфа Брандэнбург-Байройцкага, хоць князь Януш у сваім тастаменце і загадаў сыну да паўналецця жыць у Літве. Быў і яшчэ адзін загад у тым тастаменце, які меў вырашальнае значэнне для малога княжыча. Пасля гібелі бацькі яго лёсам і маёмасцю павінен быў займацца родны брат нябожчыка, польны гетман Вялікага Княства Літоўскага князь Крыштаф Радзівіл.

Калі Багуславу споўнілася восем гадоў, маці выйшла замуж за прынца Юлія Генрыха, сына герцага Саксэн-Лаўэнбургскага. Даведаўшыся пра гэта, князь Крыштаф даслаў паслоў з катэгарычным патрабаваннем аддаць пляменніка яму на выхаванне. Закон быў на баку апекуна, княгіня мусіла скарыцца.

22 жніўня 1628 года шыкоўны картэж, які вёз малога Радзівіла на радзіму, набліжаўся да Вільні – сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Доўгае падарожжа змучыла Багуслава, і хуткае расстанне з маці і сёстрамі Альжбетай Элеанорай і Сафіяй Агнешкай, якія суправаджалі яго ў гэтай паездцы, зусім не радавала. Княжыч змрочна разглядаў зялёныя пейзажы за акном карэты, тужліва слухаючы выхавацеля пана Даніэля Набароўскага[4]. А той ужо трэці раз апавядаў пра тое, як Лідзейка, легендарны продак Радзівілаў, параіў князю Нарымонту пабудаваць сярод балот і лясоў сваю сталіцу.

Раптам карэту так страсянула на выбоіне, што Багуслаў, падляцеўшы ўверх, балюча стукнуўся аб драўляную аканіцу.

– Ich weiß nicht, ob dieser Ratschlag wirklich gut gemeint war[5], – злосна абарваў ён выхавацеля, расціраючы пабіты лоб, дзе імгненна вырас вялізны гуз.

– Das war noch übrig, – уздыхнула княгіня. – Den Behutsamen behütet auch Gott![6]

Але пачуць гэтыя мудрыя словы Багуславу перашкодзіў гучны грукат гармат і мушкетныя салюты.

– Wie war das?[7] – устрапянуўся ён і зацікаўлена высунуўся ў акно карэты.

Уздоўж дарогі стаялі роўныя шэрагі нямецкіх пяхотнікаў і стралялі з мушкетаў, а наперадзе выступала паважная дэлегацыя ў даўгаполай мясцовай вопратцы, якая падалася княжычу нязвыклай і смешнай.

– Відаць, бурмістр і віленскія радцы, – задаволена сказала княгіня, якую ўсцешыла такая пышная сустрэча. – Гэтыя ўрачыстасці ў твой гонар, сын мой. Вунь і твой дзядзька выехаў нам насустрач.

Княжыч ужо заўважыў грознага, на выгляд яшчэ не старога мужчыну з пышнымі рудаватымі вусамі, таксама ўбранага па польскім звычаі. Мужчына стаяў паперадзе віленскіх ураднікаў разам з высокім рудавалосым хлопцам, апранутым на замежны лад.

– Ваша светласць памятае, што павінны паводзіць сябе як належыць прынцу? – хутка сказаў выхавацель, убачыўшы, што Багуслаў памкнуўся выйсці з карэты.

– Як тут забудзешся, калі ты, пан Набароўскі, пастаянна мне пра гэта нагадваеш, – рассеяна адказаў княжыч, уся ўвага якога была прыкавана да сваякоў.

Почат князя Крыштафа таксама ахапіла жывое ўзбуджэнне. Слугі ўспаміналі нябожчыка слуцкага князя і, з цікаўнасцю ўглядаючыся ў галоўную карэту з нямецкімі гербамі, услых разважалі, ці будзе яго сын падобны да бацькі. Князь гетман з паблажлівай усмешкай слухаў тыя размовы.

– Януш, я цябе прашу, – звярнуўся ён да сына, які стаяў побач. – Будзь прыязным да брата і ветлівым з нашымі сваякамі. І стрымлівай свой нораў хаця б таму, што хутка сам пойдзеш у чужыя краі, а муж княгіні, прынц Юлій Генрых, імперскі генерал, зможа паспрыяць твайму знаёмству з еўрапейскім панствам.

– Ды добра, бацька, – адазваўся малады князь, нецярпліва пераступаючы з нагі на нагу. – Хоць нам, Радзівілам, патрэбна яго пратэкцыя, як пятая нага майму жарабцу…

І, не звяртаючы ўвагі на абураны погляд бацькі, працягнуў:

– А вось нямецкім скакунам яшчэ адна пара ног была б не лішняй, бо спяшаліся сюды, нібы грэшнік у пекла, і кішкі ў маім жываце ўжо даўно марша граюць.

Тым часам карэта ганаровых гасцей спынілася, і князь Крыштаф з сынам паспяшаліся насустрач сваякам. Іх шчырыя вітанні змяніліся гучнымі салютамі і пышнымі прамовамі віленскіх радцаў. І калі бурмістр у сваіх хвалебных прамовах дайшоў да «Boguslaus Radziwil, dei gratia dux Birzarum et Dubinkorum, Sluck et Copil, Sacri Romani Imperii Princeps»[8], літоўскі гетман, выпусціўшы з абдымкаў юных прынцэс, агледзеўся вакол і, не пабачыўшы пляменніка, разгублена спытаў:

– А дзе ж Багуслаў? Дзе мой дарагі пляменнік?

– Толькі што быў тут, – разгубілася і княгіня ды таксама стала аглядацца ў пошуках сына. – Пан Набароўскі, дзе ж прынц? – звярнулася яна да выхавальніка.

Небарака, схапіўшыся за галаву, кінуўся шукаць Багуслава.

– Напэўна, выпаў па дарозе, – гучна фыркнуў Януш. – Вось бяда! Прынца згубілі!

– А не дачакаешся таго! – нечакана адказаў звонкі голас. – Я тут.

Павярнуўшы галовы, усе ўбачылі хлопчыка, які стаяў сярод нямецкіх пяхотнікаў, разглядаючы мушкет, з якога толькі што адсалютаваў нейкі жаўнер.

– Die Waffe ist gut! – пахваліў ён і, азірнуўшыся на ваяроў, дадаў ужо гучней:

– Und die Soldaten, die sind wahrscheinlich die besten in der Welt![9]

– Gott möge behüten Euer Durchlaucht![10] – дружна зараўлі тыя, і крыкі падхапіла ўся радзівілаўская чэлядзь.

– Радзівіл! – аж пляснуў у ладкі князь Крыштаф. – Наша кроў! – і ўсцешана азірнуўся на сына.

– Немец, – не змаўчаў Януш. – І мовай, і выглядам да нас не падобны.

Малады князь, вядома, меў рацыю, бо знешне Багуслаў сапраўды розніўся ад сваіх даўгатварых, высакалобых і рудавалосых сваякоў – нашчадкаў Радзівіла Рудога. Ён быў прыгажуном і ўжо добра ўсвядоміў сілу выразнага позірку сваіх бліскучых цёмных вачэй, якія мелі магічны ўплыў на нянек і выхавальнікаў. Яны не раз дапамагалі малому дамагчыся задавальнення свайго капрызу ці пазбегнуць пакарання за свавольствы. Доўгія чорныя вейкі і выгнутыя бровы надавалі эмацыйнасці адкрытаму, з лёгкім здаровым румянцам кругламу твару, якому добра пасавалі і поўныя вішнёвыя вусны, і валявое радзівілаўскае падбароддзе з характэрнай ямкай, і моцны нос. Знешне малы нагадваў нябожчыка бацьку, так што князь Крыштаф, толькі зірнуўшы на пляменніка, адчуў, як у грудзях прыемна разлілася гарачыня: ён вельмі любіў старэйшага брата, у гонар якога назваў уласнага сына, а зараз бачыў перад сабой ягонага сына. Прыжмурыўшыся ад сонца, што сляпіла вочы, той глядзеў на Крыштафа родным, ну зусім Янушавым позіркам.

Гетман хутка падхапіў прынца на рукі і лёгка, як пёрка, падкінуў.

– А што, князь, адгадаеш, хто я такі?

– Такі рыцар, як ты, пан, можа быць толькі маім дзядзькам, светлым герцагам Крыштафам Радзівілам, літоўскім фельдмаршалам, – хітравата адказаў Богусь.

– Пляменнік мой дарагі, – усцешыўся князь. – Як жа я рады цябе бачыць!

– І я рады, – запэўніў яго малы. – Толькі ведаеш што, дзядзька? Апусці мяне на зямлю, перад слугамі няёмка… Я ўжо не дзіця!

– Вядома, не, – князь з цяжкасцю надаў сабе сур’ёзны выгляд і толькі тады апусціў малога долу. – Рыцар! Сапраўдны рыцар!

Адчуўшы пад нагамі цвёрдую глебу, княжыч з палёгкай уздыхнуў і, прыбраўшы з вачэй непаслухмяныя цёмныя кучары, што лезлі на лоб, павярнуўся да брата, які стаяў побач і весела назіраў за ім.

– Ты, напэўна, мой кузэн, прынц Януш? – усміхнуўся ён. – А я Багуслаў.

– Сардэчна вітаем дома, княжа, – засмяяўся той, паціскаючы працягнутую руку. – Ты, кузэн, вялікі вырас ад нашай апошняй сустрэчы. Я цябе во такім памятаю.

І Януш паказаў рукамі памер, замалы і для нованароджанага кацяняці, бо сапраўды бачыў брата яшчэ немаўлём на пахаванні яго бацькі.

– А цяпер, бачу, ужо зусім ваяр, – працягнуў ён. – Пэўна, адразу ж паедзеш з дзядзькам на вайну шведа біць?

– Паеду, але трохі пазней, – нахмурыўся Багуслаў, бо бачыў, што кузэн смяецца з яго.

– Чаму ж? – весяліўся Януш. – Няўжо адвагі не хапае?

– Гэтага дабра досыць, займаць не трэба, – адрэзаў малы. – А вось шпага замалая. Трэба пачакаць, пакуль вырасце.

Ён выцягнуў з похваў цацачную рапіру і зноў схаваў яе.

Януш разявіў рот, а князь Крыштаф так і зарагатаў, а за ім – усе, хто быў пры гэтай размове. Багуслаў, не зразумеўшы прычыны весялосці, паціснуў плячыма і адышоў да маці і сясцёр. Насмяяўшыся, князь гетман зрабіў знак слугам, што можна ехаць. Госці і гаспадары пасядалі ў карэты і рушылі ў горад.

Багуслаў зацікаўлена разглядаў з акна карэты літоўскую сталіцу. Велізарнае прадмесце Вільні не цешыла вока багаццем і пышнасцю будынкаў. Вакол купіліся драўляныя дамкі, у якіх пад адным дахам жылі і людзі, і худоба. Старая дарога, хоць і забрукаваная, патанала ў брудзе нават такой сухатой, а смурод адкідаў з гарадскога рова адчуваўся нават у карэце. Аднак месцічы, якія сустракалі княжацкі поезд усмешкамі, цікаўнымі поглядамі і нізкімі паклонамі, усё ж развесялілі малога княжыча: новае жыццё, у рэшце рэшт, падалося яму не такім ужо змрочным…

Павярнулі на доўгую і шырокую Замкавую вуліцу, якая вяла да Верхняга замка, і нібы трапілі ў іншы свет. Раскошныя камяніцы, палацы вяльможаў, аточаныя зялёнымі садамі, нібы хваліліся адзін перад адным раскошай і багаццем.

– Тышкевічы, Трызны, Сапегі, – называў пан Набароўскі суседзяў. – Пацы, Хадкевічы, а вунь і Радзівілы.

Магутным Радзівілам належаў ладны кавалак Вільні: іх уладанні распасціраліся ад Ніжняга замка на некалькі міль уздоўж парослага хваёвым лесам левага рукава ракі Вяллі; частка Лукішак[11] з палацамі і дамамі каля Віленскай брамы, а таксама велічныя камяніцы на Татарскай, Вялікай і Замкавай вуліцах. Значная частка гэтага багацця належала асабіста Багуславу. Княжычу хацелася неадкладна агледзець свае ўладанні, асабліва раскошны палац на Антокальскіх пагорках – пазалочаныя дахі яго старадаўніх вежаў так спакусліва зіхацелі ўдалечыні. Але пан Даніэль, пачуўшы яго просьбу, толькі засмяяўся:

– Тады вашай княжацкай міласці прыйдзецца прапусціць не толькі сённяшнюю вячэру, але і некалькі наступных. Гэта справа не аднаго дня.

Багуслаў пагладзіў пусты жывот і мудра вырашыў адкласці агляд да сыцейшых часоў. А тым часам поезд павярнуў у палац князя Крыштафа, які вырашыў прымаць гасцей у сябе таму, што княгіня Лізавета з дачкамі неўзабаве павінна была вяртацца ў Саксонію, а княжыч з сённяшняга дня заставаўся ў дзядзькі.

У віленскім палацы князя Крыштафа малога Радзівіла чакала вялікае выпрабаванне: бедны княжыч, у якога даўно кішкі марша гралі ад голаду, яшчэ гадзіны дзве мусіў ветліва адказваць на вітанні шматлікіх гасцей і сваякоў. Яго разглядалі нібы цуд заморскі, а Багуслаў спрабаваць запомніць шматлікія абліччы ды імёны, якія хутка зліліся ў адно. Аднак Богусь трымаўся нязмушана і шчыра, і ніхто з найяснейшага панства нават не здагадаўся, што ў думках ён ужо не раз адпраўляў іх усіх разам і кожнага паасобку ў апраметную. Прысутныя былі ў захапленні ад малога, асабліва цётка Ганна з роду Кішак, жонка князя Крыштафа.

– Божачкі, – ускрыкнула яна, упершыню пабачыўшы пляменніка. – Які ж ты прыгажун, золатка маё. Ну далібог анёлак!

Януш, пачуўшы гэта, з’едліва фыркнуў, але, падавіўшыся слінай, натужліва закашляўся. А «анёлак», спрытна ўхіліўшыся ад цётчыных пяшчотаў, тут жа звярнуўся да выхавальніка, які за цэлы дзень набрыд яму сваімі павучаннямі:

– Чуў, пан Набароўскі, што сказала княгіня? – гучна прамовіў Богусь. – А ты мяне чарцянём клічаш.

Небарака гатовы быў скрозь зямлю праваліцца, але на яго ніхто не звяртаў увагі. Князь Крыштаф рагатаў да слёз. І Януш разам з ім. Малы «немец», як ён у думках ахрысціў Багуслава, яму ўсё ж прыйшоўся да душы. Праўда, добра паразумецца кузэнам тады не ўдалося. Шаснаццацігадовы Януш глядзеў на васьмігадовага Багуслава зверху ўніз. Да таго ж, ён дрэнна ведаў нямецкую, яшчэ горш – французскую, і не хацеў паказваць сваё невуцтва малому, які вольна балбатаў і на той, і на другой, бо на гэтых мовах размаўляў двор яго дзядзькі-маркграфа.

Хутка стрыечным братам прыйшлося развітацца – Януш ехаў вучыцца ў нямецкія і галандскія ўніверсітэты. Выпраўляючы сына ў далёкую дарогу, князь Крыштаф не ўтрымаўся ад бацькоўскіх наказаў, якія, з улікам упартага і рэзкага характару князя Януша, былі не лішнімі.

– Акрамя іншых навук, каб добра вывучыў нямецкую і французскую, – строга загадаў ён сыну. – І гэта кажу не жартам, бо імі каралеўскі двор размаўляе, таму ў Польшчы па-польску можаш і не гаварыць, калі тых моў ведаць не будзеш.

Януш неахвотна кіўнуў.

– Караля, памазанца божага, сам нідзе дрэнна не згадвай, – працягваў князь гетман. – А тых, хто будзе пры табе пра яго вялікасць казаць нешта благое, спыняй.

І, цяжка ўздыхнуўшы, дадаў:

– Словам, май розум, сынку. Ты яшчэ з хаты не з’ехаў, а нашы ворагі ў Варшаве ўжо пляткараць, што я цябе ў Францыю пасылаю, каб Гастону Арлеанскаму[12] польскую карону перадаць.

Малады князь скрыгатнуў зубамі.

– Галоўнае – з важнымі людзьмі сяброўства заводзь, – князь Крыштаф нарэшце дайшоў да галоўнага. – Асабліва з тымі, хто пратэстанцкай веры. І памятай, што наш родавы тытул князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі ў чужых землях вялікую вагу мае. Дык і паводзь сябе як належыць прынцу!.. Езуітаў сцеражыся, і асабліва арыянскіх прапаведнікаў[13], гэтыя яшчэ больш небяспечныя, чым тыя чэрці ў расах… Ну, пра гэта я сам тваім дворскім слугам скажу… І лісты пішы. Мне, маці, сястры і Багуславу. Кузэн табе цяпер памерлых братоў заменіць…

Януш, які ненавідзеў пісаць, незадаволена скрывіўся, але пад цвёрдым бацькавым позіркам паабяцаў. З тым і з’ехаў у чужыя краі.

Пасля ад’езду кузэна Багуслаў таксама меўся ўзяцца за вучобу. Але нашчадак Радзівілаў дрэнна ведаў польскую. Гэта ўгнявіла князя Крыштафа, і ён адразу ж загадаў пану Набароўскаму пазбавіцца ад «нямецкага духу», якім ад нараджэння быў аточаны княжыч.

Назаўтра пасля ад’езду маці і сясцёр у Саксонію Богусь, прачнуўшыся ранкам, знайшоў каля свайго ложка не звыклы аксамітны камзол з доўгім шэрагам срэбных гузікаў, а дзіўную даўгаполую адзежыну – такія насілі ў гэтай яшчэ чужой для яго краіне.

– Мяне тут, напэўна, дзіцём лічаць, – пакрыўдзіўся хлопец. Новы ўбор нагадаў яму доўгую дзіцячую кашульку, якую ён нядаўна насіў. – Няўжо дзядзька не заўважыў, што я ўжо штаны надзеў?

І хоць у яго новым адамашкавым даламане зашпількі былі залатыя, а не сярэбраныя, княжыч грэбліва адклаў яго ўбок і гучна паклікаў пана Набароўскага. А калі той з’явіўся, загадаў неадкладна прынесці яму звыклую вопратку. Выхавацель, які дзейнічаў па загадзе князя Крыштафа, рашуча адмовіўся.

– Вы цяпер у Літве, ваша княжацкая міласць, – сказаў ён. – А тут усе так апранаюцца.

Цёмныя вочы Багуслава дзіўна бліснулі.

– Я – не ўсе, пане Набароўскі, – з націскам сказаў княжыч. – Я – Радзівіл.

Сказаўшы так, ён спакойна лёг у ложак, апавясціўшы, што будзе там чакаць «свайго» адзення столькі часу, колькі слугам спатрэбіцца, каб яго прынесці. І як ні стараўся пан Набароўскі, уставаць княжыч адмаўляўся.

– Калі ваша княжацкая міласць слоў не разумее, дык я вазьму дубец, – урэшце не вытрымаў выхавацель. – Дзе ж гэта бачана, каб з-за такіх дурніц такую бучу падняць!

Багуслаў спадылба зірнуў на яго:

– А ты не баішся, пане Даніэлю, што калі я вырасту, дык дубец, якім пагражаеш, табе бокам выйдзе?

У Набароўскага і мову адняло. Прыйшлося небараку бегчы па дапамогу да князя Крыштафа. Той, які, як і ўсе Радзівілы, меў круты нораў. Выслухаўшы зніякавелага выхавацеля, князь гетман адправіўся ў пакой да пляменніка ўладжваць conflictus[14]. Слугі, што трапляліся на яго шляху, разбягаліся ад яго грознага выгляду.

– Ну, пляменнік! – яшчэ з парога загрымеў ён. – Ты што гэта робіш? Ды я цяпер сам за дубец вазьмуся!

– Вядома, малога сірату пакрыўдзіць лёгка, – абразіўся Богусь, усё ж асцярожна пазіраючы на грознага сваяка: а раптам сапраўды адлупцуе? – А я толькі хачу быць падобным да свайго бацькі.

– Як? – здзіўлена перапытаў князь гетман.

– Мой бацька, хоць і быў літвінам, не насіў такой вопраткі. А я ўсё ж яго сын.

Князь Крыштаф пачухаў патыліцу. Гэта была чыстая праўда. А малы ліс, адчуўшы перамогу, не замарудзіў яе замацаваць:

– Дзядзька, мы ж не будзем сварыцца з-за такой драбязы?

І, даверліва ўсміхаючыся, працягнуў рукі насустрач князю, які, вядома, адразу схапіў пляменніка ў абдымкі.

Прыйшлося гетману пасылаць у Каралявец[15] па добрага краўца, які ўмеў кроіць вопратку на нямецкі ўзор, і залічваць яшчэ аднаго немца слугою двара яго светласці прынца Радзівіла. Маршалкам[16] двара быў літвін – дасведчаны слуга радзівілаўскага дому Самуэль Пуцята. Ён павінен быў таксама займацца выхаваннем і здароўем Багуслава.

Гэтага суровага на выгляд, маладога яшчэ чалавека з кручкаватым носам, зямлістым тварам і непрыветным поглядам вострых камяніста-шэрых вачэй княжыч заўважыў яшчэ на тым першым урачыстым абедзе. Запомнілася, як Пуцята выгаворвае кухару за залішні шафран у тушанай заячыне. Моцай голасу Самуэль мог зраўняцца з самім князем-гетманам, і княжыч шчыра паспачуваў чэлядзі, якая павінна была служыць пад наглядам такога суровага пана. Цяпер жа па волі дзядзькі «суровы пан» павінен быў кіраваць яго жыццём, і Радзівілу, які пасля расстання з маці адчуваў сябе глыбока няшчасным, стала зусім маркотна. Змушана ўсміхнуўшыся, ён прывітаў новага выхавацеля, з пэўнай палёгкай заўважыўшы, што той няблага гаворыць па-нямецку.

Але на гэтым, здавалася, цноты пана Пуцяты і скончыліся. Да сваіх абавязкаў ён ставіўся залішне старанна, прыдзіркамі даводзіў слуг да слёз, усюды сунуў нос, а яшчэ (адзіны з усіх радзівілаўскіх слуг) атрымаў ад князя-гетмана права прызначаць пакаранне свайму выхаванцу.

Перш-наперш пан Самуэль знайшоў княжычу настаўніка – пастара Дземітровіча. Гэты выбар ухваліў і князь Крыштаф, які, нягледзячы на неверагодную занятасць, хацеў асабіста сачыць за выхаваннем пляменніка. Пад пільным наглядам пастара Богусь сеў за кнігі. Навукі даваліся яму лёгка – на вялікае дзядзькава здзіўленне, бо ні ён сам, ні ягоны сын не мелі да вучэння вялікай ахвоты. Назіраючы, як пляменнік упарта штудзіруе катэхізіс, літоўскі гетман, што ўсім сэрцам прыкіпеў да малога, мармытаў сам сабе:

– Нямецкая кроў, чорт яе бяры… Ці гэта ад Астрожскіх?[17] Тыя таксама любілі сляпіць вочы над прамудрымі фаліянтамі. Чуе маё сэрца, як вырасце, дык будзе яшчэ большы мудрэц за князя-канцлера Альбрэхта.

Але, скончыўшы ўрок, малы спрытна ўскокваў на падоранага дзядзькам поні ды выхопліваў з похваў цацачную шаблю або, узброіўшыся лукам, ладзіў паляванне на крумкачоў, што абсядалі радзівілаўскі дом у Даляцічах, куды княжацкі двор пераехаў з бурлівай Вільні. І гетман, пільным ваярскім вокам згледзеўшы ў пляменніку выдатныя рыцарскія здольнасці, усцешана вымаўляў:

– Радзівіл, хай там хоць што хочуць кажуць… Радзівіл!

А бяда тут як тут: у канцы 1629 года пры родах памерла княгіня Сафія Лізавета, пакінуўшы сіротамі Багуслава з сёстрамі і іх зводнага гадавалага брата Франца Германа.

Раней Багуслаў лічыў дні, пакуль зможа паехаць у Саксонію і наведаць родных. Але, пачуўшы страшную навіну, зачыніўся ў спальні, не выходзіў адтуль і не адгукаўся, нягледзячы на ўсе заклікі разгубленых слуг. На другія суткі занепакоены пан Пуцята прыдумаў залезці ў пакой праз акно, што і зрабіў, махнуўшы рукой на цырымоніі і пашану да статусу. Акно было занадта цеснае, і сытае чэрава выхавацеля засела ў ім, як добра падагнаны корак у бочцы з віном. У дадатак лесвіца, якой пан маршалак узлез, звалілася ўніз. Спалоханы чалавек завіс паміж небам і зямлёй, учапіўшыся рукамі ў раму, якая ўжо пагрозліва трашчала.

Богусь падышоў да акна, крадком выціраючы вочы рукавом кашулі. Схапіўшы за руку пана Самуэля, хлопец з вялікай цяжкасцю ўцягнуў яго ў пакой.

– Чаму ты не даеш мне спакою, пан Пуцята? – спытаў ён, калі абодва трохі аддыхаліся. – Я ж сказаў, што хачу пабыць у адзіноце.

– Не цяпер, – сказаў той. – Ваша княжацкая міласць ужо прапусцілі ўчорашнія абед і вячэру. Сёння прапусціце і сняданак, а я не магу дазволіць, каб вы зноў засталіся галодным.

Не звяртаючы ўвагі на пратэсты прынца, ён падышоў да дзвярэй, адчыніў іх і загадаў слугам неадкладна накрываць на стол.

Багуслаў паеў, але без ахвоты. Чорная меланхолія апанавала заўсёды вясёлага ды гаваркога хлопца і паглынала яго знутры, нібы полымя – сухія дровы ў шматлікіх камінах княжацкага палаца. Пан Пуцята глядзеў на гэта і ціха ўздыхаў.

– Не тое каб я асуджаў князя-гетмана, але кепска ён прыдумаў, калі асіраціў пляменніка пры жывой матцы, – сказаў ён пану Набароўскаму. – А калі збіраўся так зрабіць, дык трэба было браць яго ў Літву яшчэ немаўляткам, а не тады, калі нямецкае выхаванне дзіцяці ўжо ў душу ўрэзалася, а разлука з роднымі сэрца разбіла.

– Гэта не дзіця, а міласцівы князь Свяшчэннай Рымскай імперыі, – усміхнуўшыся, запярэчыў пан Даніэль.

– Вось і растлумач зараз «міласціваму князю», што гэтыя гучныя замежныя тытулы, перад якімі схіляецца Еўропа, тут, у Рэчы Паспалітай, нічога не вартыя, – адрэзаў Пуцята. – І што ён такі ж падданы нашага караля, як ты, я і сам князь гетман, бо толькі з каралеўскай волі булаву ў руцэ трымае… Мы, вядома, можам навучыць нашага «міласцівага князя» польскай мове, але паляка з яго ніколі не зробім.

Пан Самуэль любіў пабурчэць, але, кажучы так, ён усё ж не перашкаджаў пастару лячыць зраненую душу выхаванца гаючымі казанямі. А калі слова Божае чаканай палёгкі так і не прынесла, пан маршалак узяўся за справу сам. Не даючы княжычу ні хвіліны для суму, Пуцята займаў увесь яго час рыцарскімі забавамі і муштрой. Зразумела, што Радзівілу было не да весялосці і ўсе забавы праходзілі без патрэбнага запалу і жадання, але выхавацель не адступаўся. Прыходзіў да хлопца на досвітку, быў з ім цэлы дзень, прыдумляючы новыя і новыя заняткі, і сыходзіў, калі Богусь быў такі знясілены ад стомы, што адразу ж засынаў, ледзь галава краналася падушкі…

Час лечыць нават раны, якія здаюцца невылечнымі, і на твар Багуслава нарэшце вярнулася ўсмешка. Вядома, ён ціха абураўся чэрствасцю пана Самуэля, лічачы таго бяздушным паленам. Аднойчы, калі пан Пуцята ўзяўся распавядаць на ноч адну са сваіх доўгіх гісторый, завяршэння якіх княжычу ніколі не ўдавалася даведацца (ён засынаў раней, чым аповед падыходзіў да канца), хлопец паслухмяна заплюшчыў вочы і прыкінуўся, што спіць, каб абдумаць, як яму цяпер жыць аднаму на белым свеце. І раптам Багуслаў здзіўлена адчуў, як суровы выхавацель клапатліва папраўляе коўдру, канец якой звесіўся на падлогу, а пасля шурпатая мужчынская далонь ласкава кранулася яго валасоў.

– Спі, мой любы хлопчык, – ласкава прашаптаў пан Пуцята. – Беражы цябе Госпад і ўсе яго анёлы.

Не верачы сваім вушам, Багуслаў непрыкметна расплюшчыў адно вока і асцярожна паглядзеў на выхавацеля з-пад доўгіх веек. Здзіўлена заўважыў, што цяпер яго суровы твар быў нязвыкла мяккім, амаль пяшчотным, а любоў, якую пан Самуэль старанна хаваў ад свайго гадаванца, бо яна не ўпісвалася ў адносіны пана і слугі ды замінала выхаванню, цяпер адкрыта ззяла ў яго на твары.

– Я таксама цябе люблю, пан Пуцята, – сказаў ён нечакана для сябе.

Убачыўшы, што гадаванец не спіць, пан Самуэль аж скалануўся. Але потым яго камяніста-шэрыя вочы расчулена заблішчэлі, і, махнуўшы рукой на цырымоніі ды этыкет, ён моцна прыціснуў хлопца да сябе.

У тую ноч Багуслаў заснуў амаль шчаслівы. І хоць зранку пан Пуцята зноў узброіўся звыклай строгасцю, княжыча яна ўжо не палохала: адмычку да сэрца выхавацеля ён падабраў.

1

Княжацкі род, які паходзіў ад кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча (?–1398).

2

Праз прадстаўніка (лац.).

3

Г. зв. «Сандамірскі рокаш» (1606–1609) супраць Жыгімонта III Вазы (1566–1632), караля польскага і вялікага князя літоўскага з 1587 года, караля шведскага ў 1592–1599 гадах.

4

Даніэль Набароўскі (1573–1640) – польскі барочны паэт, лекар і сакратар князя Януша Радзівіла (1579–1620).

5

Не ведаю, ці варта было слухацца гэтай парады (ням.).

6

Гэтага яшчэ не хапала… Хто сам сябе сцеражэ, таго і бог беражэ! (ням.)

7

Што гэта было? (ням.)

8

Багуслаў Радзівіл, з ласкі божай герцаг на Біржах, Дубінках, Слуцку і Капылі, князь Свяшчэннай Рымскай імперыі (лац.).

9

Добрая зброя!.. А салдаты, напэўна, найлепшыя ў свеце! (ням.)

10

Няхай бог беражэ вашу высокасць! (ням.)

11

Віленскае прадмесце.

12

Гастон Жан Батыст Французскі, герцаг Арлеанскі (1608–1660) – малодшы сын караля Францыі Генрыха IV (1553–1610).

13

Арыяне – прыхільнікі арыянства – плыні ў хрысціянстве, якая існавала ў IV–VI стагоддзях у Александрыі. Назва вучэння паходзіць ад імені Арыя (256–336) – святара з Александрыі. У Рэчы Паспалітай у канцы XVI – першай палове XVII стагоддзя арыянства трансфармавалася ў сацыніянства (па імені філосафа Фаўста Соцына). Яго паслядоўнікі называлі сябе ўнітарыямі (лац. Unitarii) або польскімі братамі (лац. Fratres poloni), але ў народзе былі вядомыя як арыяне. Сацыніяне лічылі, што крыніцай ісціны з’яўляецца Святое Пісанне, але толькі тады, калі яно не супярэчыць розуму; адмаўлялі дагмат Тройцы, сцвярджалі, што Ісус Хрыстос быў чалавекам. Адмаўлялі існаванне першароднага граху і наогул псаванне маральнай прыроды чалавека праз грэхападзенне першых людзей; не прызнавалі сакрамантаў, малітваў за памерлых, культу святых, абразоў, адпрэчвалі ўсю знешнюю царкоўную абраднасць, шанавалі суботу.

14

Супярэчнасць (лац.).

15

Каралявец, Кёнігсберг (цяпер Калінінград) – у XVII стагоддзі сталіца Усходняй Прусіі, у 1525–1657 гадах была ў васальнай залежнасці ад Рэчы Паспалітай.

16

Гэта значыць упраўляючым двара.

17

Маці бацькі Багуслава, князя Януша Радзівіла, была Кацярына Астрожская, дачка «некаранаванага караля Русі», князя Канстанціна Васіля Астрожскага (1526–1608).

Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага

Подняться наверх