Читать книгу Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага - Ирина Даневская - Страница 11

Частка 1
НА ПРЫСТУПКАХ ТРОНА
Раздел 8
ВЯДЗЬМАРСКІЯ ЧАРЫ

Оглавление

Варшава

(май 1635 года)

– Добрай раніцы, найяснейшы пан!

Каралеўскі пасцельнічы нізка пакланіўся каралеўскаму ложку і, адсунуўшы заслону, пусціў у вочы каралю сонечнага зайчыка, які, адскочыўшы ад венецыянскага люстэрка на сцяне, весела заскакаў на пасцелі. Уладзіслаў незадаволена паморшчыўся: ці то ад яркага святла, ці ад таго, што гэтую раніцу ніяк нельга было назваць добрай. Князёўна Катарына, якая на світанні пакінула яго спальню, была не ў найлепшым настроі, бо так і не здолела атрымаць ад караля адказ на пытанне, што найбольш хвалявала і яе саму, і яе сям’ю. Сваякі сачылі за развіццём любоўнай гісторыі, якая мела яшчэ больш узвялічыць радзівілаўскі дом, і занепакоенасць іх расла.

– Мой бацька нічога не ведае пра наша каханне, але як даведаецца… я баюся і думаць пра тое, што тады будзе, – нарэшце сказала яна і, выцершы сухія вочы хусткай, знікла за дзвярыма.

Уладзіслаў мог паклясціся, што не заўважыў на яе ружовых шчоках нават найменшай слязінкі, і такія паводзіны прыгажуні яго насцярожылі. Без вялікага задавальнення думаў ён і пра тое, што з князем гетманам, які нядаўна атрымаў з каралеўскіх рук вялікую булаву, рана ці позна давядзецца высвятляць адносіны. А калі яго яшчэ падтрымае літоўскі канцлер? Гэтая думка зусім не парадавала караля, і, паснедаўшы ў адзіноце ды без апетыту, ён загадаў паклікаць польскага прымаса Яна Вэнжыка і папскага нунцыя Ганарата Вісконці, якія зранку чакалі аўдыенцыі.

Паважаныя святары прыбылі ў таварыстве каралевіча Яна Казіміра і, пакланіўшыся, пажадалі каралю добрай раніцы.

«Далося вам усім гэтае “добрай раніцы”», – змрочна падумаў Уладзіслаў, расцягнуўшы вусны ў прыязнай, на яго думку, усмешцы. Запрасіў ганаровых гасцей садзіцца, сам сеў у фатэль і з асалодай выцягнуў ногі, якія ўжо зачапіла падагра.

Кароль не чакаў ад просьбітаў нічога добрага і не памыліўся. Выслухоўваючы звыклыя скаргі на вераадступнікаў, якія «непазбежна навядуць на Рэч Паспалітую гнеў Гасподні», і перш за ўсё на тое, што аддаў вялікую булаву ерэтыку Радзівілу, Уладзіслаў скрушна хітаў галавой. І адначасова забаўляў сябе, назіраючы за жоўтай канарэйкай, якая весела спявала ў клетцы. Птушачку ён хацеў падарыць Ядвізе Лушкоўскай, але з таго часу, як у яго жыццё бы вясновы вецер уварвалася залатакосая Радзівілаўна, звонкагалосая шчабятуха так і жыла ў яго пакоях. Але віск польскага прымаса заглушыў яе спеў, і Уладзіслаў засцерагальна ўзняў руку, папярэджваючы Вэнжыка, каб сачыў за выразамі.

– Булаву я аддаў не ерэтыку, а таленавітаму палкаводцу, паслуг якога ў блізкай вайне са шведамі Рэч Паспалітая вельмі патрабуе, – заявіў ён. – Больш тут казаць няма пра што.

– А можа, будучаму цесцю? – умяшаўся Ян Казімір.

Пасля гэтых слоў прадстаўнікі духавенства так і ўпіліся вачыма ў караля. Той нахмурыўся.

– Я яшчэ не вырашыў…

– Вырашаць і без цябе.

Сказаўшы так, каралевіч працягнуў каралю старажытны памфлет, дзе апісваліся асаблівасці заключэння шлюбу Барбары Радзівілаўны з каралём Жыгімонтам Аўгустам. Уладзіслаў узяў яго і пачаў услых чытаць:

– «…у рэшце рэшт, Радзівілы, пераканаўшыся, што залатая птушка цяпер у іх руках, запатрабавалі ў караля прысягу, што ён адступіцца ад іх сястры і не зганьбіць гонар іх Дому. Калі Жыгімонт, забыўшыся пра абяцанне, усё ж наведаў Барбару, Руды і Чорны Мікалаі[54] гвалтам уварваліся ў сястрынскі пакой і, пагражаючы свайму Пану, сталі патрабаваць у яго адказу, чаму той не стрымаў свайго каралеўскага слова. Тут з’явіўся і ксёндз, у прысутнасці якога Жыгімонт мусіў ажаніцца з вялікай блудніцай…»

Уладзіслаў гнеўна скамячыў памфлет і раздражнёна павярнуўся да брата.

– Гэта што за брыдота?

У сэрцах хацеў кінуць паперку ў агонь, але невядома чаму перадумаў і, заціснуўшы ў руцэ, стаў нервова размахваць ёю ва ўсе бакі.

– Ваша вялікасць павінен разумець, што амуры з дачкой Радзівіла могуць дорага абысціся Кароне, – пачаў казаць Вісконці. – Князь гетман ужо ўголас кажа пра тое, што яго дачка будзе каралевай Польшчы. Вымушаны папярэдзіць вашу вялікасць, што Папа не дасць блаславення на гэты шлюб.

– Князь Крыштаф – добры чалавек, але веры злой, – падтрымаў яго Вэнжык. – І наверх не сам пойдзе, а ўсё сваё ерэтычнае кодла за сабой пацягне…

Уладзіслаў іх не слухаў. Задраўшы галаву ўверх, ён разглядаў размаляваную столь. Там, на верхнім паверсе, былі пакоі Ядвігі Лушкоўскай. Ужо некалькі разоў ён парываўся выбрацца з учэпістых абдымкаў Катарыны, каб наведаць палюбоўніцу, але спакуслівая ўсмешка прыгажуні князёўны і яе прывабнае цела, якім ён яшчэ не паспеў насыціцца, стрымлівалі. У гэты момант каралю так захацелася апынуцца ў гарачых абдымках Ядвігі, дзе не было месца ні брудным інтрыгам, ні палітыцы, што ён з цяжкасцю стрымаў сябе і зараз жа краем вуха пачуў злое шыпенне ў сябе за спінай:

– Ці ж яна цябе любіць? Або тую карону, якую хоча надзець?

Гэта сказаў Ян Казімір. Уладзіслаў міжволі задумаўся. Канарэйка, што да гэтага часу весела скакала ў клетцы, нечакана застыла і, пільна зірнуўшы на манарха бліскучымі чорнымі вочкамі, цырыкнула, нібы кажучы: «Мяне злыя людзі супраць маёй волі злавілі і пасадзілі за краты. А ты, дурань, сам у пастку лезеш?»

– Добра, – сказаў кароль нейкім чужым голасам. – Я падумаю…

Пакуль у каралеўскіх пакоях ішла гэтая нарада, Ядвіга Лушкоўская са служанкай перабірала свае рэчы.

– Дурніца! Ну і дурніца безгаловая! – у сэрцах напусцілася яна на дзяўчыну, якая прыдумала запхнуць брудную бялізну паміж свежых кашуль з тонкага галандскага палатна. – Пайшла прэч, гультайка!

Дзяўчына пакорліва пайшла да дзвярэй, але на паўдарозе спынілася.

– Можа, прыбраць у вас, пані? – нясмела спытала яна. – Раптам кароль зойдзе…

Ёй не трэба было нагадваць знерваванай жанчыне пра няшчасце, таму што Ядвіга, ускочыўшы на ногі, шпурнула ёй у твар жмут брудных рэчаў.

– Прэч! І забяры гэта…

Схапіўшы вузел, дзяўчына выскачыла за дзверы, а Лушкоўская ўслых зарыдала.

«Што са мной адбываецца? – адчайна падумала яна. – Прыбрацца? Чаму б і не… Калі кароль з’явіцца, каб прагнаць мяне з палаца, як ужо выгнаў са свайго сэрца, хай лепш застане мяне прыгажуняй…»

Яна ліхаманкава схапіла люстэрка і пачала разглядаць сваё прыгожае, хоць і распухлае ад слёз аблічча.

– Арышка! – паклікала яна, і калі дзяўчына з’явілася на парозе, загадала, каб тая прынесла вады памыцца.

Прыбраўшыся, Ядвіга нейкі час нерухома сядзела сярод яшчэ раскрытых скрынь з адзеннем. Выцягнула французскую сукенку з чырвонага атласу, якую так любіў кароль, і, уздыхнуўшы, засунула яе назад у куфар.

– Трэба было быць больш ашчаднаю, – прамармытала яна. – Куды цяпер гэта надзенеш? Хіба што замятаць доўгім падолам львоўскія вуліцы…

Ядвіга цяжка ўздыхнула. Ужо не магла ліць слёзы і скардзіцца на сваю долю, што дала ёй нарадзіцца простай мяшчанкай, ды, на жаль, уклала ў грудзі вялікае пяшчотнае сэрца, поўнае любові да яго – караля, якога павінна была любіць як свайго гаспадара, а кахала як мужчыну. Не магла нават ненавідзець саперніцу – занадта вялікая прорва падзяляла іх – найяснейшую князёўну, амаль каралеву, і простую львоўскую мяшчанку, якая з каралеўскіх пакояў павінна была вярнуцца да ранейшага жыцця на плошчы Рынак. Кранула рукой карáлі на шыі, якія атрымала ад Уладзіслава, і залілася слязьмі, успомніўшы, як яго рукі перабіралі гэты жэмчуг…

Голас, які б яна пазнала і ў гандлёвы дзень на рынкавым пляцы, прымусіў яе ўскочыць. Ліхаманкава выцерла слёзы і ўпілася поўнымі надзеі вачыма ў прасвет дзвярэй, дзе ўжо з’явіўся кароль.

Зірнуўшы ў яе гарачыя чорныя вочы, што, як пляткарылі людзі, былі надзелены вядзьмарскай сілай, Уладзіслаў аж затросся ад гарачага жадання, якім палала ўсё ягонае цела. Нібы не было гэтых тыдняў расстання – перад ім стаяла яго Ядвіга, а вобраз такой дарагой яшчэ раніцай Катарыны, што на імгненне вынырнуў у яго свядомасці, імгненна растаў. Ён раўнівым поглядам агледзеў святочна прыбраную палюбоўніцу.

– Куды гэта ты сабралася? – незадаволена спытаў ён. – Ці… Нехта тут бывае ў маю адсутнасць?

Пры гэтых словах жанчына, што ўжо збіралася прасіць свайго ўладара, каб злітаваўся і не праганяў ад сябе, перадумала ўчыняць такое глупства.

– Хіба найяснейшаму каралю не ўсё адно? – чароўна павяла яна брывом і, апусціўшы вочы, напусціла на шчокі сарамлівую чырвань.

Каралю не было ўсё адно. Ён ужо заўважыў раскрытыя скрыні з адзеннем і не сумняваўся, што пакрыўджаная яго паводзінамі Ядвіжка сабралася з’язджаць. Пачалася сварка. З учарашняй простай мяшчанкай, якой ён сваёй воляй надаў шляхецтва, можна было не цырымоніцца, і абураны Уладзіслаў роў на ўвесь палац, найменш нагадваючы закаханага мужчыну, а найбольш – скнару, які зразумеў, што вось-вось страціць свой самы каштоўны скарб. Супакоіўся ён толькі тады, калі з вачэй маладой жанчыны пырснулі слёзы і яна паклялася, што нікога, акрамя свайго ўладара, не ведае і ведаць не хоча, што кахае толькі яго, а ён… а ён…

Бурлівая сварка скончылася бурлівым прымірэннем.

– А князёўна? – нарэшце наважылася спытаць Ядвіга, калі стомленаму і задаволенаму Уладзіславу, які супакоена расцягнуўся побач з ёй у ложку, ужо не было справы ні да Катарыны, ні да чаго на свеце.

– Ёй толькі карона ў галаве, – буркнуў кароль і, запусціўшы руку ў густыя чорныя валасы палюбоўніцы, прыцягнуў яе галаву да сябе. – А ты? – спытаў ён, пільна ўзіраючыся ёй у вочы. – Табе што ад мяне трэба?

– Толькі каханне, мой найяснейшы пан, – хутка адказала Лушкоўская, добра ведаючы, што, у адрозненне ад сваёй высакароднай саперніцы, пра шлюб і марыць не можа. – Толькі б ты мяне кахаў… Мяне і наша дзіця…

Захоплены знянацку гэтай весткай, кароль спачатку разгубіўся, а потым, развесяліўшыся, схапіў палюбоўніцу на рукі і закруціў яе ў нейкім мудрагелістым танцы.

– Пусці, пусці, – шчасліва смяялася Ядвіга. – Ой, у галаве закруцілася…

Спахапіўшыся, Уладзіслаў асцярожна паставіў жанчыну на падлогу. Сам апусціўся на калені, нібы перад Найсвяцейшай Паннай, і прыціснуў вуха да яе жывата, дзе яшчэ нячутна білася сэрца новага жыцця.

А ўжо ўвечары, супакоіўшы плоць, ён з яснай галавой змог зазірнуць у ледзяныя вочы Катарыны, якой (ох, гэтыя здрадлівыя слугі!), канечне, ужо было вядома, дзе найяснейшы пан сёння займаўся дзяржаўнымі справамі, і адказаць на яе горкі папрок пра тое, што жыве ў граху:

– У граху? Для некаторых гэты грэх з’яўляецца найвялікшым шчасцем…

Радзівілаўна выйшла з каралеўскіх пакояў, так высока падняўшы галаву, нібы хацела дастаць носам да столі. Слугі, якія яшчэ не ведалі пра яе бяду, лісліва кланяліся, але Катарыне, што ледзь стрымлівала рыданні, здавалася, што не толькі яны, але і сцены палаца насмешліва пазіраюць ёй услед каменнымі вачыма…

Дабраўшыся дадому, дзяўчына зайшла ў спальню і, упаўшы на ложак, затуліла твар рукамі. Слёз ужо не было. Толькі шчокі палалі агнём.

– Сястра?

Януш, якому паведамілі пра вяртанне князёўны, сэрцам адчуўшы бяду, кінуўся да яе ложка. Прысеўшы побач, спалохана дакрануўся да яе ілба.

– Ты захварэла?

Катарына моўчкі хітнула галавой – ці то запярэчваючы, ці то праганяючы брата. Не хацела нікога бачыць, не хацела ні з кім гаварыць. Князь, чыя галава была занятая амбітнымі намерамі, вядома, гэтага не зразумеў.

– Чаму не засталася ў палацы… з каралём?

Князёўна рэзка паднялася.

– Я здаровая, – холадна паведаміла яна. – А з каралём не засталася, бо ён загадаў мне паехаць дамоў… клапаціўся пра мой гонар. Спахапіўся!

Яна голасна засмяялася, але ўжо праз імгненне рогат абарваўся жаласным хліпаннем.

– Дачушка?

Убачыўшы бацьку, Катарына працягнула да яго руку, як ахвяра, якая кідае выклік кáту.

– Не хачу цябе бачыць! – крыкнула яна. – Гэта ўсё ты… ты… Карону мне абяцаў!

Ад рыданняў ужо не магла гаварыць і, схаваўшы твар між падушак, затрэслася, як у ліхаманцы. Князь Крыштаф стаяў, як удараны громам. Апамятаўшыся, загадаў слугам прынесці вады і прымусіў дачку зрабіць глыток. Хацеў абняць, але яна вырвалася і, забіўшыся ў кут, як загнаны звярок, так паглядзела на яго, што гетман апусціў вочы.

– Касенька, – Януш адсунуў князя і, узяўшы сястру за дрыготкія плечы, сілай прыціснуў яе да грудзей, спрабуючы супакоіць. – Клянуся, я казаў бацьку, што яго задума дрэнна скончыцца, але хіба ён паслухаецца…

Януш з неапісальным дакорам паглядзеў на князя Крыштафа.

– Уся Варшава… увесь белы свет… – усхліпвала князёўна. – Такая ганьба…

Гетман працягваў адмоўчвацца. Катарына патроху супакойвалася, але яшчэ дрыжала ад перажытага няшчасця і прыніжэння.

– Можа, лекара? – асцярожна прапанаваў Януш.

– Лекара? – князь Крыштаф цяжка ўздыхнуў і, з сумневам зірнуўшы на дачку, сказаў:

– А лекара… пакліч. Толькі не майго, а каралеўскага! Хай слугі скажуць у палацы, што князёўна захварэла.

– Гэта нічога не зменіць, – адгукнулася Катарына. – Калі каралю не патрэбна я сама, то да маёй «хваробы» яму тым больш справы няма!

Але бацька ведаў, што рабіў. Мацей Ворбек-Летаў, якога князь Крыштаф парэкамендаваў на каралеўскую службу, раней ледзь не дванаццаць гадоў быў яго асабістым лекарам, а цяпер служыў радзівілаўскім агентам пры каралеўскім двары, дакладваючы гетману падрабязнасці жыцця караля.

Мацей з’явіўся вельмі хутка. Такое стараннае выкананне гетманскіх даручэнняў добра сведчыла аб тым, хто быў яго сапраўдным гаспадаром. Занепакоена прыклаўшы вуха да грудзей князёўны, паслухаў сэрца і, адпусціўшы яе бледную, аж празрыстую руку, дзе роўна чуўся пульс, аўтарытэтна сказаў:

– Hysterica…[55] Я зраблю ятную настойку, каб цалкам супакоілася, і макавы адвар, каб салодка спала. Заўтра і следу не застанецца ад гэтай хваробы!

Пакуль лекар мітусіўся каля Катарыны, князь Крыштаф не перашкаджаў яму рабіць сваю справу, але калі дачка супакоілася, паклікаў у вітальню і зладзіў суровы допыт.

– Якая муха ўкусіла караля? – спытаў ён. – З кім сёння бачыўся, пра што гаварыў?

– Раніцай у яго былі прымас з папскім легатам, – паведаміў лекар. – Пра што гаварылі, не ведаю…

– Затое я ведаю, – князь Крыштаф нервова захадзіў па пакоі. – Адгаворвалі ад шлюбу з ерэтычкай… І такі ўгаварылі! Беднае маё дзіця…

Ён змоўк, абхапіўшы галаву. Лекар крыху пачакаў, пакуль гетман супакоіцца, а потым асцярожна дадаў:

– Потым кароль пайшоў да той львоўскай шлёндры і заставаўся ў яе пакоях да вечара…

Гэтага не варта было казаць, таму што Радзівіл, абражаны тым, што Уладзіслаў прамяняў яго дачку на нейкую мяшчанку, разышоўся не на жарт. Забыўшыся пра асцярожнасць, так лаяў караля і Лушкоўскую, што нават звыклы да моцнага слоўца Ворбек-Летаў чырванеў, як дзяўчына. Спыніўся князь толькі тады, калі ў грудзях па-здрадніцку кальнула. Убачыўшы, як скрывіўся ад болю твар высакароднага пацыента, лекар заклапочана схапіў пад руку гетмана, што, сагнуўшыся ў тры пагібелі, трымаўся за грудзі, і асцярожна падвёў да крэсла.

– Хіба так можна, найяснейшы князь, – выгаворваў ён Радзівілу. – Здароўе адно, яго трэба берагчы. А што да помсты…

Гетман апамятаўся і цярпліва чакаў, пакуль лекар, які хутка падбег да сваёй скрыні, адмерыць яму патрэбную дозу валяр’янавага экстракту.

– Якая там помста, – уздыхнуў ён, глытаючы лекі. – Калі вайна са шведам на носе…

Калі прыступ хваробы і роспачы прайшоў, князь Крыштаф, добра аддзячыўшы Мацею за лячэнне і карысныя звесткі, адправіў яго ў палац, а сам цяжкай хадой прайшоў у спальню Катарыны. Януш яшчэ сядзеў пры сястры і, убачыўшы бацьку, перасцерагальна прыклаў палец да вуснаў: «Тс-с-с!» Князь Крыштаф жэстам паказаў сыну, каб не турбаваўся, і на дыбачках асцярожна падышоў да ложка. Дачка спакойна спала. Прыслухаўшыся да роўнага дыхання, гетман з палёгкай уздыхнуў і, клапатліва паправіўшы коўдру, што збілася набок, далікатна крануўся вуснамі яе ілба.

– Я вельмi шкадую, дачушка, – са скрухай сказаў ён. – Тая праклятая карона не вартая тваіх слёз.

54

Мікалай Радзівіл па мянушцы Руды (1512–1584) – брат каралевы Барбары Радзівіл, падчашы літоўскі ў 1544–1551 гадах, лоўчы літоўскі ў 1546–1554 гадах, ваявода троцкі ў 1550–1566 гадах і віленскі ў 1566–1584 гадах, вялікі гетман літоўскі ў 1553–1566 гадах і з 1577 года, вялікі канцлер літоўскі ў 1566–1584 гадах. Яго стрыечны брат Мікалай Крыштаф Радзівіл па мяшушцы Чорны (1515–1565) быў маршалкам, вялікім канцлерам літоўскім, віленскім ваяводам.

55

Нервовая хвароба (лац.).

Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага

Подняться наверх