Читать книгу Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага - Ирина Даневская - Страница 9
Частка 1
НА ПРЫСТУПКАХ ТРОНА
Раздел 6
ЛЕЎ У ЛЬВОВЕ
ОглавлениеЛьвоў – Варшава
(верасень – лістапад 1634 года)
Па заканчэнні трыумфальнай Смаленскай кампаніі кароль Уладзіслаў абвясціў аб падрыхтоўцы да вайны з туркамі і склікаў паспалітае рушанне, якое павінна было сабрацца пад Львовам. Прыезд суверэна не мог не выклікаць усеагульнай радасці, якую гарадскі магістрат з усяе сілы дэманстраваў пасланцам манарха, прадбачліва камандзіраваным яго вялікасцю, каб папярэдзіць каралеўскі горад аб знамянальнай падзеі. Але для ўважлівых вачэй усе гэтыя ўсмешкі «ад вуха да вуха» хутчэй нагадвалі журботныя грымасы, і толькі за ганцамі зачыніліся дзверы, як гарадская ратуша поўнілася гучнымі ўздыхамі і бедаваннем, пакуль падлічваліся выдаткі на будучыя ўрачыстасці. Падбіўшы каштарыс, паны радцы яшчэ доўга грызліся з яўрэйскім кагалам, старшыні якога сумняваліся ў справядлівасці размеркавання складчыны. Але ўрэшце памірыліся: плаціць так ці інакш даводзілася ўсім. Магістрат засеў за вырашэнне не менш важных і надзённых пытанняў. Найважнейшым і самым балючым з іх быў клопат, дзе б размясціць караля, прынцаў і мноства вяльможных паноў з каралеўскай світы. Ніжні замак, каралеўская рэзідэнцыя, ужо невядома колькі часу не рамантаваўся, і быў у такім вартым жалю стане, што мог служыць хіба стайняй для коней найяснейшага панства. І хоць некаторыя паважныя месцічы горача пераконвалі, што, як след прыбраўшы, трохі падрыхтаваўшы ды прыкрыўшы аблупленыя сцены габеленамі, будынку можна было надаць амаль прыстойны выгляд, каралеўскі кватармайстар, агледзеўшы замак, рашуча адхіліў гэтую прапанову. Бо сцены яшчэ сяк-так можна было давесці да ладу, але пазбавіцца жахлівага гнілога смуроду ракі Полтвы, у якую стагоддзямі зліваўся ўвесь гарадскі бруд, было немагчыма. Палац арцыбіскупа палац якраз рамантаваўся і фактычна ляжаў у руінах. Адзіным выйсцем было пасяліць ганаровых гасцей у самых багатых камяніцах на плошчы Рынак, што дазваляла ашчадзіць на аздабленні пакояў, бо Карнякты, Шамбекі і Бернатовічы, на дамы якіх упаў выбар, славіліся сваёй любоўю да раскошы. Да таго ж іх будынкі стаялі побач, і, спехам прабіўшы ўнутраныя дзверы, прадпрымальныя радцы ператварылі іх у адну вялікую рэзідэнцыю, годную караля і яго братоў – Яна Казіміра і каралевіча Аляксандра. Вяльможныя паны павінны былі размясціцца ў камяніцах іншых паважаных месцічаў, а астатнім прыйшлося кватараваць у Ніжнім замку, дзе кожны мог у поўнай меры адвесці душу, праклінаючы і гарадскую каналізацыю пад сценамі, і мясцовы гарнізон, што дзесяцігоддзямі прывык спраўляць свае натуральныя патрэбы ў вежах палаца.
Гарадскі кат, які наглядаў яшчэ і за прыборкай вуліц, нарэшце ўзяўся выконваць і гэтыя свае абавязкі, што трохі не вязаліся са звыклым уяўленнем пра яго паважнае рамяство, узяўшы сабе ў помач зняволеных і салдатаў. Месцічы ліхаманкава хавалі жывёлу ў хлявах, каб не гадзіла на толькі што вычышчаных вуліцах і не псавала сваім іржаннем, рыканнем, бляяннем ды рохканнем агульны святочны настрой. Сумеснымі намаганнямі старажытны горад нібы зноў на свет нарадзіўся. Упрыгожаны харугвамі, святочнымі аркамі, папяровымі гірляндамі і, галоўнае, шчырымі ўсмешкамі жыхароў, ён быў гатовы сустрэць свайго ўладара.
26 верасня 1634 года апоўдні кароль меўся ўрачыста ўехаць у Львоў, і ўжо з раніцы вакол галоўных варот просты люд і радцы магістрата чакалі прыбыцця гаспадара. Салідныя месцічы займалі месцы на шляху каралеўскага картэжу, а самыя салідныя абляпілі вокны дамоў на самой плошчы Рынак, дзе мелася адбыцца кульмінацыя святочнай дзеі.
Каля акна адной з камяніц, з якога звісала гіганцкая чырвоная харугва з вышытым белым арлом, сядзелі дзве жанчыны. Нягледзячы на свята, старэйшая была ў простай чорнай удовінай адзежы, а малодшая – у святочнай сукенцы, пашытай з недарагога жоўтага камлоту, які так любілі насіць людзі сярэдняга дастатку, і ў сіняй палярыне, падбітай лісіным футрам. Тонкую шыю абвівалі дзве ніткі фальшывых жамчужын, на вырабе якіх набілі руку мясцовыя ўмельцы, выкарыстоўваючы для гэтага шкляныя шарыкі, пакрытыя клейкай сумессю з экстрактам рыбінай лускі. Але ў гэтай сціплай абгортцы хавалася цудоўная дзявочая прыгажосць, на якую захоплена глядзелі і сталыя мужчыны з пышнымі бародамі, і бязвусыя юнакі. Пэўнае знешняе падабенства жанчын сведчыла аб тым, што гэта былі маці і дачка. Нягледзячы на агульны святочны настрой, размова, якую яны ціха вялі між сабой, была невясёлая. Сабраўшы разам урыўкі іх фразаў, старонні слухач мог бы зразумець, што жанчыны знаходзяцца ў цяжкім становішчы пасля смерці іх мужа і бацькі – львоўскага купца Лушкоўскага.
⁂
Небарака Ян Лушкоўскі яшчэ за год да смерці быў паважаным купцом. Вазіў сукно з Гданьска, перапрадаваў яго ў Львове і ў меншых гарадах, дзе яно мела добры попыт. Гэтая праца дала яму магчымасць сабраць сякі-такі капіталец, набыць частку дома на плошчы Рынак, заняць пасаду гарадскога радцы і нават увайсці ў львоўскую Калегію сарака мужоў[49]. Гэта аднак, быў канец паспяховай кар’еры Лушкоўскага, бо аднойчы вялікая партыя тканін, якую ён прывёз для продажу ў Яраслаўль, згарэла на гарадскім рынку падчас пажару. Тавар быў набыты ў складчыну са львоўскім купцом Брыннікам, і той, вядома, запатрабаваў у былога таварыша, які адразу ператварыўся ў ворага, кампенсаваць страты. Лушкоўскі не змог гэтага зрабіць, і суд абвясціў яго банкрутам, пазбавіўшы добрага імя і рэпутацыі. Гандлёвы люд, які больш за ўсё цэніць і першае, і другое, ужо не хацеў мець з бедаком супольных спраў. У дадатак, усе гандлёвыя галеры, якімі Лушкоўскі плаваў па Вісле ў Гданьск, адной сатанінскай ноччу пайшлі на дно. Такім чынам, няшчасны пазбавіўся не толькі ўсёй маёмасці, але і сродкаў, з дапамогай якіх ён яшчэ мог неяк паправіць сваё становішча. Гора яго зламала, і небарака развітаўся з жыццём, пакінуўшы ўдавой жонку Ганну і сіратой дачку Ядвігу.
Як заўсёды бывае ў гэтым жорсткім свеце, адразу знайшлося нямала ахвотных пагрэць рукі на чужым горы. Удаву пачалі цягаць па судах, патрабуючы сплаціць пазыкі мужа, і, у рэшце рэшт, адправілі ў гарадскую турму. Наўрад ці няшчасная змагла б выйсці на волю, каб не таварыш яе нябожчыка мужа – львоўскі праўнік, доктар Павел Дамінік Гэрпер. Ён быў апекуном Ядвіжкі, але злыя языкі лічылі яго палюбоўнікам дзяўчыны (залётнікаў у яе не бракавала). Незадоўга да каралеўскага прыезду ён выцягнуў Ганну з турмы, але паколькі пазыкі ўсё ж трэба было неяк плаціць, параіў жанчыне шукаць абароны ў караля і нават узяўся дапамагчы ёй дамагчыся каралеўскай аўдыенцыі. Вакол гэтага і круціліся ўсе надзеі ўдавы і яе дачкі. Яны добра разумелі, што ад каралеўскай міласці залежала іх будучыня.
Гадзіннік на гарадской ратушы даўно прабіў дзве гадзіны дня, а каралеўскі поезд так і не з’явіўся. Разявакі, што таўкліся пад домам Лушкоўскіх, з такой аказіі нудзіліся і бавіліся размовамі.
– Мая Арышка прасілася на каралеўскі почат хоць з акна паглядзець, але я яе, лярву, зачыніў у склепе, і будзе сядзець там, пакуль паны не з’едуць са Львова, – казаў нейкі таўстун, радуючыся ўласнай вынаходлівасці. – Бо вяльможныя паны напэўна захочуць узнагародзіць сябе за ваенныя нягоды не так добрымі стравамі і моцнымі напоямі, як жаночымі ласкамі.
– Але ж на вачах гаспадара, напэўна, не рашацца паводзіць сябе непрыстойна? – непакоіліся яго суседзі, бо добра ведалі шляхецкія звычаі, ад якіх заўсёды пакутавалі добрапрыстойныя месцічы.
Таўстун усміхнуўся ў пышныя вусы, пагладзіў бараду і, сцішыўшы голас, сказаў:
– Але наш кароль, хай Госпад дае яму здароўе, будзе наперадзе ўсіх, бо вельмі ўжо ласы да амурных уцех.
– Ці ж варта пра такое мянціць языком? – пачулася асуджальнае шыпенне. – Яшчэ і пра нашага Пана…
Мужчына паціснуў плячыма.
– Я што, я магу і прамаўчаць, – няспешна прамовіў ён. – А вось уся Варшава гудзе, што другога такога пахабніка свет не бачыў.
Ядвіжка, пачуўшы гэта, пачырванела, а маці пільна паглядзела на яе.
– Чуеш, дачка? – спытала яна.
– Ды чую… – уздыхнула дзяўчына.
Рык трубы з вежы гарадской ратушы заглушыў яе словы. Натоўп страпянуўся, і хтосьці закрычаў, не шкадуючы горла: «Едуць! Едуць!»
Да горада нарэшце набліжаўся каралеўскі поезд.
⁂
Гадзіннік на ратушы адбіваў чацвертую гадзіну, калі каралеўская карэта, прайшоўшы галоўную львоўскую браму, спынілася. Бурмістр Мацей Гэйдар, што трымаў у руках хлеб і соль, і гарадскія радцы, сярод якіх быў і Гэрпер, нізка схіліліся перад уладаром, які выйшаў з карэты ім насустрач.
Трыццацідзевяцігадовы кароль Уладзіслаў быў мужчынам у росквіце сіл. Ён не быў прыгажуном, але меў прыемны твар, які рабіўся яшчэ больш прывабным пад уплывам прыроджанай ветлівасці, і моцнае цела, якое яшчэ не расплылося ад добрай ежы, віна і хвароб, што, тым не менш, ужо пачыналі яго дапякаць. Славіўся добрым сэрцам, шчодрасцю і нават марнатраўствам, бо заўсёды адорваў людзей, якія змаглі дамагчыся яго ласкі. Перш за ўсё гэта тычылася каралеўскага любімца Адама Казаноўскага, магутная постаць якога і цяпер віднелася за каралеўскай спінай. Ён здолеў выцыганіць ва Уладзіслава самы раскошны ва ўсёй Рэчы Паспалітай палац, які кароль Жыгімонт пабудаваў для свайго пераемніка, і гэты ўчынак любімага сына мала не звёў ашчадлівага бацьку заўчасна ў магілу. Утрымліваў кароль і шматлікіх жанчын, да якіх меў вялікую ахвоту і занадта мала сапраўднай душэўнай прыхільнасці, якую звычайна называюць каханнем. Часам амур трапляў сваёй стралой у ганарлівае сэрца польскага ўладара, аднак усе яго любоўныя прыгоды былі кароткачасовымі і мелі нешчаслівы канец. Сэрца караля да гэтага часу поўнілася сумам ад згадак пра рудавалосую прыгажуню Катарыну. Пра сястру яму не стамляўся нагадваць Януш Радзівіл, што пасля смаленскага паходу трапіў у найбліжэйшае атачэнне манарха.
Выслухаўшы задоўгія вітанні бурмістра, Уладзіслаў міласціва пакаштаваў хлеб і прыняў перавітыя каштоўнымі шнурамі пазалочаныя ключы ад горада, пададзеныя яму на падушцы з барвовага адамашку. Разам грымнулі гарматы на гарадскіх валах і радасна зазвінелі званы шматлікіх львоўскіх храмаў усіх канфесій. Уладзіслаў сеў на насілкі пад разлеглым чырвоным балдахінам, упрыгожаным гербам дынастыі Ваза і белым польскім арлом. Насілкі атачыла каралеўская гвардыя, і працэсія пад бой барабанаў і гукі сурмаў пацягнулася на плошчу Рынак, дзе яе сустрэў урачыстай музыкай гарадскі аркестр. Праехалі пад пастаўленай да прыезду караля трыумфальнай аркай. Яе ўпрыгожвалі пазалочаныя і пасярэбраныя гербы каронных ваяводстваў на чале з гербам дынастыі Ваза і белым арлом Рэчы Паспалітай. Тамсама былі намаляваныя і падзеі пераможнай Смаленскай вайны. Пасля кароль са світай накіраваўся ў сабор, дзе праслухаў урачыстую імшу. На гэтым святкаванне скончылася, і Уладзіслаў, змучаны доўгай дарогай, заехаў у прыгатаваную рэзідэнцыю, дзе, не даючы ніякіх аўдыенцый, на скорую руку павячэраўшы, лёг спаць. Паколькі ўрачыстасці мелі працягвацца на наступны дзень, месцічы, яшчэ трохі падзівіўшыся на шчыльна зачыненыя вокны і на два кардоны каралеўскіх гвардзейцаў, якія хавалі ад іх вачэй асобу манарха, разышліся.
На наступны дзень на каралеўскую аўдыенцыю з’явіліся ўсе важныя львоўскія ўраднікі. Яны неслі падарункі для караля – два залатыя збаны; для яго братоў – залатыя келіхі, а таксама падарункі для кароннага і літоўскага канцлераў і самых значных паноў з каралеўскага почату. Прыняўшы падарункі, Уладзіслаў запрасіў усіх на святочны банкет у камяніцы Гросваера, за які, вядома ж, заплаціў горад. Львоўцы не паскупіліся на пачастунак. Акрамя велізарных збаноў старога віна, лікёраў і моцных напояў, рыбы, мяса, гародніны, усходніх ласункаў, а таксама прысмакаў, прыгатаваных гарадскімі кандытарамі, былі талеркі з экзатычнай садавіной з Новага Свету – ананасамі, апельсінамі і бананамі, каб задаволіць апетыты самых патрабавальных гасцей. І задаволілі! Нават князь канцлер Альбрэхт, які падчас урачыстасцяў усё круціў носам, ганячы то ўбогі прыём, то занадта нізкую трыумфальную арку, то пыл на дарогах, нарэшце супакоіўся: проста не было да чаго прычапіцца. Размова, якая пачалася млява, весялела з кожным узнятым келіхам. Пілі за здароўе караля, каралевічаў, абодвух канцлераў і ўсіх ганаровых гасцей пайменна. У рэшце рэшт гаспадары і госці так упіліся, што калі загаварылі аб будучай вайне з туркам, на якую так спадзяваўся кароль і ад якой яго настойліва адгаворвалі сенатары, ніхто з прысутных не адмовіўся выпіць за будучую пагібель асманаў. Пасля закранулі і вайну са Швецыяй, якая павінна была вярнуць Польшчы страчаныя па Альтмаркскім замірэнні[50] землі… Уладзіслаў, які жадаў увайсці ў гісторыю каралём-пераможцам, адчуваў сябе зусім шчаслівым.
– Хадзем на турка, а потым, дасць бог, і на шведа! – аб’явіў ён і пацалаваў Януша Радзівіла, які кляўся, што літоўскі гетман, хай толькі выбухне новая вайна, напэўна адваюе ў шведаў Інфлянты[51] разам з Рыгай.
Кароль паабяцаў на бліжэйшым сойме нарэшце ўзнагародзіць князя Крыштафа вялікай гетманскай булавой і адмахнуўся ад кароннага канцлера, які пачаў маліць яго вялікасць не даваць абяцанняў, якія дапамогуць узвелічэнню не толькі радзівілаўскага дому, але і ўсіх ерэтыкаў Рэчы Паспалітай. Пачуўшы гэта, абражаны Януш ускочыў на ногі, каб заступіцца за бацьку, але яго апярэдзіў дзядзька Альбрэхт. Літоўскі канцлер, добра пад’еўшы, быў у добрым настроі, таму папракнуў калегу, што той балбоча за сталом пра палітыку, а не пра галантныя рэчы, што было б больш дарэчна.
– Князь мае рацыю! – п’яна ікнуўшы, падтрымаў яго Казаноўскі. – Вось я заўсёды гатовы падтрымаць галантныя размовы не толькі словам, але і справай!
Каб пацвердзіць рашучасць сваіх намераў, ён схапіў за руку адну з дзяўчын, якія прыслужвалі за сталом, і ўпіўся ёй у вусны моцным пацалункам.
З яго лёгкай рукі мірнае застолле ператварылася ў рымскую оргію. Распаленыя віном вяльможныя паны, стомленыя ад вымушанага гавення на вайне, пачалі заляцацца да служанак, якія з віскатам і рогатам разбягаліся ад п’яных кавалераў. Кароль праз сваё высокае становішча павінен быў захоўваць твар, аднак не перашкаджаў весяліцца прыдворным. Тужліва зірнуўшы на Казаноўскага, які ўжо запусціў руку пад спадніцу дзеўцы, што села да яго на калені, ён павярнуўся да Януша і сказаў, секануўшы рукой у паветры, нібы хацеў разам рассекчы ўсе вузлы:
– Я хачу, каб князь гетман прыбыў у Варшаву з князёўнай Катарынай. Чуеш, князь? Абавязкова з князёўнай.
– Скараюся волі караля, – пакланіўся Януш і нават не спрабаваў схаваць шалёную радасць.
Каралевіч Ян Казімір, які сядзеў побач, ажно змяніўся з твару, пачуўшы гэта, і, адставіўшы талерку, нахіліўся да Януша.
– Значыць, я не падыходжу ў зяці князю гетману, бо толькі каралеўскі брат, а не сам кароль? – злосна вымавіў ён. – Ці не занадта вялікай думкі вы, Радзівілы, пра сябе?
Яна Казіміра не любілі ў Польшчы прыкладна гэтак жа, як любілі караля. Каралевіч плаціў землякам той жа манетай, сцвярджаючы, што лепш глядзець на сабаку, чым на паляка. Януш быў не выключэннем і каралеўскага брата трываць не мог, хоць і спрабаваў хаваць свае пачуцці. Але сёння хмель усё ж развязаў яму язык.
– Абы не замалой, бо гэта было б абразай усіх маіх вялікіх продкаў, – адрэзаў ён і так паглядзеў на каралевіча, што той замоўк і адвярнуўся, кусаючы вусны ад злосці.
Уладзіслаў не чуў іх сваркі, бо ў думках лічыў, праз колькі дзён зможа пабачыцца з Катарынай, ды ціха ўздыхаў, налічыўшы іх занадта шмат. Затуманеным позіркам зірнуў на п’яных прыдворных, якія ўжо клявалі насамі ў талерках, і ўстаў, каб даць зразумець усім, што баль скончыўся. Пачуўшы каралеўскую волю, п’янае панства пачало распаўзацца па кватэрах, прыхапіўшы гожых прыслужніц. А тыя, каму не хапіла дзяўчат, у суправаджэнні слуг яшчэ доўга блукалі Львовам, шукаючы сабе ўцеху на ноч. Урываліся ў дамы добрапрыстойных мяшчан і хапалі там жанчын і дзяўчат. Пагражаючы зброяй і каралеўскім гневам, яны змушалі няшчасных паказваць свае прынады, і тыя, каго прырода не абдзяліла прыгажосцю, станавіліся лёгкай здабычай высокапастаўленых распуснікаў, якіх паходжанне надзейна бараніла ад правасуддзя. Слугі і дробная шляхта таксама не сумавалі, і на час свайго побыту ў Львове сталі сталымі наведнікамі мясцовых лупанарыяў… Словам, польскі кароль быў ці не адзіным, каму даводзілася сумаваць у вясёлым горадзе.
Змірыўшыся са сваёй доляй, Уладзіслаў ужо хацеў ісці спаць, як яго спыніў Гэрпер і пачаў маліць прыняць няшчасную ўдаву Лушкоўскую і яе дачку, «якія хочуць упасці да ног яго вялікасці як найвышэйшага апекуна ўсіх удоў і сірот з просьбай аб літасці». І наўмысна не прамаўчаў пра прыгажосць Ядвігі.
– Другой такой, найяснейшы пан, ва ўсім Львове няма, – горача казаў ён каралю. – Калі ваша вялікасць не злітуецца з яе няшчаснай долі, з’ядуць яе маладосць і прыгажосць галеча і злыбеды. Шкада дзеўку!
Калі б гаворка ішла толькі пра старую Лушкоўскую, Уладзіслаў, напэўна, адправіў бы навязлівага радцу ні з чым, але згадка пра незвычайную прыгажосць Ядвіжкі яго зацікавіла.
– Ну, вядзі сваю бедную ўдаву, – сказаў ён. – Ды пра дачку не забудзься!
Праўнік радасна пакланіўся і кінуўся па жанчын, якія чакалі на вуліцы. Увайшоўшы ў пакой, яны адразу ж упалі ў ногі каралю, і Ганна, рыдаючы, стала расказваць яго вялікасці пра свае беды. Ды Уладзіслаў яе не слухаў. Кінуўшы зацікаўлены погляд на Ядвігу, ён аслупянеў. Гэрпер не схлусіў, і дзяўчына перасягнула ўсе яго самыя смелыя чаканні. Пышныя чорныя валасы, неверагодна вялікія гарачыя карыя вочы на прыгожым твары, і такое дасканалае цела… Няшчаснага манарха, які ад пачатку паходу не ведаў жаночай ласкі, кінула спачатку ў жар, потым у холад. Спахапіўшыся, ён падаў руку Ядвізе, запрашаючы яе падняцца.
«Бог, напэўна, памыліўся, даючы такую знешнасць простай мяшчанцы, – падумаў Уладзіслаў. – Павінна была нарадзіцца на прыступках трона…» Найсвяцейшая Дзева, а грудзі! Ім было так цесна ў ліфе сціплай мяшчанскай сукенкі, што шчыльная тканіна, здавалася, вось-вось не вытрымае іх напору і разарвецца, выпусціўшы на волю саму прыроду і прыгажосць.
Кароль нервова аблізаў перасохлыя ад хвалявання вусны. Ядвіга міжволі ўсміхнулася. Перад пачаткам аўдыенцыі яна так хвалявалася, што баялася страціць прытомнасць, трапіўшы пад васіліскаў погляд манарха. Але цяпер перад ёй стаяў не гаспадар, а толькі чалавек, які прагнуў кахання, і дзяўчына, зразумеўшы гэта, адарыла яго такой асаблівай усмешкай, якая нават апошняга чарвяка ператварае ў героя. Уладзіслаў аж затрымцеў. Прамармытаўшы Ганне, што толкам не зразумеў яе прамову, але ёй не варта хвалявацца, бо дачка напэўна растлумачыць усё, што трэба, ён выправадзіў жанчыну і вярнуўся да Ядвіжкі.
– Хадзем са мной, – папрасіў ён, працягнуўшы ёй руку, і дзяўчына моўчкі скарылася.
Наперадзе была гарачая ноч, якая павінна была сцерці мяжу паміж каралём і падданай, паміж багатым і жабрачкаю, паміж мужчынам і жанчынай…
Раніцай увесь Львоў гудзеў пра шчасце, якое выпала Лушкоўскім. Кароль аплаціў усе іх пазыкі ды выкупіў для Ганны ўвесь дом на плошчы Рынак, а таксама надаў маці і дачцэ шляхецтва. Па патрабаванні Уладзіслава Ядвіга пакінула свой дом і пасялілася ў каралеўскіх апартаментах. Прыдворныя ўспрынялі новую метрэсу як належыць, думаючы, што каралеўскі капрыз хутка пройдзе. Аднак не так сталася, як думалася…
⁂
Праз месяц вясёлага знаходжання караля ў Львове ў горад прыйшла радасная вестка – польскім дыпламатам удалося заключыць мір з Турцыяй. Некалькі дзён ва ўсіх цэрквах горада служыліся ўдзячныя малебны, пасля якіх Уладзіславу ўжо не было сэнсу чакаць шляхецкае апалчэнне. Прыйшла пара вяртацца ў Варшаву, і кароль здзівіў дваранства, абмовіўшыся, што бярэ Ядвіжку з сабой у сталіцу. Гэта змусіла князя Януша уважлівей прыгледзецца да каралеўскай фаварыткі. Да гэтага часу ён на яе не зважаў, дзяўчына здавалася яму сціплай і, прынамсі, ведала сваё месца, разумеючы няпэўнасць уласнага становішча, якое цалкам залежала ад каралеўскай волі. Так, Ядвіга была прыгажуняй, але яе прынады не маглі зацямніць сястрынскай прыгажосці. Аднак, каб не засмучаць Катарыну, бессаромную мяшчанку трэба было неяк выцесніць з каралеўскага сэрца.
– Similia similibus curentur[52], – мудра падумаў Радзівіл і вырашыў абысці ўвесь Львоў, але знайсці для манарха не менш спакуслівую прыгажуню.
Князь не паспеў ажыццявіць свой намер, бо нечакана захварэў. Гэта была воспа, што замест войскаў заняла Львоў, як толькі сухія пагодныя дні змяніліся халоднай восеньскай імжою. Захварэў і Ян Казімір, ды так цяжка, што ўжо развітваўся з жыццём. Ён ачуняў, але воспа моцна папсавала яго твар – і без таго не вельмі прыгожы. Але горш за ўсё было тое, што яго малодшы брат і агульны ўлюбёнец каралевіч Аляксандр, наведаўшы хворага, падчапіў хваробу і за некалькі дзён згас у страшных пакутах. А праз некалькі тыдняў згарэў ад воспы і каралевіч Ян Альбрэхт, біскуп кракаўскі. Sic transit gloria mundi![53]
Пакуль Януш адужваў пасля цяжкай хваробы, кароль з чароўнаю львавянкай шчасліва прыбыў у Варшаву. Іх каханню мог бы перашкодзіць князь Альбрэхт, які скоса глядзеў на «львоўскую шлёндру», аднак гэтага Радзівіла не пасвячалі ў велічныя задумы князя Крыштафа, вось і ён вырашыў не сунуць свой нос туды, дзе яму не радыя. Тым больш, каралеўскі двор з-за смерці каралевічаў убраўся ў жалобу, і Уладзіслаў меў патрэбу ў суцяшэнні ды шукаў яго ў абдымках Ядвігі Лушкоўскай, якая штоночы наведвала каралеўскія пакоі.
Так, нягледзячы на шыпенне зайздроснікаў і карканне лжэпрарокаў, львоўскае каханне працягвала жыць і на варшаўскіх прасторах.
49
Калегія сарака мужоў – выбарны орган гарадскога самакіравання Львова, які кантраляваў фінансавыя справы магістрата. Створаная ў 1577 годзе з прычыны судовай спрэчкі гарадской абшчыны і цэхаў Львова з мясцовымі ўладамі з-за самавольнага накладання магістратам падаткаў і іншых злоўжыванняў.
50
Альтмаркскае перамір’е паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай было падпісана 26 верасня 1629 года тэрмінам на 6 гадоў і паклала канец вайне 1600–1629 гадоў.
51
Лівонія (Ліфляндыя; Інфлянты) – гістарычная вобласць на поўначы Прыбалтыкі. Лівонскія валоданні Рэчы Паспалітай звычайна называлі польскімі Інфлянтамі (ад скажонага ням. Livland).
52
Лячы падобнае падобным (лац.).
53
Так праходзіць зямная слава! (лац.)