Читать книгу Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага - Ирина Даневская - Страница 13
Частка 2
ІМПЕРСКІ ПРЫНЦ
Раздел 1
ВАЙНА З ПАЛЯКАМІ
ОглавлениеВільня – Торунь – Варшава – Вільня
(чэрвень 1636 года – май 1637 года)
25 чэрвеня 1636 года на сойме, што праходзіў у сталіцы Вялікага Княства, князь Крыштаф перад каралём і панамі-дэпутатамі ўрачыста абвясціў пра паўналецце пляменніка. Багуслаў ад гэтага часу рабіўся паўнапраўным валадаром у сваіх маёнтках і самастойнай палітычнай фігурай, з якой павінны былі лічыцца і ў Літве, і ў Польшчы, і ў Еўропе.
– Віншую, – урачыста сказаў Саковіч, калі горды і шчаслівы Багуслаў наведаў яго пасля гэтай знамянальнай падзеі. – Цяпер ты, мон прэнс, сам сабе гаспадар. Страшна і сказаць: мой Богусь – князь і паўнапраўны ўладальнік Біржаў, Дубінак, Слуцка і Капыля! Ну, як цяпер пачуваецца твая княжацкая міласць?
– Мая княжацкая міласць зараз дасць пану падваяводу добрага штурхаля, калі той не змоўкне, – весела прыгразіў «найяснейшы князь».
Добра вымуштраваныя слугі пана Адама, убачыўшы Радзівіла, імгненна заставілі дубовы стол прысмакамі і напоямі, але ад радаснага ўзбуджэння ежа не лезла Багуславу ў горла. Узняўшы куфаль за здароўе гаспадара дома, ён адсунуў убок вялікую срэбную талерку і, не памятаючы сябе ад радасці, сказаў:
– Дзядзька настаяў, каб я прыняў справаздачу аб апецы. Літасцівы божа, у мяне пад трыста тысяч гадавога прыбытку!
Саковіч здзіўлена свіснуў:
– Я побач з табой, князь, зусім жабраком пачуваюся. І сумняюся, што нават кароль цяпер можа пахваліцца такімі прыбыткамі…
Багуслаў усміхнуўся.
– Паедзеш са мной і дзядзькам у Торунь?[65] – спытаў ён.
Легкадумны настрой у гэты святочны дзень, якога Адам чакаў з вялікім нецярпеннем, сыграў з панам падваяводаю злы жарт, і на прапанову князя ён адказаў звыклай крывой усмешкай.
– Няўжо ты, прасветлы князь, мяне ў сваю веру навярнуць хочаш? – спытаў ён, так добра паказаўшы спалох, што пазайздросцілі б нават акцёры каралеўскага тэатра. – Што каталіку рабіць сярод пратэстантаў?
Радзівіл, які чакаў не такога адказу, нахмурыўся, і яго чорныя бровы напружана выгнуліся.
– Хіба я табе пастар, каб у сваю веру навяртаць? – пасля доўгага маўчання сказаў ён. – Ды вер сабе, пан падваявода, хоць у Алаха, толькі будзь мне добрым сябрам і слугой!
Зразумеўшы недарэчнасць жарту, Адам паспрабаваў выправіцца.
– Паехаць не змагу, але не праз веру, а таму, што не варта віленскаму падваяводу пакідаць Вільню, калі там ёсць кароль, а сам ваявода ў ад’ездзе, – прымірэнча сказаў ён, жадаючы як мага выразней растлумачыць адмову. – А што буду служыць табе, мон прэнс, верай і праўдай, дык і на распяцці прысягну, паклянуся выратаваннем душы, толькі вось сам не веру ў тое, што ёй у райскую браму калісьці ўдасца зайсці.
З такімі рэчамі тым больш не варта было жартаваць, але Саковіч, які міжволі пасеяў у княжым сэрцы сумнеў у сваёй вернасці радзівілаўскім інтарэсам, зразумеў гэта занадта позна: Багуслаў, які ніколі не адмаўляў сабе ў задавальненні пасмяяцца разам з прыяцелем, нават не ўсміхнуўся, хоць прыроджаная дасціпнасць яму не здрадзіла і цяпер.
– Ты прысягай, не пераймайся, – холадна супакоіў ён Адама. – Я ў любыя клятвы веру яшчэ менш, чым ты ў ласку Госпада, ад якога наша выратаванне залежыць. Бо праўда за справамі, а не за словамі стаіць.
Зноў запанавала няёмкая цішыня. Саковіч у думках праклінаў свой язык і ўжо баяўся раскрыць рот, каб зноў не нагаварыць лішняга. Нарэшце, зразумеўшы, што за княжацкай настойлівасцю адносна паездкі стаіць нешта большае, чым звычайнае нежаданне надоўга расставацца з прыяцелем, і ўспомніўшы, што Багуславу час ехаць на вучобу ў Галандыю, – пра гэта ўжо даўно балбаталі на княжым двары – ён расхваляваўся.
– Я спадзяюся, ты ў Еўропу не з Торуні паедзеш?
– Не, – супакоіў яго князь. – Я хачу паехаць на сойм. Мабыць, ад ашмянскага староства – вядома, калі мясцовая шляхта дэлегуе маю высокую асобу. Паспрыяеш, пан ашмянскі падкаморы?
– Яшчэ пытаешся, – з палёгкай усміхнуўся Адам.
– Загадваю, – падміргнуў яму Радзівіл.
На гэты раз Саковіч ужо не стаў практыкавацца ў дасціпнасці і моўчкі пакланіўся. Але было позна: паміж гаспадаром і слугой нечакана пралягла расколіна – яшчэ ледзьве прыкметная, але ўжо небяспечная.
Паездка ў Торунь, дзе княжыч пазнаёміўся з уплывовымі пратэстантамі Рэчы Паспалітай і Прусіі, не забрала шмат часу. Урачыста пахаваўшы цётку Уладзіслава, лютэранку, якая праз супраціў каталікоў адзінаццаць гадоў пасля смерці чакала месца свайго апошняга спачынку, Багуслаў разам з дзядзькам вярнуўся ў Вільню. Князь Крыштаф меў намер узяць удзел у апошніх пасяджэннях сената, на якім вырашалася пытанне аб шлюбе караля. Зрэшты, толку ад такой спешкі было няшмат. Паколькі евангелічка Лізавета, інтарэсы якой рашуча абараняў літоўскі гетман, адмовілася пераходзіць у каталіцтва, а Папа не захацеў даваць дазвол на шлюб караля з ерэтычкай, сенатары ахвотна адкінулі яе кандыдатуру. Яны падзяліліся на два лагеры вакол аўстрыйскага і французскага паслоў, якія спаборнічалі ў шчодрасці, агітуючы яснавяльможных паноў адпаведна за дачку аўстрыйскага імператара Фердынанда II Цэцылію Рэнату і Марыю Луізу Ганзага, што выхоўвалася пры французскім двары. Ці то аўстрыяк быў шчадрэйшы, ці то выйшлі вонкі інтрыгі Рышэлье, які, жадаючы ўдзелу Рэчы Паспалітай у Трыццацігадовай вайне на баку каталіцкага лагера, уцягнуў яе ў апошнюю вайну з Масквой і амаль нацкаваў на палякаў турэцкага султана[66], але пасля бурных абмеркаванняў перамагла аўстрыйская прынцэса. Кароль мог спакойна вяртацца дадому, і загадаў рыхтавацца да ад’езду…
⁂
У той пагодны вераснёўскі дзень Вільня дыхала святам. Пакуль каралеўская чэлядзь сканчала складаць на вазы каралеўскія рэчы, якіх, з улікам працяглага перабывання Уладзіслава ў літоўскай сталіцы, назбіралася нямала, ніхто не адмаўляў сабе ў задавальненні выпіць за здароўе караля і за яго шчаслівае падарожжа ў Польшчу. Мёд-піва ў шынках лілося ракой! Спектаклі вулічных пацешнікаў на гарадскіх плошчах збіралі натоўпы. Разявакі, чакаючы каралеўскі поезд, бавілі час, назіраючы за выкрутамі канатаходцаў, якія, рызыкуючы жыццём, хадзілі па нацягнутых над вуліцай вяроўках. Вулічныя камедыянты, паважна шпацыруючы на хадулях сярод здзіўленага іх адвагай натоўпу, жанглявалі запаленымі паходнямі, а затым, стаўшы нагамі на зямлю, весела змагаліся з вучонымі мядзведзямі. Разумныя звяры падскоквалі пад гукі самаробных дудак, а пасля прадстаўлення на задніх лапах абыходзілі гледачоў, збіраючы з іх плату на вячэру сабе і сваім гаспадарам. Ва ўмелых руках вандроўных акцёраў-батлейшчыкаў ажывалі лялькі, весялілі натоўп падрабязнасцямі жыцця каралеўскага двара. Хоць гэтыя прадстаўленні і закраналі годнасць манарха, бо тычыліся яго амураў з Ядвігай Лушкоўскай, ніхто з гарадскіх ураднікаў не збіраўся бараніць каралеўскі гонар, «калі сам кароль пра яго не клапоціцца». Святкаваў не толькі просты люд – літоўскія паны адзін перад адным спяшаліся даць урачыстыя развітальныя абеды для высокіх гасцей. Самым шчодрым быў літоўскі рэферэндарый[67] Марцыян Трызна, у якога за сталом гулялі і князь Крыштаф з сынам Янушам, і біскуп віленскі Абрахам Война, і яшчэ два дзясяткі яснавяльможных гасцей.
Баляванне было ў разгары, калі прыскакаў каралеўскі ганец з паведамленнем, што прыбыў ліст з Масквы, і кароль жадае разгледзець яго з сенатарамі да свайго ад’езду. Праклінаючы няветлівасць маскавітаў, што няўчасна сапсавалі добры абед, яснавяльможныя паны адставілі чаркі і звілістым ланцужком пацягнуліся да каралеўскага палаца.
Кароль сустрэў паноў сенатараў у таварыстве князя Альбрэхта Радзівіла і Лукаша Апалінскага, якія з самай раніцы былі ў яго вялікасці, таму, вядома, ні кроплі віна, ні крошкі ў роце не мелі і незадаволена скрывіліся, убачыўшы залішне бліскучыя вочы і расчырванелыя твары больш шчаслівых калег.
– Дакладай, мабыць, ты, пан ойча Гэмбіцкі, – звярнуўся Уладзіслаў да кароннага падканцлера, калі сенатары занялі свае месцы і падрыхтаваліся слухаць.
Падканцлер раскрыў рот, каб пачаць, але яго спыніў віленскі біскуп Война.
– Я прашу прабачэння ў вашай вялікасці, але дакладваць павінен літоўскі міністр, – заявіў ён. – Мы, як-ніяк, у Літве сядзім.
Усе літвіны як адзін ухвальна загулі.
– Яго правялебнасць праўду кажа, – падтрымаў Абрахама Войну і князь Крыштаф. – Да таго ж, абмяркоўваць маем адносіны з Масквой, якія Літвы больш за ўсё тычацца…
– Як ты, княжа, можаш дакладваць, калі мы з табой за адным сталом елі і пілі і аб маскоўскім лісце нічога не ведаем? – умяшаўся смаленскі ваявода Гасеўскі. У яго з літоўскім гетманам даўно склаліся вострыя адносіны, якія падчас Смаленскай вайны перараслі ў адкрытую варожасць.
– Я не пра сябе кажу, а пра князя канцлера! – тут жа ўспыхнуў Крыштаф. – А ты, ваявода, калі налізаўся да свінога рохкання, дык сядзі сабе ціха і не баламуць людзей!
Убачыўшы, што Гасеўскі ўхапіўся за шаблю, да іх кінуўся каронны маршалак Апалінскі.
– Яснавяльможныя, гэта пасяджэнне сената, а не святочны баль! – закрычаў ён. – Калі хто хоча прамаўляць, вазьміце слова…
– Хай дакладвае князь канцлер Радзівіл! – аднагалосна зараўлі літвіны. – Закон і традыцыя так загадваюць!
– Я сказаў, што дакладваць будзе біскуп Гэмбіцкі! – страціў цярпенне Уладзіслаў.
Князь Альбрэхт пакрыўдзіўся, але змаўчаў. А віленскі біскуп маўчаць не стаў.
– Божа міласэрны! – працягнуў ён рукі да неба. – Палякі зусім сумленне страцілі, што нам, літвінам, ва ўласным доме раты затыкаюць. А хай гром нябесны ўпадзе на вашыя галовы!
Да Абрахама Войны кінуўся Гэмбіцкі і яшчэ сёй-той з палякаў. Пасля ўмяшання духавенства пасяджэнне сената канчаткова ператварылася ў гармідар.
– Палякі хочуць зрабіць з Літвы польскае ваяводства! – крычалі адны.
– Ды не дачакаюцца таго! – раўлі іншыя.
– Цішэй, панове! – надрываўся Апалінскі, пляскаючы ў ладкі, нібы вядзьмак, які разганяе злых духаў. – Я, як маршалак, патрабую цішыні!
– То я прашу слова! – так гучна гаркнуў князь Крыштаф, што перакрычаў усіх пратэстуючых разам.
Апалінскі азірнуўся на караля. Уладзіслаў паціснуў плячыма і, баючыся, што маршалак не так зразумее яго знак, хуценька дадаў:
– Не давай яму слова, шаноўны пане, бо Радзівіл з Гасеўскім як счэпяцца, іх потым усё каралеўства мірыць будзе і не памірыць.
І адразу махнуў слугам, каб неслі яго ў касцёл святога Казіміра, дзе меўся адбыцца ўрачысты малебен за яго шчаслівае вяртанне ў Варшаву. Кароль не мог стаць на хворыя ногі, бо пакутаваў ад падагры. Пан Апалінскі абвясціў, што пасяджэнне закрытае, і сваім умяшаннем толькі дадаў жару. Князь Крыштаф, які не заўважыў каралеўскіх знакаў, смяротна пакрыўдзіўся за такую непавагу.
– Калі кароль не рассудзіць, я пакажу, як затыкаць рот віленскаму ваяводу! – загрымеў ён. – Дык вось як нас, літвінаў, у самой Літве палякі паважаюць! Не Радзівіл з Апалінскім, а ваявода з маршалкам хоча рассудзіцца. Хай сарвецца – і не раз – сойм, але даб’емся сенатарскай павагі, будзем пры вольнасцях, бо дэспатычнаму панаванню Літва не скорыцца!
Маршалак, што пайшоў за каралеўскімі насілкамі, таксама агрызнуўся ў адказ. І, так пералайваючыся, урачыстая працэсія рушыла ў касцёл. Па дарозе да яе далучыўся і Януш, што чакаў бацьку. Выпітае на балі віно дало ў галаву маладому князю, і, пачуўшы, што адбылося, ён так абурыўся несправядлівасцю ў дачыненні да бацькі і дзядзькі, што гучна абвясціў вайну палякам, і перш за ўсё – Апалінскаму з Гэмбіцкім.
– Такой знявагі не можа знесці народ літоўскі! – крычаў ён, не звяртаючы ўвагі на сяброў, якія спрабавалі яго супакоіць. – О, прыйдзе такі час, калі палякі і ў дзверы не трапяць, праз вокны іх будзем выкідаць![68]
Гэтыя бурныя прамовы суправаджалі караля да самага касцёла. Пераступаць парог каталіцкага храма дысідэнты не сталі – павярнулі назад, скардзячыся на сваю бяздольнасць. За іх усіх, у рэшце рэшт, адплаціў віленскі біскуп, які, асабіста служыў імшу і ці то наўмысна, ці сп’яну зацягнуў «Te Deum»[69]. Пакрыўджаны Уладзіслаў, які ўспрыняў гэты недарэчны спеў як выказванне радасці з нагоды яго ад’езду, неадкладна пакінуў і касцёл, і Вільню.
Аднак з ад’ездам караля гэтая справа не скончылася. Пакрыўджаныя падканцлер і маршалак шумелі на ўвесь двор, патрабуючы для дысідэнтаў суровай кары, і даказвалі, што іх словы сведчылі аб злачынным намеры разарваць унію[70].
– Гэта былі толькі п’яныя размовы, – даводзіў князь Альбрэхт, гэтым разам стаўшы на абарону пратэстанцкіх сваякоў. – Хіба варта разумным людзям звяртаць на іх увагу?
– Не кажы, князь, – сказаў Апалінскі. – Што ў цвярозага ў галаве, тое ў п’янага на языку…
Маршалак паспрабаваў выставіць гэтую справу як абразу караля. Уладзіслаў, не жадаючы сваркі з Радзівіламі, палічыў за лепшае заплюшчыць вочы на ўсё, што адбылося, але, каб сцішыць злосць каронных ураднікаў, забараніў Янушу з’яўляцца на каралеўскі двор. Малады князь напляваў на гэтыя забароны і, дагнаўшы караля па дарозе ў Варшаву, папрасіў прабачэння, патлумачыўшы, што ягоны выступ не тычыўся караля, а быў накіраваны толькі супраць «неразумных сенатараў». «Неразумныя сенатары», аднак, патрабавалі выбачэнняў ад абодвух Радзівілаў, на што ніхто з іх, вядома, не хацеў пагадзіцца. Князь Крыштаф якраз захварэў, абвясціўшы, што нават здаровы не прасіў бы прабачэння. Януш даказваў, што яго ўжо пакаралі адлучэннем ад двара. У рэшце рэшт кароль, незадаволены празмерным розгаласам гэтай справы, якая пагражала грамадзянскай вайной, загадаў перадаць літоўскаму падкамораму, што не злуецца, і калі б гэты выпадак закранаў толькі яго, «не толькі дазволіў бы Радзівілу вярнуцца да двара, але і таго жа вечара з ім напіўся б». Князь пагадзіўся прыняць публічную натацыю, але такую, якая б не закранула яго гонару. «Такою трагедыяй, – потым скардзіўся бацьку Януш, – гэтая камедыя і скончылася», але рэзкія словы маладога князя надоўга захаваліся ў памяці палякаў.
⁂
Пакуль кузэн «ваяваў» з палякамі, Багуслаў як добры гаспадар прыбіраў да рук сваю велізарную спадчыну: Слуцкае і Капыльскае княства з сямю гарадамі і трыма дзясяткамі маёнткаў, значныя зямельныя ўладанні паблізу Менска, Наваградка і Ліды, а таксама багатыя маёнткі ў Кароне і на Падляшшы. Князь Крыштаф быў выдатным адміністратарам і вярнуў пляменніку маёнткі ў бездакорным стане, за што Багуслаў не пераставаў яму дзякаваць. Цяпер юны Радзівіл стаў адным з найбуйнейшых землеўласнікаў Рэчы Паспалітай. Мяняць у сваіх уладаннях князь нічога не жадаў, толькі пацвердзіў сваёй воляй дзядзькавы загады і, пакінуўшы на месцах раней пастаўленых князем Крыштафам ураднікаў, папрасіў гетмана па-ранейшаму прыглядаць за імі, на што той даў згоду. Да маладога патрона адзін за адным пацягнуліся радзівілаўскія кліенты, каб засведчыць яму вернасць і гатоўнасць служыць. Больш за ўсіх запомніўся Багуславу віленскі падстолій[71] Ян Сасноўскі – волат з чырвоным суровым тварам і непрыгожымі вачыма ў чырвоных пражылках, якога князь гетман рэкамендаваў пляменніку як адважнага афіцэра і карыснага ўрадніка, а пан Саковіч характарызаваў як чалавека, які ўмее з карысцю для сябе абыходзіць усе божыя запаветы. Той так настойліва прапаноўваў патрону свае паслугі, што Радзівіл, каб пазбавіцца залішне заўзятага слугі, хутка даў яму асаблівае даручэнне.
– Калісьці пан Саковіч распавядаў мне пра адзін звычай, які, можа, і дзіўны для нашых краёў, але зусім не кепскі. Хачу ўвесці яго і ў сваіх уладаннях, – пачаў гаварыць князь, але, убачыўшы, што пан Сасноўскі ўсім сваім выглядам дэманструе гатоўнасць да службы, пакінуў цырымоніі. – То, пане падстолій, абяры сярод маіх падданых ладных хлопцаў, якія хацелі б служыць у маім войску і сваім сынам той жа долі жадалі б, і ад майго імя абяцай ім, што за гэта я кожнаму дам надзел зямлі і назаўсёды вызвалю ад усіх павіннасцей, акрамя вайсковай. Падбяры ім дзевак для агледзін – здаровых і моцных, – а калі з добрай волі якую нейкі хлопец абярэ, то пасаг ёй зрабі з маіх уласных сродкаў. Ты ўсё зразумеў?
– Вядома, найяснейшы князь, – запэўніў пан Ян, які, як і належала добраму слугу, нічым не выдаў здзіўлення. – Усё зраблю як трэба… Слава богу, што гетманская булава рана ці позна апынецца ў годных руках! – лісліва сказаў ён і нізка пакланіўся.
Да вялікага здзіўлення пана Сасноўскага, яго заўвага не зрабіла належнага ўражання на Радзівіла, які ўжо стаміўся ад салодкіх слоў.
– Што ж, тады ідзі і выконвай… Я буду памятаць пра цябе, – паабяцаў князь, падумаўшы, што забыць гэтага чырвоначубага здаравяка сапраўды будзе цяжка.
Акрамя залішне руплівых слуг, хапала і шляхецкіх просьбітаў. Адзін з іх – паважаны радзівілаўскі кліент пан Цадроўскі – вельмі прасіў Багуслава ўзяць аднаго з яго сыноў у свой почат.
– Колькі іх у цябе, шаноўны пане? – асуджана ўздыхнуў Радзівіл, бо зразумеў, што абавязкі патрона не такія вясёлыя.
– Двое, прасветлы князь, – азваўся шляхціц. – Ян і Стэфан.
– Магу і абодвух узяць, калі спадабаюцца, – сказаў князь, бо меў патрэбу ў добрых слугах.
– Не, ваша княжацкая міласць, абодвух ніяк нельга, – спалохаўся Цадроўскі. – Аднаго мне трэба дома пакінуць.
– Кліч, – вырашыў Багуслаў. – Я сам выберу.
Задаволены шляхціц вызірнуў за дзверы, і праз імгненне на парозе ўсталі двое яго сыноў-блізнят. Ім было гадоў па дваццаць. Зірнуўшы на аднолькавыя твары маладых шляхціцаў, Радзівіл не змог стрымаць усмешкі.
– Ну, хто з вас Ян? – весела спытаў ён.
Адзін са шляхціцаў, пакланіўшыся, выступіў наперад.
– Значыць, ты – Стэфан? – кіўнуў іншаму Багуслаў.
Стэфан таксама пакланіўся.
– Дзе вучыліся?
– У Каралявецкім універсітэце, а затым у Кракаўскай акадэміі, – за дваіх адказаў Ян.
– Sprechen Sie Deutsch?[72]
– Ja, sage ich[73], – зноў азваўся Ян.
– Добра… Ну, каму з вас яшчэ вучоба не надакучыла? Я ў такіх людзях маю патрэбу, што са мной і на вучнёўскую лаву сядуць, і ў бой пойдуць, калі прыйдзецца.
Стэфан моўчкі адступіў назад. Ян застаўся стаяць, але сказаў:
– Павучуся я з радасцю, найяснейшы князь. А боек не люблю, хіба прыйдзецца жыццё вашай міласці бараніць.
Радзівіл задумаўся.
– Заставайся, Ян, – вырашыў ён. – У рэшце рэшт, не ўсім жа шабляй махаць, нехта і галавой працаваць мусіць.
Так світа Багуслава папоўнілася юнымі Кажэўскім, Ферхам, Хувербекам, Фелкерзонам і Кажкілем, якія лёгка знайшлі супольную мову з Невяроўскім і Стаброўскім, тады як спакойны і разважлівы Цадроўскі чамусьці стаў гэтай кампаніі папярок горла. Жорсткая, як усе падлеткі, моладзь не давала небараку праходу. Той ужо паспеў пасядзець у бочцы з дзёгцем, пагаварыць у кладоўцы з вялікімі сабакамі, выкупацца ў калодзежы… Здавалася, бурнай фантазіі юных шляхціцаў не было межаў, таму небараку сапраўды дрэнна прыходзілася на княжацкай службе.
Так працягвалася, пакуль на гэтыя забавы выпадкова не натрапіў Саковіч, які прыйшоў наведаць князя. Падпітая моладзь якраз прыціснула да сцяны перапалоханага Цадроўскага і актыўна раілася, якія пакуты прыдумаць сваёй ахвяры. Ашмянскі падкаморы гучна свіснуў, і ўсе веселуны, як адзін, павярнуліся да яго.
– Адзін, другі, трэці… Сем на аднаго? – хутка палічыў Адам. – Цікавая арыфметыка…
– Не ўмешвайся, пан падваявода, – буркнуў Невяроўскі. – Гэта нашы справы.
– І заўваж, што цяпер сіла на нашым баку! – дадаў Стаброўскі.
Гэтая прамова так развесяліла Саковіча, што ён нават не раззлаваўся на юнакоў за іх дзёрзкасць.
– Вось бяда, – прытворна занепакоіўся ён. – Як жа гэта адзін рыцар можа справіцца з двума такімі чарвякамі, як вы? Бо астатнія ўжо падціснулі хвасты і пакінулі вас абодвух ваўку на расправу.
Самуль азірнуўся і ўбачыў спіны сваіх паплечнікаў – тыя, толькі ўбачыўшы ашмянскага падкаморага, уцяклі.
– Хадзем, Самуль, – буркнуў Ян, які застаўся стаяць на месцы. – Нам тут няма чаго рабіць.
– Не так хутка, – спыніў іх Адам. – Запомніце, мае галубочкі, і сябрам скажыце: той, хто яшчэ раз кране гэтага шляхціца, – ён тыцнуў пальцам у грудзі разгубленага Цадроўскага, – будзе мець справу са мной.
Стаброўскі люта паглядзеў на яго, але нічога не сказаў. Невяроўскі, аднак, не прамаўчаў.
– На чорта табе здаўся гэты заяц? – ён пагардліва паглядзеў на сваю ахвяру. – Гэта праўда, што мы разам яго як звера гналі… Ды ён ж нават абараняцца не спрабаваў! Ды калі б на мяне так палявалі, я б хутчэй памёр з шабляй у руцэ, чым дазволіў бы з сябе здзекавацца.
– Ян, я ўсё сказаў, – нахмурыўся Саковіч.
Калі Невяроўскі са Стаброўскім пайшлі, Цадроўскі стаў горача дзякаваць свайму выратавальніку, але той абарваў яго на паўслове.
– Звычайна я, шаноўны пане, баязліўцаў пад апеку не бяру. Таму не думай гэтым недзе выхваляцца.
Ян ніякавата ўсміхнуўся.
– Ды ўжо ж не буду.
– Добра. Я з таго дзіўлюся, як гэта цябе Богусь на службу ўзяў. Наш юны князь рыцарскага характару і баязліўцаў любіць не больш, чым я сам.
– Я папярэджваў яго міласць, што ваяр з мяне абы-які, – шчыра прызнаўся юнак. – І пра тое, што за мяжой перш за ўсё вучыцца хачу. У Радзівілаў жа ёсць такі звычай – здольных да навук шляхціцаў за свой кошт вучыць, каб потым на добрую пасаду паставіць у сваіх уладаннях?
– Ёсць, – пацвердзіў Адам. – Добра, раз не я замаўляю музыку, дык не мне і ганіць музыкаў. Будзем спадзявацца, пан Ян, што да навук ты больш здатны, чым да бою. Але шабляй махаць павучыся, інакш на цябе не толькі рыцары, але і хлопы будуць пляваць.
– Каб ты сам, пан падваявода, мяне павучыў… – шляхціц з надзеяй паглядзеў на яго, але Саковіч адразу ж пахітаў галавой:
– У мяне клопатаў і без таго хапае, каб такіх няўклюд, як ты, шаноўны пане, рыцарскай навуцы вучыць.
– Я разумею, – Цадроўскі не пакрыўдзіўся, але ўздыхнуў так цяжка, што Адам нечакана для сябе перадумаў.
– Але цяжка давядзецца нашаму князю, калі ў нейкі сутычцы гэткі няўдаха, як ты, будзе яму спіну прыкрываць, – задуменна сказаў ён. – Можа, мой пахолак цябе таму-сяму навучыць? Калі пацвердзіць, што ты не безнадзейны, я сам знайду час, каб адным вокам зірнуць на тваю навуку.
Сказаўшы так, пан падваявода засвістаў песеньку і пайшоў прэч, не слухаючы Цадроўскага, які яшчэ доўга дзякаваў. Завярнуўшы за рог, Саковіч не заўважыў Невяроўскага са Стаброўскім, якія недалёка адышлі, а, убачыўшы ворага, схаваліся за вазы з сенам.
– Нічога, – з нянавісцю сказаў Стаброўскі, гледзячы ўслед бестурботнай фігуры Саковіча. – Вэксаль гэтага нягодніка на маім рабым твары прапісаны: як пагляджу ў люстэрка, дык яго і ўспамінаю! Некалі ён мне заплаціць.
Ян, які больш за ўсё хацеў трымацца ад Саковіча далей, толькі цяжка і перарывіста ўздыхнуў.
Усё ж, як ні злаваліся сябры на пана падваяводу, але Цадроўскага больш ніхто не адважваўся чапляць. Нават тады, калі Багуслаў з Адамам махнулі на ашмянскі соймік, дзе княжыча ўпершыню абралі паслом на сойм. Пасля вяртання ў літоўскую сталіцу прывілеяванае жыцця Саковіча скончылася: аказалася, што князь Януш, які стаміўся жыць пад пільным бацькоўскім вокам і для большай свабоды пасяліўся ў палацы кузэна, ледзь трываў пана падваяводу, пераследуючы яго сваімі прыдзіркамі кожны раз, калі бачыў.
Аднойчы нахабны Буцафал, якога Саковіч неабдумана пакінуў каля канавязі, укусіў князя Альбрэхта, што завітаў наведаць пляменнікаў і неасцярожна падышоў да каня занадта блізка. Канцлер доўга апошнімі словамі лаяў на ўвесь двор «гідкае стварэнне», аж цяжка было зразумець, каго ён мае на ўвазе – каня ці гаспадара. Супакоіўся ён толькі тады, калі пакрыўджаны жарабец амаль вырваўся на волю, спрабуючы затаўчы крыўдзіцеля капытамі. Януш, які стаяў паблізу, супакоіў каня, але потым, калі дзядзька з’ехаў, аблаяў Саковіча за такую непавагу да радзівілаўскага дому.
– Найяснейшы князь, – сказаў на гэта Адам. – Ужо тое, што я цярпліва слухаю абвінавачванні вашай княжацкай міласці, найлепшым чынам пацвярджае маю невінаватасць, бо нікому, акрамя Радзівіла, я б такіх слоў не дараваў.
Багуслаў пачуў сварку выпадкова.
– Ён праўду кажа, Януш, – весела пацвердзіў хлопец і, убачыўшы, што кузэн збіраецца зноў выбухнуць гневам, загадаў падваяводу адвесці каня ў стайню. – Што, брат, ты маеш супраць Саковіча? – пацікавіўся ён, калі Адам пайшоў выконваць загад. – Калі б Буцафал належаў камусьці іншаму, ты б смяяўся з нашага дзядзькі разам са мной, бо сёння ён атрымаў па заслугах за ўсе свае езуіцкія хітрыкі.
– Ты, Багуслаў, не занадта барані гэтага нягодніка, – параіў Януш. – Дастаткова і таго, што мой бацька Саковічам не надыхаецца. А калі хочаш ведаць, што ён за чалавек, я табе скажу: на ўласныя вочы бачыў, як ён падчас апошняга вялікага каталіцкага пагрому ў Вільні здзекаваўся з пратэстанцкіх пастараў.
Багуслаў, што наслухаўся жудасных гісторый пра гэтыя сутычкі яшчэ падчас сваёй вучобы ў акадэміі, не стрымаў ускрыку:
– Не можа быць!
– Ты мяне падманшчыкам лічыш? – пакрыўдзіўся Януш.
– Я дзіўлюся, чаго ж ты пра гэта дзядзьку не сказаў…
– А я сказаў. Ён выклікаў Саковіча і той на крыжы пакляўся, што крыўды пратэстантам не рабіў. Бацька, вядома, яму паверыў, а вось я, Богусь, неяк больш веру сваім вачам, а не таму нягодніку…
Аднак Багуслаў быў не з тых, хто лёгка бярэ на веру такія абвінавачванні. Хоць братаў аповед уразіў яго да глыбіні душы, князь вырашыў спытаць пра гэта ў Саковіча. Пачуўшы, пра што гаворка, той спахмурнеў.
– А сам ты што, мон прэнс, пра гэта думаеш?
– Думаю, што ад цябе, Адаме, усяго можна чакаць, – шчыра адказаў Радзівіл. – Пра твае «подзвігі» уся Літва гудзе, і нават пра тое кажуць, што бацька тваёй жонкі да вашага вяселля не дажыў, напэўна ж, не без тваёй помачы.
– А я чуў, што твая княжацкая міласць едзе да французскага двара, каб перашкодзіць шлюбу нашага караля з аўстрыйскай прынцэсай, – не застаўся ў даўгу Саковіч. – Бо французы хочуць мантуанскую герцагіню на польскім пасадзе бачыць, а князь Крыштаф лічыць, што Рэч Паспалітая мае з Францыяй і пратэстанцкімі краінамі разам трымацца, а не з каталіком-імператарам, як гэтага жадае князь канцлер…
– Што за глупства? – паціснуў плячыма Багуслаў. – Гетман пра свае ўпадабанні ўслых кажа на кожным сойме, гэта не таямніца, а я за мяжу вучыцца еду… Прынамсі, дзядзька так думае… Няўжо ты гэтым чуткам верыш?
– Вядома, веру, – падміргнуў яму Адам. – Людзі ж хлусіць не будуць?
Радзівіл закусіў губу.
– Такім чынам, Янушу падалося, што ты быў у тым натоўпе студэнтаў, якія віленскі храм грамілі? – прымірэнча спытаў ён.
– Не падалося, – пасля доўгага маўчання сказаў Саковіч. – Аднак быць і рабіць – розныя рэчы.
– Тады чаму ты там апынуўся? – працягваў Радзівіл, бо хацеў дакапацца да ісціны.
– Прабач, мон прэнс, але я гэтага сказаць не магу…
І з дробнай зачэпкі можа ўсчацца буйная сварка, і гэты выпадак не стаў выключэннем. Занадта дапытлівы князь і залішне таямнічы віленскі падваявода пасварыліся так, што нават на сойме, дзе абодва былі пасланцамі ашмянскай шляхецкай грамады, трымаліся воддаль адзін ад аднаго.
⁂
Пасля вяртання Януша да каралеўскага двара Багуслаў, які, пасварыўшыся з Саковічам, нудзіўся ў родных краях, пачаў настойваць на скарэйшым ад’ездзе ў Аб’яднаныя Правінцыі, дзе меў намер працягнуць навучанне. Хоць Польшча ўжо рыхтавалася да шлюбу караля Уладзіслава з аўстрыйкай Цэцыліяй Рэнатай, гетман з палітычных меркаванняў не стаў пакідаць пляменніка на каралеўскае вяселле і ўзяўся асабіста назіраць за падрыхтоўкай да падарожжа. Паважнага студэнта павінны былі суправаджаць маладыя шляхціцы – радзівілаўскія кліенты, якія мусілі вучыцца разам з ім, а таксама некалькі хатніх слуг, настаўнік Рэйнольд Адамі ды, вядома ж, пан Пуцята. Выпраўленыя праз караля Уладзіслава і князя-гетмана пашпарты і рэкамендацыйныя лісты павінны былі забяспечыць Багуславу цёплую сустрэчу і пратэкцыю ўплывовых асоб Еўропы.
Падрыхтоўка да падарожжа цягнулася некалькі месяцаў. Нарэшце надышоў дзень ад’езду. Юны князь быў у прыўзнятым настроі, і толькі адно непрыемнае пачуццё тачыла яго сэрца – за ўвесь гэты час яны з Адамам так і не паспрабавалі памірыцца. А цвёрдае перакананне Радзівіла, што няварты слуга рана ці позна з’явіцца да яго з выбачэннямі, наткнулася на роўнага па ўпартасці саперніка. Аднак Багуслаў цвёрда вырашыў, што ніякі Саковіч не сапсуе яму задавальнення ад падарожжа, таму гнаў прэч з галавы ўсе непрыемныя думкі пра сварку. Цёпла развітаўшыся з панам Набароўскім, які праз шаноўны век і слабае здароўе заставаўся ў Літве, князь акінуў вачыма наваколле, спрабуючы захаваць у памяці абрысы палаца, дзе прайшло яго дзяцінства. Павярнуўшы галаву, ён убачыў знаёмы твар, які вызірнуў і зноў схаваўся за рогам. Багуслаў адвярнуўся, падумаўшы, што гэта яму падалося, але крыху пазней, асцярожна скасавурыўшы вочы, зноў убачыў галаву Адама на тым самым месцы.
– Калі ёсць галава, павінен быць і Саковіч, – вырашыў ён і рашуча скіраваўся на пошукі.
Адам, убачыўшы, што князь ідзе да яго, пакінуў сваё сховішча і выступіў наперад.
– Ну і чаго ты, пан падваявода, тут сцяну падпіраеш? – з’едліва пацікавіўся Радзівіл, змераўшы знішчальным позіркам былога прыяцеля, які вяла калупаў ботам цвёрдую зямлю.
– Хацеў пабачыць цябе, найяснейшы князь, перад ад’ездам, – адкрыта патлумачыў той. – Не ведаю, калі яшчэ сустрэнемся. – І, памаўчаўшы, дадаў: – Звычайна я рэдка непакою Госпада сваімі малітвамі, але з гэтага часу штодня буду яму надакучаць просьбамі пра тваё шчаслівае падарожжа і хуткае вяртанне.
Багуслаў так злаваўся на Саковіча, што яшчэ хвіліну назад ударыў бы кулаком у нахабную пысу, але па гэтых словах яго абраза дзе і падзелася. Нечакана для сябе ён моцна абняў Адама, які таксама радасна сціснуў яго ў абдымках.
Гэта, вядома, яшчэ быў не мір, а толькі перамір’е, але Радзівіл адчувальна павесялеў і, развітаўшыся з Саковічам, з лёгкім сэрцам вярнуўся да свайго почату. Слугі ўжо зручна размясціліся ў карэтах, іх атачыла ўзброеная чэлядзь, якая павінна суправаджаць княжацкі поезд у часе доўгага падарожжа. Князь Крыштаф і Багуслаў паехалі вярхом, бо ніяк не маглі развітацца.
– За мяжой не толькі на дзевак, але і на навуку глядзі, – загадаў гетман, – хоць з тваім абліччам і характарам будзе цяжкавата. Прыгажун ты ў мяне, з твару хоць ваду пі. Я ведаю, у цябе вялікая будучыня. Не загубі яе, сынку, прашу цябе.
Багуслаў згодна ківаў галавой, але прапускаў дзядзькавы наказы міма вушэй. Наперадзе было новае жыццё – вольнае, раскошнае, што чароўнай і жаданай невядомасцю вабіла маладога князя.
Так ехалі з паўмiлi.
– Ну, досыць, – князь Крыштаф спешыўся і са слязамі на вачах абняў пляменніка, у якога таксама вочы былі на мокрым месцы.
– А, чорт забірай… як навек развітваемся… Пан Пуцята! – крыкнуў гетман маршалку, што вызірнуў з карэты. – Пішы мне, пра ўсё пішы – дзе былі, што бачылі… Пішы ты, бо найяснейшы князь, мабыць жа, не будзе сябе занадта абцяжарваць пісанінай… І галоўнае: князя загадваю табе берагчы, як сваю галаву. Чуеш? Як сваю галаву!
– А мне што загадаеш? – Багуслаў не стрымаў усмешкі, бо пан маршалак так затрос галавою, быццам хацеў пазбавіцца і яе, і таго галаўнога болю, які яму непазбежна абяцала гэтая паездка.
– Слуцкаму князю я загадваць не магу, – адказаў князь Крыштаф. – А вось да Багуслава, майго любімага пляменніка, маю просьбу.
– Ну, дзядзька, ты скажаш, – папракнуў яго пляменнік. – Ты мне замест бацькі быў, і тваёй дабрыні я ніколі не забуду, таму загадвай.
Князь Крыштаф расчулена паглядзеў на яго.
– Ох, Богусь, сын мой мілы… Жывым і здаровым вярніся дадому, гэта першае, што я і ў цябе, і ў бога прашу…
– Бог дасць, так і будзе. І ты беражы сябе, дзядзька.
Гетман толькі махнуў рукой.
– І яшчэ адно. Януш… ён гарачы і запальчывы вельмі. Ты больш разважлівым будзеш. Прашу цябе, што б у жыцці ні здарылася, абяцай мне, што брата падтрымаеш і крыўды паміж вамі не будзе.
– Клянуся.
– Тады з богам!
Князь яшчэ раз абняў пляменніка, ускочыў на каня і, не азіраючыся, паімчаў назад у Вільню.
Правёўшы дзядзьку поглядам, Багуслаў сеў у карэту, дзе яго з нецярпеннем чакалі Стаброўскі з Невяроўскім, і дастаў загадзя прыгатаваны мех віна і вузел з ласункамі.
– Ну што, панове, – абвясціў ён, перадаючы прыпасы таварыству, якое сустрэла гэты шчодры жэст апладысментамі. – За выдатную і вясёлую будучыню!
65
Гаворка ідзе аб пахаванні лютэранскай цёткі караля Уладзіслава Ганны Вазы (1568–1625), якое зладзіў князь Крыштаф, ператварыўшы гэтую падзею ў з’езд пратэстантаў Рэчы Паспалітай, Прусіі і нямецкіх княстваў.
66
Пра гэта абурана пісаў князь Альбрэхт Радзівіл у вядомым «Дыярыушу».
67
Рэферэндарый – службовая асоба ў Польскім каралеўстве і Вялікім Княстве Літоўскім. Рэферэндарый займаўся прыёмам скаргаў ад прыватных асоб і даводзіў іх да ведама канцлера, які, у сваю чаргу, знаёміў з іх зместам караля і вялікага князя. Пасля вынясення рашэння рэферэндарый абвяшчаў яго зацікаўленай асобе.
68
Намёк на чэшскае паўстанне 1618–1620 гадоў, з якога пачалася Трыццацігадовая вайна 1618–1648 гадоў. Паўстанне было выклікана наступам Габсбургаў на палітычныя і рэлігійныя правы насельніцтва Чэхіі, якая яшчэ захоўвала некаторую самастойнасць у складзе Габсбургскай імперыі. 23 мая 1618 года чэшскія патрыёты паказальна выкінулі з акна Пражскага граду габсбургскіх «намеснікаў» у Чэхіі – каталікоў Я. Марцініца і В. Славату.
69
Урачысты каталіцкі гімн, які выконваецца падчас святочных падзей.
70
Люблінская унія (1 ліпеня 1569 года) – пагадненне паміж Польскім каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім, паводле якога яны аб’ядноўваліся ў адзіную дзяржаву Рэч Паспалітую.
71
У Вялікім Княстве Літоўскім – ганаровая прыдворная пасада, вядомая з сярэдзіны XV стагоддзя. Стольнік, які кіраваў сервіроўкай стала і абслугоўваннем трапезы вялікага князя, меў падначаленых – падстоліяў. Пазней пасады стольніка і падстолія сталі намінальнымі, гэта значыць не звязанымі з выкананнем пэўных абавязкаў.
72
Размаўляеце па-нямецку? (ням.)
73
Так, размаўляю (ням.).