Читать книгу Разламашкі майстра Люфта (зборнік) - Кацярына Мядзведзева - Страница 10
Чараўнік для Дэйсі Мэй
Аповесць
Частка 9
ОглавлениеМае дамашнія праводзілі мяне вачыма, калі я вярнулася і без адзінага гуку прайшла ў свой пакой, дзе і правяла вечар, не спусціўшыся на вячэру. Наступныя некалькі дзён я была яшчэ больш маўклівай, чым звычайна. Мяне не чапалі, не распытвалі, але я адчувала трывожную і цікаўную ўвагу. Хвалявалася бабуля. Яна, якніяк, гадавала мяне з самага маленства, і, нягледзячы на сваю штучную суровасць, вельмі мяне любіла, а строга ставілася таму, што хацела з дзяцінства загартаваць і прызвычаіць да няпростага жыцця. Што ж, бабуля, мабыць, я з тых персон, хто вучыцца выключна на сваіх памылках…
Цётка Аўгуста і сёстры не перажывалі за мяне, але ім было вельмі цікава, куды ж я ездзіла і што за мужчына піша мне ліст за лістом. Так, я атрымала яшчэ некалькі лістоў ад Лемюэля. Прачытала іх усе: спадзявалася, што ён знайшоў дзверцы з драконамі, за якімі хаваецца самы дзейсны сродак са старонкі 87. Але не, Лем нават не згадваў пра ключ. Пісаў усялякае глупства пра нямышаў, у якіх нарадзіліся нашчадкі, пра мазгаклюя, што выседжваў птушанят на старой грушы, пра завяртушак, якія зноў пакінулі сляды ў пыле, – пэўна, намякаюць, што нядрэнна б прыбрацца. Усе гэтыя выдумкі перамяжоўваліся ўспамінамі пра нашы сустрэчы, але таксама нейкім дзіўным чынам. «Ты вельмі спадабалася цётачцы Мод, – пісаў ён, напрыклад. – Яна кліча цябе ў госці і хоча падарыць сваё футравае манто, пакуль яго яшчэ не з’ела моль. Я цалкам яе падтрымліваю. Упэўнены, ты разбрярэшся з падарункам значна лепш за моль. Зрэшты, калі ты вырашыш усё ж з’есці гэта футра, мы з цётачкай не будзем перашкаджаць, у кожнага свае дзівацтвы, і трэба ставіцца да іх паважліва». Яшчэ ён згадваў пра сваё хуткае вяселле: «Я абую цёмна-фіялетавыя туфлі з вострымі мысамі, а ў пятліцу ўстаўлю ранункулюс. Як ты думаеш, вясельны букет з ружовых ранункулюсаў – гэта не занадта задзірліва? Мая нявеста вельмі строгіх правіл, і як бы мне не атрымаць гэтым букетам па галаве».
Не ведаючы, што пісаць у адказ на такія лісты, я не пісала зусім. І не хацела болей прыязджаць у Млынавы Раўчук, тым больш не збіралася бачыцца з Лемюэлем ды яго цётачкамі і прымаць ад іх падарункі. А абмяркоўваць з ім вяселле зусім не ўваходзіла ў мае планы. Мае планы… Яны былі простымі: сядзець у пакоі, вязаць шаль ці плед – штосьці простае і доўгае, што не патрабуе пільнай увагі – і сумаваць. Мала таго, што я невідзімка, дык яшчэ і няўдачніца. За што ні вазьмуся – нічога не атрымліваецца. Пошукі зайшлі ў тупік, не паспеўшы пачацца, а варта мне было сустрэць сімпатычнага маладога чалавека, як высветлілася, што ён вось-вось ажэніцца. З дзяўчынай вельмі строгіх правіл. Так, Лемюэлю з яго нямышамі ды завяртушкамі, толькі такую дзяўчыну і трэба. Бываюць жа сем’і, дзе ўсім запраўляе жонка, а муж толькі выходзіць на сняданак, абед і вячэру ды займаецца рознымі глупствамі. Сядзіць, напрыклад, на старой грушы ды глядзіць у падзорную трубу…
Стары дом чараўніка не выходзіў у мяне з галавы. Ды і цяжка было забыцца, маючы паўсюль яго выявы. Толькі цяпер, знаходзячыся ў добраахвотным пустэльніцтве ў сваім пакоі, я зразумела, чаму жыллё Лемюэля здавалася мне такім знаёмым. Таму што ўсе дзесяць прабабчыных вышывак у рамках, што віселі ў мяне на сцяне, выяўлялі адное і тое ж месца – дом нумар адзін па Самшытавай вуліцы. Чырвоная дахоўка, сіняя аблупленая палівачка – божа мой, дваццаць пяць гадоў таму яна ўжо была аблупленай! І гэтак жа квітнелі мальвы, і стракацелі клумбы, і драмаў у цені ўкапаны пад грушай кульгавы зэдлічак, і чакала лістоў паштовая скрыня… Сумна і спакойна глядзела на мяне са сцен прабабчына мінулае, прыгожае, ціхамірнае, захаванае на памяць, любоўна вышытае крыжыкам.
Ведаеце гульню «Знайдзі дзесяць адрозненняў»? Я любіла яе ў дзяцінстве – і захапілася цяпер. Я шукала адрозненні на прабабчыных карцінах – і знаходзіла іх. На некаторых вышыўках дом быў не такім, якім бачыла яго я. Кармушка для птушак, дзе выяўляліся сінегаловыя сініцы, гілі ды попаўзні, была занесена снегам, а гэта азначала, што прабабуля бывала на Самшытавай вуліцы і ўзімку. Старая груша была ўся ў кветках – значыцца, прабабуля бывала там увесну. Ганак з крэслам і пледам быў засыпаны жоўтым лісцем, чырванелі ягады рабіны ў вазе – прабабуля бывала там і ўвосень. Я спрабавала ўявіць яе і сэра Лемюэля Грымсвотна-старэйшага, маладых і прыгожых, якія гуляюць па садзе, смяюцца… можа, нават цалуюцца. Няўжо ў іх быў раман? Але ў чараўніка ж была вялікая сям’я, і ў прабабулі – дачка… Як жа так? Няўжо яны сустракаліся таемна?
Я мучылася здагадкамі больш за два тыдні. Мне трэба было ведаць праўду. Як ні круці, прабабуля і сэр Лемюэль-старэйшы – гэта частка маёй сямейнай гісторыі, і так абдзеленай падрабязнасцямі. Я не ведала нічога пра сваю маці, я не ведала нічога пра сваю прабабулю, а пра сваю бабулю – толькі тое, што яна дазваляла мне ведаць. Яна любіць каву, не карыстаецца парфумай, з раніцы да ночы поркаецца з раслінамі ў садзе. Але пра што яна думае дні напралёт, пра што яна марыць, чаго баіцца? І чаму яна так ненавідзіць Грымсвотна? У мяне назапасілася столькі пытанняў! І я не вытрымала.
Бабулю я знайшла ў садзе, яна збірала венгерку ў вялікі кошык. Сёлета было багата сліў і абрыкосаў. Узімку не давядзецца купляць сухафрукты для каляднага кекса. А марынаваныя слівы, о, калі б вы толькі пакаштавалі! Мы падаём іх да мяса, і яшчэ не было выпадку, каб хтосьці з гасцей застаўся незадаволены і не спытаў дабаўкі. Незадаволены ўсе толькі тым, што бабуля адмаўляецца раскрыць рэцэпт. Здавалася б, прасцей простага: воцат, цукар, карыца, гваздзіка, але ў бабулі выходзіць дзівосны соус, у меру востры, у меру кісла-салодкі, тонкі і далікатны, а ў сябровак цёткі Аўгусты атрымліваецца то сіроп, то ўзвар, то неядомая кісляціна. Колькі разоў цётка і Эма прапаноўвалі бабулі дапамогу, каб выведаць рэцэпт, але бабуля непахісная. Фамільны сакрэт марынаваных сліў яна згодна перадаць толькі мне. Бачыце, усё-ткі мне ёсць чым ганарыцца.
Згледзеўшы мяне, бабуля нахмурылася. Сарвала яшчэ некалькі сліў і рушыла насустрач. Моўчкі мы прайшлі на кухню. Сталі перабіраць і мыць слівы: якія цвярдзейшыя, тыя марынаваць, самыя сакавітыя – сушыць, а самыя клёклыя ды пераспелыя – на слівавы мармелад. Некаторыя людзі называюць мармеладам мяккія жэлейныя цукеркі, абсыпаныя цукрам. Але ў нашым доме мармелад – гэта густое варэнне, яго можна намазваць на хлеб ці рэзаць пласцінамі і есці з сырам. Слоічак бабулінага мармеладу – жаданы падарунак. Але мы, бессаромныя абжоры, амаль усе бабуліны саленні ды варэнні з’ядаем самі.
– Я разглядала прабабчыны вышыўкі, – сказала я, выцягваючы костачкі са сліў.
– Угу, – кіўнула бабуля рассеяна, адмяраючы цукар для марынаду.
– На прабабчыных вышыўках – сад Грымсвотна, – працягвала я.
– Угу, – кіўнула бабуля зноў.
– Прабабуля часта бывала там, так?
– Не так ужо і часта, – адказала бабуля, адкаркоўваючы новую бутэльку воцату.
– Напэўна, прабабуля і сэр Лемюэль былі добрымі сябрамі?
Бабуля праліла воцат, грукнула бутэлькай аб стол і павярнулася да мяне, упёршы рукі ў бакі.
– Палюбоўнікамі яны былі, дзетачка, палюбоўнікамі! – голас яе быў такі ж кіслы, як і водар воцату, што плыў па кухні. Бабуля відавочна не ўхваляла адзюльтэр. Я, увогуле, таксама, толькі калі адзюльтэр не адбываўся сто тысяч гадоў таму і не быў афарбаваны за даўнасцю ў рамантычныя і кранальныя адценні.
– Прадзядуля ведаў пра гэта? – спытала я. І тут бабуля мяне здзівіла.
– Які яшчэ прадзядуля? – буркнула яна. – Ніякага прадзядулі ў цябе не было.
Ведаеце, як бывае, калі занадта моцна надзімаеш паветраны шар? Ён пашыраецца, расце, раздзімаецца, поўны пачуцця ўласнай годнасці, а потым – бабах! – і лопаецца. Так і бабуліна маўчанне лопнула раптам. На кухню ніхто не зазіраў, бабуля метадычна тыкала зубачысткай у слівы і расказвала. Я старалася не перабіваць яе дурнымі пытаннямі. І так, злосна падціскаючы вусны і наколваючы цвёрдыя слівы адну за адной, каб потым скласці іх у слоікі і заліць кіпенем, бабуля паведаміла мне тую частку сямейнай гісторыі, якую не прынята распавядаць гасцям ці дзецям, гартаючы стары альбом з фатаграфіямі.
Мая прабабуля і сэр Лемюэль Грымсвотн-старэйшы пазнаёміліся пры пікантных акалічнасцях. Дэйсі прыехала ў Млынавы Раўчук з вельмі празаічнай мэтай – набыць «самы дзейсны сродак». Ёй трэба было пазбавіцца ад наступстваў бурнага і хуткаплыннага рамана. Як менавіта развіваліся падзеі тых дзён, дакладна не вядома, але сэр Лемюэль прыняў самы жывы ўдзел у лёсе сваёй наведвальніцы, паабяцаў ёй падтрымку і адгаварыў ад неабдуманых крокаў. «Як гэта ні сумна, – сказала бабуля незадаволеным тонам, – але жыццём сваім я абавязана яму, а не маці, я нарадзілася насуперак яе волі». Грымсвотн зняў для прабабулі жыллё ў Млынавым Раўчуку, дапамагаў грашыма, і яна жыла без клапот, пакуль яе маленькая дачка выхоўвалася ў чужых людзей у пансіёне.
Сэр Лемюэль Грымсвотн-старэйшы быў доўга і шчасліва жанаты. Прыгажуняжонка, сын і дзве дачкі – Мод і Генрыета – прывыклі, што галава сямейства часта ад’язджае па сакрэтныя інгрэдыенты для сваіх зелляў ці на зборышчы такіх жа алхімікаў, як ён сам, у паездкі па манастырах і замкавых бібліятэках ці на пошукі рэдкіх кніг… А часам яны з’язджалі і самі, у госці да радні ці на воды, і тады прабабуля ў чорнай сукенцы і густым вэлюме з’яўлялася на Самшытавай вуліцы. Яна не баялася прыцягнуць увагу, да сэра Лемюэля штодня хто-небудзь прыходзіў.
– Напэўна, прабабуля марыла выйсці замуж за сэра Грымсвотна, – сказала я нясмела. – Але не хацела разбіваць сям’ю…
– Лухта! – запярэчыла бабуля. – У яе галаву не маглі прыйсці такія высакародныя думкі. Яна проста любіла волю. Ёй хапала рэдкіх сустрэч. І яна не хацела сапернічаць з рамяством Грымсвотна. Казала, што ён захоплены сваёй справай, а яна не хоча іграць другую скрыпку і ніколі не марыла ператварыцца ў хатнюю гаспадыню. Падаваць мужу гарбату ў кабінет, прымаць яго наведвальнікаў, баяцца з ім загаварыць, каб не збіць, калі ён падлічвае кроплі ды ўнцыі ці ўзважвае і шпурляе інгрэдыенты ў кацёл… Яна і ад мяне хацела пазбавіцца, бо я таксама замінала яе вольнасці і прыгажосці… І рэчамі сябе не абкружала, і дом з садам не хацела мець – усё гэта непатрэбныя клопаты; яна жыла ў мэбляваных пакоях і не трымала ў іх нічога лішняга, акрамя ўбораў і пары вышывак, зробленых ад нуды… Хіба толькі ў старасці яна захапілася кулінарыяй, і то бавілася, бо ёй не трэба было карміць сям’ю… Так, засаліць агурочкаў па адмысловым рэцэпце ці спячы небывалы пірог, каб усіх здзівіць… Табе падабаліся яе пірагі…
– Я не памятаю, – я і праўда зусім не памятала ранняе дзяцінства.
– Яна толькі ў апошнія гады жыцця зразумела, чаго каштуе яе бясцэнная незалежнасць. У старасці воля ператвараецца ў адзіноту… Яна раптам успомніла, што ў яе ёсць дачка, унук, праўнучка… Стала прыязджаць да нас на Каляды і Вялікдзень – і заўсёды прывозіла саленні і выпечку. Яшчэ і вязаць навучылася, быццам без яе не было каму звязаць для цябе шкарпэткі ці капялюшык, – бабуля казала з дакорам, і цяпер я зразумела, чаму яна не брала ў рукі ні іголкі, ні вязальных пруткоў – не хацела ні ў чым быць падобнай да сваёй маці.
Бабуля паглядзела на мяне. Памаўчала.
– Як толькі я ўвайшла ва ўзрост, адразу з’ехала з Млынавага Раўчука. Чуць не хацела нічога пра маці і Грымсвотна. Знайшла працу, потым сустрэла твайго дзеда і выйшла замуж. Я спадзявалася ніколі больш не ўспамінаць мінулае. І падбіў жа вас чорт забрацца на гарышча.
Цяпер я зразумела, чаму прабабчыны рэчы дзесяцігоддзямі стаялі там неразабраныя, зразумела і бабуліну нелюбоў да бяздзейнасці, да лайдакоў і шарлатанаў, што вырабляюць дзейсныя зеллі для вытраўлення «непатрэбных наступстваў»…
– Гэты Грымсвотн табе не пара, – казала яна. – Ён распешчаны хлапчук, яму ўсё ў жыцці дастаецца лёгка, а тое, што дастаецца лёгка, зусім не шануюць. Не будзе ён шанаваць і цябе. Не звязвайся з ім!
І я не звязвалася. Ды і Лемюэль, не атрымаўшы адказу на свае пасланні, перастаў мне пісаць. Ключ з драконавай галавой я павесіла на шнурок і насіла на шыі, як напамін пра маю несусветную дурасць. Ды і наогул, у нас з гэтым ключом было шмат агульнага. Адзінота. Старамоднасць. Непатрэбнасць. Ён не ведае, дзе той замочак, да якога ён ішоў парай, і я не ведаю, дзе мая так званая палавінка. На зыходзе лета старому ржаваму ключу я давярала свае душэўныя пакуты. Смешна, ці не праўда? Ключ спакойна выслухваў мяне. Нават яму не было да мяне справы.