Читать книгу Разламашкі майстра Люфта (зборнік) - Кацярына Мядзведзева - Страница 7

Чараўнік для Дэйсі Мэй
Аповесць
Частка 6

Оглавление

Прайшоў тыдзень ці два. Я старанна цягала на душы свой каменьчык – ён не станавіўся лягчэйшым, але паступова я прывыкла да яго. Сям’я нічога не заўважыла, бо я не дазваляла сабе жалобіцца на людзях ці скардзіцца. Я раскладвала сукенкі для Эмы, давязвала апошнюю пару шкарпэтак з прабабуліных клубочкаў, дапамагала бабулі палоць градкі з морквай і сушыць на зіму кроп.

Яшчэ я пазіравала Алісе, якая раптам пастанавіла стаць выбітным партрэтыстам. Не ведаю, як твары, а жытнёвыя блінцы атрымліваліся ў яе нядрэнна. Гэта стала зразумела пасля першага ж майго партрэта, а ўсяго яна напісала іх пяць. Так, напісала, ніколі не кажыце мастаку, што ён «малюе», вы рызыкуеце нанесці яму смяротную крыўду. Мастакі пішуць. Нават калі іх творы больш за ўсё нагадваюць пярэсты дыван, на які хтосьці перакуліў паднос з кавай, джэмам і яечняй, лепш памаўчыце і паківайце з глыбакадумным выглядам, і тады вы застанецеся ў добрых стасунках. Вам жа ўсё роўна, а чалавеку прыемна.

Неяк за сняданкам цётка Аўгуста праглядала пошту. Штодня яна атрымлівала мноства лістоў ад сябровак. Гэта былі запрашэнні на каву, паштоўкі з паездак на воды, шматстаронкавыя апісанні нечых вяселляў і хрэсьбін, выкрайкі модных блузак, рэцэпты страў. Нікому, акрамя яе, лісты не прыходзілі, таму яна машынальна разрэзвала адзін канверт за другім, нават не паглядзеўшы на адрасата. І раптам дзесьці паміж аўсянкай і булачкай з маслам цётка Аўгуста сказала: «Вой!» – і мы ўсе паднялі галовы ад талерак.

– Дэйсі, ты не казала мне, што чакаеш ліста, – сказала цётка Аўгуста абвінавачвальным тонам і працягнула мне адкрыты канверт. Не ведаю, паспела яна прачытаць увесь ліст цалкам ці толькі першыя радкі, але да канца сняданку яна раз-пораз паглядала на мяне з сумессю здзіўлення і дакору. Нават не ведаю, чым яна была незадаволена больш: тым, што трапіла ў няёмкае становішча, прачытаўшы чужы ліст, тым, што яе падчарцы піша нейкі падазроны ананім, ці тым, што змест ліста быў загадкавым і незразумелым, а выхаванне не дазваляла цётцы накінуцца на мяне з пытаннямі. У такія моманты я выразна адчуваю, што я ёй не родная. З Алісы ці Эмы яна б усю душу вытрасла, не чакаючы канца сняданку.

«Мілая Дэйсі, – пісаў сэр Лемюэль Грымсвотн-малодшы, – прайшло ўжо шмат часу з моманту нашай сустрэчы, а я без перастанку думаю пра вас. Учора я перабіраў сямейны архіў і знайшоў адну надзвычай цікавую паперку. Буду рады, калі вы наведаеце мяне ў любы зручны для вас час і азнаёміцеся з гэтым дакументам. Магчыма, у ім змяшчаецца менавіта тое, што вы шукаеце. Нямышы перадаюць прывітанне і махаюць лапкамі. Ваш пакорлівы слуга Л.».

Я перачытала ліст тройчы, потым успомніла пра астылую гарбату. Усё сямейства глядзела на мяне. Вось так, дзякуючы сэру Лемюэлю-малодшаму, я стала крышачку бачнай.

Вядома, мне было да смерці цікава, што ж такое адшукаў у прадзедавых паперах сэр Лемюэль. Адрас злога чараўніка, які заваражыў мяне? Рэцэпт здабыцця бачнасці? Карту, на якой крыжыкам пазначана сакрэтнае месца, дзе закапана бутэлечка з патрэбным мне зеллем? А можа, фатаграфію прабабулі і прадзеда, дзе яны дружна паказваюць языкі і дражняцца?

Я ўзяла сябе ў рукі. Хопіць! Я больш не дазволю сабе адчуць надзею, каб потым ізноў не парэзаць рукі, збіраючы аскепкі пабітай мары. Гэтак па-мастацку разважаючы, я прыбрала ліст у скрыню з рукадзеллем і стала жыць далей. І толькі праз два тыдні, калі цётка Аўгуста з дочкамі паехала на нечы дзень нараджэння, я апавясціла бабулю, што адпраўляюся ў Млынавы Раўчук за пакупкамі. Я і праўда збіралася набыць трохі тасьмы і чарніл, так што зусім не хлусіла. Можа быць, і бабулі купіць чаго-небудзь? Шкіпінару, дзёгцевага мыла ці, магчыма, піва для смоўжавых пастак?

Бабуля пакруціла галавой.

– Я б не раіла табе звязвацца з гэтымі Грымсвотнамі, – сказала яна пахмурна. – Нічога добрага ты ад іх не дачакаешся.

Я прамаўчала. Тое, што бабуля не любіць Грымсвотна-старэйшага, я ўжо зразумела. Цяпер выявілася, што яе нелюбоў распаўсюджваецца на ўсё сямейства.

Сямейства ведзьмака. Цікава, можа, і праўнук зарабляе тым жа, проста мне не прызнаўся? Ды я ж і не пыталася…

Разламашкі майстра Люфта (зборнік)

Подняться наверх