Читать книгу Разламашкі майстра Люфта (зборнік) - Кацярына Мядзведзева - Страница 9
Чараўнік для Дэйсі Мэй
Аповесць
Частка 8
ОглавлениеЯ паехала дахаты засмучаная. А праз два дні зноў атрымала ліст. Гэтым разам цётка ўручыла мне яго яшчэ да сняданку, і ён не быў разрэзаны.
«Дэйсі, спяшаюся падзяліцца з табой радаснымі навінамі! – пісаў мой пакорлівы слуга Л. паспешным почыркам, так не падобным на акуратны почырк яго прадзеда. – Я распытаў матухну, і яна ўзгадала, што сакрэтнік у прадзедавым доме быў, і, ты ўяўляеш сабе, быў нават патаемны пакой. Мы з табой прашляпілі яго, хоць пра яго ведалі ўсе родныя, туды ўпотай хадзілі паліць мае дзядзькі і бацька, калі былі ў юным узросце, а мая цётачка Генрыета, хто б мог падумаць, нават цалавалася там з адным кавалерам, калі яшчэ вучылася ў школе. Менавіта там на гнутых ножках стаяў сакрэтнік з чырвонага дрэва ў стылі барока, прадзед часта пісаў за ім лісты. Дык вось, пасля яго смерці дом адышоў мне, як самаму многаабяцальнаму спадкаемцу па мужчынскай лініі, а астатнім сваякам было дазволена ўзяць любую рэч на памяць. І яны не разменьваліся на дробязі! Сакрэтнік павезла да сябе цётачка Мод. Ні пра якую патаемную шуфляду матухна мне не сказала, а яна абавязкова распавяла б, калі б ведала, з чаго я раблю выснову: шуфляда ўсё яшчэ захоўвае сваю таямніцу. Цётачка Мод жыве ў Млынавым Раўчуку, і я ўваходжу ў лік яе любімчыкаў, таму мы зможам нанесці ёй візіт у любы зручны для цябе дзень без папярэдняй дамоўленасці, цётачка цяжкая на нагу і не ездзіць па гасцях, а прымае іх у сябе. Прыязджай, мне не церпіцца вытрыбушыць сакрэтнік і даведацца нарэшце пра тваю страшную таямніцу».
Чытаючы ліст, з гэтымі доўгімі таропкiмi фразамі і незлічонымі коскамі, я нібы чула паспешлівы голас Лема. Спадкаемцы, цётачкі, таямніцы, – з якой цікаўнасцю ён разведваў уласную сямейную гісторыю, і якімі пацешнымі падрабязнасцямі была яна поўная. Я не стрымала ўсмешкі. І гэта ўсмешка, напэўна, дала нагоду маёй цётцы і сёстрам пляткарыць пра мне. «Мая падчарка атрымлівае лісты ад невядомага нам мужчыны з іншага горада», – выдатная тэма для плётак, калі б не кідала цень на ўсё сямейства. Я была ўжо занадта дарослай для выхаваўчых гутарак, таму цётка з маўклівым неўхваленнем назірала, як я збягаю ўніз па сходах і, не лічачы патрэбным больш прыкідвацца, паведамляю ўсім, што еду ў Млынавы Раўчук па важных справах. Прызнаюся шчыра, я цешылася не толькі таму, што таямнічае зелле восьвось зробіць мяне бачнай і прыкметнай, але і таму, што зноў убачу Лемюэля. І слова гонару, ён таксама быў рады мяне бачыць, ён сустрэў мяне на аўтобуснай станцыі і мы адразу адправіліся да цётачкі Мод.
Цётачка Мод аказалася ветлівай карпулентнай дамай нявызначанага ўзросту. Вы заўважалі, што худыя жанчыны ў старасці пакрываюцца сетачкай маршчын, як старадаўнія кітайскія вазы, а поўныя застаюцца пры гладкай скуры, як туга набітыя пухам падушачкі? Цётачка Мод уся складалася з падушачак, вобразна кажучы. І ўвесь у падушачках быў яе дом. Калі б існавалі вымяральнікі ўтульнасці, што ацэньвалі б інтэр’ер па ступені напоўненасці котачкамі, ружачкамі, рушачкамі, то ў доме цётачкі Мод такой утульнамер ашалеў бы, зашкаліў і назаўжды сапсаваўся. Але, увогуле, кароткачасовы візіт да гэтай дамы не мог нанесці сур’ёзнай шкоды чалавеку са здаровай псіхікай.
Цётачка сустрэла нас гарачымі абдымкамі. Пахла ад яе таксама, як ад утульнай і старадаўняй канапавай падушачкі – трохі кававым зернем, трохі зляжалай тканінай, трохі кніжным пылам, і да ўсяго гэтага прымешваўся цяжкаваты і салодкі пах прагорклых ад часу духоў. Нас правялі ў гасціную, пасадзілі на мяккую пульхную канапку, абклалі падушачкамі, сунулі пад ногі зручныя пуфы і прыняліся разглядаць. Для бессямейных пажылых людзей візіт маладога пляменніка з’яўляецца вялікай падзеяй, а ўжо калі гэты пляменнік прыводзіць з сабой незнаёмую дзяўчыну…
– Якія вы лапачкі, успомнілі пра старую цётачку Мод, – ціўкала яна, разліваючы гарбату па ўзорыстых кубачках і прысоўваючы да нас бліжэй цукерніцы і бісквітніцы, поўныя разнастайных страў. – Ах, Лем, дзетка, я ж памятаю цябе зусім малюсенькім, вось такусенькім, – і яна паказала вялікім і ўказальным пальцамі нешта, што памерамі нагадвала багоўку.
– Аднойчы ён запоўз пад стол, каб дастаць мячык, а потым падняўся на ногі і выцяўся галавой аб стальніцу, – звярнулася яна да мяне. – Як ён рыдаў, небарака! Мне давялося падарыць яму свой скураны футляр для акуляраў, ён любіў гуляцца з ім, ты памятаеш, Лемюэль? – зарагатала цётачка, як сава. – Ён трымаў у маім футляры жукоў-ванючак!
Лемюэль усміхаўся, чакаючы зручнага моманту, каб завесці гаворку пра сакрэтнік.
– Дэйсі, у вас ёсць браты ці сёстры? – тым часам дапытвалася цётачка. – сёстры? Гэта цудоўна. Калі ў сям’і шмат дзяўчынак, яны вырастаюць умелымі гаспадынямі, і старэйшыя могуць навучаць малодшых розным жыццёвым прамудрасцям, пакуль маці занята.
Бачыла б яна Алісу, падумалася мне.
– Вы ведаеце, Дэйсі, няма большага шчасця на зямлі, чым сям’я, – працягвала вухкаць цётачка Мод. – Я так рада, што дажыла да вяселля Лема. Ён мой любімчык, але такі педантычны і пераборлівы. Я ўжо думала, што ён ніколі не ажэніцца!
– Вяселле? – перапытала я здзіўлена і зірнула на Лемюэля, а ён (якая прыкрасць!) адвёў вочы, нібы яму было няёмка, што ўтаіў такі важны факт ад мяне.
– Спачатку я памкнулася была да краўца, – працягвала цётачка, – падумала замовіць новую сукенку. Але з іншага боку, тую глазетавую, з палярынкай, я апранала толькі два разы. Ах, Дэйсі, я люблю вяселлі, а вы?
Мне давялося прамямліць, што і я люблю іх таксама. Хоць насамрэч я цярпець не магу вяселлі. Можа, таму, што пышнае святкаванне ператвараецца потым у аднастайныя будні, і, гледзячы на сямейныя пары розных узростаў, што часта бываюць у нашым доме, я ніяк не магу зразумець: куды знік той бляск вачэй, тая святочная прыўзнятасць, чаму нядаўна ён насіў яе на руках і ўхутваў сваім шалікам, а сёння строга вымаўляе праз лішнюю лыжку цукру ці мізэрную пераплату за ваду, а яна глядзіць на яго з нянавісцю, калі ён павучальным тонам пачынае напышліва распавядаць прысутным, як трэба правільна выхоўваць дзяцей… Можа, я разважаю пастарэчы, але мне і сапраўды здаецца, што вяселле – наскрозь фальшывая падзея, дзе сталыя госці, што ўжо ведаюць праўду, прыкідваюцца, як могуць, каб не засмуціць наіўных маладых, якія лічаць, што менавіта ў іх усё абавязкова складзецца інакш… А можа, уся справа ў тым, што да нас – у дом цёткі Аўгусты – не прыходзяць па-сапраўднаму шчаслівыя пары?
– Нявесты заўсёды такія прыгожыя, – цётачка Мод уздыхнула. Мабыць, яна таксама падумала пра тое, што сама ніколі не была нявестай, што ўся гэта прыгожая частка жыцця мінула яе. А магчыма, скеміла, што бестактоўна размаўляць пра вяселле ў прысутнасці векавухі. – У мяне ўжо гатовы падарунак, – перавяла яна гутарку на іншае. – Выдатны дарожны несэсар, старадаўні, яму кошту няма.
Потым яна пагаварыла яшчэ пра падарункі, пра вясельныя торты, пра сябровак нявесты, якія не павінны быць ні прыгажэйшымі, ні вышэйшымі за маладую, і ў момант, калі цётачка ўспамінала пра маску для твару, якая надае ззянне нават праблемнай скуры (яна кінула на мяне поўны спачування позірк), Лемюэль не вытрымаў і ўставіў зусім не да месца:
– Дарэчы, пра маскі для твару, цётачка Мод, гэта ж вы забралі сабе той стары прадзедавы сакрэтнік з чырвонага дрэва? Я абяцаў Дэйсі паказаць яго, там вельмі цікавы ўзор на шкле.
– Так, так, – заківала цётачка, – ён у кабінеце. Я нічога там не чапала, нават у шуфляды не зазірала, толькі час ад часу выціраю пыл.
Мы з Лемюэлем падняліся і прайшлі ў кабінет. Прызнаюся, у мяне было цяжка на сэрцы. Я паспела прывязацца да гэтага сімпатычнага маладога чалавека і цяпер адчувала сябе ашуканай. Вяселле! Якое шчасце, што я не паспела закахацца.
– Не ведала, што ты збіраешся ажаніцца, – сказала я яму, калі дзверы кабінета адгарадзілі нас ад цётачкі Мод.
– Не паспеў табе сказаць, усё неяк выпадак не трапляўся, – вінавата адказаў ён. – Прабач.
Ёсць людзі, на якіх немагчыма сердаваць. Яны робяць розныя непрыемныя рэчы, а потым па-анёльску пакорліва прызнаюць свае памылкі, складваюць бровы домікам, трапечуць крылцамі і напускаюць на сябе журботны выгляд, так што табе даводзіцца яшчэ і суцяшаць іх, хоць пацярпеў менавіта ты. Не, Лемюэль не зрабіў нічога заганнага, ён і не абавязаны быў паведамляць пра свае матрыманіяльныя намеры практычна незнаёмай дзяўчыне, якую бачыць трэці раз за жыццё. Але ўсё адно я адчувала сябе кепска.
– Прымі мае самыя шчырыя віншаванні, – прагаварыла я. – Спадзяюся, вы будзеце шчаслівыя.
– Я ў гэтым цалкам упэўнены, – усміхнуўся ён сваёй самай шырокай усмешкай. – А цяпер давай пяройдзем ад цырымоній да справы і возьмемся за пошукі? Прынята лічыць, што маладым людзям, не злучаным вузамі шлюбу, нельга знаходзіцца без нагляду старэйшых. Цётачка Мод і пяці хвілін не выседзіць у гасцінай.
Ён меў рацыю. І тактоўна нагадаў, навошта наогул прывёў мяне, чалавека з вуліцы, у дом сваёй блізкай сваячкі, навошта марнаваў свой час, дапамагаючы шукаць, як у казцы – «тое, не ведаю, што». І мы сталі пастукваць і прашчупваць, рыпець і шамацець у пошуках патаемнай шуфлядачкі.
І мы яе знайшлі.
Лемюэль дастаў з кішэні прыгатаваны загадзя сцізорык, і праз імгненне тайнік быў раскрыты.
Вось толькі ніякай бутэлечкі з чароўным зеллем там не аказалася. Шуфлядачка была пустой.
Мы засмучана глядзелі на гэту пустэчу, не ведаючы, што сказаць адно аднаму, і тут у кабінет уплыла цётачка Мод.
– А, вы знайшлі схованачку, – сказала яна, і стала зразумела, што цётачка Мод усё ж не так абыякава ставілася да атрыманай спадчыны, як хацела нам паказаць. – Магу вас расчараваць, тайнік быў пустым. Ну, практычна.
– А што там было?! – выклікнулі мы з Лемам у адзін голас.
– Нейкі старажытны ржавы ключ, – паціснула плячыма яна.
– І ты, зразумела, выкінула яго, цётачка Мод? – ненатуральна абыякавым голасам спытаў пляменнік.
– Здаецца, не, – гэтак жа знарок абыякава адказала цётачка.
– А маглі б мы на яго зірнуць? – не вытрымала я. І цётачка не адмовіла госці.
Кожная жанчына – і маладая, і пажылая – абавязкова з’яўляецца ўладальніцай «куфэрка са скарбамі». Гэта можа быць і круглая кардонка ад капелюша, і бляшаная банбаньерка з пашараваным малюнкам на вечку, і ёмістая скрыначка для рукадзелля, і нават плецены кошык для пікнікоў. Усярэдзіне звычайна захоўваецца тое, што, з пункта гледжання іншых, павінна быць неадкладна адпраўлена на сметнік: кіпа старых лістоў, вееры і тэатральныя праграмкі, крыштальныя флакончыкі ад духоў і засушаныя букецікі, перавязаныя стужачкамі, гузікі ад неіснуючых сукенак, пальчаткі без пары, зламаныя брошкі, закамянеласці, якія былі ў мінулым жыцці шакаладнымі і мятнымі дражэ, паштоўкі з пачатым і сапсаваным віншаваннем, парваныя каралі, а таксама ключы, для якіх наўрад ці атрымаецца адшукаць замок.
Пакапаўшыся ў сваім куфэрку, цётачка Мод нарэшце знайшла тое, дзеля чаго мы, уласна, і прыйшлі да яе ў госці. Гэта быў цяжкі старамодны ключ, цяпер такіх ужо не робяць. Тоўстая шырокая бародка, таямнічыя пісьмёны, выгравіраваныя ўздоўж стрыжня, і галоўка ў выглядзе дракона, які кусае сябе за хвост.
– Прыгожы, – прамовіў Лем. – Цікава, якія дзверы ён адмыкае.
– Ён не падыходзіць ні да адных дзвярэй у доме твайго прадзеда, – сказала цётачка Мод, – і ў доме тваіх бацькоў таксама.
Мы здзіўлена ўтаропіліся ў яе. Хто б мог падумаць! У цяжкай на нагу даме, аказваецца, не згас дух авантурызму!
– Мне проста было цікава, што ж такога каштоўнага ўтойваў бацька, калі ён так схаваў гэту жалязяку, – нібы апраўдваючыся, сказала цётачка. – Але ўсё дарэмна. Гэты ключ ні ад чаго. Можа, з нас проста пакпілі, і ніякіх дзверцаў няма ўвогуле… Цётачка на здзіўленне хутка пагадзілася аддаць ключ нам. Не ведаю, як у Лема, а ў мяне не выходзіла з галавы карціна: вось цётачка прыходзіць у госці да сваякоў і, спаслаўшыся на мігрэнь ці стомленасць («прылягу ў гасцявым пакоі ненадоўга», «вазьму на кухні шклянку вады; не, што ты, я ведаю дарогу», «пайду папудру носік»), цішком абшуквае дом, спрабуючы адкрыць камоды, шыфаньеры, пісьмовыя сталы, шкатулкі з цыгарамі, дарожныя куфры ў каморы… Я насілу змагла ўявіць яе за гэтым заняткам. Да чаго ж дзіўныя і загадкавыя істоты – людзі. Думаеш, што ведаеш чалавека як аблупленага, а ён такія каленцы выкідвае.
– Так і ўяўляю сабе, як яна блукае па закінутым прадзедавым доме і калупаецца ў замках, – прагаварыў Лем, калі праводзіў мяне на аўтобусную станцыю. – Хто б мог чакаць такое ад Падушачкі Мод!
Мабыць, на маім твары штосьці прамільгнула, таму што ён паспяшаўся апраўдацца:
– Я не казаў табе, «Падушачка» – гэта сямейная мянушка цёткі з самага дзяцінства. Яна сама яе ведае і не крыўдуе. Гэта прадзед так празваў яе. Яна была самая кругленькая з усіх дзяцей і засталася такой дагэтуль.
– Ты шмат чаго мне не казаў, – сказала я ціха.
– Дэйсі, – ён узяў мяне за руку, – хопіць крыўдзіцца на мяне. Падумаеш, я не згадваў пра вяселле. Што добрага ў гэтых вяселлях? Цярпець іх не магу!
– Я таксама, – сказала я і забрала ў яго сваю руку. Не хапала яшчэ, каб пайшлі чуткі. Мала таго, што я векавуха, дык яшчэ пачнуць казаць, што жаніха з-пад вянца звесці жадаю. Як добра ўсё-ткі, што я даведалася пра яго хуткае вяселле цяпер, пакуль яшчэ магу справіцца са сваімі пачуццямі і не даць сімпатыі перарасці ў нешта большае.
Здаецца, яшчэ магу.