Читать книгу Разламашкі майстра Люфта (зборнік) - Кацярына Мядзведзева - Страница 6
Чараўнік для Дэйсі Мэй
Аповесць
Частка 5
ОглавлениеСонца ззяла высока ў небе, калі аўтобус прывёз мяне ў Млынавы Раўчук. Я некаторы час вагалася: зрабіць пакупкі зараз ці пасля візіту да чараўніка. Крамы маглі закрыцца. Але і паўстаць перад сэрам Лемюэлем нагружанай, як ослік, з парасонікам, сакваяжам і шматлікімі скруткамі ў руках, мне не хацелася. Што ён падумае пра мяне? Яшчэ прыме раптам за вандроўную гандлярку. Таму крамы я вырашыла пакінуць на потым.
Самшытавая вуліца адшукалася досыць хутка, і я сама не заўважыла, як дайшла да самага яе пачатку, дзе і стаяў у тупіку неабходны мне дом нумар адзін. Трэба сказаць, ён зусім не быў падобны да жылля чараўніка. Не тое каб я чакала ўбачыць цмока на газоне ці зграйку фей, што водзяць карагод вакол флюгера, але ўсё-ткі хацелася сустрэць нейкі знак. Я разумею, магія была пад ганеннем ва ўсе часы, і ніякі разважлівы чалавек не стане вывешваць над ганкам шыльду: «Яды, зеллі, вядзьмарства», але, будзь я чараўніцай, я б неяк намякнула на гэта, каб добрапрыстойным жыхарам навакольных мястэчкаў было лягчэй адшукаць маю хату. А вось дом сэра Лемюэля Грымсвотна намякаў, здаецца, на адно: «Тут і ў паміне няма ніякага чараўніцтва, вы памыліліся, ідзіце прочкі».
Я павольна прайшла ўздоўж жывой агароджы, зазірнула ў сад, праверыла брамку. Не замкнёна. Дарожка акуратна пасыпана пяском, у каменнай паілцы для птушак – вада, лужок перад домам пастрыжаны не так даўно, а каля кветніка з ружамі стаіць сіняя палівачка. Ці сэр Лемюэль даўно прадаў дом якому-небудзь аматару пакапацца на градках, накшталт маёй бабулі, ці ж у вольны ад вядзьмарства час ён любіць займацца садоўніцтвам. Ведаеце, у мяне ўзнікла дзіўнае пачуццё. Мне здалося, што я тут ужо была. Што я бачыла ўжо гэту сінюю палівачку, паілку для птушак, брамку з прымацаванай да яе паштовай скрыняй, кульгавы зэдлічак, укапаны ў зямлю пад грушавым дрэвам і стары ліхтар на верандзе. Дом, прысадзісты і традыцыйны, з зялёнымі стаўнямі і чырвонай дахоўкай, з флюгерам у выглядзе ўзброенага амурчыка – усё было цьмяна знаёма. Але ж я ніколі тут не была!
Фіранкі ва ўсіх вокнах былі захінуты, дымок з коміну не ішоў, і, мяркуючы па ўсім, гаспадара не было дома. Сад маўчаў, толькі паціху шамацела лісцем старая груша. Раптам штосьці шэрае – жаба ці мыш – шаснула ў траве, і я ўскрыкнула ад нечаканасці.
– Не палохайцеся, прашу вас, – раздаўся прыемны мужчынскі голас аднекуль зверху, і я здрыганулася зноў. Затым раздаўся такі гук, быццам хтосьці саскочыў з дрэва. Вы будзеце смяяцца, але першая мая думка была пра тое, што чараўнік толькі што прашамацеў перада мной у звярыным абліччы, а зараз абярнуўся зноў у чалавека і спяшаецца мяне супакоіць.
– Напэўна, мыш, – прамармытала я разгублена.
– Не, гэта не мыш, – запярэчыў мой суразмоўца, застаючыся нябачным.
Я разгублена аглядала зарасці маліны, кветнікі з рудбекіямі, высокія бэзавыя кусты. Так, здаецца, менавіта за бэзам мільгала белая кашуля. А то я ўжо спалохалася, што вяду гутарку з сапраўдным невідзімкам …
– Не мыш? – механічна паўтарыла я, і ён падхапіў, ці то спрабуючы пажартаваць, ці то проста гуляючы словамі:
– Так, так, менавіта, нямыш звычайны, у садзе пражывае цэлае сямейства. Яны не кусаюцца, не бойцеся! Нямышы сілкуюцца толькі кветкавымі пялёсткамі ды абрыўкамі нашых сноў. Добрых салодкіх сноў, – паспешна ўдакладніў ён, быццам я збіралася адкрыць сакваяж і прапанаваць нямышу звычайнаму чэрствы кавалачак свайго заўчарашняга начнога кашмару.
Я не знайшлася, што адказаць. У нейкі момант амаль паверыла ў існаванне гэтых нямышаў. Я ж прыйшла ва ўладанні чараўніка, так чаго ж дзіўлюся нябачным істотам? Здаецца, я больш падобна да сваёй бабулі, чым падазравала.
– Прашу прабачэння, я зусім страціў навыкі пачцівасці, – прагаварыў незнаёмец і выйшаў, нарэшце, на свет. – Жыву як пустэльнік. Здзічэў. Хутка ўжо сам, як нямыш, буду шарахацца ад людзей. Вы з’явіліся надзвычай своечасова, – ён пачціва пакланіўся, – магчыма, заўтра я ўжо і не ўспомніў бы чалавечую гаворку…
Я ва ўсе вочы глядзела на яго. Першы чараўнік, якога я бачыла жыўцом, а не ў кнізе казак! Ды і, шчыра кажучы, гэта быў першы мужчына, з якім я вось так проста гутарыла сам-насам. І гэта быў вельмі прывабны мужчына. Мабыць, ён сабаку з’еў у амаладжальных загаворах, таму што, не ведай я сапраўднага яго ўзросту, вырашыла б, што ён маладзейшы за мяне.
Як вядома, найвялікшы давер у людзей выклікае знешнасць паважнага дагледжанага мужчыны злёгку за пяцьдзясят. Сівізна, акуратная бародка, залатыя дужкі акуляраў, кішэнны гадзіннік на ланцужку, чыстая і дарагая адзежа. Вядома, чараўнікі – асаблівыя людзі. Можа, ім зручней апранацца ў спічасты каўпак і мантыю, не прычэсваць бараду і вусы ды насіць у нагруднай кішэні некалькі скарпіёнаў. Але той, хто стаяў перада мной, не выглядаў ні рэспектабельным прафесарам, ні экстравагантным ведзьмаком. Больш за ўсё ён нагадваў студэнта, які прыехаў дахаты на вакацыі. Манжэты выпацканы чарніламі, віхоры тырчаць ва ўсе бакі, бакенбарды густыя і доўгія, відавочна, адпушчаныя для самавітасці. Можа, гэта наогул не той, хто мне патрэбны?!
Нібы прачытаўшы мае думкі, ён страсянуў ускалмачанай шавялюрай:
– Дазвольце прадставіцца. Сэр Лемюэль Грымсвотн. Прашу прабачэння за мой жалосны выгляд! Запрацаваўся, дый гасцей не чакаў.
Ён правёў рукой па шчацэ, мабыць, згадваючы, як даўно не галіўся. Потым зірнуў на мяне. У яго поглядзе я прачытала цікаўнасць і лёгкае здзіўленне. Вой-вой, зараз жа, па правілах прыстойнасці, павінна была прадставіцца я, а сама маўчу і гляджу на яго, як на дзіўнага звера ў заасадзе.
– Дэйсі Мэй, да вашых паслуг, – і я пачціва ўсміхнулася, чакаючы якой-небудзь рэакцыі на знаёмае імя. Але рэакцыі не было. Ён ветліва глядзеў на мяне, чакаючы працягу. Як жа так? Ён не памятае маю прабабулю? Ці ён не зразумеў, што я яе праўнучка? Так і ёсць. Выглядае молада, а звычкі дзядоўскія. Памяць – гэта не зморшчыны, яе так проста не паправіш.
– Чым магу быць карысны? – спытаў ён.
– Я шмат чула пра вас, – сказала я. Гэта было няпраўдай, але ж усе так кажуць, калі хочуць зрабіць прыемнае суразмоўцу. – Сэр Лемюэль, вы выдатна выглядаеце. Для вашых гадоў вы трымаецеся малайчынай!
Здзіўленне ў яго вачах узмацнілася.
– Не думаў, што ўсё так дрэнна, – і ён ізноў правёў рукой па шчоках. – Бяссонныя ночы за працай, зразумела, не вельмі карысныя для колеру твару…
– Так, так, – нібы кітайскі балванчык, заківала я. – Асабліва, калі гаворка ідзе пра такую тонкую і карпатлівую працу, як ваша!
Ён слухаў мяне моўчкі. А я марудзіла, не ведаючы, як прыступіць да галоўнага. Калі ён забыўся пра маю прабабулю, бестактоўна нагадваць, бо гэта намякне на яго дзіравую памяць. Дый ліст, выходзіць, я прачытала чужы ліст, хай і незнарок, але паспрабуй прызнайся ў падобным…
Мабыць, мае думкі адлюстраваліся на твары. Калі я нервуюся, заўсёды чырванею.
Сэр Лемюэль раптам падышоў да мяне зусім блізка і ўзяў маю руку ў свае далоні.
– Дэйсі, мілая, што з вамі здарылася?
Ад дабрыні ды спагады я заўсёды размякаю. Слёзы тут жа набеглі на вочы, і дрыготкім голасам, ледзь стрымліваючы рыданні, я прагаварыла:
– Сэр Лемюэль, вы адзіны можаце мне дапамагчы…
Да таго моманту я і не падазравала, як моцна абрыдла мне маё жыццё. Шматлікія людзі гадамі і дзесяцігоддзямі жывуць, прыкідваючыся перад іншымі і перад сабой, што ў іх усё добра, што гэта іх уласны выбар, што не так ужо і дрэнна быць адзінокім і нябачным ці тоўстым і непрыгожым, ці бедным і хворым. У кожнага свой праклён, але не ў кожнага ёсць свой чараўнік, таму цяпер, атрымаўшы шанс на выратаванне, я трэслася як асінавы лісток.
Сэр Лемюэль ахвотна кіўнуў.
– Вядома, я дапамагу вам і зраблю ўсё, што ў маіх сілах, толькі скажыце, нарэшце, у якой дапамозе вы маеце патрэбу?
– Мая прабабуля… яна пісала вам пра мяне…
– Ваша прабабуля? Пісала? Верагодна, ліст згубіўся па дарозе, я яго не атрымліваў, – развёў рукамі ён. Небарака, зусім памяць адбіла.
– Не-не, – ласкава сказала я, імкнучыся не закрануць яго пачуцці, – ліст быў атрыманы вамі… але не цяпер… а шмат гадоў таму… Прыкладна трыццаць… ці дваццаць пяць… і вы напісалі прабабулі адказ…
– Трыццаць? Ці дваццаць пяць? – ён наморшчыў лоб.
– Мая прабабуля памерла дваццаць пяць гадоў таму, – кіўнула я.
– Спачуваю вам ад шчырае душы. Але, верагодна, тут нейкая памылка. Я ніяк не мог перапісвацца з вашай прабабуляй дваццаць пяць гадоў таму. Справа ў тым…
– Не, вы проста забыліся! Так бывае ў старасці, – бестактоўна перабіла яго я, ліхаманкава намацваючы ў сакваяжы абрывак ліста, але натыкалася то на лаўравішнёвую пляшачку, то на яблыкі. – Чакайце, адну хвіліначку…
– Справа ў тым, – паўтарыў ён тонам, якім дарослыя звычайна размаўляюць з дзецьмі, – што дваццаць пяць гадоў таму мне было два гады, і я яшчэ не ўмеў пісаць.
Вось калі б вам сказалі, што ўсё ваша астатняе жыццё на дварэ будзе ліць дождж і вы ніколі больш не ўбачыце сонца… Калі б вам сказалі, што ўсё астатняе жыццё вы не атрымаеце ніводнага кавалачка шакаладу, а сілкавацца будзеце выключна варанымі цыбулінамі… Калі б паабяцалі вам тое, пра што вы марылі шмат гадоў, а потым паказалі б – і адразу аднялі… Напэўна, тады б вы таксама, як і я, без сіл апусціліся б на першае, што патрапілася (у маім выпадку гэта быў нейкі дэкаратыўны валун, парослы мохам), ледзь стрымліваючы слёзы. Якое гора, якое няшчасце, я знайшла адрас, прыехала, заспела яго дома – а ён мала таго, што страціў памяць, дык яшчэ і зусім выжыў з розуму!
Але ўсё аказалася яшчэ горш.
Сэр Лемюэль Грымсвотн быў мёртвы.
– Мне здаецца, я здагадваюся, што ўвяло вас у зман, – сказаў ён разгублена. – Маё імя. Ведаеце, я не той, каго вы шукаеце. Я не сэр Лемюэль Грымсвотн. Дакладней, я сэр Лемюэль Грымсвотн, але не той. Я яго праўнук. Мяне і назвалі ў яго гонар гэтым недарэчным старадаўнім імем. А прадзед памёр вельмі даўно…
Я сядзела, агаломшаная гэтай весткай, а мой суразмоўца ўсё распавядаў і распавядаў пра тое, што прадзед адпісаў яму дом, што ён жыве тут адзін, імкнецца даглядаць за садам, а вось прыбіраць не хапае часу, і таму ён пакінуў сабе два пакоі, а астатнія замкнуў, і там ужо, напэўна, пылу па калена…
Сэр Лемюэль Грымсвотн-малодшы, дазвольце мне называць яго так, аказаўся вельмі прыязным і чулым маладым чалавекам. Ён не здолеў суцешыць мяне (ды і хто б здолеў?), але цярпліва дачакаўся, пакуль я апрытомнею, пасля чаго запрасіў у дом, напаіў гарбатай, забаўляў гутаркамі пра надвор’е ды садоўніцтва і старанна прыкідваўся, што не заўважае майго забітага выгляду. А мне так хацелася плакаць!
Мая сястра Аліса, захлынаючыся слязьмі, толькі прыгажэе: скура свеціцца, становіцца ружовай, вочы робяцца з шэрых ярка-блакітнымі і блішчаць – залюбуешся. Я ж, паплакаўшы, больш за ўсё нагадваю вараны бурак. Звычайна мяне гэта мала турбавала, бо, нават калі б мой твар стаў фіялетавым у жоўты гарошак, усё адно б ніхто не заўважыў. Але цяпер сэр Лемюэль Грымсвотн-малодшы глядзеў на мяне так, быццам яму і праўда са мной цікава, і мне, як ніколі, хацелася быць калі не прыгожай, то хоць бы не агіднай. І я гераічна стрымала слёзы.
– Якое ў вас лёгкае вясновае імя, – сказаў ён, мабыць, спадзеючыся зрабіць мне прыемнае.
Ды ўжо ж, прыемней няма куды. Не ведаю, пра што думаў мой бацька, калі называў мяне Дэйсі Мэй. Майская кветачка. Стакротачка. Ведаю толькі, што палову вартавых сабак, як і дойных коз, у нашай акрузе клічуць роўна гэтак жа. Ідзеш па дарозе, а на абочыне твае цёзкі пасвяцца. І калі шпацыруеш па прадмесцях не ў адзіночку, а з сёстрамі ды іх кавалерамі, то абавязкова якая-небудзь цётка зычна раўне на ўсю вуліцу: «Фані, ты падаіла Дэйсі Мэй?» ці з чужога двара данясецца зласлівае гырканне і вокрык: «Дэйсі Мэй, годзе ганяць кураў, а то зноў на ланцуг пасаджу!» Самыя выхаваныя і прыстойныя кавалеры Эмы, і тыя ў падобных выпадках не маглі стрымаць смяшок, скоса пазіраючы на мяне.
– Ваша імя таксама не са звычайных, – ветліва адказала я.
Ён чмыхнуў.
– Так, мае продкі верылі ў значнасць імёнаў. Славесная магія, ну, вы разумееце, – і ён зрабіў магічныя рухі рукамі. – Маё імя – гэта волаты, генералы і нават адзін вулкан.
Калі гарбата была дапіта, а твар мой вярнуўся ад надзвычайнай бледнасці да звыклага адцення жытнёвага блінчыка, сэр Лемюэль праводзіў мяне на гандлёвую вуліцу, а потым на станцыю, і я паспяхова прывезла дахаты пэндзлі з вавёрчынага хваста, адрэз ільнянога палатна, спецыі, прысмакі… і велізарны цяжкі камень на душы.
Калі не можаш змяніць сваё жыццё – прымі яго такім, якое яно ёсць. Трыццаць гадоў я жыла спакойна, змірыўшыся са сваёй доляй, разумеючы, што нічога не змяніць. У мяне добры характар, я заўсёды імкнуся вывернуць любую сітуацыю на добры бок. Але цяпер у майго жыцця з’явіліся два левыя бакі. Як ні круці – усе вузлы наверх…