Читать книгу Разламашкі майстра Люфта (зборнік) - Кацярына Мядзведзева - Страница 2

Чараўнік для Дэйсі Мэй
Аповесць
Частка 1

Оглавление

Мая прабабуля Дэйсі была выдатнай вышывальшчыцай. І калі зірнуць уважліва на яе працы, можа падацца, што яна ўсё жыццё марыла мець свой фруктовы сад. Я доўгі час была ў гэтым упэўнена, бо вышывала прабабуля квітнеючыя абрыкосавыя дрэвы, шэзлонгі і ліхтарыкі, сакавітыя яблыкі на галінках, каменныя паілкі для птушак, гронкі гліцыній, клумбы ды палівачкі. Звычайная рукадзельная магія: вышый сваю мару – і яна здзейсніцца. І хоць насамрэч ніякай мары не было, рукадзельная магія спрацавала і вышытае спраўдзілася. Але досыць своеасабліва.

Мне было пяць гадоў, калі прабабулі не стала. З’ехалася радня, нават самыя далёкія прыбылі развітацца разам з дзеткамі ды ўнукамі – нарэшце мне было з кім пагуляць. Дзяцей бралі з сабой і на могілкі (у нашым родзе так прынята) і, каб мы не шумелі ды не ўчынялі боек, нам раз-пораз совалі што-небудзь смачнае. Не занадта ўдаючыся ў сэнс таго, што адбывалася, мы стаялі за спінамі дарослых і ціха жавалі: хто яблык, хто персік, хто абрыкос. Абгрызкі і костачкі затоптвалі ў зямлю.

Мая прабабуля памерла дваццаць пяць гадоў таму. Цяпер вакол яе магілы высяцца фруктовыя дрэвы – яблыні, грушы, персікі, слівы. Я люблю прыходзіць туды ўвесну. Сяджу на лаўцы, а вакол мяне плыве празрысты кветкавы водар і сыплюцца далікатныя пялёсткі.

Я веру ў рукадзельную магію. І спадзяюся, што мая мара спраўдзіцца. Толькі хацелася б здзейсніць яе пры жыцці. Калі б толькі я ведала, як вышыць тое, пра што мару. З бытавымі, зямнымі жаданнямі ўсё проста: патрэбна хата – вышывай дахоўку ды ліштвы, імкнешся замуж – выкарыстоўвай схемы з сэрцамі, купідонамі ды галубкамі, якія нясуць два залатыя пярсцёнкі ў дзюбах, марыш пра дзяцей – шукай узоры з немаўляткамі…

А вось як вышыць нешта нематэрыяльнае? Не пальмы і мора, не куфар з манеткамі, а тое, што не назавеш словамі, для чаго няма малюнка? Я не ведаю і не ўмею. І таму павесіла на сцяну пустую рамку. Сімвалічна, так? І вельмі трапна адлюстроўвае галоўную праблему майго жыцця… Праўда, на наступны дзень давялося рамку зняць, бо яе ўбачыла мая цётка Аўгуста і выказалася ў тым сэнсе, што мая галоўная праблема – гэта благі густ і адсутнасць уяўлення пра прыгажосць.

Але насамрэч праблема мая ў іншым.

Я – невідзімка.

Не, не падумайце, мяне добра відаць тым, каму сумна і хочацца пачасаць языком. Малочніца Дора, згледзеўшы мяне на іншым баку вуліцы, не праміне загаласіць на ўсё горла: «Дэйсі, дзетка, стары бабулін шаль табе да твару! І зацыраваных дзюр зусім не відаць, гэтакая ты мастачка!» Суседка мадам Эклер, сустрэўшы мяне ў аптэцы, заўсёды гучна цікавіцца маім млявым страваваннем і раіць абавязкова выпіваць кубачак сыроваткі на ноч. Але вось маладыя людзі – што дзяўчаты, што юнакі – мяне не заўважаюць. Я для іх ніхто. Пустое месца. Нуль, а можа, і зусім адмоўная велічыня.

Знешнасць у мяне «нябачная». Бляклыя валасы, шэрыя вочы, амаль не заўважныя бровы ды вейкі, нават вяснушкі – і тыя нейкія няяркія. Такую знешнасць часам завуць «мышынай», але мне няёмка карыстацца гэтым параўнаннем. Бо калі ў пакоі з’яўляецца мыш, яна выклікае фурор: дамы віскочуць, падбіраюць спадніцы, могуць нават страціць прытомнасць, а джэнтльмены пагульваюць мускуламі і ператвараюцца ў адважных паляўнічых – пачынаецца шум, гам, весялосць. А калі ў пакоі з’яўляюся я, мяне не заўважаюць зусім.

Дантыст выглядае з кабінета, акідвае позіркам прыёмную і, гледзячы скрозь мяне, пытае ў сакратаркі: «На сёння больш ніхто не запісаны?» У аўтобусе кандуктар уздрыгвае ад нечаканасці, калі я спрабую купіць у яго квіток: «Прабачце, я вас не прыкмеціў». Бібліятэкар, ігнаруючы маю працягнутую руку з кнігамі, пытае чалавека, які стаіць за мной: «Што я магу вам прапанаваць?»

І я не ведаю, абсалютна не ведаю, што б магло быць намалявана на палатне з назвай «Жаданне стаць прыкметнай». Таму я не вышыла яшчэ ніводнай карціны, толькі празаічныя ручнікі, навалачкі, грэлкі на імбрычак. І наогул, я аддаю перавагу вязанню. Вязальная магія больш грубая і простая, яна грэе. А калі думаць з любоўю пра тых, для каго вяжаш шкарпэткі ці тоўсты шалік, то гэтыя людзі не будуць хварэць узімку, нават калі наядуцца ледзякоў. Шчырая праўда, я правярала.

Разламашкі майстра Люфта (зборнік)

Подняться наверх