Читать книгу Разламашкі майстра Люфта (зборнік) - Кацярына Мядзведзева - Страница 11

Чараўнік для Дэйсі Мэй
Аповесць
Частка 10

Оглавление

Наступіла восень. Бабуля ездзіла ў Млынавы Раўчук на кірмашы ўраджаю, я ўпарта заставалася дома, але потым адбылася выстава гарбузоў. Бабулін гарбуз урадзіўся неверагодна велізарны – сапраўдная карэта для дамарослай Папялушкі, – і ёй было не ўправіцца з гэткай аграмадзінай самастойна. Мы нанялі воз і адправіліся ў шлях. Каб апраўдаць расходы, бабуля везла зімовыя грушы і турнэпс, а я захапіла скрутак з вязаннем. Калі журуся ці нервуюся, я вяжу. Вязанне супакойвае. І гэтага заспакаяльнага навязалася так многа, што хоць у аптэку здавай.

Паездка ўдалася. Бабулін гарбуз заняў на выставе ганаровае другое месца і атрымаў медаль, і разам з медалём адразу ж быў набыты нейкім крамнікам для ўпрыгожвання вітрыны. Гандаль таксама ішоў паспяхова. У бабулі раскупілі ўсе грушы, я прадала некалькі шалікаў і каптуроў, і хтосьці прыцэньваўся да пальчатак, калі раптам бабуля пхнула мяне локцем убок.

– З’явіўся твой Грымсвотн, – буркнула яна, але, насуперак маім чаканням, у голасе яе не чулася злосці, а, хутчэй, цікаўнасць і лагодныя кепікі. Я падняла вочы – і праўда, Лемюэль прабіраўся праз натоўп, ад прылаўка да прылаўка, вышукваючы кагосьці. Няўжо мяне?

– Адзін твар з прадзедам… – прабурчала бабуля.

– Нарэшце я адшукаў вас! – звярнуўся Лемюэль да мяне чужым вытанчаным тонам, а потым павярнуўся да бабулі. – Летась на восеньскім кірмашы я купіў у міс Дэйсі гэтыя дзівосныя гамашы, – тут ён бесцырымонна закатаў калашыны і прадэманстраваў пярэстыя паласатыя гетры, якія я калісьці ўзяла з сабой для падарунка дзядку Грымсвотну і потым, павагаўшыся, уручыла Лему.

– Дзівосныя, цёплыя, яны так саграваюць мяне вечарамі! – працягваў ён. – Я распытваў усіх, але ніхто не ведаў, што гэта за майстрыха, адкуль яна. Цуд, што я знайшоў вас!

Твар бабулі выяўляў не больш эмоцый, чым турнэпс, што ляжаў перад ёй на прылаўку. Яна і брывом не павяла.

– Наперадзе зіма, і я хацеў бы, калі магчыма, замовіць у міс Дэйсі некалькі цёплых рэчаў, – замямліў нерашуча Лемюэль, прыкідваючыся гэтакім старым халасцяком, не ўпэўненым, што правільна кажа і паводзіць сябе ў прысутнасці дам.

– Ну, чаму б і не, – сказала бабуля суха.

– Тут непадалёк прадаецца выдатны кашамір, – Лемюэль махнуў рукой у нявызначаным кірунку. – Можа, мы пойдзем і адразу купім ніткі? Я хацеў бы рэчы ў карычневых тонах, але ведаеце, не з тых карычневых адценняў, якія характэрны для апалага лісця і лушпіння бульбы – не, я падумваў пра тоны кавы, шакаладу, магчыма, і кавы з вяршкамі, калі гэтыя колеры спалучаліся б у шырокай і вузкай палосцы, – мармытаў ён з прыдыханнем, як экзальтаваная паненка. Я з жахам чакала, што бабуля не вытрымае і выкажа Грымсвотну ўсё, што яна думае пра яго і яго продка.

– Ідзі, Дэйсі, – сказала бабуля, мякка ўсміхнуўшыся Лему. – Вы ўжо пасачыце за маёй унучкай, сэр. На кірмашы ўсялякі народ сустракаецца, а яна дзяўчына далікатная.

– О, не турбуйцеся, – акрыяў Лемюэль, – са мной ваша ўнучка ў поўнай бяспецы, – і ён узяў мяне пад руку і пацягнуў прочкі, у кірмашовую мітусню. Я са здзіўленнем азірнулася на бабулю, а яна ўсміхалася і нават міла памахала нам услед.

– Я ўбачыў вас у падзорную трубу і не змог уседзець дома, ведаючы, што вы прыехалі, – нібы апраўдваючыся, сказаў Лем, калі мы пакінулі рады агародніны. – Дэйсі, ты не атрымлівала маіх лістоў?

– Атрымлівала, – адказала я роўна.

– Чаму ж не пісала ў адказ? – шчыра здзівіўся ён.

Я загадкава ўсміхнулася, потым спытала атрутным голасам:

– Так якое адценне карычневага вы жадаеце, сэр? І няўжо ваша нявеста не ўмее вязаць, сэр? Які жаль!

– Дэйсі, не будзь такой злосніцай, – усміхнуўся Лем. – Вядома ж, мая нявеста ўмее вязаць, але я ёй забараніў. Яна ж такая прыгожая. А ў тых, хто пастаянна вяжа, пальцы з часам становяцца крывымі і нягнуткімі, псуецца зрок, а кончык носа наліваецца крывёй, як у п’яніцы, таму што майстрыха дзень і ноч сядзіць, схіліўшыся над вязаннем, – ён абурана пакруціў галавой, як прынц са старой казкі, якую ён мне цяпер распавядаў. – Не, мая нявеста ніколі не возьме ў рукі кручок ці пруткі! Я ёй не дазволю!

– Глядзі, як бы твая нявеста не ўкалолася верацяном і не заснула на сто гадоў, – не вытрымала я.

– Падумаеш! Я тады таксама ўкалюся і засну разам з ёй. А праз сто гадоў, калі мы прачнёмся, у свеце не застанецца ні кручка, ні верацяна, а ўсю адзежу будуць вязаць машыны. Вось паглядзіш, так і будзе!

Лемюэль быў майстар казаць дурасці з вельмі сур’ёзным выразам твару. Ён дасягнуў сваёй мэты: я ўсё-ткі засмяялася.

– Дэйсі, я думаў, што ты не атрымліваеш маіх лістоў, – сказаў ён. – А то б даўно паведаміў табе…

– Паведаміў што? – спытала я, з усяе сілы імкнучыся заставацца абыякавай. – Дату твайго вяселля?

– Паведаміў бы тое, – перадражніў ён мой тон, – што знайшоў драконавы куфар! Спадзяюся, ключ па-ранейшаму ў цябе?

Я паглядзела на яго з прыкрасцю. Толькі-толькі маё сэрца супакоілася, я выкінула з галавы ўсе надзеі і глупствы, стала жыць па-ранейшаму, ціха і непрыкметна, хвалюючыся толькі пра тое, як паспець звязаць больш зімовых панчох да Каляд. А тут ізноў ён, ізноў пачынаюцца сакрэты, ключы, куфры, схованкі, чароўныя зеллі, у існаванне якіх я ўжо амаль перастала верыць…

– Ключ у мяне, – сказала я, – але ведаеш, Лем, я больш нічога не шукаю.

Лемюэль паглядзеў на мяне задуменна і ўзяў маю руку ў свае цёплыя далоні, як тады, пры нашай самай першай сустрэчы.

– Дэйсі, я не ведаю мэты тваіх пошукаў, але, мне здаецца, гэта не ў тваім характары – спыняцца на паўдарозе.

– А калі там ізноў не будзе таго, што мне трэба? – прамармытала я, як маленькая дзяўчынка, якая марыць пакатацца на поні, але вельмі баіцца зваліцца, і хоча, каб яе ўгаварылі, паабяцалі, што ўсё будзе добра.

Але Лем нямоцна разбіраўся ў псіхалогіі маленькіх дзяўчынак.

– Ну добра, – сказаў ён. – Тады аддай мне ключ і я сам гляну, што там у куфры.

Я інстыктыўна схапілася за ключ, што вісеў у мяне на шыі пад адзежай.

– Аддаць? Не, я не магу…

– Не дуры, Дэйсі. Гэта прадзедаў ключ, ён належыць сямейству Грымсвотнаў. Я даў яго табе, бо думаў, што ты шукаеш штосьці жыццёва важнае, я хацеў табе дапамагчы… Але, здаецца, памыляўся, і цяпер прашу вярнуць мне маю маёмасць, інакш, буду вымушаны звярнуцца да палісмена. Дэйсі Мэй, вы ж не зладзейка?

Толькі пасля гэтых слоў я зразумела, што ён строіць дурня. Гэта і быў яго спосаб угаворвання маленькай дзяўчынкі. Лем зарагатаў, назіраючы, як з майго твару сыходзіць абураны выраз.

– Куфар знаходзіцца ў маёй састарэлай цёткі. Не, не ў Падушачкі, у іншай. Мы маглі б наведаць яе сёння, – ён памаўчаў. – Дэйсі, ведаеш, гэтыя твае пошукі заразілі і мяне. Цяпер я таксама страшэнна хачу знайсці «тое, не ведаю, што». Для цябе.

– Ну… Не ведаю… Калі бабуля адпусціць… – прамармытала я.

Бабуля адпусціла. Мне здаецца, яна наогул не чакала ўбачыць мяне сёння зноў, і калі мы падышлі да прылаўка, дзе высілася апошняя самотная купка турнэпсу, бабуля працадзіла, падлічваючы дробязь у вязаным кашальку:

– Ідзі ўжо. Вырашыла рабіць штосьці – дык рабі, а не дрыжы…

Разламашкі майстра Люфта (зборнік)

Подняться наверх