Читать книгу Разламашкі майстра Люфта (зборнік) - Кацярына Мядзведзева - Страница 3
Чараўнік для Дэйсі Мэй
Аповесць
Частка 2
ОглавлениеКалі маіх сясцёр у дзяцінстве пыталі, што яны любяць, Эма адказвала, што любіць маму і тату, Аліса згадвала слівавы ўзвар і прафітролі з персікавым джэмам, а я заўсёды маўчала. Таму што я люблю быць, проста быць. Быць дома ці ў садзе. Быць ля вады. Глядзець на дрэвы і траву, адчуваць скурай, як пячэ сонца ці кусаецца мароз. Слухаць, як стукае паціху дожджык. Вязаць. Чытаць. Думаць штонебудзь прыемнае. Марыць. Калі няма ні сябровак, ні жаніха, застаецца шмат часу на мары.
– Дэйсі, ты зноў сядзіш дома, – бурчыць бабуля. – Чаму не пайшла з сёстрамі на танцы? Чакаеш, што ў кавалераў прарэжацца трэцяе вока і яны ўбачаць цябе скрозь сцены?
Бабуля старамодная. Маладых людзей называе «кавалерамі» і здзіўляецца, што Эма ды Аліса не бяруць з сабой нататнічак і аловак – запісваць, каму абяцалі кадрылю. А зараз жа ўсё прасцей. Дзяўчыны пакорліва стаяць і чакаюць, хто іх запросіць. І іх запрашаюць. Амаль усіх. Акрамя мяне. Я ж невідзімка. Не, скрозь мяне не прасвечваюцца шпалеры, наадварот, гэта я зліваюся з імі. Ведаеце выраз «wall flower» – «прысценная кветачка»? Так завуць дзяўчат на балі, незаўважных настолькі, што ўвесь вечар яны праводзяць ля сценкі. Прастаяўшы так раз і другі, я палічыла за лепшае заставацца дома – там хаця б можна прысесці.
Мае ўлюбёныя колеры – лавандавы і экру. Але ў цёткі Аўгусты свая тэорыя.
«Яскравай знешнасці – спакойныя ўборы, – кажа яна, – сціплай знешнасці – эфектную абгортку». У перакладзе на чалавечую мову гэта значыць, што страхоццю накшталт мяне варта апранаць яркую адзежу, каб мінакі яшчэ здалёку, за тры кварталы, маглі заўважыць гэткую агіднасць і своечасова збочыць з дарогі. Кожны раз, калі мы адпраўляемся ў магазін гатовай вопраткі ці па тканіны, цётка купляе бледна-ружовае Алісе, палевае – Эме, а мне дастаецца фуксія ці аранж. Пэўна, цётка крыўдзіцца, што я не нашу ўсе гэтыя пярэстыя рэчы. Нічога, калі-небудзь яны зноў увойдуць у моду і мае ўнучатыя пляменніцы вельмі ім узрадуюцца. «Наша бабуля Дэйсі ў маладосці была заўзятая модніца», – падумаюць яны, і я не стану іх пераконваць.
Наогул, цётку Аўгусту варта было б называць мамай, але я не магу, бо была ўжо занадта дарослай, калі бацька прывёў яе ў хату. У пяць гадоў я раскідвала пялёсткі руж на іх вяселлі. Не падумайце, мяне ніхто не крыўдзіць і падчаркай не кліча, у цёткі Аўгусты цудоўны характар, і мае малодшыя сёстры – таксама лёгкага нораву, дружалюбныя і гаваркія, вось-вось выпырхнуць замуж. Яны пайшлі ў маці: цёмнавалосыя, смуглыя, высокія. А я – бледная, рудаватая, праставатая. Адразу відаць, што іншай пароды.
– З цыбуліны не вырасце ружа, – кажа пра мяне бабуля. А ўжо ў ружах бабуля разбіраецца, яна заўзяты садоўнік і агароднік. Наша бручка нават перамагла аднойчы на сельскагаспадарчай выставе акругі. Я не крыўджуся на бабуліны словы, якая там з мяне ружа. Калі казаць шчыра, такіх, як я, бяруць за лядашчую шыйку і выдзіраюць прэч з градкі, каб не псавалі від.
– Мне шкада Дэйсі, цяжка будзе знайсці ёй мужа, – сказала неяк цётка Аўгуста, папіваючы з сяброўкай пасляабедзенную гарбату ў садовай альтанцы.
– Так, не пазайздросціш небарацы, з гэтымі вяснушкамі яна падобна тварам на жытнёвы блінчык. На здобны румяны блінчык, – адказала чуллівая сяброўка.
Яны не ведалі, што блінчык палівае кветкі непадалёк і ўсё чуе. Здаецца, у той дзень я ўпершыню расплакалася з-за сваёй знешнасці. Раней я разважала проста: калі маме, на якую я, пэўна, падобная, пашчасціла знайсці сабе мужа, майго добрага і прыстойнага бацьку, то і я змагу сустрэць годнага чалавека, калі прыйдзе час.
Пасля ж той падслуханай гутаркі я зняверылася. Аказваецца, я непрыгожая. Калі мяне і заўважаюць, то я здольна абудзіць толькі жаль. Я стала радзей глядзець у люстэрка і часцей задумвацца. Цяпер, калі мне мінула трыццаць, я не задумваюся наогул. Проста жыву ды ўсё. Жытнёвы блінчык ці цыбуліна – ну дык што, не ўсім жа быць ружамі. Роля ўсеагульнай цётачкі-векавухі не такая ўжо і дрэнная. Буду вязаць шкарпэткі ўнучатым пляменнікам і збіраць іх усіх на Каляды ў сваёй вялікай і пустой хаце. А можа, гэта хата застанецца Алісе ці Эме, калі іх жаніхі апынуцца недастаткова багатымі, і тады я стану нахлебніцай на старасці гадоў. «Слівавы пудынг сёння атрымаўся выдатны», – скажу я за абедам, і ўсе здзіўлена павернуцца ў мой бок з тварамі: «Ой, хто гэта тут?»
Не думайце, я не жалюся на жыццё. Я з радасцю сустракаю кожны новы дзень, а калі і марнатраўлю часам разважаннямі, то выключна з нагоды шкоднасці і начытанасці, а не ад журбы. Журбой, на шчасце, ніхто ў нашай сям’і не пакутуе. Ды і навошта пакутаваць, калі ва ўсіх ёсць справы куды больш цікавыя.
Я абвязваю і абшываю ўсю сям’ю, бабуля садаводнічае, цётка Аўгуста кухарыць, і Эма ёй дапамагае, а самая наша малюпасенькая, Аліса, занятая больш за ўсіх: цэлымі днямі, з раніцы да позняй ночы, яна шукае сябе ў мастацтве. То пляце кошыкі з лазы, то піша санеты, то лепіць збаны, а ў апошні час сур’ёзна захапілася маляваннем на шоўку. Сям’я назірае за яе творчымі пошукамі замілавана і паблажліва. Так звычайна дарослыя глядзяць на маляня, якое «пячэ» кулічыкі з пяску: маўляў, няхай сабе цешыцца дзіцятка, ай-яй-яй, малайчына, як слаўна ў цябе атрымліваецца!
Я лічу, кожная сям’я можа сабе дазволіць мець на ўтрыманні адну творчую асобу. Двое, трое – гэта ўжо перабор, а адна – у самы раз. Тым больш, што ўсе займальныя справы – мыць, шыць, гатаваць ежу, выціраць пыл, – мы разабралі сабе. Што ж заставалася рабіць небарацы Алісе, як не паглыбіцца па самыя вушы ў мастацтва. Яна ўсё яшчэ не знайшла ў ім сябе, але і мастацтва яшчэ далёка не скончылася, таму ў хуткай будучыні, падазраю, нас чакаюць гукі флейты ці грук разца па камені, а можа, балет. Вядома, усё можа павярнуцца значна лепш, калі Аліса ўсёткі прыме прапанову каго-небудзь са сваіх шматлікіх прыхільнікаў і выйдзе замуж. Цётка Аўгуста спадзяецца на гэта ўсёй душой. Калі ў Алісы быў перыяд захаплення опернымі спевамі, цётка ледзь утрымалася ад звароту да паслуг свацці. Але, на шчасце, Аліса хутка пераключылася на складанне філасофскага трактата пра сутнасць быцця, а гэты занятак, як вядома, патрабуе цішыні.
Бацька, ледзь не забылася распавесці і пра яго. Бацька таксама жыве з намі, але лічыць за лепшае рабіць выгляд, што яго тут няма. Адзіны мужчына ў хаце, поўнай жанчын, ён бліскуча выконвае свае абавязкі: чытае газету за сняданкам, паліць трубку на верандзе пасля вячэры, разразае гусака за святочным сталом. Яго цёплае паліто вывешваюць улетку на сонейка праветрыцца, а шкарпэткі цыруюць з асаблівым стараннем, яго клапатліва накрываюць пледам, калі ён кладзецца адпачыць пасля абеду. Не ўпэўнена, што цётка чуе ад яго што-небудзь, акрамя «добрай раніцы», «дзякуй» і «дабранач», але гэта іх асабістая справа. Ды і не тое, каб цётка Аўгуста нудзілася па гутарках, маючы ў наяўнасці бойкую на язык свякруху, дзвюх вельмі гаманкіх дачок і адну маўклівую, але ўсё ж здатную да маўлення падчарку. Часам жа прыемна і памаўчаць.