Читать книгу Разламашкі майстра Люфта (зборнік) - Кацярына Мядзведзева - Страница 14
Чараўнік для Дэйсі Мэй
Аповесць
Частка 13
ОглавлениеЯны перакідваліся жартачкамі ўсю дарогу, а я безуважліва слухала. Не верылася, што хутка буду вызвалена ад чараў. Я аказалася негатовай да таго, што ўжо не трэба перажываць і цяжка ўздыхаць, а можна цешыцца і пачынаць новае, яркае, цікавае, бачнае жыццё. Шчыра кажучы, у гэтай чахардзе з пошукамі схованак, ключоў, куфраў і чароўных кніг я зусім забылася пра тое, што я невідзімка. Лемюэль і яго сямейства не давалі мне часу на гаротныя разважанні, і як жа тужліва мне было пры думцы, што цяпер скончыцца ўся гэта мітуслівая прыгода, я забяру сваю порцыю «самага дзейснага сродку», памахаю рукой і адпраўлюся дахаты. Мне так не хацелася развітвацца з гэтымі мілымі людзьмі, якіх я ўжо паспела палюбіць! Нават дзіўныя цётачкі сталі мне як родныя, а ўжо вяснушкаватая смешная Молі, і яе прыгожая добрая матухна, а ўжо Лемюэль, пра жаніцьбу якога ўсе толькі і размаўлялі! Як шкада, што мы пазнаёміліся з ім толькі цяпер, калі яго вясельны фрак ужо аддалі ў чыстку…
Думкі мае ішлі сваім парадкам, а ногі – сваім, і вось мы спыніліся ля прысадзістага двухпавярховага будынка. Гарэзліва мне падміргнуўшы, Молі схавалася за цяжкімі дзвярамі. На іх было напісана… напісана… чакайце, на іх напісана «Фармацыя»? Аптэка?!
– Як аптэка? Чаму? – разгубілася я.
– Бо містар Свіфт – аптэкар, – растлумачыў Лем. – Не ў булачнай жа нам яго шукаць?
– Аптэкар? Я думала, ён… ён… – я пасаромелася прамовіць слова «чараўнік», каб не паказацца смешнай. Так, у нашы дні чараўніцтва выйшла з моды. Вось і містар Свіфт асцярожнічае. Хто ведае, магчыма, чараўнікам даводзіцца плаціць у тры разы больш падаткаў ці афармляць зашмат дакументаў, вось і хаваюцца яны за аптэчнымі шыльдамі…
Лемюэль з чаканнем глядзеў на мяне, і мне раптам здалося, што ўсе мае думкі адлюстроўваюцца ў мяне на лбе, а ён чытае іх, ледзь стрымліваючы смех.
Тут дзверы аптэкі ляснулі і на вуліцу выскачыла Молі з невялікай бутэлечкай у руках. Дзяўчынка велікадушна працягнула яе мне са словамі:
– Трымай. Матухна мае рацыю, табе патрэбней. А я пачакаю наступнай порцыі, містар Свіфт сказаў, што сродак вельмі складаны і гатуецца амаль месяц…
Падзякаваўшы, я ўзяла бутэлечку ў рукі і пачала круціць яе, вышукваючы этыкетку, паперку з хоць якімі парадамі да ўжывання – тое, што звычайна пішуць на вырабленых хімічным шляхам рэчывах. Бо я не ведала, як трэба піць гэта зелле: удзень па чайнай лыжцы нашча ці залпам у поўню, стоячы на скрыжаванні сямі дарог?
– Што ты шукаеш? – спытала Молі. – Містар Свіфт не стаў налепліваць ярлычок, ён перадаў мне ўсё вусна. Змазваць трэба пяць разоў на дзень, з інтэрвалам у тры гадзіны, пасля стараннага ўмывання.
– Змазваць? Пасля ўмывання? – паўтарыла я. – Змазваць што?!
– Як што? – цяпер ужо здзівілася Молі. – Вяснушкі.
– А прычым тут вяснушкі? – я здзіўлена глядзела на яе.
– Як гэта прычым? – яна кінула хуткі погляд на Лема, але брат толькі паціснуў плячыма, таму што сам не разумеў, што ж мяне гэтым разам не задавольвае.
– Што ты мне прынесла? – з раптоўным жахам спытала я, гледзячы на бутэлечку.
– Тое, што ты і шукала, – пакрыўджана прагаварыла Молі, – самы дзейсны сродак ад вяснушак, рэцэпт з 87 старонкі, што ж яшчэ? Калі я цябе ўпершыню ўбачыла, то адразу зразумела, што менавіта ты хочаш знайсці ў прадзедавай кніжцы. Я цябе вельмі добра разумею! – цяпер Молі казала з жарам і запалам. – Я таксама цярпець не магу гэтыя рудыя плямы на твары, і абавязкова пазбаўлюся ад іх, і мая скура стане прыгожай і чыстай, і…
– Але прычым жа тут вяснушкі? – прагаварыла я. – Молі, Лем, вы ўпэўнены, што містар Свіфт правільна расшыфраваў запісы вашага прадзеда? На 87 старонцы павінна было быць нешта зусім іншае! Быць можа, у простага аптэкара не хапіла адукацыі і ведаў, каб правільна растлумачыць рэцэпт?
– Упэўнены, што містар Свіфт усё зрабіў правільна, – адказаў Лем сур’ёзна. – Сама памяркуй, Дэйсі, хто лепш прачытае запісы аптэкара, чым іншы аптэкар?
– Аптэкара? Што? Ты хочаш сказаць, што сэр Лемюэль Грымсвотн быў аптэкарам?
– Ну так, маг фармацэўтыкі, уладар глаўберавай солі і рыцыны, дрэсіроўшчык п’явак, а пры згасаючым месяцы ён яшчэ і зубы вырываў ахвотнікам…
Мяне нібы аглушыла, і ўсе словы Лема даносіліся здалёк, праз тоўстую заслону ашаламлення і смутку. Аптэкар. Сродак ад вяснушак. Змазваць пасля ўмывання. А як жа чараўніцтва? Як жа спосаб стаць бачнай і нарэшце зрабіць штосьці са сваім сумным жыццём? І чаму, чаму ж я за ўвесь гэты час ні разу не пацікавілася прафесіяй сэра Грымсвотна, а толькі чула тое, што хацела пачуць? Зразумеўшы, што слёзы кіпяць на вачах, я аддала Лемюэлю злашчасную бутэлечку і кінулася прочкі.
– Дэйсі, куды ж ты? – закрычала Молі разгублена.
А я і сама не ведала, куды. Мне хацелася скрозь зямлю праваліцца, абы толькі не стаяць цяпер побач з гэтымі цудоўнымі людзьмі, дабрыню і спагадлівасць якіх я так бессаромна выкарыстоўвала, распавядаючы пра «пытанне жыцця і смерці». А ў выніку аказалася, што я шукала ўсяго толькі рэцэпт ад вяснушак? О, якая насмешка лёсу. Якая пстрычка па носе. І па заслугах мне, па заслугах! Нудная, маркотная, няздольная падтрымліваць гутарку і жартаваць, нязграбная, непрыгожая і немаладая, я раптам уявіла пра сябе немаведама што. Зачараваная… Ды каму я патрэбна! Не, зачароўваюць шкодных і наравістых прыгажунь, а такую, як я, ніводны нармальны чараўнік і не заўважыць…
Я забегла ў нейкую цёмную падваротню і дала волю слёзам. Ох, як я кляла сябе, прыдуркаватую, за тое, што дазволіла разгуляцца фантазіям, за тое, што вышукала ў старадаўніх лістах словы, якіх там не было, а потым увяла ў зман незнаёмых мне людзей, блукала па іх дамах, выслухвала чужыя сямейныя гісторыі, ледзь не па шафах і кладоўках шнарыла. Божа, які сорам, якая ганьба! Аптэкар! А я напрыдумляла сабе невядома што! Маг і чарнакніжнік, стваральнік гамункулусаў, заклінальнік чарцей, ратавальнік дурных жытнёвых блінчыкаў… Не, з цыбуліны не вырасце ружа, бабуля правільна кажа.
Я рыдала, захінуўшы твар рукамі, як раптам хтосьці абхапіў мае плечы, асцярожна і моцна, і разгарнуў мяне да сябе. Я ўткнулася тварам у мяккую тканіну Лемавага сурдута і расплакалася яшчэ больш.
Калі вы жадаеце суняць нечыя слёзы, размаўляйце, смейцеся, іранізуйце, заводзьце гутарку пра надвор’е ці крычыце, толькі не абдымайце і не шкадуйце. Ад жалю да самога сябе ды атрымаўшы шчодрую порцыю спагады, чалавек рыдае яшчэ саладзей…
– Дэйсі, Дэйсі, што здарылася? – разгублена паўтараў Лемюэль і гладзіў мяне па валасах, а я плакала плачма, таму што ён так імкнуўся мне дапамагчы, а я…
– Чаму ты не сказаў мне адразу, што твой прадзед быў аптэкарам? – прагаварыла я скрозь рыданні. – Чаму?
– Дык ты ж не пытала, – сказаў ён, працягваючы мне насоўку, бо мая ператварылася ў мокрую, вартую жалю анучку. – Ты прыйшла тады на Самшытавую вуліцу і паводзіла сябе роўна гэтак жа, як шматлікія дзяўчыны і жанчыны, што прыходзілі сюды. Усе яны паўтаралі адно: «Пытанне жыцця і смерці!» – і закліналі мяне паказаць ім рэцэпт сродку ад бародавак ці для росту валасоў… Прадзед быў непераўзыдзеным майстрам па частцы жаночых сродкаў для прыгажосці, ты хіба не ведала? У мяне і думкі не было цябе падманваць, я шчыра хацеў дапамагчы…
Я рыдала.
– Дэйсі, Дэйсі, але што ж ты шукала? Што павінна было аказацца на 87 старонцы? – занепакоена спытаў ён.
– Сродак… ад нябачнасці… – скрозь сорам і слёзы вымавіла я. – Мая прабабуля… у лісце… Я думала, сэр Грымсвотн чараўнік… дапаможа мне… стаць бачнай… каб мяне нарэшце заўважылі…. Жыву ўсё жыццё, быццам мяне няма… і ўсе глядзяць скрозь мяне…
Тут Лемюэль выдаў нейкі дзіўны гук і сілай адвёў мае рукі ад заплаканага твару.
– Дэйсі, ну што ты! Што ты такое кажаш! Ты прыкметная! І нават вельмі прыкметная, – сказаў ён і прыняўся пальцамі выціраць слёзы, што каціліся па маіх шчоках. – Ты такая мілая і клапатлівая, тактоўная і выдатна выхаваная! І вяснушкі табе вельмі пасуюць. А калі ты стаіш спінай да сонца, яно прасвечвае праз твае валасы, яны залоцяцца і ззяюць, як смешны непрычасаны німб. І ты так кранальна запраўляеш валасы за вушы… А на ўказальным пальцы правай рукі ў цябе мазоль ад вязання. А калі ты ўважліва слухаеш, то схіляеш галаву набок, як маленькая разумная птушачка… А калі задумваешся ці нервуешся, пачынаеш выстукваць нейкі матыў пальцамі левай рукі… Я ўсё спрабаваў зразумець, што гэта, але так і не здолеў… Ты адварочваешся ад люстэркаў. І ніколі не грукочаш дзвярыма. І не зрываеш кветкі, якія табе падабаюцца, а толькі пагладжваеш пальцам пялёсткі. Ты мілая, слаўная, і проста немагчыма прайсці міма, не заўважыўшы цябе… трэба быць дурнем… ці сляпым…
Я слухала яго як у сне. Мне хацелася, каб гэты сон ніколі не заканчваўся, але дзесьці там, знадворку, у жорсткай рэальнасці ўжо звінеў званок будзільніка, і гэты будзільнік быў самых строгіх правіл.
– Але ж у цябе ёсць нявеста, – сказала я горка. – Навошта ты ўсё гэта кажаш мне, калі ёсць яна?
Ён нахмурыўся.
– Прабач. Ты маеш рацыю, гэта бязглуздая сітуацыя, недарэчная і брыдкая. Я павінен быў адразу табе сказаць, – мямліў ён, а я адчувала, што цёплая асалода ад яго слоў хутка згасае, і на змену ёй прыходзіць горкае, цягучае адчуванне пакінутасці і адзіноты…
– Мая нявеста, Дэйсі, ці разумееш, яна з тых дзяўчат, з якімі не ўсё так проста. Ты толькі не кажы маёй матухне, бо я нават яшчэ не зрабіў афіцыйную прапанову. Я збіраўся зрабіць надоечы, але ўсё адкладваў… Ведаеш, я страшэнна баюся, што мне адмовяць…
«Я б не адмовіла», – сумна падумала я. І мне зноў стала так шкада сябе! І на нейкае імгненне Лем зрабіўся мне непрыемны. Якое права мае ён стаяць тут і жаліцца на сваю строгую нявесту, якой ён баіцца? Мяне ж ён не баіцца, бо чаго мяне баяцца? Мне можна паплакацца ў камізэльку, я пашкадую, падбадзёру і дам добрую параду, а ён, як той міфічны мазгаклюй, расправіць крылцы і паляціць да сваёй нявесты з букетам ранункулюсаў у дзюбе…