Читать книгу Разламашкі майстра Люфта (зборнік) - Кацярына Мядзведзева - Страница 4
Чараўнік для Дэйсі Мэй
Аповесць
Частка 3
ОглавлениеАднойчы сястра Аліса забралася на гарышча. Вырашыла зрабіць там майстэрню ці студыю – не ведаю, як правільна называецца месца, дзе творчыя людзі творча раскідваюць і развешваюць прыгожыя дробязі і рупліва робяць выгляд, што «ствараюць». Дык вось, сястрыца разграбала скрынкі, кардонкі, бляшанкі – і знайшла прабабчыны рэчы. Аказваецца, іх як прывезлі пасля яе смерці, так яны і прастаялі дваццаць пяць гадоў у замкнёных куфрах, ужо дакладна не спадзеючыся калі-небудзь ізноў убачыць сонечнае святло. Неадкладна Аліса паведаміла пра знаходку сям’і.
Цётцы Аўгусце не было калі «перабіраць розны старажытны хлам», да таго ж прабабуля была для яе абсалютна чужым чалавекам. Бацька, у сваёй флегматычнай манеры, толькі паціснуў плячыма. А бабуля паставілася да пачутага з дзіўным халадком, але аддала нам ключы ад куфраў, і мы з Алісай і Эмай сунулі ўнутр свае цікаўныя насы.
Скарбаў знайшлося нямала. Сёстры падзялілі паміж сабой прабабчыны ўборы – такі фасон якраз вярнуўся ў моду, – і нават мне дасталася адна сукенка, пры выглядзе якой сустрэчныя не ўздрыгвалі б і не сплёўвалі ўпотай праз левае плячо. Сціплае, бледна-блакітнае з ружачкамі, яно вельмі вылучалася з чарады іншых, пярэстых і яркіх, таму і не спадабалася малодшанькім. Аліса ўзяла баа і вееры, мудрагелістыя капялюшыкі і пальчаткі, шкатулку з біжутэрыяй і статуэткі. Гаспадарлівая Эма рашуча прысунула да сябе стос прасцін, скруткі з карункамі, сталовае срэбра, аднесла на кухню кулінарныя кнігі ды прабабчын вышыты фартух. А рукадзельнае прыладдзе і гатовыя вышыўкі ў зашклёных рамках сёстры велікадушна аддалі мне.
Гэта было сапраўды вельмі прыемна – сядзець на падлозе ў сваім пакоі і перабіраць прабабчыны запасы. Ніткі мулінэ яна сплятала ў рознакаляровыя косы, канву згортвала ў акуратныя рулончыкі, захоўваючы нават самыя маленькія кавалачкі, – а што, як спатрэбіцца квадрацік, каб вышыць манаграму на насавой хустачцы ці метку на бялізне? Гаплікі для вязання ляжалі ў невялікай касцяной шкатулачцы, вязальныя пруткі – у доўгім драўляным футаральчыку з разьбой. Яшчэ я знайшла прыгожую падушачку для іголак, вышытую крыжыкам ўпрыгожаную на бакавінках яркімі пацеркамі. Праўда, у ёй не было ніводнай іголкі, але гэта неістотна, у мяне досыць сваіх. Не адшукала я і няскончанай вышыўкі. А скончаных было роўна дзесяць, і я, крыху падумаўшы, развесіла іх на сцяне ў сваім пакоі. Усё лепш, чым пустая рамка. Цётка Аўгуста ўхваліла мой выбар.
Клубкоў мне таксама дасталася шмат. Якасная воўна самых прыдатных для зімы адценняў – жоўтыя, чырвоныя, блакітныя, зялёныя і аранжавыя тоўстыя ніткі, да якіх не дабралася моль. Адны клубочкі былі тоўстыя, іншыя – усяго на пару радкоў, але гэта добра, я таксама заўсёды захоўваю рэшткі воўны: не хопіць на цэлую панчоху, але досыць, каб пусціць палоску кантраснага колеру. Яркія паласатыя рэчы вельмі цешаць узімку, калі вакол усё чорна-белае і халоднае. Магія, старажытная магія колеру, цяпла і ўмелых рук, што з любоўю ствараюць вопратку для сваіх блізкіх. У нашай сям’і ніхто не хварэе на грып, з чаго я раблю нясціплую выснову, што магія мая працуе добра. Ці, прынамсі, добра працуюць цёплыя і ўтульныя швэдары, шалікі і каптуры, якія я вяжу.
Звязаўшы тры пары паласатых шкарпэтак, я даведалася аб прабабулі шмат цікавага. Аказваецца, яна збірала замежныя манеткі з паруснікамі ці дубовымі лісткамі на рэверсе, заколвала капялюш смешнай шпількай з сінім папугаем, любіла чырвонае віно, італьянскія арэхі і чырвоныя мятныя цукерачкі. І вельмі не любіла змотваць ніткі ў клубок проста так, таму брала пачатак ніткі на ўсё, што траплялася ёй пад руку. Пасля шостай пары шкарпэтак у маім рукадзельным кошыку сабралася вялікая калекцыя прабабчыных прывітанняў: коркі з вінаграднымі лозамі і срэбны напарстак, шаўковая стужка і арэхі, манеткі і брошка, шпілька і стары алавяны салдацік, ледзянцы ды абгрызак чорнага аловачка для броваў. А пасля восьмай пары шкарпэтак я высветліла нешта цікавае пра сябе, бо ў сярэдзіне чарговага клубочка хаваўся абрывак вельмі дзіўнага ліста.
Спехам выдраная чвэртачка тонкай жаўтаватай паперы была шчыльна спісана абапал.
Я бачыла не так шмат почыркаў, бо лістоў мне ніхто не піша, але мне ўсё ж ёсць з чым параўнаць. Напрыклад, мая сястра Эма цярпець не можа пісаць. Калі ёй даводзіцца складаць спісы для пакупак ці перапісваць у сшытак кулінарны рэцэпт з жаночага часопіса, узятага ў бібліятэцы, яна пыхкае і надзімаецца, выводзячы літарку за літаркай так, быццам упершыню іх бачыць. Літаркі гэтыя таксама пыхкаюць, напаўзаюць і адтоптваюць адна адной ногі, завальваюцца ў розныя бакі, нібы Эма забылася дадаць у сваё славеснае цеста змацавальнага яечнага парашку.
Почырк цёткі Аўгусты – шпаркі і рашучы, як і яна сама. Яе літаркі стаяць, як салдацікі, выцягнуўшыся па стойцы «смірна», адна любата чытаць. Прыгожы почырк і ў Алісы, хоць завітушак і крэндзеляў магло быць і менш, але з творчымі людзьмі заўсёды так – нават у самых простых рэчах яны імкнуцца намудраваць, гэта ў іх называецца «самавыяўленне». Што да майго почырку, ён акруглы і павольны, мне падабаецца выводзіць літару за літарай, спрытна счапляючы іх хвосцікамі, быццам я не пішу, а вяжу чарговую панчоху. Зрэшты, вязанне ў мяне атрымліваецца значна лепш: у ім не наставіш кляксаў, і пяском пасыпаць звязанае таксама, на шчасце, не трэба.
А вось у чалавека, які напісаў прабабулі гэты загадкавы ліст, почырк быў ідэальны. Раўнюткі, адмысловы, вытанчаны. І хай кажуць, што графалогія – гэта лжэнавука, але почырк распавёў мне шмат пра аўтара ліста.
Чалавек гэты абвык пісаць часта і шмат, ён заўсёды быў упэўнены ў сваіх словах, нікуды не спяшаўся, але і не спазняўся; абдумваў сказанае, нічога не выпраўляў і не пэцкаў, почырк яго быў лёгкачытэльны і прыемны. Любоўныя прызнанні, напісаныя гэтай рукой, мелі б поспех. Праўда, у выпадку з маёй прабабуляй ліст быў сяброўскі. І, хутчэй за ўсё, жаночы, бо з аднаго боку гаворка ішла пра засолку агуркоў. А вось на адвароце загадкавая незнаёмка пісала пра мяне. Таму прабабуля і захавала гэты абрывак, і, мяркуючы па абтрапаных краях, доўга насіла з сабой. А потым гэтая паперка трапілася ёй у рукі, калі трэба было зматаць чарговы клубочак, і яна схавала маю таямніцу на доўгія гады… Можа, яна жадала распавесці мне пра гэта, калі я падрасту, але не паспела? Хто ведае… Зрэшты, у маім апавяданні занадта шмат шматкроп’яў, таму ад бяздзейных разважанняў дазвольце перайсці да фактаў і працытаваць тое, што так нечакана звалілася да мяне на калені, абвязанае чырвонай ваўнянай ніткай…
Усяго пара радкоў: «…чакаю з нецярпеннем твайго прыезду. А што да тваёй праўнучкі Дэйсі, на жаль, дарагая сяброўка, мая магія тут бяссільная, на дзяўчынку накладзены чары значна мацнейшыя за мае. Чары гэтыя – …»
Ці трэба казаць, што я разабрала па шарсцінцы ўсе астатнія клубкі ў пошуках працягу? На жаль, сам ліст, хутчэй за ўсё, быў спалены ў печцы ці выкінуты прэч, таму што прабабуля не адрознівалася сентыментальнасцю і не захоўвала лісты, дзённікі, запісачкі ды іншыя папяровыя сведчанні жыцця. Прынамсі, у яе рэчах мы не сустрэлі ні звязкі любоўных пасланняў, ні штодзённіка, ні нават малітоўніка. Нішто не магло праліць святло на гэтую заўвагу пра чараўніцтва.
І вось што дзіўна. Даведаўшыся пра чары, я не спалохалася і не заплакала, не. Я адчула неймавернае палягчэнне. Зачараваная! Вось чаму мяне не заўважаюць на танцах, а суседкі глядзяць спагадліва, і цётка ў краме, выбіраючы «элегантнае» для Алісы і «спакойнае» для Эмы, заўсёды просіць «што-небудзь паяскравей для старэйшай дачкі». Гэтулькі гадоў я вінаваціла сябе ў тым, што бязглузда і сумна распараджаюся падараваным мне жыццём, а цяпер высветлілася, што я невінаватая, што ўсё было б зусім інакш, не давядзіся камусьці накласці на мяне моцныя чары. Я ўздыхнула з палёгкай, быццам нейкі нябачны суддзя грукнуў малаточкам і нарэшце, праз трыццаць гадоў чакання, вынес мне апраўдальны прысуд.