Читать книгу Маўчы і будзь хітрым (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 10

Таварыш Маўзер
VІІІ

Оглавление

Падзеі, што адбыліся ў гуманітарным універсітэце, атрымалі вялікі розгалас па ўсёй сталіцы і нават за межамі краіны. Канечне, у буржуазна-дэмакратычнай краіне, якой-небудзь Гішпаніі ці Нямеччыне, аніякай няёмкасці і збянтэжанасці не было б. Ну выступіў з прамовай лідэр апазыцыі, ну і што? Сабака брэша, а караван ідзе. Але ў краіне, дзе чынавенства са скуры вылузваецца, каб дагадзіць вышэйстаячым уладаносьбітам – наадварот, у агмень ганебнага здарэння падкідваюць паліва, каб ён палаў і разгараўся.

Тэрмінова створаная рэктарам камісія з удзелам дасведчаных спецыялістаў універсітэта сыстэмна і хутка вяла вышуковую працу. Апытанне ўсіх выкладчыкаў, тэхнічных работнікаў, навучэнцаў і саксупаў[10] не дало вынікаў. Праз тыдзень уедлівай і ўпартай працы камісію запрасілі на паседжанне рэктарата універсітэта.

Вось на гэтае паседжанне, папярэдне вывучыўшы ўсе матэрыялы і шматкроць перагледзеўшы тэлезапіс святкавання, і прыехаў першы намеснік міністра Сымон Апанасавіч Мардзюховіч.

Перад паседжаннем, будучы ў габінеце ўдвох з рэктарам, намеснік напружана і цяжка маўчаў. Рэктар Сцяпан Ахмедавіч П’янкоў цярпліва трываў гэтую прамаўчанку і, нарэшце не вытрымаўшы, зазначыў: – Прынамсі той, хто ажыццявіў гэтую акцыю, – здольны і нават таленавіты чалавек.

– Ніхто і не сумняецца, што Зіновій Позьні таленавіты самародак.

– Так, але адзін, нават і таленавіты, чалавек гэткае дзейства не ажыццявіць. Трэба не менш за дзве ці тры асобы, каб правесьці ідэалагічную дыверсію. Калі б было больш, мы б ужо ведалі. Значыць, двое ці трое! Можна толькі здагадвацца…

Мардзюховіч зірнуў на П’янкова ўрачыста і чамусьці вабна, быццам хацеў выйграць сто тысяч еўра ў латарэю, і дзесьці ў глыбіні ягонай таемнай чыноўніцкай душы рэктар здолеў угледзець след напружанай увагі.

– Цябе можна павіншаваць, Сцяпан Ахмедавіч. Я ведаў, што ты здольны, але не ведаў, што да такога ўзроўню. Паваліць самога Пятакова, гэтага чужога «крата», запушчанага ва ўніверсітэт. Усё міністэрства і нават сам гаспадар у захапленні.

– З пэўных крыніц маеш звесткі? Дзякуй, але гэта не я. Не правакуй мяне, гэта не я.

– Шкада, калі не ты. Мне прамова Зіновія Позьняга спадабалася, і не толькі мне. Шчыра і трапна. Ёсць некаторыя вельмі ўплывовыя людзі ва ўладных колах, што пагадзіліся з ідэяй аб чорных жалобных повязях замест юбілейных медалёў і значкоў да таго часу, пакуль не будзе ўзноўлены і адбудаваны Савецкі Саюз.

Мардзюховіч пранікліва зірнуў у твар П’янкову, убачыў толькі яго збянтэжанасць і разгубленасць і дадаў: – Дарэчы, я хачу цябе папярэдзіць. Ёсць ва ўладных колах і другія ўплывовыя асобы, якія катэгарычна нязгодныя з выступам Зіновія Позьняга. Яны будуць слухаць, нюхаць, выглядаць хоць год, пакуль не знойдуць крайняга. Новая буржуазія не хоча вяртання феадалізму, няхай сабе і сацыяльна абароненага.

Рэктар, напята хаваючы сваю няўпэўненасць і нервовасць, перайшоў да канкрэтыкі і прапанаваў сваю версію падзей.

– У нас ёсць на прыкмеце некалькі неардынарных студэнтаў. Да прыкладу, «таварыш Маўзер» і ягоны сябар, пяцікурснік Паддубскі, ёсць яшчэ некалькі чалавек, што зацікаўленыя, каб утапіць прафесара… А прафесара Пятакова шкада.

Рэктару трэба было стварыць такое агульнае меркаванне ў кіраўнічых колах, дзе прафесар быў толькі ахвярай непрыемнай падзеі. Нельга было дазволіць узнікнуць нават і ценю думкі, плёткі ці гіпотэзы, што рэктарат універсітэта, крый божа, мае нейкае дачыненне да гэтага непрыемнага і вельмі двухсэнсоўнага здарэння.

Сымон Апанасавіч моўчкі гартаў справу «ідэалагічных дыверсантаў», азіраў гаспадарчым вокам шыкоўны габінет, углядаўся ў рэктара, у ягоны шыкоўны пільчак, гадзіннік «Ролекс» на руцэ і прыкідваў, колькі дзесяткаў тысяч даляраў здымае ва ўласную кішэнь з нівы вышэйшай адукацыі Сцяпан Ахмедавіч. Рэктар адчуваў цяжкасць моманту і, дастаўшы з сейфа пачатую бутэльку арманьяку – намеснік міністра любіў добры каньяк, хоць і не злоўжываў, – разліў у два кілішкі. Мардзюховіч адмоўна пахітаў галавой – кепскі знак, – кілішка не ўзяў і ў роздуме запытаў: – Стрэлачнікаў шукаеце? Доказы ёсць? Доказаў, як я ведаю, няма. Абодва вашыя «дыверсанты» маюць алібі, бо на момант выступу Зіновія Позьняга знаходзіліся ў зале. Я разумею, што калі ворагаў няма, то іх ствараюць, каб зваліць на іх уласныя хібы. І чаму табе шкада прафесара? А сябе не шкада? Пятакоў стварае ворагаў на роўным месцы, гэтаму яго калісьці вучылі ў спецвучэльні. Яму выгадна знішчаць маладых і таленавітых канкурэнтаў. А нам сёння патрэбныя педагогі, сейбіты, садоўнікі, што шукаюць і ствараюць таленты, узгадоўваюць будучых лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі. Тых, хто не рынецца па даляры на Захад. Будзе працаваць на Радзіме, дзеля Бацькаўшчыны, гэта значыць, на нас з табой.

Рэктар ледзь не вываліўся з крэсла: дзяржаўная канцэпта мянялася на вачох.

– А што падумае і скажа Масква? – асцярожна вымавіў рэктар. Намеснік міністра не адказаў на пытанне, і гэткі ягоны крок уваходзіў у запланаваную размову. Няхай думае. Калі пачне сумнявацца ды звяртацца некуды яшчэ, пойдзе ўслед за прафесарам. Намеснік не хацеў казаць, што Масква нарэшце сама зразумела каштоўнасць беларускай, як, дарэчы, і ўкраінскай дзяржаўнай ідэі для расійскага выжывання.

– Нам патрэбны не проста здольныя, а таленавітыя, прафэсійныя. Ад няздараў у нас у вачох зацемкі пачынаюцца. Добры фільм зняць не могуць. Усё грошай не хапае. Колькі ні давай – усё мала. І вынікаў аніякіх. Балбатуны, шпегі, саксупы. Інтрыгі, даносы, заціранні, вынікі дробныя і неканкурэнтныя. Працаваць няма каму. Твой Пятакоў усё жыццё прашвэндаўся ў контрвыведцы, прафукаўшы там вялікую дзяржаву, а сёння ўжо прафесар гісторыі і філасофіі! Навуковец?!

Твар у рэктара Сцяпана Ахмедавіча П’янкова нібыта скамянеў і выпраменьваў непрыхаваную нязгоду.

«Сёння ж разнясе па ўсіх інстанцыях, – зразумеў намеснік міністра. – Не ў нос іхняму кодлу. Хочуць і далей імітаваць дзейнасць, браць хабар і не трымаць адказнасці. Ну-ну. Прыйдзецца табе, Сымон Апанасавіч, закасваць рукавы».

Намеснік міністра ўзняўся, каб ісці на паседжанне тэрміновай і надзвычайнай камісіі, марудна рушыў па габінеце да дзвярэй, змрочны і злосны, з моцна прыхаванай застарэлай роспаччу ў душы, якой так і не ўгледзеў рэктар.

10

Саксуп (наватвор) – сакрэтны супрацоўнік.

Маўчы і будзь хітрым (зборнік)

Подняться наверх