Читать книгу Маўчы і будзь хітрым (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 13

Ах, белы цеплаход…

Оглавление

І

Ёсьць такая мэтода дзеяньня: не хавацца, а наадварот вытыкацца з сваім дзействам, гэтак і зрабіў дырэктар кансэрвна-гароднінага камбінату Сердзюкоў, калі ўзяў і падвёз пасьля працоўнага дня тэхноляга свайго заводу Машу Коваль да ёйнага дому. І не проста падвёз, а выйшаў з легкавіка, адчыніў дзьверкі аўдзі, доўга трымаў яе прыгожую руку ў сваёй мужнай, мужчынскай руцэ, тлумачыў ёй нейкія гаспадарчыя праблемы і глядзеў, глядзеў, глядзеў на Машу. Канечне, там і было на каго паглядзець.

“Чароўна створана і файна намаляваная”, – так аднойчы прамовіў пра Машаньку кум Антось, калі ўбачыў яе ўпершыню. Пастава яе была з той хвалюючай аўрай, што прысутнічае ў рэдкіх жанчын, а абрысы былі вымаляваны прыродай з пачуццём бездакорнага густу і меры. Твар нардычны, шырокі, з прамым носам сьведчыў аб моцным фізычным і духоўным здароў і, каса папяловых валасоў цякла да самых сцёгнаў, і смелы позірк сініх вачэй. Яна стаяла каля веснічак ўласнага дома і глядзела ўсутыч сваім разумным позіркам на Сердзюкова, які ад гэтага розуму, што свяціўся з вачэй і ўсёй сьвежай чароўнай аўры маладой жанчыны, зьбянтэжана спрабаваў казаць нешта значнае, каб неяк захаваць – як яму здавалася – рэшту свайго рэйтынгу.

– Вы падумайце і з сваімі прапановамі прыходзьце да мяне. А мы разгледзім і падтрымаем.

Маша Коваль была маладая жанчына. Але, як кожная прыгожая жанчына, мела жыццёвы досьвед, які дазволіў ёй зразу ўбачыць, што дырэктара шчыра цікавіць яна сама, а ня новыя сучасныя тэхналёгіі па вытворчасьці садавіна-гароднніных вырабаў.

– Да пабачэння, спадар дырэктар, – прамовіла ў адказ прыгажуня ў каляровай ядвабнай сукенцы, што файна аблягала чароўную паставу, у дадатак ад тэмбру ейнага надзвычай прывабнага жвавага голасу ў Алега Дзянісавіча нешта ёкнула знутры ягоных вантробаў і ён з жахам адчуў, што згарэў, як той кацап пад Воршай – канчаткова і без усялякіх магчымых адменьняў.

Дырэктар зь цяжкасьцю ўтаймаваў сваю ўсхваляванасьць і вырашыў покуль заканцаваць з ваяжом, бо па вуліцы пад восеньскім дожджыкам ішлі пад парасонамі і азіраліся на іх тутэйшыя местачковыя людзі, грамадзяне і пралетары…

Быў канец рабочага дня, увесь тыдзень восеньскімі днямі было хмарна, зрэдку ішлі дажджы. Іншы раз паміж бела-шэрымі хмарамі ў нечакана і неверагодна сініх прагалах неба прарэзваўся сонечны промень і асьвечваў зямлю, жоўтае лісьце на дрэвах, у лужынах і на глебе. Потым ізноў набеглыя восеньскія хмары пырскалі дожджыкам. Лета прайшло, пакінуўшы пасьля сябе журбу па прамінулым.

Сердзюкоў стаяў побач з Машай, стрункі, на галаву вышэй за яе, моцны, з крамяным тварам мужчына, што прывык валадарыць жыццём, у светлых летніх штанах і прыемнай крэмавай прыталенай кашулі з чырвоным карватам. Ад яго ішоў водар мужчынскай парфумы. Цёмныя валасы густой кароткай стрыжкай ахіналі галаву. – Маладыя спэцыялісты заўсёды прыносяць новыя ідэі. Чакаю і ад вас ідэй, – зацвердзіў Сердзюкоў і, разьвітаўшыся, пайшоў да сваіх камбінатаўскіх аўдзі па жоўтай сцяжынцы з жвіру, пераступаючы люстэркі дробных лужын.

“Да дому не запрасіла на гарбату, – думаў ён, падыгрываючы самому сабе і намагаючыся набыць страчаную раўнавагу, зрабіцца адважным і нахабным, – …а магла. Значыць, разгублена, ня ведае, як сябе паводзіць. Нічога, разьбярэцца, а не дык людзі патлумачаць”. З гэтымі сваімі звыклымі думкамі дырэктар камбінату Сердзюкоў сеў у легкавік, уставіў касэту з модным шлягерам у радыёмагнітафон і пад вясёлую і ўзнёслую песню: “А теплоход по морю плыл. Бежали волны за кормою. И ветер ласково морской, развеселясь, играл с тобой…”, ён газануў і імкліва ад’ехаў.

Тутэйшыя камбінатаўскія пляткаркі, што вельмі чуйныя да ўсяго, што адбываецца на сардэчных абшарах працоўнага калектыву, адразу зразумелі ўтвораны расклад і ў хуткім часе лісьліва завохкалі:“…Ах, ах, якая пара! Яны проста створаныя адзін для аднаго. Як шкада Алега Дзянісавіча, які мужчына! А як дбае пра калектыў…”

ІІ

Па гарадку хутка пачала рухацца камбінатаўская дзейка, ціхай вужакай яна перапаўзала з аднаго вуха ў другое, покуль не дайшла да кума Антося. Кум быў на крытым рынку і, стоячы ў чарзе за смятанай, сваім дасканалым вухам паляўнічага учуў, як уперадзе яго дзябёлая матрона з літровым пустым слоікам шаптала знакамітай у горадзе шаройцы ў рудой турэцкай скуранцы: – Чула, наш Дзянісавіч нарэшце паклаў вока на тэхноляга Марыну Коваль.

– Ты што? – зусім натуральна зьдзівілася тая і тут жа з нейкай неўтаймаванай хцівасьцю запытала: – Ну, а яна што?

– Яна як заўсёды. Упарціцца. Падымае сабе кошт. То нашаму Дзянісавічу не ўпершыню. Тыдзень, месяц, а сваё возьме. Спэц, майстар!

У апошніх словах матроны чуць прыкметна калыхнулася захапленне, змешанае з зайздрасьцю і лёгкім сумам. Калісьці, здаецца, зусім нядаўна, яна таксама была аб'ектам палкай увагі для ўплывовых мужчын.

– Але ж Марына не падобна на каханак. І сям’я ў яе дай Бог кожнаму, і муж… – выказала недавер ейная сяброўка.

– Ты, Ніна, мне яшчэ будзеш тлумачыць. Ніхто яшчэ ад сябе не адкінуў, калі само ў рукі плыве. Ведаеш, быў такі пісьменнік Дзюма. Ён заляцаўся да адной тры месяцы! Тры! І сваё ўзяў. Вось гэта мужык. А наш Дзянісавіч яшчэ больш круты, чым той Дзюма, – у голасе жанчыны прагучала нешта, што можна было параўнаць з гонарам за свайго дырэктара.

– Дзюма таленавіты. Мулат, ня піў…

– Наш таксама ня п'е, а таленту ня менш, чым у таго Дзюмы, – пераканана зазначыла матрона, хлябнула з слоіка толькі што налітай смятаны і зачыніла накрыўкай гарлавіну. Уся чарга, даведаўшыся пра чарговае захапленне дырэктара кансервна-пладоваягаднага заводу, паціху рухалася да гандляркі, абмяркоўваючы пачутую навіну.

Кум Антон у вялікім одуме пастаяў, скіраваўшы свой збянтэжаны позірк уверх, дзе марудна плыла шэра-белая вата вераснёўскіх хмар, і, не купіўшы смятаны, пакрочыў да кума Петрака, які быў мужам гэтай самай Машы Коваль. Абодва былі заўзятыя паляўнічыя і зазвычай выязджалі на паляванне Петраковым запарожцам. Таму ён цяпер зажурыўся, бо ведаў сталёвую, як у бульдога, чэпкасьць і неабмежаваныя магчымасьці дырэктара-курвеля, што разбурыў у горадзе ўжо некалькі да гэтага рахманых і як быццам шчасьлівых сем’яў. Спачатку курвелю яшчэ спрабавалі біць пысу, але, як толькі ён стаў дырэктарам, дабрацца да ягонага твару стала няпроста. Ля дзяржаўнага карыта, якім быў завод, сілкаваліся розныя вялікія і маленькія ўплывовыя людзі, у тым ліку і з ахоўных ворганаў, бо ўсе людзі хочуць добра харчавацца. Скаргі ж пралетараў у вышэйшыя ворганы не мелі посьпеху. Акрамя таго гэты самы “Дзюма” быў курвелем таленавітым, нават абаяльным, добрым арганізатарам, увішным і жвавым чалавекам і па некаторых прыкметах меў на тое адметныя якасьці, каб карыстацца цікавасьцю ў жанчын. Шмат хто з мясцовых кабет, па назіраньні Антося, у глыбіні душы былі самі ня супраць пакахацца з мясцовым казановам.

Маўчы і будзь хітрым (зборнік)

Подняться наверх