Читать книгу Маўчы і будзь хітрым (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 8
Таварыш Маўзер
VІ
Оглавление… Надышоў святочны дзень, якога больш за ўсіх чакаў ужо прафесар Пятакоў. Яму гэтае ўдала праведзенае дзейства адчыняла шлях да далейшай кар’еры. Добра распрацаванае і падрыхтаванае святкаванне кацілася па рэйках, госці ўсклалі кветкі да вечнага агню, наведалі Хатынь і Курган Славы, сустрэліся з гарадскімі патрыятычнымі моладзевымі арганізацыямі. Урэшце, набыўшы моцнае жаданне падсілкавацца, запрошаныя доўга і ўзнёсла палуднавалі ў сталоўцы універсітэта. Пасля святочнага абеду, гадзіны ў чатыры, пачалі збірацца ў актавай зале на ганаровае паседжанне. Пасля меўся адбыцца традыцыйны святочны канцэрт і ўжо познім вечарам – святочная вячэра.
Арсен Аляксеевіч ззяў шчаслівай усмешкай чалавека, які здзейсніў сваю адвечную мару. Ён гасцінна гнуўся праваруч і хітаў галавой леваруч, ціскаў працягнутыя далоні, раздаваў візітоўкі, сам атрымоўваў запрашэнні і заверы ў сяброўстве і любові. Непрыкметны дагэтуль дацэнт імкліва падымаўся па стромкіх прыступках рэйтынгу, на вачох вырастаючы ў асобу дзяржаўнага і нават міждзяржаўнага ўзроўню.
Лідэр дэмакратычна-ліберальнай партыі, сам выдатны папуліст, актор і красамоўца, заможны і ўпэўнены Леў Сафаравіч Задулаў пранікліва і сур’ёзна трымаў руку наваспечанага прафесара ў сваёй нечакана моцнай далоні, уважліва слухаў, кідаючы позіркі вакол, потым рашуча, пераблытаўшы імя, сказаў: – Паможам, Руслан Аляксеевіч, і матэрыяльна, і фінансава. Чаму ж не памагчы…
Задулаў разбагацеў дзякуючы партыйнай дзейнасці, на перапрадажы іракскай нафты, пасля чаго адразу набыў грамадзкую і палітычную вагу ў краіне.
Спрытна і прафесійна пачаў прафесар Пятакоў вечаровае паседжанне.
– Господа… – прамовіў ён у прыціхлую залу, запоўненую гасцьмі, студэнтамі, дыпламатамі, прадстаўнікамі ўрадавых структур, бізнэсоўцамі.
Затым красамоўна выказваўся амбасадар Расіі, нехта з тутэйшых дыпламатаў, важка гаварыў Леў Сафаравіч, воплескі лёгкім шумам падтрымлівалі ўзнёслую аўру свята. Усё было як заўсёды, некаторыя з калег прафесара, пабачыўшы нечакана высокі ўзровень атрыманага дзейства, зайздросна казалі між сабой, што Пятакоў можа свідраваць дзюрку ў пільчаку для дзяржаўнай узнагароды… І канечне насурочылі, змяюгі падкалодныя, гэнаму ўдала працякаўшаму мерапрыемству…
– Уважаемые друзья, сейчас перед вами… – У дынаміку ў гэты момант нешта трэснула і зашыпела, і далей зноў загучаў голас Арсена Аляксеевіча, – …несколько неожиданнаяличность – лидер опозиции Зиновий Позьний, – Арсен Аляксеевіч вымавіў гэтыя страшныя словы на ўсю залу ўрачыста, і чамусьці са здзіўленнем паглядзеў на мікрафон. Зала насцярожана маўчала. Воплескі гучалі, але не набіралі патрэбнай сілы.
Між тым па дывановай сцежцы ходка, упэўнена, цвёрда і непахісна ўжо ішоў знакаміты на ўсю Беларусь Зіновій Позьні, у цёмна-сінім строі пры гальштуку, чамусьці ў файнай чорнай падводніцкай пілотцы з кукардай «Пагоня», з добра вядомай усёй краіне мужнай харызмай важака і лідэра. У зале ўсталявалася цішыня, толькі расійскія госці, адчуўшы незвычайнасць імгнення, перапытвалі тубыльцаў:
– Кто это? Он масон? Сколько он имеет миллионов?
Зіновій Позьні ўзышоў на трыбуну і, нахіліўшы галаву да мікрафона, сказаў: – Шаноўнае спадарства! У гэты святочны дзень я віншую грамадзян незалежнай Беларусі з Днём Перамогі, за якую тры мільёны нашых суайчыннікаў паклалі свае жыцці.
Моладзь, што прысутнічала ў зале, нібы ачуняўшы, нечакана так грымнула вадаспадам воплескаў, што ажно галубы, якія сядзелі на франтоне універсітэта, спужанай снегавой гурбой рынуліся ў сіняе неба, а напалоханыя нечаканым і невядомым гулам кіроўцы легкавікоў рэзка гамавалі пасярод Грунвальдскай плошчы, нарабіўшы з паўтузіна ДТЗ.
Зіновій Позьні, дачакаўшыся, калі воплескі заціхлі, рашуча кідаў у залу рэвалюцыйныя думкі аб злавесным хаўрусе імперыялістычных дзяржаваў. Усталявалася мёртвая цішыня, у якой было добра чуваць, як у сярэдзіне залы, у восьмым радзе, пахропваў ветэран адзінай на ўсіх перамогі, стомлены за дзень беганіны, экскурсій і франтавых ста грамаў, лысы, у абвешаным медалямі і значкамі палкоўніцкім мундуры.
Зіновій Позьні ўладарна падняў руку і сказаў словы, якіх ніхто ад яго не чакаў і якія імкліва пранесліся па ўсёй зямной кулі, выклікаўшы радасць у прыгнечаных і бедных і ледзяное здзіўленне ў элітаў панавальных нацый: – Сябры, сёння сярод нас – тыя ўжо нешматлікія людзі самаадданага пакалення, што выратавала цывілізацыю ад карычневай чумы. Прэзідэнт Штатаў Франклін Рузвельт некалі зазначыў, што калі б не гераічны Савецкі Саюз, то гітлераўская Германія існавала б яшчэ чатырыста гадоў. Не было ў той гістарычны час сілы, акрамя савецкіх людзей, што магла перамагчы фашызм. Сёння сярод нас франтавікі! Тыя, хто некалі падымаўся ў наступ пад смертаносным шквалам нямецкіх кулямётаў! Хто стаяў дзень і ноч ля станкоў і мартэнаў, плавіў сталь, вырабляў патроны і снарады, танкі і самалёты для фронту. Яны сучаснікі герояў, што ляглі мёртвымі пад Ржэвам у страшных 41–42 гадох! Яны помняць тых, хто камандаваў ротамі і паклаў жыццё ў ледзяных траншэях Ленінграда і Сталінграда!
У іх памяці высечаны словы, выказаныя ў трагічным, бязлітасным 41 годзе: «Братья и сёстры!.. К вам обращаюсь я, друзья мои… Нас постигла большая беда… Коварный враг обрушился на мирную жизнь советских людей…». Гісторыя – гэта не стрункі і прамы праспект Скарыны. Ветэраны ведаюць, што Вярхоўны Галоўнакамандуючы неаднойчы казаў у вузкім коле дзяржаўных асобаў: «Нам не хапіла для падрыхтоўкі да вайны паўтара – два гады»…Пасля бліскучай і трагічнай перамогі як цудоўна застацца жыць і пражыць яшчэ пяцьдзесят ці шэсцьдзесят гадоў, нарадзіць дзяцей, дачакацца ўнукаў і праўнукаў, жыць у спакоі і міры, з забяспечанай старасцю. Але шмат хто з уцалелых франтавікоў і ветэранаў зараз употай думае, што лепш было гераічна загінуць разам са сваімі аднапалчанамі, калі не ў 41-м, дык у 45 годзе, чым дачакацца цяперашніх часоў, калі мінулае падвяргаецца адмаўленню і ганьбе. Сёння марнее памяць пра велічныя гады, калі савецкі чалавек быў далучаны да вялікіх перамог: Днепрагэс і сталінскія пяцігодкі, Перамога і надзейная абарона дзяржавы, палёт у космас і харчовая бяспека краіны, народная адукацыя і народная ахова здароўя, тысячы вялікіх і маленькіх перамог, і кожны сумленны чалавек быў не толькі ўдзельнікам, але і пераможцам. Ніводнае жыццё не прайшло марна, кожнае мела сэнс. Франтавікі і ветэраны, яны маўкліва пытаюцца ў нас: ці можна сёння святкаваць нашую Перамогу ўзнёсла і эйфарычна, калі нашая Краіна разбураная? Калі іхных рабочых і сялянскіх унукаў і праўнукаў навучаюць варожым звычкам і адчуванням?…Сёння мы ўжо «господа»?! Якія мы «господа»? Мы – таварышы, супольныя гаспадары Айчыны – дзеці, унукі і праўнукі рабочых і сялян!
Падчас вайны Вярхоўны сказаў наркому Шахурыну, і ягоныя словы сучасныя сёння, як ніколі: «Які я вам таварыш!? Я вам не таварыш, я што абяцаю, тое і выконваю, а вы мяне ашукваеце, значыць, вы не таварыш! Давайце хутчэй маторы, тады будзем таварышамі!» Як мы сёння радуемся, калі нас хваляць заходнія СМІ, і ўкідваемся ў маркоту, калі замежныя масмэдыя нас хаюць і ганьбяць… У пачатку лістапада 1945 года цэнтральны савецкі друк змясціў вытрымкі з хвалебнай прамовы У. Чэрчыля аб СССР. Ужо 10 лістапада 1945 года правадыр накіраваў з адпачынку (у той момант ён цяжка хварэў пасля інсульту) тэлеграму Молатаву, Маленкову, Берыі і Мікаяну. Вось тэкст гэтай тэлеграмы: «Лічу памылкай надрукаванне прамовы Чэрчыля з ухваленнем Расіі і Сталіна. Ухваленне гэтае патрэбнае Чэрчылю, каб утаймаваць сваё нячыстае сумленне і прыхаваць сваё варожае стаўленне да СССР… Друкуючы такія прамовы, мы памагаем гэтым господам. У нас маецца цяпер нямала адказных работнікаў, якія прыходзяць у цялячае захапленне ад пахвалаў з боку чэрчыляў, трумэнаў, бірнсаў і, наадварот, укідваюцца ў скруху ад кепскіх выказванняў з боку гэтых гаспод. Такія адчуванні я лічу небяспечнымі...»
Шмат у каго з нацдэмаў існуе мроя, што буржуазія дазволіць нам пабудаваць незалежную і сувэрэнную нацыянальную дзяржаву. Дарэмныя спадзяванні! Буржуазію заўсёды цікавіў уласны капітал, прыбытак і яшчэ раз прыбытак. «Няма тых злачынстваў, на якія не пайшла б буржуазія дзеля прыбытку», – некалі казаў класік марксізму. На ХІХ з’ездзе КПСС у кастрычніку 1952 года Правадыр зазначыў: «Раней буржуазія лічылася галавой нацыі, яна змагалася за правы і незалежнасць нацыі, падымаючы яе “вышэй за ўсё”. Цяпер не засталося і следу ад “нацыянальнага прынцыпу”. Цяпер буржуазія прадае права і незалежнасць за даляры. Сцяг нацыянальнай незалежнасці і нацыянальнага суверэнітэту выкінуты за борт».
Мы, людзі першай у свеце рабоча-сялянскай краіны, атрымалі страшную паразу ў «халоднай вайне», ператварыліся ў пралетараў бяз будучыні. Хцівыя «вшывыя блохі» і ворагі народа разбурылі Радзіму савецкіх людзей. Сябры! Таварышы! Грамадзяне! Браты і сёстры! Мы даверліва дазволілі прафукаць Перамогу нашых бацькоў і дзядоў! І таму трэба ўзьдзець у гэты дзень чорныя жалобныя повязі! Па тых, хто лёг у зямлю за Айчыну… Вялікі паэт некалі прамовіў за палеглых трагічныя словы: ‘’Нам свои боевые не носить ордена. Вам всё это, живые. Нам – отрада одна: Что недаром боролись мы за Родину-мать. Пусть не слышен наш голас, – вы должны его знать. Вы должны былі, братья, устоять, как стена, ибо мёртвых проклятье – это кара страшна.[8]’’ У зале ўсталявалася жудасная цішыня. Нават састарэлы ветэран у палкоўніцкім мундзіры перастаў храпці і прачнуўся. Зіновій Позьні зняў чорную пілотку, вызваліўшы лысы чэрап з бліскучай загарэлай скурай. Трагічна схіліўшы галаву долу, ён казаў далей пранікнёныя словы людзям, што знаходзіліся ў зале, надзвычай ціхім голасам, нават злавесным гіпнатычным шэптам: – Нашыя мёртвыя – яны як нашыя вартавыя! Да іх не дакранаецца наша ганьба. Мы, жывыя, дазволілі лапаць іхняю перамогу тым, хто не мае на гэта права. Наш Дом разбураны, і хцівыя чубайсы рабуюць багацце народу. Незалежная Беларусь зараз адна захоўвае памяць і дух тых узнёслых і велічных гадоў. Шчыра помніць гераічнае жыццё савецкіх людзей, той суворы час, што зрабіўся незразумелым для сучаснікаў…
Тэлеаператары расійскіх тэлепраграм нечакана, як па камандзе, прыпынілі тэлездымку выступу Зіновія Позьняга. На тэлеэкранах Масквы і Санкт-Пецярбурга, Варонежа і Смаленска, тысячаў вялікіх і маленькіх расійскіх гарадоў змяніліся тытры праграм і вядоўцы прапанавалі гледачам амерыканскую кінастужку «Пёрл-Харбар».
– …Няхай франтавікі сёння падымуць першую чарку за свайго Вярхоўнага Глаўнакамандуючага! Віват пераможцам фашызму – франтавікам і ветэранам, грамадзянам Савецкага Саюзу! Слава палеглым за Айчыну! Слава тым, чыё жыццё не прайшло марна! Жыве незалежная і суверэнная Беларусь! – палымяна закончыў прамову Зіновій Позьні. Палова залы, зноў палохаючы галубоў, грымнула з месцаў: – Жыве!
Другая палова, у выглядзе некаторых расійскіх гасцей, разгублена соўгала разяўленымі ратамі, бы той тлусты лінь, выкінуты на бераг спрытнай рукой вудаля. Зіновій Позьні прыклаў руку да чорнай падводніцкай пілоткі і скамянеў у трагічным маўчанні. З дынаміка лілася музыка знакамітага і ўзнёслага паланэза «Развітанне з Радзімай»: «...Зноў залунае наш штандар, палыхне ўначы пажар і паходнаю трубой зноў пакліча нас з табой на мужны бой…»[9]
Збянтэжаныя, разгубленыя ветэраны і госці, перашкаджаючы адзін аднаму, узняліся з месцаў і застылі ў суровым маўчанні, шмат у каго з іх на вачох стаялі слёзы. Адбылася дзіўная з’ява – разам з ветэранамі пад узнёслую музыку Агінскага са слязьмі на вачох узнялася моладзь. З вялізарным натхненнем моладзь урачыста падхапіла словы гімна: «Зноў воі прагнуць волі, воля – свет і доля, броні звон ды коні, коні – кліч «Пагоні». Крочым з багны ночы, з ночы шлях прарочы…»
Пасля заканчэння хвіліны маўчання Зіновій Позьні вертануўся каля трыбуны і шпарка пайшоў за кулісы, дзе і знік. Частка знакамітых гасцей у генеральскіх і палкоўніцкіх пагонах, адтапырыўшы вусны, незадаволена пасунуліся з залы.
Старшыня прэзідыума, кандыдат і прафесар Арсен Аляксеевіч Пятакоў, збянтэжана стаяў ля мікрафона і спрабаваў супакоіць тых раззлаваных расійскіх дэпутатаў і бізнэсоўцаў, што рушылі з залы.
– Провокация… мы это так не оставим… А этот Зиновий Позьний – типичный провокатор... – чуліся галасы з іхнага натоўпу. Ветэраны і франтавікі са слязьмі на вачох шукалі Зіновія Позьняга, каб паціснуць ягоную мужную руку за словы праўды.
Пажоўклы і ўзмоклы ад халоднага поту Пятакоў разгублена таптаўся ля мікрафона, знямела пазіраючы на ўзрушаных людзей. Ім валадарыла жудаснае пачуццё выкінутага з летака жаўнера, які імкліва ляціць да зямлі і не ведае, што ў яго за спінай – звычайны заплечнік ці парашут.
8
Александр Твардовский, «Я убит подо Ржевом»
9
«Развітанне з Радзiмай», словы С. Сокалава-Воюша на музыку знакамітага паланэза Міхала Клеафаса Агінскага.