Читать книгу Маўчы і будзь хітрым (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 5
Таварыш Маўзер
ІІІ
ОглавлениеЖыў ён у гуртажытку па вуліцы Гарматнай, у пакоі з студэнтамі другога курса Міхасём і Стахам, а таксама Алесем Паддубскім, рослым дзецюком з Ліпнішак Івейскага раёна, які вучыўся на пятым курсе гістфака.
Неяк суботнім вечарам Міхась і Стах прыйшлі з футбола мокрыя, стомленыя і расчараваныя: іхная каманда «ВКЛ» прайграла «Пагоні».
Зміцер якраз перачытваў зробленыя за тыдзень занатоўкі разумовых напрацовак. Робячы падлік пражытых з сэнсам гадзін за дзень, ён заўважыў, што час прасаваўся ці марнаваўся ў залежнасці ад падзей і мноства нейкіх незразумелых абставін. Цяперака ён вывучаў гэтыя неасэнсаваныя стасункі.
Ён адклаў агульны сшытак убок і, насцярожана пазіраючы на хлопцаў, некалькі хвілін слухаў іхныя гняўлівыя філіпікі, потым удумліва запытаў: – Якая вам карысць, што нехта там загнаў ва ўмоўную прастору, абмежаваную двума слупамі і бэлькай, так званы гол. Што вы асабіста будзеце ад гэтага мець? Вы марнуеце ўнікальны час уласнага юнацкага жыцця! Супержыцця!
– Гэта ўжо голас не хлопчыка, – здзіўлена прамовіў Паддубскі, зірнуўшы на Змітра. – Маладосць – супержыццё! Ma olej w glowie.[1] Паддубскі быў самым выбітным і сыстэмным сярод навучэнцаў. Падымаўся Алесь а сёмай гадзіне раніцы, трымаўся ўласных дзеяводаў, ніколі не сердаваў на маладзёнаў і, самае галоўнае, не строіў кепікаў, іншы раз цярпліва тлумачыў сучасныя складанасці існавання. Акрамя вучобы і палкай увагі да сталых кабет, ён больш не марнаваў часу на другасныя захапленні.
У гэты вечар ён упершыню звярнуў увагу на асобу Змітра.
Аднойчы восеньскім вечарам Зміцер упарта ўчытваўся ў гістарычныя першакрыніцы ў пошуках праўды мінулых стагоддзяў. Нарэшце, стомлена адарваўшыся ад кніжак Ермаловіча і Карамзіна – ён перачытваў гістарычныя падзеі ў выкладанні розных навукоўцаў, – каб папіць гарбаты, неяк задумліва зазначыў у пакаёваю прастору: – Ніхто ж ні халеры не ведае: што было, як было і чаму было. Палякі пішуць сваё, жамойты тлумачаць па-іншаму, маскоўцы ім падпяваюць. А якія дзеі былі на самай справе?
Гэта быў ягоны момант ісціны, юнак заўважыў супярэчнасць паміж гістарычнымі версіямі і абазначыў словам, быццам паставіў тычку.
Паддубскі, выціраючы стрыжаную галаву пасля толькі што прынятага душу, уважліва зірнуў на яго і напаўголасу важка прамовіў: – Някепска. Пачатак другога курса – і ўжо ўласная думка. А наконт дзей, то дзея – гэта соль жыцця. Нават маленькая дзея рухае гісторыю ўперад. Дзейства, якое дае вынік.
– А што, ёсць дзействы, якія не даюць вынікаў?
– Колькі хочаш. Вялізнае мноства дзействаў не дае выніку, бо не мае натуральнага заканчэння ці дае адмоўныя вынікі, бо не дадумваецца да канца і з’яўляецца звычайнаю маною.
Алесь прысеў на свой ложак і, узяўшы люстэрка, пачаў разглядаць свой ружовы, малады і крыху сялянскі твар.
– Акрамя таго, «дзея-падзея» мае два бакі: так, чалавек, які робіць ход, атрымлівае ход апанента ў адказ. Гэта дзейства можна абазначыць як «аднахадоўку». Чым больш асоба можа прадугледзець рэальных хадоў, тым большым валодае інтэлектам, тым больш мае шанцаў адваяваць сабе якаснае жыццёвае месца.
Зміцер напружана асэнсоўваў пачутае. Якраз над пытаннямі эфектыўнасці жыцця ён апошнім часам шмат і ўпарта думаў. Паддубскі між тым роўна і педантычна разважаў далей: – У гістарычным кантэксце падзею трэба разглядаць там, дзе яна адбылася. На нашай тэрыторыі былі нашыя падзеі.
– А калі з нашым удзелам, але на чужых абшарах? – запытаў чэпкі Зміцер.
Алесь стрымана – ягоны дзень ладкаваўся заўсёды шчыльна і быў напружаны – дадаў: – Да прыкладу, у Грунвальдскай сечы нашыя продкі-ліцвіны не пабеглі, бо ўцекачы ніколі не вяртаюцца на поле бітвы. Адсюль робім выснову, што ліцвіны зрабілі хітры вайсковы манеўр, які дазволіў атрымаць перамогу. Вось просты і яскравы прыклад сыстэмнага мыслення. Аналіз гістарычнай падзеі-аднахадоўкі, што адбылася амаль 600 гадоў таму. Калі ўявіць, што ліцвіны кінуліся ўцякаць, ратуючы свае жыцці, то чаму яны потым вярнуліся? Адсюль выснова, што плётка пра панічнае адступленне нашых продкаў на Грунвальдскім полі – ідэалагічная дыверсія нашых хаўруснікаў. Навошта ім гэта было патрэбна? Пэўна таму, што ў бітве фактычна галоўную ролю палкаводца адыграў вялікі князь Вітаўт. І міжнародны аўтарытэт вялікага князя адразу пасля Грунвальдскай бітвы моцна ўзрос. Усе далейшыя палітычныя падзеі пра гэта сведчаць. Але да сённяшняга часу імідж Вялікага Княства суседнія палітолагі і гісторыкі моцна прыніжаюць і замоўчваюць. Гэта ўжо іншыя адна-двухі шматхадоўкі…
Зміцер уважліва слухаў, што было ягонай адметнай рысай. Потым, карыстаючыся чужой думкай, як пунктам адліку, ён імкнуўся дадумаць яе да канца, што дазваляла яму іншы раз атрымліваць разумовы набытак.
– Дарэчы, нават сучаснасць тлумачаць па-рознаму. Пытанне на засыпку: якая падзея адбылася ў Савецкім Саюзе ў 91–93 гадох – рэвалюцыя ці контррэвалюцыя? Паразважай, потым патлумачыш сваю думку наконт сучасных падзей.
– То ў чым выйсце для нас? – пацікавіўся Зміцер, які не дарос да складаных абагульненняў, яшчэ верыў друкаванаму слову і не меў цвёрдага адказу на замоўленае пытанне.
– У тым, мой шчыры дружа, каб знаходзіцца ў пэўным месцы ў пэўны час! Там, дзе адбудуцца падзеі, – зацвердзіў Алесь збянтэжанаму Змітру і пачаў запіхваць у сваё левае вуха ватную турундачку, потым дадаў: – Трэба адчуваць хаду часу. А накручана і свядома наблытана нават у сучаснасці чорт ведама чаго. Што тады казаць пра гісторыю… Дарэчы, не абавязкова ўдзельнічаць у падзеях, іншы раз дастаткова далучыцца да плыні падзей у патрэбную хвіліну. У рэвалюцыях заўсёды ўдзельнічае меншасць. А карыстаюцца вынікамі перамог тыя, хто своечасова далучыўся да пераможцаў.
– Прыстасаванцы? – Так, няхай сабе і прыстасаванцы, але не бедакі. Бо бедакі – такі стан свядомасці лухтаватых істот, якіх рэчаіснасць заўсёды будзе валачы па розных засцаных пустках. Алесь са смакам зяхнуў, уставіў у правае вуха другую ватную турундачку, надзеў на вочы цёмную повязь і, лёгшы ў ложак, накрыўся коўдрай. Жыццё ў гуртажытку віравала і не давала спаць да самай глыбокай ночы. Паддубскі клаўся спаць кожны дзень прыкладна а 10-й гадзіне вечара.
Зміцер прысеў на ложак і, дастаўшы агульны сшытак, занатаваў разумовы набытак. Потым доўга думаў і зноўку пісаў. З самага пачатку свайго навучання Зміцер Кулеш будаваў уласную сыстэму атрымання ведаў. Адным з ягоных прыярытэтаў у вучобе было педантычнае наведванне лекцый і семінарскіх. На лекцыях ён упарта, як той вол, пісаў канспекты, не звяртаючы ўвагі, цікавыя яны ці не. Гэта дазваляла атрымліваць 30 % ведаў, затым, перачытаўшы канспекты, іншы раз нават едучы ў трамваі, ён атрымліваў яшчэ 30 %, астатнія 40 адсоткаў ён дабіраў на семінарскіх і пад час падрыхтоўкі да залікаў ці іспытаў. Лекцыі выкладчыкаў звычайна былі кампіляцыямі некалькіх падручнікаў, і Зміцер пралічыў, што прачытаць канспект значна лягчэй, чым цэлую гару падручнікаў. Пасля першай ці другой пары лекцый, ён на перапынку вымаў невялікі тэрмас і з асалодай піў каву ці гарбату з лусценем. Увесь час ён выбудоўваў найбольш эфектыўную сыстэму самаўдасканальвання, узяўшы за аснову расклад дня, якім карыстаўся Паддубскі. Неяк пад самы вечар у суботу Стах, студэнт другога курса фізмата, распачаў гаворку з Зміцерам, які ў рэдкія вольныя часы ўсіх уважліва слухаў, вёў дзённік, занатоўваў разумныя думкі людзей, дасягнуўшых поспеху. – … Быць разумным, Зміцер, не так і складана, ва ўсялякім выпадку, нас вучаць асновам. Іншая справа, што большасьць не заўсёды ўмее карыстацца атрыманымі ведамі, – прамаўляў Стах, седзячы каля вакна на стуліку.
– Якія асновы, Стах? – Чэпкі Зміцер апошнім часам мякка пярэчыў суразмоўцам, выпрабоўваючы новы для сябе падыход дзеля атрымання чужых шчырых меркаванняў. – Вось Міша, на сваім біялагічным факультэце, што спазнае філасофска карыснае ўласна для сваёй асобы?
– Хо! Ён вывучае дарвінізм, дзе прамым тэкстам гаворыцца аб унутрывідавой барацьбе. Самае галоўнае прамоўлена, астатняе павінны самі дадумаць… распрацаваць.
– Але не патлумачана, сыстэмна не выкладзена… – А гэта, Зміцер, для разумных, яны самі павінны дадумаць. Не хапала, каб яшчэ ў дзяржаўнай установе навучалі тэорыі барацьбы між людзьмі.. – Ну, а ты з сваім матаналізам, што вас ужо ўсіх дастаў? – Зміцер быццам абыякава і нібыта перакана пытаўся ў Стаха: – Якая карысьць ад яго табе асабіста? – Матэматычны аналіз – альфа і амега ўсяго навучання, Зміцер! От бярэш любое тваё, альбо тваіх знаёмых, ці нават дзяржаўных дзеячоў: дзейства, словы, меркаванні і занатоўваеш на табліцу каардынат. Па гарызанталі ідзе час, а па вертыкалі дзеянні, прамовы і іншыя рухі. Згодна кадыфікацыі некаторыя дзеянні абазначаюцца знакам мінус, іншыя – знакам плюс. От ты моцна падпіў – гэта (-1), не падрыхтаваўся да семінарскіх (-2), прамінуў лекцыю (-2). Ходзіш на лекцыі —(+1), прыстойна апранаешся – (+1), вучышся на выдатна – (+2), маеш каханку – (+1 ці -1). Такім чынам ты за кароткі час можаш прааналізаваць той прыхаваны накірунак твайго жыцця, аб якім табе ніхто толкам нічога не скажа. – А чаму каханку ты абазначаеш плюс-мінус-1. – З сучаснымі жанчынамі ніколі не ведаеш, чым стасункі скончацца: ці кароткім шчасьцем, ці імунадэфіцытам, ці хамутом на кволую юнацкую шыю… Дзецюкі засмяяліся на ўсю моц, як могуць смяяца яшчэ не тручаныя жыццём юнакі. – А вазьмі дзяржаву? У 1985 годзе на партканферэнцыі ці з’ездзе партыі генсек Гарбачоў агучыў меркаванне ўладных колаў, што ўлада будзе будаваць грамадства з складнікамі прыватнай маёмасьці. Гэта – (-10), бо азначала разбурэнне Ідэі тамтэйшай дзяржавы і грамадства. Потым паступова і паслядоўна на працягу некалькіх гадоў ідзе інфармацыйны наступ на існуючую грамадскую ідэялогію. Гэта – (-2, – 3, – 4, – 5,… – 7…-15….) Потым праз кааператывы ў фінансавы кровазварот краіны ўкідываюцца вялізарная колькасьць пустых грошай – (-70), знікаюць тавары народнага ўжытку (-80)… Калі б мой бацька тады карыстаўся матэматычным аналізам, то ён своечасова зняў бы свае двацаць тысяч у ашчаднай кассе і ў дзевяностым годзе купіў бы сабе кватэру ў Менску, можа нават і дом. А так усе грошыкі ляснулі. Прапалі ягоныя трыцаць год напружанай працы…
Уражаны Зміцер і нават Паддубскі, што маўкліва сядзеў за сталом з падручнікам па педагогіцы, з здзіўленнем і павагай зірнулі на Стаха.
– Прабач, Стах, тут галоўная не лічба, а знак. Плюс ці мінус? Адкуль ты бярэш гэты знак? Ты ж ведаеш, што некаторыя разглядаюць дзейства Гарбачова па разбурэнні таталітарнай дзяржавы як (+180)? – Запытаўся зацікаўлены і пільны Зміцер. – Гэта зусім проста: 80 адсоткаў насельніцтва было супраць развалу Саюзу, па-іншых крыніцах 75 адсоткаў… Доказ – рэзкі спад нараджальнасьці на постпрасторы! Людзі не хочуць нараджаць дзяцей, бо не бачаць пазітыву ў будучыні.
– А што ты скажаш, Стах, пра сёнішні час? Што нас чакае?
– Зараз усё больш складана. Інфармацыя ўзята элітай пад кантроль. Але па некаторых чынніках можна зрабіць выснову, што магчымы лакальныя вайсковыя канфлікты, а нас, ліцвінаў,[2] мабыць чакае паўзучы аншлюс. Фактычна, поўным ходам ідзе этнацыд.[3] Русіфікацыя – гэта тыя самыя (-180) – От блін! – не вытрымаў імпульсіўны Зміцер. – Навошта гэта нам? Жылі б ў сваім невялікім і ўтульным дзяржаўным доме, ездзілі б у Парыж на вакацыі, на працу ў Прагу ды Ірландыю… Назіралі б чужыя войны і канфлікты па тэлескрынцы! – З нашымі, як заходнімі так і паўночнымі, суседзямі ціха не пажывеш! – зазначыў Стах і, задумліва зірнуўшы на хлопцаў пільным вокам, нібы ўзважваў іхні інтэлект, дадаў: – Паўночны сусед сам падвергся інфармацыйна-ідэялагічнай экспансіі. Але ўсё яшчэ некага хоча вызваліць ад суверэнітэту і маёмасьці… Пасля гэтай размовы Зміцер узяў на ўзбраенне матэматычны аналіз і праз некаторы час з здзіўленнем заўважыў, як шмат чаго, што здавалася яму дагэтуль выпадковым, пачало паўставаць перад ім у сталёвай і пэўнай паслядоўнасьці. Гэта датычыла не толькі грамадскіх падзей, але і рэальных людзей. Іншы раз яму пачынала здавацца, што гэта асноўны закон жыццясвету. Хаос стваралі неразумныя, чым разумней быў чалавек ці грамадства, тым больш у ім было сыстэмнасьці і мэтазгоднасьці.
1
Mа olej w glowіe (польск.) – мець розум.
2
Ліцвінаў – да 1840 года назва жыхароў цяперашняй Беларусі.
3
Этнацыд – сыстэмнае разбурэнне культурнага кода народа.