Читать книгу Маўчы і будзь хітрым (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 12
Рэванш
Оглавление«Бар’ер пасрэднасьці не кожнаму ўдаецца адолець. Гэта даволі мудрагелісты перавал. А зрэшты, пасрэднасьць – з’ява пашыраная і надта тонкая. Да яе так проста і лёгка прызвычаіцца: пройдзе некаторы час – і ўсё пасрэднае пачынае ўспрымацца як належнае, як эталон звычайнасьці…»
Алесь Масарэнка «Верзяя»
Напачатку сьнежня, калі цемра зрабіла магутны наступ на вясковыя абшары і нуда пачала запалоньваць чалавечыя душы, вось гэткім восеньскім суботнім ранкам настаўнік біялогіі Вітаўт доўга і старанна галіўся і потым гэтак жа пільна азіраў свой твар у люстэрку. Стоячы босымі нагамі на жоўтай халаднечай падлозе, у сініх спартовых портках і цяльняшцы, ён уважліва спыніў позірк на сваім абліччы, як быцам імкнуўся зразумець, на што ён варты. З люстэрка на яго ўзіраўся ружовы, шчыры, задумлівы твар з сінімі вачыма і канадскай прычоскай русых валос.
Вітаўт адчуваў сябе крыху зьбянтэжаным. Сяньня быў 26 дзень яго нараджэння. Чароўны час супержыцьця імкліва ляцеў, між тым бракавала патрэбнай якасьці існавання. Патрэбен быў скок у сьвядомасьці, нейкі новы дыскурс у новым накірунку.
Пакрысе Вітаўт, яшчэ покуль малады чалавек, сасьпеў да высновы, што яму трэба тэрмінова жаніцца. Менавіта цяпер Вітаўт пакутліва вырашаў, як і з кім ажыцявіць гэну адметную і няпростую падзею. Урэшце гэта такое складанае для мужчыны жыцьцёвае пакліканьне, калі ён раптам досыць ясна разумее, што сутнасьць быцьця недасяжна, што адкладваць надалей з гэтым пытаннем небясьпечна, і што пара, брат, жаніцца, запрагацца і цягнуць уласны сямейны воз.
Па рознаму жэняцца людзі. Іншага жанілка прымушае нечакана стаць сямейным чалавекам. Ён яшчэ не пасьпее і агледзецца вакол, адчуць волю, набыць уласны розум, спланаваць жыцьцёвую хаду, а ўжо зацугляны, зьвязаны, скручаны, прымусова абстаўлены з усіх бакоў рознымі дзіўнымі дачыненьнямі і варункамі, так што крок убок лічыцца злачынствам і выклікае лямант усёй жончынай радні. Глядзіць такі жанішок на жаночую асобу, такую ж несьвядомую, як сам, і верыць, што яна сапраўды непаўторная і вартая. Прынамсі рана ці позна гэны чад і атрута праходзяць і тады, гэткі, ўжо сталы мужык, спрабуе ўзяць у жыцьці рэванш. Бывае што і бярэ, але рэдка.
Мінулае заўсёды дае адказы на жыцьцёвыя пытанні. Дастакова пагартаць старонкі праляцелых гадоў і можна знайсьці адказ на любое пытанне. Год назад Вітаўт трагічна памыліўся, сам выпусьціў сваю жар-птушку. Тады ён з вясны ўсяго на тры-чатыры месяцы паехаў у Расею, хацеў зарабіць на легкавік. Прыехаў пад восень, а ягоная каханая ўжо замужам, і паглядае сваімі сінімі пырскамі з-за мужняга пляча, а перад Вітаўтам стаіць гэткі ўпэўнены чарнавокі паўднёвы чалавек па прозвішчу Мінасян і так непахісна, хоць стаў яго на месца дубовай шулы, цьвердзіць: «Ізвіні, дарагой. Любоў у нас. Сэм'я. Заходы, дарагой, гостэм будэш.»
Абышоў Вітаўт гэтую дубовую шулу, зірнуў у вінаватыя вочы некалі каханай. І ўвесь сусьвет пахіснуўся перад ім, і ў адзін міг крыштальны гмах мроі разбурыўся і ён грукнуўся з вышыні на цьвёрды і жорсткі грунт рэчаіснасьці.
Прайшоў год, рана з цяжкасьцю загаілася. Між тым нявырашанае пытаньне сяньня паўставала ва ўвесь рост. Ён, у каторы ўжо раз, у душы зайздросціў жанчынам, якія пры любым раскладзе маглі нарадзіць ад любімага чалавека дзяцей і потым усё астатняе жыцьцё ўвасобіць сваё Каханне у сваіх дзецях… І вось зараз Вітаўт псаваў чароўны час свайго супержыцьця ў сельскай глухамані ў далечыні ад цывілізаваных цэнтраў, ад маладых прыгажунь, трацячы маладыя сілы і юнацкі чароўны юр з выпадковымі і дробнымі людзьмі.
Вітаўт пасьнедаў смажанай кілбасой з дзічыны і яечняй на два яйкі. Задумліва выпіў гарбаты, гледзячы на восеньскі сумны абсяг у вакне, на голыя яблыні зь дзе-нідзе замерзлымі жоўтымі яблыкамі на галінах, потым прыбраў са стала. Ён не сьпяшаючыся, апрануўся, узяў тэчку з загатаванымі прыпасамі і пайшоў на двор, сыпануў ячменю курам, памарудзіўшы крыху, пастаяў на двары, назіраючы, як певень задаволена сакоча ў атачэньні свайго гарэму. Вітаўт зачыніў хату – ён жыў ва ўласнай хаце, купленай за грошы, назьбіраныя некалі на легкавік – і пашыбаваў у школу.
Звонку ў вясковым навакольлі валадарыў холад. Паветраныя массы з поўначы абрынуліся на вёску, счапілі марозам шэрую адзервянелую зямлю. Ад таго што сьнег ня выпаў, было брудна, няўтульна, змрочна. Над самым небакраем далёка на поўдні нізка вісеў маленькі бялявы абруч сонца.
Звычайна па выхадных біёлаг часцяком ездзіў на дызелі ў невядомым для жыхароў вёскі накірунку, да невядомай мэты. Мясцовыя жанчыны выказалі меркаванне, што ён ездзіць да чужой не тутэйшай бабенцыі, каб утаймаваць свой чароўны юнацкі юр, але куды і да якой жанчыны – даведацца покуль не ўдалося.
– Надта хітры, – зазначыла загадчыца фермай Фёдараўна, вядомая на вёсцы спрытная і ёмкая кабета гадоў за сорак, якая мела двух дачок і марыла выдаць старэйшую, дваццацігадовую Жану, за маладога настаўніка.
Пасьля непрацяглай барацьбы за месца пад сонцам, расчараваная Фёдараўна выказала меркаванне дасьведчанай, навучанай жорсткім жыцьцём, сталай, усё яшчэ прывабнай і сьпелай жанчыны, якая паспытала гэтага самага жыцьця па самыя ноздры і добра ведала тое, аб чым казала: – У яго не стаіць!
Гэта быў злавесны і, магчыма, канчатковы прысуд, як удар драўлянага малатка ў амерыканскіх судох, пасьля якога жаночая палова пачала паглядаць на маладога самца з падазронасьцю.
Ідучы ў школу, настаўнік Вітаўт Янавіч на хвіліну зьвярнуў да людзей, што таўкліся на школьным двары, каля разгружанага ад вугля бартавога маза. Тутака стаялі заггас, качагары і ваенрук, пазіралі на шафёра, што завіхаўся каля самахода. Школьны заггас Савельевіч у чорным кажуху нюхаў стылае халоднае паветра і, паглядаючы ў ледзяное блакітнае неба, разважліва казаў, зьвяртаючыся да прысутных: – Мусіць, сяньня сьнег пойдзе…
– Які сьнег!.. – самотна пярэчыў ваенрук Алег Пятровіч, стомлена пераступіўшы з нагі на нагу. – Неба чыстая, як шклянка, нідзе ніводнай хмаркі.
Савельевіч нічога не адказаў на словы гарадскога чалавека, бо прынюхваўся да студзёнага паветра, што несла з сабой доўгачаканую зіму. Адначасова ён думаў над сваімі шматлікімі штодзённымі справамі. Ягоная добрая знаёмая, кума, загадчыца ФАПа Алеся сяньня, калі ён зранку сьвежаваў ёйнага кабанчыка, выказала яму незвычайную прапанову, каб ён запрасіў да яе ў госьці маладых нежанатых настаўнікаў на сьвяжыну.
– Алеся, Алеся, Алеся, там птушкі пяюць у паднябессі… – мармытнуў заггас, і ва ўяўленьні перад ім паўстала вясёлая – у белым халаце, што падкрэсліваў прыгажосьць яе паставы, з галамі, як два ёмкіх кавуны, і пелькамі, бы дзьве дынькі, спадарыня Алеся. Ён учуў яе мяккі і дзіўны грудны голас: – Маладым, сам ведаеш, трэба некуды дзяваць сваю мужчынскую напружанасьць. Трэба іх жаніць. Нечага дарэмна марнаваць час і сілы. Чым жа, Савельевіч, я ня жонка для добрага і сьпелага дзецюка.
Зараз школьнаму заггасу хацелася добра падумаць, ці можна запрашаць да пекнай пані Алесі нежанатых, адукаваных і спрытных настаўнікаў. Пакажаш дарогу, а потым і сам не зойдзеш.
Астатнія, што стаялі побач і ўслед за Савельевічам зірнулі ў неба – нежанаты ваенрук Алег Пятровіч у шыкоўнай, нарэшце набытай скуранцы, і ваганосы-качагары ў зацёртых і замусоленых куфайках, што цярпліва чакалі разліку за разгрузку прывезенага вугля – ня мелі ў сёньняшнім дні аніякіх думак і дзейных спраў.
Між тым мазіст Зьміцер марудна абышоў самаход, аглядаючы колы і грукаючы ў іх нагой, абутай у керзавыя боты, запаволена падышоў да кабіны, адчыніў дзьверкі, нечакана спрытна кінуў сваё ёмкае цела ўнутр. Маз завёўся, газануў, накрыўшы прысутных хмарай чорнага смуроднага дыму, ад'ехаў заднім ходам ад кацельнай, разьвярнуўся на шэрым школьным двары і нарэшце зьехаў.
Вітаўт прывітаўся з прысутнымі. Чыста паголены, у файным чорным паліто (з-пад чырвонага шаліка быў бачны пухнаты швэдар), ён вылучаў водар мужчынскасьці, аздобленай пахам прыемнай парфумы. Сціплыя сельскія жыхары адчувалі ягоную маладую сілу. Ветлівы і ахайны, Вітаўт не расчыняўся, не зьмешваўся, нешта незнаёмае прысутнічала ў ягонай маўклівасьці.
Заггас з настаўнікам пайшлі да складу, дзе Савельевіч перадаў настаўніку ладны кавалак сьвежыны, закручаны ў ахайны скрутак кілаграммы на два.
– Трэба праверыць на трахінілёз. Загадчыца ФАПа Алеся сяньня закалола кабанчыка. Як кажуць, беражонага Бог беражэ.
– Праверым. Шмат для аналізу… Хапіла б грам дзьвесьце.
– Астатняе – за працу і клопат.
Заггас змоўчаў, што загадчыца ФАП запрашала іх на сьвежыну.
Настаўнік забраў скрутак і хутка пайшоў у будынак школы. Прысутныя пасунуліся да загадчыка гаспадаркі. Ваенрук рашуча выказаў калектыўнае пачуццё: – Савельевіч, не марнуй час, плаці грошы людзям. Ім трэба грэцца, бачыш якая халадрыга, і краму могуць зачыніць.
Качагары задаволена заківалі галовамі, ваенрук выказаў набалелае. Пралетарыі ня былі ўпэўнены, што заггас іх сяньня разлічыць. Ваенрук, малады мужчына дваццаці шасьці гадоў, з раніцы сеў на хвост заггасу і на дармаўшчыну хацеў выпіць перад выхадным днём. Савельевіч быў зусім ня супраць. Чым выпіваць з замурзанымі і разумова абмежаванымі вясковымі качагарамі, лепш было секануць з педагогам. Выпіўка з інтэлігентнымі і адукаванымі настаўнікамі аўтаматычна падымала ягоны рэйтынг у вачах аднавяскоўцаў.
Пасля разліку качагараў ваенрук, мацаючы ва ўнутраным кішэні скуранкі запаветную пляшку, па якую ён хадзіў у вясковую краму, покуль Савельевіч кіраваў разгрузкай вугля, прапанаваў заггасу: – Пойдзем да ліцьвіна, я бачыў у яго габінэце сьвятло гарыць.
У гэты самы час Вітаўт Янавіч адышоў ад мікраскопа, агледзеўшы апошні зрэз мяса, што даў яму заўгас. Сьвежына было добраякаснай, але асцярожны настаўнік ніколі не даваў поўнай гарантыі сваёй праверцы, паколькі сам ня браў узоры. Сёньня ён асабліва ўважліва рабіў аналіз, імкнучыся не зашкодзіць загадчыцы ФАПа, спадарыні Алесі Пятроўне. Пекная жанчына, усяго толькі на восем ці сем год старэйшая за яго, нават зараз пры думцы аб ёй Вітаўт зь зьдзіўленьнем адчуў, як сэрца ўзрушана грукнула ў грудзях.
Вітаўт сноўдаўся па габінэту біялогіі, механічна здымаў з сцен стэнды з малюнкамі разьвіцьця расліннага і жывёльнага сьвету ў мезазойскую эру, мяняў іх на стэнды развіцьця арганічнай супольнасьці ў палеазойскі перыяд. Думкі яго між тым бруілі ў вызначаным раніцой накірунку. Ён глянуў у вакно, як быццам там знаходзіўся адказ на пытаньне, што нечакана паўстала пасля зразуметай нядаўна высновы.
Жаніцца, а што далей? Ён апынуўся ў асяродзьдзі, якое ня мела высокай якасьці жыцьця… Вясковы народ заўсёды знаходзіўся ніжэй агульнаграмадскай ватэрлініі. Перад ім паўстала нязвыклая супярэчнасьць: ці можна быць шчаслівым, будучы бедным?
У дзьверы асцярожна пастукалі, яны прачыніліся, у шчыліну прасунуў кудлатую галаву ваенрук Алег Пятровіч. За ім была бачна постаць школьнага заггаса ў чорным новым кажушку і шэрай заячай кучме.
– Яшчэ раз прывітаньне калегу! Можна да цябе? Што там паказвае мелкаскоп? Ці можна даваць дазвол на карыстаньне свежыной? А мы вось, перад выхадным днём, вырашылі з Савельевічам зайсьці да цябе пагрэцца. Можа, знойдзеш якую памідорыну?
Біёлаг, што знаходзіўся ў складаным стане пераўтварэньня напоўдзіцячага стану кукалкі ў дарослага вусеня, задумліва зірнуў на сябра.
– Усё ў парадку, можна смажыць. Заходзь, раскажы, як ты клацаў абцасамі на парадзе.
Ваенрук Алег тыдзень назад вызначыўся пры раённых спаборніцтвах дружын грамадзянскай абароны. У заключным парадзе ён ішоў па залітай дажджом плошчы райцэнтра з школьнай дружынай, быццам быў гэта ягоны парашутна-дэсантны ўзвод, дзе-небудзь у Кандагары. Ідучы ўперадзе ў вайсковай дэсанцкай форме, ён так лупцаваў абцасамі апускаючы з сілай прамыя, як аглоблі, ногі, што толькі пырскі вады ляцелі ва ўсе бакі. Пасля парада загадчык рана Андрэй Сцяпанавіч Плешавеня моцна паціснуў руку маладому педагогу і лагодна паляпаў па плячы, сказаў уладныя словы падзякі. Ад гэтай падзякі, поціску рукі кіруючай асобы і паляпваньню па плячы, ваенрук набыў незвычайную пыху і ўсе апошнія дні трымаўся пераможна. Хадзіў па школе з важным выглядам, як той бусел на сенажаці, спрабаваў шчыкаць піянерважатую і ўзбуджана пазіраў на дзябёлых вясковых настаўніц.
Мяняючы накірунак размовы, што магла прывесьці да непаразуменьня і крыўды, заггас Савельевіч прапанаваў маладым мужчынам: – Можа, неяк адзначым заканчэньне працоўнага тыдня? Зараз вазьму на складзе тое-сёе ды і пойдзем да мяне, абмяркуем заўтрашняе паляванне, – дыпламатычна сказаў ён і паставіў на парту прынесеную з сабой тэчку.
Алег Пятровіч, прамёрзшы каля кацельнай, хацеў сагрэцца і таму прапанаваў: – Покуль да дому, давай па чуць-чуць для сугрэву і разгону крыві, покуль дырэктара няма.
Прычыніўшы дзьверы на клямку, ён спрытна расстаўляў на стале на разасланую газэту чаркі, бутэльку белай, рэзаў хлеб і сала, чысьціў цыбулю. Стоячы каля стала, мужчыны нетаропка гаманілі паміж сабой, пазіраючы ў вакно, каб убачыць вяртаньне дырэктара, які зьехаў у райцэнтр. Пад вечар у школе засталіся толькі прыбіральшчыцы і качагары ў кацельнай.
– А вы самі, Вітаўт Янавіч, амаль зусім не п'яце. – Савельевіч дапытліва зірнуў на настаўніка.
На дзень нараджэньня, на Новы год, на Раданіцу можна ўзяць чарку. Больш няма сэнсу. Гарэлка разбурая розум чалавека. На дне бутэлькі хаваецца нячысцік….
Вітаўт казаў правільныя словы нетаропка, як бы раздумваў і далучаў прысутных да сваіх роздумаў. Але госьці ў такім важным пытаньні не паддаліся пад ягоныя ўзнёслыя меркаваньні. Біёлаг быў чалавек малазнаёмы, і яны толькі зрабілі выгляд, што слухаюць з павагай ягоныя думкі.
– Нішчыць здароў'е, – дадаў Алег, наліваючы чаркі, і павучальна зірнуў на заггаса.
– А навошта тады тое здароў'е, калі нельга і выпіць?
– Мудрае пытанне, Пятровіч. На ім шмат народу скалечыла жыццё, – задумліва зазначыў настаўнік. – Здароў'е патрэбна, каб зарабляць грошы. А потым, каб карыстацца заробленымі грашыма. Усё астатняе дарослыя людзі робяць амаль аўтаматычна.
– А калі няма сапраўднага здароў'я?
– Тады ўзамен паўстае праблема праходжаньня цыкла. Прайшоў жыцьцёвы цыкл: ўзгадаваў, падняў дзяцей – ужо добра, ужо зьдзяйсьніўся.
– Чаму я не магу ў выхадны дзень з шаноўнымі людзьмі выпіць чарку – другую? Скажы, Савельявіч. Пі ня пі, а пройдзе 50 год – і ў люлю на канчатковы адпачынак.
– Уяві сабе, што мы зараз, узяўшы прыемных кабет, дзе-небудзь у ціхім утульным месцы пацягваем каньячок і заядаем бутэбродамі з сёмгай ды з ікрой.
– Ну, наконт баб – то я за. А каньяк… Ён клапамі ваніць.
– От халера, я ж ня ведаю, як тыя клапы смярдзяць, – зморшчыўся Вітаўт, у каторы раз пераканаўшыся, што высокая якасьць існаваньня не дасяжна ўяўленню пралетарыяў. Алег Пятровіч рашуча махнуў рукой, даючы каманду: – За тое, каб хацелася і маглося.
Мужчыны чокнуліся і, не марудзячы, хутка кульнулі чаркі. Заггас, выцершы вусны рукой, не сьпяшаючыся ўзяў скібку хлеба, дадаў лустачку нарэзанага мёрзлага сала і, паклаўшы наверх суцэльнае колка цыбулі, прамовіў: – Эх, моладзь, моладзь, залатыя дзянькі пралятаюць. Жаніць вас трэба. Лепшыя гады йдуць. Покуль ёсьць цікаўнасьць да жаночай палавіны… Праімчыць час, і ўсё скончыцца… Жыцьцё, як той дызель-цягнік, і прэ і прэ ўперад, а калі ідзе ў адваротны бок, то вязе ўжо іншых пасажыраў. Хто зевануў, той праехаў маладое шчасьце. Такія дзеўкі вакол…Эх, каб вярнуць час!..
У апошніх словах заггаса гучала сваё асабістае, некалі нерастрачаная жаданне і ён гэтак недыпламатычна агучыў пытанне, што турбавала ўсё вясковае грамадства.
– От напрыклад, вы, Віктар Іванавіч і вы, Алег Пятровіч, чаму ня жэніцёся?
Біёлаг пільна глянуў на Савельевіча, яму ўжо надакучылі гэтыя міты і іншы раз недыпламатычныя пытанні ў лоб і ён, нешта ўспомніўшы, з заклапочаным і сур’ёзным тварам адказаў: – Ёсьцека ў мяне адна знаёмая бабенцыя, у нас з ёй усё чын-чынам. І ёй добра, і мне асалода. Але яна ўжо ў гадах. Дзетародны перыяд у яе скончыўся. А звычайныя жанчыны, тым больш дзеўкі, не падыходзяць, не вытрымліваюць моцы жанілкі.
Ад нечаканасьці Савельевіч утаропіўся ў Вітаўта Янавіча, ваенрук Алег чуць не падавіўся цыбулінай, кусануўшы надта вялікі кавалак.
– Дак калі не на ўсю моц? – зьбянтэжана перапытаў загас.
– Не на ўсю моц не атрымліваецца, вельмі палкі, крэпка ўз’юшваюся і магу скалечыць чалавека.
– Бабу?… – перапытаў ваенрук Алег, нарэшце пражаваўшы цыбуліну.
– І бабу… Калі быў студэнтам, некалькі разоў хуткую дапамогу прыйшлося выклікаць.
Настаўнік уздыхнуў і ўзрушана прыгладзіў русыя валасы на галаве. Спадарства ніяк не магло зразумець: жартуе ён ці кажа праўду.
– Помню, была вечарына ў нас на Палесьсі і мяне ўгаварыла завуч, такая палкая бабёнка, такія клубы, так і ходзяць, так і ходзяць пад зялёнай сукенкай. Ідзе ходнікам і ўсё ў ёй вытыкаецца, варушыцца, і клубы так і ходзяць, так і ходзяць… – Ведаў такую, – заггас Савельевіч памацаў аблыселую галаву і праглынуў набеглую ў рот сліну.
– У нас, помню, была бібліятэкарка… Помню, летам я еду на калёсах на луг сена варушыць, а яна з сяброўкай ідзе на рэчку і ўсё ў ёй так і ходзіць, так і вохкае… Потым малады аграном забраў яе ў жонкі, – у апошніх словах заггаса гучала крыўда.
– Дак што завучыха? – перапыніў заггаса ваенрук Алег.
– Ну, пайшлі мы з ёй у адзін з габінэтаў, здаецца, геаграфіі, покуль там усе танчылі ды сьвяткавалі. Ну, я як той адбойны малаток, як замалаціў, то яна як заенчыць, а я прыпыніцца не магу, ачуняў толькі, калі мяне дырэктар школы з фізруком за плечы сцягнулі. Вэрхал быў страшэнны, чуць не пасадзілі. Добра, што прызналася следчаму, што па добрай волі.
Уяўленьне маладога настаўніка, падагрэтае выпітай гарэлкай, лёгка несла яго ўперад. З сур’ёзным выглядам ён, не сьпяшаючыся, вымалёўваў дэталі.
– Дырэктар, неблагі мужык, атрымаў вымову з занясенем ў парткартку, завуч з мужыком з'ехала, а я вось такім чынам трапіў да вас.
Ён змоўк, востра перажываючы перыпетыі прыдуманай мінуўшчыны, суразмоўцы таксама маўчалі, уражаныя драматызмам прамільгнуўшых падзей. У вокнах пачынаў сінець зімовы вечар.
– Мусіць, сьнег пойдзе, – задумліва перапыніў усталяваную цішыню Савельевіч. Заггас у думках вярнуўся ў шчаслівыя дні маладосьці і зараз уяўляў, як ён кавалерыць бібліятэкарку, малодзенькую, сьвежую, спакуслівую, духмяную… Вось ён кажа пяшчотныя словы, вось лашчыць… цалуе… і потым, канечне, гэхае… гэхае… гэхае…
– Вып’ем за каханне, – перапыніў маўчаньне ваенрук і пачаў разліваць гарэлку, што яшчэ засталася ў бутэльцы.
– Так, так, за каханьне, – падтрымала кумпанія. Яны выпілі, закусілі… Але гарэлка скончылася, і ўзьнік так нелюбімы мужчынамі прамежак, за якім хавалася жыццьёвая пустэча.
– Я так думаю, што вашу бяду можна паправіць.
Дасьведчаны заггас, будучы вынаходлівым гаспадаром, подумкі спрабаваў вырашыць паўсталыя перад маладым самцом праблемы.
– Можна паспрабаваць павялічыць адлегласць паміж каханкамі з дапамогай гумовых колкаў. Акрамя таго можна з трэцяй пазыцыі…. Дарэчы вельмі ўзбуджае.
Сьмяшлівы ваенрук чуць ня ў покат сьмяўся, уяўляючы вырашэньне жыцьцёвай складанасьці прапанованай заггасам.
Біёлаг доўга глядзеў на Савельевіча. У ягоным позірку было нешта недасяжнае для ўсьведамленьня прысутных, быццам ён ведаў нешта такое, чаго ніхто ня ведаў. Нейкія глыбачэнныя таямнічыя віры бруілі ў глыбіні гэтых цёмна-сініх балцкіх вачэй. Яны высмоктвалі з чалавека ўсё яго пражытае сьвядомае і несьвядомае жыцьцё з яго марамі, надзеямі і дробнымі жаданьнямі.
Вітаўт Янавіч ачуняўшы матнуў галавой, адганяючы цяжкія думкі і выбойна зацьвердзіў: – Я амаль згодзен. Толькі трэба было б зрабіць выпрабаваньне Вашай прапановы.
– Дак у чым справа?
– Па-першае, патрэбны гумовыя колкі, па другое, аб'ект для выпрабаваньня.
– Які аб'ект? Бабу?
– Верагодна, так.
Суразмоўцы зьбянтэжана ўзяліся за галовы. Дзе ты яе возьмеш, вольную жанчыну ў вёсцы! Тут усялякая маёмасьць пад пільным прыглядам уладальнікаў.
– Трэба жаніцца.
– Жаніцца нельга без выпрабаваньня. Можна скалечыць жыцьцё маладой дзяўчыне, – сувора зазначыў Вітаўт. Савельевіч панура падтрымаў ягонае меркаваньне, хітнуўшы галавой. Ён ужо ўнюхаў сваім сялянскім інстынктам тую пастку, куды кіраваў яго гэты культурны і нечакана спрытны інтэлігэнт.
– Справа ў тым, што гумовага колка няма. Трэба час для падрыхтоўкі.
– Адклад ня йдзе ў лад.
Падпіты ваенрук таксама быў настойлівы і ўпарты.
– Стасункамі трэба карыстацца тады, калі яны ўзьнікаюць. Мы і так шмат прачакалі. Уперад да перамогі! Ёсьць другі варыянт. Галоўнае, што трэба сталая жанчына, якая мае жыцьцёвы досьвед, была замужам, але зараз вольная. Мне здэцца, што загадчыцца ФАПа, удава пані Алеся – якраз тое, што трэба.
Алег Пятровіч агучыў думку, што ўжо віравала ў паветры. Тутака ён утварыў зьдзіўленьне на твары і таемна зазначыў: – Але ж і ёмкая бабенцыя пані Алеся, проста дух пераймае. Я б зразу капітуляваў перад ёй, як той фельдмаршал Паўлюс у Сталінградзе.
– Но-но, хлопцы, на яе ўжо пакладзена вока ўплывовых людзей.
Заггас зрабіў важны выгляд, але дзесьці ў пачатку свайго прамаўленьня крышку засьпешыў і тым самым засьведчыў уласную зацікаўленасьць.
– Савельевіч, вы мяне зьдзіўляеце. Зараз жа не прыгонны лад, калі адзін пан зьяўляўся ўладаром і трахаў усю вёску. Цяперака дэмакратыя, усе роўныя, і калі вы, ці я, ці Алег, а таксама жанчыны, хочуць кахацца, то на здароў'е. Ніхто ім ня мае права перашкодзіць.
– Э не, брат! Гэта вы самі дзівак. Яшчэ адукаваны чалавек. Не разумееце, што і ў сучасным жыцьці просты чалавек, няхай сабе і адукаваны, павінен атрымліваць жыцьцёвае шчасьце згодна чаргі. Станьце ў чаргу! Як усе!
Заггас стаяў насьмерць, у ягоных словах гучала непрыхаваная крыўда, апошняя мяжа спакою, за якой праглядалася роспач.
– Якая к хранам чарга? Савельевіч! Чалавеку трэба тэрмінова жаніцца. А ты чарга-чарга…
Алег Пятровіч сёк праўду-матку, не зьвяртаючы ўвагі на складанасьці жыццьёвай сытуацыі. Між тым біёлаг уважліва разглядаў заггаса.
– Вы мяне зацікавілі, Савельевіч, дальбог зацікавілі. Трэба зірнуць больш пільна.
– Зірніце, зірнуць дазваляецца.
– Што вы такі баязлівы, Савельевіч? Усяго на сьвеце баіцёся?
– Пажывеце, Віця. Жэніцеся. Народзяцца дзеткі. Спатрэбіцца кароўка. Сена для кароўкі. Добрая праца для жонкі. Дровы. Бульбачку захочаце пасадзіць. Грошыкі захочаце зарабіць… А без улады гэта ўсё немагчыма. Было і да вас шмат «герояў». Частка зьехала, а большасьць скарылася, прыгнула галовы. Супраць праўды жыцьця не папрэш.
– А што такое праўда жыцьця? Як ты думаеш, Вітаўт?
– Жыцьцёвая праўда большасьці – гэта, брат, каб была скварка і была чарка, каб хацелася і маглося, і каб ні было вайны.
– А праўда меншасьці? – Тутака адной скваркай не абыдзешся. Відаць, якасьць… Якасьць жыцьця?! Да таго ж меншасьць хоча дамінаваць?
– А для цябе?..
– Каб я ведаў… Вось, думаю, можа сяньня знайду адказ на гэта пытанне.
– Жаніць цябе трэба. Чым бібліятэкарка Жанна не файная дзяўчына?
– Згодны. Але патрэбна выпрабаваньне.
Маўклівы Савельевіч, нешта падумаўшы, нечакана прапанаваў.
– Можа, пойдзем да мяне дадому? Смажаная сьвежая пячонка з цыбуляй, капустка з журавінамі і чысцюткая, як божая раса, жытнёвая…
– Што занадта – то нядобра.
– То давай заўтра па парошы на зайцоў!..
– Думка чароўная. Зайцы – гэта вельмі актуальна. Але лепш было б папаляваць на ліс. Каб наш сябар Савельевіч запрасіў на сьвежыну да пані Алесі. Га?
Зьбянтэжаны заггас змоўчаў, уздыхнуў, успамінаючы праляцелае сумнае жыцьцё і з журбой пакруціў у руцэ пустую стограмоўку.
– Што вам маладым тлумачыць! Алеся, Алеся… Што вы ведаеце? Ла-ла-ла, ля-ля-ля, а самі ні чорта ня ведаеце. Што вы пра Сталіна ведаеце? Тады б гэтак не пасядзеў у школе… А пасьляваенны час? Выжыць было ня проста, ня тое што цяпер. Вераб'ёў елі, а жаніліся па патрэбе, а не па каханьню. Каб хату збудаваць, на сабе бярвеньні з лесу цягалі. А колькі людзей жыло некалі ў вёсцы… Скока моладзі… Цяперака большасьць жыве ў вялікіх гарадах. Тут засталіся слабакі… І вы…таксама… Ля-ля-ля, ла-ла-ла, а самі нічога ня петрыце. Мінулага ня ведаеце. А як даведаецеся, зразумееце сэнс жыцьця, то ўжо будзеце старымі, аблезлымі, ні на што няздольнымі пердукамі.
Біёлаг, ізноў пранікліва зірнуўшы на заггаса, адчуў ягонаю глыбокую маркоту. Ён зірнуў на гадзіннік, потым у вакно, дзе разам з цемрай пайшоў густы сьнег, і зразумеў, што дырэктар не прыедзе, ці прыедзе занадта позна, пусьціў руку пад стол і нечакана для прысутных выцягнуў пляшку брэндзі, бляшанку шпрот, мяккі белы батон, сыр і шматок кракаўскай кілбасы. Кумпанія зразу ажыла і набыла амаль страчаную еднасьць.
– Паглядзі, Савельевіч, на ваенрука. Малады, сімпатычны, прыгожы, а розум дзіцячы, нямашака сапраўднага розуму. Кідаецца на ўсё, што варушыцца. А навошта? Дзе якасьць дзейства? А хваробы? А СНІД? Не-е-е, так, брат, не пойдзе…
– А як пойдзе? – ваенрук Алег трымаўся на дзіва спакойна.
– Якасьць жыцьця, брат, – гэта табе не ля – ля – ля… От прызнайся, хто табе, акрамя загадчыцы ФАПа, удавы пані Алесі, яшчэ падабаецца з нашых тутэйшых жанчын? Хто, так сказаць, хвалюе тваю кроў і можа паклікаць на подзьвіг?
Настаўнік утаропіў настойлівы, пранізьлівы позірк на Алега.
– Ты ўсё піянэрважатую шчыкаеш, неяк несурёзна. Дарослы мужчына.
– Па-праўдзе кажучы, – падпіты Алег уздыхнуў і нечакана прызнаўся, – моцна мне падабаецца, аж далоні пацеюць, наша філёлаг Ала Васільеўна! Ёй бы здаўся зразу, так бы і ўкленчыў, абчапіў рукамі ейныя ногі і страціў рэшту сумленьня.
– Што? – заггас Савельевіч спалохана азірнуўся па баках габінэта.
– Здурнеў ці што?
– Голас маджахеда. Дай руку, Алег Пятровіч!
Біёлаг мужна паціснуў руку Алегу. І, ўзяўшы бутэльку, пачаў разьліваць па чарках брэндзі. Ваенрук рыхтаваў лусьцені, наразаючы батон, і працягваў тлумачыць свой сьветапогляд.
– А як вы думалі, любіць, то каралеву, красьці, то мільён!
– Ды вы што? – сцішана перапытаў заггас і трывожна зірнуў на дзьверы габінэта.
– Савельевіч, памаўчы, сам казаў, што тваю каханую зьвёз аграном. А хто такі дырэктар саўгаса, той самы аграном. Прыехаў аднекуль, хрэн ведама адкуль, тыповы азіоп, качэўнік. Кінуў сям'ю з двума дзяцьмі…
– Ты што? Ня можа быць?
– Вось табе і што! Трэба нарэшце, Савельевіч, вучыцца браць у жыцьці рэванш. Гэты феадал кінуў жонку з дзеткамі дзесьці ў Расеі і прыехаў да нас хавацца ад аліментаў. І тутака захапаў дваццаціпяцігадовую прыгажуню. Наставіць яму рогі! Вып'ем за рэванш.
– За рэванш!
Заггас торгнуўся рукой да чаркі, але рука, зрабіўшы плаўны рух уперад, нечакана затрымалася і пачала павольна вяртацца назад, ня ў сілах зрабіць рашучы крок праз нябачную мяжу. Ён пазіраў на паўнюткую чарку з брэндзі і мармытаў ціха, угаворваючы сваё сялянскае сумленне.
– Едзе па дарозе ў горад, нават не гляне. Не, каб падвезьці! Феадоп!..
Біёлаг узяў чарку і ўставіў яе ў руку заггаса.
– Кінь ты свой сумнеў. Глянь на ягонае пуза і на яго твар: не твар, а пыса. А прозьвішча – Бірукоў. Найшоў каго шкадаваць! Ты шляхетнасьць сваю шкадуй, сваю маладосьць шкадуй. Таварыша, сябра, аднавяскоўца свайго шкадуй.
Яны ўзьнялі чаркі, узнёсла чокнуліся.
– За рэванш!
Спажыўшы дзьве бутэлькі сьпіртовых напояў, яны крадком, каб не трапіць на вочы дырэктара, выйшлі чорным ходам з школы і пашыбавалі ў вёску.
Аднекуль зьверху з сьнежна-белай цемры церушыў і церушыў доўгачаканы сьнег. Ён уладарна зьмяніў навакольле. Прынёс надзею аб пераменах. Вечар і надыходзячая ноч усталявалі вакол чорна-белы сусьвет. Сьнег абсыпаў дрэвы, зямлю, хаты, чароўным чынам памяняўшы вясковыя краявіды.
Біёлаг ішоў побач з Савельевічам, ваенрук Алег пабег на рэйсавы арбон – ён жыў у райцэнтры – упарта цьвердзіў: – А як жа каханьне? Навошта тое жыцьцё, калі няма каханьня, а толькі звычка?
– Мілок, жыцьцё – гэта дызель-цягнік…Хочаш ці ня хочаш, а вымушаны падпарадкавацца. Здзейсьніць цыкл – гэта, брат, не абы што…. За гэта трэ даваць ордэн. Думаеш, падняць дзяцей лёгка? Зрабіць лёгка… а ўзгадаваць, выхаваць, а потым адукаваць… потым жаніць і затым дачакацца ўнукаў…го-го-го… браток. Ордэн, можна сьмела даваць ордэн!
– Скажы, Савельевіч, і гэта ўсё?
Пытаньне біёлага, як ні дзіўна, заггас зразумеў зразу. Ён ўздыхаў і маўчаў, зьбіраючыся з сіламі, каб патлумачыць сябру галоўную ісціну быцьця.
– Хата ў цябе ёсьць і някепская. Малайчына, не прапіў, купіў хату. За гэта цябе паважаюць у вёсцы. Цяперака трэба экіпаж на твой карабель. Без каманды скруха з’есьць. Сябры падсалоджваюць існаваньне, але не вырашаюць праблемы. От я зараз пайду дадому, да сваёй маладзіцы. А ты пойдзеш да сваёй пустой хаты. І нічога тутака не прыдумаеш іншага, бо Бог прыдумаў усё за нас…
Прыпыніўшыся перад уласнай хатай, Савельевіч, які нечакана разгаварыўся, працягваў тлумачэньне: – Можа зойдзем, Віця, да мяне? Яшчэ па чарцы і я табе ўсё растлу-ма-чу!.. У-у! Жызнь – гэта, брат, не ля-ля, тут, браток, трэба быць вёрткім і галавой шурупіць… і хутка, ох і хутка паварочвацца. Браць трэба, што пад рукамі. Дзе знаходзішся, дзе стаіш – там і бяры… Жыццё, брат, такое: не схапіў Жанну – яна ўжо ня твая. Схопіць ваенрук Алег. А там не пасьпееш азірнуцца – ужо сорак, і трэба падсумоўваць вынікі… Зойдзем да мяне і я табе раскажу, як я дзецюком у Мурманску шчасьця шукаў, тры гады на рыбалоўным траўлеры траску лавіў…
Пратаптаўшыся яшчэ хвілін дваццаць, яны нарэшце разьвіталіся. Правёўшы да хаты заггаса, Вітаўт паціху рушыў па замеценай завірухай дарозе, пакідаючы на доўгачаканым сьнезе адзіны на ўсю вёску сьлед. Лёгкі ветрык нёс па вуліцы сьнег з пахам маладой зімы і дымам ад выпаленых на нач печаў у вясковых хатах. Гэтыя пахі вярталі памяць некуды далёка назад, у першыя дзіўныя і чароўныя гады працы вясковым настаўнікам…
Якія былі ночы! А якія сьнягі!… А цяпер толькі чужыя хаты чарнеюць у белай начы… Вітаўт стаяў адзін сярод начной вуліцы. Ня ведаючы, што рабіць далей, ён у роспачы сьпяваў словы некалі ўразіўшай яго песьні:
– …Берега, берега, берег этот и тот,…… Там за быстрой рекой, что течет по судьбе…. своё сердце навек я оставил…!… А на том берегу – звёзд весений салют!…. Первый раз я любил и от счастья был глуx…в первый раз пригубил дикий мёд твоих губ…Там за быстрой рекой, где черёмухи дым,… и другую найти не пытаюсь…!
Вітаўт скрыгатнуў зубамі, ён адчуваў, што гэтая вясковая штодзёнасьць мацней за яго, што яна нішчыць высокароднае, Боскае і назойліва прапануе зямное, блізкае, спакусліва лёгкае. А можа пайсьці да прыемнай і вабнай пані Алесі, каб інфармаваць яе аб выніках аналізу? Ці ўсё шукаць некалі страчанае шчасьце, праставаць праз зімовы засьнежаны лес да чыгуначнага прыпынку і там сустрэць таемную незнаёмку, якая, магчыма, прыедзе сёння начным дызелем?.. Прыедзе – не прыедзе? Зайсьці – не зайсьці? …Таемную незнаёмку ён даўно ўжо прамінуў і яна засталася далёка-далёка ў мінулым.
Хацелася зьдзейсніць нешта адметнае, нават подзьвіг…. І Вітаўт ужо разумеў, што час ягоных гераічных учынкаў прайшоў і што ніколі ён ужо не сустрэне таемную незнаёмку, непаўторную і чароўную, як гэта першая некалі дзівосная зімовая ноч… Ісціны не было нідзе. Нават у вялікім горадзе. Была звычка. Людзі жылі звыкла і ў Менску, і ў Беластоку, гэтаксама, як і ў гэтай вёсцы. Між тым ў нечым да ісціны было бліжэй тут, у вёсцы, ноччу…
Сьнег ішоў і йшоў да самай раніцы, і толькі, калі першыя пеўні абвясьцілі аб пачатку новага зімовага дня, прыпыніў сыпаць зь неба. Раніцой заггас Савельевіч, едучы на санях па засьнежанай вёсцы, заўважыў сьвежы сьлед на сьнезе, што йшоў ад хаты пані Алесі. Ён прыпыніўся і пры сьвятле ліхтара пазнаў знаёмы адбітак белвестаўскіх чаравікаў дружбана Вітаўта. Ён толькі пачухаў патыліцу: “Ну, блін, гэты біёлаг!.. Сапраўдны маджахед.» Заггас не паленаваўся зьлезьці з саняў і зацерці сьляды сябрука. «Любоў зла, – думаў ён, вяртаючыся ў сані, – узлюбіш і казла».
Конь трушком каціў сані па бязлюднай вуліцы. Заггас, захінуўшыся ў кажух, трымаў лейцы адной рукой, паліў папяросу «Беламорканал» і, змрочна ўперыўшы позірк у зімовую снежную цемрадзь, крыва ўсьміхаўся. Два пачуцці змагаліся ў ягонай душы. Адно адмоўнае – дружбан перахапіў у яго вабную жанчыну. І другое, рэваншысцкае, і таму прыемнае, яно мацнела і ўрэшце перамагло. «Фершал Алеся – кабета, канечне, сакавітая, але не для цябе, Віця. Табе маладая і адукаваная цёлка патрэбна, а не кабета з прычэпам, якая цябе зараз так зацугляе, што да самай пэнсіі будзеш пад яе хамутом хадзіць. Разумнік ты, а супраць жывой бабы слабак. Слабак ты Віця, ох і слабак!»
Жнівень 2004 г.
Упершыню надрукавана ў кніжцы «Маўчы і будзь хітрым» у 2007 г.