Читать книгу Маўчы і будзь хітрым (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 6
Таварыш Маўзер
IV
ОглавлениеАднойчы лістападаўскім хмарным днём Зміцер, магчыма, ад нейкай восеньскай маркоты ці, мабыць, ад перапоўненасці разумовымі канцэптамі, а таксама пэўна ад уласцівай яму пасіянарнасці, утварыў сваё ўжо ўлюбёнае дзейства. Дзейства, якое было першым звяном ланцуга падзей, што выклікалі цэлы шэраг ператрусаў на сталічных абшарах і памянялі лёс уплывовых асобаў.
Удзень, да пачатку лекцый другой змены, без дзесяці хвілінаў да дзвюх гадзін, Зміцер напорыста, нават ваяўніча, з пыхай вядомага і знакамітага барда і паэта імкліва крочыў у атачэнні паплечнікаў у фае універсітэта ад дзвярэй да прыступак. Уперадзе ягоныя сябры Міхась і Стах пракладалі шлях «знакамітасці» і адначасова дзейна махалі махаламі, адганяючы ўяўных матылькоў і кузурак, як робяць гэта будысты перад сваім ламай. Зміцер прыпыніўся на верхняй прыступцы. Апрануты ў белую свежую кашулю і чорныя адпрасаваныя штаны, з прыгожай капой кучаравых русых валасоў, ён узнёсла кінуў руку наперад і з натхненнем пачаў чытаць верш: – «Без веры, без імкненняў сэрца – пусціня, адцвілая, зрудзелая, сухая, дзе уздыхае адно бясплодны сухавей, дзе цішыня і то, здаецца, не такая. Нічым ты гэтай пусціні не наліеш, ні радасцяй пустою, ні уцехай, не ўспеніш рэха па імклівых песнях, што былі калісь мае, а сёння – непатрэбны, сцерты вехаць...[4]»
Дэкламаваў Зміцер з вялізарнай палкасцю і лірызмам; вестыбюль, поўны студэнтаў, заціх, і былі чуваць толькі выразныя словы верша. У гэты міг у дзверы прасунулася постаць дацэнта Арсена Аляксеевіча Пятакова, што спяшаўся на лекцыю. Зміцер, не заўважыўшы выкладчыка, якраз хітаў рукой у бок дацэнта і прамаўляў поўныя маркоты словы: «…а сёння – непатрэбны, сцерты вехаць».
Грымнуў смех, рагаталі ўсе, хто быў у вестыбюлі, нават выкладчыкі. Пяцідзесяцігадовы, зношаны жыццём дацэнт быў вядомы курвель-халасцяк, які ўсё яшчэ не цураўся карыстацца інтымнымі паслугамі маладзенькіх студэнтак, што не мелі цвёрдых ведаў па гісторыі, таму яго не любілі ні выкладчыкі, ні навучэнцы.
Насцярожаны дацэнт, пачуўшы апошнія словы па-за кантэкстам верша і таму зняважлівыя ў дачыненні да ягонай асобы, злосна зыркнуў вачыма ў бок Змітра і хутка рушыў у аўдыторыю. Студэнты і выкладчыкі, смеючыся, у добрым настроі падаліся на заняткі. «Таварыш Маўзер» ізноў стаў знакаміты на ўвесь універсітэт.
Яшчэ з тыдзень Зміцер на пачатку другой вучэбнай змены чытаў у вестыбюлі кожны раз новы верш. Калі ён імкліва праходзіў у атачэнні сяброў, што рупліва махалі махаламі, да прыступак і потым узнёсла, з магутнай экспрэсіяй, казаў: – «…я пішу пра род мой нязводны, што вядзе адлік ад плуга. Бачу ўсё: як улазяць у скуру, як аж плішчуцца вон з яе, з польскім акцэнтам кажучы – курвы, а па-нашаму – блядаўё. Што ж вы, сукі, на целе Краю выкабельваеце кубло? У спадзеве, што вашу зграю абароняць сіла й бабло? Не, шасцёркі пятай калоны, сыты сьмех ваш – то п’яны сон…»,[5] у студэнцкім асяроддзі міжволі пачыналі ўзнікаць нейкія пачуцці, ад якіх у сваю чаргу нараджаліся нязвыклыя думкі.
Нарэшце кіраўніцтва не вытрымала ягоных рэвалюцыйных паводзін, і Змітра выклікалі ў дэканат. Дэкан Раман Сяргеевіч Цвік – сучасны, малады, ветлівы, стрыманы і ўважлівы – адказаў на прывітанне на роднай мове і потым увесь час трымаўся мовы.
– На вас, шаноўны спадар Зміцер, прыйшла скарга ад выкладчыка кафедры гісторыі і філасофіі дацэнта Пятакова. Патлумачце мне, калі ласка, як гэта ў вас атрымалася – прылюдна абразіць выкладчыка універсітэта.
Зміцер патлумачыў, што гэта быў недарэчны збег абставін. Дэкан паглядзеў на яго ўдумлівым заклапочаным позіркам і цярпліва зазначыў: – Я вас разумею, але папрашу прыпыніць свае дэкламацыі. Праз месяц пачнуцца выступы калектываў мастацкай самадзейнасці. Там і ўдзельнічайце, калі ласка. А так не трэба ствараць лішні клопат для нашага ўніверсітэта. Вы мяне разумееце?
– Не вельмі разумею, Раман Сяргеевіч. Гэта ж не курваграфія, а вершы класікаў.
– Навошта вам гэта, малады чалавек? Славы хочацца? – дэкан са спачуваннем зірнуў на Змітра.
Студэнт насцярожана вывучаў выкладчыка.
– Узнёсласць хачу пасеяць ва універсітэце, неабыякавасць і непаўторнасць бягучых імгненняў. Вы ж самі сейбіт, педагог, садоўнік, павінны разумець. Ці не так?
Дэкан Раман Сяргеевіч не быў ні педагогам, ні тым больш садоўнікам. Ён быў неблагім адміністратарам, за што яго, тутэйшага па паходжанні, якраз і трымалі на гэтай перспэктыўнай для далейшай кар’еры пасадзе.
Пасля выказанага студэнтам сталага і дасведчанага меркавання дамінанта размовы перайшла да ягонай асобы. Дэмакратычны Зміцер не звярнуў на гэтую акалічнасць аніякай увагі. Затое цёрты дэкан адразу ўбачыў ненатуральны стан рэчаў: – Трэба заўсёды ведаць месца і час нават для самых узнёслых рэчаў, – зацвердзіў дэкан, на вачох ператварыўшыся з выхаванага, талерантнага і ліберальнага інтэлігента ў ледзянога, са сталёвай воляй, чалавека, які ні на мікрон не будзе падвяргаць свой уладны імідж нейкай нават эфемернай пагрозе.
Зміцер паглядзеў, падумаў і зразумеў. Паспяховы і сучасны дэкан Раман Сяргеевіч Цвік жадаў спакою і як мага менш турбот і клопату.
Пасля зімовых вакацыяў Зміцер неяк увечары запытаўся ў Паддубскага: – Скажы, брат, хто такі Пятакоў Арсен Аляксеевіч? Сёння на лекцыі ён затрымаў на маёй асобе свой позірк і трымаў яго настойліва і доўга.
Алесь адарваўся ад падручніка сучаснай гісторыі – ён напружана рыхтаваўся да семінарскіх заняткаў – і, паціраючы пераноссе, адказаў: – Пятак – вілаводная істота і помслівы чалавек. Будзе чакаць усе пяць гадоў, падловіць жыг і ўсё роўна чалавеку аддзячыць. Ты яму наступіў на самы мазоль. Шараговы чалавек ці навучэнец для яго існуе як якая-небудзь рэч, шруб ці ніт.
Ён узняўся з стуліка і, размінаючы занямелыя ногі, рушыў па пакоі.
– Як смала прыскяпаўся да мяне Пятак. Незразумела, адкуль ён нечакана ўзнік на нашым факультэце? «Говорите нормальным языком…» Адказаў я на пытанні, а ён наблытаў розных супярэчнасцяў. Я кажу, што руска-ліцвінская вайна 1654–1665 гадоў з боку Расіі была захопніцкай, а ён заяўляе, што вызваленчая, і не руска-літоўская, а руска-польская, потым дадае: «Больш чым здавальняюча паставіць не магу».
Алесь, усхваляваны мінулымі падзеямі, прайшоў па пакоі сцішаным крокам, робячы аналіз бягучых падзей, і засяроджана дадаў: – Але справа не толькі ў гэтым. Пятак можа памяняць мой жыццёвы лёс. Нашыя шляхі ўжо перасякаліся аднойчы на адной імпрэзе. Тады я ў яго з-пад носа звёў пані Гражыну. Ох, брат, і бабенцыя – спадарыня Гражына.
Ён загарэўся дзіўным агнём маладосці, абцяжаранай уласнай гіперсексуальнасцю, і ў захапленні развёў рукамі, паказваючы ўсю моц і прыцягальнасць пані Гражыны, потым, ужо згасаючы, змрочна дадаў: – Так вось, брат. А цяпер гэты твой верш. Ён і ўсе астатнія будуць думаць, што мы гэта знарок падстроілі. А я ж хацеў у аспірантуру рушыць. З «траяком» па аснове і не совайся.
– Прабач, а хто гэта – «усе астатнія»? – Тыя, хто ўваходзіць у кодла. Хто жыве над ватэрлініяй. Ведаеш, любяць яны ці не любяць Пятака, але карпаратыўныя інтарэсы будуць абараняць будзь здароў. Нават калі ты прылюдна папросіш прабачэння ў Пятака, то і гэта табе не дапаможа. Лепш за ўсё пераводзься на завочнае навучанне. Алесь ні то жартаваў, ні то хацеў напалохаць Зміцера, але казаў сурёзна, без усмешкі, нават змрочна..
– Ты што, здурнеў? Я толькі самы смак пачаў атрымліваць ад вучобы і жыцця. Толькі пачаў думаць…
Але Алесь паглыбіўся ў віры сваіх стратэгічных одумаў і не чуў ягоных апошніх слоў. Зміцер між тым узрушана бегаў па пакоі: – Калі цераз перашкоду нельга перайсці, то тады яе трэба нейкім чынам выдаліць са свайго шляху.
– Выдаліць? Нерэальнае трызненне. Простае сатрасенне паветра. – Алесь не любіў пустых гукаў.
– Тады ўзамен рэальны – твой шараговы лёс вясковага настаўніка.
– І тваё завочнае навучанне.
Абодва змоўклі. Перспэктыва бліжэйшай будучыні паўставала нецікавай і нават змрочнай.
4
З верша Н. Арсенневай «Куды тугу мы дзенем?».
5
З верша Славаміра Адамовіча «Не «народны», а толькі родны».