Читать книгу Маўчы і будзь хітрым (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 3
Таварыш Маўзер
І
ОглавлениеНезвычайнае здарэнне адбылося ў адным з універсітэтаў сталіцы. Сам міністр асветы раніцой у панядзелак тэрмінова выклікаў свайго першага намесніка Мардзюховіча Сымона Апанасавіча і самым падрабязным чынам цэлую гадзіну тлумачыў яму пытанні, на якія трэба звярнуць самую пільную ўвагу пры разглядзе скаргі ветэранаў вайны.
– …Акрамя таго, мякка папярэдзь рэктарат, а мы паглядзім, як яны варушыцца будуць. Час дармаедаў і імітатараў прайшоў. У нас на іх процьма скаргаў. А тут гэты новы выпадак… Разбярыся, Сымон Апанасавіч, і хутка праінфармуй мяне. Зняўшы акуляры, міністр стомлена пацёр пераноссе і дадаў: – З Савета Бяспекі ў любы момант могуць запатрабаваць матэрыялы справы, – потым, скіраваўшы ўчэпісты і ўдумлівы позірк на мажнога, з пасівелымі скронямі і буйным тварам Сымона Апанасавіча, сцішана зазначыў: – Дарэчы, будзь гатовы замяніць рэктара на ягонай пасадзе.
На словы, выказаныя міністрам, Мардзюховіч чуць не адказаў: «Усегда гатоў!». Апошнім часам ён настойліва прасіўся ў міністра на самастойную працу ў які-небудзь сталічны універсітэт. Да пенсіі яму яшчэ заставалася пяць гадоў, і Сымон Апанасавіч нечакана з тугой адчуў, што акрамя першых гадоў, адпрацаваных у школе, астатні час – што ён прасоўгаўся ў бюракратычным рэчышчы аблана і саўміна – не даў сапраўднага плёну. Хацелася напрыканцы зрабіць тое, чаму некалі вучылі: пасеяць вечнае, разумнае, добрае. Узгадаваць новае пакаленне адукаваных і разумных патрыётаў Айчыны.
Намеснік цяжка крочыў па калідоры ад міністра ў свой габінет, з нейкай амаль слязьлівай і нечакана глыбокай чуллівасцю ўспамінаючы свае ўзьнёслыя першыя дні і месяцы вясковага настаўніцтва…
Мардзюховіч на працягу некалькіх дзён хутка і прыдзірліва вывучаў матэрыялы скаргі і, нарэшце, патэлефанаваў рэктару універсітэта, дамаўляючыся аб тэрміновай сустрэчы.
Рэктар Сцяпан Ахмедавіч П’янкоў – стрункі, апрануты ў сталёва-сіні строй пры блакітна-фіялетавым гальштуку, з бездакорным праборам цёмных густых валасоў, сустрэў намесніка на ўваходзе ва універсітэт. Абодва добра ведалі адзін аднаго, не раз сустракаліся на паседжаннях і семінарах, некалькі разоў удзельнічалі ў розных раўтах, калісьці сядзелі і за чаркай. Таму, прывітаўшыся і паціснуўшы рукі, яны хутка прайшлі ў будынак. У вестыбюлі, як бывае заўсёды паміж зменамі, кучкавалася універсітэцкая моладзь.
– Зірніце, Сымон Апанасавіч, вунь двое на прыступках стаяць, – Сцяпан Ахмедавіч незадаволена і нават варожа хітнуў галавой на файна апранутых, у крэмавых кашулях пры гальштуках і ў адпрасаваных цёмных штанах, маладзёнаў, што, стоячы на прыступках, з вясёлым выглядам паглядалі па баках.
– Гэта якраз тыя, на каго ў спецслужбаў ёсць сур’ёзныя падставы меркаваць пра іх удзел у ідэалагічнай дыверсіі. Адзін, той, што прысадзісты і вёрткі, – гэта «таварыш Маўзер», другі, стромкі і больш лагодны – Алесь Паддубскі, пяцікурснік, магчымы аспірант кафедры гісторыі. Прафесар Пятакоў яму адзіную «тройку» за пяць гадоў вучобы ўпаяў. Абодва ярыя нацы.
Намеснік міністра прыпыніўся, паглядаючы на маладзёнаў, на юнацтва, што буяла і віравала ў вестыбюлі. Сымон Апанасавіч, у адрозненне ад рэктара, углядаўся зычліва і ўважліва – як той Чэрчыль некалі ў савецкіх салдатаў ганаровай варты – ва ўзнёслыя свежыя твары студэнтаў. Абодва навучэнцы мелі ясны і спакойны выгляд шчырых людзей, адрозна ад самога рэктара, хцівага і вілаводнага.
Мардзюховіч нічога не адказаў рэктару, хоць ягоныя словы яму чамусьці не спадабаліся. «Дзіўная мянушка ў таго нізенькага», – падумаў намеснік міністра, і абодва рушылі на чацвёрты паверх да габінета рэктара.