Читать книгу Маўчы і будзь хітрым (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 9
Таварыш Маўзер
VІІ
ОглавлениеУ хуткім часе былая каханка Рыта Сінчанка нібы выпадкова сустрэла Змітра на вуліцы. Нечаканае з’яўленне Рыты, з якой Зміцер не бачыўся ўжо з паўгода, насцярожыла яго.
Доўгія цені дрэваў леглі праз вуліцу імя Міколы Ермаловіча, у паветры валадарыў пах квітнеючага цёплага летняга месяца, калі здаецца, што ўласнае жыццё бясконцае, а шчасце абкружае чалавека, як сіняя хваля – чарнаморскага дэльфіна…
Рыта пазірала на Змітра вабна і чамусьці ўрачыста, нібы нечакана выйграла сто тысяч еўра ў латарэю, і толькі дзесьці ў глыбіні ейнай таемнай жаночай душы Зміцер угледзеў след напятай увагі.
– Цябе можна павіншаваць, любы. Паваліць самога Пятакова… Увесь калектыў і сам рэктар задаволены.
– Гэта правакацыя, – чамусьці гучна прамовіў Зміцер і міжволі азірнуўся па баках.
– Шкада. А мне прамова спадабалася. Шчыра. Ёсць дзеячы ва ўладных колах, што згадзіліся з ідэяй аб чорных жалобных повязях да таго часу, пакуль не будзе адноўлены Савецкі Саюз. Рыта чэпка зірнула ў вочы Змітру і, нічога не ўбачыўшы на свежым твары маладзёна, змяніла кірунак гаворкі.
– Напэўна, прыйшоў час нашага с табой развітання, любы. Апошнія словы сведчылі, што прагматычная Рыта ўзяла на ўзбраенне жаночую тугу і прыліпчывасць, якой так палохаюца ўсе мужчыны.
– Што ты прыдумляеш? Мы даўно ўжо с табой развіталіся, Рытачка.
– Не кажы, мілы. Мы наканаваны адзін для аднаго, любы.
Гэтым сваім «любы» Рыта быццам забівала цвікі ў ягоныя скроні і сэрца. Зміцер не паказаў сваю нервовасць маладой жанчыне, ведаючы яе выключную чэпкасць пры дасягненні акрэсленай мэты.
– Дарэчы, я хачу цябе папярэдзіць, любы. Ёсць асобы, якія цалкам нязгодны з выступам Зіновія Позьняга. Яны будуць доўга, упарта нюхаць. За ўсё трэба плаціць, любы, за поспех таксама.
– Ну ты і хітруння, Рытачка. Сапраўдная жанчына. Як спрытна ты праштурхоўваеш сваю ўласную зацікаўленасць. Я так думаю, што ты збіраешся замуж, але не хочаш мяне крыўдзіць і так мякка сцелеш на развітанне. Хто ён, шчаслівы выбранец, бацька тваіх будучых дзяцей?
Гэтым слоўным пасажам Зміцер перавёў размову ў зусім іншы напрамак, працягваць які было б непрадбачліва з боку Рыты.
Яна стаяла побач – маладая палкая жанчына ў чорнай скураной спадніцы, што мякка аблягала яе спакуслівыя сцёгны, і каляровай файнай ядвабнай блузцы. Прыйшоў час іхняга развітання, трэба было рабіць гэта цывілізавана і рахмана, як аднойчы тлумачыў Алесь…
Рыта нарэшце ўзрушана прызналася, што атрымала накіраванне на працу ў Маладэчна. І што тыя, хто абяцаў ёй месца ў сталіцы, раптам адмовілі ёй у сваёй дапамозе.
– А рэктарам у вас будзе Мардзюховіч, – ужо злосна дадала Рыта і чамусьці ў скрусе ўздыхнула.
У гэты вечар Зміцер трымаўся ветліва, але адначасова стрымана. Нейкая адлегласць узнікла паміж маладымі, і вельмі чуйны, уражлівы Зміцер адчуў прысутнасць некага трэцяга, хто ўздзейнічаў і ўжо валадарыў маладой жанчынай. Чамусьці гэты трэці выпраменьваў небяспеку, і чым больш углядаўся Зміцер у новую, ужо незнаёмую яму Рыту, тым больш ён адчуваў гэту небяспеку. Несвядома яна вылучала тыя флюіды, якімі набрыняла ад таго, трэцяга, і цяпер Зміцер як бы пераймаў гэта выпраменьванне.
Яны змарнавалі яшчэ з чвэрць гадзіны, і ў Змітра склалася ўражанне, што мэтай сустрэчы была спроба высветліць, ці мае якое дачыненне ён да прамінулай падзеі і, магчыма, папярэдзіць яго.
Ён праводзіў Рыту да прыпынку арбона, пацалаваў на развітанне яе мяккую ручку. Ягоная ветлівасць і ўдзячнасць да яе прымусілі Рыту суцішыць сваю незадаволенасць. Развіталася яна досыць лагодна.