Читать книгу Маўчы і будзь хітрым (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 11

Таварыш Маўзер
ІХ

Оглавление

На паседжанні камісіі доктар філасофскіх навук прафесар Заядалін Павел Паўлавіч, былы ветэран спецслужбаў, выказаў нязвыклую версію прамінулых падзей. Узяўшы слова, ён узняўся з-за стала, не спяшаючыся ўздзеў акуляры і, прыгладзіўшы правіцай плех, важка прамовіў: – Хачу выказаць сваё меркаванне: ніякага Зіновія Позьняга на сустрэчы не было! – пераканана зазначыў ён і, пачакаўшы, пакуль у габінеце сціхне водгук здзіўлення, працягваў далей: – Па маім запыце аналітыкі кампетэнтных органаў зрабілі экспертызу тэлевыступу так званага Зіновія Позьняга. Голас быў сапраўды Зіновія Позьняга, а аблічча між тым было не яго.

– Чыё ж гэта было аблічча? – перапытаў намеснік міністра адукацыі Сымон Апанасавіч Мардзюховіч і ўважліва зірнуў на сямідзесяцігадовага доктара навук. Той, будучы заслужаным і ганаровым ветэранам органаў, упэўнена і разважліва працягваў выкладаць свой варыянт падзеяў: – Гэта таленавіта зробленая містыфікацыя. Выдатная праца візажыста, што стварыў пераканаўчы вобраз Зіновія Позьняга… Мікрафоны ў зале былі адключаныя, а да дынамікаў праз універсітэцкі радыёвузел была падключана магнітафонная версія выступу сапраўднага Зіновія Позьняга, які, дарэчы, знаходзіўся ў гэтую хвіліну ў Варшаве. Асоба, якую мы бачылі каля мікрафона ў вобразе лідэра апазыцыі, толькі бязгучна разяўляла рот і махала рукой. Праўда, не зусім зразумелая мэта гэтай прафесійнай акцыі. Што гэта? Варожая дыверсія супраць міждзяржаўных дачыненняў? Жарт? А можа, нехта адпомсціў прафесару Пятакову за ягоную прынцыповасць?

– Вы гэта ў нас пытаецеся? – нярвова запытаўся рэктар Сцяпан Ахмедавіч П’янкоў, які старанна імкнуўся стварыць уражанне, што кіруе плынню вышуку. Думка Заядаліна спачатку спадабалася яму сваёй магчымасцю для манеўра, хоць і раздражняла старэчым шматслоўем. Але ў якім святле пры гэткім варыянце магло б выглядаць кіраўніцтва універсітэта, ды і сама ўлада? Пэўна, у смешным, нават анекдатычным! У гэтым выпадку не толькі рэктар, але і ўвесь рэктарат і нават супрацоўнікі міністэрства з трэскам страчвалі свае пасады.

Намеснік міністра асветы Мардзюховіч пільна слухаў Заядаліна, задумліва варушыў сваімі махнатымі рудымі бровамі, чым нарэшце збянтэжыў ветэрана, які разгублена гартаў старэчай дрыготкай рукой лісты з матэрыяламі камісіі, блытана адказваў на пытанні, мусолячы ўжо агучаную версію пра наўмысны зман. Нарэшце чырвоны, узмоклы і злосны Заядалін сеў за стол.

Гаварылі шмат і доўга, выказвалі самыя неверагодныя гіпотэзы. Меркаванне Паўла Паўлавіча не здабыло падтрымкі найлепшых аналітыкаў універсітэта, бо перакладала адказнасць з боку спецслужбаў на рэктарат універсітэта. Да таго ж гэта была б маральная перамога апазіцыі, якая паставіла б уладу ў смешнае становішча.

Дасведчаны намеснік міністра цярпліва выслухаў усе меркаванні, нічым не выказваючы свайго стаўлення да справы. Выслухаўшы ўсіх, Сымон Апанасавіч зірнуў на гадзіннік вытворчасьці менскага завода «Прамень» і жорстка, так што ні ў кога з прысутных не ўзнікла нават і ценю нязгоды, зазначыў: – Камісія сваёй працы не выканала. Яна гатова спусціць справу на тармазах. Здзейснена нахабная ідэалагічная дыверсія, нанесена непапраўная шкода міждзяржаўным дачыненням, зняважаны ветэраны. Гэта першае. З другога боку, чаму таленавітыя людзі працуюць на нашых незычліўцаў? Чаму не на Айчыну?! Чаму не заўважаем таленавітых? Не вылучаем іх!? Таленту патрэбна ўвага і цеплыня, матэрыяльная падтрымка. Між тым ва універсітэце назіраюцца выпадкі цкавання здольных навучэнцаў паводле нацыянальных адметнасцяў. Некаторыя выкладчыкі не валодаюць і, самае галоўнае, не хочуць ведаць адну з дзяржаўных моваў. Выказваюць знарок падкрэсленую грэблівасць, тым самым распальваюць агмень міжнацыянальнай варожасці.

Дзябёлы, мажны намеснік, заўсёды ветлівы і выхаваны, часцяком вясёлы, цяпер быў нязвыкла суворы, глядзеў з-пад касматых броваў незадаволена, без усялякай літасці, і рэктар Сцяпан Ахмедавіч П’янкоў зразумеў хісткасць свайго становішча.

– Скажу болей, некаторыя адказныя кіраўнікі, выкладчыкі, навукоўцы стварылі манаполію, супольнае кола навуковай і выкладчыцкай дзейнасці і нішчаць самых таленавітых і здольных. Сфармавана выява ворага ў выглядзе мясцовых энтузіястаў нашай дзяржавы. Сёння нам гэткія людзі не патрэбны. Сусветная эканоміка, тэхналогія, навука імчаць наперад. Беларуская мова нам не вораг, гэтаксама як і сапраўдная гісторыя краіны. На гэтым прапаную абмеркаванне скончыць, брацца за настойлівую працу.

Намеснік крыху памаўчаў, паглядаючы востра і калюча на чальцоў камісіі, нават ветэран органаў не вытрымаў ягонага едкага позірку.

– Прапаную старшыню камісіі па святкаванні прафесара Пятакова А. А. адпусціць на пенсію, справу закрыць. Сур’ёзнае следства – гэта праца для дзяржаўнай камісіі, для прафесіяналаў. Яна зоймецца вывучэннем сучаснага становішча навучання і выхавання ва універсітэце.

Гэткае рашэнне нечакана задаволіла прысутных. Для прафесіяналаў, то няхай будзе для прафесіяналаў.

…Ідучы па доўгіх калідорах універсітэта, Сымон Апанасавіч адчуваў, як унутры яго нараджаецца нейкі малады жыццёвы ўздым, і новыя сілы ўліваюцца ў ягоныя яшчэ моцныя шлункі. Паціскаючы на развітанне далонь Сцяпану Ахмедавічу, намеснік міністра на імгненне весела ўсміхнуўся, пераблытаўшы гэтым думкі рэктара, і важка дадаў: – Без патрыётаў і энтузіястаў, Сцяпан Ахмедавіч, аніякія грошы не дапамогуць. Ці не таму мы і прафукваем сваю дзяржаўнасць.

Развітаўшыся з рэктарам, ужо на вуліцы, ён азірнуў вясёлым позіркам Грунвальдскую плошчу і нечакана для сябе з імпэтам праспяваў «...Палыхне ўначы пажар, і паходнаю трубой зноў пакліча нас з табой на мужны бой!..».

Сымон Апанасавіч нібы выпіў кубачак добра згатаванай кавы і быў у тым узрушаным, нават шчаслівым стане душы, можа ад вясны, што буяла вакол, ці блакіту вечаровага неба, ад добраўпарадкаванай Грунвальдскай плошчы, а мо ад блізкай уласнай будучыні. Ён павольна – каб не страціць гэты юнацкі, узнёслы стан душы, не расплёскаць яго – ішоў да прыпаркаванай бліскучай «Нісаны».

Ужо адчыніўшы дзверцы легкавіка і сядаючы за стырно, ён раптам выразна адчуў, што ўсё, аб чым з такім натхненнем, пераканаўча і гіпнатычна прамаўляў Зіновій Позьні, цяпер было толькі незваротнай гераічнай гісторыяй прамінулага індустрыяльна-феадальнага грамадзтва.

2008, г. Менск

Маўчы і будзь хітрым (зборнік)

Подняться наверх