Читать книгу Ева ў пошуках Адама (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 10

Валерый Гапееў
Надзея

Оглавление

Урывак з рамана «Ноч Цмока»

З Надзеяй мы ў блізкіх адносінах усяго месяц. Не чакаў, што пра іх будуць ведаць. Ва ўсякім разе, не чакаў так хутка… Ды і якія там адносіны?! Яна, разведзеная, без дзяцей (дзіця памерла на другі дзень пасля нараджэння, саму яе ледзь уратавалі), была звычайнай жанчынай, якая засумавала без мужчынскай увагі. Мы – суседзі. У яе невялікі дом, застаўся ад бацькоў, а я здымаю палову дома, які мяжуе з Надзеіным.

Сюды я пераехаў, калі зразумеў: больш не магу трываць у інтэрнацкім пакойчыку. Колькі сябе помню, мне заўсёды патрэбны быў такі свой куточак, дзе б я мог застацца зусім-зусім адзін. Студэнцкі інтэрнат стаў для мяне на час вучобы сапраўдным іспытам, і ратаваўся я ў горадзе: калі ўзнікала вострая, амаль фізічна адчувальная неабходнасць пабыць аднаму, пазбавіцца ад хоць чыёй увагі, я садзіўся ў любы тралейбус і, праехаўшы колькі прыпынкаў, выходзіў і блукаў. У вялікім горадзе ўсе адзінокія, калі толькі ты не ідзеш з некім па шматлюднай вуліцы. А ў нашым невялікім райцэнтры так не атрымліваецца: ужо месяцы праз тры са мной сталі вітацца на вуліцах людзі. Тут твой няспешны шпацыр можа быць перапынены ў любую хвіліну, а галоўнае – ты заўжды застаешся пад увагай, бо заўсёды знойдзецца нехта, хто паглядзіць табе ўслед са сваімі здагадкамі: бач, следчы пракуратуры задумаўся, пэўна справу расследуе – мабыць, пра нядаўняе згвалтаванне. Могуць спыніць і спытаць з вельмі спачувальным выглядам: што, браце, задумаўся? Ды адпачываю, адпачываю я! Так іншы раз хочацца крыкнуць: «Адпачываю ад вас, ад вашых твараў, слоў, позіркаў…»

У рабочым інтэрнаце я быў адзіны халасцяк на ўвесь доўгі і цёмны, як глыбокая труна, паверх. Можа, неяк прызвычаіўся б да дзіцячага плачу-смеху, страляніны і беганіны, да сямейных сварак і п’яных спеваў ці крыку штовечар, да кухонных звад… Але праз тыдзень мяне ўжо запрашалі то ў адзін пакой – рыбкі прывезлі, то ў другі – ад цешчы свежына. Мае катэгарычныя адмовы зусім не дапамагалі: раз на тыдзень у дзверы грукалі добра захмялелыя мужыкі і сілай цягнулі мяне да сябе. Пазбавіцца іх назойлівасці было немагчыма, але і злавацца на іх я не мог, бо бачыў: рабацягі-сямейнікі шчыра хацелі пачаставаць мяне нечым смачным, яны дружна лічылі сваім абавязкам разнастаіць мае вечары і стараліся «забяспечыць добрай бабай на ноч, галоўнае – акуратнай».

Надзея, суседка, была невысокага росту, крыху паўнаватая, але дужая і ўвішная – гэта я найперш заўважыў. Бо ўжо на другі дзень пасля свайго засялення пабачыў, як яна шчыравала з рыдлёўкай на сваіх градах. Што здзівіла мяне: яна была ў белых шортах і кароткай жоўтай майцы – тады якраз надарыліся апошнія сонечныя дзянькі перад цяперашняй хмурнасцю. Я выйшаў з кубкам кавы праз заднія веснічкі і хацеў усесціся на лаўцы пад яблыняй (там гаспадары дома зрабілі куточак для адпачынку). Надзея, штохвілінна згінаючыся, дэманстравала мне свае пругкія клубы і аголеныя ногі, якія ўжо добра пачырванелі пад зыркім травеньскім сонцам. Да яе было метраў сем, мабыць, і яна адчула мой далёка не цнатлівы позірк, бо разагнулася, паправіла валасы і павярнулася да мяне.

– Вельмі бянтэжу вас сваім голым задам? Страшна на лаўку сесці?

Пытанне было нечаканым для мяне, таму я адказаў не адразу. Глядзеў у яе прымружаныя вочы, дзе хавалася прыязная гарэзлівая ўсмешка (ды амаль насмешка!), разгублена маўчаў і адчуваў, як чырванею, ды злаваў на сябе: ну чаму я маўчу! А яна абаперлася на ўторкнутую ў зямлю рыдлёўку і прадоўжыла:

– То пацярпіце ўжо, мне мала засталося. Бо перадам павярнуцца не магу.

– Чаму? – няўклюдна запытаўся я.

– Ды цыцкі вам на вочы вывальвацца будуць, – засмяялася яна, і толькі цяпер я звярнуў увагу на глыбокі выраз яе майкі і поўныя грудзі, якія без станіка дэманстравалі пухлінкі смочкаў пад тонкай тканінай.

– Дык я ж не аналой у царкве і ўзростам не хлопчык, якога грэх спакушаць, – нарэшце знайшоўся я і тут жа прапанаваў: – Давайце я вас кавай пачастую… за бясплатна атрыманае задавальненне ад сузірання вашых ног.

– Ногі як ногі… – трошкі засаромелася жанчына, мабыць, не чакала ад мяне такога спрыту. – За запрашэнне дзякуй, але іншым разам.

Не ведаю, чым яна прывабіла мяне ў той момант, хутчэй за ўсё, ува мне зайграла мужчынскае самалюбства. Гаспадары перад тым, як здаць мне палову дома і з’ехаць у сталіцу, трохі распавялі пра суседзяў. Я загадзя ведаў, што маю суседку завуць Надзея, яна развядзёнка, але за ёй «дрэннага не заўважалі». І таму адмова ад запрашэння ў той момант была расцэнена мной на ўзроўні падсвядомасці як мой асабісты пройгрыш, як поўная адсутнасць цікавасці з боку жанчыны да мяне, і гэта балюча драпнула маё самалюбства. Таму я мусіў паспрабаваць працягнуць гутарку:

– Надзея, вы ж самі ведаеце – у жыцці часта атрымліваецца так, што іншага разу і не бывае. Чайнік у мяне гарачы, заходзьце, балазе плоту паміж намі няма…

Жанчына пільна паглядзела на мяне, не паказала і кроплі здзіўлення, што я ведаю яе імя, і ў сваю чаргу прадэманстравала мне сваю дасведчанасць:

– Не, таварыш следчы пракуратуры, не магу, бо трэба дакончыць градку, пасадзіць гарох… потым памыцца і бегчы, бо мяне чакаюць, спазняцца не магу.

– Давайце дапамагу, – вырвалася ў мяне.

– О не, пачнуць казаць, што толькі другі раз у дом зайшлі, а ўжо да развядзёнкі пабеглі. Тут жа вачэй і вушэй – у кожнага куста.

– Ну тады заходзьце самі… заўтра бліжэй да вечара, – не мог супакоіць я сваё мужчынскае эга, якое патрабавала ад мяне дабіцца ад жанчыны хоць нейкай згоды хоць на нешта.

– Добра, зайду, – нечакана проста для мяне згадзілася Надзея.

Чаму мяне так расхвалявала першая кароткая сустрэча, тут загадкі вялікай не было: круглыя клубы, паўнаватыя, крыху шырокія сцёгны, затое вельмі акуратныя (вось толькі цяпер успомніў!) «бутэлечныя» лыткі Надзеі ўспыхнулі перад вачыма, калі клаўся спаць. Што ні кажы, а мая ранейшая сяброўка прывучыла мяне да рэгулярнага сексуальнага жыцця, а цяпер ужо амаль два месяцы, як я без жанчыны. І жаданне, якое ўспыхнула ўва мне, было нежартоўным. Далібог, каб яна не пайшла некуды (я пабачыў праз акно), то знайшоў бы спосаб яшчэ раз загаварыць з ёй.

Праўда, раніцай учарашняя карцінка не выглядала такой спакушальна-салодкай. Я пастараўся прыпомніць твар Надзеі: амаль круглай формы, невялікі падбародак, характэрны нос – востры, тонкі, з шырокімі трапяткімі крыламі, якія шавяліліся ад яе адсопвання. Нічога асаблівага.

Толькі позірк – вось што сапраўды хвалявала. Гарэзлівы, іскрысты. Яе вочы не абяцалі нічога, але быццам прапаноўвалі: заслужы, не пашкадуеш!

У той дзень здарыўся пажар у далёкай вёсцы, у нежылым доме. На падлозе пасля тушэння знайшлі труп: бамжыха, даўно вядомая ў вёсцы шасцідзесяцігадовая алкагалічка, не змагла дапаўзці да дзвярэй. Адзенне на ёй згарэла ўшчэнт, спіна яе і плечы абгарэлі да костак. Справы ўмомант выціснулі з галавы думкі пра Надзею.

Выгляд голага закуродымленага трупа немаладой жанчыны, які ляжаў перада мной на зялёным, у жоўтых кветках дзьмухаўцоў лужку, выклікаў мноства пачуццяў, але над усім дамінавала адчуванне жорсткай несправядлівасці, алагічнасці жыцця. Пакуль эксперт аглядаў труп на магчымую наяўнасць знешніх пашкоджанняў (раптам нехта пырнуў старую нажом?), мяне зачапіла і не адпускала адна думка: вось гэта, страшнае ў сваёй недагледжанасці, бруднае, азызлае цела было раней самым жаданым для некага. Нехта некалі з жарсцю цалаваў яго, гэтыя брыдкія цяпер грудзі былі неверагодна спакушальнымі, іх смочкі з асалодай хапалі роцікі немаўлят і цалавалі вусны каханага… Мы ўжо ведалі: у бамжыхі раней былі муж, сын і дачка. Яе пазбавілі бацькоўскіх правоў у трыццацігадовым узросце.

Саладкавы смурод гарэлага чалавечага цела чуўся мне паўсюль да вечара, быццам ён уеўся ў маю скуру, не толькі ў адзенне. Вяртаўся дадому спустошаным як ніколі. І толькі адно радавала цяпер – прадчуванне хуткай адзіноты, ціхай гадзіны ў садзе з кубкам кавы. Дзівіўся сам з сябе: не першы труп бачу за сваю практыку, але чаму так глыбока крануў мяне гэты выпадак? Бо жанчына? Ці гісторыя яе пустога жыцця, якая ўмясцілася на паўстаронкі тэксту?

Я зусім забыўся пра ўчарашні дзень і сваю спакуслівую суседку, таму яе постаць ля дома выклікала ў мяне амаль здзіўленне. Умомант успомнілася маё запрашэнне на каву, і з лёгкай прыкрасцю я падумаў пра тое, што зараз давядзецца апраўдвацца: мне не хацелася ні з кім дзяліць рэшту часу да ночы.

Але адбылося тое, чаго я ніяк не чакаў. Ці то на маім твары было столькі тугі, ці то Надзея ўжо ведала пра здарэнне і неяк уяўляла тое, з чым мне давялося сутыкнуцца, але ў яе вачах, калі я прыпыніўся ля сваіх веснічак, каб павітацца з ёй, пабачыў спагаду. Такую незвычайную, цёплую, што ажно разгубіўся: так глядзеў на мяне толькі адзін чалавек – мама. Але мамы два гады як няма…

– Несалодкі быў дзень? – замест прывітання клапатліва пацікавілася Надзея і патлумачыла: – Такія навіны ў нас хутка разносяцца…

– Несалодкі… – шчыра падзяліўся я. – Цяжка прызвычаіцца да смерці, тым больш вось такой… Вечар добры вам.

– І вам таго ж. Выгляд у вас…

– Страшны? – квола пажартаваў я.

Ніяк не чакаў, што выразная спагада жанчыны падасца мне самым неабходным з таго, што я хацеў бы адчуць зараз. І кіруючыся менавіта жаданнем атрымаць яшчэ колькі момантаў сапраўднай увагі і разумення, я наколькі мог бадзёра прадоўжыў:

– Спадзяюся, аднак, не такі страшны, каб вы перадумалі выпіць са мной кавы пад тымі яблынямі. Заадно паглядзім, ці не прараслі кінутыя ў глебу зярняты.

Яна стаяла ля кута свайго плота, я – ля сваіх веснічак. Абое адчувалі сябе на сваёй тэрыторыі. Старая вуліца, пабудаваная ў пасляваенны час, шырокая, зарослая паабапал кустамі бэзу і язміну, была бязлюднай.

– Зарана для прарастання, – без усмешкі адказала Надзея, і было нешта двухсэнсоўнае ў яе строгасці.– Вы хоць елі нешта сёння?

Наколькі пытанне было неспадзяваным для мяне, настолькі яно падалося незвычайна цёплым, чалавечым і дарэчным цяпер, і яно раптоўна зрабіла гэтую жанчыну маім быццам ужо і блізкім сябрам. Падсвядома тарганулася думка: мне ўжо многія гады ніхто не задаваў такога простага пытання з сапраўдным клопатам.

– А вы як думаеце, калі пытаецеся?

Мне захацелася вось такой моўнай гульні, неабавязковай, лёгкай, дзе можна схавацца за паўжартам, дзе дапускалася двухсэнсоўнасць, а ўся гульня ахутвалася воблакам неабавязковасці, штучнай раўнадушнасці – маўляў, як будзе, так і добра…

– Думаю, апетыт у вас наўрад ці быў,– зноў сур’ёзна адказала Надзея.

– І зараз няма, – развёў я рукамі. Сапраўды, я не мог думаць пра ежу, мне здавалася, быццам ад мяне і цяпер тхне тым смуродам з пажарышча.

І ўявіць сабе які кавалак каўбасы, што будзе сквірчэць на патэльні,– не, тое было ўжо амаль выпрабаваннем, якое мне над сабой не хацелася ладзіць. – Але кавы пап’ю з вамі з задавальненнем. Вось толькі абмыю працоўны пыл… і той гар, – вырвалася ў мяне прызнанне. Пятнаццаць хвілін – і я вас чакаю. Вы абяцалі ўчора, – нагадаў я строга.

– Абяцала, значыць, прыйду, – паціснула плячыма Надзея, быццам я засумняваўся ў нечым непахісна стабільным і моцным. – Ідзіце, мыйцеся…

Яна пастукала ў расчыненыя дзверы і зайшла ў пакой, калі я, прыняўшы душ і пераапрануўшыся ў свой стары спартыўны касцюм, ставіў чайнік.

Мае паўдома, што я здымаў, складаліся з невялічкай веранды з двума выхадамі – на вуліцу і ў агарод, і даволі вялікага пакоя, частка якога была адгароджана лёгкай занавескай з тканіны, – тут стаяў стол, два крэслы, газавая пліта і мыйка. Атрымлівалася нібыта кухня. Тут жа, у куце, быў устаноўлены сучасны душ, на сцяне вісеў вялізны электрычны воданагравальнік. Як кажуць, усе выгоды, акрамя яшчэ адной, што знаходзілася ў самым дальнім куце садка, сярод двух вялізных, бы копы сена, кустоў чорных парэчак. У пакоі – вялікая канапа, першая набытая мной асабістая рэч з нерухомасці, а таксама два мяккія крэслы, часопісны столік і вялікі стол з камп’ютарам – усе мае набыткі. Старая плеценая з лазы этажэрка засталася ад гаспадароў – яны прапаноўвалі прыбраць яе, як будзе замінаць, але мне этажэрка спадабалася: яна вельмі ўмяшчальная для кніг, ды і было ў ёй нешта самавітае. Пэўна, матэрыял – лазовыя пруткі рознай таўшчыні – выклікаў пачуццё датычнасці да мінулага.

Надзея зайшла з пакетам і, не пытаючыся, стала выкладваць на стол бохан хлеба, бутэльку гарэлкі і нешта ў цэлафанавым мяшэчку.

– Навошта вы? – па-сапраўднаму разгубіўся я.

– Ну, будзем лічыць, на ўлазіны прыйшла, першы раз у вашай хаце, нельга ж з пустымі рукамі. Як раней людзі хадзілі: хлеба бохан цэлы абавязкова… Ну а гарэлка… Вам выпіць трэба, мабыць, дык паясце трохі. Я катлет сёння нарабіла, не разагравала… Мне самой смачна іх халоднымі есці, можа, і вам даспадобы будзе… закусіце.

– Я люблю халодныя катлеты. Дастанеш такую з каструлі ў халадзільніку – на ёй тонкая белаватая паска застылага тлушчу… Смаката! А вось разагрэтыя не люблю. Як гарачыя – дык толькі каб адразу з патэльні,– зачасціў я, каб схаваць сваю ўзрушанасць, наразаючы хлеб і дастаючы талеркі.– А ў мяне… няма чарак, – разгублена ўсміхнуўся я Надзеі.– Але ёсць два кубкі… для кавы.

– Ух ты, які асаблівы мужчына, – пляснула ў ладкі яна, ці то сапраўды надта здзіўленая, ці то прыкідваючыся. – Зараз прынясу…

Я не паспеў запярэчыць, як яна павярнулася і выйшла. І толькі цяпер я заўважыў, а правільней – зразумеў сапраўдную прычыну свайго ўзрушэння і хвалявання: на ёй была апранута сукенка! Няхай не новая, не святочная, але не тая майка і спартыўныя штаны, у якіх яна стаяла ля плота чвэрць гадзіны таму. «Эх ты, следчы…» – паўшчуваў я сам сябе, хутка пераапрануўся ў джынсы і чыстую сарочку з кароткімі рукавамі. Паспеў аднесці ўсё на журнальны столік – тут нам будзе зручна ў крэслах.

Надзея быццам і не заўважыла майго пераапранання. Мы выпілі, і я пачаў есці, адчуўшы сапраўдны голад. Яна ж толькі злёгку прыкусіла.

– Вы ешце, не саромейцеся мяне, мы ж суседзі.

Потым падхапілася:

– Ой, на салату забылася!

З поўным ротам, я замахаў рукамі, але яна ўжо была ля дзвярэй. Вярнулася хутка – з салатай са свежых агуркоў.

Мы вячэралі, выпівалі; правільней, еў і піў больш, натуральна, я, бо Надзея з’ела адно палову катлеты і колькі скрылікаў агурка ў смятане. У двух словах расказаў пра сябе, слухаў Надзею. Яна не многа расказвала ў той вечар, у агульных рысах. Вывучылася на настаўніцу, але пасля нараджэння і смерці дзіцяці працуе прадавачкай у прыватніка.

Многа пазней, у нетаропкіх і шчырых размовах пад старой яблыняй перада мной пакрысе, бы з асобных пазлаў, складвалася Надзеіна мінулае жыццё. Замужжа ў дзевятнаццаць гадоў – ці то закахалася, ці то падалося, бо ўсё было ў першы раз: і само ўспыхнулае пачуццё, і хлапечыя заляцанні, і абдыманні, і пацалункі, і першая, пякучая ад сарамлівасці і страшная ад няведання сапраўднай глыбіні адчуванняў, блізкасць. Кінулася пасля вяселля ствараць свой сямейны куточак, перавялася на завочнае аддзяленне – вучылася на гістарычным факультэце. Жылі ў Мінску, скончыла вучобу – пераехалі сюды, бо тут мужу бацькі купілі і падарылі аднапакаёўку. І раней здараліся крыўдныя спрэчкі быццам на пустым месцы, а тут варожасць свякрухі стала адкрытай – тая ад пачатку не ўпадабала выбар сына: надта ж незалежнай ёй падалася нявестка, ганарлівай… То калі пераязджалі ў кватэру, Надзею папярэдзілі: жыллё падоранае, а значыць, яе адсюль у любы момант могуць выкінуць. Змаўчала. Уладкавалася настаўніцай, выкладала гісторыю. Муж пайшоў у будаўнічую арганізацыю вадзіцелем. Яго старыя сяброўскія сувязі добрай справы не зрабілі – пачыналася два разы на тыдзень партыямі ў більярд у кафэ, а пазней перайшло ў амаль штовечаровыя пасядзелкі ці ў кафэ, ці недзе ў інтэрнацкіх пакоях, іншы раз муж вяртаўся толькі ўранні. Спрабавала ўтрымаць – адданай пяшчотай, ласкай, цярпеннем і ўсёдазволенасцю ў ложку, – ды хутка адчула, што побач з ёй нібыта не муж, а яго бяздушны вялізны грузавік, які яна нічым спыніць не зможа. Яна стала аднойчы на яго шляху, а пасля доўга не магла ачомацца. І не з-за болю ў пабітых спіне і галаве, а таму, што раптоўна стала пуста ў душы – так пуста, так холадна, што фізічны боль фактычна не заўважаўся, а на сінякі на твары яна ўвагі не звяртала. Добра, тое здарылася летам – не трэба было ісці ў клас да вучняў. Надзея ляжала на канапе доўгія вечары, амаль фізічна адчуваючы пустату ўнутры. Муж не прыходзіў некалькі дзён, але яна, падпарадкаваная галоўнаму правілу гаспадыні – якая ў сям’і ні здаралася б сварка, а абед павінен быць, – гатавала. У нейкі дзень, стоячы ля пліты, адчула, як невыносна смуродзіць смажаная рыба. Яе званітавала. Спалоханая, выйшла з прыбіральні, а ў нос шыбанулі ў тысячу разоў узмоцненыя брыдотныя пахі такой знаёмай кухні. І, калі яна ў чарговы раз укленчыла ў спазмах над унітазам, аглушыла здагадка: затрымка. Надзея не спяшалася казаць пра цяжарнасць мужу і не памылілася: той амаль не адрэагаваў на навіну. Тады ён рэдка бываў цвярозым. Амаль усю сваю цяжарнасць Надзея праляжала ў гінекалогіі праз пагрозу выкідыша. Муж іншы раз наведваў яе, часцей нападпітку, колькі разоў яна не выходзіла да яго, бо ёй пераказвалі: моцна п’яны. І там жа вырашыла: народзіць – адразу да бацькоў. Нарадзіла. Парвалася вельмі, ледзь спынілі кроў. Хлопчык памёр; і дзякуй, Божа, што забраў яго маленькім, такога… А яна пайшла да маці. Муж і не паказваўся, нават не званіў. І на развод не прыходзіў, суддзя зачытаў яго заяву-просьбу разглядаць справу ў яго адсутнасць і згоду на скасаванне шлюбу. І вось Надзея адна пяць гадоў. Цяпер зусім адна: нядаўна памерла маці, бацьку пахавалі раней…

Усё гэта я даведаўся пазней. А ў той вечар яна доўга не затрымалася, спасылаючыся на маю стомленасць. Не дала мне выпіць кавы: «Спаць не будзеце». Пайшла, і я, як кажуць, вырубіўся, ледзь прыпаў галавой да падушкі. Спаў усю ноч, і вось дзіва: нічога не снілася. Зазвычай жа пасля выезду на месца забойства мне снілася ўсялякая дрэнь. На працягу месяца мы амаль штодзень сустракаліся з Надзеяй, віталіся, перакідваліся парай слоў, часам разам пілі каву ў садку ці вячэралі ў мяне ў пакоі. Мы абое жадалі сустрэч, наталяючы сябе мяккімі адчуваннямі ўтульнасці і спакою за вячэрнім сталом, шчырых сяброўскіх стасункаў. Не ведаю, як так атрымалася, але пасля аднаго вечара ў садзе я адчуў: у наступны раз у нас будзе секс, і яна таксама адчула, я быў упэўнены ў гэтым. Мы дасягнулі ў сваіх адносінах такой напоўненасці, калі магчымая блізкасць рабілася не нечым надзвычайным, а ўсяго толькі абавязковым завяршальным штрыхом. І мы развіталіся тады першы раз кароткім сціплым, напалову жартоўным, напалову сяброўскім пацалункам у куткі вуснаў, быццам стрымліваючы сябе да заўтрашняга і адначасова абяцаючы адно аднаму будучы вечар.

Так і атрымалася. Не будзённа-банальна, але і не як дасягненне нейкай вышыні пачуццяў, як кажуць, з эмацыйным узрывам. Мы быццам ішлі разам праз лес пакручастай сцежкай, якая вяла ўверх досыць строма, віхляла між старых дрэў, нырцавала ў густы зараснік, спускалася ў балотца, караскалася на выспу жоўтага пяску з чэзлым сасоннікам; ішлі, даверліва трымаючыся за рукі, і нам абаім важна было не проста дайсці да роўнай паверхні, а дайсці з тым сяброўскім даверам і чалавечай павагай, з якімі мы рушылі ў дарогу.

Тады Надзея выйшла з майго душа, загорнутая ў вялікі ручнік, прысела на ўскрайчык канапы і прамовіла ціха:

– Ты выбачай… Прыкідвацца з табой не буду… У мяне пасля разводу не было мужчын… – І тут жа прымружылася, у вачах успыхнулі агеньчыкі: – Забылася, што ўмела! Але і стрымлівацца не буду, як успомню!..

…Нашы адносіны з Надзеяй зайшлі ў тупік. З аднаго боку, усё было добра: мы бачыліся практычна кожны вечар, ужо двойчы праводзілі разам выхадныя. Ездзілі разам на рынак у суседні райцэнтр – Надзея была заявіла, што я зусім абнасіўся, трэба займець мне колькі сарочак на лета, джынсы і касцюм. Сабе набірала рознай драбязы. Гатавала есці – і на мяне амаль штодня. Секс у нас хоць і стаўся бадай рэгулярным заняткам, але не страціў той самай першай радасці валодання жаданым целам. І я з асаблівай уцехай адзначаў: Надзея радуецца мне ў ложку, ёй прыемна не столькі атрымліваць, калькі аддаваць мне – ласку, пяшчоту. Зрэшты, і для мяне самога незаўважна стала галоўным даць як мага больш Надзеі. І тут не мужчынская гордасць самім сабой, не задавальненне ад выніку былі галоўным: вось, маўляў, які я спраўны і ўмелы мужчына – жанчына са мной у ложку штораз узнімаецца на пік асалоды кахання. Не, мяне апаноўвала невытлумачальнае шчасце сузіраць яе крышку ашалелай ад пачуцця ў такія імгненні, хацелася доўжыць такія хвіліны. Невыказна цёпла было сустрэць яе глыбока пяшчотны позірк, калі пасля мы ляжалі, сцішаныя, побач і ўглядаліся адно ў аднаго, быццам бачыліся першы раз, і старанна вывучалі кожную рысачку на тварах. Мне не хацелася думаць нейкімі высокімі катэгорыямі, але я ўпершыню ў жыцці сапраўды адчуваў шчасце ад таго, што даю і атрымліваю ўзамен тое ж.

Я не думаў пра тое, як называць цяпер нашы адносіны, не казаў і не думаў казаць Надзеі пра каханне. Неяк занадта будзённа ў нас усё пачалося і развівалася, дасягнула вяршыні… Дакладней – тупіка. Я гэта адчуваў. Бо вось жа пачыналася, быў нейкі рух, была мэта, было куды і да чаго рухацца, а цяпер мы дайшлі да таго пункта ў адносінах, за якім павінна пачацца нешта якасна новае…

Карацей, альбо жыць далей ужо як муж і жонка, альбо… разбягацца.

Надзея ніводным словам не намякнула на тое, што ў нашых адносінах павінна з’явіцца адносная яснасць, яны павінны перайсці ў новую фазу.

Але ж і я сам не мог не разумець: Надзея чакае, верыць у працяг. Было ясна, што яшчэ месяц-два – і яна стоміцца ў сваёй якасці адданай каханкі, і блізкасць урэшце страціць галоўнае – пачуццё самаахвярнасці, стане звычайным актам задавальнення патрэбы. Гэта звычайная дыялектыка: колькасць павінна пераходзіць у якасць, усё мусіць развівацца.

А з іншага боку, адкуль мне ведаць? Я ўмею чытаць думкі Надзеі? Фізічна здаровая жанчына, са мной у ложку яна навучылася поўнай бессаромнасці (дарэчы, і я таму навучыўся), атрымлівае ад нашых з ёй хвілін усё, што можа атрымаць. Усклала на сябе невялікі абавязак іншы раз гатаваць для мяне нешта са страў, дазволіла карыстацца сваёй пральнай машынай-аўтаматам (праўда, пад яе кіраўніцтвам… ды па шчырасці, я больш стаю збоку). Але ж і я нечым дапамагаю ў яе гаспадарчых справах: ужо корпаўся на агародзе, рамантаваў водаправод, памяняў выключальнік… Карацей, пакуль у нас атрымліваецца гэткае бяскрыўднае суіснаванне, амаль сімбіёз. І галоўнае – ні я перад Надзеяй, ні яна перада мной не маем ніякіх абавязкаў!

Хіба ж не адсутнасць абавязкаў і ёсць галоўны ўмацавальны фактар нашых адносін? Хіба не таму мы стараемся не пакрыўдзіць і не абразіць адно аднаго, бо нічога нас не трымае, акрамя нашай прыязнасці? Проста супала так: мы суседзі, падыходзім адно аднаму. А калі разбяжымся, хіба праблема знайсці новага партнёра?

Але на гэтым месцы маіх разваг – не маіх нават, а нейкага бескампраміснага і цынічнага аналітыка, які часам прачынаўся ўва мне, – я спатыкаўся.

Таму што – праблема.

Надзея пражыла без каханка некалькі гадоў пасля разводу. І зусім не пераймалася праз адсутнасць у яе жыцці мужчыны. І сам я, падсвядома адзначаючы сярод сустрэтых мной жанчын тых, якія патэнцыйна мне падыходзілі, не запомніў ніводнай, ніводная не захвалявала.

Пакуль не сустрэліся з Надзеяй.

Мае сумневы тлумачыліся проста. У вёсцы, дзе я рос, выбар імёнаў быў надзіва небагаты. Сярод жанчын было па некалькі Надзяў, Таццян, Тамар.

Сярод мужчын было тры Васілі, два Шуркі і ажно пяць Міколаў. Таму зазвычай кожны з вяскоўцаў меў дадатак да свайго імя. Надзька Пецькава (па імені мужа) і Надзька Прэдкава (па прозвішчы мужа). Шурка Кузьмоў (бо бацька быў Кузьма) і Васіль Таньчын, Шурка Тамарын. Доўгі час я не звяртаў на тое ўвагі, задумаўся толькі на трэцім курсе ўніверсітэта, калі нам чыталі лекцыю пра прозвішчы, мянушкі і падобнае.

А і сапраўды: чаму Надзька была Пецькавай, а Васіль – Таньчыным?

Пытанне не столькі захапіла, колькі вярэдзіла сваёй нявырашанасцю. То прыехаў на вакацыі і спытаўся ў тады яшчэ жывой мамы. Тлумачэнне аказалася надзіва простым: Надзька была Пецькавай, бо прыйшла жыць да Пецькі, у пабудаваны ім дом. А Васіль быў Таньчыным, як і Шурка – Тамарыным, бо яны прыйшлі жыць у дамы сваіх жонак. І іх жонкі пасля замужжа зваліся па-вясковаму гэтак сама, як і да яго: Танька была Дуньчынай (так звалі яе маці) – і засталася Дуньчынай, Тамара – Грышкавай (па бацьку), хоць і выйшла замуж за Шурку. Васіль і Шурка былі прымакамі. І якімі яны ні былі б гаспадарамі, як бы ні шчыравалі на зямлі і ў двары, як бы ні перараблялі дамы, ды прымачы хлеб – сабачы. Не сталі яны гаспадарамі ў вачах вяскоўцаў, і не іхнімі сталіся жонкі, а яны – жончынымі мужамі.

Добра помню дзядзьку Шурку, суседа нашага некалішняга. Здаравенны мужчына, першым хапаўся за самую цяжкую работу, за траіх касіў і сек. Васіль быў дзядзька сціплы, але майстравы, на многія справы здатны. І паважалі іх вяскоўцы, і не чуваць было ў іх бок слоў асуджэння, ды з’явілася ў іх імёнах у нечым здзеклівая, у нечым грэблівая прывязка залежнасці ад іх жонак…

Надзьчын Васіль – так і мяне могуць некалі назваць у нашым паўмёртвым шэрым райцэнтры, і мяне зробяць не гаспадаром, а дадаткам да гаспадаркі адзінокай жанчыны. Хоць які там той дом – невялічкі, стары, у два пакоі, але ж – не мой, а яе. А пасля скажуць пра Надзею: «Прывяла сабе мужыка», – і тут будзе гучаць ухвала разумнай жанчыны і погляд на мяне, як на істоту, якую выбралі недзе ў базарны дзень…

Мабыць, яшчэ і з гэтай прычыны я ніколі не заставаўся ў Надзеі на ўсю ноч. Не ведаю чаму, але і Надзея, застаючыся з вечара ў мяне, хоць пад самы ранак, аднак вызвалялася з маіх абдымкаў, нацягвала на голае цела сукенку ці шорты з майкай, заціскала ў жменю станік і трусы, хутка цалавала ў вусны, дзячыла і спяшалася праз агарод у свой дом.

Ужо пасля трэцяй нашай сумеснай ночы я думаў пра тое, што добра б было запрасіць Надзею да сябе, пажыць разам… тым самым грамадзянскім шлюбам. Чаму б і не? Але ж як мне запрашаць яе з асабістага дома, які побач, жыць да мяне на здымную кватэру? Ды каб на кватэру – у пакойчык! Не, тое было недарэчна, нават смешна. Ісці самому проста пажыць, паспрабаваць? О, не…

Была яшчэ адна акалічнасць, няхай і не вельмі істотная, але яна непрыемна казытала душу і сілкавала мае сумненні. Надзея нейкі час працавала настаўніцай. Цяпер жа яна – іпэшніца, гандлюе таннымі спажывецкімі таварамі. Сама закупляе тавар, мае месца на рынку. Два дні на тыдзень Надзея ў «камандзіроўцы» – ездзіць закупляцца, у суботу яна гандлюе на рынку, а ў іншыя дні да яе прыходзяць-прыязджаюць розныя людзі, грукаюць у дзверы ў любы час дня і ночы. І яна кідае мяне ў такія хвіліны, бо «людзі ж прыехалі, ім трэба».

І яшчэ… Няхай я – мужчына, якому ад жанчыны трэба толькі ўцеха ў ложку ды каб есці гатавала. Дапусцім, я такі, і тады становіцца зразумела, чаму я не прапаноўваю разам думаць пра будучыню, чаму маўчу пра тое, дзе і як збіраюся жыць далей. Але ж яна – жанчына! Калі яна, як кажа Тамара, угледзела ўва мне бацьку сваіх дзяцей, чаму ніколі не заікнулася пра тое, што хацела б стаць маці? Чаму сама не кажа пра тое, як збіраецца жыць далей? Выходзіць, яе ўсё задавальняе вось так, як ёсць? Надакучу, і тады пойдзе сама аднойчы, сказаўшы млява: «Не хачу, каб ты прыходзіў», – і нічога тлумачыць не стане…

…Позна ўночы мы пілі гарбату на верандзе. У апошні час мы часта так рабілі, бо калі мне адразу пасля любошчаў, як любому мужчыну, хацелася спаць, дык Надзея ўсчынала гаворку пра абы-што. Перапоўненая пяшчотай, яна магла доўга і замілавана гладзіць мае грудзі, шыю, твар – і гаварыць, гаварыць… А мне былі не вельмі прыемныя яе пагладжванні, вось мы і вырашылі: будзем адпачываць і супакойвацца на верандзе за гарбатай.

Я расказваў Надзеі пра свае справы. Зразумела, гэта непрафесійна з майго боку – адкрываць ход следства старонняму чалавеку, але Надзея… Надзея была мне сваёй. Я не першы раз расказваў ёй аб прафесійным, быццам самому сабе, пры гэтым сам сябе слухаў, аналізаваў – і амаль штораз у мяне нараджалася новая думка. Цяпер я разумеў, чаму Тамара-пракурор так часта просіць усіх выказвацца ўголас па праблеме: агучаная праблема дакладна хавае ў сабе рашэнне.

…Крануўся вуснамі лба Надзеі. Удыхнуў пах яе валасоў. І нечакана Надзея застыла напружаная. Упершыню я адчуў такую незразумелую нерухомасць, і мяне трывожна казытнула: нешта здарылася?

– Васіль… Можна я нараджу ад цябе дзіця?

Надзея вымавіла сваё пытанне, асцярожна, просячыся, вызвалілася з маіх рук, нейкае імгненне сядзела, схіліўшы галаву, потым узняла на мяне вочы.

Я пацягнуўся па цыгарэты.

Калі ў нас здарылася блізкасць, у той самы першы раз, неяк адным словам Надзея дала мне зразумець: мне не трэба непакоіцца пра наступствы. І мы ўвесь час не засцерагаліся.

– Я не разумею, як так атрымалася… – крыху нервова прагаварыў я, мнучы цыгарэту.

Унутры мяне пачынала дробна трэсці. Раптоўна я зразумеў, як жыццё, тое, якое ёсць сёння, можа абрынуцца, і замест яго ўзнікне нешта новае, пакуль чужое для мяне, а галоўнае – без майго жадання. Як жа так? Чаму яна вырашыла падмануць мяне?

– Вой, дурненькі! – весела-адчайна ўсклікнула Надзея. Саслізнула на калені перада мною, абхапіла мае ногі, паклала на іх галаву і зноў зірнула на мяне, знізу наверх, але з неверагоднай пяшчотнай перавагай.

– Дурненькі,– паўтарыла яна з усмешкай. – Нічога не здарылася. І не магло здарыцца. А ты падумаў? Падумаў?

І стаў тухнуць, знікаць цёплы агеньчык у яе вачах. Яна зразумела: я падумаў менавіта так. Больш за тое, яна адчула, што ў мяне такая навіна выклікала ніяк не радасць.

Надзея не стала чакаць ад мяне нейкіх слоў. Яна зразумела? Зразумела, што я разгубіўся, спалохаўся? Зразумела, як у мяне маланкай пранеслася думка: вось, «заляцела» – нікуды не дзенешся, мусіш ажаніцца?

Зрэшты, усё было няважна. Бо Надзея зноў пачала казаць ціха, вінавацячыся:

– Я хачу нарадзіць дзіця… Вельмі хачу. Мне ўжо наўрад ці замуж выйсці… Ад абы-каго раджаць не хачу. Васіль… Няхай яно народзіцца ад цябе… Хочаш, я напішу і падпішу паперу, што не буду мець ніякіх прэтэнзій да цябе?

Я быў не разгублены – мяне літаральна аглушыла. Мноства думак, пачуццяў узарвалі свядомасць. Не было магчымасці за нешта зачапіцца.

І толькі адна, самая недарэчная, думка пульсавала ў скронях: вось Насця Грыцук – для некага нараджала, а ты – будзеш такім жа сурагатным бацькам…

– Надзюш… – хрыпата пачаў я, так і не прыпаліўшы цыгарэту. – А ты… Чаму ты не хочаш вярнуцца ў школу?

Яна зноў села побач, але не прыхіналася, усміхнулася, як павінілася:

– Табе прыкра, бо ты, следчы пракуратуры, інтэлігент, спіш з гандляркай з рынку?

Так, яна не абвінавачвала мяне, а менавіта прасіла прабачэння, быццам сама адчувала сябе чалавекам другога гатунку, жанчынай, якая прыдатная для мяне хіба як палюбоўніца, але не як… Не як жонка, не як маці маіх дзяцей.

Я не ведаў, што адказаць. Я не ведаў, што рабіць далей, як выйсці з сітуацыі, чым завяршыць размову. Не ведаў, проста не ведаў…

Ева ў пошуках Адама (зборнік)

Подняться наверх