Читать книгу Ева ў пошуках Адама (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 6
Таццяна Будовіч-Барадуля
Сіняя кветка
ОглавлениеКожны мой дзень – варыяцыя адной і той жа тэмы: званок будзільніка – школа – дзіцячы сад – праца – дзіцячы сад – школа – дом (вячэра, урокі) – сон.
Але перыядычна я вырываюся з гэтага ланцуга аднастайных дзён. Пачалося ўсё з банальнага выпадку. Вяртаючыся неяк з крамы, ля пад’езда я заўважыла кветку, пасаджаную ў гліняны гаршчок. Яна стаяла пасярод іншага гломазду: хтосьці перад капітальным рамонтам вырашыў расчысціць прастору. Я не магла не ўзяць яе: хатнія расліны – маё найвялікшае захапленне. Я пра іх ведаю ўсё (або амаль усё). А тут – ні на што не падобная, яркая такая, з кулак, махровая, пакрытая варсінкамі з кроплямі нектару на іх цёмна-сіняя кветка. І пышны кусцік цёмна-зялёных лісткоў, таксама пакрытых варсінкамі. Нідзе раней не бачыла такой прыгажосці. Калі я схілілася, каб узяць яе, лісткі быццам самі пацягнуліся да маіх рук, прыхінуліся да іх, атулілі прахалодай і пяшчотай.
У тую ноч я доўга не магла заснуць. Седзячы на кухні і гартаючы старыя часопісы, прыслухоўвалася да роўнага дыхання дзяцей з іх пакоя. Да раўнамернага пахрапвання мужа з яго спальні прыслухоўвацца было не трэба, каб зразумець, што ў сваім бяссонні я ў поўнай адзіноце.
За акном красавалася неймаверна вялізная поўня, а на падваконні – мая новая кветка. Ад яе ішоў тонкі прыемны водар – нейкая сумесь пахаў бэзу з язмінам ды ландышамі. Дзіўна, што раней я не адчула яго. А сама кветка быццам стала буйнейшай і ярчэйшай, чым падавалася пры дзённым святле. Пялёсткі яе раскрыліся так нахабна, нібыта запрашалі ўнутр… Я схілілася над вазонам, удыхаючы водар, ніяк не магла ім надыхацца. Узяла ў рукі, паднесла бліжэй да лямпы, каб лепш разгледзець, – і раптам… Куды падзелася ноч з яе неверагодна вялізнай поўняй, мая чырвоная піжама, кухня з часопісамі?..
…Я гуляла з сынам у гаі непадалёк ад замкавай гары. Слёзы засцілалі мне вочы, калі я глядзела на яго светлую хударлявую фігурку. Яму яшчэ не споўнілася і чатырох, а ён – выліты бацька! Тыя ж вочы, тая ж ганарлівая пасадка галавы, тыя ж пластычныя і ў той жа час пругкія рухі (быццам недзе ўнутры яго знаходзілася сціснутая спружынка, але раз-пораз ёй дазвалялася імкліва распроствацца).
Ён – гэта ўсё, што ў мяне засталося, дзеля чаго я жыла. Дакладней, спрабавала жыць пасля таго, як атрымала страшную вестку: князь мой, сонца маё, святло маіх дзён, загінуў пры абароне памежнай крэпасці. Я не вагаючыся выпіла б атруту, каб не сын. Але… Гэтая беленькая галоўка на тонкай, такой безабароннай шыі… Што з ім будзе? Ці паспее ён пасталець, каб заняць бацькаў пасад па праве нараджэння, перш чым знойдзецца «добразычлівец», які паспрабуе перайграць сітуацыю на сваю карысць і прапхнуцца да ўлады якім заўгодна коштам?
Такіх «добразычліўцаў» – як бруду. Але яны не ведаюць, з кім ім давядзецца мець справу. Мой сын зойме бацькаў пасад, калі прыйдзе час, і да таго моманту ён дасягне дасканаласці ў пытаннях дзяржаўнага кіравання ды вайсковай справы.
Слёзы зноў і зноў наварочваліся на вочы. Сын зрабіў сабе дзіду з прамога доўгага дубца і на кагосьці «паляваў». Галоўка яго з ільнянымі валасамі мільгала ў зеляніне. Паменшаная бацькава копія.
Сын – найдаражэйшае, што ў мяне ёсць, але я не павінна яго любіць. Каб не звар’яцець, калі страчу і яго. Каб мець на той момант халодны розум і спакой у сэрцы ды зрабіць усё, што належыць у такіх выпадках. Я з самага пачатку ведала, што страчу і яго. Як і цябе, мой княжа. Твой лёс – і яго лёс. Але нават калі б я магла пазбегнуць гэтых пакут коштам іншага ўласнага лёсу, іншага жыцця, праведзенага ў манастырскіх мурах, дзе я ніколі цябе не сустрэла б, я нічога не стала б мяняць (чуеш, ні-чо-га!) дзеля хоць бы аднаго імгнення поўнай паглыбленасці ў цябе і паглынальнасці табою, поўнай еднасці з табою ва ўсім.
А ў мяне такіх імгненняў было… аж сем гадоў бязмежнага шчасця! Я адчувала яго, майго князя, нейкім звышнатуральным чуццём, бачыла скрозь сцены, калі яму добра, калі кепска, ведала, пра што ён думае, калі яго вязуць параненым. Найсаладзейшая ж эйфарыя агортвала мяне тады, калі ён браў мае далоні і прыхінаў да свайго твару, удыхаючы скрозь іх паветра, а потым, ледзь дакранаючыся вуснамі, цалаваў мой шнар на правым запясці (след даўняга, яшчэ дзіцячага падзення з каня на камяні).
Бог мой, пашлі мне які-небудзь востры фізічны боль, якую-небудзь хваробу, што заўгодна, каб толькі не адчуваць таго болю… …Я расплюшчыла вочы, калі нехта з усяе моцы тузаў мяне за руку.
– Таська, што з табой? – голас мужа быў нязвыкла ўстрывожаны. – Гэта ты сваімі дыетамі сябе да непрытомнасці даводзіш, а як я без цябе з малымі буду?
Нясцерпна балела галава. Я ў сваёй чырвонай піжаме ляжала на стылай плітачнай падлозе кухні. Паспрабавала ўзняцца. Валасы былі мокрыя ад крыві: падаючы, я пабілася патыліцай аб рог стала.
– Трэба, мусіць, да дзяжурнага хірурга ехаць, Вячык. Патэлефануй маме, хай возьме таксі і прыедзе пабыць з малымі, пакуль мы ўправімся.
Чаргі з бамжоў і п’яных «шчасліўцаў» у лякарні не аказалася, і хірург хутка разабраўся з маёй ранай, наклаўшы тры швы. На месцы раны давялося састрыгчы валасы. Нічога, адрастуць – шнара відаць не будзе.
Д’ябал з ім! Адным больш, адным менш, іх і без таго нямала…
Калі мы вярнуліся дадому, дзеці яшчэ спалі, але са мной здарылася істэрыка: маці выкінула сінюю кветку. Ёй не спадабаўся яе пах. Я гатова была бегчы на памыйніцу шукаць маю кветку, але толькі што ад пад’езда ад’ехала машына – смеццявоз з поўным кузавам.
У той дзень я не пайшла на працу. Выпіўшы жменю таблетак валяр’янкі, тупа правалялася на канапе да самага вечара, гартаючы ўсемагчымыя даведнікі па батаніцы. Так і не знайшла таго, што шукала.
А потым разбалеўся шнар. Не на патыліцы – на правым запясці. Медыкі ніяк не могуць гэтага патлумачыць: стары, з дзяцінства яшчэ, шнар час ад часу пачынае моцна балець, і тады я згадваю зусім іншае жыццё, якое робіцца для мяне на пэўны час больш існым за маё звычайнае, са штодзённымі варыяцыямі на адзін і той жа матыў.