Читать книгу Ева ў пошуках Адама (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 2
Генадзь Аўласенка
Тэлефон даверу
ОглавлениеГучная бравурная мелодыя мабільніка загучала так блізка і так нечакана, што юнак нават уздрыгнуў. Ён чамусьці быў упэўнены, што пакінуў мабільнік у вітальні. У кішэні курткі, якую, зайшоўшы ў кватэру, проста шпульнуў абыякава на падлогу побач з бруднымі чаравікамі…
Але аказалася, што мабільны тэлефон пасля той апошняй горкай размовы з Ірынай ён паклаў не ў куртку, а чамусьці засунуў у заднюю кішэню джынсаў. І вось цяпер мабільнік гэты вельмі жадаў пагаманіць са сваім гаспадаром.
З крана з шыпеннем, свістам і нейкім непрыемным булькатаннем вырывалася гарачая вада… Але нават яна не магла заглушыць гэтага ўмольнага жадання мабільніка. «Ну вазьмі ж мяне, вазьмі!» – здавалася, крычаў ён, выглядваючы з задняй кішэні джынсаў, што ляжалі зараз сінім неахайным камяком зусім непадалёку, ля зялёнай кафлянай сцяны.
– Зайка моя! – нечакана змяніўшы танальнасць, загаласіў тоненькім галаском мабільнік. – Я твой зайчик…
– Ды змоўкні ж ты! – скрозь зубы працадзіў юнак, падфутбольваючы джынсы босай нагой. – Заткніся! Няма мяне тут! І наогул, нідзе мяне няма зараз, зразумеў?!
Але мабільнік, пэўна ж, анічога не зразумеў, бо ніяк не мог суняцца і ўсё працягваў звонка ды залівіста галасіць… І юнак раптам перадумаў. Тым больш, што вады яшчэ і на палову ванны не набегла.
«А можа… можа, гэта Ірына? – міжволі падумалася яму. – Можа, яна штосьці такое зразумела і перадумала? Ды не, быць такога не можа… Ці я не ведаю Ірыны?! А калі не Ірына, то хто? Ды якая, блін, цяпер розніца! Хто заўгодна, абы не маці! Маці мне зараз толькі і не хапала!»
Нумар, які высвеціўся на экране, быў незнаёмы і, адчуўшы з прычыны гэтага адначасова і палёгку, і самае горкае расчараванне, юнак, крыху павагаўшыся, усё ж паднёс мабільнік да вуха. Што ж, час яшчэ быў…
– Слухаю! – сказаў ён сіпата і амаль непрыязна. І адразу ж пачуў у адказ усхваляваны дзявочы голас.
– Алё! Алё! – з усяе моцы пракрычала дзяўчына. – Алё! Вы мяне слухаеце?!
– Слухаю! – паўтарыў юнак, адначасова дакранаючыся далонню да вады. Занадта гарачая, не ўлезці… трэба халоднай крыху дадаць. Ці не трэба… і так астыне?
– Гэта тэлефон даверу?!
– Чаго?! – Пытанне было настолькі недарэчнае і нечаканае, што юнак нават разгубіўся.
– Гэта тэлефон даверу? – паўтарыла дзяўчына і змоўкла ў чаканні адказу.
А што ён мог ёй адказаць?!
– Чаму вы маўчыце? – спыталася дзяўчына дрыготкім, спалоханым нейкім голасам. – Я што, зноўку не туды патрапіла?
– Туды! – нечакана нават для сябе самога адказаў юнак. – Менавіта туды, куды і тэлефанавалі!
Ён змоўк, дзяўчына таксама маўчала… І гэтае ўзаемнае іх маўчанне доўжылася даволі працяглы час.
– Разумееце, я і сама не ведаю, чаму вырашыла раптам патэлефанаваць на ваш нумар, – прамовіла, нарэшце, дзяўчына. – Проста я… проста ў мяне…
– У вас нейкія праблемы ўзніклі? – спытаўся юнак і адключыў ваду.
Лепш за ўсё было б скончыць размову зараз… і нават неабходна было скончыць яе менавіта зараз, пакуль вада зноў не астыла… Але юнак працягваў трымаць тэлефон каля вуха і з нейкім нават нецярпеннем чакаў адказу на сваё пытанне.
– Праблемы? – перапытала дзяўчына. – Не… Дакладней… Чаго я маню… Вядома ж, узніклі! Рэч у тым, што я… што ў мяне…
Не дагаварыўшы, дзяўчына змоўкла.
– Рэч у тым, што ў цябе… – неяк непрыкметна пераходзячы на «ты», паўтарыў юнак амаль машынальна і, спахапіўшыся, дадаў: – І што ж гэта ў вас за праблемы?
– Ён абразіў мяне! – са слязамі ў голасе пракрычала дзяўчына. – Ён так абразіў мяне, што я… што мне не хочацца жыць, разумееце?! Проста не хочацца! Навошта жыць, калі яго больш не будзе ў маім жыцці, калі ён так жорстка са мной абышоўся?! І таму я… таму я…
– Таму ты вырашыла скончыць жыццё самагубствам? – зноўку пераходзячы на «ты», без усялякага здзіўлення альбо нейкіх іншых эмоцый закончыў юнак фразу, якую так і не змагла вымавіць да канца дзяўчына. – Ну і якім жа канкрэтна спосабам ты збіраешся гэта зрабіць? Пры дапамозе снатворнага, хіба не так?
– Як ты… як вы здагадаліся? – прашаптала дзяўчына. – Сапраўды, я сяджу зараз на канапе ў спальні, а побач са мной вялізная бляшанка з самымі разнастайнымі таблеткамі. І я… мне… мне засталося толькі выбраць…
Яна зноў змоўкла, а юнаку раптам стала і смешна, і прыкра адначасова.
Ну і сітуацыя! Як той казаў, знарок не прыдумаеш!
– Чаму вы маўчыце? – спыталася раптам дзяўчына.
– Ды я не маўчу… – нейкі ідыёцкі смех разабраў раптам юнака, ён з цяжкасцю стрымліваўся, каб не зарагатаць. – Я проста думаю, якія з таблетак табе лепш параіць. Калі шчыра, я невялікі спецыяліст у гэтай галіне, але пастараюся дапамагчы, тым больш, што ты менавіта для гэтага сюды і патэлефанавала… Ён змоўк, чакаючы, што ж адкажа дзяўчына, але яна так нічога і не адказала. Праўда, тэлефон працягвала трымаць каля самага вуха, і юнаку добра чуваць было яе ўсхваляванае, перарывістае і занадта частае дыханне.
– А можа, табе выкарыстаць якісьці іншы спосаб самагубства? – нечакана нават для сябе самога і нібыта раздумваючы прапанаваў юнак. – Да прыкладу, вяроўку. Калі ёсць куды зверху прывязаць – самае тое! Хутка і надзейна, і амаль не балюча… Толькі не забудзься добранька яе намыліць перад гэтым. Хоць не, вяроўка не пасуе, бо вы, дзяўчаты, нават пасля смерці жадаеце выглядаць прыгожа і эстэтычна. Тады брытва! Ведаеш, мармурова-белы колер скуры, калі цябе знойдуць, будзе вельмі пасаваць ярка-крывавай пляме вакол… а таму…
– Як вы… чаму вы… – неяк разгублена і нават збянтэжана прашаптала дзяўчына і раптам закрычала са злосцю і адчаем: – Як вы… як вы можаце ў такі момант здзекавацца… насміхацца?! Хто даў вам такое права?! Такіх цынікаў, як вы, і на гарматны стрэл нельга дапускаць да тэлефону даверу… Хоць гэта вы можаце зразумець?!
Нічога не адказваючы, юнак проста трымаў мабільнік каля вуха, а дзяўчына ўсё працягвала гучна выкрыкваць новыя і новыя абвінавачванні на ягоны адрас.
Нарэшце яна змоўкла, але сувязь чамусьці і на гэты раз не перапыніла, хоць юнак менавіта на тое спадзяваўся. Не хапала яшчэ, каб вада занадта астыла і яе зноўку давялося падаграваць…
– Паслухайце, – ён зноўку перайшоў на «вы». – Адкажыце мне на адно толькі пытанне, толькі на адно. Навошта вы сюды патэлефанавалі, з якой мэтай? Вы падсвядома чакалі, што вас пачнуць суцяшаць, адгаворваць ад спробы суіцыду? Дык вось, я не стану ні суцяшаць, ні адгаворваць! Давайце, глытайце свае таблеткі, усе, якія ёсць, і як мага больш! А потым кладзіцеся на сваю канапу і…
– Не буду! – ціха, ледзь чутна адказала дзяўчына. – Ні глытаць, ні класціся на канапу! І, ведаеце… дзякуй вам вялікі!
– За што? – недаўменна спытаўся юнак. Ён і на самой справе нічога не разумеў.– За што дзякуй?
– За тое, што не суцяшалі мяне, не ўпрошвалі. Бо гэта не дапамагло б… Я нават упэўнена, што не дапамагло б… А так… Вы проста малайчына, бо знайшлі якраз тыя словы, якія і дапамаглі мне зараз! А ўрэшце, чаго я здзіўляюся, гэта ж ваша прафесія!
У мабільніку нарэшце пачуліся кароткія гудкі, але юнак гэтага нават і не заўважыў. Нібыта ў нейкім дзіўным здранцвенні працягваў сядзець ён на самым краёчку ванны, моцна сціскаючы ў правай руцэ мабільнік і не зводзячы вачэй з бліскучага ляза брытвы на падлозе…
Пяць хвілін таму ўсё было проста і зразумела: набраць вады, залезці ў яе па самую шыю, а потым…
Гэты званок усё парушыў! Навошта было хапаць мабільнік, навошта было падносіць яго да вуха і слухаць блытаную лухту невядомай дурніцы, якая нават нумар правільна набраць не ў стане?! Ну так, ён толькі што выратаваў ёй жыццё… Якая іронія лёсу! Ён, будучы самагубца, адгаварыў ад такога ж самага кроку нейкую незнаёмую дзяўчыну! І яна будзе жыць… жыць надалей і радавацца жыццю, у той час як ён сам… як яго…
Як яго ўжо не стане…
Вось толькі ці хопіць у яго зараз духу самому адважыцца на гэты апошні крок? Цікава, ці прыгожая яна, гэтая дзяўчына? Мяркуючы па голасе, вельмі…
* * *
– Клас! – сказаў Толік, адводзячы погляд ад экрана. – Найвышэйшы клас і найвышэйшая адзнака па элементарнай псіхалогіі! Ведаеш, з цябе неблагая актрыса выйшла б, Ксенія!
– А то! – адказала я, кідаючы тэлефон на стол і салодка пазяхаючы. – Стараемся! Колькі там яшчэ да канца дзяжурства засталося?
– Амаль паўгадзіны. – Толік таксама пазяхнуў.– Дык што, можа, крыху яшчэ за ім паназіраем?
– Навошта?
– Ну, так, на ўсялякі выпадак! – Толік паціснуў плячыма. – А раптам усё ж перадумае…
– Не перадумае!
Я ўзнялася з крэсла, прайшлася па пакоі.
– Зараз ён яшчэ крышачку пасядзіць, назіраючы, як сыходзіць вада, потым апранецца і абавязкова выйдзе на вуліцу. А потым…
– А потым, – перапыніў мяне Толік, – ён захоча патэлефанаваць табе, каб дамовіцца аб спатканні. І ты, вядома ж, згадзілася б, хіба не так?
З адной толькі цікаўнасці… Вось толькі адкажа яму па гэтым нумары ўжо хтосьці іншы. Шкадуеш?
– Здзекуешся? – у тон яму адказала я і, усміхнуўшыся, дадала: – Ці, можа, раўнуеш?
– Можа, і так, а можа, і гэтак… – буркнуў Толік і неяк нявесела ўсміхнуўся мне ў адказ. – Шкада толькі, што ты нават увагі на мяне…
– Увага! – пачуўся аўтаматычны голас з-пад панэлі.– Трэці квадрат «А», сіняя жылая зона. Яшчэ адна спроба суіцыду. Дзяўчына, сямнаццаць гадоў. Стаіць на балконе, на дванаццатым паверсе. Верагоднасць таго, што скінецца ўніз – восемдзесят восем працэнтаў.
Мы з Толікам пераглянуліся. Я зноўку ўсміхнулася, а Толік уздыхнуў.
– Дзяўчына… Гэта па тваёй спецыялізацыі! – не без іроніі сказала я. – Так што, давай, праяўляй свае акцёрскія здольнасці! Зарабляй найвышэйшы бал!
– Мабільнік адключаны, – працягваў між тым голас з-пад панэлі.– Але ў найбліжэйшым пакоі, на стале, знаходзіцца стацыянарны тэлефон.
Трэба спяшацца. Верагоднасць таго, што скінецца ўніз, узрастае: дзевяноста працэнтаў… дзевяноста адзін працэнт… дзевяноста два…
– Ды чую, чую! – неахвотна прамармытаў Толік, знімаючы трубку і хуценька набіраючы нумар. – Блін, хутчэй бы ўжо гэтае дзяжурства скончылася!
* * *
Адсюль, зверху, усё здавалася такім маленькім, амаль цацачным. І асфальтавая дарожка пад балконам выглядала вузенькай да такой ступені, што была рэальная магчымасць на яе не патрапіць. Проста праляцець міма і бразнуцца ў гэтыя калючыя кусты. Падрапацца аб іх, паламаць рукі-ногі, адбіць унутраныя органы, магчыма, вока выкалаць, але… …але, тым не менш, застацца жывой… жывой, і… …і скалечанай на ўсё астатняе жыццё…
Не, толькі не гэта! Такое горш за смерць!
Дзяўчына зноўку паглядзела ўніз і раптам уявіла сабе, як усё гэта будзе адбывацца. Кароткі хуткі палёт з пранізлівым посвістам ветру, балючае судакрананне з асфальтам (калі патрапіць!) і… усё! А ёсць там што далей ці няма… Гэта нікому канкрэтна не вядома…
Раптам у пакоі рэзка і пранізліва зазвінеў тэлефон, прымусіўшы дзяўчыну ўздрыгнуць і азірнуцца.
«Не падыходзь! – прашаптаў ёй нейкі ўнутраны голас. – Калі вырашыла скончыць з усім гэтым раз і назаўсёды – проста рабі сваю справу!
Хопіць вагацца і адкладваць… Ці ты проста спалохалася і перадумала?»
Дзяўчыну палохала толькі адно: не патрапіць на гэтую вузенькую палоску асфальта ўнізе. А тэлефон патрашчыць і змоўкне… І вось калі ён змоўкне, тады настане і яе чарга…
Але тэлефон усё ніяк не змаўкаў… І дзяўчына раптам падумала, што, магчыма, гэта тэлефануе Кірыла! Што, мабыць, ён перадумаў і ўсё зразумеў… і зараз будзе прасіць у яе прабачэння… А чаму б яму і сапраўды не зразумець відавочнае і не папрасіць прабачэння?.. А ўжо яна сама…
Яна сама будзе вырашаць, дараваць яму адразу ж ці няхай крыху папакутуе… калі толькі…
…калі толькі гэта ён тэлефануе зараз…
Але гэта быў не Кірыла, і дзяўчына, вярнуўшыся ў пакой і зняўшы трубку, адчула раптам горкае расчараванне. Не трэба было ёй падыходзіць, не трэба было здымаць трубку для таго толькі, каб пачуць гэты жаласлівы і дрыжачы юнацкі голас здалёк…
– Алё! – паўтарыў юнак і голас ягоны задрыжаў яшчэ мацней. Здавалася, яшчэ хвіліна – і незнаёмец расплачацца на поўны голас, нібыта малое дзіця. – Алё! Гэта тэлефон даверу?!