Читать книгу Ева ў пошуках Адама (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 13
Раiса Дзейкун
Жартаўнiк
ОглавлениеНарэшце скончылася Вялiкая Айчынная вайна. Народ памалу ажываў, ачомваўся ад вялiкага лiха. Больш за ўсiх даставалася бабам-удавiцам: гаротнiцам адным даводзiлася дзяцей падымаць, хаты будаваць, зямлю апрацоўваць. Мужыкi ў той час, асаблiва на сяле, былi на вагу золата. За iх iшла сапраўдная вайна. Бабы падбiралi ўсялякiх – абы хоць трохi вырушыўся.
Адна з такiх небарак, даярка Нюрка Рабавая, таксама знайшла сабе прымака. Яна яго агледзела ў раёне на кiрмашы, калi вазiла прадаваць яйкi, тварог, смятану. Грышка Кiчаваты ў адной сваёй асобе працаваў там вартаўнiком, сталяром i дворнiкам. Пры такой занятасцi чалавек яшчэ і ўмудраўся памагаць вясковым кабетам штосьцi паднесцi, знайсцi свабоднае месца на гандлёвых радах. Тыя ў падзяку давалi яму хто што: скрылёк сала, пару яек, бутэльку малака, колькi бульбiн. Начлег яго знаходзiўся тамсама – на базары, у маленькай каморцы-халабудзе, прытуленай да «канторы».
Грышка быў невысокi, худзенькi, нешматслоўны. У зашмальцаванай кухвайцы, старэнькiх галiфэ невядомага колеру, стаптаных кірзавых ботах, вылiнялай кепцы-васьмiклiнцы, няголены немаведама колькi часу, ён спачатку «не ўпаў да вока» Нюрцы. Вельмi запушчаны быў чалавек. Як на першы яе погляд – замухрышка заваляшчая, падмятайла нейкi. Сама Нюрка была «добрая лашыца» – так яе ацэньвалi вяскоўцы.
Неяк жанчына прыгледзелася больш пiльна да Грышкi i прыкмецiла, што нi разу не бачыла яго п’яным, звярнула ўвагу, як той спрытна ўпраўляўся з сякерай, рыдлёўкай, iншым iнструментам. «Эге, ды гэта ж золата, а не мужык!» – падумала сама сабе Нюрка i вырашыла прыбраць яго да сваiх рук. Яна ўжо ведала ад баб на рынку, што Грышка жыў бабылём, быў бязроднiкам. Адным словам, нiчыйны мужык аказаўся на той момант.
Нюрка, як толькi прыняла для сябе такое рашэнне, надоўга не стала адкладваць справу, баялася, што iншыя бабы агледзяць такi скарб i хутка падбяруць. У адзiн з прыездаў, калi нiчыйны Грышка дапамагаў ёй перацягнуць клункi ад станцыйнага аўтобуса да яе звычнага месца на кiрмашовым радзе, тут жа ўступiла з iм у перамовы. Грышка на пераезд у вёску даў згоду: маладзiца ў асобе Нюркi яму была даспадобы.
Пасля першай жа лазнi, галення i недарагiх Нюрчыных абновак, Грышка заблiшчаў, як тая новая капейка. Не пазнаць стала мужыка. Старшыня калгаса, пазнаёмiўшыся з iм блiжэй, прызначыў Грышку брыгадзiрам будаўнiчай брыгады. Пара зажыла ў мiры i згодзе. Нюрка яшчэ болей расквiтнела: ведама ж, шчасце красiць, а няшчасце гасiць.
На такiя крутыя змены ў жыццi Нюркi вясковыя бабы аж пазелянелi ад злосцi i зайздрасцi. А тут яшчэ Грышка-прымак неяк непрыкметна, але даволi хутка прыбраў-паднавiў старэнькую Нюрчыну сядзiбу, якая дасталася ёй ад памерлых бацькоў, чым яшчэ больш паддаў жару яе сяброўкам – такiм сама, як яна нядаўна, адзiнокiм гаротнiцам. Тыя пачалi пад любымi зачэпкамi зазываць мужыка да сябе: адной – клямку падбiць на дзвярах, другой – вядро з дна калодзежу дастаць, трэцяй – дах падрамантаваць. Кожная старалася аддзячыць Грышку за работу. А чым? Дык звычайна ж – шклянкай самагонкi. А яе тут мясцовыя ўмельцы гналi з жыта, бульбы, буракоў, садавiны-паданкi – хто з чаго прымудраўся. Гарэлка ў вёсках (ведама ж) была замест грошай.
Асаблiва ўвiхалася каля мужыка найблiжэйшая Нюрчына сяброўка – Сонька, якую па-вулiчнаму (за вочы) звалi Мейта. У яе больш за ўсiх на двары знаходзiлася спраў да Грышкi. Той не адмаўляўся ад працы, а часам i… ад шклянкі. Але колькi яму, бедалагу малому, патрэбна было тых шклянак? Грышка стаў спiвацца проста на вачах. У хаце пачалiся сваркi. Падчас iх Нюрка абзывала Грышку па-ўсякаму, гразiлася выгнаць прымака з селiшча.
– Валацуга! Кiчка непатрэбная, заваляшчая. Прыблуда ты базарная, адкуль толькi накараскаўся на маю галаву?! Ыч, падабрала, адмачыла, адскрэбла, дык цяперака i ён iндык-певень – хвост распушыў. Баб яму падавай, гарэлку?! Кавалер знайшоўся. А каб ты смалы гарачай напiўся, навалока! А каб у цябе скулле выскачыла на гарлянцы! А каб ты выпруцiўся! Вось як шугану, дык кулём паляцiш з селiшча! П’янюга несусветны!
– А ты будзеш па мне галасiць, калi я выпручуся? – спытаў неяк Грышка Нюрку.
– Дулю табе з макам, а не майго галасу, – аж падскочыла тая.
Так яны пражылi яшчэ трохi часу. Бабы, як згаварыўшыся, перахоплiвалi Грышку ўжо нават на цэнтральнай сядзiбе калгаса, што знаходзiлася за тры кiламетры ад iхняй вёскi. Пасля стрэч з «заказчыцамi» Грышка ледзь прыцягваўся да Нюрчынай хаты. Тая на чым свет кляла-праклiнала сваю долю, мужыка-п’яніцу, баб-суседак, з якiмi злыгаўся яе чалавек i якога яны, «вужакi падкалодныя», сурочылi-спаiлi…
Кожны раз Грышка на праклёны жонкi слаба адбрэхваўся i абяцаў больш не пiць. Да Нюркi ён прыкiпеў, ды i назад у брудную халодную кануру на базары ўжо не хацеў вяртацца: пры цёплым Нюрчыным баку яму было набагата лепш. Але дзе ж ты ўтрымаешся ад спакусы перакулiць чарку-другую, паднесеную ледзь не сiлком той жа ўсюдыiснай Мейтай? Нюрка перасварылася з усiмi бабамi, якiх падазравала ў спойваннi свайго Грышкi. А з найлепшай колiсь сяброўкай Сонькай-Мейтай, нават пабiлася.
Неяк Грышка не прыйшоў зусiм начаваць, дамаглася-такi Мейта свайго: упаiла да бяспамяцтва мужыка i проста абвалiла яго на ўслон, на якiм той, небарака, сядзеў-гасцяваў. Нюрка, якой бабы-суседкi данеслi гэтую навiну, такога вераломства сцярпець ужо не змагла: рана-раненька, перад тым як бегчы на ферму, яна выставiла на ганак старэнькi, аблезлы Грышкаў чамаданчык i павесiла на клямку ўваходных дзвярэй новы замок.
Пасля ранiшняй дойкi маладзiца пабегла дамоў. Там яе на ганку чакала клямка з новым замком, якая валялася разам з вырваным з ушулы прабоем. Чамаданчык стаяў побач. Ад нядобрага прадчування ў Нюркi аслабелi ногi. Ледзь пераступаючы iмi цераз парог у сенцы, яна пакiнула адчыненымi ўваходныя дзверы i… нема завыла-загаласiла. Праз хвiлiну-другую енквыццё сцiх…
Сонька-Мейта ў гэты час цiкавала-вiжавала i, пачуўшы несамавiты роў колiшняй сяброўкi, у адзiн мiг коткай пераскочыла цераз невысокi плот i апынулася на ганку. Тое, што Сонька пабачыла, на нейкi момант увагнала яе ў ступар: на падлозе маленькiх сенцаў валялася непрытомная Нюрка, а ў праёме кладоўкi, са збiтым замком на дзвярах, вiсеў з пятлёй на шыi i высалапленым, i чамусьцi вельмi сiнiм, языком Грышка. Адно вока ў яго было расплюшчана. Прыйшоўшы да цямы ад пабачанага, Мейта, не ў прыклад Нюрцы, не закрычала, не бразнулася ў непрытомным стане побач з ёй, а, пераступiўшы цераз былую сяброўку, шчурам пралезла-працiснуласяпрашчамiлася памiж ног Грышкi ў кладоўку. Там яна, акiнуўшы вачыма закуткi, кiнулася да кубла. Разгрэбшы соль, лiхаманкава стала хапаць кавалкi сала i запiхваць яго за пазуху. Калi ўжо там не было месца, Мейта ступiла да скрынi. На ёй вiсеў маленькi замочак. Але ён не супынiў ненажэрную i вераломную Нюрчыну суседку-сяброўку. Пашнарыўшы пад скрыняй, яна выцягнула з-пад куфра на шнурку ключык. Мейта паспела адчыніць i падняць века скрынi, нырнуць у яе i запусцiць руку кудысьцi ўглыбiню. Яна ведала, што Нюрка хавае ў ёй усе свае няхiтрыя скарбы, у тым лiку i грошы.
– Кума, а кума! Ну ты i штука! Ужо хаця б грошы не чапала, пакiнула нам з Нюркай на пахаванне. Сумлення ў цябе зусiм няма, сала табе мала? – пачула Мейта аднекуль са столі Грышкаў голас.
Сонька была не з палахлiвых, яна яшчэ высунула са скрынi галаву i зірнула ўгору: на яе паглядаў адкрытымі вачыма, якiя ледзь не вылазiлi з арбiт (мабыць, ад вялiкага здзiўлення), вiсельнiк. Такога вiдовiшча бедачына ўжо не вытрымала: левая Соньчына рука, якая трымала века скрынi, падламалася, масiўная драўляная накрыўка з разгону апусцiлася i накрыла палавiну Сонькi. Наверсе застаўся адзiн азадак кабеты.
– От жа бабы, лiха вашай пародзе, я ж пажартаваў, хацеў упэўнiцца: цi кахае мяне Нюрка i цi будзе яна па мне галасiць, – прабурчаў вiсельнiк i пачаў расшпiльваць кухвайку. Пад ёй на Грышку былi лейцы, якiя трымалi яго пад пахi i цягнулiся разам з вяроўкай-зашмаргай ззаду галавы ўгору, да адной з перакладзiн. Саскочыўшы з вяровак, Грышка, з сiнiм ад хiмiчнага алоўка языком, кiнуўся да найблiжэйшых суседзяў. Тыя – па бабку-шаптуху Бецыху…
Нюрку бабка адпаiла-адшаптала ад вялiкага стрэсу, а вось СонькуМейту не змагла. Тая, як канстатавалi ў раённай лякарнi дактары, памерла ад разрыву сэрца. Дык i хрыбет жа быў перабiты ў няшчаснай тым пудовым векам скрынi.
Адседзеўшы тры гады ў турме «за злоснае хулiганства», Грышка вярнуўся да Нюркi. Пiць ён зусiм перастаў, як завязала мужыку, але, як i раней, працягваў дапамагаць усiм, хто толькi да яго звяртаўся. Расплачвацца ж за працу пасылаў да жонкi: тая брала ад людзей, з якiмi памiрылася, хто што даваў, толькi не гарэлку. Ад Нюркi пасля ўсяго, што здарылася, нiхто больш чуць не чуў анiякiх праклёнаў.