Читать книгу Ева ў пошуках Адама (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 9

Тамара Бунта
На балконе

Оглавление

Усе падзеі – выдуманыя, любыя супадзенні – выпадковыя.

Вераніка ступіла на балкон і літаральна захлынулася свежым паветрам ад захаплення. Перад ёю аж да самага гарызонту прасціралася мора. З дзявятага паверха жылога санаторнага корпуса не было бачна ні пляжа, ні кіёскаў і кавярняў на пляжным узбярэжжы, ні паўголых аматараў ранішняга купання – адразу за зялёнымі верхавінамі дрэў раскошнага парку разлівалася агромністая марская сінь, якая зіхацела мірыядамі сонечных блікаў. А яна браць не хацела гэты нумар – маўляў, завысока!..

– Добры дзень, мора! – усклікнула Вераніка і ўскінула ўгару рукі, як у кіно.

Хтосьці б сказаў, што яна зрабіла гэта ненатуральна, занадта артыстычна, а на самой справе ўсё было шчыра. Яе сэрца перапаўняла радасць. Нарэшце яна на моры ды яшчэ разам з мужам, і наперадзе – амаль два тыдні адпачынку!

– І вам добры дзень! – адказаў прыглушаны мужчынскі голас.

Вераніка войкнула і азірнулася. Вялікі і шырокі балкон быў зроблены адразу для двух нумароў, і злева, за невысокай драўлянай перагародкай, сядзеў на крэсле сталы мужчына з сівымі, коратка стрыжанымі валасамі і смуглым тварам. Адчувалася, што загар не свежы, курортны, а даўнішні: мусіць, мужчына – паўднёвы жыхар.

– Выбачайце, я вас не заўважыла! – прамовіла Вераніка, радуючыся, што, узняўшыся з ложка, не забылася накінуць на голае цела шаўковы халацік. А то ж магла б пасля рамантычнай ночы з мужам на новым месцы выскачыць на балкон голая: апошні паверх, рагавы нумар, маўляў, хто тут убачыць?!.

Яна падышла да перагародкі і ўсміхнулася:

– Значыць, мы з вамі – суседзі?.. Будзем знаёмыя!

Назвала сваё імя і сказала, што прыехала з Мінска.

– Сяргей, – мужчына адказаў прыязна, але з крэсла не ўзняўся.

Ён быў значна старэйшы за Вераніку, і, безумоўна, лепей было б даведацца адразу і яго імя па бацьку, але перапытаць яна пасаромілася. Ды і на курорце – усе роўныя.

Перад Сяргеем на маленькім століку стаяла шклянка з віном. У руцэ ён трымаў цыгарэту.

«Сем гадзін раніцы», – міжволі адзначыла ў думках Вераніка.

– Цудоўнае мора, праўда? – спытала яна суседа, каб завязаць гаворку.

– Звычайнае, – адказаў Сяргей.

– Вы, напэўна, тутэйшы, з поўдня?.. Калі мора для вас – не дзіва…

– З поўдня, але не тутэйшы, – ён назваў адзін невялікі, але добра вядомы паўднёвы ўкраінскі горад і глытнуў віна са шклянкі.– А мора для мяне звычайнае, таму што я ўжо дваццаць гадоў езджу адпачываць у гэты санаторый і дваццаць гадоў гляджу на мора з гэтага балкона.

– Вы таксама ваеннаслужачы? – пацікавілася Вераніка.

Хаця было зразумела, што сусед не толькі ваеннаслужачы, але і немалы начальнік, калі дваццаць гадоў запар ездзіць кожнае лета ў ваенны санаторый, які яшчэ з савецкіх часоў носіць статус «генеральскага» і па сённяшні час застаецца прэстыжным месцам адпачынку. Яна са сваім Андрэем, маёрам па званні, патрапіла сюды ўпершыню толькі тады, калі муж пасля ваеннай акадэміі стаў служыць у Міністэрстве абароны. Вядома, можна было б купіць пуцёўку ў турфірме на любы курорт, але адпачынак у ваенным санаторыі – таннейшы, да таго ж тут і лячэнне ёсць.

– Ваенны ўрач, – адказаў мужчына і зацягнуўся цыгарэтай.

Вераніка здзівілася: доктар вёў нездаровы лад жыцця.

– Мы з мужам перад сняданкам на пляж збіраемся, хочам месцы бліжэй да мора заняць. Можа, і вам тапчан забраніраваць? – шчыра прапанавала яна.

– Я не хаджу на пляж, – адказаў сусед. – Ды і месцы там не трэба займаць: вам дадуць пастаянныя на ўвесь тэрмін адпачынку. Так што ідзіце спакойна ў сталоўку.

– А-а-а… Дзякуй за падказку, – Вераніка трохі збянтэжылася. – А вы дзе купаецеся – у басейне?

– Я наогул не купаюся.

– А на працэдуры ходзіце?..

Сусед толькі хмыкнуў у адказ.

Вераніцы стала няёмка. «Дзівак-чалавек, – падумала яна. – Навошта ж прыязджаць у санаторый на моры, калі не купаешся і не лечышся?»

З нумара выглянуў муж: «Ты хутка?» Але тут Андрэй убачыў суседа і выйшаў на балкон. Мужчыны павіталіся, паціснулі адзін аднаму руку і адрэкамендаваліся. Сусед аказаўся палкоўнікам медыцынскай службы, начальнікам стаматалагічнага аддзялення ваеннага шпіталя. Праўда, знаёмячыся, з крэсла ён так і не ўзняўся.

Праз гадзіну Вераніка з Андрэем смачна паснедалі ў прасторнай шматлюднай сталоўцы, потым, узяўшы пад пахі прыгожыя ручнікі, купленыя спецыяльна для паездкі на курорт, і прыкрыўшы галовы ад сонца вялікімі капелюшамі, пашыбавалі ў бок санаторнага пляжа.

Зразумела, што за ўвесь першы дзень у санаторыі яны пра суседа ніводнага разу і не ўспомнілі. Спачатку купаліся шчаслівыя ў цёплым моры і ляжалі разамлелыя пад тэнтам на сваіх тапчанах, якія і сапраўды ім выдзелілі на ўвесь адпачынак. Потым бегалі, як падстрэленыя, па санаторнай паліклініцы з кабінета ў кабінет з прызначэннямі дактароў. Потым, стомленыя пасля мора, працэдур і сытнага абеду, адпачывалі ў сваім нумары, перабываючы спёку. А потым, з’еўшы на полудзень смачную булку і выпіўшы кампот з абрыкосаў, зноў пасунуліся на пляж….

Пасля вячэры Вераніка з Андрэем вырашылі прагуляцца за брамку санаторыя, паглядзець курортны гарадок. Аказалася, што глядзець там асабліва няма чаго: невялікае гарыстае паселішча ў паўтара дзясятка звычайных шэрых пяціпавярховікаў і некалькі нешырокіх цяністых вулачак з прыватнымі дамамі, дзе жывуць людзі, якія абслугоўваюць санаторый – медперсанал, кухары, афіцыянты, прыбіральшчыкі, гандляры, – а заадно здаюць пакоі «дзікім» адпачываючым. Уся прыгажосць і вірлівае курортнае жыццё фактычна засталіся за высокай агароджай санаторыя. Там, на тэрыторыі велізарнага шыкоўнага парку, поўнага дзівосных раслін, побач з лячэбнымі і жылымі санаторнымі карпусамі месціліся кафэ, рэстаранчыкі, атракцыёны, крамы, танцавальныя пляцоўкі, а ўздоўж мора цягнулася доўгая добраўпарадкаваная паласа пляжаў.

Расчараваныя Вераніка з Андрэем вельмі хутка вярнуліся ў цывілізаваную санаторную зону. Адзіным суцяшэннем было тое, што па дарозе назад яны купілі на мясцовым кірмашы бутэльку таннага вінаграднага віна і духмяную дыню. Пакуль данеслі дыню да свайго нумара, ледзь не сышлі слінай.

Вінаграднае віно і цукровая дыня – што можа быць смачней за такую вячэру, асабліва, калі гэта вячэра на курорце?.. Яны таксама вырашылі выцягнуць з нумара маленькі столік з крэсламі і павячэраць удваіх на балконе з відам на марскі захад сонца.

Удваіх павячэраць не атрымалася. На сваім балконе сядзеў сусед. Перад ім на століку па-ранейшаму стаяла шклянка з віном, у руках ён трымаў цыгарэту. Быццам нікуды і не сыходзіў з учарашняга дня.

– Далучайцеся да нас! – Андрэй шчыра запрасіў суседа падзяліць з імі вячэру і паказаў рукой на разлітае па шклянках віно і парэзаную на часткі дыню.

– Не, гэта вы да нас далучайцеся! – у тон яму жартліва адказаў сусед і паказаў рукой на свой стол.

Так і пілі ўтраіх – побач, але праз перагародку, – кожны сваё віно. Вераніка з Андрэем закусвалі апетытнай дыняй, Сяргей – цыгарэтамі. Ад дыні ён катэгарычна адмовіўся. Мужчыны курылі і гаварылі – пра службу, пра парадкі ў войску, ва Украіне і ў Беларусі, пра савецкую армію, дзе распачынаў ваенную кар’еру Сяргей… Яны вялі няспешную размову і назіралі за тым, як вялікае распаленае сонца апускаецца ў мора ды залівае чырванню ўсю ваду, і Чорнае мора становіцца ўжо не сінім, а чырвоным-чырвоным, падобным да нагрэтай патэльні. І дзіўна было, што не чуваць, як мора шыпіць ад гэтага гарачага дыска. Мора тушыла сонца, і на ўзбярэжжа патроху прыходзіла вячэрняя прахалода.

Калі Вераніка з Андрэем пайшлі спаць, сусед яшчэ заставаўся сядзець на балконе. Таму балконныя дзверы яны прадбачліва зачынілі, хаця ў нумары было душнавата… І так павялося з дня ў дзень. Зранку, адразу пасля сняданку, Вераніка з Андрэем ішлі на пляж – купаліся, пякліся на сонцы, ляжалі ў цяньку на сваіх тапчанах, потым вярталіся ў нумар, прымалі душ, вывешвалі сушыцца на балконе ручнікі, купальнік і плаўкі, а затым ішлі на працэдуры, пасля чаго сытна і смачна абедалі ў вялікай прахалоднай, дзякуючы кандыцыянеру, сталоўцы і адпачывалі ў ціхі час у нумары, шчыльна завесіўшы шторамі вокны і адчыніўшы балконныя дзверы, а потым зноў ішлі на пляж… Увечар, прыгожа апрануўшыся, гулялі ў парку і па набярэжнай, любаваліся на ружы, канны, магноліі, алеандры, рададэндраны ды мноства іншых прыгожых раслін і кветак, назвы якіх ім былі невядомыя, слухалі музыку, глядзелі выступленні розных артыстаў, танцавалі на адкрытых пляцоўках, пілі шампанскае і елі экзатычныя марскія салаты ў шматлікіх адкрытых рэстаранчыках, якія наскрозь прадзьмуваліся свежым марскім ветрам, некалькі разоў каталіся па вячэрнім моры на прагулачных цеплаходах і шкадавалі толькі аб тым, што ў гэтым раі няма іх дзяцей – Санькі і Марынкі. Яшчэ на пачатку летніх канікул яны адправілі сваіх младшакласнікаў у родную вёску пад нагляд бабуль і дзядуль.

Штораз, калі позна ўвечары Вераніка з Андрэем вярталіся ў свой нумар, на суседнім балконе яны бачылі суседа. Сяргей не хадзіў на пляж, не гуляў у парку, здаецца, нават не спускаўся ў сталоўку. Ён цэлы дзень сядзеў у сваім крэсле, пацягваў віно, курыў адну за адной цыгарэты і задумліва глядзеў на мора. Ён быў увесь у сваіх думках. У яго была нейкая таямніца. І гэта вельмі цікавіла Вераніку і не давала ёй спаць душнымі начамі пасля таго, як яны з мужам нарэшце стамляліся ад гарачай ласкі і Андрэй засынаў.

Чаму сусед адпачывае ў санаторыі адзін?.. Дзе яго жонка?.. Чаму так шмат курыць?.. Няўжо ён, доктар, не разумее, што гэта шкодна для здароўя?.. Можа, з-за чагосьці перажывае?.. З-за чаго?..

* * *

У апошні вечар перад ад’ездам яны зноў вячэралі ўтраіх – кожны на сваім балконе. Крымскае віно, кавун, дыні, вінаград… А яшчэ свежы пах хвоі з парку, аддаленая музыка, шум мора і, канешне, марскі захад сонца… Апошні, развітальны…

Сядзелі амаль да поўначы, а потым Андрэй пайшоў пакаваць чамадан. Зрабіць гэта было не так і лёгка: да кучы стракатага адзення, якое прывезлі з сабой на курорт і палову якога так і не апранулі, цяпер дадалася куча сувеніраў ды падарункаў для радні і знаёмых. Андрэй доўга важдаўся, але ўсё ж такі спарадкаваў чамадан і ўсе клункі. Некалькі разоў ён выглядваў з дзвярэй на балкон і вачамі выразна паказваў жонцы, каб яна ішла спаць. Вядома, ён разлічваў на развітальную рамантычную ноч. Але Вераніка рабіла выгляд, што не заўважае яго шматзначных позіркаў: яе цікаўнасць цяпер была вышэйшая за ўсе іншыя жаданні. У рэшце рэшт пакрыўджаны муж выключыў святло ў нумары і лёг спаць.

Вераніка і Сяргей сядзелі кожны на сваім балконе ў поўнай цемры. Мора ўжо даўно пакрыла чорная паўднёвая ноч, і на ім, быццам светлякі, поўзалі, залітыя агнямі, курортныя прагулачныя цеплаходы. Знізу са шматлікіх кафэ і рэстаранаў з узбярэжжа прыглушана даносілася музыка. І гучаць яна будзе ажно да самай раніцы.

Вераніка і Сяргей моўчкі слухалі паўднёвую ноч.

– Вы ездзіце сюды і цэлымі днямі сядзіце ў нумары, каб схавацца ад людзей? – асцярожна спытала Вераніка.

– Я езджу сюды, каб схавацца ад сваіх успамінаў,– адказаў Сяргей. – Хаця… Ці ж можна схавацца ад сябе самога?..

– У вас штосьці здарылася ў жыцці? – Вераніка настойліва хацела дазнацца чужую таямніцу.

– Так, здарылася. Я забіў сваю жонку і сваю дачку…

– Як?!. – Вераніка проста зжахнулася ад пачутага.

– Ну, не сам, вядома, забіў… Але я вінаваты ў тым, што яны загінулі…

У цемры ночы гэтыя словы прагучалі злавесна. У Веранікі літаральна мову адняло.

– Так, гучыць вельмі страшна, калі ўслых гаворыш, – сусед быццам прачытаў яе думкі.– А самае страшнае, самае жудаснае, што я сам пусціў у свой дом, у сваю сям’ю таго д’ябла, які іх забіў…

– І хто быў гэты д’ябал? – з заміраннем сэрцам спытала Вераніка.

На суседнім балконе гарэла чырвоная кропачка: сусед курыў цыгарэту.

– Маленькая прыгожая дзяўчынка, падобная да анёлка…

– Дзяўчынка?!. – не паверыла сваім вушам Вераніка.

– На той момант, калі я прыняў яе ў сваё сэрца, гэта было дзевяцігадовае бялявае хударлявае мілае дзяўчо…

У цемры забулькала віно: доктар падліваў сабе шклянку. Ён збіраўся расказваць доўгую гісторыю.

– Недарэмна кажуць: «Добрымі намерамі выбрукавана дарога ў пекла»… Гэта праўда – я праверыў на сабе. У нашым стаматалагічным аддзяленні працавала адна медсястра, Аксана. Прыгожая, добрасумленная была жанчына. Мы працавалі разам амаль дзесяць гадоў. Сумесная праца вельмі збліжае і родніць людзей. Вось і мы з ёю зблізіліся. У рэшце рэшт я прызначыў яе старшай медсястрой. Аднак супрацоўнікі, асабліва жанчыны, чамусьці яе не надта прывячалі. Ведаеце, медыцынскія сёстры любяць прыхапіць дадому бінтоў, ваты, спірту. А Аксана строга сачыла за ўсім і не дазваляла гэтага. Але нядоўга ёй давялося пакамандаваць: захварэла на рак і памерла… Перад смерцю вельмі прасіла мяне, каб я паклапаціўся пра яе дзевяцігадовую дачку. Была ў дзяўчынкі бабуля, але што старая магла даць дзіцяці?.. Я паабяцаў, што не кіну Лізавету, так клікалі дзяўчынку.

Хаця чаму – клікалі?.. І сёння яе так клічуць. Ну, дык вось, я не проста паабяцаў – я слова даў. Слова афіцэра. Слова гонару. Вы чыталі ў дзяцінстве апавяданне Леаніда Панцялеева «Слова гонару»?

Вераніка прамаўчала. Яна чытала калісьці, яшчэ ў школе, гэты твор, але пра што ён, ужо не памятала. Мусіць, апавяданне яе не ўразіла так, як Сяргея.

– Ну, вядома, сённяшняе маладое пакаленне такіх апавяданняў ужо не чытае. А дарэмна. Для мяне гэтае апавяданне, можна сказаць, стала лёсавызначальным. Там расказваецца, як хлопцы, гуляючы ў вайну, паставілі маленькага хлопчыка за вартавога і ўзялі з яго слова гонару, што ён не пакіне свой пост без каманды старэйшага, а самі збеглі. Яны пажартавалі з яго, а хлопчык успрыняў гульню ўсур’ёз і стаяў за вартавога, нават тады, калі надышоў вечар і парк абязлюдзеў. Ён стаяў у цемры і плакаў, але дадому ад страху не збег, бо даў слова гонару. І стаяў да таго часу, пакуль адзін з наведвальнікаў парку не паклікаў з вуліцы ваеннага чалавека, і той нарэшце аддаў хлопчыку каманду: пакінуць пост. Калі я прачытаў апавяданне (а я тады быў такі самы хлопчык, гадоў дзевяць-дзесяць), мяне гэтая гісторыя так зачапіла!.. Я ўяўляў, што гэта я стаю ў цёмным пустым парку, што мне страшна і хочацца дадому, але нельга, бо я даў слова гонару, я мужчына і таму павінен трымаць яго!..

– І гэта вы ўзялі сабе за правіла на ўсё жыццё? – спытала Вераніка.

– Менавіта так! Калі я каму-небудзь штосьці паабяцаю і дам слова гонару, я ўжо ніколі не адступлюся ад яго, ніколі не падману! І Аксане я даў слова гонару, што буду клапаціцца пра яе дачку. Я тады не разумеў, якую адказнасць бяру на сябе!.. Дык вось, па дакументах апекуном дзяўчынкі стала бабуля, а я часта наведваў іх. Вядома, па шпіталі чуткі розныя пайшлі, быццам бы Ліза – мая пазашлюбная дачка. Нават жонка мая, Ірына (яна таксама была стаматолаг, толькі ў гарадской паліклініцы працавала), раўнаваць пачала, стала дапытвацца, ці было што-небудзь паміж мной і нябожчыцай… А я вельмі захапіўся роляй дабрадзея. Ведаеце, чалавеку ўласціва дабрачыннасць. І робіць ён добрыя справы не столькі для людзей і нават не столькі для таго, каму адрасавана яго дабрачыннасць, колькі для сябе. Для самасцвярджэння. Маўляў, вось які я добры і чалавечны!.. Гэта ўзвышае цябе ў тваіх жа вачах. Я стаў забіраць дзяўчынку на выхадныя дні, купляць ёй адзенне, цацкі, кніжкі… А ў мяне дома такая самая дзяўчынка расла, дачка Лерачка. Толькі Ліза з доўгімі бялявымі валасамі была, а мая Лера – вылітая маці – з чарнявымі вачамі і чорнымі кучаравінкамі… І стала дачка раўнаваць мяне да Лізы не менш за маці. Маўляў, чаго гэта мой татка чужую дзяўчынку любіць, а не мяне адну?.. Стала яна крыўдзіцца, капрызіць. Бедная мая дачушка, толькі сёння я разумею, якую душэўную траўму наносіў ёй!.. Яна ж мяне проста любіла і не хацела ні з кім дзяліць!..

А я, дурны, тады ўзяў у галаву, што трэба дзяўчатак бліжэй пазнаёміць, каб яны пасябравалі, а потым, калі да Лізы прывыкнуць і Ірына, і Лерачка, можна будзе і ўдачарыць сірату. Пасля гэтага жонка, канешне, яшчэ больш упэўніла сябе ў тым, што Ліза – мая пазашлюбная дачка. І не было ў той час у мяне магчымасці даказаць, што яна памыляецца. Нават у нашым ваенным шпіталі не рабілі тады экспертызу для выяўлення бацькоўства…

На балконе, на дзіва, стала прахалодна. Вераніка, апранутая ў лёгкі сарафан, пачала дрыжаць, а мо дрыжала зусім і не ад прахалоды. Але яна не хацела ісці ў нумар па кофту: баялася перарваць споведзь суседа. Вераніка ўзяла свой пляжны ручнік, які сушыўся на вяроўцы, і ахінула ім плечы, а другі ручнік, мужаў, паклала сабе на голыя ногі.

– Але ж я не толькі Ірыну і Лерачку збіў з панталыку, – працягваў свой аповед сусед. – Ліза таксама ўспрымала мяне як роднага бацьку. І чым далей, тым больш цёплымі станавіліся нашы адносіны. Якія б праблемы ў яе не ўзнікалі, заўсёды бегла да мяне. А падлеткам стала – патрэбы выраслі: то кофтачку новую просіць, то туфлікі, то паліто… Бабуля на сваю пенсію і дзяржаўную дапамогу наўрад ці магла яе модна апранаць. Жонка ж мая, як толькі пра абноўкі для Лізы даведвалася, адразу гвалт усчыняла!..

І я, каб мець лішнюю капейку для сіраты, за розныя халтуркі браўся. Зразумела, стаматолагу праца заўсёды знойдзецца… Вось і ў гэтым санаторыі я з года ў год жыву, бо палова камандавання ваеннай акругі ходзіць з зубамі, якія я паставіў, і працы мне не змяншаецца. Каб хацеў, даўно б у сталіцы служыў. Але ж я ў родным горадзе жыву… Так што многія сталічныя начальнікі па прыгожыя зубы самі да мяне ездзяць…

* * *

Было ўжо далёка за поўнач. Усе вокны ў іхнім корпусе даўно згаслі. Вераніка з доктарам сядзелі ў поўнай цемры. І толькі ўдалечыні, на моры, па-ранейшаму поўзалі светлякі – прагулачныя цеплаходы.

– Школу абедзве дзяўчынкі скончылі амаль што на «выдатна». І вось тут упершыню ў мяне адбыўся канфлікт з Лізай. Лерачка адвезла дакументы ў Кіеў, у медыцынскі інстытут. Ліза таксама хацела туды паступаць. А дзе ўзяць грошы на вучобу?.. Левымі заробкамі тут ужо не абыдзешся. Мая Ірына ўперлася: «Грошай на Лізу траціць не дазволю! Хай падзякуе, што цягнулі яе да заканчэння школы, дапамагалі і карміць, і апранаць!.. Цяпер няхай атрымлівае прафесію і сама зарабляе сабе на жыццё». Ну, што казаць – мела жонка рацыю, але ж гэта маё гіпертрафіраванае пачуццё доўгу, маўляў, я ж слова гонару нябожчыцы даў, таму абавязаны!.. Ды і перад Лізай было сорамна, я ж сам прывучыў яе да сваёй ласкі і падарункаў…

– «Мы заўсёды ў адказе за тых, каго прыручылі», – працытавала Вераніка Сэнт-Экзюперы.

– Менавіта так я і думаў,– пацвердзіў Сяргей. – Я падабраў і прыручыў гэтае няшчаснае кацяня, пакрыўджанае жыццём, а цяпер трэба выкінуць яго за дзверы і са сваёй душы?.. Вядома, я так зрабіць не мог. Прапанаваў Лізе паступаць у медыцынскі каледж, каб вучыцца на зубнога тэхніка: «Гэта добрая, надзейная прафесія, – казаў ёй. – Усё жыццё будзеш з яе есці хлеб, будзе і да хлеба. А я дапамагу табе паступіць на бясплатнае аддзяленне – у мяне ў тым каледжы выкладае стары сябар, былы калега». Дык не!.. «Я што, дурнейшая за Лерку?.. Яна – у медыцынскі інстытут, а я – у медыцынскі каледж?!. Ніколі не будзе такога!» Вось тады я і сказаў Лізе, што я не яе родны бацька, і дапамагаў толькі таму, што даў слова гонару яе паміраючай маці. Крыку і плачу было… Я тады нават пашкадаваў дзяўчыну, не разумеў, што няшчаснае кацянё даўно ўжо пераўтварылася ў наравістую котку і раўнуе мяне да маёй жа роднай дачкі. Ведаеце, да якой высновы я цяпер прыйшоў? Чалавека не трэба доўга апекаваць – гэта разбэшчвае яго. Ты пазбаўляеш яго магчымасці самастойна змагацца з цяжкасцямі і прыстасоўвацца да жыцця. Ты робіш чалавеку дабро і думаеш, што ён будзе табе за гэта ўдзячны. Ніколі! Твой клопат і тваю дапамогу ён успрымае як належнае. Ён уваходзіць у ролю няшчаснага, якому ўсе наўкол вінныя, і сам ужо не будзе напружвацца, а будзе чакаць, калі яго пашкадуюць, пра яго паклапоцяцца, дадуць усё бясплатна і на талерачцы…

Музыка на пляжным узбярэжжы патроху сціхала. Перасталі поўзаць па моры і цеплаходы. Курорт супакойваўся і засынаў. Не спалі толькі два чалавекі на балконе. Але яны былі не тут, на ўзбярэжжы цёплага мора, на якое апусцілася чорная паўднёвая ноч, а ў далёкім адсюль горадзе і нават у далёкім ад гэтай ночы часе.

– Паступіла яна мне насуперак у мясцовы тэхнікум сувязі, вывучылася бясплатна на тэлефаністку, потым пачала працаваць на гарадской тэлефоннай станцыі. А Лерачка мая ў медінстытуце ішла на «выдатна» з курса на курс, марыла пра аспірантуру… Таленавітая дзяўчынка была!..

Зноў забулькала віно. Мусіць, без яго сусед не мог справіцца са сваімі страшнымі ўспамінамі. «Як, як гэта здарылася?» – Вераніка ў думках увесь час падганяла Сяргея, услых жа спытаць не адважвалася. Але сусед быццам пачуў яе.

– У той год Ірына вырашыла крыху падзарабіць і паехала ў Ізраіль – папрацаваць у прыватным стаматалагічным кабінеце. Прыяцелька яе туды паклікала: калісьці тая ў нашым шпіталі добрым пратэзістам была, цяпер жа на Мёртвым моры свой кабінет трымае… Усяго толькі паўгода жонка і папрацавала там, а грошы прывезла немалыя. І вось зрабіла яна памылку: не паклала грошы на банкаўскі рахунак, наяўнымі іх везла. І мне некалькі разоў тэлефанавала, раілася, прасіла, каб сустрэў яе абавязкова. А мабільнікаў жа ў той час – на пачатку двухтысячных – у нас яшчэ не было. Не, сёй-той ужо меў, але каб так, як сёння, калі ў кожнага ў кішэні тромкалка ляжыць, то не… Дамаўляліся мы з Ірынай па міжнароднай тэлефоннай сувязі. Праўда, размаўлялі з ёю ўмоўнымі словамі, і чужыя нас не зразумелі б… Пра тое, што нас можа слухаць чалавек, які добра ведае і нашу сям’ю, і нашы таямніцы, мне тады нават у галаву не прыйшло. Прыляцела з Ізраіля жонка – я сустрэў яе ў аэрапорце, дадому прывёз, некалькі дзён пабылі разам, пагаварылі… Наконт грошай параіліся, вырашылі, што будзем збіраць Лерачцы на кватэру ў Кіеве. І тут мне якраз адпачынак падаспеў, я сюды пачаў збірацца. А трэба сказаць, што мы з жонкай даўно ўжо разам не адпачывалі. Дамоўленасць у нас такая была. Бо я Крым люблю, гэтае цёплае Чорнае мора, гэты цудоўны клімат, у якім мне лёгка дыхаецца нават у спякоту, гэтыя горы – невысокія, лясістыя… А жонцы ў Крыме чысціні і парадку на вуліцах бракавала, ды і сэрвіс мясцовы ёй не спадабаўся. Я ўсё гэта ўспрымаў як элемент крымскай экзотыкі, а Ірыне патрэбны быў камфорт… Жонка ў мяне палову Еўропы аб’ездзіла. Навошта ёй быў вось гэты «савецкі» санаторый?..

Сяргей закурыў чарговую цыгарэту.

– Я ж у той час сюды ездзіў па-сапраўднаму адпачываць: у моры купаўся, гадзінамі на пляжы ляжаў, увечары па ўзбярэжжы гуляў… Жонцы тэлефанаваў час ад часу на хатні тэлефон. І вось раптам перад маім вяртаннем яна перастала браць трубку. Адзін раз, другі, трэці… Спачатку падумаў, ну выйшла куды… У другі раз – мо затрымалася дзе-небудзь на вуліцы… А што на трэці раз было думаць?.. Спытаць, дзе Ірына, няма ў каго: дачка – у Кіеве, а з суседзямі мы не надта сябруем, я нават іхні тэлефон не ведаў.

Ехаў дадому – трывожныя прадчуванні душу вярэдзілі. Прыехаў, званю ў дзверы – ніхто не адгукаецца. Адчыніў сваім ключом… Ляжыць мая Ірына на кухні, на падлозе ў лужыне крыві, а ў кватэры ўсё ўверх дном перавернута… Потым экспертыза паказала, што яе сякерай для мяса забілі…

Ніякіх грошай, зразумела, у кватэры ўжо не было. Год забойцу шукалі, так і не знайшлі. Дзяўчынкі мае, Лера і Ліза, так горка плакалі па Ірыне на пахаванні! Ліза мо грамчэй за родную дачку галасіла…

Пачало віднець, і ў шэрай ранішняй смузе засінела мора. Было яно пустое і спакойнае – адпачывала перад чарговым вірлівым днём.

Сяргей ужо не курыў. Цыгарэты ў яго скончыліся, ды і віно таксама.

Але ён не ішоў па іх у нумар, моўчкі сядзеў у крэсле, узіраўся ў марскую далечыню. Вераніка сядзела ў крэсле на сваім балконе, абшчапіўшы рукамі плечы, накрытыя ручніком, і апусціўшы галаву. Яна баялася глядзець на субяседніка, баялася фіналу страшнага расповеду.

– А роўна праз год, калі я адпачываў тут, зноў замаўчаў хатні тэлефон. Цяпер ужо дома была дачка – вярнулася, атрымаўшы чырвоны дыплом: у наш шпіталь прыехала працаваць стаматалогам. Я нават марыў, каб яна з часам заняла маё месца… І новенькі даччын мабільнік таксама не адказваў. Вось тады я кінуў свой адпачынак, чаго ніколі раней не рабіў, і памчаў дадому. Прыехаў, званю ў дзверы – не адчыняе! Я ўжо ў кватэру адзін не адважыўся зайсці, выклікаў участковага. Пакуль міліцыянер прыйшоў, вы не паверыце, я стаяў пад дзвярамі і Богу маліўся. Дагэтуль ніколі ў храм не хадзіў і малітваў не ведаў, дык я сваімі слова маліўся: «Божачка, зрабі так, каб мая дзяўчынка была жывая! Зрабі, каб мая дзяўчынка была жывая!» Мусіць, раней мне маліцца трэба было… Прыйшоў участковы, тут якраз і Ліза прыехала, адчынілі мы дзверы… З заміраннем сэрца ўваходзіў я ў кватэру. Лерачка ляжала на сваім ложку, поўнасцю накрытая коўдрай. Адхінулі коўдру – усе грудзі крывёю залітыя!.. Я літаральна самлеў. Каб не Ліза, мусіць, тады б не перажыў гэтае гора!.. Яна ні на крок ад мяне не адыходзіла, за рукі трымала, абдымала, суцяшала, пасля пахавання з маёй кватэры месяц не выходзіла… Я тады думаў: добра, што хоць адна блізкая душа на зямлі засталася!.. Каб жа я мог здагадацца, што тая, што за рукі мяне трымала, гэтымі рукамі маю Лерачку і жонку маю загубіла!..

Сяргей заскрыгатаў зубамі і замаўчаў. Моўчкі сядзелі ў абсалютнай цішыні. Нават птушкі яшчэ не прачнуліся, затое было чутна, як павольна дыхае мора.

* * *

Вераніка ўзняла галаву, павярнулася да суседа і спытала:

– Яна была ваша палюбоўніца?

– Хто, Аксана?.. Так…

– Не, я – пра Лізу…

Павісла даўжэзная паўза. Потым Сяргей раптам узняўся і пайшоў у свой нумар. Вераніка пасядзела яшчэ некалькі хвілін. Яна падумала, што размова скончана. Сяргей сваім рэзкім адыходам фактычна адказаў на яе пытанне. Нарэшце Вераніка вырашыла, што і ёй ужо трэба ісці ў свой нумар і хоць крышку паспаць перад ад’ездам дадому. І якраз у гэты момант Сяргей вярнуўся з новым пачкам цыгарэт у руках і поўнай бутэлькай віскі.

Ён распакаваў цыгарэты, адкаркаваў бутэльку, наліў у шклянку карычневы шатландскі напой, выпіў яго хутка, як гарэлку, і закурыў.

– Як вы здагадаліся?..

– Вельмі проста. У мяне ў жыцці была аналагічная сітуацыя. Я, як і Ліза, расла без бацькі і вельмі ад гэтага пакутавала. Паверце, маленькім дзяўчынкам бацька патрэбны не менш за маці, а можа, нават больш.

Менавіта бацька выхоўвае з дзяўчынкі жанчыну: як ён ставіцца да яе, як ён любіць яе, як ён хваліць яе, як ён купляе ёй падарункі,– па ўсім гэтым дзяўчынка атрымлівае першы вопыт адносін з супрацьлеглым полам…

– Вы – псіхолаг?.. – перабіў яе Сяргей.

– Я – педагог, настаўніца англійскай мовы і класны кіраўнік. А кожны педагог – псіхолаг, – усміхнулася Вераніка. – Дык вось, у дзяцінстве і ў юнацтве мне вельмі не хапала бацькавай любові і клопату. Асабліва ў юнацтве… Я адчувала гэты недахоп хваравіта яшчэ таму, што сябравала з дзяўчынкай, у якой быў цудоўны бацька, дзядзька Віця. Дзядзька Віця добра зарабляў і часта купляў маёй сяброўцы падарункі. Я глядзела на яе новыя кофтачкі, боцікі, сукенкі, упрыгажэнні і жудасна зайздросціла. Я хацела, каб гэта ўсё было ў мяне, а галоўнае – я хацела, каб яе клапатлівы бацька быў мой і любіў толькі мяне адну. Так, па начах я марыла, каб дзядзька Віця кінуў сваю цётку Валю, а таксама сваю дачку і маю сяброўку Аленачку і перайшоў жыць да маёй мамы і да мяне. Не, паміж маёй маці і дзядзькам Віцем аніякіх амураў не было, маме ён і не надта падабаўся. Затое мне з кожным годам – усё больш. Мяне не цікавілі хлопцы-аднагодкі, па начах я думала толькі пра дзядзьку Віцю… А сяброўчын бацька да таго ж меў досыць сучасны выгляд: хадзіў у джынсах, насіў футболкі і швэдары, любіў рок, ездзіў на матацыкле. Ён не падаваўся мне старым чалавекам, і я вырашыла зрабіць усё, каб ён закахаўся ў мяне…

– І як вы дзейнічалі?.. – спытаў Сяргей.

– Аніяк. Не паспела. Аднойчы на дні нараджэння ў іншай сяброўкі я пазнаёмілася з яе стрыечным братам, курсантам вайсковага вучылішча, закахалася, неўзабаве выйшла замуж і атрымала ад яго ўсю тую любоў і клопат, якіх мне так не хапала без бацькі. І цяпер нават сорамна ўзгадваць, якія чорныя планы я сачыняла ў адносінах да сваёй сяброўкі дзяцінства!..

Пра гэта ніхто не ведае, ды і я сама пастаралася на іх забыцца.

– Цікава, а што б цяпер вы адчувалі, каб вашы чорныя планы наконт дзядзькі Віці здзейсніліся? Можа, вы былі б яшчэ шчаслівейшая, чым сёння?..

– Не, я была б расчараваная.

– Чаму вы так упэўнена адказваеце?

– Проста, я неяк пабачылася з ім… Пасля вучылішча муж служыў у розных невялікіх ваенных гарадках, і калі мы прыязджалі дадому на адпачынак, я ўсё неяк не знаходзіла часу наведаць сяброўку дзяцінства. Не бачыла я і яе бацьку. І вось прайшло гадоў дзесяць, калі аднойчы я выпадкова сустрэлася з ім у родным горадзе на кірмашы. Ён так шчыра ўзрадаваўся нашай сустрэчы, пачаў распытваць, дзе і як я жыву, стаў расказваць мне пра сваю дачку, пра яе жыццё, пра малога ўнука… А я стаяла, ўражаная і збянтэжаная, глядзела на гэтага састарэлага мужчыну з тварам у зморшчынках, з хударлявай шыяй з адвіслай скурай і думала: «Божачка, як я, дурненькая, магла яго калісьці кахаць?!. А каб я дабілася свайго і выйшла за яго замуж, што б цяпер з гэтым старым я рабіла?..» Вось, бачыце, чым скончылася маё першае каханне – поўным расчараваннем.

– Колькі гадоў дагэтуль вы не бачыліся з ім? – спытаў Сяргей.

– Дзесяць.

– Дзесяць… – задумліва паўтарыў сусед.

– А як знайшлі забойцу, вы так і не расказалі,– нагадала Вераніка.

– Як знайшлі?.. Пасля забойства Леры, якое адбылося, як і першае, падчас майго адпачынку ў санаторыі, следству стала зразумела, што злачынца добра ведае расклад жыцця нашай сям’і. І тэлефоны ўсіх нашых блізкіх і знаёмых паставілі на праслухоўванне. У першую чаргу тэлефон Лізы. Дарэчы, як потым аказалася, і мой. Уяўляеце, я таксама быў у падазроных!.. Следства таксама лічыла, што я мог забіць сваю жонку і ўласнае дзіця! Ды што цяпер пра гэта казаць… І вось зафіксавалі званок, калі Ліза тэлефанавала свайму былому аднакурсніку і супакойвала яго: «Не бойся, ніхто ні пра што не здагадваецца і ніхто нічога не знойдзе!.. Не рабі глупстваў!.. Усё будзе добра!» Аказваецца, Лерачку яны забівалі ўдваіх: ён трымаў і рот заціскаў, а яна нажом біла!.. Не хлопец – Ліза забіла! Тымі самымі рукамі, якімі потым суцяшала мяне! На судзе яе аднакурснік сказаў, што не збіраўся ўдзельнічаць у забойстве: быццам бы Ліза проста папрасіла яго дапамагчы «разабрацца з сяброўкай». А яна збіралася, бо нож з сабой узяла! Нож, якім яна забіла Лерачку, быў прынесены, не наш!.. Кватэру яна адчыніла сваім ключом… Божа, я сам даў ёй гэты ключ, каб яна адчувала сябе паўнапраўным членам нашай сям’і!.. Я сам даў!..

Сяргей зноў глынуў віскі, зноў – у які ўжо раз! – закурыў.

– Калі яны ўвайшлі, была ноч, і Лерачка спала. Хацелі яе сонную забіць, а яна прачнулася. Бедная, якія жах і боль яна перажыла ў апошні свой момант!.. На судзе Ліза гаварыла, што першае забойства яна зрабіла выпадкова. Быццам бы проста прыйшла да маёй жонкі, расказала ёй пра нашы з ёй інтымныя зносіны і стала прасіць, каб Ірына аддала ёй мяне, каб развялася. А Ірына стала абражаць яе, крычаць, маўляў, адразу ведала, што Ліза – змяюка, якую мы прыгрэлі на грудзях, што яна такая ж разбэшчаная, як і яе маці, і што павінна рукі-ногі цалаваць за ўсё тое, што для яе зрабіла наша сям’я, а яна, няўдзячная свіння, вось як аддзячыла!.. Зразумела, жонка была раз’юшаная, на злыя словы не скупілася.

Ну а Ліза, абражаная, быццам бы з гарачкі, схапіла тое, што ёй пад руку на нашай кухні трапілася – сякеру для мяса, – і стукнула ёю. Адным ударам забіла. А потым спужалася і збегла… Куды падзела сякеру, быццам бы з перапуду не памятае… А вось дачку яна ўжо забівала прадумана, знішчала яе як апошнюю перашкоду да сваёй запаветнай мэты. І нож з сабой прадбачліва ўзяла, каб потым на кухні не шукаць, а пасля забойства з сабой забрала і ў рэчку кінула… Але суд угледзеў наўмыснасць у абодвух злачынствах: Ліза, забіўшы Ірыну, потым яшчэ адшукала і забрала грошы, прывезеныя з Ізраіля. Дарэчы, яна прагуляла іх у начных клубах і рэстаранах…

– А якая запаветная мэта ў яе была?

– Як – якая?.. Я, вядома. І ўсё, што да мяне дадаецца: кватэра, машына, мой немалы заробак, курорты, рэстараны… Яна не бачыла іншага спосабу атрымаць усё гэта, як толькі выйсці за мяне замуж…

– А як жа тады яе былы аднакурснік?.. Выпадковага чалавека яна не ўзяла б з сабой на такую справу.

– Ну… Напэўна, і яго яна забіла б потым, як лішняга сведку…

– Але ж не забіла, наадварот – супакойвала. Думаю, не ён, а вы былі б трэцім у тым страшным шэрагу… Праўда, не адразу – з часам.

– Прызнацца, і я пра гэта неаднойчы думаў…

– Дарэчы, яе асудзілі? На які тэрмін зняволення?..

– Асудзілі. Дзесяць гадоў далі… Аднакурсніку – восем за саўдзел.

– І колькі ўжо гадоў прайшло пасля таго?..

– Дзесяць і прайшло…

– Яна пісала вам?

– Пісала. І прабачэння прасіла, і прыехаць да яе ў турму ўпрошвала…

Пагаварыць са мной хацела… Я ніводнага разу не адказаў. І вось хутка яна з’явіцца, калі не з’явілася ўжо… Баюся…

– Чаго вы баіцеся – што яна заб’е вас?.. – шчыра здзівілася Вераніка.

– Дараваць баюся, дзетка. Дараваць!.. – Сяргей раптам узвысіў голас, і ў ранішняй цішыні гэты выкрык адчаю сарваўся з балкона дзявятага паверха, але хутка патануў у рознагалоссі птушак, якім поўніўся ўжо прыморскі парк. – Я ж яе сапраўды пакахаў і каханкам яе стаў. Але на судзе я ў гэтым не прызнаўся: не адважыўся перад тымі, хто прысутнічаў у зале – маімі роднымі, знаёмымі, саслужбоўцамі… Казаў, што абвінавачаная ўзводзіць на мяне паклёп, што ніякіх інтымных зносін паміж намі не было і ўсё гэта няпраўда. Самому тады было сорамна і жудасна: што я ўтварыў!.. Вось чым для мяне абярнулася мая прынцыповасць – маральнай беспрынцыповасцю, а слова гонару – хвілінамі ганьбы. Сапраўды, добрымі намерамі выбрукавана дарога ў пекла… На самой жа справе паміж мной і Лізай усё было. Гэта здарылася, калі жонка працавала ў Ізраілі, дачка вучылася ў Кіеве, а я застаўся адзін, і Ліза аказалася побач. Яна была ініцыятаркай нашых зносін… Яна прыйшла да мяне ў ложак, не я дзяўчыну спакусіў!.. Я ж вінаваты толькі ў тым, што не здолеў тады прагнаць яе прэч. А потым усё так закруцілася, так запалала паміж намі, што я і сам не мог даць рады сваім пачуццям. Сам сабе непадуладны стаў – ні сэрца, ні цела галаву не слухала. Нават абяцаў Лізе развесціся з жонкай, толькі прасіў: «Пачакай трохі, пацярпі!..» Не так гэта лёгка – адважыцца з ходу разбурыць сваё папярэдняе жыццё і пачаць усё з нуля. Не так лёгка пакінуць жанчыну, з якой прайшоў разам агонь і ваду. І тым больш не так лёгка растлумачыць усё дачцэ, да таго ж, калі твая палюбоўніца – роўня ёй. Вось гэта для мяне было самае цяжкае… Таму Лера і вырашыла ўсё сама паскорыць!.. А я цяпер баюся, што ўбачу яе і… пераступлю праз тое, што яна ўтварыла…

Вераніка сядзела ашаломленая. Таямніца суседа, якая так цікавіла яе раней, раптам паказалася з нечаканага, страшнага боку. Дык вось што трывожыла яго! Вось пра што ён думаў, суткамі седзячы на балконе і гледзячы на мора! Вось з-за чаго ён літрамі піў віно і сотнямі, адну за адной, без перадыху, курыў цыгарэты!.. Увесь гэты час Сяргей, перабіраючы ўспаміны і прыслухоўваючыся да свайго сэрца, вырашаў адно пытанне: пры сустрэчы з былой палюбоўніцай даць волю нянавісці ці каханню?.. І баяўся, што каханне пераможа. А каханне, і сапраўды, у жыцці мацнейшае за нянавісць. Гэтае падавалася Вераніцы неверагодным, але інтуітыўна яна адчувала, што так і ёсць на самой справе. «Няўжо можна кахаць чалавека, які забіў тваіх самых блізкіх людзей?.. – думала яна. – Кахаць настолькі, што нават быць гатовым дараваць такое жудаснае злачынства?!.»

– Дык вы гаворыце, што праз дзесяць гадоў убачылі бацьку сваёй сяброўкі і зжахнуліся, як ён пастарэў? – раптам спытаў Сяргей.

Вераніка здзіўлена паглядзела на суседа.

– Так, менавіта зжахнулася, – толькі і здолела адказаць.

У гэты момант з яе нумара высунулася ўскудлачаная галава мужа.

– Ты што, яшчэ не клалася спаць?!. – здзіўлена і незадаволена спытаў Андрэй.

Вераніка ўзрадавалася мужу: гэта была нагода спыніць размову і развітацца з суседам. Яна баялася, што не стрымаецца і напаследак па-жаночы скажа яму што-небудзь лішняе, эмацыянальнае, рэзкае, што круцілася ў яе на языку пасля нечаканай развязкі. Але ці мае яна права на гэтую рэзкасць у дачыненні да чалавека, якога сама ж і схіліла да споведзі?..

– Ну, усё, бывайце! – прамовіла яна і ўзнялася з крэсла. – Мы ў абед ад’язджаем дадому. Зараз сходзім на сняданак, потым апошні раз – на пляж… І ў абед аўтобусам – на Сімферопаль! Не ведаю, ці пабачымся яшчэ, так што – усяго найлепшага вам!

– Бывайце, – проста адказаў Сяргей і падліў сабе ў шклянку віскі.

* * *

Пасля пляжа Вераніка з мужам павольна ішлі праз санаторны парк. Вераніка глыбока ўдыхала цёплае цягучае паветра, напоенае морам і хваёвымі дрэвамі, быццам хацела надыхацца ім на год наперад. Не верылася, што яны сёння ад’язджаюць і заўтра прачнуцца ў зусім іншай краіне, у зусім іншым жыцці. Начная размова на балконе здавалася ёй чымсьці нерэальным – быццам страшны фільм паглядзела. І яна старалася ўсё гэта страшнае, непрыемнае забыць.

Ля ўвахода ў іх корпус стаяла хуткая дапамога. Каля машыны тоўпіліся мужчыны ў ваеннай форме і ў белых халатах, якія паміж сабой узбуджана размаўлялі. «Напэўна, камусьці з адпачываючых дрэнна», – падумала Вераніка.

На іх паверсе была нейкая мітусня: бегала дзяжурная, пакаёўка несла вялікі клунак бялізны, спяшалася прыбіральшчыца, бразгаючы вядром…

Дзверы ў нумар суседа былі насцеж расчынены. Вераніка і Сяргей прыпыніліся ля іх. Бачна было, што ў нумары прыбіраюць. Вераніка чамусьці ўспомніла пра хуткую дапамогу.

– Што-небудзь здарылася?.. – спытала яна прыбіральшчыцу, якая накручвала вялікую шэрую анучу на драўляную швабру.

Прыбіральшчыца спачатку незадаволена надзьмулася, быццам хацела ўхіліцца ад адказу. Але, мусіць, ёй вельмі карцела расказаць апошнюю навіну. Яна з апаскаю зірнула па баках і ціхенька, але амаль з радасцю, выпаліла:

– Ваш сусед памёр! Толькі нікому не кажыце! Начальнік шпіталя забараніў пра гэта расказваць, каб не палохаць адпачываючых!..

Вераніка з Андрэем пераглянуліся.

– Вось дык навіна! – сказаў ашаломлены Андрэй.

– Ён забіў сябе?.. – спытала Вераніка.

– Што вы кажаце?!. Ён памёр ад інфаркту! Так сказаў галоўны кардыёлаг шпіталя, – абурылася прыбіральшчыца. – Я зайшла ў нумар а дзясятай гадзіне, каб прыбраць тут, а ён сядзіць на балконе ў крэсле, галаву на грудзі звесіў, адной рукой шклянку трымае, а ў попельніцы – гара цыгарэт!.. Думала спачатку, мо п’яны заснуў, кранула, а ён і паваліўся… А што вы хочаце – цэлы месяц піў на балконе! Толькі, богам прашу, нікому нічога не кажыце, а то мяне звольняць!..

І пачала энергічна церці анучай падлогу, паказваючы, што размова скончана.

Уражаныя Вераніка і Андрэй пайшлі да сябе. У іх нумары яшчэ не прыбіралі, але ва ўсім ужо адчуваўся нежылы дух. Усе рэчы, прывезеныя з дому, якія на працягу адпачынку надавалі санаторнаму пакою ўтульнасць і нейкую дамашнюю атмасферу – хатнія халаты, прыгожыя ручнікі, маленькі будзільнік, фота дзяцей у залацістай рамцы, сподачкі для кавы, – былі спакаваны ў чамадан. Туды ж былі ахайна схаваныя прыгожыя марскія ракавінкі, купленыя на падарункі для радні і сяброў, і забаўныя цацкі з ракавінак – для сына і дачкі. На стале стаялі толькі стандартныя для ўсіх гатэляў графін і дзве шклянкі, ляжаў тэлефонны даведнік санаторыя і пульт ад тэлевізара. На ложках Вераніка расклала ўсе санаторныя ручнікі, каб хутчэй здаць пакаёўцы нумар.

Андрэй напаследак праверыў шафу, тумбачкі, зазірнуў у ванную.

– Пакліч пакаёўку! – сказаў ён жонцы.

– Пакліч, калі ласка, сам, – адказала Вераніка і выйшла на балкон.

Перад ёй мірыядамі блікаў пад яркім паўднёвым сонцам пералівалася марская сінь.

– Бывай, мора! – прамовіла ціха Вераніка і праз хвіліну, абярнуўшыся, глянула на суседні балкон.

Балкон быў пусты – ні століка, ні крэсла, ні суседа ў крэсле з цыгарэтай і шклянкай у руках. Праблема, якой ён так баяўся, вырашылася сама сабой.

Пакаёўка досыць хутка і непрыдзірліва прыняла ў іх нумар і забрала ключ.

– Ну, з богам, паехалі дадому! – сказаў Андрэй і схапіўся за чамадан.

Ева ў пошуках Адама (зборнік)

Подняться наверх