Читать книгу Ева ў пошуках Адама (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 7
Таццяна Будовіч-Барадуля
Плата за хлусню
ОглавлениеНіхто нізавошта не здагадаецца, якая была першая прачытаная мной кніжка. Самавучыцель па хірамантыі. У доме дзядулі ў глухой палескай вёсцы, дзе прайшло маё дзяцінства, іншых кніг не было, а гэтую забылася аднойчы мая цётка, дзядулева сястра, якая страшэнна любіла ўсялякія містычныя штучкі. Дзед мой чытаў толькі газеты з дробным шрыфтам ды без карцінак, – мяне яны зусім не цікавілі. Затое ў самавучыцелі было шмат малюнкаў далоней самых розных формаў і памераў са шматлікімі лініямі на іх. Дзядуля гэтую кнігу не чытаў ніколі, яе гартала толькі я. Магла вечарамі не выпускаць яе з рук, мне падабалася разглядаць тыя малюнкі. Часам я чаплялася да дзядулі:
– Скажы, а гэта якая літара? А гэта якая?..
Так я і вывучылася чытаць, шмат разоў «прайшоўшы» тую навуку хірамантыі ўздоўж і ўпоперак. Спрабавала я разабрацца і ў газетах, але мяне хапала толькі на загалоўкі.
Калі ж бацькі забралі мяне ў горад і я пайшла ў школу, то ўжо добра ведала, дзе на далонях знаходзяцца лініі сэрца, жыцця і розуму. Бывала, аднакласнікі на перапынках не давалі мне праходу, прасілі паваражыць:
– А колькі ў мяне дзяцей будзе?
– А ў якім горадзе я буду жыць, калі вырасту?
– А з кім я ажанюся?
Аднойчы маіх бацькоў выклікалі да дырэктара. Вярнуўшыся дадому, яны строга забаранілі мне займацца ўсялякай варажбой, бо інакш, сказалі, мяне выключаць са школы.
Неўзабаве я забылася на тыя дзіцячыя забаўкі. Мяне штодзень вадзілі на розныя гурткі і трэніроўкі, і часу на ўсялякую дурноту ўжо не ставала.
І толькі праз шмат гадоў, у дарослым веку, я зноў вярнулася да той «дурноты».
Неяк сустрэлася я з дзвюма маімі сяброўкамі, якія, хоць і былі знаёмыя паміж сабой, мала ведалі адна адну. З Нэлькай я сябравала з самага маленства, разам з ёю мы абследавалі ўсе навакольныя лясы ды балоты, бо жыла яна ў той самай палескай вёсцы, дзе і мой дзядуля. У горад яна прыехала па нейкіх клопатах, а заадно хацела пабачыцца са сваім жаніхом Юрыкам. Той ужо год як працаваў тут, зарабляў грошы на будучае вяселле.
Нэлька ж цярпліва чакала яго, праводзячы працоўныя будні на старонках чужых раманаў: яна была бібліятэкаркай.
А з Іркай, другой маёй сяброўкай, мы разам працавалі ў мадэльным агенцтве. Яна была знаёмая з Юрыкам (той рабіў кіроўцам у нашым жа агенцтве, куды ўладкаваўся па маёй пратэкцыі), але не ведала, што ён – Нэльчын жаніх. Мы ўтрох сядзелі за столікам у кавярні, перад кожнай стаяла вазачка з рознакаляровымі шарыкамі марозіва.
Ірка прыгадала апошні паказ вясельнай моды:
– Калі хто замуж збіраецца, пачынайце гадаваць валасы: каб быць у трэндзе, нявеста мусіць мець складаную прычоску са мноствам заплеценых і па-хітраму ўкладзеных косак.
Я ж, хоць і была заўжды ў курсе апошніх навінак па доўгу службы, мела прынцып: не я для моды, а мода для мяне:
– Ага, зараз пачну! Перад самым вяселлем вазьму ды абрэжу сваё карэ яшчэ карацей! Каб расстацца з адным жыццём і пачаць другое. З чыстага аркуша!
– А ў тваёй маці выпадкова вясельная сукенка не захавалася? То глядзі праветры яе як след перад паходам у загс, каб пах нафталіну гасцей не распужаў, акрамя молі! – іранізавала з мяне злая на язык Ірка.
– А мне, можна лічыць, пашанцавала, – пахвалілася Нэлька, выцягваючы шпільку з пучка на патыліцы. Па плячах яе рассыпаліся густыя, каштанавыя з медзяным адлівам валасы.
– А сукенкі ў модзе зараз не да пят, а караценькія, вышэй за калені!
– Што ж, для сукенкі такой давядзецца пахудзець, – уздыхнула Нэлька, гаротна зірнуўшы на вазачку з падвойнай порцыяй марозіва.
– Ой, а што, ёсць для каго? – Ірчыны маленькія чорненькія вочкі загарэліся непадробнай цікаўнасцю.
– Ё-о-о-сць! – паважліва прамовіла Нэля, загадкава ўсміхнуўшыся.
– І хто ж ён? – тонам, у якім зноў загучалі іранічныя ноткі, запыталася Ірка.
– Юрык Яневіч!
– Яне-э-віч? – Ірчын твар зрабіўся сур’ёзны, іронія з яго знікла. – Дык ён жа… жыве ўжо… з дзяўчынай, у грамадзянскім шлюбе… І яны распісацца нібыта збіраліся…
– Як… жыве… – пасля працяглай паўзы, ці то запытальна, ці то разгублена выціснула Нэлька.
– Так, жыве з дзяўчынай. Я пэўна ведаю, яны паўсюль разам цяпер.
Павісла нязносная, густая, цягучая ціша. Потым Нэлька ўсхліпнула, сарвалася з месца і паляцела ў бок прыбіральні. Я зірнула з дакорам на Ірку.
– Ну адкуль я ведала, што ў іх з Яневічам нейкія там адносіны? Ён мне пра гэта не паведаміў! – Ірка з нявінным выглядам даядала сваё марозіва.
Нэлька не з’яўлялася ўжо якую хвіліну. «Плача там, пэўна, – думала я. – Што ж рабіць, як яе супакоіць? І ці магчыма гэта ўвогуле?»
Я пайшла ўслед за Нэлькай. Яна сядзела на кукішках, прыхінуўшыся спінай да сцяны прыбіральні, рыдала, закрыўшы твар рукамі. Я абняла яе, пачала гладзіць па галаве, па плячах:
– Ну чаго ты, як маленькая… Ведаеш, колькі ў цябе яшчэ такіх Юрыкаў будзе! А ўяві, каб ён цябе цяжарную кінуў!
– То я была б не адна-а-а! – не сунімалася Нэля.
– А я табе паваражу зараз! Дай руку! – нечаканая здагадка мільганула ў маёй галаве.
Нават калі і не будзе на яе далоні лініі шлюбу, я ўсё адно скажу, што шлюб ёй гарантаваны звыш. Яна хоць бы зараз супакоіцца, а потым забудзецца.
На пухленькай Нэльчынай далоньцы лініі шлюбу не было. А шансы на замужжа, як мне бачылася, у яе мізэрныя: жыццё ў правінцыі, адкуль уся моладзь імкецца з’ехаць, праца ў жаночым калектыве, да таго ж яна нічым, акрамя кніг, не цікавілася, амаль нікуды не выбіралася. Але я зрабіла ўсё магчымае, каб пераканаць яе ў адваротным. І гэта мне ўдалося. Яна паверыла мне. Пакідаючы прыбіральню, Нэлька больш не хлюпала, толькі прыпухлыя пачырванелыя вочы выдавалі яе ўнутраны стан. Мы з дзяўчатамі развіталіся і разышліся кожная ў свой бок.
Пасля таго здарэння мінуў год. Я тым часам сама збіралася замуж.
Вяселле планавалася праз паўгода, калі мой жаніх мусіў скончыць сваю навучальную ўстанову. Адносіны нашы былі роўныя, цёплыя, даверлівыя, без нейкіх шалёных жарсцяў. Я не сумнявалася, што такім будзе і сямейнае жыццё. На маёй далоні красавалася доўгая, глыбокая лінія шлюбу.
Праўда, Эдзіку, майму нарачонаму, не падабалася мая праца з яе частымі камандзіроўкамі, але я думала звольніцца адразу пасля вяселля. Эдзік пераехаў у маю двухпакаёўку, і гэта было для мяне дарункам лёсу. Адразу ж стала адчувацца, што ў хаце з’явіўся гаспадар: адрамантаваў усе паломкі, давёў да ладу ўсе недаробкі, замяніў старыя вокны на шклопакеты, разгроб заўсёдны мой бардак і ператварыў кватэрку ў сапраўдны райскі куток. Мяне ж па вяртанні з чарговай камандзіроўкі заўсёды чакала гарачая кава ды смачная вячэра.
Аднойчы раніцай, адчыніўшы дзверы, я была здзіўлена: на кухні за сталом побач з Эдзікам сядзела Нэлька. Яны пілі каву. Нэлька адразу кінулася да мяне абдымацца: не бачыліся ж год з лішкам. Яна яшчэ больш распаўнела, але выглядала шчаслівай.
– Дзякуй богу, што ты вярнулася! Туся, даражэнькая, я па тваю дапамогу! Ты мне тады так добра ўсё наваражыла, і цяпер у мяне аж два жаніхі, толькі вось не ведаю, якога выбраць. Паваражы мне яшчэ раз, калі ласка!
Тут я здзівілася яшчэ больш. Але ўзяла яе далонь, паглядзела. Малюнак яе ліній заставаўся без зменаў. Я сказала ёй некалькі агульных фраз, накшталт таго, што будзе дарога (яна ж паедзе пасля дадому), што дома чакае сюрпрыз (калі там котка акацілася – ці ж не сюрпрыз?), што спяшацца рабіць выбар не варта – час сам расставіць усе кропкі над «і». Пэўна, гэта можна было б сказаць каму заўгодна і не памыліцца, але яна знайшла тут нейкі асаблівы, адметны для яе адной сэнс, узрадавалася, па-дзіцячы непасрэдна пляснула ў ладкі, і, перш чым я паспела апамятацца, падзякавала за ўсё і пачала развітвацца. Эдзік памкнуўся яе праводзіць, але яна хуценька чмокнула яго ў шчаку, пасля – мяне, павіншавала з недалёкім вяселлем (куды ўжо была запрошана Эдзікам) і пабегла.
Час сапраўды расставіў усе кропкі над «і». У той дзень, калі мы з Эдзікам збіраліся падпісваць запрашальнікі на наша вяселле, ён сказаў мне, што кахае іншую, не можа без яе жыць і з’язджае да яе. Узяў загадзя сабраны чамадан і сышоў. Ува мне быццам скончыліся словы, думкі, пачуцці і ўсё запаланіла нейкая нязвыклая пустэча. Слёз не было таксама. Але пачало рэзка не ставаць паветра, быццам яго трэба было ў шмат разоў больш, каб запоўніць сабою ўсю тую бязмежную пустэчу ў маёй душы. Я чула, як за Эдзікам шчоўкнуў замок у дзвярах. Потым узяла чайнік з рэштаю ранішняй гарбаты, заваранай Эдзікам, і бразнула аб падлогу. Паглядзела на свае рукі. На абедзвюх далонях, у тым месцы, дзе раней знаходзілася лінія шлюбу, была гладкая, роўная скура. Такая самая, як калісьці ў Нэлькі. Калісьці…