Читать книгу Ева ў пошуках Адама (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 15

Таццяна Дубоўская
Па дамоўленасці

Оглавление

У які раз, збіраючыся на фірму, Валерыя лавіла сябе на думцы, што ходзіць туды зусім не таму, што з ёй абяцалі заключыць дамову, і не таму, што вабіла магчымасць падзарабіць. Прычына была «нашмат больш глыбокая і філасофская», як сказала яе сяброўка. Дзяўчына кожны раз ішла туды, каб пабачыць дырэктара.

Калі на прэзентацыі, куды запрасілі Валерыю сябры, яна знаёмілася з Ігарам, то нават і не ўяўляла, што будзе прыходзіць на яго фірму кожны дзень. Спачатку проста так, а пасля адабрэння шэфам яе праекта – працаваць. У працэсе высветлілася, што Валерыя мае «вельмі патрэбныя навыкі і якасці для працы ў фірме», а таксама тое, «без чаго немагчыма працаваць у свеце інфармацыі». Такімі словамі Ігар ахарактарызаваў яе журналісцкі талент. Ён адразу сцяміў, што Лера не адмовіцца ад прапановы паўдзельнічаць ў праекце, і тут жа наабяцаў ёй безліч выгод ад такога супрацоўніцтва.

– А вось з дамовай трэба пацярпець, пакуль вышэйшае кіраўніцтва (бо мы ўсё ж такі даччыная фірма) не ўпэўніцца, што вы, Валерыя Антонаўна, сапраўды той чалавек, які нам патрэбны, – заключыў Ігар Андрэевіч.

Лера слухала і верыла кожнаму яго слову. Канешне ж, яна паспрабуе напісаць сваю канцэпцыю. I зробіць усё магчымае, каб апошняя спадабалася кіраўніцтву. Працавалася хутка. «Нават дыпломную працу не пісала на такім ўздыме», – падумалася дзяўчыне, калі яна выводзіла на прынтары апошнюю старонку прэзентацыі.

– Во, глядзіце і вучыцеся, як трэба пісаць канцэпцыю! – Ігар Андрэевіч урачыста абвёў позіркам супрацоўнікаў, калі на экране завяршыўся апошні слайд-прэзентацыі.

Галоўны менеджар адразу ж пачаў апраўдвацца, што такая «літаратурная праца» не ў яго кампетэнцыі.

– Я не пісака, а камп’ютаршчык, – з гонарам вымавіў Канстанцін.

Але дырэктар яго не слухаў. Ён павярнуўся да Леры і ўсё з той жа ўласцівай яму ўрачыстасцю прапанаваў супрацоўніцтва ў штаце фірмы.

Дзяўчына разгубілася. Яна наогул не чакала, што яе праект ухваляць, бо рабіла яго амаль інтуітыўна. Хацелася, каб з усяго спадабалася хоць што-небудзь. Валерыя няўпэўнена згадзілася. Ігар Андрэевіч жа ўжо распісваў, якая цудоўная магчымасць зрабіць сабе імя з’явілася ў яе.

– Я ўпэўнены, што мы спрацуемся, – усміхнуўся шэф і, пакуль дзяўчына не апомнілася, нагрузіў яе рознымі паперамі з агульнай канцэпцыяй праекта. – Значыць, дамовіліся. Вы будзеце весці гэты кірунак, і, калі атрымаецца, мы заключым кантракт. А пакуль што параўнуйце абедзве канцэпцыі, дапрацуйце сваю, каб некаторыя моманты не паўтараліся.

Ігар Андрэевіч рэзка спыніў свой маналог і пільна зірнуў на Леру:

– А вы б маглі быць яшчэ стылістам?

– Магла б. У мяне дыплом па профілі.

– Цудоўна! – пляснуў у далоні дырэктар. – Гэта яшчэ адзін ваш плюс. Чакаю заўтра.

Ён падняўся са свайго крэсла і правёў дзяўчыну да выхаду, паціснуўшы ёй на развітанне руку.

Лера ляцела, быццам на крылах. Яна нават не думала пра тое, што кантракт яшчэ не заключаны. Толькі вось Ігар звяртаўся да яе афіцыйна, і гэта адзінае, што яе засмучала. Яна разумела, што праца і асабістыя адносіны – не адно і тое ж, але не такога поспеху хацелася дзяўчыне. Валерыя супакойвала сябе тым, што будзе бачыць Ігара кожны дзень. I, магчыма, ён заўважыць у ёй не толькі супрацоўніцу. Бо знаёмства іх пачыналася зусім не афіцыйна, на «ты» і з сімпатыямі, прычым з абодвух бакоў, як падалося дзяўчыне.

Лера з дня ў дзень хадзіла ў офіс. Яна заўважыла, што Ігар Андрэевіч з усімі падначаленымі размаўляе на «вы», а ў канцы працоўнага дня кожнаму дзякуе за працу. I наогул, галоўнае яго правіла – ніколі не шкадаваць добрых слоў для супрацоўнікаў. Трэба пахваліць, падбадзёрыць, нават калі нешта і не зусім падабаецца. Часам, калі дзяўчына заставалася сам-насам з шэфам, яна забывалася і называла яго проста Ігар. Ён ніводнага разу не паправіў яе, але сам ніколі не памыліўся. I гэта афіцыйнае «Валерыя Антонаўна» нават пачало яе раздражняць. Тым больш, што з кантрактам кіраўніцтва нешта цямніла. I вось аднаго разу, калі Лера адважылася патрабаваць яснасці, дырэктар як бы незнарок прамовіў: «Нам патрэбны талковы прэс-аташэ». Лера насцярожылася: значыць з’явілася вольная вакансія, на адсутнасць якой і спасылаўся шэф, калі тлумачыў ёй затрымку з заключэннем кантракта. Але Ігар Андрэевіч тут жа змяніў тэму:

– Паглядзіце, калі ласка, тэкст, Лера, – ён упершыню не назваў яе імя па бацьку. – Гэта вельмі важны ліст, і стылістыка павінна быць на ўзроўні.

Дзяўчына моўчкі села за камп’ютар. Апошнія дні яна толькі і рабіла, што глядзела тэксты і выпраўляла памылкі, як быццам бы ў дырэктара ў штаце не было сакратара. А дакладней, граматнага сакратара.

Калі Валерыя вывела ліст на прынтары і паклала на стол дырэктару, ён працягнуў закранутую раней тэму:

– Падумайце, калі ласка, як выгадна можна было б прадставіць наш праект у СМІ? Можаце выкарыстаць матэрыял. Канстанцін зараз Вам раздрукуе статыстыку і ўсё астатняе. А я – у Дзяржкамітэт.

Лера апусцілася ў крэсла. Дарэмна! Дарэмна яна тут губляе час! Задарма! Навошта працуе тут да позняй ночы, прыходзіць у офіс прыгожа апранутая, падфарбаваная і пакідае шлейф дарагой парфумы? Іх адносіны з Ігарам па-ранейшаму заставаліся афіцыйнымі. А вось у яго сакратаркі, падобна, усё зусім наадварот. Дзверы кабінета пакінулі адчыненымі, і да Валерыі даносіліся абрыўкі фраз, з якіх яна зразумела, што ўчора была карпаратыўная гулянка, дзе прысутнічалі сакратарка Вольга, Канстанцін, яшчэ пара чалавек і… Ігар, якога Вольга «гатова была прыдушыць, калі а палове шостай зазвінеў будзільнік». Раптам Канстанцін з Вольгай вырашылі схадзіць перакусіць, пра што яны паведамілі Леры. Тая толькі паціснула плячыма. Дзіўныя: у працоўны час, у адсутнасць шэфа, прычым пакідаюць яе адну на два кабінеты, адзін з якіх дырэктарскі. Гэта ж які трэба мець давер, альбо не мець страху?

Ігар Андрэевіч вярнуўся раней і, відаць, незадаволены.

– Дзе Пятровіч? – рэзка запытаў ён Валерыю.

– На абедзе.

– На якім абедзе? Вольга дзе?

– Таксама на абедзе.

– Які абед? Што за самавольшчына?

– Ігар, ужо дзве гадзіны, па-першае. Па-другое, я тут, лічы, чалавек пабочны, да мяне якія прэтэнзіі? – не вытрымала дзяўчына.

– Прабачце, што там у вас, давайце пагляджу, – убачыўшы, што дзяўчына трымае ў руках паперы, прапанаваў дырэктар.

Лера паклала на стол артыкул. Шэф здзіўлена паглядзеў і пачаў чытаць, пасля чаго проста падняўся з крэсла і паціснуў ёй руку. Праўда, потым параіў дадаць трохі статыстыкі і змякчыць пару фраз, каб не крыўдзіць канкурэнтаў. Дзяўчына згадзілася, але, набраўшыся смеласці, запытала:

– А як наконт арганізацыйнага боку?

– Ты маеш на ўвазе грошы?

«А вось і першае «ты» на працы», – адзначыла для сябе Валерыя, але чамусьці з нейкім расчараваннем.

– Так, салаўя байкамі не кормяць.

– Заплацім. Дамову падпішам, – уткнуўшыся ў свае паперы, прамямліў шэф.

– Калі? – не спынялася дзяўчына.

– Валерыя, гэта не мае значэння. Пятага атрымаеш аванс. Слова дырэктара.

Дзяўчына чула гэтае «слова» не ў першы раз, але зноў паверыла і села за камп’ютар. Быццам нейкія сілы прымушалі яе працаваць па дамоўленасці. Раз-пораз Лера адчувала на сабе пільны позірк, які кідаў шэф, пераглядаючы свае дакументы з Дэпартамента.

– Усё, – дзяўчына павярнулася да дырэктара і зняла акуляры.

Той, наадварот, насунуў свае на нос і падышоў да камп’ютара:

– Давайце пагляджу.

Ён стаў за спінай Леры і так нахіліўся, што рукамі датыкаўся да яе плячэй, а падбародкам кранаў валасы, на гэты раз проста сцягнутыя заколкай.

Валерыі стала не зусім зручна сядзець, хацелася расправіць плечы, але такім чынам яна яшчэ больш адчувала б дотыкі Ігара. Дзяўчына не рашылася гэтага зрабіць, і толькі калі той вярнуўся за свой стол, уздыхнула з палёгкай. Дырэктар ухваліў перапрацаваны варыянт і папрасіў вывесці яго на паперу.

– Ваш матэрыял я аддам у «Дзелавую газету». Ім будзе гэта цікава.

– Добра, пачну працаваць над другім артыкулам, – усміхнулася Валерыя. – Толькі б я хацела пайсці дамоў зараз, калі ты, прабачце, вы не супраць.

– Не магу затрымліваць. Да сустрэчы, Валерыя Антонаўна. Цудоўна папрацавалі!

На наступны дзень дзяўчына прыйшла пазней. У кабінеце дырэктара нешта бурна абмяркоўвалі. Яна села на адведзенае ёй месца. На стале ляжалі свежыя газеты. На першай старонцы «Дзелавой» красаваўся фотаздымак Ігара Андрэевіча. Лера прабеглася вачыма па матэрыяле: так і ёсць! Гэта яе артыкул, крыху перароблены, пад другой назвай і, галоўнае, іншым подпісам. Дзяўчына ледзь стрымалася, каб не перарваць размову.

Калі дыскусія скончылася, яна падышла да стала Ігара Андрэевіча і амаль шпурнула газету:

– Што гэта?

– Першыя ластаўкі. Надрукавалі матэрыял пра нашу фірму, – шэф вырашыў строіць дурня.

– Бачу, што надрукавалі. А ганарар атрымаеце вы ці яшчэ хто з вашай фірмы? – Здавалася, Лера заплача ад крыўды.

– Ды супакойся ты, Валерыя, – Ігар вырашыў звярнуцца да яе не так афіцыйна. – Не думаў, што будзеш злавацца. Ну, так атрымалася, ніхто з нас за гэта ганарар не атрымае. Прыйшла карэспандэнтка, я аддаў ёй матэрыял і сказаў зрабіць з ім, што яна пажадае, абы надрукавалі. I вось вынік.

Лера, не крыўдуй…

Валерыя пачала збіраць свае рэчы.

– Лера, пачакай, не трэба гарачыцца. Я ўсё выпраўлю… Ну, не ўсё, артыкул назад жа не забярэш… Мы агаворым гэта ў кантракце. – Дырэктар хадзіў за Валерыяй па кабінеце, і калі тая пацягнулася да камп’ютара, каб выдаліць сваю папку з напрацаваным матэрыялам, затрымаў яе руку.

– Ах, кантракце. З гэтага месца, калі ласка, падрабязней, – спынілася дзяўчына.

– Мы ўсё зробім, толькі не сёння, бо няма юрыста.

– Як заўсёды, знаходзіцца процьма прычын! Добра, пачакаю да заўтра.

А на аванс, я так разумею, разлічваць не прыходзіцца? Нешта не бачыла сябе ў спісе.

Ігар Андрэевіч разгубіўся, але тут жа пачаў тлумачыць, што гэта бухгалтарская памылка, бо ён асабіста ўносіў яе ў спіс пазаштатных супрацоўнікаў.

I хоць зараз ёй не заплацяць, потым усё яна атрымае з лішкам.

– У рэшце рэшт, не магу ж я выдаткаваць грошы са сваёй зарплаты, – зрабіў ён выснову.

– А чаму б і не? – паціснула плячыма Лера і пайшла з кабінета.

Яна прагульвалася па скверы, і хаатычныя думкі пра Ігара апанавалі яе. Дзяўчына не магла разабрацца ў сваіх пачуццях: яны ёсць ці зніклі? А калі засталіся, то якія? I чым больш думала, тым ясней усведамляла: калі нават з ёй і вырашаць заключыць кантракт, што малаверагодна, то яна адмовіцца. «Усё! Баста! Больш я там не працую. Прынамсі, пакуль не атрымаю кампенсацыю за дарэмна патрачаны час!» – вырашыла Валерыя.

Ёй стала крыху лягчэй, і каб зусім развеяцца, яна павярнула ў бок кінатэатра.

Увесь наступны тыдзень Лера не хадзіла на фірму. Толькі адзін раз пазваніла, каб запытаць, калі ёй прыйсці падпісаць кантракт. Але зноў пачула нейкую бязглуздзіцу наконт таго, што юрыст працуе над гэтым.

– Мы вам патэлефануем, – адрапартавала ёй сакратарка Вольга.

У пятніцу Лера зайшла ў бібліятэку, каб пагартаць апошнія нумары газеты, куды Ігар аддаў другі яе артыкул. Можа, хоць тут пашанцуе, і яна атрымае такі-сякі ганарар. Сэрца дзяўчыны забілася мацней, калі яна ўбачыла знаёмую назву. Прабеглася вачыма па старонцы – матэрыял з фотаздымкамі займаў усю паласу. Але ўбачыўшы подпіс, Валерыя ледзь стрымалася, каб не закрычаць. Яны ж дамовіліся з Ігарам, што артыкул выйдзе пад яе імем. Можа, яго зноў перапрацавалі? Не! Ніводнага абзаца, ніводнага сказа, нават ніводнага слоўца не было зменена. Тады хто мае права падпісваццца пад яе тэкстам? Дзяўчына выйшла з чытальнай залы і тут жа пачала набіраць дырэктару на мабільны. Той не адказваў. Тады Лера схітрыла: яна пазваніла з пошты, і трубку адразу ж знялі.

– Алё, Ігар Андрэевіч слухае, – пачулася на тым канцы проваду.

– Вы што, у хованкі гуляеце, Ігар Андрэевіч? – па тоне дзяўчыны было зразумела, што чакаецца непрыемная размова.

– А… Лера, гэта ты. Што здарылася?

– А вы не здагадваецеся? Газетку сённяшнюю не чыталі?

– Ты пра матэрыял? – Ігар усміхнуўся.

– Гэта што, здзек? Што за Іваноў падпісваецца пад маім артыкулам?

– Не ведаю, Лера, праўда, не ведаю. Ну якая розніца? Галоўнае, што матэрыял выйшаў,– шэф быццам не разумеў, у чым сэнс крыўды.

– Ведаеш што, – перайшла на «ты» дзяўчына, – можа выйсці і іншы.

I аднясу яго я сама. I не ў адну газету. А яшчэ, можа, выступлю на радыё і тэлебачанні.

– Чакай, Лера. Прыходзь лепш на фірму, мы ўсё абмяркуем.

– Нічога з вамі абмяркоўваць я не збіраюся. I нічога агульнага мець не жадаю. Дзякую, што падаравалі мне вопыт працы з такімі фірмамі.

Адмоўны вынік – таксама вынік! А працавала я з задавальненнем, хоць, на жаль, гэта таго не варта. Не хвалюйцеся, помсціць вам я не буду. Лічыце, што гэта дабрачынная акцыя. Усе мае напрацоўкі ў вас у камп’ютары.

Валерыя выйшла з пошты. Слёзы ліліся па твары. Але яна разумела, што нічога не зменіш. Было сорамна, што не стрымалася перад Ігарам, вымавіўшы такую тыраду, але стала лягчэй, нібы цяжкі камень скінула з душы. Паступова яна супакойвалася, і на месца крыўдзе прыходзіла ўсведамленне таго, што яна шчаслівая. Не таму, што разглядзела існасць Ігара, хоць і са спазненнем, а таму, што яна вольная. Лёс усцярог яе ад яшчэ адной памылкі ў жыцці. Дзяўчына ішла па вуліцы, з пацёкшай па твары касметыкай, усміхаючыся. Прахожыя здзіўлена азіраліся ўслед, але гэта было не так важна, бо Валерыя зразумела тое, пра што іншыя, можа, і не здагадваліся.

Ева ў пошуках Адама (зборнік)

Подняться наверх