Читать книгу Скрозь «Маладосць». Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру - - Страница 10

Раздзел першы. Размовы
Алесь Бадак. Пра адчуванні – часу і часопіса

Оглавление

– Чамусьці ў дачыненні да «Маладосці», калі гаворка заходзіць пра час, калі я пачаў у гэтым часопісе друкавацца, успамінаецца самае сумнае…

Пісьменнік Алесь Бадак, калі быў школьнікам, любіў вырэзваць з газет і часопісаў вершы (якія ў той час друкаваліся шмат дзе, а не толькі ў літаратурных выданнях) і ствараць своеасаблівыя «Дні паэзіі» – не ад рукі, а ўклейваючы асобныя творы ў агульныя сшыткі.

– Там у мяне было шмат вершаў Яўгеніі Янішчыц. І калі я першы раз яе ўбачыў, ды яшчэ пачуў адабрэнне сваёй творчасці, уражанне было такое, быццам атрымаў нейкае ганаровае званне. Але памятаецца чамусьці і яе 40-гадовы юбілей.

Яны сустрэліся ў цэнтры Мінска, недалёка ад ГУМа. Яна ішла з вялікім-вялікім букетам кветак, ён павіншаваў яе з днём нараджэння, яна ўсміхалася, а неўзабаве ён пачуў, што яна загінула.

– Цяпер для мяне існуе адразу некалькі часопісаў «Маладосць»…

* * *

– Ёсць меркаванне, што калі раней літаратурныя часопісы чыталіся многімі, і тымі нават, хто не меў да літаратуры «пісьменніцкага» дачынення, то цяпер іх чытаюць вельмі нямногія – нават з тых, хто сам піша ці збіраецца пісаць. Што канстатуюць вашы назіранні?

– Я сустракаў шмат пісьменнікаў, якія не чытаюць тыя часопісы, у якіх не друкуюцца, а ў астатніх чытаюць толькі свае творы або публікацыі, ім прысвечаныя. Але сустракаў і людзей, якія, не маючы дачынення да літаратуры ў якасці аўтараў, чытаюць і літаратурныя часопісы, а не толькі мастацкія кнігі. Тут іншая праблема: чытачоў стала менш не толькі таму, што сталі ўвогуле менш чытаць. Проста выбар незвычайна шырокі ў параўнанні з тым, што існаваў у 1960–1980-я гады. Кніжны рынак сёння перанасычаны якой заўгодна літаратурай. Чалавек, апынуўшыся перад рашэннем, што ўзяць ці купіць пачытаць, калі ён выхаваны на беларускай літаратуры, ведае яе і любіць, заўсёды мае магчымасць узяць беларускую кніжку ці часопіс. Той, каму ўсё роўна, што чытаць, акажацца ў сітуацыі выбару дзівоснага кшталту – для некага ён будзе занадта складаным, для некага – вельмі лёгкім. Многія, я ўпэўнены, прыпыняцца каля паліцы з кнігамі замежных пісьменнікаў – бо яны больш раскручаныя. І тут няма праблемы менавіта беларускай літаратуры, гэта праблема любой нацыянальнай літаратуры: яна заўсёды павінна вытрымліваць канкурэнцыю з літаратурай сусветнай. А гэта, безумоўна, цяжка. Гэта тычыцца ў пэўнай ступені і рускай літаратуры, нягледзячы на тое, што ў яе значна больш чытачоў, таму што на рускай мове чытаюць не толькі ў Расіі, а ў беларускай літаратуры такой прывілеі няма.

– Пяройдзем да «Маладосці». Якія асабіста ў вас ад яе ўражанні: некалі і цяпер?

– Для мяне існуе некалькі версій часопіса «Маладосць». Адна, першая ў асабістым заліку, – «Маладосць» пачатку 1980-х, часу, калі я ў гэтым часопісе яшчэ не друкаваўся, але ўжо выпісваў яго. Па сёння захоўваю ўсе нумары за той перыяд. Нават вярнуўшыся з войска і прыехаўшы ў Мінск працягваць вучобу ва ўніверсітэце, ледзь не першае, што зрабіў, – абышоў кіёскі з мэтай сабраць нумары, якіх не хапала.

– Удалося?

– Удалося! Першая ў маім жыцці «Маладосць» выклікала адчуванне недасяжнасці. Такія ў ёй друкаваліся людзі, на якіх хаця б проста паглядзець, не тое што з імі павітацца, – ужо ў душы застанецца. І нешта абавязкова ў ёй пераверне. Такія ж адчуванні, я памятаю, узнікалі, калі падыходзіў да крамы «Падпісныя выданні», дзе за шкельцам вітрыны стаялі тры тамы Андрэя Вазнясенскага. Купіць іх было немагчыма, але можна было прыйсці і паглядзець праз шкло на вокладкі, падыхаць паветрам, што з гэтымі выданнямі кантактуе… Другая версія «Маладосці» належыць часу, калі я пачаў у ёй працаваць. Тут ужо іншыя адчуванні – і часу, і часопіса. Абсалютна іншыя. Гэта ўжо праца, штодзённая праца з рукапісамі. Памятаю, як з гэтым знікла адчуванне загадкавасці. Але прыйшло новае, не менш дзіўнае – усведамленне, што ты, асабіста ты можаш зрабіць нешта такое, што здольна паўплываць на важныя працэсы.

Трэцяя «Маладосць»– сённяшняя. Цяпер праз гэты часопіс я гляджу на маладую літаратуру. Цікава, якімі проза і паэзія могуць быць гадоў праз дваццаць-трыццаць. Калі ўзгадаць 1970-я і пачатак 1980-х, можна зазначыць, што і тады былі свае традыцыі і правілы, але ў асноўным маладая літаратура ішла тым самым шляхам, якім ішлі старэйшыя. А сённяшняя маладая мастацкая творчасць настолькі разнастайная, столькі ў ёй стыляў, накірункаў і пошукаў, колькі не было ў ёй, бадай, ніколі. Хіба што з 1920-мі можна яе параўноўваць. І мне вельмі цікава назіраць за гэтым збоку, не ўплываючы, без захаплення. Проста назіраць, думаць, прадказваць – у першую чаргу, для сябе самога: што з гэтага ўсяго застанецца?

– Найбольш лагічнае пытанне: якой вы бачыце «Маладосць» праз гады, яе чацвёртую для вас версію?

– Гаворачы пра час, што настане праз гадоў пятнаццаць-дваццаць, калі ў літаратуру прыйдуць тыя, хто сёння яшчэ не толькі не чытае «Маладосць», але не чытае ўвогуле, мне ні ў якім разе не хочацца падацца песімістам. Чацвёртая «Маладосць» бачыцца мне часопісам у інтэрнэце, але гэта, мяркую, будзе не толькі проза і паэзія, крытыка і публіцыстыка. Цалкам дапускаю, што будзе радыё «Маладосць», тэлебачанне «Маладосць» і нават фільмы пад аднайменным лагатыпам…

– Экранізацыя надрукаваных у часопісе твораў? Выдатная ідэя!

– Усё гэта стане магчымым, і рэалізаваць гэта будзе нашмат прасцей, чым сёння. Але тая, новая, чацвёртая для мяне «Маладосць» будзе яшчэ больш цікавай не таму, што прыйдзе нейкая іншая літаратура ці новыя людзі, мудрэйшыя і цікавейшыя. А таму, што будзе іншы час, які будзе даваць абсалютна новыя магчымасці для часопіса і чытачоў. Я перакананы, што ў «Маладосці» не проста вялікая будучыня – у яе наперадзе вялікі чытач.

– Амаль увесь ваш афіцыйны «маладосцеўскі» перыяд прайшоў як супрацоўніцтва з Раісай Баравіковай. Было б цікава пачуць ад вас пра яе – і як пра чалавека, і як пра паэта, і як пра рэдактара.

– Пра яе можна расказваць вельмі доўга – і ў першым азначэнні, і ў другім, і ў трэцім, таму што ў кожнай з сваіх роляў гэта жанчына ўнікальная. Паэт яна адметны, аднолькава любімы многімі пакаленнямі. Ёсць, калі гаварыць увогуле, паэзія, якая належыць дакладнаму часу, нейкай пэўнай эпосе. Тут мы можам прыводзіць шмат прыкладаў, называючы імёны творцаў, якія былі ці папулярнымі, ці проста вядомымі ў 1960–1970-я гады і якіх сёння ніхто ўжо не ўзгадае, нягледзячы на тое, што некаторыя з тых аўтараў яшчэ, дзякуй Богу, жывыя. А Раіса Баравікова, якая пачынала пісаць у 1970-я, і па сёння адна з самых вядомых і любімых паэтак. Прычым незалежна ад ўзросту аўдыторыі: і старэйшыя, і маладыя, і дзеці прымаюць яе за сваю ў самым літаральным сэнсе. Я думаю, гэта таму, што яна пісала і піша адначасова і пра час, і па-над часам, а гэта цікава ўсім, бо ў першую чаргу гэта пішацца пра чалавека. Час – мяняецца, а душа чалавека і праблемы, якія гэтую душу займаюць, – застаюцца нязменнымі на працягу стагоддзяў. Ну, і талент жа ўнікальны. Колькі яе параўноўвалі – з Ахматавай, напрыклад. Але гэта як параўноўваць розныя кветкі: у кожнай – свой непаўторны водар.

Тое, што мы з ёй апынуліся ў адным часопісе, для мяне шчасце. Я перакананы, што гэта было яе месца.

І яе прыход быў вельмі важным для часопіса. Яна сама пачала шукаць новых цікавых аўтараў, заказваць творы найбольш адметным, чытэльным пісьменнікам, а не друкаваць па прынцыпу чаргі. У выніку, дзякуючы ёй у нас пачалі з’яўляцца творы для падлеткаў. Раіса Андрэеўна прыдумала так званы часопіс у часопісе «Фантаст», каб падтрымаць тых, хто працуе ў гэтым масавым літаратурным жанры, увогуле падтрымаць прыгодніцкую літаратуру, якая можа прыцягнуць да сябе маладога чытача. Новыя рубрыкі з’явіліся ў раздзеле публіцыстыкі. Іншымі словамі, яна, у пэўным сэнсе, разбурыла тую старую адладжаную схему, якая спрацоўвала яшчэ ў 1970–1980-я гады, але неўзабаве магла прывесці да застою.

– Напэўна, з такой вось працай па адладжанай схеме, не такой ўжо, калі разабрацца, складанай, якраз і звязана кароткая працягласць працоўнага дня ранейшай рэдакцыі. А прыход Баравіковай асацыіруецца не проста з утварэннем холдынга, а са зменай эпох – памянялася нават тысячагоддзе.

– Так. Але кожны час мае свае праблемы. Тады, на пачатку «нулявых», якраз пачалося тое, што мы называем чытацкім адтокам. Надыходзіў час пакалення, узгадаванага на інтэрнэце і кабельным тэлебачанні. І калі ў сённяшняга 60–70-гадовага чалавека культура чытання ўжо выпрацавана, і ён настолькі прывык чытаць «Полымя», «Маладосць» ці «Нёман», што не можа сабе нават уявіць, як гэта – выйшаў свежы нумар, а ён не чытаў, бо гэта традыцыя, то ў маладых традыцый няма: для новых пакаленняў літаратурны часопіс ужо далёка не тое, што для папярэднікаў, нават калі весці размову не пра чытачоў, а пра маладых пісьменнікаў. Чаму я гавару, што Баравікова аказалася ў патрэбны час у патрэбным месцы? Таму што яна здолела ўдыхнуць у часопіс «Маладосць» нейкую асаблівую свежасць праз сваё, асабістае бачанне таго, якім павінна быць літаратурнае выданне менавіта ў гэты час. Яна, варта паўтарыць, чалавек пазаўзроставы. Са сталымі людзьмі яна мудрая, як філосаф, і можа бясконца дзяліцца з імі ўспамінамі пра тое, што было ў 1960-я, калі яна вучылася ў літінстытуце, – ёй увесь час ёсць што пра гэта расказваць. Калі апынаецца ў кампаніі маладых людзей, чытачоў ці пісьменнікаў, то, мне здаецца, пераважная большасць іх бачыць у ёй «сваю». Прыйшоўшы працаваць у «Маладосць», яна пачала рабіць гэты часопіс так, як яго рабілі б маладыя людзі. Я памятаю яе ідэі, прапановы, жаданні – мы пастаянна іх абмяркоўвалі.

– Дарэчы, не ўсім зразумела, у чым быў сэнс ствараць гэты так званы часопіс у часопісе, калі можна было проста часцей друкаваць фантастычныя апавяданні.

– Справа ў тым, што калі пэўную літаратуру вылучыць асобным блокам, то ўспрымацца яна будзе інакш. Што б ні гаварылі, але ў серыйных выданняў значна больш чытачоў, чым у выданняў, якія выходзяць па-за серыямі. Пры ўмове, канечне, што размова ідзе не пра творы самадастатковых пісьменнікаў, якія набываюцца за адно толькі прозвішча. Серыйныя выданні купляюць менавіта з-за таго, што ў гэтай серыі ўжо выходзіла, пытанні пра аўтара ці твор застаюцца, такім чынам, на другім плане. І таму такі вось прыём – адасабленне фантастычнай ці прыгодніцкай літаратуры – азначае звярнуць на яе асаблівую увагу як чытачоў, так і патэнцыйных аўтараў. Гэта сур’ёзная заяўка аб тым, што нейкая пэўная літаратура пачала друкавацца больш актыўна. Успомнім, што гэта было дзесяць гадоў таму, калі пытанне развіцця масавых жанраў у беларускай літаратуры стаяла вельмі востра. І гэта паспрыяла з’яўленню новых аўтараў. Тое самае можна гаварыць і пра падлеткавую літаратуру. Калі прасачыць усю беларускую літаратурную творчасць другой паловы ХХ стагоддзя, лёгка заўважыць, што неверагодная колькасць яе стваралася для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў: амаль кожны беларускі паэт ці празаік лічыў за гонар ці абавязак напісаць хаця б адну кніжку для дзяцей. Што да падлеткавай літаратуры, роўна як і прыгодніцкай, асабліва калі гаварыць не пра апавяданні, а пра аповесці, то яе ў мінулым стагоддзі стваралася вельмі мала. Калі лічыць на пальцах, то незагнутыя абавязкова застануцца. Канешне, з гэтым трэба было нешта рабіць.

Але вяртаемся да асобы Раісы Андрэеўны. Я ведаю многіх паэтаў і празаікаў, жывых класікаў ці проста знакамітых пісьменнікаў, якія з узростам ўсё менш цікавяцца літаратурнай творчасцю маладых. Гэта вельмі распаўсюджаная з’ява, як і тое, што вельмі многія з узростам перастаюць чытаць новыя кніжкі, а перачытваюць старыя. Раіса Баравікова як рэдактар – вось яшчэ ў чым яе ўнікальнасць і вялізны рэдактарскі плюс, – працуючы ў «Маладосці», вельмі глыбока цікавілася і маладой прозай, і маладой паэзіяй. Яна падтрымлівала маладых, любіла сустракацца з імі, гаварыць і слухаць. Гэта, канешне ж, спрыяла таму, каб у «Маладосці» з’яўлялася шмат новых аўтараў. Маладыя пры яе рэдактарстве друкаваліся значна часцей, чым сталыя.

– А ці праўда, што восьмая па ліку рэдактарка, знешне такая кволая, магла ледзь не нагою адкрываць дзверы якіх заўгодна ўстаноў, каб толькі для «Маладосці» нечага дабіцца? Што вы скажаце пра яе прабіўную моц?

– Ніколі ні ў адны дзверы Раіса Андрэеўна нагою, здаецца, не стукалася (смяецца). Мабыць, у гэтым не было патрэбы, бо любыя дзверы самі лёгка адчыняліся перад яе знешняй і ўнутранай абаяльнасцю. Напэўна, тут усё разам іграла ролю – і жаночая прывабнасць, і вялікі паэтычны талент, і майстэрства весці перамовы. Колькі б дзе мы з ёю ні бывалі, у любых кабінетах, нават самых высокіх, Раіса Андрэеўна заўсёды ў цэнтры ўвагі. І падчас свайго рэдактарства яна заўсёды ўсім распавядала пра часопіс, а не пра сябе ці сваю творчасць. Вось гэта – чыстая праўда.

Скрозь «Маладосць». Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру

Подняться наверх