Читать книгу Скрозь «Маладосць». Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру - - Страница 13
Раздзел другі. Разважанні
Кацярына Безмацерных
ОглавлениеУсё пачалося куды раней! Скажам, тады, калі ў галаве нежанатага дзеда-юнака з’явілася ідэя завітаць у Мінск, у парк Горкага. А ўвогуле… Хлусня! Няма ніякага пачатку гісторыі! А ёсць бясконцая пуцявінка, з тысяччу прыгожых, лёсавызначальных дэталяў.
* * *
Здараюцца ж такія шчаслівыя, шчаслівыя-шчаслівыя працоўныя дні! Хораша сёння было ў гэтай сталічнай гімназіі: распавядаць школьнікам пра наш літаратурна-мастацкі часопіс «Маладосць» і гуляцца з беларускімі слоўкамі. Насоўка, засень, воцат…
Яны не ведаюць, што гэта такое. Гэтаксама, як не ведаюць, што ёсць сучасная (!) беларуская літаратура. Напрыклад, Адам Глобус і Юры Станкевіч. Іх сказы зачытваю, каб ведалі пра насоўку ды воцат. І нашы часопісныя старонкі, з асобным творам, – у падарунак дасціпным, тым, хто ўсё ж здолеў загадку насоўкі разгадаць. З замілаваннем разглядаю школьнікаў. Любуюся хударлявымі дзяўчынкамі-падлеткамі, часам у кароткіх спадніцах, з прыгожымі нагамі – дзяўчынкі! І распачынаю свой выступ перад восьмым, дзясятым і адзінаццатым класамі: «Вы такія маладыя, крамяныя! Напэўна, і самі не ўсведамляеце, якія вы цудоўныя!» Мяне ўражвае, што васьмікласнікі нашмат больш юныя, чым дзесяцікласнікі. А вось пяты клас – увогуле іншая планета! Харызма якая! 10–11 гадкоў – гэта проста неверагодна! А настаўнікі? Часам адчуваеш, што яны вельмі інтэлігентныя, разумныя людзі, а часам – уражваешся іх глупствам і сістэмнасцю мыслення. І думаеш, якой непараўнальнай магла б быць прафесія педагога, калі б – без глухой і непрабівальнай сур’ёзнасці. Калі б – з глыбокай павагай да ўнікальнасці кожнага дзіцяці, з усведамленнем, што жыццё – для радасці і свабоды, а не для страху і прымусу. І можна, цалкам дапушчальна (!) нават не чытаць нейкія нудотныя кніжкі, бо ўсё адно – забудзеш. Цяжка сказаць, калі я абрала сваю працу ў часопісе «Маладосць». Можа, калі была дзесяцікласніцай? Тады я ненавідзела школу, фізіку і матэматыку. Рэальнасць была невыноснай, балючай, нецікавай… І таму я збягала ў кніжкі, каб… хоць нейкае апірышча і смак!.. Каб быць Кацяй-якаячытае-кніжкі, а не пасрэднай нікчэмнасцю. Я пакахала беларускую мову (але пагарджала аднакласнікамі!). І гулялася з мамай у родныя слоўкі вечарамі: насоўка, засень, воцат… Купіла Дастаеўскага ў перакладзе на беларускую, выпрасіла ў бібліятэцы другі камлект падручнікаў на матчынай мове, гадзіну «вісела» ў кнігарні – не Муракамі і Каэльё, а… сучасная беларуская літаратура! Не вельмі шчаслівая дзяўчынка, часам дык зусім няшчасная. Сябе – не любіць, аднакласнікаў – не любіць. Затое цэлы нататнік з беларускімі слоўкамі.
Аднойчы я заўважыла ў газетным шапіку, на выбітным месцы, часопіс «Маладосць». («Маладосць» у газетным шапіку?!. «Маладосць» на выбітным месцы?!.) На дварэ ўладарыў 2003 год, і я, школьніца, закаханая ў беларушчыну і зразумелая толькі мамай у неардынарным памкненні сваім.
Неўзабаве я стала падпісчыцай «Маладосці», яе заўсёдным чытачом. Сама сабе ўражвалася: з якім імпэтам прагортвала кожны свежы нумар! І ўглядвалася ў незнаёмыя яшчэ твары беларускіх літаратараў, і вучыла з «Маладосцю» беларускія слоўкі.
Памятаю, як зачыталася «Садам замкнёных гор» Сержа Мінскевіча («Маладосць» № 1 за 2004 год). Аказваецца, і ў сучаснай беларускай літаратуры ёсць фэнтэзі! З радасцю набыла яшчэ адзін нумар часопіса і падаравала прыяцельцы, вялікай аматарцы культавага Толкіена.
Сусвет як быццам падміргваў мне, даваў цікавыя знакі. У адным з нумароў прачытала прозу Адама Шостака. А ў хуткім часе да мяне завітаў знаёмы гродзенскі нефармал Кілаграм (заўважу, што Кіло – зусім не літаратар). І разам з ім… Адам Шостак!!! Я ж бачыла ягоную фотку ў «Маладосці», я ж зусім нядаўна чытала ягоную прозу!!! Што за чароўнае сцячэнне выпадковасцей!
А № 9 за 2003 год? Распачынаецца вершамі майго цяперашняга калегі Рагнеда Малахоўскага. Вядома, у 2003 годзе і марыць не магла, што нашы пісьмовыя сталы будуць суседзямі. Дык вось! Гэты нумар з вершамі майго будучага калегі самы зацяганы, вокладка як насценны каляндар, чытала-перачытвала, аж запэцканы цяпер. Але, прызнацца па шчырасці, чытаўся-перачытваўся не спадар Малахоўскі, а ў першую чаргу артыкул паэткі Вікі Трэнас «Мінская маладая літаратура: пакаленне next». Але ж праз колькі гадоў і Віка будзе ў складзе «Маладосці», загадчыцай аддзела паэзіі. І падумаць не магла, – так, і падумаць у тыя часы не магла, не здагадалася! – што гэты нумар «Маладосці» – намёк на маю будучыню, у якой Рагнед Малахоўскі і Віка Трэнас – частка штодзённай працоўнай звычайнасці.
У студэнцкія гады ў маім нататніку было пазначана: «Надрукавацца ў “Маладосці”». Але ж захапілася ўсходнім трактатам «Дао дэ дзын», медытавала на «Жыццё – для працэсу, а не для мэты» і прагнула жыць для сваёй асабістай бессэнсоўнай радасці, а не для прызнання кімсьці. І ўсё ж заносіла свае апавяданні ў «Маладосць» – нашаму слаўнаму празаіку Андрэю Федарэнку, загадчыку аддзела прозы. «І навошта я гэта раблю? – думалася. – Я ж прагну пісаць выключна для сваёй радасці, а не для прызнання. І так ва ўніверы шмат абавязковых пар ды заданняў, а я яшчэ час на такое сумніўнае марную…» Ды ўсё адно нейкая моц цягнула мяне ў рэдакцыю. А потым мяне заўважылі – і запрасілі працаваць у часопіс для падлеткаў «Бярозка». Стаяў 2011 год… Для мяне, ад нараджэння мінчанкі, было вялікай радасцю атрымаць размеркаванне ў Мінск, ды і літаратурна-мастацкі часопіс «Бярозка» выклікаў пашану. Я піла каву з маладосцеўцамі («Маладосць», «Маладосць»! Мая старая сяброўка!), але і «Бярозку» пакахала: сама друкавалася ў ёй у школьныя гады. «Бярозка» – легендарны часопіс, з 1924 года па людзях падарожнічае! Але цяпер я значылася ў складзе рэдакцыі «Маладосці». І нашае падзабытае сяброўства аднавілася, увасобіўшыся ў новую, нечаканую для мяне форму.
Глыбока шаную сваю працу ў «Маладосці», і сваіх калег глыбока шаную, і свой працоўны пакой (на галоўным сталічным праспекце, на Незалежнасці, 39), які мы з паэтам Рагнедам Малахоўскім раздзяляем. У нашым пакоі ёсць дзве бес-каш-тоўныя (!) шафы – архіў «Маладосці» ад самага пачатку, ад 1953 года. Падарожжа ў гісторыю выдання – гэта захапляльна, гэта сакавіта! Люблю савецкія нумары «Маладосці», з прыгожай маральнасцю, грунтоўнасцю і якасцю. А яшчэ люблю родныя, прасякнутыя загадкавым водарам маіх школьных гадоў нумары першай паловы 2000-х: разам з імі я вучылася размаўляць па-беларуску, адкрывала для сябе сучасную беларускую літаратуру.
Аналізаваць сваю жыццёвую пуцявінку – займальна. Я прыйшла ў часопіс «Маладосць» альбо ён сам прыйшоў да мяне? І ў які момант жыцця я абрала сваю працу з бескаштоўнымі шафамі ў пакойчыку? Тады, калі натрапіла на шапік з «Маладосцю»? А можа, гісторыя бярэ пачатак зусім не тут. Можа, увесь цымус у маёй маме, якой душа балела за мову – і дэталь гэтая надала асаблівы смак майму дзяцінству. Бясконцая пуцявінка, дэталі і дробязі. І ўсе яны – чароўныя. Як жывіца на лясным дрэве, як мёртвыя мятлікі на ўзбочыне бальшака ў летняе пекла. Дэталі і дробязі ствараюць непаўторнае палатно лёсу. Глядзіце, чорныя вароны на чорным студзеньскім дрэве за акном! Не было б без варон за акном гэтай раніцы і эсэ гэтага.
Жыццё – бясконцая, бяздонная загадка. Штось творчае, адухоўленае. Да немажлівасці, да святочнай урачыстасці жывое. І разумнае.
…Што ж, з Днём народзінаў, «Маладосць»! З Днём народзінаў, сяброўка!