Читать книгу Скрозь «Маладосць». Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру - - Страница 7

Раздзел першы. Размовы
Уладзімір Гніламёдаў. Актуальная размова пра мінулае

Оглавление

– Паслухаеш успаміны старэйшых пісьменнікаў – і тагачасная рэдакцыя пачынае ўяўляцца не офісам, у якім ствараецца часопіс, а клубам па інтарэсах. Працоўны дзень працягласцю ў дзве гадзіны і толькі для таго, каб рэдактару сустрэцца з аўтарамі. Фантастычны расклад!

Акадэмік Гніламёдаў, Уладзімір Васільевіч, далёка не першы, хто адказвае на гэта, можа быць, ужо і зацяганае, але усё яшчэ актуальнае пытанне.

– Сапраўды, працавалі недзе з дванаццаці. Бо ранкам рэдактару добра папрацаваць самому: ён жа таксама пісьменнік, і планаў у яго, можа быць, больш, чым у каго іншага, – ён бо зацікаўлены больш. Ён дома раніцай папрацуе, а потым ужо ідзе ў рэдакцыю – сустрэцца з аўтарамі. Мне здаецца, што працаваць у рэдакцыі дзве гадзіны ў дзень – гэта правільна. Калі сёння праца пачынаецца а палове дзявятай, то, мне здаецца, гэта непрадуктыўна. Хоць знешне выглядае, можа быць, і наадварот…

* * *

– Асабліва любілі наведваць рэдакцыю пісьменнікі, так бы мовіць, на вольных хлябах. Так было заведзена: трэба пісьменніку пагаварыць – ён ідзе ў рэдакцыю. Не скажа ж яму Вера Палтаран: «Іван Іванавіч, няма ўжо часу з вамі гутарыць». Гаворка доўжыцца. Потым яшчэ хто прыходзіць – тады яны ўжо паміж сабою пачынаюць гаварыць, Іван Іванавіч і Пётр Пятровіч. Пісьменнік звычайна асоба цікавая, з арыгінальным досведам. Гэта заўсёды людзі, якія пабачылі жыццё. Вазьміце Піліпа Пестрака – гэта ж арыгінальная глыба. Ці Івана Шамякіна. Ці прыходзіць, скажам, Ілья Гурскі са сваім багажом, і Андрэй Макаёнак – са сваім. Ды каго ні возьмеш – гэта ўсё людзі арыгінальныя. Яны і пісалі арыгінальна, па-свойму. Нават нягледзячы на жорсткія ідэалагічныя патрабаванні яны знаходзілі шляхі для творчага самавыяўлення, і тое, што яны рабілі, большай часткай вельмі цікава. Таму і друкавалася.

– А як вам успамінаецца першая сустрэча з «Маладосцю» – часопісам і рэдакцыяй?

Я пачынаў чытаць «Маладосць», калі вучыўся ў школе, у дзявятым класе. Часопіс прыходзіў у нашу бібліятэку, я заўсёды яго браў і гартаў з вялікай цікавасцю. Ён бо патыхаў свежасцю, нават пры тым, што на старонках яго друкаваліся не толькі маладыя – Барадулін, Караткевіч, Вярцінскі, Сіпакоў. На гэтых старонках заўсёды друкаваліся і прадстаўнікі больш сталага пакалення: Якуб Колас – ён тады яшчэ жыў, Міхась Лынькоў, Пятро Глебка, Пятрусь Броўка, потым – маладзейшыя Брыль, Шамякін, Кулакоўскі…

Кулакоўскі быў першым галоўным рэдактарам «Маладосці». Я памятаю яго, гэта быў цікавы пісьменнік і чалавек, франтавік, сам па сабе надзвычай мяккі, разважлівы, удумлівы. Што асабліва цікава, на фронце ён камандаваў ротай штрафнікоў. Гэта мяне дзівіла. А можа ў тым якраз і ёсць логіка: такі чалавек, магчыма, быў болей прыдатны для такой пасады і ролі. Але… Патрабаванні да літаратуры тады вызначаліся чым? Тым, што сёння мы ганім, і часта заслужана, што ў прамым сэнсе дэзарыентавала мастацкую творчасць, – сацрэалізмам. Калі дарога вызначана, то майстар слова павінен па ёй ісці прама, не зварочваючы ні ўправа, ні ўлева. І калі першы галоўны рэдактар «Маладосці» Аляксей Кулакоўскі адхіліўся ад гэтага кірунку, напісаўшы аповесць «Дабрасельцы», яго проста звольнілі. Але ж працягну адказваць на пытанне.

Я не так ужо і блізка быў знаёмы з літаратурным жыццём і пісьменнікамі, але ў мяне склалася ўражанне, што рэдакцыя «Маладосці» – гэта вельмі жывы калектыў вельмі добрых людзей, настроеных да цябе не тое каб спачувальна, але з жаданнем зразумець, адчуць, дапамагчы, падказаць. Асабліва такое ўражанне стварала Вера Палтаран. У мінулым журналістка, публіцыст і крытык, яна працавала ў адным аддзеле з Уладзімірам Юрэвічам. А ўвогуле, уся рэдакцыя жыла, скажам так, адным духам і працавала ў адным накірунку: вітала цудоўную літаратуру – шырокую ў тэматычных абсягах і новую ў падыходах да жыцця. Тады, дарэчы, літаратура вельмі збліжала чытачоў і пісьменнікаў. Узяць, напрыклад, Сяргея Грахоўскага, які напрасіўся ў камандзіроўку на полацкі аўтабуд і жыў там з будаўнікамі ў адной палатцы, так бы мовіць, інкогніта, не прызнаючыся нікому, што ён на самай справе пісьменнік, які трымае за мэту паназіраць за жыццём і напісаць нейкі нарыс ці яшчэ што. Ён урэшце і напісаў нарыс, але жыў і працаваў на гэтым сваім часовым месцы, як усе. Літаратура тады жыла вялікай цікавасцю да жыцця і тых змен, што ў ім адбываюцца. Яна ўглядалася ў жыццё.

– І тыя наклады «Маладосці» сёння гучаць фантастычна… Чым гэта, дарэчы, можна тлумачыць: тым, што не ў кожнай хаце быў тэлевізар, ці большай духоўнасцю?

– Тады людзі ўвогуле любілі чытаць. Масквічы, напрыклад, чыталі і ў трамваях, і ў метро, на эскалатары – не адрываючыся, не звяртаючы ўвагі ні на што: яны былі ў гэты час там, у свеце кнігі! Вядома, тэлебачання тады яшчэ амаль не было: нават у горадзе тэлевізар быў далёка не ў кожнай кватэры, а ў вёсцы дык і ўвогуле не ведалі пра яго, бо і радыё не ўсюды было праведзена. Таму людзі ахвотна падпісваліся на перыядычныя выданні. Канешне, у першую чаргу на газеты. Я, памятаю, выпісваў маладзёжную «Чырвоную Змену» і сам пісаў туды нататкі і артыкулы пра нашы справы. Аднойчы напісаў, з якім поспехам мы восенню капалі ў калгасе бульбу – і гэты матэрыял не прайшоў.

– Цікава, чаму?

– І я гэта не адразу зразумеў, паслаў ім ліст, каб яны растлумачылі, у чым справа. Але мне нічога канкрэтнага не адказалі. А потым ужо настаўніца распавяла: наша справа – вучыцца, а ў калгасе мы працавалі выпадкова, па просьбе – так, маўляў, складаліся абставіны, і ў газетах пра гэта не пішуць. Як бачыце, не пра ўсё дазвалялася пісаць – нават такія, здавалася б, звычайныя тэмы былі забаронены, не кажучы ўжо пра нешта сакрэтнае. Каго і якім чынам паказваць – гэта таксама было на кантролі сацрэалізму.

Іван Шамякін неяк надрукаваў у «Маладосці» аповесць «Ах, Міхаліна, Міхаліна» – пра вясковую замужнюю настаўніцу, якая закахалася ў настаўніка-халасцяка. І так гэта аповесць захапіла і зацікавіла, так шмат выклікала дыскусій, што пісьменнік аб’ездзіў школы і інстытуты па ўсіх абласцях. Такі поспех меў не толькі Шамякін, але і іншыя пісьменнікі. Бо людзі ахвотна цікавіліся мастацкай літаратурай, і на творчыя дыспуты запрашалі як нашых беларускіх аўтараў, так і пісьменнікаў з іншых рэспублік СССР. Да нас у Мінск часцяком прыязджалі на абмеркаванне сваіх твораў Данііл Гранін, Сяргей Смірноў, Канстанцін Сіманаў і іншыя. Таму што іх чыталі.

Мо і праўда, прага духоўная тады была большай?.. Гэта была пара адлігі, калі нанова адкрываўся свет…

– І невялікі час прайшоў пасля вайны. Людзі яшчэ не ўтаймавалі жаданне атрымліваць асалоду ад кожнага мірнага дзеяння, у тым ліку і ад чытання. Напэўна так…

– І вось што яшчэ. Нягледзячы на жорсткія патрабаванні сацрэалізму адбываліся ідэйна-эстэтычныя змены ў канцэпцыі літаратурнага героя: ён стаў больш думаць, даследаваць і аналізаваць. Яго ўжо не стваралі на сто працэнтаў ідэальным – ён атрымаў магчымасць мець супярэчлівыя рысы. І тым самым стаў багацейшым, і ўсё больш прывабліваў чытача. Паглядзіце на творы таго часу, якія друкаваліся і ў «Маладосці», і ў «Полымі», і ў іншых нашых часопісах. Калі пры рэдактарстве Панчанкі «Маладосць» надрукавала аповесць Быкава «Мёртвым не баліць», гэта стала літаральна выбухам! А ўсё таму, што вайна паказвалася пісьменнікам не проста як бітва з ворагам, захопнікам, які сядзіць у акопе насупраць. Яна была паказана знутры. І праз гэта стала відаць, што далёка не ўсе яе ўдзельнікі з’яўляюцца героямі, што ў дасягненні перамогі задзейнічаны розныя, часам далёка не адназначныя сродкі, што былі на той вайне людзі розных «маральных зместаў». Быкаў гэта ведаў – бо сам быў франтавік цяжкай долі, – і паказваў гэта настойліва. Шмат пра гэту аповесць напісана, але прыемна згадаць, што першым яе надрукаваў менавіта часопіс «Маладосць». Таму што ўвогуле з Быкавым у нас дайшло да таго, што спачатку яго друкавалі маскоўскія часопісы – у перакладзе на рускую мову, а потым ужо нашы, па-беларуску. Гэта была ганебная з’ява, якая сведчыла пра нешта такое, што не павінна мець месца ў літаратурным працэсе.

– Кажуць, Васіль Быкаў быў любімым аўтарам «Маладосці» і сам меў схільнасць друкавацца менавіта на яе старонках.

– Тут была вельмі сімпатычная рэдакцыя. Я не хачу, канешне, сказаць, што ў «Полымі» Быкаву не спрыялі афіцыёз ці нешта іншае. «Полымем» тады кіраваў Максім Танк – таксама чалавек вельмі абаяльны і надзвычай прыхільны. Тым не менш, атмасфера там была крыху іншая – калі не больш афіцыйная, то больш патрабавальная ў акадэмічным плане. Ну, а тут, у «Маладосці», звярталася ўвага на маладых. Міколу Аўрамчыка, які загадваў аддзелам паэзіі, паэты любілі, як бацьку.

– Рэдакцыя першапачаткова размяшчалася ў будынку на рагу вуліц Маркса і Чырвонаармейскай, каля танка, дзе засядаў таксама ЦК камсамола. І якраз камсамол быў заснавальнікам часопіса. А не скажаце, чаму ўзнікла такая патрэба – стварыць яшчэ адзін беларускамоўны літаратурны часопіс – пры тым, што ўжо існавала «Полымя»?

– У першую чаргу, гэта было звязана з павелічэннем колькаснага складу Саюза пісьменнікаў. З’явілася шмат новых імёнаў, якія таксама трэба было друкаваць, і адно «Полымя» з гэтым ужо не спраўлялася. А яшчэ – ведаеце што? У тыя гады існавала ідэалагічная ўпэўненасць, што можна выхаваць цалкам новага чалавека. Нават ставілася такая задача. А што як не літаратура мае здольнасць па-сапраўднаму выхаваць маральныя якасці і, скажам, густы? Яна, канешне, можа і псаваць іх, але гэта ўжо іншае пытанне. І вось камсамол як выхавальнік моладзі ўзяўся за гэту справу. Дарэчы, такія часопісы – для маладых – меліся ўжо на той час у Маскве. Па-мойму, ці не з гэтай мэтай пачала зноў выдавацца «Молодая гвардия». У Кіеве таксама ўжо выходзіў аналагічны часопіс – пад назвай «Дніпро». Ну, а ў нас узнікла «Маладосць». Спачатку тонкі, часопіс паступова ўвабраўся ў сілу, набыў аб’ём і займеў даволі шмат задач і абавязкаў: выхоўваць падрастаючую змену літаратараў, задавальняць попыт школы – вучняў, настаўнікаў, моладзі.

Часопіс «Маладосць» – гэта спадарожнік пакалення, абпаленага вайной, тых, хто за ваенны і пасляваенны час назапасіў вялікі жыццёвы вопыт, складаны і гераічны. Я думаю, калі гэтыя людзі ўвайшлі сваёй творчасцю ў жыццё і літаратуру, то іх духоўны патэнцыял таксама патрабаваў такога часопіса – каб знаходзіць у ім адказы на пытанні, пастаўленыя самім жыццём. Мне здаецца, гэта адбылося вельмі натуральна.

– Сімвалічна, што самае непасрэднае дачыненне да заснавання «Маладосці» меў Машэраў.

– Так, Машэраў вельмі сябраваў з пісьменнікамі. Блізкім чалавекам у гэтым асяродку для яго быў Аркадзь Куляшоў. Машэраў, я так разумею, добра ўплываў на Куляшова. Але пры гэтым і сам прыслухоўваўся да слова і адчування свету паэта. Праўда, паэма «Цунамі» – гэта была ўжо другая палавіна 60-х, прыблізна 68-мы год – Машэраву не спадабалася. Там, калі памятаеце, гэтакая рабінзанада – двое на далёкім востраве. Яны хацелі ўцячы ад цывілізацыі і зліцца з прыродай, але нічога не выйшла: іх і там напаткала небяспека ў выглядзе атамнага грыба – хтосьці на далёкіх астравах Бікіні выпрабоўваў новую зброю. Вось гэта думка – пра ўцёкі ад турботаў веку, «рабінзанада» – Машэраву не спадабалася. Я думаю, што тут яму хацелася ўбачыць «класавы падыход», магчыма, больш «прынцыповы» позірк: мы, маўляў, моцныя і нічога такога не баімся, а вось героі «Цунамі» павялі сябе крыху інакш. Аўтар жа прыходзіць да думкі, што небяспечнага прытулку знайсці ўвогуле немагчыма. Машэраў пасля, можа быць, ужо не так часта сустракаўся з Куляшовым, але Куляшоў мог звярнуцца да Машэрава з нейкай просьбай. Быў у той час вельмі добры крытык Рыгор Бярозкін, эстэт. І так здарылася, што ён апынуўся без працы. А яму цяжка было дапамагчы – дыплома аб вышэйшай адукацыі ён не меў. Куляшоў звярнуўся да Машэрава з просьбай аб дапамозе – і Машэраў дапамог. Бярозкін пачаў працаваць у выданні кшталту бюлетэня помнікаў гісторыі і мастацтва – я ўжо не памятаю, як ён дакладна тады называўся, і не ведаю, ці існуе сёння. Бярозкін лічыўся там сакратаром, а на самай справе як стыліст ад Бога рабіў тое, што павінен быў рабіць рэдактар. І вельмі гэтым захапіўся. Ён увогуле ўмеў захапляцца. І крытыкам ён быў найперш эстэтычнага напрамку: яго цікавіла прыгажосць душы, жэсту, учынку, мовы. Гэта вельмі адчувалася ў яго працах – артыкулах і рэцэнзіях. Патрабавалі ж тады ад літаратуры не эстэтыкі, а «сацыялогіі»: хочаш ці не хочаш, падавай творы пра рабочы клас ці, скажам, калгаснікаў.

– Значыць, заказ для пісьменнікаў існаваў літаральна?

– Існаваў. Чалавек разглядаўся па спецыяльнасці і пасадзе: хто ён – калгаснік, даярка, настаўніца, рабочы, інжынер, начальнік ці падначалены. Асоба сама па сабе тагачасную ідэалогію не надта цікавіла. Рэгламентавалася, хто герой, але не гаварылася, які ён. Чым жыве, пра што думае – гэтага не было…

– А калі правесці паралель з нашай самай сучаснай літаратурай? Здаецца, сёння таксама на першым месцы «хто», а не «які». Як вам падаецца?

– Я з вамі згодны: так і сёння часта здараецца. Але на гэты конт я яшчэ вось што скажу. У той час, пра які мы гаворым, у першыя дзесяцігоддзі існавання часопіса «Маладосць» героі найчасцей і ў асноўным паказваліся ў соцыуме – як члены калектыва, сацыяльныя адзінкі, так ці інакш звязаныя з іншымі людзьмі, вытворчасцю, прадпрыемствам, полем… чым хочаце. Сёння, на маю думку, іншая сітуацыя: героя паказваюць яшчэ больш шматгранна – заглядаючы не толькі ў сацыяльныя сувязі, але і ў біялогію, нават у хваробы, і ў недахопы, і ў тое, чым ён арыгінальны, не такі, як іншыя. І робіцца часам так, што ўсяго гэтага ажно залішне. Возьмем аповесць «Рай даўно перанаселены». Алена Брава, як я паглядзеў, вельмі таленавіты аўтар, і цяжка яе з кім-небудзь параўнаць па багацці дэталяў, назіральнасці і глыбіні позірку. Але гэта аповесць з «перадазіроўкай». На ўсё ў ёй націск робіцца такі, што захліпаешся. А я ж як чытач хачу і ўдых зрабіць, і выдых – я жыць хачу і дыхаць гэтым творам! Ты б мяне па ім павадзіла, паказала – я ж не перашкоджу тваёй думцы. Але мы заходзім у тупік, і нават пачынае здавацца, што ўсё напісанае – няпраўда. Пры тым, што калі-нікалі чалавек узнімае галаву да сонца – усё ж яно можа сагрэць, і ўсміхаецца, у гэтай аповесці няма жадання нават зразумець людзей, якія абвінавачваюцца. Гэта не ў традыцыі нашай літаратуры. Беларуская літаратура ўвогуле такая, ведаеце…

– …гуманная. Зазвычай, калі ў ёй уздымаецца нейкая праблема, то ў творы падаецца шлях да вырашэння.

– Ну, так, сапраўды. Дык вось, атрымліваецца, што сённяшняя канцэпцыя літаратурнага героя, нашага сучасніка, больш шматгранная. Пашырыўся, я б сказаў, сектар творчай свабоды. Несумненна, гэта патрабуе ад пісьменніка новых ведаў. У прыватнасці, сучасных тэорый у галіне псіхалогіі. Але ў рэшце рэшт усё вызначае талент.

На пачатку 60-х гадоў з’явіўся ў нашай літаратуры цікавы пісьменнік Барыс Сачанка. Добра памятаю яго твор «Дарога шла праз лес», але асабліва ўдалы – гэта «Барвы ранняй восені». І адны крытыкі яе вельмі прыхільна сустрэлі, другія ж, наадварот, сказалі, што гэта недакладна і таму няправільна, што аўтар залішне акцэнтуе ўвагу на недахопах нашай рэчаіснасці. Ну, розныя ёсць крытыкі, як і людзі бываюць розныя. Але, на мой погляд, і, зрэшты, так адзначана ў гісторыі літаратуры, гэта быў крок нашай прозы наперад. Сачанка быў маладым, і гэта маладосць, гэта свежасць успрымання жыцця, якая, напэўна ж, губляецца, калі чалавек робіцца мудрэйшым, бо ён страчвае наіўнасць і нечаканасць у прыняцці рашэнняў, і шмат што яшчэ, – гэта ўсё было ў Сачанкі. Я не буду пераказваць сюжэты яго навел, скажу толькі, што яны былі вельмі новыя. У літаратуры ёсць вечныя тэмы: кахання, сэнсу жыцця, старасці, смерці, абавязку – усяго таго, без чаго чалавек увогуле немагчымы, з чым ён пастаянна сустракаецца і чым жыве, – і, разам з тым, на кожным этапе асэнсавання гэтыя тэмы атрымліваюць новае развіццё. Сёння я чакаю, хто напіша пра каханне так, каб гэта мяне здзівіла, каб стала нешта зразумелым у духоўным свеце маладых людзей: як яны кахаюць? Ёсць сёння ў гэтым пачуцці матываванасць ці няма яе? Вядома, каханне ў кожнага сваё, і вельмі рознае. Ну дык і няхай у адной кнізе будзе па-рознаму пра гэта сказана, але няхай гэта будзе сказана! Успомніце, як абат Прэво ў XVII стагоддзі напісаў свой раман «Манон Леско» – пра прыгажуню-жанчыну лёгкіх паводзін і пра тое, як яе кахаў кавалер дэ Грые. Якія там перыпетыі! Чаго яны толькі не зазналі ў сваім каханні! Гэта і сёння цікава чытаецца! Вось такі сюжэт – ды на сённяшніх чалавечых лёсах паказаць. Гэта тэма невычарпальная. Тут проста патрэбны талент, назіральнасць і зацікаўленасць. І ўвогуле, пісьменнік не павінен ставіць кропкі на рэалізацыях сваіх задумак. Заўсёды трэба ставіць шматкроп’е. Таму што ўсё ж працягваецца – і жыццё, і думка, і сюжэт. І ўсё мяняецца, і існуе таксама нечаканасць, і гэтай сваёй асаблівасцю жыццё найбольш хвалюе. Вось чаго я хацеў бы ад літаратуры – каб яна, выкарыстоўваючы абставіны той творчай свабоды, у якой апынулася, была па-сапраўднаму адэкватнай іх патрабаванням.

– Ці магчыма прадказаць, якой літаратура будзе заўтра?

– Цяжка. Літаратура – як ручай, але калі бег апошняга яшчэ можна неяк прадбачыць – з горкі ў нізіну, – то вызначыць, як развіваецца літаратура, – немагчыма. Гэта толькі яна сама ведае. І дзівіць нас сваімі нечаканасцямі кожны дзень.

Пісьменнікаў сёння шмат, і шмат з’яўляецца новых пісьменнікаў. Хацелася б, каб яны не заставаліся без увагі. Я рады, што часопіс «Маладосць» усё робіць для таго, каб адчыніць дарогу талентам. Сёння ён асаблівы – такі прыгожы, багата аформлены і даволі шырока запатрабаваны. Прытым, што сёння рынак перыядычных выданняў разнастайны, «Маладосць» трымае марку. Дай Бог, каб так было і надалей.

Скрозь «Маладосць». Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру

Подняться наверх