Читать книгу Скрозь «Маладосць». Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру - - Страница 11
Раздзел другі. Разважанні
Анатоль Шушко
Оглавление«Маладосць» – гэта сонечная пара расхрыстанага юнацтва і ўдумлівага сталення. Менавіта гэтак хочацца сказаць пра часопіс, які сёння ціне найболей яскрава выяўляецца ў памяці: відаць, дужа грунтоўна ў ёй калісьці завядоміўся.
Вядоміцца, канешне, і цяпер. Аднак выяўляе сябе змантажаванымі і разбэрсанымі кіношнымі кадрамі.
Апошніх – не злічыць.
Памяць – штука фрагментарная.
* * *
У сярэдзіне 80-х гадоў напаткаліся на былой Паркавай магістралі, сённяшнім праспекце Пераможцаў, з саламянавалосым, сонечным Алесем Пісьмянковым. Дазволілі сабе ўспамінаць ля «нашага» інтэрната, пра які паэт Хведар Чэрня пісаў:
На Паркавай прыгорбленыя хаты,
На Паркавай высокі інтэрнат.
Няма сёння ні хат, ні інтэрната.
Дык вось, калі я, непазбежна зацыкліўшыся на ўласных прыпамінах, міжволі пачаў дзякаваць лёсу і завельмі засяроджваць увагу на нюансах снежаньскага семінара маладых літаратараў 1981 года (семінар той сапраўды стаў ураджайным для беларускай літаратуры: кожнае імя знакавае – Анатоль Сыс, Уладзімір Арлоў, Леанід Галубовіч, Алег Мінкін, Міхась Башлакоў, Віктар Шніп, Уладзімір Ягоўдзік, Уладзімір Мазго, Васіль Сахарчук, Васіль Ткачоў, Алесь Жыгуноў, Міхась Барэйша, Хрысціна Лялько, Людміла Паўлікава…), Алесь нечакана хутка мяне спыніў і сваім непараўнальным баском дадаў: «Найперш, Толя, трэба дзякаваць лёсу – гэта аксіёма, але, скажу табе шчыра, дзякаваць яшчэ трэба “Маладосці”, Янку Сіпакову і мне». Потым, калі заўважыў маё недаўменне, болей за тое – ашаломленасць, давёў пра размову, якая адбылася з Іванам Данілавічам у рэдакцыі: «Іван Данілавіч пажаліўся мне, што малавата сярод удзельнікаў семінара “маладосцеўцаў”. Вось я і нагадаў пра цябе, чаму ён вельмі ўзрадаваўся».
Алесю я шчыра дзякаваў тады, адразу ж. Івану Данілавічу – пазней, ужо напачатку 1990-х. А падзяку часопісу буду насіць у сэрцы заўсёды.
Як і тагачаснаму рэдактару аддзела паэзіі Петрусю Макалю: гэта ён даў маім творам «зялёнае святло» – у лютаўскім нумары за 1981 год убачыў свет цыкл вершаў «Калейдаскоп года».
* * *
Лістапад 2012-га. Я ў Сташанах. На каленях 12-ты нумар часопіса за 1969 год, адшуканы ў ніжняй шуфлядзе бацькоўскай шафы разам з нумарамі за 1970–1971 гады. Уважліва аглядаю вокладку. На тыльнай старонцы почыркам супрацоўніцы пошты занатавана: «Сташаны, школа». У нумары – вершы Рамана Тармолы, Дануты Бічэль-Загнетавай, Анатоля Сербантовіча, Міколы Федзюковіча, Сымона Блатуна. А якая публіцыстыка! Уладзімір Караткевіч, «Званы ў прадоннях азёр». Эсэ. Фота Валянціна Ждановіча і Зянона Пазняка. «Эх, даўбешка ты, даўбешка! Зусім забыўся, што ў роднай хаце ляжыць, чакае, жоўкнучы ад часу, сапраўдны рарытэт! Нумар улюбёнага некалі табою часопіса. Божа літасцівы, ён вярнуў мне юнацтва!» Аднак чаму так балюча на сэрцы, чаму раптам пачарнела? Бо незнарок позірк скіраваўся на вокладку з сіняй двойкай. Зверху чырвонаармеец на чорным кані з кумачовым сцягам. Пад гэтай вокладкай – вянок санетаў Анатоля Сербантовіча «Курганы».
У курганоў ёсць нешта ад званоў,
З якіх павырывалі языкі,
Але ў іх звон пранізлівы такі,
Што я вачэй якую ноч не звёў.
…З Анатолем Сербантовічам і Сымонам Блатуном я быў знаёмы завочна. Калі першы дасылаў мне, школьніку, свае рэдакцыйныя водгукі з «Піянера Беларусі», дык другі – з «Чырвонай змены». У тым жа 1970-м абодвух не стала…
Вусцішна. Аднак суцяшаю сябе караткевічаўскім эсэ. І, здаецца, становіцца лягчэй – бо п’ю чысцюткую азёрную ваду са званоў літаратурнага генія.
О «Маладосць»!
* * *
Памятаецца, напрыканцы 1960-х узлез па драбіне на гарышча. Пацягнула мяне туды цікаўнасць: захацелася зазірнуць у фанерную скрыню, у якую маці складвала свае рабочыя каляндарныя планы, старыя, непатрэбныя ўжо падручнікі па гісторыі і геаграфіі, розныя блакноты, альманахі і гэтак далей. І вось сярод папяровага хламу трапляюцца мне томікі прац Леніна і Сталіна – на беларускай мове, кнігі Жуля Верна, Аляксея Талстога…
На табе! Часопіс «Маладосць» за 1962 год. А ў ім вершы зусім маладога, прыгожага чалавека з дапытлівым паглядам Міколы Купрэева. Дык гэта ж мой былы настаўнік! Паэт. Менавіта за ім неаднойчы зачаравана пазіраў з алешніку і аеру, калі, седзячы на дамбе першай сажалкі, ён нешта натаваў або чытаў. Верылася – вершы. Бо сам іх крэмзаў. Праз тры дзесяцігоддзі ён ушчувальна гаварыў: «І што вы за хлопцы такія сташанцы?! Ні Антаноўскі, ні ты не падышлі да мяне, не паказалі свае спробы…»
На вялікі жаль, часопіс той згубіўся. А шкада. Там былі змешчаны цудоўныя вершы. Радкі з аднаго, прысвечаныя воіну, які загінуў, нават сам аўтар не прыпамінаў. А я памятаю толькі ўрыўкі:
Не прыйдзеш дадому ніколі,
Не прыедзеш, не прыляціш…
Душу не расчыніш вясенняй волі…
-– —
Пад калінаю дваццаць гадоў маўчыш…
Гэтага твора я не знайшоў у зборніках вершаў Міколы Купрэева «Непазбежнасць» і «Правінцыйныя фантазіі». Перад Міколам Сымонавічам адчуваю і сёння сваю віну, бо не магу дараваць сабе, што не збярог адзін з нумароў часопіса за 1979-ы, дзе была надрукавана мая нізка вершаў, адрэдагаваная вельмі паважаным ці не ўсімі паэтамі 1950–1970-х гадоў мінулага стагоддзя рэдактарам аддзела паэзіі Міколам Аўрамчыкам.
«Маладосць», даруй і ты мне маю юначую неабачлівасць.
* * *
Лістапад 2012-га. На круглым стале, на сурвэтцы ляжыць № 4 часопіса «Маладосць» за 1974 год. Гартаю, чытаю.
Варлен Бечык, «Спяшайся – прад табою свет…». Маладая паэзія.
«…Не забываецца мне ўсё адзін паэтычны дэбют. У жніўні 1971-га газета “Літаратура і мастацтва” надрукавала вершы Анатоля Шушко, семнаццацігадовага выпускніка-школьніка з палескай вёскі Сташаны. Якой важкай і цікавай творчай заяўкай здаліся вершы гэтага юнака! Была ў іх і маладая ўсхваляванасць жыццём, і раздумлівая дапытлівасць, і добрая лірычная напорнасць. Праглядвалі даволі выразныя рысы асабістасці, уласнага светаадчування… Заставалася толькі памнажаць набыткі, ісці па гэтым удала распачатым шляху. Але… Больш мы, на жаль, не сустрэлі ў друку прозвішча А. Шушко, хоць ён, вядома, працягвае пісаць вершы…»
Ніякавата. Ведаў бы тады дарагі майму сэрцу Варлен Леанідавіч, чаго мне гэтае маўчанне каштавала. Збіты з панталыку, наляканы адпаведнымі органамі тагачаснай дзяржаўнай сістэмы студэнт філалагічнага факультэта БДУ імя Леніна ператварыўся з маладога, усхваляванага жыццём юнака ў пахілага, замкнёнага «дзівака». Чамусьці такое рэзюмэ зрабіў праз дзесяць гадоў пасля майго прызнання пра тыя абставіны Міхась Стральцоў.
О «Маладосць», якая неспадзяваная параза была ў маім юнацтве.
* * *
Перад вачыма першы ўласны зборнічак вершаў «Выток і прычасце», выдадзены выдавецтвам «Полымя» ў серыі «Бібліятэка часопіса «Маладосць» у 1994 годзе. Узнікае надзвычай светлае і цёплае пачуццё. І зноў, як і васемнаццаць гадоў таму, непадробнае хваляванне і адпаведная ў такім выпадку ўдзячнасць.
У першую чаргу – Віктару Гардзею. Падчас чарговай сустрэчы пасля надрукаванай у першым нумары часопіса за 1993 год нізкі вершаў ён ледзь не браў мяне за грудкі, каб настаяць на сваім: мне трэба давезці ў рэдакцыю «ўжо праз месяц» усё, што ёсць чытэльнага. Гэта ў хуткім часе і было зроблена.
О «Маладосць», наканаваная мне лёсам!
* * *
P. S. Майму часопісу «Маладосць» спаўняецца 60! Дык жа ПРЫЎКРАСНА! – як выгукнуў бы, здаецца, вось зараз наш Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч, незабыўны і велічны. Дзякуй Богу, што застаешся маладой, «Маладосць»! Дзякуй Яму, што плёну стае ў літаратараў, журналістаў і мастакоў, каб ты заставалася вечна маладой! Дзякуй, што ахвотна шануецца і будзе шанавацца набытае, каб працягваць традыцыі і здабываць новае, яшчэ неадкрытае!
Будучых юбілеяў табе, «Маладосць»!