Читать книгу Скрозь «Маладосць». Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру - - Страница 12
Раздзел другі. Разважанні
Віктар Лупасін
ОглавлениеУ 1999 годзе я быў ёлуп, дурны, як сабака да года, i пры гэтым з поўным усведамленнем уласнае генiяльнасцi. У чым праяўляецца мая геніяльнасць, я яшчэ дакладна не ведаў – магчыма, стану суперпраграмiстам, напiшу супергульню, а магчыма – набуду сабе кракадзiла i буду шпацыраваць з ім па Мінску
I ў тым лiку я пiсаў вершы.
* * *
Сам для сябе я вырашыў, што беларускi пiсьменнiк павінен гаварыць i пiсаць па-беларуску. На гэтым мая беларускасць заканчвалася – а яшчэ на тым, што ў маiм уяўленнi ўсё напiсанае з мяккiмi знакамi аўтаматычна ператваралася ў iнтэлектуальны авангард, нашмат парадкаў вышэйшы за афiцыёзную беларускую ды рускую класiку, i прыраўноўвалася да Хлебнiкава, Хармса i Маякоўскага. Пiсаць пад Хлебнiкава i Маякоўскага на мове, якой не ведаеш, было складана, але я выкарыстоўваў неалагiзмы, звышнедакладныя рыфмы i «лесвiчку» з полiрытмiяй.
З гэтым настроем я паступiў на мехмат БДУ i сустрэў там Алеся Туровiча.
Бумбамлiтавец Лесь Тур чытаў нам беларускую мову. Рэчы ён распавядаў збольшага цiкавыя – i пра постмадэрнiзм, i пра кiтабы, i пра беларускi арнамент. Але ж я, як i ўсе, рабiў на ягоных лекцыях сваё. На парах па беларускай мове вельмi добра пiсалiся вершы.
Пачаў з таго, што напiсаў за дзесяць хвiлiн нейкi iдыёцкi вершык. Туровiч яго страшэнна ўпадабаў i сказаў, што на Беларусi так глыбока разумеюць постмадэрнiзм не больш за дзесяць чалавек. У адказ я напiсаў «дэкадэнцкую народную п’яную п’есу ў дзеях i аўдзеях» i нахлусiў пра расейскага паэта Рамонта Магнiтафонава, якога я быццам бы люблю i паважаю. Пiсаць магнiтафонаўскiя вершы мне было лянотна.
У наступны раз я таксама нешта нахлусiў, ужо не памятаю што, а пасля Магнiтафонаў быў цiха забыты.
Дык вось гэты Туровiч параiў нам аднаго разу часопiс «Першацвет», у якiм могуць надрукаваць маладых талентаў, а як я лiчыў сябе маладым талентам, то i вырашыў паспрабаваць сілы ў гэтым ягоным «Першацвеце».
Але ж у кiёску альбо кнiгарнi, куды я прыйшоў (я зусiм забыўся, дзе тое было) не было «Першацвета» альбо, прынамсi, я яго не знайшоў. Купiў «Маладосць». І вырашыў, што гэта адно i тое i цi мала як Туровiч мог назваць гэты часопiс…
«Маладосць» тая мне страшэнна спадабалася. Папершае, там былi людзi ўсiх узростаў, а самая маладая, Iрына Бурдзейка, апынулася амаль што маёй равеснiцай (дарэчы, я толькi цяпер звярнуў увагу, што ў тым нумары не было нiводнага паэта – адны паэткi). Я палюбаваўся на маладзейшых паэтак, прачытаў усе вершы па некалькi разоў, дужа-дужа ўсё ўпадабаў, а асаблiва Святлану Лапiкаву (бо пiша зразумела) i Iрыну Бурдзейку (бо пiша незразумела), узяўся за прозу, асiлiў да сярэдзiны (гэта амаль заўсёдныя мае стасункi з прозай) i таксама дужа ўпадабаў. У Вольгу Угрыновiч-Камiнскую я цiха закахаўся, лiтаграфii Вольгi Крупянковай мне таксама спадабалiся, толькі на «Калыханцы» мацi мне падалася нейкай нядобрай, але я вырашыў, што так i трэба i што проста Вольга Крупянкова лепей разбiраецца ў выяўленчым мастацтве.
Эпiграмы Паўла Саковiча мяне не дужа натхнiлi – натхнiлi, але не дужа. I то быў, здаецца, апошнi раз, калi мяне ўвогуле натхнiлi эпiграмы Паўла Саковiча.
Пра Янiшчыц я прачытаў няўважлiва. Я не ведаў, як стаiць нацiск у слове «Ясельда» i мо з год дзiвiўся, як смела ў такiм пяшчотным традыцыйным вершы скарыстана дысанансная рыфма «ЯсельдА – я сюдЫ». Сама Янiшчыц на здымку мне дужа спадабалася. Гэта быў другi здымак Яўгенii Янiшчыц, пабачаны мною у жыццi, – першы быў у школьным падручнiку.
Пра спартоўцаў i маладую старшую лейтэнантку я не чытаў. Цi то рукi не дайшлi, цi то нецiкава было, цi то хацеў спярша дачытаць прозу i не дачытаў – не памятаю.
Дачныя нататкi Далiдовiча я прачытаў з велiзарнай цiкавасцю. Зразумела, я тады, абсалютна не ведаў прататыпаў, схаваных пад лiтаркамi, але гэта нi на шэлег не перашкодзiла задавальненню. Дарэчы, калi я год праз дзесяць перачытваў нататкi, уражанне пацвердзiлася; але праз дзесяць год я быў ужо асабiста знаёмы i з аўтарам, i з некаторымі героямі, i бываў раз-пораз у тых мясцiнах. Дарэчы, «Сказ пра Лысую гару» не прачытаны i дагэтуль.
Вердыкт Лупасiна (дакладней, тады яшчэ пакуль не Лупасiна, гэта прозвiшча прыдумана ў 2007 годзе) быў вельмi i вельмi станоўчы: трэба купляць i трэба ў гэтым часопiсе друкавацца.
Што ж перашкодзiла? Перашкодзiў мой аднагрупнiк Алекс. Ён сказаў, што «Маладосць» – гэта крута, але традыцыйна, і што эксперыментальныя рэчы лепей друкаваць у «Першацвеце». Такiм чынам, я даведаўся, што «Маладосць» i «Першацвет» – гэта розныя выданнi, i пакуль «Першацвет» iснаваў, я не купляў iншых часопiсаў.
Праўда, нiдзе i не друкаваўся. Але ж гэта – iншая гiсторыя.