Читать книгу Скрозь «Маладосць». Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру - - Страница 8
Раздзел першы. Размовы
Пятро Васючэнка. Пра сінонімы
Оглавление– «Маладосць» – сінонім «першапраходніцва». Гэта заўсёды адкрыццё і нейкая навацыя. Недарэмна калісьці маладзёжная арганізацыя абвясціла сябе піянерскай: так называліся і людзі, якія асвойвалі новыя землі. І ў Фенімора Купера – памятаеце? – ёсць раман з такой назвай. Прыгадаліся мне, такім чынам, часы ўласнай літаратурнай маладосці – «Тутэйшых», прыкладам. Ды і літаратурная гісторыя ўвогуле – таксама прыгадалася.
* * *
– Мне падумалася, што поспех першапраходніцтва як рысы маладосці тлумачыцца тым, што маладосць, не маючы пэўнага вопыту, не валодае і стэрэатыпамі, якія з гэтым вопытам звязаны. У маладосці або зусім няма ніякіх схем, або яны яшчэ толькі пачынаюць выпрацоўвацца. Вось яна і апынаецца бліжэйшай да навацый. Не таму, што маладыя, як прынята лічыць, больш энергічныя ды няўрымслівыя, – такімі творчыя асобы могуць быць і ў восемдзесят. А таму, што, не маючы перад сабою стэрэатыпаў, не маюць патрэбы ў іх разбурэнні – і проста будуюць сваё, новае. Невыпадкова маладымі былі не толькі «маладнякоўцы», але і «нашаніўцы». Успомніце, колькі гадоў споўнілася Багдановічу, Купалу, Коласу, Палуяну, калі пачыналася «Наша ніва». А яны ж зрабілі свайго роду рэвалюцыю, санкцыянавалі штуршок нацыянальнай актыўнасці. А «Тутэйшыя»? Група маладых літаратараў збіралася пад дахам Саюза пісьменнікаў, актыўна эксперыментуючы, ідучы ў «рожкі» са старымі. Памятаю, як спакойна і памяркоўна выслухоўваў іх Анатоль Вярцінскі – ён тады быў рэдактарам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Сустракаў гэтыя задзірыстыя «наезды» моладзі – і… як паблажліва, мудра адказваў. Калі сёння ацэньваю феномен «Тутэйшых» з пункту гледжання літаратурнай гісторыі, то думаю найперш пра тое, чаго многія з нас тады яшчэ не ведалі. А менавіта: што ў літаратуры ўсё ўжо было. Прычым, і «ў рожкі са старымі» – таксама было.
– А ўвогуле, ці можна ў дачыненні да ўласна літаратуры сказаць, што ў ёй таксама ўсё было?
– Можна. Тое, што ствараецца сёння, лёгка знайсці ў літаратуры 1920-х гадоў. Кажучы словамі Эклезіяста, няма пад Сонцам нічога новага, хаця кожнае пакаленне ўносіць у тое, што ўжо ёсць, нешта сваё – і гэта мае права лічыцца новым: такая ўжо доля ў даўно забытага старога. Вось так – дыялектычна – я спрабую адказаць на гэта пытанне. На новым узроўні, на новым вітку мы вяртаемся да старых ісцін, шукання працягу ў рэальным жыцці.
– Да шукання працягу і працягу шукання… Таму што ісціну знайсці наўрад ці зможам, нават нягледзячы на тое, што ў гэтых пошуках стварылі ўжо ўсё, што маглі?
– Мы рухаемся. Ведаеце формулу? Ёсць ісціна, а ёсць праўда. Колькі людзей, столькі і праўды. Праўда – гэта казаць тое, што думаеш, а ісціна… Да ісціны трэба прыйсці.
Вяртаючыся да нашай гаворкі. Я прыгадаў ужо – і як гісторык літаратуры, і як чалавек, які гэту гісторыю літаратуры выкладае – вопыт «Маладняка». Мне думаецца, што «Маладняк» для «Маладосці» быў самым непасрэдным папярэднікам. Шмат з таго, што сёння ёсць у «Маладосці», меў менавіта «Маладняк». Напрыклад, вопыт стварэння літаратурнага часопіса на нейкай платформе, у дадзеным выпадку – на падставе ўзросту. Па сутнасці, «Маладняк» быў першым літаратурным згуртаваннем на Беларусі, якое стварылася не таму, што яго ўдзельнікі прапаведавалі нейкую ідэю, а паводле ўзросту, адчуўшы яго як прывілею – і абвясціўшы: хто не з імі, той – стары. Так у «старыя» трапілі саракагадовыя Янка Купала і Якуб Колас. Гэта ж Адаму Бабарэку належыць сцвярджэнне пра тое, што верш Чабора «На сенажаці», надрукаваны ў «Маладняку», вышэй за «Новую зямлю» Якуба Коласа і «Безназоўнае» Янкі Купалы. Як тут не прыгадаць «Тутэйшых», якія таксама казалі, што літаратура пачынаецца з іх?..
Можна было б паблажліва глядзець на вопыт «Маладняка», але на глебе гэтай задзірыстасці нарадзілася «Узвышша», сябры якога таксама былі не старыя, але ўсё ж зразумелі, што галоўнае ў літаратуры – гэта не маладосць, а якасць. Яны ўжо не апелявалі да гэтай сваёй прывілеі. І вось цяпер яшчэ адзін сінонім слова «маладосць» – «вучнёўства». Менавіта ў маладосці актыўна засвойваюцца літаратурныя веды. У мяне на гэты конт маюцца свае «забабоны», якія я не раз выказваў. Падзялюся імі і тут. Выклікаючы часам раздражненне, я казаў і кажу, што ў маладосці пачынаюцца паэты: яны могуць «выспець» ужо ў пятнаццаць-шаснаццаць гадоў, таму што ў паэзіі найбольшую ролю іграе эмацыйны вопыт, а ў маладосці яго, як правіла, больш, чым у сталасці. Празаік пачынаецца ў трыццаць – таму толькі, што да эмацыйнага вопыту патрэбен вопыт жыццёвы. А драматург, працягваю думку, нараджаецца ў сорак, таму што яму трэба ведаць законы сцэны так, каб не толькі адчуць, але яшчэ і паведаміць. Са мною шмат на гэты конт спрачаюцца, прыводзячы адзін за адным розныя прыклады. Калі я кажу пра тое, што Куляшоў адзін з лепшых сваіх вершаў пра каханне – і лепшых вершаў пра каханне ў беларускай літаратуры ўвогуле, – верш «Бывай» напісаў у чатырнаццаць, са мною згаджаюцца. Але часам кажуць, што Лермантаў напісаў драму «Маскарад» у пятнаццаць. На гэта я таксама адказваю крыху палемічна: «Маскарад», маўляў, – не лепшае з напісанага Лермантавым, на ім ляжыць пячатка вучнёўства, па-першае, а па-другое, гэта не столькі драма, колькі паэзія.
– Паводле вашай формулы, адзін і той жа чалавек можа ўпісацца ва ўсе рамкі: паспець пабыць паэтам у маладосці, далей стаць празаікам, а потым і драматургам. Але ж існуюць паэты сталага веку. І празаікі з драматургамі часам пачынаюцца ледзь не ў юнацтве.
– Так, Дудараў як драматург нараджаўся значна раней, чым яму стукнула сорак. Мая формула сапраўды ўмоўная. Многіх яна ўвогуле раздражняе.
– Але яна сімпатычная.
– Я пільнуюся яе, бо ў цэлым яна спрацоўвае. Ну, і сімпатычная таксама. Хаця прыклады ёсць розныя – і нават так бывае, што паэт пачынаецца пасля васьмідзесяці, як гэта было з Васілём Івашыным. Бывае, і празаік вельмі актыўна пачынае працаваць толькі пасля пяцідзесяці, як гэта здарылася з Уладзімірам Васільевічам Гніламёдавым: ён так піша прозу, што саракагадовы майстар пазайздросціць і актыўнасці, і густаце, і густу.
Давайце знойдзем яшчэ адзін сінонім. Маладосць – гэта эксперымент і пошук. Досвед паказвае, што маладыя эксперыментуюць часцей, чым сталыя творцы. Прычына тут тая ж, што і, так бы мовіць, у імпэце піянерскім, першаадкрыццёвым. Але і тут у мяне, ужо як педагога, ёсць свае меркаванні. Эксперыменты, на маю думку, бываюць правільныя і не зусім правільныя.
– Расшыфруйце, калі ласка.
– Правільны эксперымент – гэта шлях Казіміра Малевіча, якога можна назваць і беларускім мастаком, бо калісьці ён прэзентаваў Віцебскую школу. Правільны эксперымент мастака – гэта калі ён спачатку вучыцца пісаць карціны паводле акадэмічных правіл. Дык вось Малевіч умеў маляваць паводле гэтых правіл і краявіды, і нацюрморты, і аголеную натуру. І толькі пасля таго, як усяму гэтаму навучыўся і напісаў яшчэ шэраг традыцыйных рэчаў, ён пачаў выдаваць свае чырвоны і чорны квадраты. Такім вось чынам ён заваяваў маральнае права на эксперымент. У літаратара такое маральнае права – гэта ўменне рыфмаваць і пісаць з метрам. І без памылак.
– Гэтага дастаткова, каб мець права на літаратурны эксперымент? Пашкадуйце, Пятро Васільевіч…
– Гэта абавязковая ўмова на тое, каб эксперыментаваць: без яе эксперымент не рэкамендуецца. Безумоўна, патрэбна яшчэ драбяза, якая называецца талентам.
Я часта такое назіраю: маладыя творцы, што не ўмеюць яшчэ рыфмаваць, нават не збіраюцца гэтаму вучыцца, таму што ў свеце «бадай што ніхто не рыфмуе». Яны не хочуць вучыць тэорыю літаратуры, хоць гэта таксама патрэбная рэч, – і пачынаюць смела эксперыментаваць. Але ж, як мы казалі, у Грэцыі ўсё ўжо было. І ў нашай літаратуры, як у той Грэцыі, было ўжо ўсё. Гэта, між іншым, даказвае ў сваёй дысертацыі такі ж самы малады эксперыментатар Віктар Жыбуль, які ў паэзіі эксперыментуе, але як даследчык літаратуры працуе вельмі сур’ёзна, бо абараніў ужо дысертацыю па той самай літаратуры 1920-х гадоў, і знайшоў там тое, чым сёння займаюцца, прыкладам, бумбамлітаўцы або займаліся «Тутэйшыя» ці «Вольныя літаратары».
Маладосць – гэта, паўтаруся, вучнёўства, а праз яго – адкрыццё самога сябе ў літаратуры. Тут важная акалічнасць хаваецца ў тым, што вельмі многае ніяк не залежыць ад асобы аўтара. Проста трэба, каб нехта цябе адкрыў. Сінонім «маладосці» – гэта і «дэбют». Я шкадую, што сябе адкрыў не ў «Маладосці». Для мяне гэта выданне здавалася такім непадступным, такім піетэтам я быў ахоплены ў дачыненні да яго, што дэбютаваў не ў ім, а ў часопісе «Бярозка», хоць было мне тады ўжо дваццаць гадоў. Ды і пасля яшчэ доўга баяўся ўзысці на прыступкі гэтага выдання. Я, канешне, быў задаволены сваім дэбютам і «Бярозкай» – настолькі, наколькі можна быць задаволеным першым надрукаваным апавяданнем. Тое апавяданне называлася «Вярнуўся» і было пра сабаку, які састарэў, згубіў нюх і зрок, і месца яго ў будцы заняў малады і моцны пераемнік. Сустрэлі мяне тады ў рэдакцыі даволі прыхільна. А гэта таксама вельмі важна – як цябе сустрэнуць у рэдакцыі. Я ведаю прыклад вельмі таленавітага паэта, майго аднагодка, якога не сустрэлі так прыхільна, як мяне: ён кінуў пісаць і падаўся ў камерцыю. Можа быць, мы страцілі шмат Куляшовых, якіх у свой час не разгледзелі. Місія ваша, такім чынам, вельмі адказная – місія часопіса, які адкрывае новых аўтараў.
– Ці не таму ў некаторых рэдактараў ёсць правіла «няхай пройдзе»? У часопісе, маўляў, павінны друкавацца розныя творы – і моцныя, і слабыя.
– Гэта правільнае правіла. У якасці ілюстрацыі яго правільнасці прывяду вопыт працы літаратурных аб’яднанняў. У нас іх было шмат – аб’яднанняў, школ, творчых групп… У большасці з іх абавязкова вылучаўся лідар альбо настаўнік. І вельмі часта здаралася так, што астатнія «сябры суполкі», прыгаломшаныя гэтым аўтарытэтам, пачыналі пісаць «пад яго». Так было, напрыклад, з Анатолем Сысам: пад яго шмат хто «касіў». З’ява гэта носіць назву «Цень Настаўніка». Пазітыўнага вопыту яна не дае. У якасці кіраўніка творчай суполкі патрэбен чалавек, які мае дастатковы дыяпазон прымання густаў, эстэтыкі, манер і іншага. Станоўчы вопыт тут дэманструе згуртаванне «Літаратурнае прадмесце» і яго… не лідар, а хутчэй мадэратар Людміла Рублеўская. Яна не падобная да іншых тым, што не з’яўляецца Настаўнікам, які адбівае на вучняў свой Цень. У гэтым аб’яднанні актыўна працуюць самыя розныя людзі. Па-першае, узроставы цэнз не агавораны, па-другое, мэтры твораць побач з пачаткоўцамі і друкуюцца з апошнімі ў адных зборніках. Галоўнае тут – не ўзрост і не ўзровень, галоўнае – манера. І што кожны тут – самакаштоўны, і нікога ніхто пад свае нормы не ломіць. Хаця абмеркаванне твораў праходзіць у дастаткова актыўным, нават жорсткім фармаце: без разносаў, якія ў асяроддзі «Тутэйшых» былі нормай, і тут не абыходзіцца. Але ў «Літаратурным прадмесці» гэта робіцца з відавочнай павагай да творчай індывідуальнасці. Ніхто тут не папракне нікога за тое, што ён не Анатоль Сыс і не Людміла Рублеўская.
Я таксама маю вопыт літаратурнай педагогікі. Працуючы ў лінгвістычным універсітэце, праводзячы заняткі з рознымі групамі на розных курсах, абавязкова прыкмячаю студэнтаў пішучых. Гэтыя пішучыя прыходзяць да мяне, прыносяць свае тэксты. Як правіла – вершы (што адпавядае маёй схеме), радзей – прозу. Яшчэ радзей – драматургію. Схема працуе. Вельмі часта ў мяне пытаюцца: «Пятро Васільевіч, а я паэт ці не?» На гэта рытарычнае пытанне я адказваю: «Калі вы паэт, то вершы самі з вас палезуць, перш чым прыйдзе ў галаву думка, пісаць вам далей ці не».
– Як вы працуеце з аўтарамі, у якіх бачыце магчымасць самаўдасканальвацца?
– Я прапаную знайсці ў нізцы вершаў адзін – лепшы. Або раблю гэта сам. І кажу: «Паспрабуй напісаць так яшчэ». Калі лепшага верша не знаходзіцца, а такое бывае, я вылучаю два ўдалыя радкі – і кажу: «Паспрабуй пісаць на такім узроўні». З кожным наступным разам якасць паэзіі відавочна павышаецца – і ў рэшце рэшт малады творца піша два-тры вершы, якія можна друкаваць у «Маладосці».
Прымаць усе густы – гэта не значыць прымаць усе ступені якасці. У «Маладосці» існуе планка, цераз якую трэба пераступіць, каб надрукавацца.
Мае калегі таксама працуюць з літаратурнай моладдзю, і вось не так даўно пры падтрымцы рэктарата, які ўхваліў гэту ініцыятыву, у нас выйшаў зборнік студэнцкай творчасці «Zамовы». Ён змясціў творы паэзіі, прозы, драматургіі і – вядома ж, чаго не можа не быць у лінгвістычным універсітэце, – пераклады. У кароткай прадмове да гэтага зборніка я адзначаю, што тут выступаюць не прафесіяналы – для нас на першым месцы стаяла індывідуальнасць студэнта. Калі казаць пра ўзровень, дык планка ў зборніка не такая высокая, як у часопіса «Маладосць» і іншых нашых літаратурных выданняў: мы бралі практычна ўсё, дзе бачылася імкненне аўтара напісаць што-небудзь і падзяліцца гэтым напісаным з іншымі. Зборнік не толькі шматжанравы, але і шматмоўны, чаму сведчаннем нават яго назва. І хаця ў ім вылучаецца група аўтараў, якія пішуць прафесійна і друкуюцца не толькі ў студэнцкіх выданнях, гэта зборнік менавіта студэнцкай творчасці, бо студэнцтва – гэта таксама сінонім маладосці.
Ну і яшчэ. Сінонім маладосці – «Маладосць».
Я заўсёды любіў «Маладосць». Не толькі за тое, што яна адкрывае новых аўтараў, але і за тое, што яна адкрывае новыя творы сталых аўтараў. Маё пажаданне – ніколі не пакідаць гэтай традыцыі.
Сінонім маладосці – каханне. Многія любяць «Маладосць» за тое, што на яе старонках можна прачытаць творы пра каханне, напісаныя маладымі. Памятаю, калі вучыўся ў БДУ, бачыў «Маладосць» у руках студэнтак фізічнага факультэта. Яны куплялі літаратурныя часопісы, відаць, каб прачытаць пра каханне. І пра маладосць. Таму пажаданнем будзе друкаваць больш такіх твораў.
Беларусь мае адно літаратурнае няшчасце: у нас няма спецыялізаванага часопіса па замежнай літаратуры. Таму хацелася б больш перакладаў на вашых старонках: тады нашы студэнты змогуць супрацоўнічаць з «Маладосцю» больш актыўна.