Читать книгу Тэорыя змовы - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 10

Частка першая. Фетышыст
7

Оглавление

Рука з гострым пінцэтам хіжа ўзнеслася над спіною пуцаценькага і тарганула з крывавай ранкі бялюткую стрэмку. Немаладая доктарка-педыятр у залатых акулярах крытычна агледзела пёрка на святло. Пінцэт дзінькнуў у стэрылізатар.

– Птушыны грып? – напружыўся Талаш.

– Можа, наступствы Чарнобылю? – шурпатая далонь Талашыхі абярэжна накрыла спіну немаўля.

Залатыя акуляры бліснулі з нечаканай суворасцю.

– Алкаголікі ў сям’і ёсць?

– Ды якія ж з нас алкаголікі! – амаль пакрыўдзіўся стары. – Я так разумею: ці пі, ці працуй. А ў нас з бабай грады…

– Мы ўжо сыночка і зялёнкай мазалі, – тужліва падхапілася Талашыха, – і ў святаянніку мылі, і попелам пасыпалі, і нават яйкам выкатвалі… А ранкі на спіне ўсё адно большаюць і большаюць. Стрэмкі гэтыя зноўку лезуць… І адкуль яно бярэцца?!

Доктарка разгублена зашархацела бланкамі з аналізам крыві. Вынікі бянтэжылі: у дзіцёнка аказаліся ўсе чатыры групы крыві адначасова. Пры гэтым лейкацыты і эрытрацыты былі ў норме, і пра лабараторную памылку не магло нават весціся гаворкі. Клінічная карціна дапаўнялася абсалютна невытлумачальнай паталогіяй: на ружовенькай спіне малога рэл’ефна крывяніліся дзве доўгія ранкі, якія міжволі наводзілі на думкі пра бізуны і гемафілію.

– Першы раз у маёй практыцы такое, – доктарка згасіла хірургічную лямпу над сталом, дастала шпатэль і схілілся над пуцаценькім. – А цяпер скажы «А-а-а…»

Гланды выглядалі здаровымі. Дэталёвы агляд ручак і ножак не выявіў аніякіх паталогій. Рэфлексы цалкам адпавядалі ўзросту. Немаўля адно загадкава пасміхалася і цягнула ручкі да нікіляванага стэтаскопа. Старыя напружана маўчалі; на іх тварах чыталася непахісная вера ва ўсемагутнасць медыцыны.

– Скажыце, а вось казлы… яны на шаленства хварэюць? – драўляна запытаўся Талаш.

– А то! Асабліва, як нашыя.

– Баюся, яго адзін быдляк пагрыз, – Талашыха скрушна шморгнула носам.

– Можа, здымак што пакажа, – абнадзеіла доктарка і неразборліва запоўніла бланк. – Пайшлі…

Кабінет флюраграфіі поўніўся электрычным гудзеннем і шчоўканнем рэле.

Рэнтгенолаг спрактыкавана заправіў у рамку касету. Адсунуўся грувасткі штатыў, халодна бліснула матавая плоскасць экрана.

– Пацярпі, дзіцятка! – Талашыха асцярожна паставіла пуцаценькага на высокую платформу. – Бог жабраваў – і нам казаў!

Немаўля з разуменнем паглядзела на старую і паслухмяна прыціснулася да шкла. Рэнтгенолаг шчоўкнуў тумблерам…

Раптам усярэдзіне апарата мярзотна заскавытала, нібы хтосьці з усяе моцы правёў тупой пілкай па шыферы. Празрыстая амбулаторная шафа жалобна ценькнула. Пад столлю пагрозліва зашкварчэлі стрыжні люмінісцэнтных лямп. Штатыў рэнтгенапарата таргануўся, заскрыгатаў і знерухомеў.

Талашыха палахліва падхапіла немаўля і захутала ў бліскучую плюшавую душагрэйку

– Ой, матухна! – трагічна прашамкала яна. – І што ж гэта такое робіцца?!

Цяжка рыпнулі абабітыя свінцом дзверы, і разношаныя кеды старэчы трывожна зачвякалі па калідоры.

На алейках бальнічнага сада калыхаліся сонечныя плямы. Каля паркана палілі спарахнелае леташняе лісце, і паўпразрысты дым метафізічна размываў краявід. Ветэранскі матацыкл самотна чарнеў пад каштанам. Дзед Талаш засяроджана паліў «казіную ножку» і слухаў доктарку.

– Дзеткі – наша будучыня, – запэўніла яна. – А будучыня – гэта святое!

– Ва ўсіх дзеткі, як дзеткі, – далікатна далучылася да размовы Талашыха. – А што людзі пра нашага падумаюць? Навошта яму тыя пёркі на ранках?

– Паслухай, што чалавек кажа, – ветэран дапамог старой з дзіцёнкам уладкавацца ў люльцы. – Тут адзін вельмі моцны вядзьмак ёсць. Акурат па дарозе да Таргачова.

– Надта дасведчаны ў сваёй справе! – залатыя акуляры доктаркі змоўніцкі заблішчэлі. – Усё лечыць, ад запою да гемарою. Сурокі здымае. Будучыню прадказвае. Да яго нават з Акадэміі навук прыязджаюць!

– Калі не дапаможа, то і не зашкодзіць! – вынесла прысуд Талашыха. – Паехалі!

Сіні лес абапал шашы акрэсліваў прастору. У сініх нябёсах спявалі нябачныя жаўрукі. На галаве былога партызана лапатаў незашпілены танкісцкі шалом. Талашыха маркотна, бы тая Мадона, прыціскала да сябе немаўля.

Знянацку пуцаценькі трывожна зварухнуўся і загукаў.

– Пачакай, скора будзем, тады і паямо, – Талашыха намацала ў сумцы бутэлечку з соскай.

Сталёвы дрот, напяты ўпоперак дарогі, амаль зліваўся з ландшафтам. Матацыкліст заўважыў яго надта позна…

Дрот з усяе моцы ўдарыў у талашовыя грудзі – стары паляцеў долу. Некіруемы матацыкл хіснуўся, падскочыў у каляіне і заваліўся набок. Рухавік пырхнуў белым дымком і захлынуўся. Пуцаценькі выслізнуў з бабіных рук і бездапаможна пакаціўся ў хмызы. Травеньскі краявід імкліва перакрэсліў жахлівы цень.

Пераможнае мэканне наклалася на трагічны лямант старой. Пачварны парнакапытны падчапіў немаўля на рогі і скочыў у непраходны гушчар…

Тэорыя змовы

Подняться наверх