Читать книгу Тэорыя змовы - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 3

Пралог

Оглавление

Анёлы не лётаюць. Яны нябачна прасякаюць час і бароняць святыні ад рагатага быдла.

Як толькі гадзіннік на вежы таргачоўскага касцёла адаб’е поўнач, флюгер-анёлак ажыве. Бляшаная рука паволі адсуне ад вуснаў трубу, ледзь чутна зашаргацяць сталёвыя крылы, і карункавая постаць на імгненне выявіцца на тле цыферблата, каб распусціцца ў ядвабнае цемры. І скоціцца знічка на ганак Дома Культуры, і залачоныя стрэлкі гадзінніка раптам хіснуцца налева, і пацячэ час у адваротным кірунку…

Сонца выкаціцца на захадзе і ўпэўненай дугою перакрэсліць неба над пожняй, каб зваліцца ва ўсходнюю дрыгву. Таргачоўскія хлопцы насадзяць на гачыкі зіхоткіх акунькоў, закінуць іх у Дняпро і неўзабаве вывудзяць спраўных ружовых чарвякоў. Мужчыны з навакольных вёсак паздымаюць чырвоныя стужкі «Пераможцаў Дажынак», пасядуць за штурвалы, і паўстане за камбайнамі спелае калоссе. Ужываныя «опелі» і «форды» заблішчаць свежай фарбай і пакоцяць на нямецкія пляцоўкі аўтамабільнага «сэканд-хэнду».

Сцяг над Таргачовам дзіўным чынам набудзе бел-чырвона-белыя колеры, але неўзабаве зноў стане чырвона-зялёным, толькі з сярпом і малатком. Зачыніцца, як і не было, пункт абмену валюты ва ўнівермагу. Перад гастраномам пашнуруюцца вірлівыя чэргі – мяняць гарэлку і цыгарэты на талоны.

Ветрык адсуне чарнобыльскія хмары, пасушыць святочныя піянерскія кашулі, і радасная дзятва пабяжыць з перашамайскае дэманстрацыі па хатах. Зухаватыя дэмбелі адпрасуюць «парадкі» з бліскучымі медалямі і выправяцца служыць у Афганістан.

Першы сакратар таргачоўскага райкама партыі ўрачыста зачыніць гормалзавод і ўласнаручна згорне кумачовы лозунг «Рашэнні ХХV з’езда КПСС – у жыццё!» Студэнты з’едуцца на вакацыі, і іх навюткія джынсы «Montana» выклічуць нязменную зайздрасць навучэнцаў ПТВ. Шалёная колькасць «Партвейну пераліецца з гранчакоў у высокія зеленкаватыя пляшкі.

Меліярацыйная тэхніка вернецца на заводы, дзе яе разбяруць на часткі і неадкладна сунуць пад магутныя прэсы. Рачулкі і стаўкі набяруцца вадой. Забуяе кукуруза на калгасных палетках. Старшыня райкама згасіць першы ў мястэчку тэлевізар «Нёман» і на чорнае «Волзе» завязе яго ў спецразмеркавальнік. Хлопцы і дзяўчаты цэлымі класамі павяртаюцца з гарадоў да родных ніў, да родных хатаў. ЦК КПБ пастановіць тэрмінова разбурыць непатрэбныя сілікатныя хрушчобы і аднавіць на іх месцы старасвецкія дамкі, маёнткі і цвінтары. У мястэчку адчыняць адзіную беларускую школу.

Раённы партактыў ачмурэла вернецца з «вобласці», і словы «культ асобы» насцярожана сцішацца ў адліжным паветры. Хрумснуць маразы, і начальнік мясцовага МГБ цішком павесіць над сталом партрэт Цанавы. Інваліды-ардэнаносцы на шарыкападшыпнікавых каталках павяртаюцца са спецлагероў і шпарка пакоцяць да шпіталяў, дзе вайсковыя хірургі скальпелямі і пілкамі прыладзяць ім адрэзаныя ногі. Дзяўчынкі з «рамяслухі» панура пасунуцца ў бухгалтэрыю, каб здаць аблігацыі дзяржаўнай пазыкі «На адраджэнне і развіццё народнай гаспадаркі».

Нямецкія і аўстрыйскія ваеннапалонныя разбяруць на цагліны ампірны Дом Культуры, атрымаюць у ахоўнікаў зброю і з бязладнымі крыкамі «Гітлер капут!» пашыхтуюцца пад сцягамі Трэцяга Райху. Савецкае войска імкліва пакоціцца на ўсход. Партызаны выйдуць з лясоў, каб павыцягваць выбухоўку з-пад мастоў і аднавіць раскурочаныя рэйкі. Эсэсаўцы з нямецкай акуратнасцю скруцяць калючы дрот вакол гета, а таргачоўскія габрэі са слязьмі на вачах паспорваюць з паласатых робаў жоўтыя шасціканцовыя зоркі. Натоўпы ўцекачоў бязладна пасунуцца па шашы да Мінска, і нацысты арганізавана пабягуць ад іх у свой Фатэрлянд.

Па начах на чыгунцы загрукацяць эшалоны з усходу. Чорны фургон «ЗіС расчыніць будку каля турмы, і канвой НКВД разгоніць вызваленых «нацдэмаў» крыкамі «Пайшлі, сукі!..» Камсамольцы адновяць крыжы на касцёле і царкве. Старшыня першага ў раёне калгаса падымецца з чужой мяжы, кулі вылятуць з прастрэленай скуранкі, і малады камуніст вернецца ў пралетарскі Піцер. Пры з’яўленні шабельнікаў Булак-Балаховіча бальшавіцкі бронецягнік зачахліць пяцідзюймоўкі і адсунецца да Смаленска.

Кайзераўскія войскі раптоўна знікнуць, а замест іх з’явіцца рота на чале з расейскім штабс-капітанам, які паволі памаладзее, зменіць пагоны на паручніцкія, потым – на падпаручніцкія і з’едзе ў родны маёнтак, да бацькі-ліцвіна. І хіснуцца крыжы на закінутых могілках, і дзяды паўстануць з трунаў, каб бараніць Айчыну. Сівавусы інсургент згадае, як Кастусь Каліноўскі сышоў з шыбеніцы, склаў паўнамоцтвы дыктатара і паехаў вучыцца ў Пецярбургскі ўніверсітэт. Жандары раздадуць даносы ў абмен на храбусткія асігнацыі. Вольныя сяляне моўчкі заслухаюць царскі маніфест і радасна пададуцца ў маскоўскі прыгон.

Шчыльныя шэрагі напалеонаўскіх войскаў пакрочаць смаленскай дарогай у Парыж, і штандары са словамі «Fraternité, égalité, liberté» адаб’юцца ў пацвілых дняпроўскіх затоках. Ніжагародскія драгуны старана адбудуюць таргачоўскі замак, занясуць у пакоі нарабаванае майно. Праваслаўная царква зноў стане ўніяцкай, і святар, які прыедзе з Петрапаўлаўскай вязніцы разам з касінерамі Касцюшкі, павядзе казань у роднае мове.

Выганоўцы-засцянкоўцы, падперазаныя паясамі з цяжкімі дзедаўскімі шаблямі, пасядуць у шынку, а ўвішны Моўша прыбярэ ад іх у склеп віно ды медавуху. Басота-галота Налівайкі навыперадкі кінецца па цэрквах, касцёлах, манастырах і кляштарах, каб як мага хутчэй вярнуць прысабечаныя скарбы. Стральцы Аляксея Міхайлавіча цудадзейна рэанімуюць, мо, палову насельнікаў Таргачова. Сібірскія гарады і рабскія рынкі Астрахані абязлюдзяць, бо караваны нявольнікаў пагоняць назад – да берагоў Дняпра, Прыпяці ды Нёмана. І запаляцца жырандолі каралеўскага замка, і анёльскія гукі віёлаў да гамба адаб’юцца ад высокае дняпроўскае стромы. І каралева – яснавельможная Бона, запросіць танчыць сарабанду шляхотнага месіра Францыска Гастэлу – нунцыя Папежа Клімента VII. І шэптам распавядзе яму пра адважнага вершніка, якога паспалітае людства раз-пораз сустракае на тутэйшых абшарах. І зразумее нунцый, хто такі гэты вершнік. Але нікому пра тое не раскажа, бо пабачыць на касцельнае вежы Боскае ззянне і святога анёла-ахоўніка, які распрастаў крылы над Таргачовам…

Тэорыя змовы

Подняться наверх