Читать книгу Тэорыя змовы - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 8
Частка першая. Фетышыст
5
ОглавлениеКамуфляваны аўтапеленгатар з чужынскімі нумарамі сунуўся ціхім таргачоўскім кварталам. Двухгаловы арол драпежна прастаў крылы на дзвёрках. Чорная рамка лакатара нахабна секла паветра.
На галоўнай вуліцы фургон з неадэкватнай агрэсіяй віхлянуў налева. Сустрэчны легкавік злякана завішчаў і прыцёрся да бардзюра. Пешаходы шуганулі ўроссыпкі. Пасажыры аўтобуса паўліпалі тварамі ў шкло.
– Лохі! – пракаментаваў кіроўца – плюгавы прапаршчык з валасатымі пальцамі.
– Ездзіць па сустрэчнай – гэта крута! – пацвердзіў капітан Капейкін і выцаліў вачыма гастраном. – Макруха, спыніся, бля, спыніся! Трубы гараць, я хуценька… А пакуль глянь вось гэта, каб ведаў, чаго шукаем!
Капейкін кінуў на руль скамечаную паперчыну з грыфам «Сакрэтна», кволай жабай скочыў на асфальт і пашыбаваў да крамы. Макруха ўрубіў магнітолу – дынамікі ўрачыста грымнулі «Сильный, державный!» Пальцы зашархацелі сакрэтным дакументам. У аналітычным мемарандуме з цэнтру выведкі «Славянский шкаф» рускім па беламу сцвярджалася: дзіўны агністы шар, што з’явіўся ў таргачоўскіх нябёсах акурат на свята Перамогі – няйначай варожая зброя, здольная на хер змяніць парытэт сілаў у рэгіёне.
– Усё, паехалі піндоскіх тэрарыстаў шукаць, – Капейкін паставіў на пацёрты дэрмацін падсумак, у каторым шматабяцальна ценькала і булькацела. – З дакументам азнаёміўся?
– Усё супадае, – прапаршчык скасавурыўся на падсумак. – Як толькі спадарожнік над гэтым сраным Таргачовам з’явіўся – у нас на «Волзе-Волзе» уся электроніка імгненна згарэла.
– Што робіцца, што робіцца… Шчыт, бля, Айчыны, медным тазам накрываецца! – шчыра засмуціўся Капейкін. – Я так думаю, што на тым спадарожніку і тэхаскія рэйнджары маглі прыляцець. І ўсе, напэўна, негры.
– Жыды, – прасіпеў Макруха і сплюнуў праз дзвёрку.
– Што – жыды? – афіцэр спрактыкавана згрыз з пляшкі корак, падумаў, ці варта даставаць гранчак, і не стаў.
– Яны паўсюдна, што тыя бацылы, – кіроўца зухавата падрэзаў «хуткую дапамогу». – Думаеш, нігеры самі даўмеліся на тым спадарожніку прыляцець? Начальства загадала. Каб да нас, славянаў, экспартаваць свой лад жыцця і знішчаць нашу духоўнасць.
– Пентагон ці Ватыкан які-небудзь і загадаў, – пераканаўча ўдакладніў Капейкін.
– А кіруе імі хто? Розныя Абрамы і Сары! З Ізраілю, Манхэтэна ці якой Арызоны. Забыўся пра Сусветную Закулісу?
Капітан каўтануў проста з рыльца, абцёр шкло абшлагам і сунуў кіроўцу.
– Будзеш?
Макруха глянуў на прыборную дошку, павагаўся, таргануў рычаг скрыні бегаў і збочыў на набярэжную.
– Пячонка яшчэ не запрацавала, не кажучы пра ныркі… Ну ладна, давай. А то, адчуваю, да самай ночы той спадарожнік будзем шукаць. Апаратура яшчэ працуе?
Капейкін азірнуўся. У чэраве мікрааўтобуса грувасціўся пульт з тумблерамі, асцылографамі і індыкатарамі. Вузкавокі сержант-аператар у навушніках засяроджана сачыў, як па экранчыку няспынна кружляе зялёны прамень-разгортка.
– Хулімулін, ну што там?
– Пуста, – аператар зайздросна лыпнуў на пляшку.
Рухавік загырчэў – аўтапеленгатар сунуўся на гару. Праз лабавое шкло прамалёўваліся абрысы замчышча з брыламі старажытных муроў. Афіцэр змяніў у магнітоле касету, і дынамікі азваліся «Владимирским централом».
– У мяне гэтыя амерыкосы Гімн Расіі на парашы будуць спяваць! – Капейкін засяроджана смактаў гарэлку. – Як зловім – адразу ўва ўсе адтуліны… Слова рускага афіцэра!
Раптам за спінамі суразмоўцаў пранізліва запішчэў пеленг. Капітан з прапаршчыкам сінхронна глянулі на экранчык: прамень-разгортка адназначна засёк нейкі чужародны аб’ект. Эратычныя фантазіі ў афіцэрскім мозгу імгненна саступілі месца ілюстрацыям з «Гісторыі катаванняў і стратаў у Расіі».
– Макруха, яны тут! – капітан азартна пацягнуўся да рацыі. – «Магадан», «Магадан», я «Варонеж»! Мы іх вылічылі! Тэрмінова высылайце КамАЗ спецназу! Хай нашы пацаны тых чарнажопых на катлеты пашматуюць!
Аўтапеленгатар каціў замчышчам. Званіца разбуранага касцёла стромка цягнулася ў вечаровыя нябёсы. Бетановыя Фрыц з Гансам па-ранейшаму цэлілі ў жахлівы баепрыпас, і вадамётныя рулі «шмайсераў» спраўна цурболілі ў папулярны лозунг. З дынамікаў панеслася «Цыганачка» – кіроўца зухавата замалаціў падэшвамі па педалях, прытанцоўваючы ў такт.
– Макруха, спыніся, бля, спыніся! – Капейкін засукаў ботамі. – Трэба адліць.
Машына знерухомела каля абеліска Гастэлу. Афіцэр скочыў на парапет і сутаргова расшпіліў нагавіцы..
Пеленг гольчатым металам працяў мозг. Зялёная кропка ссунулася амаль у цэнтр экранчыка.
– Яны недзе там! – палец прапаршчыка Макрухі расстраляў шэры гонтавы дах, што прамалёўваўся праз пяшчотную яблыневую квецень. – Хулімулін, чурка нямыты, пад трыбунал аддам!
Калі фургон спыніўся пад хаткай з этнаграфічнымі ліштвамі, наваколлем апанавалі фіялетавыя прыцемкі. Святла ў дамку не праглядалася, і гэта насцярожвала. Камуфляваныя спецназаўцы ўжо занялі пазіцыю на градах, цэлячы ў вокны і дзверы. Агрэсіўнасць іх твараў выяўлялася нават у паўцемры.
Капейкін асцярожна стаў за КамАЗам і склаў далонькі рупарам:
– Ду ю спік інгліш? Шпрэхен зі дойч? – афіцэр скасавурыўся на прапаршчыка Макруху. – Не ведаеш, як па іхняму «ідзі на хер?» У сэнсе, каб нігеры выйшлі з паднятымі рукамі і знятымі штанамі?
Вакно суседняга дома пляснула ў вочы святлом. На ганку акрэслілася мужчынская постаць. Сякера ў дужай руцэ бліснула нагостраным лязом.
– Вы хто? – нядобра пацікавіліся з ганку.
– У паліто. Рускія віцязі. Прыехалі амерыкосаў мачыць.
– Дапіліся маскалі, – рэзюмаваў уладальнік сякеры. – Якія амерыканцы? Тут Талаш з Талашыхай жывуць. Ветэраны вайны і працы. Сыночак у іх моцна хварэе. Толькі што на матацыкле ў «вобласць» выехалі. Пераначуюць у сваякоў – і да доктара.
Афіцэр расчаравана пашкроб ніз жывата. Спецназаўцы хіжа клацнулі аўтаматамі.
– Зброю хоць схавайце! – мужчына на ганку талерантна адклаў сякеру. – Людзі ж мусяць любіць адзін аднаго!
Капітан Капейкін пераклаў апошнюю фразу на сучасную рускую мову і – ахранеў.
– А можа, цэрэвушнікі ў гэтага фраера хаваюцца? – падаў голас Макруха. – Ну, які на адкрыцці помніка вершы чытаў. Пра Беларусію і жывёлаў.
– Ты думаеш?
– Я не думаю. Я ў расейскім войску служу!
Недзе зусім блізка пачулася выразнае мэканне, і з цемры, утыканай гострым галлём, бліснулі інфернальныя вочы.