Читать книгу Тэорыя змовы - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 9

Частка першая. Фетышыст
6

Оглавление

Скіргайла ўчарэпіўся ў халодны замкавы зубец і асцярожна глянуў наўсцяж.

З высокага мураванага бастыёна адкрывалася начная панарама невядомага сярэднявечнага горада. Змрочныя камяніцы нагадвалі карпусы лепразорыя. Вузкая рака курэла між каменных берагоў, і яе зеленкаватыя воды патыхалі цвіллю. Ад цёмных зарэчных кварталаў раз-пораз даносіўся пераможны быдлячы лямант. Ані патрыятычных сымболяў, ані іх абаронцаў не назіралася, і гэта крыху засмуціла адраджэнца.

– Няўжо наша сталіца такою была? – маладзён пашукаў вачыма вежу Гедыміна, але не знайшоў. – І ў якое ж некультурнае мястэчка я патрапіў?!

Паэт бездапаможна азірнуўся. За ім стаяла маладая сціплая брыгітка. На грудзях срабрылася эстэтнае ўкрыжаванне. Сінія вочы ззялі цнотай і міласэрнасцю. І толькі па хвасце з бухматым пэндзлікам, што выторкваўся з-пад прыполу, у мнішцы можна было пазнаць нядаўнюю спакусніцу.

– Вітаю спадара Скіргайлу ў сталіцы Высокага Адраджэння! Яно ж Квартачэнца, яно ж Рэнесанс, – добразычліва дэкларавала сінявокая. – Гэта Рым, год тысяча пяцьсот дваццаць сёмы. Замак Сан-Анджэла, рэзідэнцыя пантыфіка Клімента VII.

Скіргайла недаверліва задраў падбароддзе, аглядаючы цыклапічны каменны барбакан. На самым версе, між дрыготкіх нябесных сузор’яў, прастаў крылы каменны анёл з доўгім мячом у руцэ. У пустых вачніцах адбівалася мярцвянае святло маладзіка.

– І што… найвялікшая суперзброя цывілізаванага свету цяпер тут? – сумеўся паэт.

– Пакуль тут. Астатняе залежыць ад цябе, – падступна нагадала красуня.

Скіргайлавы вочы ўжо прызвычаіліся да сярэднявечнай цемры. З хаосу пакрысе праступалі постаці, фарбы і гукі. Змрочная камяніца насупраць аказалася жаночым кляштарам. Адтуль наплываў густы, бы з куфля, бом, і крышталёва празрыстыя галасы выводзілі суворы грыгарыянскі харал «Stabat mater». Па рэчцы чарадой праплыў тузін раздзьмутых нябожчыкаў. Паэт здрыгануўся і рэфлекторна адсунуўся ад мураванага зубца.

– Што паробіш! – фальшывая мнішка апярэдзіла пытанне. – Чарговае нашэсце чарговых вандалаў на Вечны Горад!

Юнак тужліва маўчаў. Ён нагадваў летуценніка, які мроіў пра вясёлку, але патрапіў пад халодную залеву. Пахабная рэчаіснасць у каторы раз перамагла светлыя адраджэнскія мары.

– Але ж я… сапраўдны дробны паплечнік тытана Адраджэння? – нясмела нагадаў Скіргайла.

– Усё згодна кантракта, – азвалася панначка крыху загадкава і адступіла ў цемру.

Раптам па-над стромаю Тыбра разнеслася паскуднае гергетанне. З-за моста Элія Адрыяна грымнула, ажно вушы заклала. У рачных хвалях раскрышылася святло паходняў. Па мурах засноўдалі інфернальныя цені.

Скіргайла сфакусаваў зрок. Па мосце тупацеў натоўп бруднага і агрэсіўнага быдла. Барадаты фацат у рагатым шаломе з доўгімі драбінамі на плячы рушыў паперадзе. На суседнім бастыёне неадкладна высунуліся швейцарскія гвардзейцы. Зашкварчэла смала ў катлах, каля бамбардаў запаліліся кнаты. Але ж рагатыя і не збіраліся штурмаваць Сан-Анджэла; жаночы кляштар відавочна быў для іх больш прывабнай мэтай.

– І дзе падзеўся гэты дробны ўрод?! – прагучала над вухам лацінай, і малады спецыяліст са здзіўленнем адзначыў, што ўсё разумее.

Не паспеў Скіргайла хаўкнуць, як атрымаў ашаламляльнага выспятка і склаўся скобкай. Грудзі хрумснулі аб халодныя камяні. У дупе прыпякло. У кішэні тужліва ценькнула пляшка «Аліварыі», абачліва прыхопленая з таргачоўскага ДК.

– Стой непарушна! – шляхотны маладзён у ядвабным камзоле ўсклаў на скіргайлаву спіну цяжкую рулю аркебузы, – зараз я яго нарэшце заб’ю!

Паэт палахліва ўцягнуў голаў у плечы і неўпрыкмет глянуў наніз. Агрэсіўныя дзецюкі ўжо абклалі жаночы кляштар. Правадыр у рагатым шаломе з энтузіязмам караскаўся па хісткіх драбінах. Следам з юрлівым мэканнем сунулася зграя п’яных хаўруснікаў.

– Пэўна, усіх рымскіх курваў яны ўжо перадушылі, і таму ўзяліся за Хрыстовых нявестаў, – аркебузер ззаду Скіргайлы рашуча скіраваў рулю на драбіны, прыстаўленыя да кляштарнай сцяны. – І адно быдла, быдла навокал… У які змрочны час мне даводзіцца жыць! Ну чаму я не нарадзіўся за часамі якога-небудзь Марка Аўрэлія?

На замкавы зубец лёг выразна акрэслены цень. Адраджэнец, па-ранейшаму стоячы рачкі, асцярожна скасавурыўся на сухенькага дзядка са срэбнай барадой. Доўгі барвовы плашч прыкрываў кволую постаць. Вытанчаная рука ўпэўнена сціскала высокі посах. Залаты пярсцёнак мігцеў у цемры чароўнай знічкай.

– Месір, пэўна, забыўся, што горад Святога Пятра насяляюць не толькі грэшныя сін’ярыты і Боскія служкі, – аўтарытэтна абверг стары. – Не перавяліся яшчэ і высакародныя адраджэнцы!

– А нягож, не! – паспрабаваў уклініцца ў дыспут Скіргайла, але трапны ўдар па дупе прымусіў яго зноў стаць рачкі.

– Большасць высакародных адраджэнцаў сканала ў вендэтах, – у голасе аркебузера напяліся і зазвінелі драматычныя струны. – Ацалелыя прафукалі свой Рэнесанс за спрэчкамі і п’янкамі. А тыя адраджэнцы, каторыя могуць яшчэ пахваліцца рэшткамі розуму, паводзяць сабе нават горш за грэшных сін’ярытаў. З тае прычыны нашым краем і апанавала рагатае быдла… Але ж адкуль яго столькі бярэцца?!

– Быдлам не нараджаюцца, а становяцца, – са стомленай посмешкай патлумачыў срэбнабароды. – Але ж быдлізацыя людзей адбываецца неверагодна хутка. Як толькі чалавек перастае самастойна думаць, у яго неадкладна адрастаюць рогі, а мозг адпаведна змяншаецца ў аб’ёме. Неўзабаве рагаты існуе адно на рэфлексах, а таму перастае ўсведамляць гісторыю, культуру, мастацтва, паэзію, адукацыю, пісьменнасць і нават гігіену. Мова яму таксама непатрэбная; дастаткова выклічнікаў, жэстаў і мацюгоў. Праз пэўны час быдла збіваецца ў статак, каб мэкаць ва ўнісон і грызці агульныя ночвы. Але ж кожны рагаты статак рана ці позна ўпадабае Казёл і павядзе яго ў пекла…

– І такіх – цэлы народ! – пыхліва нагадаў маладзён у ядвабным камзоле.

Скіргайла салідарна залыпаў рахманымі, бы ў цяляці, вачыма; маўляў, і з нашым тупарылым быдлячым народам Казла ніколі не зрынуць! Аднак выказаць рэспект і ўважуху не выпадала: аркебузная руля прыціскала адраджэнскую спіну, бы тая чыгуначная рэйка.

– Але хто сказаў, што народ заўжды мае рацыю? – ласкава запярэчыў дзядок.

– Усе так кажуць! Вось і некаторыя адраджэнцы…

– Калі Збаўца ўязджаў у Іерусалім, народ радасна вітаў яго пальмавымі галінкамі. Неўзабаве той жа самы народ лямантаваў «Укрыжуй Яго!» На быдлярства можа захварэць хто заўгодна… Нават цэлы народ! Але і ад гэтай хваробы можна і варта пазбавіцца. Трэба толькі навучыцца думаць і паважаць саміх сябе. І калі самае зацятае быдла нарэшце ўсвядоміць сябе людзьмі, то неадкладна скіне рогі і вырачацца свайго казла…

– Як той казаў, раней каменны анёл Сан-Анджэла ўздымецца ў нябёсы, чым мы дажывем да гэтай светлай часіны! – скептычна азваўся аркебузер у ядвабным камзоле.

Тым часам штурм жаноцкага кляштара працягваўся. Фацат у нялюдскім шаломе дасягнуў другога паверха, з асалодай высадзіў вітраж і пераможна мацюгнуўся.

Рука з мігатлівым пярсцёнкам уладарна прыўзнялася над зубцом.

– Калі месір не будзе такім гаваркім, то першым да тае часіны не дажыве іх правадыр! – дзядок з нечаканым азартам перажагнаў аркебузу. – Страляйце ж, слынны адраджэнец! І, клянуся Целам Хрыстовым, зараз на аднаго казла ў свеце паменее!

Па-над самым скіргайлавым вухам цяжка грымнула – паэт злякана ўцягнуў голаў у плечы. Раскудлачаны пыж пакружляў у начным паветры і паволі паляцеў з бастыёну. Рагаты паскуднік цяжка пахіснуўся ў асветленым акне і навярнуўся. Бразгат латаў давёў, што цела дасягнула бруку. П’яныя хаўруснікі, пазбаўленыя правадыра, бязладна пасунуліся за Тыбр.

Цяжкая руля нарэшце паднялася ад паэтавай спіной. Адраджэнец ганарліва выпрастаўся і, шліфуючы ў галаве прывітальную фразу, павярнуўся да шаноўнага спадарства. Але прадставіцца так і не паспеў: брутальны ўдар шляхотнага бота адкінуў яго далёка ўбок, і паэт зацкаваным кацянём слізгануў за мураваны зубец.

Пякучая крыўда душыла Скіргайлу. Роля падстаўкі для аркебузы, хай нават і адраджэнскай, падавалася відавочна ганебнай. Ён ужо сабраўся было выказацца з гэтай нагоды з імпэтам і ад душы, але рэпліка аркебузера прымусіла неадкладна забыцца на ўсе знявагі.

– Ваша Свяцейшаства, а чаму мы, маючы ў Сан-Анджэла найвялікшую зброю цывілізаванага свету, мусім карыстацца прымітыўнымі бамбардамі, арбалетамі і аркебузамі? Дастаткова аднаго толькі руху, і…

Каламутны маладзік зваліўся за зрэз хмараў. На фартэцыю насунуліся вільготныя начныя цені. Паэт нашаторыў вушы, напружыўся і завібраваў.

– Пра тое, што Дзіда Лангіна ў Сан-Анджэла, ведаем толькі мы з вамі! – дзядок у барвовым плашчы паглядзеў на аркебузера з нечаканай суворасцю. – Дробнага ўрода пад увагу не бярэм… Гэта яшчэ не адраджэнец. У адрозненне ад тых, хто са зброяй у руках бароніць святыню. Але мне зусім не хочацца, каб нашыя аркебузеры, арбалетчыкі і бамбардзіры дазналіся пра суперзброю. Інакш яны забудуцца на свае абавязкі, спадзеючыся адно на Дзіду. Нашто ўводзіць іх у спакусу?

– Менавіта таму Ваша Свяцейшаства і замовілі мне выштукаваць копію?

– Падробку, – спагадліва паправіў срэбнабароды. – Падробкі заўсёды лепшыя за арыгіналы. Іх ствараюць па пэўных замовах для канкрэтных нагодаў, а таму яны вызначаюцца дакладнасцю і выключаюць двухсэнсоўныя тлумачэнні. Падробка застанецца тут… А праўдзівую Дзіду Лангіна мы пераправім у такое месца, дзе ніякае быдла не здагадаецца яе нават шукаць.

– Ці далёка?

– На самы скрай цывілізаванага свету, – стары сцішыў голас да змоўніцкага шэпту. – Увесь час забываюся, як тая зямля завецца… Ці тое Сарматыя, ці тое Літва. На беразе Барысфена стаіць нейкі Таргачоў, уладарніцтва пляменніцы слыннага міланскага герцага Людовіка. Аўгусцейшая Бона Сфорца д’Арагона, жонка тамтэйшага караля Жыгімонта – мая кузіна.

– Няўжо ў гэтай дзікунскай краіне таксама вядуцца нейкія адраджэнцы? – не паверыў маладзён у ядвабным камзоле.

– І нават свядомыя! Яны і ўратуюць святыню. Галоўнае цяпер – незаўважна для ўсіх пераправіць Дзіду туды.

– Але ж місія цалкам невыканальная! Наша фартэцыя ў шчыльнае аблозе.

Дзядок задуменна паглядзеў на каменнага анёла. Доўгі меч пагрозліва блішчэў у святле паходняў. Жалезныя крылы выразна акрэсліваліся на тле глыбокага зорнага космасу.

– Мой нунцый Францыск Гастэла здолее выканаць і не такі загад, – загадкава патлумачыў срэбнабароды. – Нунцый – таксама адраджэнец?

– Ён пакляўся мне ў вернасці на Мадоне Рафаэля! А цяпер, месір Бенвенута, я хацеў бы паглядзець на выштукаваную вамі падробку.

Крокі і словы сцішыліся ў замкавай анфіладзе. Скіргайла нясмела выбраўся з-за каменнага зубца. Зрок, слых і розум відавочна не маглі сінхранізаваць атрыманую інфармацыю. Малады спецыяліст намацаў у кішэні пляшку «Аліварыі», і гэта крыху замірыла яго з рэчаіснасцю.

З цемры бліснула вытанчаная лытка, аблітая клятчастым капронам.

– Спадар Скіргайла нечым незадаволены? – зацурчэў зманлівы, бы ў русалкі, голас.

– А чаму гэтыя фацаты называлі мяне, адраджэнскага паэта, дробным уродам? – Скіргайла нервова каўтануў з рыльца.

– Таму што ты насамрэч і ёсць дробны ўрод! – сінявокая брыгітка эфектным рухам паднесла да скіргайлавага твара люстэрка.

Адраджэнец глянуў і скамянеў у паралюшы. Мозг актыўна адмаўляўся ўсвядоміць інфармацыю, баронячы крохкі розум…

Са срэбнага прамакутніка на Скіргайлу глядзеў сумны карлік у блазенскім каўпаку з бліскучымі шархунамі – рыхтык, джокер са старасвецкай картачнай калоды.

Доўгі хвост з дагледжаным пэндзлікам зашархацеў пергаментам з адбіткам казлінага капыта.

– Чытай сам. Згодна «Кантракту на запродаж душы», ты – дробны паплечнік вялікага адраджэнца, – пякельная прыгажуня вяла сваю лінію з прагматычнасцю бульбакапалкі. – Твой гаспадар – месір Бенвенута Чаліні, адраджэнскі тытан, ювелір, штукар і бамбардыр. А ягоны нядаўні суразмоўца, срэбнабароды дзядок з высокім посахам – Папеж Клімент VII з роду Медычаў, праўдзівы сваяк каралевы Боны з роду Сфорцаў. Дзіда Лангіна ўсё яшчэ тут, у Сан-Анджэла. Але завалодаць ёй можна толькі ў тваім цяперашнім абліччы…

Скіргайла мужна праглынуў слёзы.

– І я магу здабыць суперзброю для Беларусі? – самааддана запытаўся ён.

– З маёй дапамогай. Слухай і запамінай…

Халодны змрок канчаткова апанаваў Вечным Горадам. Нізкія хмары паволі ахутвалі замак Сан-Анджала. І толькі каменны анёл-абаронца ганарліва прастаў крылы па-над фартэцыяй, і яго доўгі меч пранізліва залаціўся ў зманлівым месяцовым святле.

Тэорыя змовы

Подняться наверх