Читать книгу Тэорыя змовы - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 7
Частка першая. Фетышыст
4
Оглавление– …а за «казла» адкажаш! І за зрыў мерапрыемства! І за ўсё астатняе!.. – гупаў Качан у дзверы скіргайлавага пакойчыка.
– Ну, чаго табе яшчэ трэба? – цяжка сіпела Манда Іванаўна. – Працай забяспечаны. Жытлом таксама. Вуліцы чыстыя. Батарэі гарачыя. Ёсць нават шанец што-небудзь у «Суперлато» выйграць!
Адраджэнец нервова каўтаў піва, лыпаў на дзверы рахманымі, бы ў цяляці, вачыма і прыкідаў наступствы паэтычнай чытанкі.
Наступствы паабяцалі неадкладна.
– … ведаеш, чым такія, як ты, канчаюць? – грымнуў старшыня выканкама. – Турмой! А пятнаццаць сутак ты ўжо зарабіў!
– … хочаш па-беларуску гаварыць? Калі ласка, гэта ж не забаронена! – памяркоўна дэкларавала загадчыца Дома Культуры. – Але ж нашто нашым людзям свята паганіць?
Скіргайла шморгнуў носам і незалежна выпрастаў спіну.
– «…хай пачуюць, як сэрца начамі аб радзімай старонцы баліць!..» – не ўтрымаўся ад пафаснага шэпту.
Качан з Мандой Іванаўнай яшчэ крыху патаўкліся за дзвярыма. Першы цікавіўся наяўнасцю ў Скіргайлы мазгоў, патрыятызму, сумлення і жадання жыць, як усе нармальныя людзі. Другая спрабавала вытлумачыць нястачу ўсіх гэтых якасцяў выключна несвядомасцю і маладосцю.
– Ён жа нацыяналізмам атручаны! – абураўся старшыня выканкама.
– Нічога, знойдзем супрацьяддзе! – супакойвала загадчыца Дома Культуры.
Галасы падазрона хутка сцішыліся. Нанізе бразнулі дзверы – старажытная кераміка на паліцы і пустыя бутэлькі на падвоканні азваліся тужлівым ценьканнем. Малады спецыяліст дажлукціў пляшку, адкаркаваў наступную і ўключыў ноутбук. Змоўніцкі скавытнуў вінчэсцер. Лёгкі подых кулера зварухнуў на сцяне выявы Вітаўта Вялікага, Канстанціна Астрожскага, Станіслава Булак-Балаховіча і іншых герояў адраджэнскай міфалогіі. У чарупіне, што бялела за лядоўняй, з кулямётным грукатам закалаціўся скручаны кран.
Ноутбук загрузіўся. Паэт блазнавата пасміхнуўся, заканэкціўся ў Сеціва і зайшоў на ўлюбёны рэсурс – www.ZalatyViek.vkl. Сайт гэты, змайстрачаны нейкім ананімным web-адраджэнцам, уражваў звышпрасунутай трохмернай графікай. Сярод лічбавых замкаў, ратушаў і бажніцаў блукалі шляхотныя маршалкі і вытанчаныя князёўны, мужныя ваяры і патрыятычныя ваўкалакі. Малады спецыяліст уцякаў сюды ці не штодня, каб адпачыць душою і целам.
На маніторы разгарнулася анімацыйная застаўка: геральдычны вершнік лунае на тле сцяга адпаведных колераў і памераў.
– Рэзервацыя… Гета… Проста Лукішкі нейкія… І адно быдла, быдла навокал!.. – дэпрэсіўна прашаптаў Скіргайла, але праз хвіліну забыўся на сваю крыўду; ён ужо перасяліўся ў ВКЛ.
Сінтэтычны голас у дынаміках пафасна абвесціў:
– ВКЛ у Еўропу! Жыве Беларусь!
Нечакана з-за дзвярэй данеслася:
– Ну, а што я гаварыў? Там ён! Усе чулі антыдзяржаўныя лозунгі? Скіргайла, адчыняй неадкладна! Не хочаш? Іванаўна, давай сюды слесара і ўчастковага. А я папільную, каб не ўцёк…
– Вось ты і дагуляўся… Вязень сумлення! – уздыхнула загадчыца ДК і паслухмяна зацокала абцасамі.
Маладзён уцягнуў голаў у плечы.
– І дзе я жыву! – з надрыўным трагізмам выдыхнуў ён. – Ну чаму я не нарадзіўся за часамі якога-небудзь Жыгімонта! Я б усё аддаў, каб жыць не ў цяперашнім быдлячым часе, а ў…
І тут над скіргайлавым вухам зацурчэў зманлівы, бы ў русалкі голас:
– Яснавяльможны спадар Скіргайла сапраўды гэтага хоча?
Лоб спадара імгненна спатнеў. Міжволі падумалася пра вышэйшыя сілы, паранармальныя з’явы, матэрыялізацыю волі і перамогу цуду над розумам.
Паэт адставіў пляшку і здзіўлена зірнуў у інтэрфэйс: – Няўжо, нарэшце на вышэйшы ўзровень выбіўся?
– Пакуль ты адраджэнец найніжэйшага ўзроўню, але з маёй дапамогай…
– шматабяцальна прагучала над другім вухам.
– Здаецца, і не зашмат выпіў сёння… – прашапталі засмяглыя вусны.
Скіргайла зазірнуў пад стол, за лядоўню, у чарупіну і нават уліп вокам у рыльца пустой бутэлькі.
Калі ж ён узняў вочы, то пабачыў перад сабой незнаёмую панначку. Чорныя прамяні зіхцелі у гламурнай фрызуры. Клятчастыя калготкі аблівалі літыя ногі. Гострыя цыцкі выторкваліся з-пад паўпразрыстай блузкі сярэднявечнымі сценабітнымі таранамі. Незнаёмка глядзелася ў інтэр’еры пакойчыка так жа недарэчна, як карона Вітаўта Вялікага на галаве старшыні райвыканкама.
Паэтаў твар застыў у рэжыме стоп-кадра.
– Пі… пі… – хліпнуў ён горлам.
– Піва? – незнаёмка па-шалберску выцягнула з-пад скураной спадніцы пляшку «Аліварыі».
Нафарбаваны пазногаць лоўка шпокнуў коркам. Красуня гарэзліва падняла павекі, і яе сінія вочы заззялі спагадай і ласкай. – Часу на роздум – шэсць з паловай хвілінаў. За гэты час ты мусіш выслухаць маю прапанову і даць адказ.
Скіргайла механічна каўтануў з рыльца – рэл’ефны кадык таргануўся над футболкай з экстрэмісцкім надпісам.
– Спадарыня… не ведаю, як вас зваць… па маю душу?.. Адтуль, з «ВКЛ»?
– Хай спадар не крыўдуе, але структура, якую я маю гонар прадстаўляць, нашмат мацнейшая. Падрабязнасці крыху пазней. Неўзабаве Манда Іванаўна дабудзіцца слесара і прывядзе яго сюды.
Пякельная красуня выцягнула з-пад прыполу доўгі хвост з эстэтным бухматым пэндзлікам. На стале зашаграцеў пергаментны аркуш з адбіткам казлінага капыта.
– «Кантракт на запродаж душы» – прачытаў Скіргайла, ушчыкнуў сябе за шчаку і чужым сіплым голасам удакладніў: – А што ўзамен?
– Тое, пра што мроіш: апынешся не ў цяперашнім быдлячым часе… Са свайго боку гарантую, – прафесійнай скарагаворкай менеджэркі пасыпала хвастатая панначка, – па-першае, магчымасць пакласці жыццё за Беларусь… а калі не, дык хаця б моцна яго скалечыць. Па-другое, шанец змяніць гістарычны шлях Бацькаўшчыны на свой розум.
Адраджэнец імгненна ўявіў сябе ў Віленскім замку, з гетманскай булавой у правай руцэ і скарынаўскай Бібліяй – у левай. Запродаж душы не падаўся яму празмернай платай за падобную перспектыву.
– Перакідацца ў вялікіх князёў, канцлераў, гетманаў, маршалкаў і гуманістаў катэгарычна забаронена, – ласкава папярэдзіла пякельная прыгажуня. – Але ў іх памагатых – калі ласка! Дык кім бы спадар Скіргайла хацеў стаць?
– Ну… тады паплечнікам якога-небудзь тытана Адраджэння! – апошняе слова паэт вымавіў з вялікай літары. – Падобных вакансій мала.
– Хаця б самым дробненькім! – прашаптаў маладзён умольна.
– Дробненькім паплечнікам якога-небудзь вялікага адраджэнца? А вось гэта можна! – нечакана дазволіла сінявокая. – Раю адразу вызначыцца з мэтай.
У скіргайлавым мазгу нібы ўспыхнуў бікфордаў шнур, і фантанчык жарынак папоўз да дэтанатара. Паэт з асалодай прымружыўся, нібы цэліў праз снайперскую оптыку…
– Толькі не гэта! – энергічна запярэчыла красуня. – Я ведаю, чаго хочуць такія, як ты. Зрабіць аборт маці Івана Жахлівага. Павесіць генерал-губернатара Мураўёва. Як мінімум, перадушыць усіх цыганоў на Шклоўшчыне… Жаданні ўхвальныя, але не глабальныя. Ёсць вечныя святыні.
– Мова? Сымболіка? Жыве Беларусь? – аўтаматычна вылецела са Скіргайлы.
Панначка выразна агледзела пакойчык, аздоблены, рыхтык кабіна нацыяналіста-дальнабойшчыка. Ад сцяжкоў, гербаў, вымпелаў і партрэтаў стракацела ўваччу.
– Для цябе і табе падобных галоўнае – лозунг, эмблема, цытата. Карацей – фетыш… І сымбаль твой – забыты краю родны.
– А нягож не! – паэт дурнавата хаўкнуў пашчэнкай.
Незнаёмка беспардонна села на стол побач з ноутбукам і матлянула хвастом. Скіргайла неўпрыкмет слізгануў позіркам па ладных нагах у клятчастых калготках і пачырванеў. Хаця ён днямі і напісаў пранікнёны эратычны трыялет, але ж у душы заставаўся цнатлівым і несапсаваным маладзёнам.
– Ты чуў калі-небудзь пра Дзіду Лангіна? – з інтанацыямі спагадлівага следчага запыталася панначка. – Пра дзіду, якой рымскі цэнтурыён Гай Касій Лангін вызваліў на Галгофе ад пакутаў Збаўцу?
– Найвялікшая суперзброя цывілізаванага свету? – уразіўся адукаваны адраджэнец. – Дзіда, якая потым належала Язэпу Арымафейскаму, Святому Маўрыкію, рымскаму імператару Канстанціну, бізантыйскаму Юстыніяну, уладару франкаў Карлу Вялікаму… ды іншым славутым героям?
– Усе гэтыя героі, маючы найвялікшую суперзброю цывілізаванага свету, разбівалі ворагаў ушчэнт! – падступна нагадала красуня.
– І што, я буду мець шанец здабыць яе і… пазабіваць усіх ворагаў беларушчыны?
– Гарантую.
Сапсаваны кран манатонна цурболіў у чарупіну. Уладары Вялікага Княства, асветнікі, святыя і інсургенты маркотна глядзелі з пацвілых сценаў. Бікфордаў шнур дагарэў – у скіргайлавых мазгах выбухнула:
– Згодны!
– А гвалту мы дамо адпор! – панначка па-сяброўску абняла Скіргайлу.
Ад замочнай адтуліны данеслася зайздроснае шморганне.
– Вы толькі гляньце на яго! – прасіпеў Качан. – Ужо якуюсь дзеўку ў свой прытон зацягнуў… А што будзе, калі гэтыя нацыяналісты да ўлады дапнуцца? Прададуць нашу Сінявокую! Іванаўна, ну дзе ты там?!
У наманікюраных пальцах панначкі халодна бліснула тонкая голка.
– Я сама разумею, што гэта – сярэднявечнае цемрашальства, – сінявокая рухам амбулаторнай медсястры накалола палец Скіргайлы. – Але што паробіш – традыцыя…
Чырвоная кропля расплылася на пергаменце нязграбным павучком. Адраджэнец падзьмухаў на палец.
– Толькі, каб нашыя беларускія літаратары пра кантракт не дазналіся… А то потым у сваіх LiveJournal панапісваюць: маўляў, спадар Скіргайла замест таго, каб паэму пра Ефрасінню Полацкую пісаць, душу нячысцікам запрадаў…
– Гарантую абсалютную канфідэнцыяльнасць, – панначка абярэжна скруціла пергамент хвастом і сунула пад спадніцу. – А калі потым і дазнаюцца… будуць адно шалёна зайздросціць! Ведаю я тых беларускіх літаратараў!
Па той бок дзвярэй пранізліва завішчала дрыль. Свярдзёлак бязлітасна знявечыў замок. На падлогу пасыпаліся трэскі.
Красуня хіжа ўхапіла паэтаву руку і позіркам паказала на манітор з вершнікам:
– Мо, панясліся?
Прасвідраваны замок хрумснуў і дзінькнуў на падлогу. Качан з Мандой Іванаўнай застылі ў парозе з вылупленымі вачыма і разяўленымі ратамі…
Зламысны адраджэнец паволі распускаўся на дым. Ноутбук, бы той пыласос, усмоктваў імклівы струменчык. Раптам з кампутара выткнулася худая рука з бел-чырвона-белай бранзалеткай, схапіла пляшку «Аліварыі» і здзекліва растала на тле экрана. Нетутэйшая прашмандоўка ўвішна падхапіла ноутбук і знікла з ім у чарупіне. Вадаправодныя трубы азваліся кароткім стэрэафанічным рохканнем.
– Ні х-х-храна сабе… – толькі і здолеў вымавіць выканкамаўскі старшыня.