Читать книгу Тэорыя змовы - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 12

Частка першая. Фетышыст
9

Оглавление

Аўтапеленгатар з чужынскімі нумарамі сунуўся па шашы з запаволенасцю падбітага танка. Валасатыя рукі прапаршчыка Макрухі няўпэўнена круцілі руль. Капітан Капейкін гучна сёрбаў расол. Заціснутая паміж вайскоўцамі загадчыца Дома Культуры далікатна шаргацела дарожным атласам.

– Ну, і далёка яшчэ? – прасіпеў кіроўца.

Манда Іванаўна правяла пазногцем па мапе.

– Кіламетраў дваццаць. Але можна па прасёлку скасціць… З’езд ву-унь за той вёскай.

На ростанях фургон газануў ядучым выхлапам, важка з’ехаў з асфальту і хіснуўся на рыпучых рэсорах. Капейкін збляднеў, што тая спірахета, і схапіўся за жывот – відавочна, у ім распачаліся некіруемыя хімічныя працэсы.

– Макруха, спыніся, бля, спыніся! – афіцэр штурхануў двёркі, скочыў на зямлю і ледзь паспеў схіліць голаў.

Перасычаны армейскім досведам прапаршчык ніяк не зрэагаваў на пакуты камандзіра. А вось загадчыца Дома Культуры не стрывала.

– Можа, актываванага вугалю? – спачувальна прапанавала яна, рэагуючы больш на гук, чым на карцінку. – У аптэчцы, напэўна, ёсць.

– Пі-іва бы… – Капейкін выцер слізкае падбароддзе рукавом камуфляжа.

– Не ўратуе, – дасведчана прыкінуў Макруха. – Трэба грамаў трыста засадзіць. А то і ўсе трыста пяцьдзесят.

– Нельга ані таго, ані другога! – Манда Іванаўна выбралася з фургона і далікатна зарыентавала пакутніка да расчыненых дзвёрак. – Наш вядзьмак п’яных на дух не зносіць! Адразу за парог выставіць…

– Што ж за жыццё такое пайшло! – капітан трагічна абхапіў голаў. – Куды ні кінь – поўны пісец! Выпіваць нельга. Расею прадалі. Жонка – дура. Дачка – шкура…

– Іншародцы паўсюдна, – падказаў прапаршчык.

– …і апаратура дагэтуль не аджыла! – афіцэр мудрагеліста мацюгнуўся. – А ўсё з-за таго натаўскага метыярыта.

Электроніка на вайсковай базе «Волга-Волга» не працавала ўжо другія суткі, хаця капітан Капейкін рабіў усё, што ўмеў. Спярша сумленна павяртаў на месцы скрадзеныя дэталі. Потым ляснуў па галоўным пульце кавадлам. Пасля выклікаў слесара з таргачоўскага Дому Быту. Але ўсё было дарэмна. Зрэшты, афіцэр меў у запасе яшчэ колькі варыянтаў вырашэння праблемы. Аднак першыя супярэчылі Статуту каравульнай службы, другія гарантавалі непапраўную шкоду здароў’ю, а трэція былі невыканальныя з прычыны абсалютнага вычварэнства.

Прапаршчык Макруха паглядзеў на капітана Капейкіна, пахмяліўся, пагартаў сакрэтныя дакументы, распачаў новую пляшку, агледзеўся, намысліўся, напружыўся, перахрысціўся на антэны і прыйшоў да высновы: усё гэта – інтрыгі мясцовых нячысцікаў, а таму рады можа даць адно аўтарытэтны вядзьмак. Загадчыца Дома Культуры бескарысліва ўзялася паказаць дарогу да тутэйшага варажбіта…

Аўтапеленгатар калываў уздоўж жытнёвага поля. Дзень плавіўся і плыў. Жалезны кодаб накаляўся. У задушлівым салоне лунаў ядучы перагарны смурод.

– Разумею вас, браты-славяне, – спагадліва пракаментавала Манда Іванаўна. – Раз-пораз і выпіць трэба, служба ж цяжкая. Начныя вахты, бяссонныя ночы. Але ў гэтым ёсць і свая прыгажосць! – Наша агульная Расея-матушка багатая на розныя прыгажосці, – сухім горлам засведчыў прапаршчык. – Як той казаў – «прыгажосць уратуе свет!»

– Масавыя расстрэлы ўратуюць свет! – млява ўдакладніў Капейкін. – Мне гэтая служба ўжо во-сь дзе стаіць!

– Ну як жа так можна! – шчыра абурылася Манда Іванаўна. – Навошта вы, таварыш капітан, тут мірнае славянскае неба бароніце? Каб спакойна жылі вашы бацькі на радзіме пад Кастрамой!

– Ды ну яе на хер! – сардэчна адрэагаваў таварыш капітан. – Быў я летась у той вёсцы пад Каатрамой, уцёк праз два дні. Туды аўталаўка раз на месяц прыязджае.

Манда Іванаўна зірнула на Капейкіна непрыязна і падабралася. Вандроўка пачынала яе гнясці.

– Дэпрэсія… – спагадліва скаментаваў Макруха. – А ты, Манда, слушна разважаеш: «ёсць такая прафесія – Радзіму бараніць!» Я вось днямі патрыятычны серыял глядзеў, «Дзяцінства Кутузава» называецца. Пайшлі яны, значыцца, з Суворавым пасля школы Лобным месцам палюбавацца. Сувораў захацеў яшчэ і з Цар-Пушкі пастраляць, а Кутузаў у родную казарму пасунуўся. Па дарозе пераняў яго адзін Абрам: маўляў, пакажы нам з Сарай дарогу да вашай найгалоўнай вайсковай таямніцы – Града Кіцежа! Кутузаў, як і мае быць, яго херамі абклаў, дык пейсаты яму за гэта вока выбіў. Каб Сувораў не прыбег – і другое б высадзіў!..

Капейкін асцярожна памацаў пячонку праз камуфляванае «хэ-бэ».

– Як не запрацуе на «Волзе-Волзе» электроніка – нас з табою замест Града Кіцежа на Востраў Сахалін служыць выправяць! А туды баржа раз на квартал прыходзіць…

– А як тэрарыста з натаўскага спадарожніка адловім – можа, і медалём узнагародзяць! – падсаладзіў Макруха.

Па лабавым шкле захвастала хвоя. Пад коламі зачвякала. Дарога ішла праз багністы гушчар. Абапал цямнелі волаты-валуны, парослыя пяшчотным смарагдавым мохам. Праз адчынены люк пацягнула цвіллю, і ў салоне зрабілася цёмна і няўтульна.

– Мне вось Качан расказваў, – прыгадаў Капейкін, – нібыта тут нейкая балотная выспа-пагорак ёсць, на каторай пасля вайны недабітыя паліцаі на конях хаваліся. Ну, Каліноўскія там, Булак-Балаховічы розныя…

– А ты ведаеш, якія ў іх сапраўдныя прозвішчы? – грэбліва скрывіў вусны Макруха. – Думаеш, у гэтых бульбашоў-калгаснікаў нейкая гісторыя ёсць?

За паваротам адкрылася паляна, асветленая касымі сонечнымі промнямі. Манда Іванаўна глянула наўпрост, напружылася і завібравала: на пагорку высіўся дзіўны вершнік на сівым кані. На тле травеньскага блакіту выразна прамаляваўся мужны профіль, зрэзаны шырокім каўбойскім стэтсанам.

Знянацку ад гушчара пранізліва мэкнула. Ельнік зварухнуўся, нешта чорнае і бухматае злякана скочыла з-за грувасткага валуна. Конь прыўзняўся на дыбкі, вершнік спрактыкавана ўскінуў абрэз.

На нялюдскае гергетанне наклаўся халодны металёвы барытон:

– Трымай, жывёла!

Гудкі дубальтовы стрэл скаціўся ў лагчыну. Парнакапытны завішчаў, бы свінчо, якому адсеклі вуха, і кінуўся ў балотную нізіну. Лясны стралок рушыў наўздагон – прыкметны капялюш замільгаў у лясным лабірынце.

Капітан Капейкін адрэагаваў імгненна.

– Заакіянскі каўбой! – радасна выгукнуў ён. – Фраер са спадарожніка!

– Бей жыдоў, ратуй Расію! – Макруха сутаргова расшпіліў кабуру з «макаравым».

– Адставіць! – трыбунальскім голасам асадзіў афіцэр. – Натаўца браць толькі жыўцом!

Загадчыца Дома Культуры палахліва заплюшчыла вочы. Калі яна зноў глянула праз лабавое шкло, то агаломшана хаўкнула. Прастора паплыла хвалямі, бы міраж, з нябёсаў пяшчотна заспявалі лютні і віёлы да гамба…

На чорна-зялёным тле ельніку невядома адкуль з’явілася пуцаценькае немаўля. Яно няўпэўнена стаяла пасярэдзіне прасёлка і загадкава пасміхалася. Прапаршчык таргануў рычаг скрыні бегаў. Скрыгатнула трансмісія, і аўтапеленгатар хіжа пасунуўся проста на дзіцятка.

– Макруха, спыніцеся! – жахнулася Іванаўна. – Малое ж задавіце!

Афіцэр болеча адштурхнуў кабету локцем. Кіроўца азартна ціскануў на газ. Аўтапеленгатар сунуўся па прасёлку з няўмольнасцю танка. Пуцаценькі нават не зварухнуўся – толькі прыкрыў ружовай далонькай вочы…

Тэорыя змовы

Подняться наверх