Читать книгу Тэорыя змовы - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 11
Частка першая. Фетышыст
8
ОглавлениеПа балотнай выспе блукалі прывідныя цені. Сярод сухіх чаратоў змоўніцкі паблісквалі чортавы вокны. Раскрыты ноутбук таямніча свяціўся на ўломках валуна. Седзячы ў паходным фатэльчыку, Казёл узбуджана сукаў капытамі і пытальна паглядаў на Прашмандоўку.
Сінія вочы агенткі выяўлялі веліч місіі. Упэўнены позірк слізгануў па ноутбуку, прайшоўся па сцяне чаратоў і нарэшце спыніўся на пуцаценькім, які ціхамірна спаў сярод балотнай флоры. На твары красуні выявілася нечаканая сентыментальнасць, якая змянілася дакорлівым: «Ну, ты і Ірад…»
Парнакапытны раздражнёна затрос барадой. У змрочных шкляных вачах неадкладна адбіўся адказ: «Калі Дзіда Лангіна патрапіць у мае капыты – выпрабаваць суперзброю мажліва толькі на ім!»
Твар пякельнай прыгажуні імгненна замкнуўся. Яна падабрала хвост, схілілася над ноутбукам і індэферэнтна зашчоўкала клавішамі.
Чорны манітор выбухнуў урачыстымі зоркамі салюту. Феерверк шаргацеў, сіпеў і раскручваўся вогненымі спіралямі. Агні паволі згасалі, і на экране праяўлялася рамантычная карціна адраджэнскага замка.
Магутныя вежы ўпэўнена падпіралі зорнае неба. З асветленых галерэй рэнесанснага дворыка ліліся чароўныя гукі лютняў і віёлаў да гамба. Шляхотныя кавалеры гжэчна танчылі сарабанду з прыўкраснымі паненкамі. Непадалёк меладычна цурчэў фантан, за якім узвышаліся накрытыя сталы. Зухаватыя выганоўцы-засцянкоўцы, падперазаныя паясамі з цяжкімі дзедаўскімі шаблямі, апетытна прыкладаліся да чарак, кілішкаў, бутэлек і нават жбаноў. Колькі стомленых і ўчадзелых ужо адпачывалі каля фантана.
Казёл паглядзеў на Прашмандоўку трохі здзіўлена. Тая супакойліва пасміхнулася – маўляў, гэта не Батлейка і не кампутарная анімація, неўзабаве пачнецца самае цікавае. І сапраўды, не паспеў рагаты разгледзіць карцінку ў дэталях і ў сукупнасці, як з кампутарных дынамікаў данеслася ледзь улоўная акустычная вібрацыя, якая хутка разраслася ў пагрозлівы рытмічны шоргат.
Урачыста-тужлівая сарабанда зрэзалася на палове такта. Шляхотныя кавалеры, прыўкрасныя паненкі і падпітыя засцянкоўцы сінхронна залупілі бельмы ўгару. На тле цытрынавай поўні выразна акрэсліўся жахлівых памераў кажан. Пачварныя скураныя крылы са свістам праціналі паветра.
– Ні х-х-храна сабе… – уразіліся за сталамі, але не настолькі, каб кінуць выпіваць. Кажан імкліва набліжаўся да замка. Між зубцоў данжона трывожна бліснуў шалом, і каралеўскі найміт-прусак хрыпла загарлаў:
– Ахтунг, ахтунг! У небе Гастэла!
Паветраны падарожнік віртуозна абмінуў недабудаваную касцельную вежу з бляшаным флюгерам-анёлкам, важка спланіраваў у дворык і паставіў на парапет фантана вялізны куфар з прасвідраванымі дзіркамі і абабітымі срэбрам вугламі.
Кампутарны экран паслужліва даў буйны план нябеснага госця. Гэта быў шляхотны фацат у доўгім дарожным плашчы. З-за пояса шматзначна выторкваўся стылет. Меланхалійнасць твару сведчыла пра гатоўнасць ахвярна змагацца за высокія адраджэнскія ідэалы.
– Гэта Сарматыя? Апошні фарпост цывілізаванага свету? – спраўдзіў лятун.
– А то! Вялікае Княства! – прагучала імпэтнае ўдакладненне ад фантана.
– Тады маю гонар назвацца, – госць стомлена склаў за спінай гіганцкія скураныя крылы, – я – месір Францыск Гастэла, нунцый Яго Свяцейшаства Клімента VII.
– Нашаму госцю Франаку – наліць! – неадкладна ўзрадваліся за сталамі.
– Цяпер я бачу, што патрапіў да праўдзівых ліцвінаў! – задаволена вызначыў Гастэла.
Па каменных плітах таропка працокалі абцасы. Госці паважліва расступаліся. Бразнулі шпоры, хіснуліся плюмажы, зашамацеў аксаміт сукняў.
Нябачны цырыманімайстар з галерэяў урачыста абвесціў:
– Яе каралеўская мосць Бона са Сфорцаў!
Каралева выглядала стомленай: тонкія вусны падабраліся ў ломкую лінію, зморшчыны драматычна акрэсліліся. Відаць, жыццё на ўсходнім фарпосце цывілізацыі давалася ёй надта няпроста.
– Радая бачыць месіра Гастэлу ў слынным горадзе Таргачове, – інтэлігентна прывітала гаспадыня замка. – І хто б мог падумаць, што Яго Свяцейшаства наважыцца выправіць свайго нунцыя на крылах, змайстрачаных яшчэ старым педэрастам Леанардам?!
Нунцый неўпрыкмет агледзеў прыўкрасных паненак.
– Хай мяне запішуць у меншасць, але ж я прытрымліваюся састарэлых гетэрасексуальных поглядаў. Лепш любіць сін’ярыт, і пажадана – розных!
– Але ж, самі бачыце, некаторыя вынаходлівыя вычварэнцы здольныя прыносіць карысць! – ласкава запярэчыла Бона. – Не трэба быць такім катэгарычным гамафобам, шаноўны месір. Вы проста яшчэ занадта малады і зялёны.
– Лепш быць зялёным і маладым, чым старым і блакітным! – імпэтна адрэагаваў Гастэла. – Як, напрыклад, адважны бамбардыр Бенвенута Чаліні. Менавіта ён узначаліў купку гвардзейцаў, гуманістаў, дэміургаў ды іншых адраджэнцаў, якія мужна бароняць Сан-Анджэла ад рагатага быдла. Падрабязнасці гэтай абароны, як і ўсяго астатняга, можна дазнацца адсюль, – нунцый з паклонам працягнуў каралеве пергаментны скрутак. І тут куфар, што стаяў у нагах нябеснага госця, скалануўся. У прасвідраваных адтулінах напружана зыркнулі вочы, з сярэдзіны данеслася прыдушанае:
– А нягож! Вольнае паветра – адзіны шлях уратаваць святыню!
Вечка ёмістага куфра адкінулася, і на парапет жвавай малпачкай скочыў карлік у блазенскіх апранахах.
Каралева пранізліва віскнула. Паненкі злякана адступілі ў цемру. Засцянкоўцы крыху пацверазелі і сінхронна пацягнуліся да шабляў.
Дробны блазан зафіксаваў вачыма штандар з «Пагоняй», з палёгкай уздыхнуў, утаропіўся ў каралеву і пырснуў шчаслівым потам.
– Пані-спадарыня Бона? Жывая? – бліскучыя шархуны на каўпаку карліка недаверліва здрыгануліся.
– І калі ён толькі залезці паспеў? – Францыск Гастэла гідліва схапіў дробнага ўрода за каршэнь і выкінуў яго з кадра. – Мае прабачэнні, вашая каралеўская мосць! Яго Свяцейшаства, добры пантыфік Клімент VII папрасіў перахаваць да лепшых часоў у таргачоўскім замку вось гэта…
Патаемнае дно куфра ўрачыста прыўзнялося. У святле паходняў таямніча бліснула сталёвае лязо…
Знянацку экран ноутбука закрэслілі касыя палосы перашкодаў. З дынамікаў палілося мярзотнае трансфарматарнае гудзенне.
Пякельная панначка нервова матлянула хвастом. Парнакапытны брынкліва замэкаў, прыўзняўся з фатэльчыка і агледзеўся. Пуцаценькі, які толькі што салодка спаў паміж балотнай флоры, цяпер свідраваў кампутар нявіннымі валошкавымі вачыма і шкадліва пры гэтым пасміхаўся. Казёл пагрозліва прыўзняў над ім капыто, але ж у гэты час з экрана данеслася ўжо знаёмае яму конскае іржанне, у якім выяўляліся відавочна агрэсіўныя ноткі.
Экран раптоўна аджыў, і гэта прымусіла нячысцікаў забыцца на немаўля. Паводле законаў драматургічных спекуляцый, на экране адразу з’явіўся буйны план: старарымская дзіда на барвовай падушцы. Месяцовы прамень бліснуў на дзюбе пякучай знічкай, і Казёл прагна прымружыў вочы.
На выяву наклаўся ўладны голас Боны:
– Месір Гастэла мусіць засведчыць Яго Свяцейшаству: мы дбайна перахаваем Дзіду Лангіна. Але як толькі рагатае быдла адсунецца ад Рыма, мы неадкладна павернем суперзброю законным уладарам!
Казёл нецярпліва паглядзеў на Прашмандоўку: маўляў, а дзе ж цяпер твой паэт? Без гэтага ідыёта да святыні не падступіцца…
Паэтаў твар узнік у наступным кадры. Стоячы на парапеце фантана, Скіргайла неўпрыкмет касавурыўся на падушку з Дзідай, да якой можна было дацягнуцца рукой. Культавая італьянка знаходзілася на аналагічнай адлегласці. Шархуны блазенскага каўпака нервова дзінькалі: у паэце відавочна адбывалася барацьба паміж імгненнай мэтазгоднасцю і аўтарскім самалюбствам.
Як і мае быць, самалюбства перамагло.
– А можна, я вам свае адраджэнскія вершыкі пачытаю? – дрыготкім голасам прапанаваў малады спецыяліст.
Каралева Бона зірнула на паэта з прыхаванай іроніяй.
– Блазенскія вершы? Зрабі ласку…
Празрыста цурчэў фантан, і пырскі блішчэлі ў святле паходняў таямнічымі дыяментамі. Ад сталоў плыў цудоўны водар стараліцвінскіх прысмакаў.
Скіргайла адкашляўся, выцер спатнелы лоб і ганарліва выпрастаў спіну:
Як паэтычна пахне каўбаса!
Даўно грыбочкі ў бочачцы стамілісь.
А ў пляшачцы так дыхае краса,
Гарэлачка з Палесся прытаілась!
Грамада падтрымала дэкламатара ўхвальным гулам. Шляхотныя кавалеры і прыўкрасныя паненкі шматзначна перазірнуліся. Засцянкоўцы-выганоўцы голасна дэкларавалі, што такому чалавеку варта наліць.
Адраджэнскі паэт змачыў перасохлае ад хвалявання горла рэшткамі «Аліварыі» і з дакорам глянуў на Бону: маўляў, нашто ты Дзіду Лангіна павяртаць сабралася? А як жа наша шматпакутная Беларусь абароніцца ў будучым ад рагатага быдла?
І Скіргайлаў голас зазвінеў нечаканым металам:
І сала ў кмене – вуснаў прагных мэта.
І з печы хлеб, і з хрумсткай шкваркай гусь.
Калі ты млееш, слухаючы гэта,
Чаму ж ты, блядзь, не любіш Беларусь?![1]
Агні паходняў злякана здрыгануліся. У злавеснай цішы дзінькнула і сцішылася лютня.
– А хто такая «блядзь»? – цікаўна пасьміхнулася каранаваная чужаземка.
Скіргайла не стаў чакаць, пакуль прагучыць старабеларускі адпаведнік. Ён схапіў Дзіду Лангіна разам з папскай булай і на злом галавы кінуўся ў ратавальную цемру.
З данжона неадкладна данеслася каманда найміта-прусака:
– Хальт! Цурук! Хэндэ хох!
Шчоўкнуў арбалет – страла знесла блазенскі каўпак. У натоўпе пагрозліва бразнулі шаблі. Скіргайла бездапаможна азірнуўся і кінуўся да замкавай брамы, прыціскаючы да грудзей Дзіду Лангіна левай рукой, а папскую булу – правай.
Фатэльчык пад Казлом пранізліва рыпнуў – парнакапытны азартна падаўся наперад. Дужыя жоўтыя зубы нервова грызлі капыто, чорная дупа нецярпліва дрыжала. Прашмандоўка закусіла губу, замянціла хвастом і падалася да ноутбука… І толькі пуцаценькі задуменна прымружыўся.
Чароўным дукатам залацілася поўня над замкавым дворыкам, і яе зманлівае святло аблівала самотнага ўцекача, за каторым каціўся раз’юшаны натоўп. Бразгалі шпоры, рыпелі боты, і бліскучыя шаблі зухавата ўздымаліся па-над галовамі.
Скіргайла імчаў з хуткасцю сабакі, якога пераследуе зграя гіцляў. Несіметрычныя зігзагі ўцекача не пакідалі прусаку-арбалетчыку на данжоне аніякіх шанцаў. Але ж засцянкоўцы набліжаліся з нечаканым для піякаў спрытам. Маладзён удала ўхіліўся ад аднаго шляхцюка, адштурхнуў другога і баднуў галавою ў жывот трэцяга. Да замкавай брамы заставалася зусім мала, але падножка чацвёртага зваліла дробнага блазна на брук.
Гострая шабля са свістам пайшла на бездапаможнага паэта. Распластаны Скіргайла злякана заплюшчыў вочы, інстынктыўна прыкрываючыся Дзідай Лангіна…
Гартаваны клінок абрынуўся на суперзброю, але жалобна ценькнуў і шкляным дажджом абсыпаўся на брук. Шляхцюк разгублена захаўкаў, аглядаючы пусты эфес. Гэта дазволіла адраджэнцу падхапіцца і пабегчы далей.
Але час быў страчаны: у браме ўжо пашыхтавалася замкавая варта. Скрыжаваныя алебарды пагрозліва блішчэлі ў месяцовым святле.
– З дарогі! На капусту пашаткую! – дэклараваў злосны карлік, выстаўляючы перад сабой суперзброю.
Вартаўнікі, аднак, не адрэагавалі на папярэджанне. А шабельнікі ўжо набліжаліся з трох бакоў. Няпэўныя агні паходняў скакалі па скляпеннях, гудкім рэхам рассыпаліся крыкі ваяроў-загоншчыкаў.
Пастка з хрубастам зачынялася. Скіргайла замітусіўся, ліхаманкава выглядаючы, куды б схавацца… І тут начны вецер вынес з цемры бялюткае пёрка. Яно крутанулася і паволі паплыло ад брамы, нібыта паказвала шлях да паратунку. Паэт гіпнатычна зірнуў на пёрка і кінуўся следам. За спінай уцекача бразгала зброяй, тупацела абцасамі, імпэтна лаялася шляхецкая лава.
Пёрка праляцела вузкім праходам і бязважка апусцілася на высокі памост, застаўлены пузатымі бочкамі. Дубовыя плахі пругка ўгіналіся пад вінным і піўным цяжарам.
Шляхцюкі адважна наступалі паўколам, выставіўшы наперад клінкі. Шызыя і чырвоныя насы прагна шморгалі, уцягваючы чароўны водар каралеўскіх запасаў. Скіргайла скочыў на памост.
– Зловім урода, пасадзім на палю і… адсвяткуем! – данеслася ананімная прапанова знізу.
– А то! – салідарна адгукнуліся пераследнікі.
Засцянкоўцы адважна палезлі за блазнам, і драўляны пандус імгненна адгукнуўся прагным тупатам.
– А хрэн вам у вочы! – Скіргайла наваліўся плячом на бочку, і засукаў боцікамі.
Бочка цяжка зрушылася, з пагрозлівым грукатам пакацілася насустрач нападнікам, змяла з тузін шляхотных п’янтосаў і смачна вухнула ў мур. За ёй пакацілася наступная. За ёй – яшчэ адна…
Абложнікі панічна разбягаліся. Хрумсцелі абручы, разляталіся клёпкі. Чорнай крывёй пырскала віно, шугала па бруку медавуха, аблокамі шампуню выбухала піва. Вусатыя засцянкоўцы сарамліва паўставалі з піўнога шуму, бы Венеры адраджэнца Батычэлі.
За апошняй бочкай, скінутай на шляхцюкоў, адкрыліся жалезныя дзверцы таемнага ходу. На цяжкім замку трымцела бялюткае пёрка. Скіргайла ўзмахнуў непераможным старарымскім лязом…
Пякельныя істоты знерухомелі перад маніторам у трывожным чаканні развязкі. Пуцаценькі шчасліва мружыўся ў сне. І тут панараму на экране ўзбагаціла адметная дэталь: з-за замкавай вежы паволі выплываў жахлівых памераў кажан. Гіганцкія скураныя крылы на якую секунду засланілі поўню. Відавочна, папскі нунцый Гастэла вырашыў даць рады тутэйшым барацьбітам са змагарамі.
Карцінка ў ноутбуку недарэчна завіравала. Мільганулі замкавы мур і касцельная вежа ў будаўнічых рыштаваннях. Нечакана ў экран упоўз вялізны штандар з геральдычным вершнікам, але праз секунду перад нячысцікамі праявілася іншая карцінка…
Па раскошных зорных нябёсах паволі праплываў крылаты нунцый, несучы здабычу – віхлястага блазна. Скіргайла, задраўшы голаў, бездапаможна вымахваў Дзідай Лангіна правай рукой, і пляшкай з-пад «Аліварыі» – левай.
– Віват месіру Гастэлу! – азваліся шляхцюкі знізу. – Пане-браце, гайда да сталоў!..
Францыск Гастэла, згінаючыся пад цяжарам здабычы, акуратна абмінаў бляшанага анёла-ахоўніка на касцельнай вежы. Пад чорнымі крыламі нунцыя праплыла грувасткая печ цаглярні з высокім комінам, яміна з замешанай глінай і бясконцыя шыхты сырой цэглы, раскладзенай для пасушкі.
Скіргайла зірнуў долу і здрыгануўся: шчаслівы кат ужо цягнуў да калоды вялізную нагостраную сякеру. Гжэчныя кавалеры і прыўкрасныя паненкі нецярпліва лезлі на парапет фантана, адкуль было выгадней назіраць справядлівую страту.
Знянацку на замкавым бастыёне выразна акрэсліўся сілуэт вершніка ў каўбойскім стэтсане. У выцягнутай руцэ пагрозліва чарнеў абрэз. Аглушальна ляснуў стрэл – падбіты нунцый імгненна ўвайшоў у штопар. Старарымскае лязо мільганула самотнай знічкай і чвякнула, згасла ў брылах сырой гліны. Трапны стралок няспешна паправіў шырокі стэтсан руляй абрэзу, ператоргнуў затвор і пранізліва паглядзеў з экрана.
– А цяпер – па рогах! – прагучала з кампутарных дынамікаў.
Гламурная панначка палахліва ўцягнула голаў у плечы і жабкай скочыла ў балотнае вакно. Бултыхнула, цёмная вада разбеглася пукатымі коламі.
Позіркі Казла і вершніка на якое імгненне перастрэліся, і нячысцік усё зразумеў… Ён закалаціўся, бзднуў з пераляку, сутаргова падчапіў пуцаценькага на рогі і чорнай маланкай ламануўся ў хмызы.
Хрумсь! Блям! Дзвяк! – гэта разнесла на дробныя аскепкі кампутарны манітор. Зухаваты вершнік скочыў з экрана на балотную выспу і імкліва панёсся за нячысцікам…
1
Беларуская версія ўкраінскага мабільнага рынгтону, аўтарка адаптаванага перакладу Аксана Спрынчан.