Читать книгу Тэорыя змовы - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 6

Частка першая. Фетышыст
3

Оглавление

Акуратная хатка з этнаграфічнымі ліштвамі арганічна ўпісвалася ў краявід: шэры гонтавы дах сярод яблыневай квецені. Нагрэтае паветра праціналі выразнае стракатанне конікаў і віяланчэльная вібрацыя пчолаў. Сіняя лакавая страказа апусцілася на тын і цікаўна паглядзела на дзядка з засівераным тварам і вузлаватымі рукамі. Ветэранскія калодкі яго пінжака адлівалі бляклай муаравай мазаікай.

Стары засяроджана габляваў дошку. Бурштынавыя трэскі рытмічна ляцелі на смарагдавую траву. Цёплы ветрык сыпаў у твар цесляру яблыневай квеценню.

– Ой, Божухна! – знянацку пачулася з-за пуні.

Страказа нашаторыла празрыстыя крыльцы і распусцілася ў паветры. Дзядок нават не павярнуў голаў; тутэйшы зварот традыцыйна да такога не абавязваў. Ён адклаў фуганак, выцягнуў з-пад варштату сталічную газету і дбайна згарнуў «казіную ножку».

З-за пуні выйшла згорбленая старэча ў зацёртай да бляску плюшавай душагрэйцы і стаптаных кедах. Яна панура тупала і паўтарала, як мантру: – Ой, бацюхна, ой, матухна!… Што ж гэты паганец нарабіў! У нас жа ўсё сваё, з зямелькі жывем, як за дзядамі-прадзедамі, ні ў кога не крадзем, ніякіх цудаў не чакаем… Кроп-бульба, гуркі-памідоры, цыбуля-часнык… Піздзіцыдаў не падсыпаем… Гэта ж трэба было так грады панішчыць! Талаш, ідзі глянь!

Дзед Талаш дбайна запляваў «казіную ножку», кінуў недапалак у бляшанае вядро і пасунуўся за пуню.

– Грады, кажаш, патапталі? – удакладніў ён крыху разгублена. – А хто?

– Ды казёл нейкі… – усхліпнула Талашыха і на ўсялякі выпадак удакладніла: – Мяркуючы па слядах.

Маштабы злачынства прымусілі старэчу зноў зашморгаць носам. Ёй хацелася паваліцца на грады, абняць-шкадаваць зямельку і плакаць. Яшчэ з раніцы на дагледжаным гародчыку стромка выцягваліся сакаўныя стрэлы цыбулі, бухмаціўся пяшчотны кроп, раскашавала маладая пятрушка. Цяпер жа грады з падушанай гароднінай глядзеліся, рыхтык, апаганеныя могілкі. Павялае зелле, зацярушанае свежай зямлёй і ачахлым яблыневым квеццем, адно ўзмацняла недарэчнае падабенства.

Дзед Талаш прысеў на кукішкі, прыўзняў было цыбульнае пер’е, але яно бязвольна завалілася долу. На вільготнай зямлі рэльефна адбіваўся след казлінага капыта.

– Во быдла рагатае! – смачна плюнуў дзядок.

– І гэта ж трэба такой скацінай быць! – апантана загаласіла Талашыха. – Колькі ж мы ў тую зямельку ўсяго паўкладалі!

– Мо, які вораг народа казліныя капыты начапіў? – задуменна дапусціў Талаш. – Смалы яму з каланіцы!

– Халеры ягонаму бацьку і трасцы ягонай мацеры! – салідарна адгукнулася старая скрозь слёзы. – Не даў нам Гасподзь дзетак, не даў шчасця… Вось і крыўдзяць нас розныя…

Адбіткі капытоў былі зусім свежыя. Злачынства вымагала неадкладнага пакарання. Дзед Талаш з няўхільнасцю народнага мсціўцы выдраў са штыкетніку дрын і падаўся па слядах шкодніка. Талашыха баязліва сунулася следам і трагічна шаптала:

– Божухна, за што?..

За чыгункай сінела матэчная пушча. Ад яе патыхала партызанскімі спевамі і рамантыкай рэйкавай вайны. Каля сіласнай ямы грувасціўся трактар «Беларус», і сакавіты мат калгаснага брыгадзіра перакрываў тарахценне рухавіка.

Казліныя сляды вялі ў гушчар, над якім узвышалася рагатая машта ЛЭП. Нізка гулі драты, і брынклівае казлінае мэканне дадавала краявіду злавеснай напругі.

Дзед Талаш сціснуў дрын вузлаватымі пальцамі. Талашыха чвякнула разношаным кедам і спалохана сцішылася. Знянацку танальнасць мэкання змянілася; цяпер у ім прабіваліся відавочна агрэсіўныя ноткі.

– Каб табе, быдлу рагатаму, павылазіла! – старыя адважна ламануліся праз хмызы.

Пад сталёвай маштай лунала нябёсная аблачынка з пёркаў і пуху. Пачварны чорны казёл катаў паміж бярозаў і соснаў пяшчотнае пуцаценькае немаўля. Абсмаленая трава суха храбусцела пад капытамі.

Талашовы дрын бязлітасна ляснуў паміж рогаў. Парнакапытны затрос скрываўленай барадой і злосна загырчэў. Вочы наліліся інфернальным святлом. Казёл схіліў голаў і пайшоў было ў наступ, але дзядок спрытна садануў дрынам па чорнай дупе з кароткім хвастом.

– Кала табе ў сраку, а не дзіцятка! – пераможна выгукнуў ветэран.

Казёл узбрыкнуў, злякана серануў і кінуўся ратавацца ў калючыя хмызы. Талаш праводзіў рагатае быдла шчырымі партызанскімі пажаданнямі.

Старая неадкладна падхапіла немаўля. Пуцаценькі, вельмі падобны да херувіма, даверліва цягнуў ручкі і ласкава пасміхаўся. Толькі цяпер дзед з бабай угледзелі, што на спіне ў дзіцёнка крывавяцца дзве доўгія ранкі. Пэўна, гэта былі сляды казліных рогаў.

– Ой, бацюхна!.. Ой, матухна!.. – старэча абярэжна захутала дзіцёнка ў плюшавую душагрэйку і прыціснула да грудзей. – Што ж за казлы такія пайшлі… Мала ім нашых градаў – дзяцей узяліся грызці!..

– Гэта, пэўна, якая алкагалічка з птушкафабрыкі дзіцё нагуляла ды кінула, – Талаш задуменна калупаў насцяком бота раскіданыя пёркі. – Ім, маладым, цяпер волю далі… Не тое, што ў наш час.

– Сыночка ж накарміць трэба! – са скрухай мовіла Талашыха. – Грошы з сабой ёсць?

– Ды заначку з пенсіі прыхаваў, – прызнаўся ветэран крыху вінавата. – Ідзі дахаты, а я ў Сельпо. Можа, да іх ужо малако завезлі…

Талашыха ўзняла вочы да нябёсаў. У недасяжнай вышыні вецер сарваў з электрычнага дроту абсмаленае пёрка і панёс яго да Дняпра.

Тэорыя змовы

Подняться наверх