Читать книгу Тэорыя змовы - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 4

Частка першая. Фетышыст
1

Оглавление

Па-над чорнымі водамі варушылася шэрая пара. З бяздоннай дрыгвы ўзнімаліся бліскучыя бурбалкі. На дрымотных купінах млява квахталі жабы. Безнадзейна родны ландшафт, напэўна, прымусіў бы сціснуцца сэрца кожнага лірыка, выхаванага на рыфмах «шыпшына», «дзяўчына» і «Айчына»…

– «Альтанка», «шклянка» і «партызанка», – прамэкала ад гушчару, і на балотнае выспе брутальна зацвердзіўся рагаты цень.

Зашархацелі хмызы, між карункавай папараці інтымна бліснулі ладныя лыткі ў клятчастых калготках. У балотнай вадзе адбіўся вытанчаны жаночы профіль.

– Што паробіш… Беларусь – край паэтаў! – працурчэў зманлівы, бы ў русалкі, голас.

– Усе паэты – ідыёты! – рагаты па-хабёльску атабарыўся на валуне, формай і памерамі падобным да трона. – Толькі глянь, Прашмандоўка, чым яны тут натхняюцца…

За балотнымі міражамі праяўлялася панарама паўсоннага Таргачова. Аўтаномныя вокны мігцелі вугельчыкамі кінутага вогнішча. Аплылыя валы з рамантычнымі руінамі часоў каралевы Боны нагадвалі пра былую веліч краю. Пад адхонам манатонна шаргацеў Дняпро, і хвалі тонкім накатам шліфавалі пясчаны бераг. – Я агентка, а не эстэтка, – Прашмандоўка сузірала краявід з казённай адчужанасцю. – Хочаш сказаць, нібыта ў такім занядбаным мястэчку можа перахоўвацца суперзброя, якая дае ўладу над Сусветам? Але ж існуе некалькі…

– Падробкі, – голас рагатага прагучаў ціха і небяспечна, нібы палёт кажана. – Падробкі, выштукаваныя па замове сярэднявечных ідэолагаў. А праўдзівую суперзброю апошні раз бачылі тут, у Таргачове. Гэта дакладна.

Цяпер панначка ў клятчастых калготках вывучала краявід, нібы заўсёдніца элітнага касметычнага салона – новую візажыстку. У халодных сініх вачах адбіліся таргачоўскія дамкі, гаражы з крадзенай бляхі, парфенон раённага Дома Культуры.

– І няўжо ніхто больш пра гэта не ведае? – Прашмандоўка недаверліва прыкусіла губу.

– Тутэйшы люд жыве адно на рэфлексах, а таму ніхто суперзброю тут нават і не шукаў.

– Але ж, такім, як мы, да святыняў не падступіцца! Бог не цяля, бачыць круцяля! – Я ўсё разлічыў, – з інтанацыямі прафесійнага палітолага мэкнуў рагаты. – Пан Бог, якому звычайна напляваць на пакуты гэтага занядбанага народу, зрэдку бывае літасцівы і пасылае сюды паэтаў. Але ж гэтыя ідыёты могуць існаваць адно ў хвараватых прыдумках, з адпаведнымі рытуаламі, фетышамі і мроямі. Як і мае быць, мроі заўсёды канфліктуюць з рэчаіснасцю, тады паэты просяцца да нас. Аднак Пан Бог чамусьці даруе ім усё, а святыні самі ідуць у рукі да блазнаў… Агентка Прашмандоўка, слухай заданне. Першае. Выправіцца ў Таргачоў. Другое. Знайсці якога-небудзь тамтэйшага паэта. Трэцяе. Спакусіць і падмануць…

– Аператыўная распрацоўка. Вярбовачная сітуацыя. Кантракт на запродаж душы, – сінявокая панначка свядома прапускала відавочныя лагічныя пабудовы. – Святыня трапляе да нас, і…

З вільготнае цемры бліснулі інфернальныя вочы, налітыя змрочным ззяннем.

– … і мы ўжо не дазволім Пану Богу збудаваць аднапалярную мадэль свету, дзе запануюць справядлівасць, свабода і любоў да бліжняга! Мы не дапусцім, каб у тую ж Беларусь экспартаваўся чужынскі для яе лад жыцця. І мы катэгарычна супраць дыктату Ягонай звышдзяржавы ды прапаганды падвоеных стандартаў!

– Асіметрычны ўдар? – недаверліва прыкінула Прашмандоўка.

– Нечаканы і смяротны! – мройліва прамэкала з валуна. – Гэтай суперзброей аднойчы ўжо забілі Сына Чалавечага… Варта і паўтарыць.

Пранізлівае конскае іржанне скаланула балотную глухмень. Цокнулі капыты, рыпнула сядло. Летуценнікі сінхронна азірнуліся…

Паміж чэзлых бярозак і крывых асінак сунуўся зухаваты вершнік. З-пад шырокага капелюша блішчэлі халодныя сталёвыя вочы, рыхтык, як у шэрыфа з вестэрна. Доўгі плашч абляпляў постаць скульптурнымі зморшчынамі. На абцасах шляхотных ботаў зіхацелі зорачкі шпораў. Сівы конь хроп і нядобра касавурыўся на рагатага.

Вершнік упэўнена прыўзняўся ў страмёнах. Па-над конскай грывай бліснула руля абрэза – вогненная ружа расквеціла вільготную цемру. Магутны валун пад рагатым раскалоўся, і жарынкі трасерамі ўспаролі сутонне.

– Апошні раз папярэджваю, – спакойна канстатаваў трапны стралок. – А ну, на хрэн адсюль, быдла рагатае!

Зляканыя цені кінуліся да балотнага вакна. Бултыхнула, цвілая вада наморшчылася пукатымі коламі.

Снайпер клацнуў затворам – дымная гільза ценькнула з патронніка.

– Змова і зброя, – абрэз паволі апусціўся ў кішэню плашча. – Талерантнасць і памяркоўнасць… І чым жа, цікава, усё гэта скончыцца?

Вершнік пільна ўгледзеўся ў жоўты местачковы міраж за балотам і ласкава пасміхнуўся:

– А калі па рогах?..

Тэорыя змовы

Подняться наверх