Читать книгу Тэорыя змовы - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 5

Частка першая. Фетышыст
2

Оглавление

—..жны ці!.. кога шчэ ыло веце!.. – стэрэафанічнае рэха пругка адбівалася ад старажытных замкавых муроў і шыфравала словы, што гарохам сыпаліся з бляшанага рэпрадуктара. – …ігу рода ыць ах!..

Сухія галінкі грыфельна раскрэслівалі чыстае травеньскае неба. Памаранчавае сонейка плёскалася ў срэбных калюжынах. Манументальная спаруда, укрытая белым прасцірадлам, міжволі вабіла зрок таргачоўцаў, сабраных на замчышчы з нагоды святкавання Перамогі. Меланхалійная абыякавасць твараў абсалютна не адпавядала тэзісам:

– … кожны трэці! … такога яшчэ не было ў свеце!.. подзвігу народа жыць у вяках!..

Старшыня таргачоўскага выканкама Качан, немалады мужчына з дробнымі тупымі вушкамі, спрактыкавана гнаў тэкст у мікрафон. Рэпрадуктар паслухмяна азываўся гудкім вакзальным рэхам, кідаючы ў паветра зліплыя словы:

– …ля сых ашых едзяў та ўдная ба!..

Пры фразе «Для ўсіх нашых суседзяў гэта сапраўдная бомба!» лядашчы ветэран, што стаяў каля загадкавай спаруды, блямкнуў медалямі медна-нікелевага сплаву і голасам камандзіра расстрэльнага ўзвода скамандаваў:

– З Богам!..

Прасцірадла надзьмулася пухіром і спаўзло паволі. Прысутныя адно захаўкалі.

– Ні х-х-храна сабе… – прамовіў нехта тупа.

З басейна, абліцаванага блакітнай сантэхнічнай кафляй, тырчэў магутны п’едэстал. На ім высілася сапраўдная пяцісоткілаграмовая авіябомба. Пёркі стабілізатара выторкваліся інфернальнымі рожкамі. Надпіс «За Беларусь!» на жахлівым боепрыпасе ззяў свежым лакам. Двое бетановых эсэсаўцаў, тыповыя Фрыц з Гансам, ваяўніча цэлілі са шмайсераў у пратакольны лозунг. Кампазіцыю давяршала масянджовая шыльда, якая тлумачыла недасведчаным: такая ж самая бомба была на борце самалёта Мікалая Францавіча Гастэлы «ТБ-3ф» падчас апошняга гераічнага вылету.

– Наш раённы аддзел культуры заўсёды змагаўся за духоўнасць і культуру ў нашым раёне, – засведчыла Манда Іванаўна, мажная цётка ў аксамітнай спадніцы з нашытымі ружамі. – Усе ж такі Мікалай Гастэла – амаль наш зямляк, яго дзеда хрысцілі ў тутэйшым касцёле… Подзвіг народа несмяротны!

– Хацелі які танк ці самалёт паставіць, дык грошай не хапіла. Каб не шэфская дапамога нашых славянскіх братоў з вайсковай базы «Волга-Волга» – не было б у нашай сінявокай Беларусі гэтай бомбы… – старшыня райвыканкама Качан задуменна пачухаў патыліцу і пасунуўся з трыбуны, дэманструючы прысутным дупу, сплясканую старшынёўскім фатэлем. – Што б там некаторыя не гаварылі, а без Расіі нам не жыць!

Цыцкастая малалетка з пірсінгам у пупе абсмактала бомбу хцівым позіркам, пасля чаго яшчэ больш непрыстойна аблізала вусны.

– Ваў! Як прыкольна! – ацаніла яна.

– От, Лалітка, як бы такую бомбу на Нью-Йорк скінуць, так бы ад фашыстаў-піндосаў мокрага месца не засталося б! – павучальна патлумачыў малалетчын тата, капітан Капейкін. Іржавае рыпенне вентыля заглушыла наступныя словы расейскага афіцэра. З аўтаматных руляў Ганса і Фрыца шуганулі пругкія струмяні, і над бомбай сюррэалістычным німбам расквітнела вясёлка. Па кафляным дне фантана паволі распаўзалася калюжына.

Ад перасоўнага буфета, размешчанага пад руінамі замка каралевы Боны, цягнула апетытным куродымам магналаў, і бутэлечнае ззянне на сталах натхняла на працяг святкавання Перамогі. Сусальным золатам блішчэў тульскі самавар. Змораны чаканнем народ з энтузіязмам пасунуўся да пачастунку.

Рэпрадуктар урачыста грымнуў:

Усё вышэ, вышэ і вышэ

Страмім мы палёт нашых пціц!


Неўзабаве пераможныя маршы змяніліся эстраднымі спевамі, папулярнымі ва ўстановах другой нацэначнай катэгорыі. Народ з аднаразовымі талеркамі і пластыкоўкамі атабарыўся пад старажытным мурам. Шчарбатыя зубцы адкідалі на твары фантасмагарычныя цені. У контурах смеццевых кантэйнераў угадваліся абрысы падбітых фашысцкіх танкаў. Колькі стомленых і ўчадзелых ужо адпачывалі ў аплылым замкавым рове.

Таварышы, я ўсё разумею, – Качан распусціў вузел гальштука, нацурболіў поўную чарку і дэмакратычна пасунуўся да паспалітага людства. – Мой тата таксама працаваў у калгасе простым чалавекам, як і вы ўсе. Але ж тут у нас самы цэньцер Еўропы, так што піце акуратна, а то на мінулыя святы ажно трох пераможцаў «Дажынак» камбайнам пераехала…

Спякотнае сонца схавалася ў аблоках. Рулі шмайсераў спраўна палівалі бомбу. У вірлівай вадзе фантана куляліся пластыкоўкі, кружлялі абгорткі ад марозіва і папяровыя сцяжкі.

Народ паволі перацякаў ад помніка да буфета і ад буфета да помніка. У руінах касцёла хаваліся рамантычныя пары. Зухаватыя маладзёны апетытна прыкладаліся да піўных двухлітровікаў. Па Дняпры ў пеністай стужцы прайшла «ракета», і зеленкаватыя хвалі накацілі на пляж белым зубчатым шумам.

Малалетка Лаліта выцягнула пірсінг з пупка, зашпіліла яго ў вуха і ўзялася крытычна вывучаць у бакавым люстэрку выканкамаўскага «мерседэса» уласны адбітак.

Капітан Капейкін жлукціў гарэлку з армейскай біклажкі і размаўляў з бомбай ласкавым рускім матам. Ён абяцаў неадкладна распачаць полавую сувязь з самім боепрыпасам, з капітанам Гастэлам і яго маці, а таксама са старажытнымі замкамі, сінявокімі краінамі, заакіянскімі фраерамі і нават з пархатым валацужным сабакам, які недарэчна круціўся пад нагамі.

Манда Іванаўна згорбілася, акуратна адляпіла вільготную блузку ад разамлелых цыцак і добразычліва паглядзела на гіганцкі торт, толькі што выстаўлены на стол. Святочны бісквіт у выглядзе ДОТу з «Лініі Сталіна» аздабляў каліграфічны крэмавы надпіс «Ніхто не забыты, нішто не забытае!» Загадчыца Дома Культуры пацэліла нажом у вафельны танк Т-34.

– Пятровіч, пайшлі торт есці! – Манда Іванаўна цягнула шыю, выглядаючы Качана.

– А як наконт на брудэршафт выпіць, за мілых дам? – імпэтна адрэагаваў старшыня райвыканкама.

Сонечны прамень праслізнуў у аблоках. Пляшкі на сталах успыхнулі шматабяцальнымі знічкамі. З сядзібы пад замчышчам данеслася інтымнае рохканне. – Іванаўна, чуеш? – сентыментальна пасміхнуўся старшыня выканкама. – Гэта мой Аўка… Сумуе, падшыванец!

– Дагэтуль кабанчыка гадуеш? – Манда Іванаўна засяроджана кроіла кулінарна-патрыятычны шэдэўр.

– А то! Ты ж пры сваім Доме Культуры калісь таксама свінчо трымала…

– А я вось думаю, неўзабаве павінна дырэктыва выйсці, якая ўсім дзяржслужачым прыватных кабанчыкаў забароніць… – на ілбе Манды Іванаўны прарэзалася трагічная зморшчына.

– А ты не думай. Я ўжо гадоў пятнаццаць, як не думаю. Рабі, што кажуць, і ўсё будзе добра. Бач, мерапрыемства ўдалося. Народу падабаецца. Усім, здаецца, дагадзілі.

– Ніхто не забыты, нішто не забытае! – па сітуацыі азвалася загадчыца Дома Культуры.

– Куды там розным еўропам! – натхняўся Качан. – У нас тут, як у лепшых дамах, сама ведаеш чаго… Ну, давай, за стабільнасць!

Знянацку ад фантана данесліся стрыманыя мацюгі. Галовы прысутных лянотна павярнуліся да недарэчнага замяшальніцтва. Натоўп хаатычна завіраваў; так здараецца, калі падпітыя дзядзькі ловяць жвавага парсючка.

Качан глянуў у бок помніка, сутаргова зглынуў торт і праліў гарэлку на гальштук.

На кафляны парапет помніка-фантана ўзбіўся нязграбны маладзён з экстрэмісцкім надпісам на футболцы. Яго анемічны твар выяўляў незадаволенасць жыццём і далікатнасць псіхікі. Гэта быў малады спецыяліст Скіргайла, летась размеркаваны з Мінску. У Таргачове яго ўспрымалі, як бяскрыўднага вар’ята: піша адраджэнскія вершыкі, з усімі гаворыць па-беларуску, але сацыяльна бяспечны, у стацыянар можна не выпраўляць. На дзяржаўным мерапрыемстве адраджэнец глядзеўся абсалютна недарэчна, як запаленая паходня ў бомбасховішчы. Двое разамлелых праваахоўнікаў нязлосна зганялі маладзёна наніз.

– Ніхто не мае права біць паэта! – імпэтна адбіваўся Скіргайла, і пырскі з аўтаматных руляў эсэсаўцаў ляцелі яму проста ў твар. – Спадары міліцыянты, вы з народам, ці як?

– Скіргайла, ну злазь, Хрыстом-Богам прашу! – амаль спачувальна папрасіў цыбаты сяржант. – Я ўсё разумею, сам беларускую школу канчаў. Толькі вось «спадаром» мяне абзываць не трэба… У нас у Таргачове за такое лыча чысцяць!

– Зноў гэты адраджэнец… – Качан са скрухай адставіў недапітую чарку. – І чаго яму яшчэ трэба? Не можа святкаваць, як нармальныя людзі?

– Напэўна, вершыкі хоча пачытаць… – здагадалася Манда Іванаўна і нечакана прапанавала: – А хай пачытае… Свята ж – яно для ўсіх!

Праваахоўнікі каля фантана паглядалі пытальна. Качан павагаўся, дапіў-такі чарку і няпэўна варухнуў пальцамі.

– Ну, хай чытае… Толькі, каб гэтага не было. Ну, самі ведаеце, чаго…

Адраджэнскі паэт выцягнуў з кішэні пакамечаную паперку, расправіў вузкай белай далонню.

– Шаноўнае спадарства, усе, каму неабыякавы лёс нашай Бацькаўшчыны і матчынай мовы, мусяць ведаць, што Мікалай Гастэла не толькі Герой Савецкага Саюза, але і нашчадак слыннага шляхецкага роду! Яго прапрадзед браў удзел у паўстанні Каліноўскага, а больш далёкія продкі служылі Бацькаўшчыне пры двары каралевы Боны са Сфорцаў і нават самому Папежу Кліменту VII… Карацей, Жыве Беларусь!

Узнікла пачуцце ненатуральнасці, нібы ўсе разам апынуліся на вулічных кіназдымках. «Амерыканцы пасылаюць фінанцы!» – позіркам пракаментаваў Качан загадчыцы Дома Культуры. «Вядома ж, любіць іхнюю «Жыве Беларусь!» можна адно за грошы!» – спрактыкавана адказаў позірк.

Адраджэнскі паэт храбуснуў пальцам і кропнуў потам на аркуш.

Дзе ж ты падзеўся, крылаты анёл?

У краі пануе рагаты казёл…


Паветра наэлектрызавалася імгненна. Твары таграчоўцаў зліліся ў адну дрыготкую пляму. У несвядомым натоўпе нехта піскнуў і захлынуўся, прыкрыўшы далонькай рот.

Качан наліўся жоўцю, дробныя тупыя вушкі пачырванелі. Сітуацыя вымагала неадкладнага адлупу. Старшыня райвыканкама рашуча падняўся і браненосна паплыў праз натоўп, пракладаючы дарогу локцямі і жыватом. Манда Іванаўна сунулася следам і выбачалася:

– Вы ж самі ўсё бачыце… Прадаўся і адпрацоўвае!..

Народ індэферэнтна саступаў дарогу начальству, дэманструючы паказальную недатычнасць да скандалу.

Але дабрацца да злоснага адраджэнца не атрымалася…

Асляпляльны зігзаг маланкі прымусіў усіх на імгненне заплюшчыць вочы. З ясных нябёсаў пагрозліва грымнула, зямля пад нагамі мякка і важка здрыганулася. Гарачае паветра ляснула па спатнелых тварах цяжкой аплявухай. Дробна закалацілася недапітая гарэлка на сталах. Са шчарбатых муроў каралеўскага замка зашаргацелі каменьчыкі.

Агаломшаныя таргачоўцы сінхронна залупілі бельмы ўгару. Па небасхіле распаленым ядром каціўся вялізны агністы шар у доўгім дымным шлейфе. Ён на секунду быў затрымаўся па-над маштамі ЛЭП, пырснуў жарынкамі і паволі скаціўся за Дняпро, ва ўсходнюю дрыгву.

Адбылося маўчанне…

Першай апрытомнела малалетка Лаліта.

– Упс! Бэтмэн! – пляснула ў далоні капітанская дачка.

Манда Іванаўна разгублена паправіла заколку ў шасцімесячным перманенце. – А можа, які Тунгускі метэарыт? – няпэўна дапусціла яна. – Ці НЛА з зялёнымі чалавечкамі… Браты па розуме!

– Гэта быў Гастэла! Ён вярнуўся, каб нарэшце парадак навесці! – запэўніў лядашчы ветэран з вертухайскімі медалямі, закаціў вочы пад лоб і пранікнёна зацягнуў: – «А на левай грудзі профіль Ста-аліна…»

– А мне здаецца, гэта натаўскі спадарожнік-шпегун, – Качан прыўзняўся на дыбачкі, выглядаючы ў натоўпе зніклага адраджэнца Скіргайлу. – Вось і па цілявізары неяк перадавалі, што ў іх у Пентагоне выведка надта добра пастаўлена. Зараз сігналізую, куды трэба, – старшыня выканкама выцягнуў мабільнік.

Да грамады падцягнуся моцна паддаты капітан Капейкін. Яго бляклыя вочкі ззялі пераможнай сувораўскай шызафрэнічнасцю.

– Ты што, Пятровіч, недапіў ці перапрацаваў? – расейскі вайсковец узяўся круціць гузік на пінжаку местачковага начальніка. – Наша агульная радзіма нас тут і паставіла, каб вас, браткоў-беларусцаў, ад Еўропы ратаваць. Куля дура, штых маладзец, і ўсім цэ-рэ-вушнікам… самі ведаеце што! Бля буду, слова рускага афіцэра даю!..

Кабанчык у сядзібе спалохана сцішыўся. Распараная Манда Іванаўна абмахнулася газеткай. Малалетка Лаліта храбуснула чыпсамі і зацікаўлена паглядзела на піва. Старшыня выканкама пахмурна маўчаў. Дымны след у сініх нябёсах спараджаў у яго розныя думкі, і галоўнай была такая: зрыў вайскова-патрыятычнага мерапрыемства не мог стацца выпадковым.

Адраджэнская футболка ўжо лунала паміж аблушчаных калонаў Дома Культуры. Аўтар экстрэмісцкіх вершыкаў відавочна спадзяваўся пазбегнуць адказнасці.

– Сёння ён нацыяналістычныя вершы чытае, заўтра ў фантан насерыць, а паслязаўтра сюды заакіянскіх каўбояў па рацыі навядзе! – Качан рашуча пакіраваў да ДК. – Зараз ён нам за ўсё адкажа!..

– Усё ж такі малады спецыяліст, – талерантна запярэчыла загадчыца Дома Культуры. – Несвядомы яшчэ. Трэба правесці з ім ідэйна-выхаваўчую працу… Мо, перавыхаваем?

Тэорыя змовы

Подняться наверх